Цэнтральнае месца першага шчыта займае блюзнерская выява мадонны з дзіцём. Гэта святы абраз, ікона. Ніжэй – чорная бутэлька з палоскаю-рэцэптам: “Святая вода”. Стаіць і шклянка. Гэта лекі хвораму дзіцяці, якое тут ляжыць пад коўдраю.
Тэкст – пад скляпеннем. Сярод іншага там можна прачытаць і такое:
“Молитвы изнуряют человека, а выполнение обрядов часто противоречит правилам гигиены и наносит вред здоровью”.
Калі тут абраз не надта вялікі, дык на 2-м кардоне ён ужо заняў асноўную яго плошчу – сантыметраў 30 у вышыню. Адзін рог абраза зацалованы. Яго і цяпер цалуе карыкатурнага выгляду жанчына з запаленаю свечкаю ў левай руцэ. Вядома, тэкст – пра распаўсюджванне праз рэлігійныя абрады інфекцыйных захворванняў, у т. л. і туберкулёзу.
Трэці шчыт – рэлігійныя фанатыкі. З тэксту даведваемся пра “дарогу да неўрозаў і іншых парушэнняў здароўя”.
Тэкст на чарговай лістоўцы папярэджвае, што “приобщение детей к религии и выполнению религиозных обрядов нарушает нормальное психическое и физическое развитие ребёнка”. А на малюнку – вялізны падсвечнік з запаленымі свечкамі і “жанчына” накшталт бабы-ягі моцна прыгінае да зямлі галаву хлопчыка-падлетка.
Многія рэлігійныя святы, чытаем на 5-м кардоне, суправаджаюцца масавым п’янствам, што вядзе да нешчаслівых выпадкаў і хваробаў. На малюнку – п’янае застолле, над гулякамі – ікона з лампадкай перад ёю.
Апошні брэх – супраць хрышчэння дзіцяці. Бо гэта, маўляў, выклікае і гнайнічковыя, і прастудныя захворванні. І малюнак адпавядае тэксту.
Усё гэта толькі што выйшла з друкарні “Чертановская” Масгарвыканкама. Сапраўды, бязбожнае гатуецца ў д’ябальскіх катлах!
14 лістапада 1987 году. Сёння надта многа трэба прачытаць перыёдыкі. Да звычайнай нормы дабаўляецца агромністы пераказ крамлёўскай калатнечы ў сувязі з выгнаннем адтуль і адусюль Барыса Ельцына.
Гэта сімптом трывожны, падобна на згортванне галоснасці і дэмакратыі. Значыць, няўпэўнена сябе адчувае там М. С. Гарбачоў. Раз дазволіў Лігачову з’есці аднаго з найвялікшых перабудоўчшыкаў.
Што толькі не вешаюць цяпер на Ельцына! Вось толькі маўчаць, што ён пазбавіў і пазбаўляе незаслужаных прывілеяў маскоўскую партыйна-савецкую вярхушку. Маўчаць таму, што гэта і з’явілася прычынаю навальніцы.
Хто на чарзе цяпер у Лігачова?
Нарэшце надрукавалі ў “ЛіМе” мой матэрыял пра Яна Чыквіна. Два месяцы трымалі! А надрукавалі як? Прыкладна палову, калі не больш, выкінулі, набралі найдрабнейшым шрыфтам.
У гэтай самай рубрыцы – “Нашы госці” – на паласе сапраўды красуецца другі матэрыял, пра госця з Афганістана, перакладчыка рускай літаратуры М. А. Данешвара. Матэрыялы аднатыпныя. Аднак перавага аддадзена не беларускаму творцы, што жыве за мяжою Беларусі, а таму, хто ў Афганістане прапагандуе літаратуру свайго акупанта. Палітыканы няшчасныя! Добра, што хоць надрукавалі Чыквінскія вершы, хоць і слепа, і цяжка знайсці іх, і цяжка чытаць…
У панядзелак трэба даслаць пару экземпляраў гэтай газеты ў Беласток!
Некалькі гадзінаў працавалі з выдатнай мастакоўскай тройцаю. Бясстрашныя, апантаныя хлопцы!
19 лістапада 1987 году. Сёння заказной бандэроллю паслаў Яну Чыквіну “ЛіМ” з маёй нататкаю пра яго і з чатырма ягонымі вершамі. Цікава, ці атрымае?
Можа, створыцца новая канфліктная сітуацыя, як з В. Жукроўскім? Дарэчы, сёння, будучы там на галоўпошце, я аформіў “Міжнародны росшук” майго заказнога ліста, што 9 кастрычніка г.г. пасылаў яму.
Гэта мне пакуль што каштавала ўжо 60 капеек паштовымі маркамі! Пачакаем, што будзе далей.
Дарэчы, за бандэроль Яну заплаціў 1 р. 70 к. Во, колькі каштуе перасылка ў Польшчу 10-капейкавай газеты! Праўда, паслаў я яму паўтары газеты: адну цэлую і знешніх “разваротаў” два – стар. 1 – 16 і, адпаведна, 2 – 15. Значыць, на 15 капеек, а заплаціў аж 170 капеек! А Толя Сідарэвіч казаў, што навёў быццам бы ў іх там парадак, прымусіў іх знайсці “закон”, згодна з якім перасылка перыёдыкі каштуе значна танней. Званіў да Толі, каб высветліць сітуацыю, але нешта не адказвае.
…Цэлы месяц мой пісьмовы стол нагадвае алтарык у гонар ксяндза Ежы Папялушкі. 19 кастрычніка было тры гады як яго замучылі польскія кадэбісты. Для мяне гэты вобраз глыбока сімвалічны, улічваючы “тоўстае”, ці масіўнае, камуністычнае асяроддзе. Ён сімвалізуе па-першае, пастаянную гатоўнасць ахвяраваць сабою ў зацятай няспыннай барацьбе з антычалавечнасцю, па-другое, гэты вобраз не дае забываць, што вакол нас тыя, што таксама адрозніваюцца не меншым пастаянствам у барацьбе з намі, чым мы з імі.
Гэты алтар вянчае падабізна распяцця – выява помніка на магіле мучаніка. Пад гэтым крыжам – ягоная магіла. Над ёю – схілены Ян Павел ІІ. Здымак зроблены ў час Яго візіту ў Польшчу. І найбольш віднае месца на стале займае прыгожы партрэт святара. Усе выявы ў прыгожых дэкаратыўных рамках. На гэтым стале стаялі ў мяне ў свой час партрэты нябожчыкаў Міхася Стральцова, Улафа Пальмэ, Уладзіміра Караткевіча, Джона Кенэдзі, Яна ХХІІІ. Усе яны недзе і цяпер захоўваюцца ў бібліятэцы. Захоўваюцца з тымі ж жалобнымі стужкамі. І толькі гэты раз я не афармляў жалобай. Бо падзеі, звязаныя з Ежы Папялушкам уяўлялі і то толькі спачатку жалобу толькі для ягонай сям’і. А ў адносінах да ўсіх – гэта трыумф чалавека над сіламі зла.
26 лістапада 1987 году. Дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча. У Оршы ўжо маем вуліцу Яго імя. На гэтай вуліцы Ён і жыў пасля вайны. Яна ідзе паміж Дняпром і галоўнай вуліцай гораду (Ленінскай, вядома). Аднак хацелі “падставіць” нейкую маленькую вулічку з “мілагучнай” назваю Лагерная! Пасыпаліся ў гарвыканкам пратэсты. Дамагліся перайменавання вуліцы Касманаўтаў!
