Ён быў шчытом Панямоння ў адзін з самых цяжкіх перыядаў гісторыі нашага народа. У час, калі ён здабыў арэол непераможнага палкаводца, фактычна вырашалася пытанне: быць беларусам ці не быць, бо толькі з 1287 па 1306 гады рыцары-крыжаносцы зрабілі 130 паходаў на беларускія землі.
Кажуць, што эпоху вызначаюць дзеянні людзей тых часін. Некалькі дзесяцігоддзяў, на працягу якіх у Гародні кіраваў князь Давыд, смела можна назваць часам Давыда Гарадзенскага. Пры знаёмстве з яго жыццём з'яўляедца ўражанне, быццам гэта якісьці былінны або казачны персанаж, але яно памылковае, бо гэты мужны воін i таленавіты палкаводзец, які ні разу не пацярпеў паражэння, існаваў на самай справе.
Лёс гэтага чалавека яркі i нечаканы, падобны следу падаючай зоркі на начным небасхіле. I перадгісторыя яго не менш цікавая для нас, бо цесна звязана з імёнамі трох палкаводцаў i палітычных дзеячаў — Аляксандра Неўскага, Міндоўга, Даўмонта…
Так ужо здарылася, што Давыд з'явіўся на свет у
Пскове. Нальшанскі князь Даўмонт, яго бацька, быў адным з самых уплывовых людзей у Літве. Але ў 1263 годзе яго смяротна абразіў наваградскі князь Міндоўг. Ix жонкі былі сёстрамі. Калі Марта, жонка Міндоўга, памерла, той выклікаў яе сястру аплакваць нябожчыцу. З замка Міндоўга няшчаснай так i не давялося вярнуцца да мужа. Міндоўг абвясціў усім, што, згодна апошняму жаданню нябожчыцы, яе месца павінна заняць малодшая сястра.
Дарэмна ўзрушаны подласцю знатнага сваяка Даўмонт патрабаваў вярнуць яму жонку — Міндоўг лічыў сваё рашэнне законным.
Даўмонт затаіў смяротную крыўду i стаў чакаць магчымасці адпомсціць за свой зняважаны гонар. Ён выкарыстаў імкненне пляменніка Міндоўга князя Тройната захапіць прастол i ўступіў з ім у змову. Помста адбылася ў 1263 годзе, калі Міндоўг накіраваў усё сваё войска за Днепр супраць бранскага князя Рамана. Даўмонт таксама пайшоў у паход, але, выбраўшы зручны час, вярнуўся назад, кажучы: «Варажба паказвае, што мне не трэба ісці разам з вамі». Пасля гэтага ён са сваім атрадам шпарка паскакаў наўздагон Міндоўгу. Нагнаў ён свайго ворага ў той час, калі Міндоўг адпачываў, раскінуўшы шатры. Атрад Даўмонта з ходу атакаваў. У час бойкі Даўмонт уласнаручна забіў Міндоўга i двух яго сыноў.
Застацца пасля гэтага на раздзіраемай міжусобіцамі i барацьбой за ўладу радзіме ён не мог, таму ў 1266 годзе разам з усім сваім дваром i трыма сотнямі баяр «ад'ехаў» у Пскоў. Тут ён прыняў праваслаўе, атрымаў імя Цімафей i пасаду служылага князя. Пскавічы спачатку аднесліся да яго даволі насцярожана i толькі з цягам часу прызналі сваім. Гэтаму спрыялі поспехі, якіх дабілася пскоўскае войска пад кіраўніцтвам новага князя ў барацьбе з ix галоўным ворагам — крыжаносцамі. У бітвах з «бязбожнымі немцамі» цалкам раскрыліся палкаводчыя здольнасці Даўмонта. Яго становішча стала яшчэ больш моцным пасля шлюбу з дачкой наўгародскага князя Марыяй (дарэчы, яна была ўнучкай Аляксандра Неўскага).