На ўрачыстасць ездзілі Наталля Сямёнаўна, Ул. Дамашэвіч, В. Ждановіч, М.Купава, Я. Янушкевіч (чаму з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў нікога не было?). Рускамоўную шыльду пра гэту падзею прымацавалі да канторы піўзаводу, што пачынае вуліцу. Заказалі і “імянныя” шыльды на дамы, на дзвюх мовах. З адной, аршанскай, моваю, нельга ж аніяк абысціся! А раптам тыя, хто ведае толькі літары “Короткевич”, не прачытаюць “Караткевіч”?
27 лістапада 1987 году. На сёння я быў запісаны на чарговы “сеанс” зубапратэзавання. Аднак учора папярэдзілі, каб не ішоў: яны не гатовы прыняць. Добра, што хоць папярэдзілі! Такое, на жаль, не так часта ў нас бывае.
Затое непрадбачаны быў выклік у выдавецтва – на справаздачна-выбарны сход. А кантралёраў найшло колькі! Сам Дзялец з Валынскім! З райкаму! З гаркаму! З Цэка!
За парадкам там сачыў, як звычайна, Пятро Шаўцоў. Ён і выказваўся супраць запрашэння на сход беспартыйных і выступіў з патрабаваннем, каб яны пакінулі сход пасля абмеркавання галоўнага пытання: на перавыбарах, маўляў, няма чаго ім рабіць. А “перавыбіралі”, дарэчы, мяне: я і не ведаў, што лічуся там членам бюро. Некалі выбралі, а пасля памяняўся парадак перавыбараў, так я і “застаўся” там. Папрасілі, каб я напісаў адпаведную заяву. Напісаў, задаволілі “просьбу”. Вылучылі і выбралі дырэктара выдавецтва. А яго папярэднік – Анатоль Бутэвіч – прадырэктарстваваў свой тэрмін, так у бюро і не трапіў. Месца было “заблакіравана” мною!
Той самы Пётр Шаўцоў пракаціўся на мой адрас у сваёй прамове. Сказаў, што з партыйнасцю цяпер у выдавецтве наладзіліся справы пасля дырэктара Дубянецкага. “А гэты пераважна і на працу ў выдавецтва браў беспартыйных і вылучаў усюды таксама іх – і на пасады, і да розных узнагародаў”.
Нездарма, я падумаў, большасць тэкстаў, што падсунулі тады мне ў ЦК, зводзілася якраз да гэтай партыйнасці і сярод супрацоўнікаў, і сярод аўтараў, і сярод рэцэнзентаў і г.д.!
1988 год
1 лютага 1988 года. Пашанцавала купіць перакідны настольны каляндар на гэты год. На беларускай мове. Укладальнік А. І. Раковіч. АТ 13692. Неяк выцягнулі яго аж на чатыры з паловаю ул.-выд. аркушаў, а ў ім нават не на кожны дзень ёсць радок падзей. Часта змест старонкі абмяжоўваецца толькі пазначэннем месяца, чысла, дня. Праўда, побач збоку дробненька стаіць усход і захад сонца, даўжыня дня, квадра месяца, а зверху чырвонымі літарамі набрана “71-ы год Вял. Кастр. сац. рэвалюцыі” (з 8. ХІ – 72-гі).
Хоць выданне беларускамоўнае, аднак беларускага тут менш чым мала. Затое “саюзныя” партыйна-палітычныя падзеі прадстаўлены раскошна. Напрыклад, дадзены дні адкрыцця ўсіх партыйных з’ездаў, нават калі яны і не прыпадаюць на “круглую” гадавіну. Хапае і “інтэрнацыяналізму”. У яго, вядома, прыярытэт перад нацыянальным. Вось на лістку “1 студзеня, пятніца” чытаем: “1959 – Перамога кубінскай рэвалюцыі. Дзень Вызвалення”. А ўжо ніжэй даецца: “1919 – Утварэнне Беларускай ССР.”
16 лютага 1988 года. Нарэшце з партыйнага дазволу ў мінскім Доме літаратара (са спазненнем на год) адзначана 100-годдзе з дня нараджэння вялікага сына Беларусі паэта Алеся Гаруна. На сцэне галоўнай залы – добра выкананы мастаком вялізны партрэт песняра-барацьбіта, песняра-пакутніка. Побач залачоная лічба “100”. Злева ад партрэта – выказванне М. Чарота пра Гаруна. У прэзідыуме – сакратар ЦК КПБ таварыш (скажам так, каб яму падабалася) Пячэннікаў(!), Максім Танк, Васіль Зуёнак, Іван Чыгрынаў, Ніл Гілевіч, Максім Лужанін, Алег Лойка, Уладзімір Казбярук, Барыс Сачанка, Вячаслаў Рагойша, Браніслаў Спрынчан. Усе яны, акрамя першых чатырох, выступалі з прамовамі, Б. Спрынчан, як заўсёды, “меладычна” пракрычаў свае пераклады вершаў Юбіляра на рускую мову.
Усе 350 месцаў у зале былі заняты. У праходах таксама было цесна. Гэта пры тым, што цэлы тыдзень усё рабілася, каб сарваць святкаванне, каб зала была пустой. Запрашэнні не рассылаліся нават у выдавецтвы і рэдакцыі. Мне сказаў С. Андраюк, што ён спецыяльна званіў у СП, высвятляў, чаму не далі білеты. Адтуль сказалі – няма.
Мабыць, запрашэнні забралі “кампетэнтныя” таварышы. Але ж нічога. Хоць без іх, вядома, не абышлося, але зала была поўная і жыла ідэямі неўміручага Гаруна. Праводзілі б у оперным тэатры, было б тое самае, у Палацы спорту – таксама.
Апрача афіцыйных прамоўцаў, вершы чыталі і прафесійныя артысты. Было ж два аддзяленні вечара.
Некалі Алесь Гарун пісаў у вершы “Людзям”:
Скажу яшчэ чаго б хацеў:
З дзявочых вуст пачуць
Хаця б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця б калі-небудзь!
Сёння не адзін і не два ягоныя “сьпевы” прагучалі ў цудоўным выкананні вядомых спевакоў. Адгэтуль яны будуць гучаць, пакуль будзе жыць Беларусь. Шкада толькі, што не чуў і не пачуе іх Творца.
Узрадавалі прысутных і два самадзейныя калектывы са Шчучынскага раёна. Асабліва спадабаўся ўсім скрыпач. Гэта цэлы аркестр у адной асобе! Яго доўга трымалі на сцэне, часта выклікалі гучнымі воплескамі. Часткова поспех яго тлумачыцца “удасканаленнем” ім свайго інструмента: на скрыпку ён прымацаваў губны гармонік, якім эфектыўна карыстаецца. Мне здалося, што нават быў не адзін гармонік, а два.
Свята гэтае ўпрыгожыла выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выпусціўшы факсімільнае выданне Гаруновага “Матчынага дару” з 1918 года. Прыстойна зрабілі. Кнігу забяспечылі ахоўным дэкаратыўным суперам. На яго клапанах змешчаны партрэт Аўтара (42 х 58 мм) і слова Васіля Быкава (87 радкоў х 38 знакаў).