Хлопчык Давыд, які з'явіўся ў хуткім часе ў ix сям'і, з маленства выхоўваўся як воін. Яго вучылі стральбе з лука, верхавой яздзе. Ён выдатна валодаў мячом, кап'ём, шэстапёрам. Жыццё «ля стрэмя бацькі» прывучыла яго да шматдзённых паходаў, да начоўкі ў любы час года, у любое надвор'е пад адкрытым небам. Цімафей-Даўмонт з нейкім трывожным прадчуваннем спяшаўся перадаць сыну ўсе свае веды, усё майстэрства. Ён быццам адчуваў, што Давыд хутка застанецца адзін.
У 1299 годзе па паўночнарускіх землях пранеслася эпідэмія чумы. Мор літаральна выкасіў насельніцтва гэтай тэрыторыі. Сярод тысяч памёршых былі i бацькі Давыда. Даўмонт, паміраючы, наказаў сыну ехаць на радзіму, i той выканаў запавет бацькі.
Давыд апынуўся ў Літве. Князь Гедымін, цудоўна разбіраючыся ў людзях, дальнабачны i мудры палітык, хутка звярнуў увагу на розум i незвычайныя ваенныя здольнасці юнака i даручыў яму пасаду каштэляна (каменданта) Гародні. Больш таго, крыху пазней ён выдае замуж за Давыда сваю дачку Бірутэ.
Той-сёй з даследчыкаў лічыць, што гэты шлюб быў заснаваны на ўзаемным разліку: быццам бы Давыд імкнуўся такім чынам заручыцца падтрымкай Гедыміна, а той, у сваю чаргу, пазбаўляўся ад небяспекі, што Давыд пачне барацьбу за Нальшанскія землі, якія належалі яго бацьку, ды да таго ж яшчэ хацеў наблізіць да сябе чалавека, за плячыма якога стаяў Пскоў. На наш погляд, усе гэтыя разважанні памылковыя. Па-першае, Давыд меў падтрымку Гедыміна яшчэ да шлюбу з Бірутэ. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, прызначэнне яго каштэлянам Гародні. Па-другое, у тыя (як, дарэчы, i ў шматлікія іншыя) часы i на Pyci, i ў Заходняй Еўропе, i на Усходзе пры барацьбе за ўладу нават з кроўным сваяцтвам лічыліся вельмі мала. Аналы, хронікі i летапісы напоўнены паведамленнямі аб тым, як брат забіваў брата, сын бацвку, пляменнік дзядзьку.
Хутчэй за ўсё галоўнай прычынай гэтага шлюбу было каханне. Мабыць, Гедымін убачыў пачуцці двух маладых людзей i вырашыў не перашкаджаць закаханым. Так гэта было ці не, але i ў далейшым Гедымін аказваў Давыду перавагу нават перад сваімі братамі i сынамі.
Мудры палітык Гедымін не памыліўся ў выбары каштэляна. Гародня i гарадзенскія землі атрымалі надзейнага абаронцу. Крыжаносцы ўпершыню адчулі гэта ў 1305 годзе. Зімой таго года шматтысячнае рыцарскае войска пад кіраўніцтвам славутага комтура Конрада Ліхтэнхагена напала на Гародню, але неаднаразовыя ix спробы захапіць яе не ўвянчаліся поспехам. Праз два дні на дапамогу абложаным падышлі войскі Гедыміна (якога апавясціў Давыд), i крыжакі былi разбіты. На наступны год спробу захапіць Гародню распавёў другі комтур — Эберхард фон Вірненбург з Кёнігсберга. Ён прывёў з сабою пад сцены Гародні сотню рыцараў i шэсць тысяч лёгкаўзброеных вершнікаў. Яны захапілі пасад — неўмацаваную рамесную частку горада. Узяць жа замак. (гэта, фактычна, сам горад) так i не змаглі. Гарадзенцы, запёршыся за яго сценамі, мужна адбілі ўсе штурмы.