Серафім (Андраюк – рэд.) расказваў мне, што і цяпер цяжка ўсё гэта рабілася. Яшчэ сёння загадчыца вытворчага аддзела заявіла зранку на выдавецкай планёрцы, што кніга не выйдзе. Дырэктар абурыўся, распусціў планёрку і пачаў высвятляць справу. Гэта дало станоўчы вынік: да 18 гадзін (вечар – з 19-ці) паспелі зрабіць тысячу экземпляраў. Праўда, чамусьці без reraty. У аўтэнтыку ёсць жа лісток выпраўленых памылак. Не паспелі, а можа, яго не было ў Сачанкаўскім экземпляры, з якога рабілася факсіміле?
Не будзем ужо казаць пра тую затрымку з выпускам “Матчынага дару”, што нарадзілася яшчэ ў тым самым ЦК КПБ і Кадэбэ у адказ на маю спробу выдаць яго. Тады абмежавалася ўсё змяшчэннем добрай нізкі з гэтага зборніка ў альманаху “Дзень паэзіі – 1981” і маёй патаемнай падрыхтоўкай да самастойнага (!) на ўласную рызыку выдання яго ў 1985 годзе. Гэта ўжо далёкая гісторыя з часоў “застойных”. Але ж і цяпер, у перыяд “свабоды” і “дэмакратыі”, яшчэ і яшчэ раз пад лупай прачытваўся зборнік. Вядома ж, ён напалохаў тых чытальнікаў. Яны запатрабавалі “расказаць у Быкаўскім слове ўсю праўду пра Гаруна-антысаветчыка”. Быкаў прадумваў варыянты. Апошні з іх запатрабавалі ў ЦК. Чыталі там некалькі дзён тыя паўтары старонкі Бліскучага Слова Васіля Быкава. Яно іх, вядома, не задаволіла. Але ж мужны Васіль адмовіўся перарабляць. Ён палічыў, што звышдастаткова і таго, што ён вымушана напісаў: (Гарун вярнуўся ў Мінск) “Да канца разабрацца ў зменлівых і імклівых падзеях ён не здолеў. Адсюль вынікала непаслядоўнасць яго ідэйна-палітычных пазіцый”.
Гэта, запамятаем добра, не Быкаўскія словы. Быкаўскія – гэта гімн Гаруну і ганьбаванне тых, хто “несправядліва асудзіў яго на немату”. “Алесь Гарун – кажа аўтар прадмовы, – прабыў у немаце ўдвая больш, чым ён пражыў на свеце”. В. Быкаў звяртаецца да чытача з заклікам удумацца “ў гэтыя даўнія радкі, народжаныя самотай і горам – у іх нямала адзнак высокай людскасці і прагнай надзеі. Надзеі на нас, тых, каму наканавана часам жывіць лёс роднага краю, якому на сібірскай катарзе гэтак сардэчна і самазабыўна спяваў Алесь Гарун”. Цяперашнія цэрберы вымушаны былі “прапусціць” такое, каб не было скандалу ў эру перабудовы, бо перарабляць ужо не было калі.
Вось чаму атрымліваліся новая “затрымка” і стрэсавая сітуацыя ў выдавецтве і друкарні.
Удзельнікі ўрачыстасці выказаліся за вяртанне на зямлю Беларусі праху двух вялікіх яе сыноў – Максіма Багдановіча і Алеся Гаруна. Сакратар ЦК у гэты момант разгублена пляскаў у далоні…
23 лютага 1988 года. Быў Сяргей Шупа. Прынёс мне сёлетні першы нумар “Маладосці”. Там – усе сем вядомых нумароў “Мужыцкае праўды”. Крыху пасядзелі, паразмаўлялі пра нашы беларускія справы. У прыватнасці гаварылі – пра мэтазгоднасць адаптацыі на сучасную беларускую мову Скарынаўскай Бібліі, пра іншыя беларускія Бібліі (Станкевіча…). Паціху перакінуліся на мой пераклад “Quo vadis” Г. Сянкевіча. Я выказаў сумненне наконт неабходнасці яго завяршэння. Ёсць жа беларускі пераклад Пятра Татарыновіча.
Сяргей, аднак, “супакоіў”, сказаўшы: па-першае, што добры выдавецкі густ патрабуе выпускаць і выпускаць шэдэўры ўсё ў новых перакладах, як мы робім цяпер, дзякаваць Богу, з “Панам Тадэвушам” вялікага Міцкевіча; па-другое, трэба даць беларускаму чытачу “Quo vadis” на яго мове, бо П. Татарыновіч няведама калі трапіць у яго рукі.
Мне падабаецца гэты юнак, і я з задавальненнем прэзентаваў яму свайго С.Жэромскага, з адпаведным подпісам.
29 лютага 1988 года. Атрымаў з Беластока часопіс “Kontrasty” Nr. 2 – 88 з маім інтэрв’ю Яну Чыквіну “Пра польскую літаратуру на Беларусі” (стр. 34 – 36).
Нарэшце цукровая эпапея завяршылася тым, чым і павінна была завяршыцца – увядзеннем картак. “Дамавая актывістка” Альбіна Рыгораўна Папачаніха выдала чатыры талоны на сакавік. Па кілаграму на кожнага члена сям’і. Кажуць, што так будзе да чэрвеня. А там нібыта падвояць норму з улікам сезонных патрэб. Дакаціліся бальшавічкі! А ў сябе на радзіме, там, у Расіі, яны ўжо даўно ўвялі карткі на шырокую наменклатуру харчовых прадуктаў і прамысловых тавараў.
Што ж, джына з бутэлькі выпусціла Расія. Ёй больш за ўсіх цяпер і дастаецца.
2 сакавіка 1988 года. Сяргей Дубавец і Алег Бембель. Якія розныя людзі! Але ж розныя яны толькі знешне, як бы мовіць, стылёва.
Адзін – журналіст, глыбокі, арыгінальны літаратурны крытык. Другі – вучоны і паэт, арыгінальны і шчыры ў абедзвюх гэтых іпастасях.
Але ж яны паводле сваіх поглядаў і памкненняў – браты і аднадумцы. Кожны перад усім за сваю мэту лічыць беларусізацыю (Алег яшчэ і хрысціянізацыю) Беларусі. Кожны самааддана, выракаючыся ўласных выгод, змагаецца за гэту святую справу.
Абодва пакутуюць ад улады за сваю зацятасць. Сяргея, напрыклад, тры гады трымалі ў ссылцы ў гомельскай газеце, не дазволіўшы асесці ў Мінску пасля атрымання універсітэцкага дыплома. Толькі нядаўна ён выцярпеў сабе права вярнуцца сюды. Алега праследуюць даўно і жорстка: выкінулі з партыі, спярша пазбавілі статуса навукоўца, перавёўшы ў лабаранты, а пасля зусім прагналі з інстытута. З лістапада мінулага года – ён беспрацоўны. Каб не судзілі за гэтак званае “тунеядство”, ён пісьмова прапануе свае паслугі то Саюзу мастакоў, то Саюзу пісьменнікаў. Ні там, ні там не адгукаюцца.
Яны былі ў мяне сёння абодва. Адзін удзень, другі – пад вечар. Сяргей прынёс Ірынцы водгукі на яе радыёперадачу пра стан беларускай мовы ў школах Мінска. Ён браў іх у радыёрэдакцыі. Як старшыня гісторыка-мемарыяльнай камісіі Беларускага фонду культуры я прапанаваў яму членства ў гэтай інстытуцыі. Больш за тое, расказаў яму, што гэтая камісія ўсклала на сябе яшчэ адзін важны клопат, які не мае афіцыйнай падтрымкі – стварэнне аналагічнай камісіі па мове! Даў зразумець Сяргею, што ён можа далучыцца і сюды. Сяргей, думаю, зрабіў правільны выбар – гісторыка-мемарыяльную камісію. Я выдатна бачу яго неабходнасць і нават незаменнасць у гэтай камісіі. Праўда, і там ён быў бы вельмі дарэчы.
Алег пазнаёміў са сваімі злавеснымі “працоўнымі” справамі, а таксама з новымі паэтычнымі творамі. Гэта цудоўная паэзія! Але ж дзе яе можна надрукаваць? Я думаю ўключыць у праграму дзейнасці Камісіі і патрабаванне выдаваць мастацкую літаратуру, што выклікаецца да жыцця рэлігійнымі матывамі. А можа, сустрэцца з Мітрапалітам Філарэтам, разведаць перспектывы друкавання праз выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі такога роду літаратуры, падказаць яму, як гэтага можна дамагацца?
Я з задавальненнем заўважыў мой уплыў на Алегаву творчасць. У вялікім ягоным цыкле “Саната ростані” гэта выразна прыкметна. Ад безапеляцыйнага ўсхвалення Яго высокага праасвяшчэнства Філарэта і “беларускага” праваслаўя застаецца ўсе менш і менш. Замест гэтага, ці, праўдзівей кажучы, побач з гэтым, мы ўжо чытаем і вось такое:
“Ёсць запавет – зусім не новы,
Яго Хрыстос не адмяняў:
Хай услаўляюць усе мовы
Сьвятое Божае Імя.
І вось за морам, недарэчы,
Даводзіць наш мітрапаліт:
“На том искусственном наречьи
Наш чин в церквах не говорит…
Народ желает речь иную…”
Калі то праўда, Філарэт,
Вы на палітыку зямную
Зьмянілі Божы запавет!”
Праваслаўе Алегу цяпер ужо на засціць вочы. Ён талерантна выказваецца і ў адносінах іншых рэлігій. Праўда, пакуль яшчэ толькі адных хрысціянскіх. У вершы “Хрысьціянская сумоўная Беларусь” паэт кажа:
Трохгалосную Аўтакефалію
Ты ўпляла ў вянок вянкоў:
Праваслаўным дала ў кампанію
Пратэстантаў, каталікоў.
Атуліла іх мовай лагоднаю –
Мовай зьнічак і бліскавіц…
І нянавісьць – не-вера-годную
Для Хрысьціянства! – зрынула ніц”.
4 сакавіка 1988 года. Падзей сёння будзе багата – мой дзень нараджэння. Будуць “падзеі”, звязаныя з “маім” днём, будуць, як звычайна, і ўсякія іншыя.
Зранку – віншаванні найбліжэйшых. Віншаванні суправаджаюцца мілымі прэзентамі.
Галі і Ірынцы густ ніколі не здраджвае. Іх падарунак – прыгожая белая статуэтка. Гэта свечка-“німфа” вырабу нейкага прыбалтыйскага кааператыву (“нейкага”, бо, паводле сваёй звычкі, дзяўчаты мае заўсёды этыкеткі з сувенірных тавараў зрываюць). Своеасаблівая падтрымка “прыватнага капіталізму” (я – “за”).
Раз свечка, значыць, да яе патрэбны і падсвечнік. Ён ёсць! З уральскіх самацветаў – амазаніт і яшма! Пра цану не пытаю – пакрыўдзяцца.
Галя вісіць над восьмасакавіцкай насценгазетаю для свайго інстытута. Вось яе эскіз ці фрагмент яго. Ён ужо мастаком выкінуты, таму што перанеслі алоўкам на ватман. Цяжка пакуль уявіць ўсё гэта цалкам. Тут жа павінны быць і заметкі з іх загалоўкамі, якія яна ж будзе таксама маляваць (заметкі рыхтуюць іншыя “спецыялісты”).
Спыняю запіс. Пачну рыхтавацца да сходу моўнай Камісіі Фонду культуры.
13 сакавіка 1988 года. Газета “Советская Россия” (№ 60 – 9611) публікуе рэакцыйнейшы матэрыял з усіх чорнасоценных матэрыялаў, што з’явіліся дзе-небудзь у СССР за тры “перабудоўчыя” гады. Гэта опус нейкай Ніны Андрэевай пад драматычна крыклівым загалоўкам “Не могу поступаться принципами”. Ужо ў падзагалоўку, што вынесены ў выглядзе рубрыкі ўверх паласы – “Письмо в редакцию преподавателя ленинградского вуза” – чытач крыху дазнаецца пра гэтага адыёзнага аўтара. А з аўтарскай “урэзкі” атрымліваем яшчэ некаторыя звесткі: “Я хімік, выкладаю ў Ленінградскім тэхналагічным інстытуце імя Ленсавета”.
Паглядзім хоць “пункцірна” бліжэй на гэту палітыканшу.
“Я не магу прыняць…словатаўчэння пра “тэрарызм””, “палітычнае рабалепства народа”, “бяскрылае сацыяльнае гібенне” (“прозябание”), “нашае духоўнае рабства”, “усеагульны страх”, “засілле хамаў ва ўладзе”…
Далей. “Часам даводзіцца чуць сцвярджэнні, што настаў час прыцягнуць да адказнасці камуністаў, – якія быццам бы “дэгуманізавалі” пасля 1917 года жыццё краіны”.
“Бачанне гісторыі, – павучае Н. Андрэева, – несумяшчальна з палітычнымі анекдотамі, нізкапробнымі плёткамі, вострасюжэтнымі фантазіямі, з якімі можна цяпер нярэдка сустрэцца”.
Яна галосіць, што моладзі “нічога не дасць, апрача дэзарыентацыі, балбатня (“откровения”) пра контррэвалюцыю ў СССР на мяжы 30-х гадоў”, пра “віну Сталіна за прыход да ўлады ў Германіі фашызма і Гітлера”. Альбо публічны “падлік” колькасці “сталіністаў” у розных пакаленнях і сацыяльных групах.
Аўтарка скардзіцца, што ў “добрым дакументальным фільме пра С.М.Кірава” тэкст, які суправаджае кадры, часам прыдае кінадакументам “нейкую двухсэнсоўнасць”. Напрыклад, кінакадры дэманструюць узрыў энтузіязму, бадзёрасці, душэўны ўздым людзей, будаўнікоў сацыялізму, а дыктарскі тэкст – пра рэпрэсіі, пра неінфармаванасць народа…”.