Не дабіліся поспехаў крыжакі i ў 1311 годзе. Можа скласціся ўражанне, што Давыд толькі адседжваўся за сценамі, адбіваючы раз-пораз напады рыцараў, але гэта не так. Былі ў Гарадзенскага каштэляна i паходы. Ён нават дапамагаў жыхарам іншых гарадоў. Напрыклад, менавіта да яго паслалі з просьбай аб дапамозе жыхары Наваградка, калі восенню 1314 года ix горад спрабавалі захапіць крыжакі пад кіраўніцтвам Генрыха фон Плоцке.
Невялічкі атрад Давыда, які складаўся з дружыннікаў i купкі гарадзенскіх апалчэнцаў, падышоў да горада ў той час, калі рыцары, зняўшы цяжкія даспехі i спешыўшыся, у чарговы раз караскаліся па схілах узвышша да муроў Наваградскага замка. Абаронцы замка засыпалі ворагаў коп'ямі, стрэламі з лукаў i арбалетаў, закідвалі камянямі, спускалі па схілах «каткі» — таўшчэзныя, усаджаныя цвікамі, бярвёны. Уся ўвага крыжаносцаў была сканцэнтравана на замку, таму яны не адразу заўважылі i зразумелі, што адбываецца ў ix лагеры.
А Давыд не стаў увязвацца ў адкрыты бой, a перабіў ахову i захапіў лагер. У яго рукі трапіла велізарная здабыча — 1500 баявых коней, правіянт, абоз, даспехі. Гарадзенцы знішчылі ўсё, што не змаглі захапіць з сабою, і… зніклі. Што ж заставалася рабіць крыжаносцам? Кінуўшы параненых i аслабленых паплечнікаў, яны накіраваліся дадому. Але ў дарозе ix чакалі новыя выпрабаванні. Атрад Давыда знішчыў усе склады з правіянтам, пакінутыя рыцарамі на стаянках (каб харчавацца пры звяртанні). Спробы ж рыцараў здабыць ежу i фураж для коней, якія засталіся, скончваліся няўдачамі. Марадзёраў знішчалі лятучыя атрады гарадзенцаў, што назіралі за адступленнем ворагаў. Давялося крыжаносцам з'есці апошніх коней, a потым перайсці на лісце ды карэньчыкі. Доўгі шасцітыднёвы шлях дамоў адолелі толькі нешматлікія рэшткі былога магутнага войска.
Ведаючы, што лепшая абарона — нападзенне, Давыд нярэдка сам наносіў крыжаносцам моцныя ўдары. Так, вясной 1319 года, выкарыстаўшы разліў рэчак, ён з 800 вершнікамі пераадолеў адлегласць па бязлюдных мясцінах i ўварваўся ў адну з багацейшых абласцей Прусіі Вагендорф, прайшоўшы па ёй «з агнём i мячом». Яго войска з багацейшымі трафеямі i вялікай колькасцю палонных вярнулася ў Гародню.
Давыд разумеў, што барацьба з крыжаносцамі патрабуе аб'яднання сіл. Таму ён аказваў дапамогу любому суседу, каму пагражалі псы-рыцары. Калі ў 1322 годзе крыжаносцы напалі на Пскоў, яго жыхары «послаша гонцы до князя Давыдка». З яго дапамогай напад рыцараў быў адбіты.
Але на наступны год дацкія рыцары (не зважаючы на мірны дагавор) зноў пайшлі на пскавічоў, захапілі Гдоў, дзе забілі рускіх купцоў i ўзялі ў палон пскоўскіх рыбакоў, якія лавілі рыбу ў Нарве. Пскавічы i на гэты раз былі вымушаны звярнуцца па дапамогу да Давыда. Яго войска разам з пскоўскім адбіла націск датчан, выгнаўшы ix з захопленай зямлі, а затым зрабіла набег на паўночную Эстонію, дайшоўшы амаль да Рэвеля. Апісваючы ix дзеянні, нямецкі храніст занёс на старонкі сваёй кнігі: «Рускія з Пскова з дапамогай літоўцаў (ён меў на ўвазе войска Давыда. — М. Б.) спустошылі зямлю караля Даніі i забілі каля 5 тысяч чалавек».