Н. Андрэева катэгарычна супраць новых “выкрыццяў” (словы “разоблачители” і “разоблачения” Н. Андрэева ставіць у двукоссе. – М.Д.), яна за паказ “фактаў рэальных дасягненняў на розных этапах сацыялістычнага будаўніцтва”. Але ж, бачыце, назіраецца “вспышка ”разоблачений””. Вось, напрыклад, крыўдуе яна, ”прыкметнай з’яваю на гэтай, на жаль, неўрадлівай ніве”, з’яўляюцца п’есы М.Шатрова. Называюцца п’есы “Сінія коні на чырвонай траве”, дзе сакратар Леніна палівае з чайніка яго галаву замест таго, каб паліць гліняную скульптурную мадэль (!!! – Н.А.); “Брэсцкі мір”, дзе Ленін схіляе калені перад Троцкім; “Далей… далей… далей!”, дзе атрымала далейшае развіццё “гэтая сімвалічная аўтарская канцэпцыя”. Н. Андрэева па-пракурорску канстатуе, што “Шатроў: істотна адыходзіць ад прынятых прынцыпаў сацыялістычнага рэалізму”; ролю пралетарскіх мас, партыі зводзіць да “фону”, на якім дзейнічаюць безадказныя палітыканы; абвінавачвае Сталіна ў забойстве Троцкага і Кірава, у “блакіраванні” хворага Леніна”, што і Шатроў, і аўтар “Дзяцей Арбату” А. Рыбакоў асобныя сюжэты запазычылі з эмігранцкіх публікацый, і яны таму неарыгінальныя.
Аўтарэса лямантуе супраць “нястрымных атак” на Сталіна, супраць “гвалтоўнага ўцісквання” ў формулу “культу асобы” “усёй складанейшай пераходнай эпохі…індустрыялізацыі, калектывізацыі, культурнай рэвалюцыі, што вывелі нашу краіну ў разрад вялікіх дзяржаў”. “Справа дайшла да таго, – плача Н. Андрэева, – што ад “сталіністаў” (а ў іх лік можна пры жаданні ўключыць каго хочаш) сталі настойліва патрабаваць “пакаяння”… Нястрымна расхвальваюцца раманы і фільмы, дзе лінчуецца эпоха буры і націску, якая падаецца як “трагедыя народаў”.
Не называючы прама выдатны фільм Абуладзе “Покаяние”, Н. Андрэева тым не менш даволі празрыста хімічыць пра яго:
“Часам, праўда, падобныя спробы ўзвесці на п’едэстал гістарычны нігілізм не спрацоўваюць. Так некаторы, зацалаваны крытыкай фільм насуперак нябачнаму дагэтуль рэкламнаму прэсінгу бывае ўсім халодна прыняты большасцю гледачоў”. Ну што ж, паглядзім, што яна скажа праз некалькі дзён, калі гэты фільм, дасць Бог, будзе адзначаны Ленінская прэміяй?!
Н. Андрэева заклікае “адстаяць гонар і годнасць першапраходцаў сацыялізму”, у тым ліку і Сталіна! Спасылаецца на характарыстыку Сталіна, дадзеную У. Чэрчылем, на мемуары Ш. дэ Голя, успаміны і перапіску іншых палітычных дзеячаў Еўропы і Амерыкі, на “айчынныя дакументы, якія да таго ж даступныя для ўсіх жадаючых”.
Адвакатка ката-Сталіна намякае на яго “асабістую сціпласць, што даходзіла да аскетызму ў той суровы час”. Але ж тады, шматзначна кажа яна, “патэнцыяльныя савецкія міліянеры яшчэ баяліся праклёўвацца ў цішыні заштатных кантор гандлёвых баз”, а “выдуманыя сваякі яшчэ не спяшаліся зазываць сваіх аднапляменнікаў у “зямлю запаветную”, ператвараючы іх ў “адказнікаў” ад сацыялізму”.
А вось толькі пэўная тэрміналогія гэтай сталіністкі: “атакі на дзяржаву дыктатуры пралетарыяту і тагачасных лідэраў нашай краіны”; “прафесійныя антыкамуністы на захадзе, што даўно выбралі быццам бы дэмакратычны лозунг “антысталінізму”; “нашчадкі звергнутых Кастрычніцкай рэвалюцыяй класаў, што далёка не ўсе змаглі забыць пра матэрыяльныя і сацыяльныя страты сваіх продкаў”; “духоўныя нашчадкі Дала і Мартава і іншых па ведамству расійскага сацыял-дэмакратызму”; “духоўныя нашчадкі Троцкага альбо Ягоды”; “пакрыўджаных сацыялізмам нашчадкаў нэпманаў, басмачоў і кулакоў”…
Н. Андрэева вось якой хоча развязкі ў дачыненні да свайго крывавага куміра Сталіна: “Сёння мала каго бянтэжаць асабістыя якасці Пятра Вялікага, але ўсе памятаюць, што ў перыяд яго праўлення краіна выйшла на ўзровень вялікай еўрапейскай дзяржавы. Час кандэнсаваў вынік, які ляжыць цяпер у ацэнцы гістарычнай асобы імператара Пятра. І нязменныя кветкі на яго саркафагу ў саборы Петрапаўлаўскай цытадэлі ўвасабляюць павагу і ўдзячнасць нашых далёкіх ад самадзяржаўя сучаснікаў”.
Неа-Салтычыха кліча на дапамогу Маркса і Энгельса, што “называлі цэлыя нацыі на пэўным этапе іх гісторыі “контррэвалюцыйнымі””, “не саромеліся даваць даволі рэзкія характарыстыкі шэрагу нацый, у т.л. рускім, немцам, а таксама і тым нацыянальнасцям, да якіх належалі самі. Яе высновы: “у брацкай садружнасці савецкіх народаў кожнай нацыі і народнасці трэба “беречь честь смолоду”, не дазваляць правакаваць сябе на нацыяналістычныя і шавіністычныя настроі…”
За дапамогай яна звяртаецца таксама да Праханава з яго дзвюма ідэалагічнымі альтэрнатыўнымі вежамі:
1-ая “вежа”- “неалібералы”, арыентаваныя на захад;
2-ая – “ахоўнікі” (“охранители”) імкнуцца перамагчы сацыялізм, рухаючыся назад, да царскай Расіі (Н. А.). Гэтыя другія, “традыцыяналісты”, альбо “неаславянафілы”, маюць бясспрэчныя заслугі ў выкрыцці карупцыі, у ахове экалогіі, у барацьбе супраць алкагалізму, у ахове помнікаў, у барацьбе з “маскультураю”, як псіхозам спажывецтва. Але ж гэтыя ідэолагі сялянскага, абшчыннага сацыялізму не разумеюць гісторыі, яе значнай часткі. Рэвалюцыю для лёсу Радзімы яны калектыўна лічаць толькі як “страшэннае самавольства ў адносінах да сялянства”. Яны крычаць пра “вясковых камісараў”, якія стралялі ў спіну сераднякоў.
Н. Андрэева пытае: “Што ўсё гэта значыць?”, як: “леваліберальны інтэлігенцкі сацыялізм”; “самакаштоўнасць асобы”; “пропаведзь “дэмакратычных” даброт сучаснага капіталізму”; “падлашчванне перад яго рэальнымі і ўяўнымі дасягненнямі”; “мы пабудавалі не той сацыялізм”; “толькі ўпершыню ў гісторыі склаўся саюз палітычнага кіраўніцтва і прагрэсіўнай інтэлігенцыі”; патрабаванне “юрыдычнага кодэксу аховы правоў жывёл”; надзяленне незвычайным, звышнатуральным розумам прыроды; сцвярджэнне, што інтэлігентнасць – не сацыяльная, а біялагічная якасць і генетычна перадаецца ад бацькоў дзецям; касмапалітычная тэндэнцыя (да Троцкага ў Петрасавет прыйшла дэлегацыя купцоў і фабрыкантаў са скаргай на чырвонагвардзейскі прыціск. Ён: “Я не яўрэй, а інтэрнацыяналіст”. Гэтым вельмі азадачыў тых; “паняцце “нацыянальнага” ў Троцкага азначае нейкую непаўнацэннасць і абмежаванасць у параўнанні з “інтэрнацыянальным”. Таму ён падкрэсліваў “нацыянальную традыцыю” Кастрычніка, пісаў пра “нацыянальнае ў Леніне”, сцвярджаў, што “рускі народ ніякай культурнай спадчыны не атрымаў” і г. д. “З ваяўнічым касмапалітызмам звязана цяпер практыка “адказніцтва”; “бясчынствы неафітаў перад Смольным і пад сценамі Крамля”; “нас прывучаюць бачыць у гэтым нейкую бяскрыўдную “змену месцажыхарства””…
Пра “нефармальныя” аб’яднанні. Відавочна бачна палітызацыя гэтых самадзейных арганізацый на базе далёкага ад сацыялізму плюралізму. Нярэдка лідэры іх кажуць пра “раздзяленне ўлады” на аснове “парламенцкага рэжыму”, “свабодных прафсаюзаў”, “аўтаномных выдавецтваў” і г.д. Значыць, галоўным пытаннем цяперашніх дыскусій у краіне з’яўляецца пытанне – ці прызнаваць кіруючую ролю партыі, рабочага класу ў сацыялістычным будаўніцтве, а значыць, і ў перабудове.
Вытворным ад гэтай ключавой праблемы сацыяльна-гістарычнага светапогляду з’яўляецца пытанне пра ролю сацыялістычнай ідэалогіі ў духоўным развіцці савецкага грамадства.
Ленін і яго саратнікі паслядоўна абаранялі “камандныя вышыні” навукова-пралетарскай ідэалогіі.
Прыгадаем. Ленін наконт пісаніны папулярнага тады сацыёлага Піцірыма Сарокіна і прафесара Вінера (яны, кажа Н.А., у параўнанні з тымі, што цяпер друкуюцца ў нас, выглядалі зусім “нявінна”): іх публікацыі з’явіліся толькі дзякуючы нявопытнасці работнікаў сродкаў масавай інфармацыі; “Рабочы клас хоць і змог заваяваць уладу, але карыстацца ёю яшчэ не навучыўся. Інакш, казаў Ленін, гэтых прафесараў і пісьменнікаў рэвалюцыйны пралетарыят “ветліва выправадзіў бы” з краіны. Дарэчы, хваліць Леніна і ленінцаў Н. А., “са 164 высланых у 1922 годзе згодна са спісамі УЦВК многія пасля вярнуліся назад і сумленна служылі свайму народу, у т.л. і прафесар Вінер”. Сёння пытанне пра ролю і месца сацыялістычнай ідэалогіі прыняла вельмі вострую форму.
Аўтары кан’юктурных вырабаў (“поделок”) пад эгідаю маральнага і духоўнага “ачышчэння” (двукоссе Н. А. (!)) размываюць грані і крытэрыі навуковай ідэалогіі, насаджаюць несацыялістычны плюралізм. Гэта аб’ектыўна накіравана супраць перабудовы ў грамадскай свядомасці. Хітрая Н. А. (ці ёй падказалі) завяршае свой антыгарбачоўскі маніфест словамі Гарбачова: мы павінны і ў духоўнай сферы кіравацца нашымі марксісцка-ленінскімі прынцыпамі. “Прынцыпамі, таварышы, мы не павінны паступацца ні з якіх прычын. На гэтым стаім і будзем стаяць, – закругляе Н. А. – Прынцыпы не падораны нам, а выпакутаваны намі на крутых паваротах гісторыі Айчыны.
20 сакавіка 1988 года. Хлопцы і дзяўчаты з “Талакі” склікалі, як яны правільна кажуць, на пляцы Волі веча ў інтэнцыі ў абарону Верхняга горада. Абараняць яго сапраўды трэба ад бюракратаў і метрабудаўцаў.
На пляц сышлося да тысячы чалавек – у асноўным моладзь. Былі і “дарослыя”, былі, вядома, і назіральнікі ад афіцыйных і кампетэнтных органаў. Бясконца пстрыкалі фотаапараты, паважна рухаліся перад натоўпам кінакамеры. Добра напоўняцца фота- кінатэкі журналістаў, аматараў і кадэбістаў!
Усё тут было незвычайна, як на савецкую краіну, і ўсё было здорава. Пачынаючы з (як кажуць любыя арганізатары) лёзунгаў і плякатаў. А яны паўсюдна калыхаліся над натоўпам. “Нас ашукалі!”; “Злачынцаў – да адказнасці!”, “Спыніць пракладку метро пад Верхнім горадам!”, “Верхні горад – экзамен перабудовы”, “Повернуть метро вспять!”, “Ратуйма!”…
Веча было далёка не ананімнае. На відным месцы пасярэдзіне плошчы стаяла вялікая шыльда “Арганізацыйны камітэт”. Непадалёку – плакат “Талака” з яе адрасам і рэжымам функцыянавання. Тут утыркнуты ў снег чырванеў таксама і “дзяржаўны флаг БССР” – каб не абвінавацілі бюракраты ў антысавецкім накірунку веча. Праўда, “флаг” жалю варты – папяровы, маленькі, з тых, што прасавецкія бацькі даюць у рукі сваім немаўлятам, калі бяруць іх з сабою на першамайскі мітынг. Але ўсё-такі ён, галоўны савецкі “сымбаль”, быў! Не будзе ж незаможная “Талака” траціцца на вялізны ядвабны флаг! Гэтыя рублі яна лепш унясе на рахунак-702 Фонду культуры на рэстаўрацыю аднаго з аб’ектаў Верхняга горада…
Тут на кардоне запрашэнне: “Запісвайцеся ў чаргу да мікрафону”. І сапраўды, побач, у чародцы прыгожых дзяўчат – Сяргеевых памочніц – нешта ўсё пішуць. Каля іх збіраліся і прамоўцы. А там, на самым лобным месцы, – любімец “нефармальнай” моладзі (і мой таксама), кіраўнік “Талакі”, мілы Сяргей Вітушка. Ён увесь палае. Агонь бачыш у яго вялікіх блакітных вачах, на яго, як мне здалося, запалых шчоках. Ледзь улоўна адчуваеш напружанне ва ўсёй яго стройнай постаці. Але вонкава ён нібыта нават спакойны, хоць, слухаючы яго, асэнсоўваючы тое, што ён кажа, немагчыма ў гэта паверыць. Проста хлопец можа валодаць сабою!
Ён з веданнем справы мілагучна расказаў гісторыю Верхняга горада. Адважна казаў пра метадычнае яго разбурэнне ў савецкі час, заклікаў стварыць масавы рух “Родны горад”.