У маі таго ж года нямецкія рыцары аблажылі Пскоў, але праз тры дні знялі аблогу i адышлі. Праз два месяцы ix войска зноў апынулася пад сценамі гэтага горада. Прычым, як пісаў летапісец, яны «со всем умыслом», «в силе тяжце», «приехаша в кораблях и в лодках и на конях, с пороки и городы (аблажныя вежы. — М.Б.)». Пскавічы зноў паслалі ганцоў у Гародню.
Імкнучыся што б там ні было захапіць Пскоў, рыцары пакінулі за сваёй спінай Ізборск. «Сядзеўшы» ў ім служылы пскоўскі князь Астафій, сабраўшы ізборцаў, напаў на немцаў з тылу i «ово (адных. — М.Б.) избиша, а инши в реце истопиша». У гэты час «приспе князь Давыд из Литвы с людьми своими». Гэта вырашыла вынік аблогі. Рыцары былі разгромлены i «ўбежаша со стыдом и срамом».
Каб зразумець, з якой хуткасцю Давыд сабраў i прывёў праз лясы i балоты войска, удакладняю: аблога Пскова працягвалася 18 дзён.
Крыжаносцы не без падставы бачылі ў Давыдзе Гарадзенскім свайго найбольш небяспечнага ворага i, не маючы моцы знішчыць яго, вырашылі адпомсціць інакш. У сакавіку 1324 года тры нямецкія рыцары, маючы пры сабе больш за шэсцьсот воінаў, таемна прабраліся да маёнтка Давыда i спалілі яго. Яны забілі звыш трох дзесяткаў жыхароў, захапілі коней i жывёлу. Сярод загінуўшых была i жонка гарадзенскага каштэляна. У адплату за гэта Давыд абрушыўся, як смерч, на Мазовію, дзе напалову разбіў рыцарскія войскі, a ў 1326 годзе ён з небывалай да таго колькасцю войска (1200 вершнікаў i атрад саюзнага польскага войска) распачынае паход на Брандэнбург.
Летапісец расказвае, што яны рабілі ў нямецкай зямлі тое ж, што крыжакі ў нас. Шлях саюзнага войска вызначаўся дымам палаючых рыцарскіх замкаў. Давыд ca сваімі воямі дайшоў да Франкфурта-на-Одэры, пранікнуўшы, нібы востры кінжал, у самы цэнтр Германіі. Здавалася, яшчэ некалькі дзён, яшчэ адзін удар, i Брандэнбург — сталіца драпежнага Тэўтонскага ордэна — будзе ўзяты. Саюзнікі захапілі б яго, але… Давыд быў забіты ў сваім шатры. Яго забойца — польскі рыцар Анджэй Гост, які ўдарыў кінжалам у спіну князя. Дакладна невядома, што схіліла яго да гэтага. Хутчэй за ўсё ён быў падкуплены крыжаносцамі.
Князь Давыд загінуў у самым росквіце сваёй дзейнасці. Магчыма, каб не было гэтага здрадніцкага ўдару, ён скончыў бы з ненавісным ордэнам… Хто ведае?
Але як бы там ні было, а на працягу чвэрці стагоддзя ён умела абараняў беларускую зямлю. Людзі былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Яны смела сеялі хлеб, не баючыся, што ўраджай дастанецца ворагу; нараджалі дзяцей, не баючыся, што тыя, не паспеўшы вырасці, памруць ад варожага мяча.
Князь Давыд загінуў непераможным. За сваё жыццё ён не прайграў ніводнай бітвы. Яго лёс у гэтым падобны на лес яго прадзеда — Аляксандра Неўскага. Той таксама ўсё жыццё змагаўся з крыжаносцамі, не прайграўшы ніводнай бітвы, i быў па-здрадніцку забіты (атручаны).