“Пляц” аддзячыў самаахвярнаму юнаку гучнымі працяглымі воплескамі. Я б не прамяняў гэтага слаўнага юнака на ўсіх насельнікаў пяціпавярховага будынка ЦК ЛКСМБ, уключна з шасцю яго фюрэрчыкамі і мноствам унтэрфюрэрчыкаў. Сяргей – сапраўдны лідэр свядомай беларускай моладзі. Тыя ж – падгалоскі закаранелых бюракратаў, дэспаты аморфнай, нацыянальна бясполай і безаблічнай казарменнай масы.
Сяргей даваў слова кожнаму прамоўцу і сам трымаў ім мікрафон (апошнюю “дзею” камсамольскія бонзы палічылі б для сябе занізкай). Каля трох гадзін доўжыўся гэты цудоўны баль савецкай новай дэмакратыі! Выступіла шмат прамоўцаў вельмі розных паводле свайго ўзросту і поглядаў. Да мікрафона актыўна падыходзілі і веруючыя, запалоханыя перспектывай разбурэння дзеючага тут праваслаўнага храма ў былым касцёле бернардынак.
Упрыгожаннем сходу былі, акрамя самога Сяргея Вітушкі, мужныя змагары за беларушчыну – шматпакутны мастацтвазнаўца і глыбокі знаўца гісторыі свайго народа Зянон Пазьняк і малады звонкі наш паэт Анатоль Сыс. Абедзве гэтыя постаці заслугоўваюць спецыяльнага слова, бо Зянон Пазьняк – адпавядае крытэрыям сапраўднага народнага важака, а Анатоль Сыс – адзін з лепшых прадстаўнікоў беларускай “нефармальнай” моладзі, а зараз то і беларускай нефармальнай паэзіі.
5 красавіка 1988 года. Адбылося чацвёртае пасяджэнне нашай усё яшчэ нелегальнай Камісіі па ахове мовы. Запрашалі на яго некаторых вядомых пісьменнікаў. В.Быкаў паабяцаў прыйсці, але ж затрымаўся ў бальніцы. Прыйшлі Я. Брыль, Я. Скрыган і некаторыя іншыя.
Пасяджэнне вёў Пятро Садоўскі (з кіраўнікоў фонду нікога не было!). Абмяркоўвалі праект праграмы дзейнасці Камісіі. Вельмі значнае дапаўненне ў яго прапанаваў Вячаслаў Жыбуль. Асноўны змест яго – характарыстыка сучаснага становішча беларускай мовы і супастаўленне гэтага з патрабаваннямі марксізму.
Усе выступленні былі цікавыя, прапановы – важныя. Праўда, мяне здзівіла выступленне Янкі Брыля. Ён узяў слова пасля мяне і спрабаваў аспрэчваць мае асноўныя прапановы. А яны датычыліся вызначэння ў прэамбуле Праграмы становішча беларускай мовы тэрмінам “лінгвацыд” і ўключэння ў яе палажэння аб прызнанні за ўсімі нацменшасцямі Беларусі роўных правоў з беларусамі на развіццё сваёй нацыянальнай культуры.
Пра “лінгвацыд” ён сказаў, што гэты тэрмін можа загубіць усю Праграму. Кіраўнікі рэспублікі, маўляў, не даруюць такога максімалізму ў нашых дакументах.
Што ж датычыць нашай падтрымкі культурных патрабаванняў іншых нацыянальнасцей, дык Янка Брыль сказаў, што ён наогул не бачыць на Беларусі нацыянальных меншасцей. Асабліва аспрэчваў наяўнасць у нас палякаў. “Палякі ўсе ў свой час выехалі ў Польшчу. А хто не выехаў – гэта не палякі, а католікі. Католікаў, праўда, у нас шмат. Але ж гэта – беларусы.”
Я падумаў, што недзе адначасна з гэтай нечаканай для мяне Брылёвай прамоваю яго біёграфы з захапленнем апісваюць ягоны “інтэрнацыяналізм”. Дый і сам ён лічыць сябе інтэрнацыяналістам!
З памяшкання “Старажоўская, 5” я выйшаў разам з Брылём і Скрыганом, паміж якімі сядзеў на гэтым сходзе. Па дарозе ў дадатак да ўсяго Янка Брыль сказаў яшчэ, што ён таксама супраць і Жыбулёвай праграмы. “Гэта небяспечнае палітыканства”, – сказаў ён.
12 красавіка 1988 года. У Рэспубліканскім Доме работнікаў мастацтваў Саюза тэатральных дзеячаў БССР (так цяпер называецца ранейшае “Мутнае вока” і яшчэ ранейшае “Архіерэйскае падвор’е”!) сёння адкрылі выставу “Шляхам Бацькаўшчыны”. Уласна кажучы, гэта дзве выстаўкі – мастакоў Ягора Батальёнка і Міколы Купавы. Прытым і ў таго, і ў таго – гэта першы шырокі выхад “на публіку”.
Я.Б. дэманструе свае карціны, акварэль, пастэль, Мікола – кніжную і станковую графіку, экслібрыс.
Мабыць, ўдала аб’ядналі гэтых двух, здаецца, розных мастакоў (хоць аб’ядноўвалі па прычыне “беднасці” – недахопу памяшканняў і, вядома, боязі “нацыянальнага” духу абодвух).
Адзін з іх, Ягор, лірычна паказвае сваю Бацькаўшчыну. Вось з “Ночы ў сакавіку”, з “Паэтычнае ночы” мы акунаемся ў “Світанак”, у “Дзяцінства светлы дзень”. Разам з мастаком мы чуем “Мелодыю вясны”, “Вясковую прэлюдыю”. Нам прыемна перанесціся ў “Лета на Віцебшчыне”, паблукаць там, “Дзе сон-трава”, выбіцца на “Асветленую сцяжыну”.
Якраз, ведучы нас па ёй, Мікола Купава пакажа нам “Гняздо арла. Радзіму Кастуся Каліноўскага”. А вось і сам “Кастусь Каліноўскі” на яго лінарыце яшчэ з 1977 года.
Мікола нястомна паказвае нам, як па шляхах Бацькаўшчыны прайшлі яе славутыя В. Дунін-Марцінкевіч і Ф. Багушэвіч, Карусь Каганец і Элаіза Пашкевіч (Цётка), Янка Купала і Якуб Колас. Гэта была хада герояў! Людзей, што былі шырока вядомыя і пры сваім жыцці. А вось каляровая літаграфія з 1985 года “Крокі ў неўміручасць. Подзвіг Трыфана Лук’яновіча”. Некалі Барыс Палявой расказаў, як гэты радавы салдат, што быў родам з Мінска, свядома палез пад нямецкія кулі, каб выратаваць ад іх нямецкую дзяўчынку. Менавіта яго бронзавую скульптуру і паставіў Яўген Вучэціч у берлінскім Трэптаў-парку, як абагулены помнік воіну-вызваліцелю. Мікола Купава не мог не звярнуцца да гэтага яскравага вобраза. А звярнуўшыся, сказаў нам вельмі шмат пра душу беларуса.
Мікола паказаў некалькі дзесяткаў лістоў і сваёй кніжнай графікі. Іх тэма, можна сказаць, тая самая, што і тэма часткова пералічаных вышэй работ са станковай графікі – “тыя, што ідуць шляхам Бацькаўшчыны”. Праўда, стаіць тут быццам бы збоку вялікі цудоўны цыкл “Сіняя світа налева пашыта”. Гэта беларуская народная казка. Яна выдавалася і па-беларуску, і на некалькіх замежных мовах. З гледачоў мала хто яе бачыў, бо была адразу канфіскавана з-за бел-чырвона-белага сцяжка на вежы.
Ягора Батальёнка гледачы прыхільна ацанілі і як майстра акварэлі. І ён не здраджвае ў ёй свайму асноўнаму напрамку. Родная прырода, родны край і тут у алтары.
Выстаўку не толькі адчынялі прамовамі, але ж песняй. Спяваў Ягораў сябра. Добры расце ў Ягора сынок, што цешыў там усіх гледачоў сваёй непасрэднасцю, сваім звонкім беларускім словам…
Да гэтай выстаўкі, з дазволу цэнзара, што схаваўся пад нумарам АТ 10680, быў выдадзены праспект, ілюстраваны дзвюма чорна-белымі рэпрадукцыямі.
13 красавіка 1988 года. Лёня Д. (Дранько-Майсюк – рэд.) днямі папярэджваў, што сёння павінен паступіць у кіёскі красавіцкі нумар часопіса “Беларусь” з Галінымі вершамі. Падпісчыкам прыносяць яго, можа, на тыдзень пазней, значыць, у такіх выпадках трэба хадзіць у кіёск.
Сабраўся ісці. Ірынка, збіраючыся на працу, загадала купіць і новы “Нёман” – там “Паэма запаленых свечак” Алеся Разанава. Я кажу, што там жа і працяг Лойкавага рамана “Францішак Скарына”, абавязкова купляем.
Прыношу. Галя – ёсць, Алесь – ёсць, Алег – ёсць. Галя, ведаю, моцна расчаруецца. Збіраліся даць цэлую старонку. З прадмоваю мэтра, з партрэтам. А надрукавалі толькі тры вершы – скразны слупок радкоў на 60 – 70. Прычыну я адразу ўбачыў: замест монастаронкі змясцілі цэлы калектыўны разварот (нават больш), у якім прадставілі творчасць дванаццаці маладых паэтаў.
Трэба Галю супакоіць: мабыць, у рэдакцыі другога выйсця не было; няхай раздзеліць радасць з усімі тымі, хто трапіў у гэты гурт.
Бачу, не спадабалася ёй публікацыя не толькі паводле сваёй формы, але і зместам. Сярод надрукаванага няма ні “Даратэі”, ні “Амарылісаў”. Ёсць “Помста”, “Паэтычная хвароба”, “Я да цябе іду” – нармальная нізка. Вядома, у рэдакцыях заўсёды свае планы і праблемы, а адсюль і ўсякія нечаканасці звальваюць яны на шматпакутныя аўтарскія галовы. Загартаванаму і прывычнаму да ўсяго аўтару цяжка стрываць. А што ж ужо сказаць пра такіх птушанят, як Галя?
Ірынка чытае хутчэй за ўсіх нас. Вось і цяпер, пакуль мы сядзелі над “Беларуссю”, яна заявіла, што “засвоіла” ўжо і “Нёман”. Я не паверыў, але ж яна пераканала мяне:
– На 144-й старонцы там і пра цябе піша Рыгор Шкраба, – сказала яна, паднёсшы мне часопіс.
Сапраўды: “Вельмі важна, аднаўляючы праўду, – кажа крытык, – не ўпускаць дэталі і падзеі, якія часам гавораць пра чалавека больш, чым вялікія артыкулы. Ці памятаем мы, напрыклад, што першым крытыкам, які прыцягнуў увагу ўсесаюзнага чытача за аповесці “Мёртвым не баліць”, быў Міхась Стральцоў. Што на выданне аповесці асобнай кнігаю была накладзена забарона і зняць якую дапамог Міхась Дубянецкі. Дамогся цаною здароўя, і мы з захапленнем сёння мусім сказаць, што ён апярэдзіў час”.
“Патэлефаную і падзякую Рыгору Васільевічу, – падумаў я. – Усё-такі прыемна час ад часу адчуць, што людзі памятаюць тыя мае легальныя і нелегальныя намаганні дамагчыся немагчымага”.
Нярэдка ж дамагаўся!
14 красавіка 1988 года. Выдаўся “тэлефанічны” дзень. Раніцай патэлефанаваў Янка Брыль. Дамовіліся з ім сустрэцца а палове 15-й гадзіны. Праз нейкую гадзіну ініцыятар гэтай сустрэчы адмяніў яе. Сказаў, што пераацаніў свае сілы, што яму пасля бальніцы будзе яшчэ цяжка ісці. Новая дамоўленасць: заўтра ён будзе ў Доме літаратара на спектаклі Надзеі Прымы “Маці урагану” (па п’есе Ул.Караткевіча); на жаль, я не буду там: праект праграмы моўнай камісіі, якую я даваў яму на азнаямленне, ён перадасць мне праз Галю і Ірынку.
Апоўдні пазваніў Рыгору Васільевічу. Падзякаваў за добрае слова. Ён быў усцешаны гэтай падзякай. Не менш, чым я ягоным словам пра мяне ў друку. Сказаў, што яму ўжо патэлефанавалі з гэтае нагоды В. Быкаў і Я. Брыль.
18 красавіка 1988 года. Вось як шыкоўна разгарнулася ЦК Кампартыі Беларусі да 500-гадовага юбілею найвялікшага сына Беларусі Францішка Скарыны:
“Постановление Бюро ЦК КПБ от 25 мая 1984 года “О 500-летии со дня рождения Франциска Скорины”.
Согласиться с предложениями, изложенными в записке отделов науки и учебных заведений, пропаганды и агитации, культуры ЦК КПБ по этому вопросу (прилагаются).
Секретарь ЦК КП Белоруссии Н. Слюньков”.
А што ж “изложено в записке отделов”?
Перш за ўсё прапануецца прыняць пастанову (мабыць, сапраўдную? так і паверым!) “в год, предшествующий юбилею”. Цікава, ці многа чаго можна паспець за год?! Хіба што абысціся без манументальнага ўвекавечвання!
“Але ўжо цяпер, – шчодра вяшчае тое Бюро, – неабходна даць канкрэтныя даручэнні адпаведным міністэрствам і ведамствам рэспублікі”.
Вось гэтыя “даручэнні”:
“1. В течение 1985 – 1987 гг. провести дополнительный поиск материалов и документов о Скорине в архивах и библиотеках СССР, ГДР, Польши, Чехословакии и других стран.
2. Госкомиздату БССР обеспечить переиздание оригинальных работ Ф. Скорины, а также лучших научных и научно-популярных трудов о его деятельности и творческом наследии. В 1985 – 1990 гг. издать альбом, буклет, посвященные Франциску Скорине.
3. Провести в 1988 – 1990 гг. республиканский конкурс на лучшее воплощение образа Франциска Скорины средствами искусства.
4. Белгоскино выпустить короткометражный фильм об истории белорусского книгопечатания, начатого Франциском Скориной.
5. Министерству местной промышленности БССР к 1990 году изготовить юбилейную медаль и другие памятные сувениры, а Министерству связи – издать в 1987 – 1990 гг. почтовые открытки, марки, конверты, подготовить юбилейный календарный штемпель.
6. Министерству культуры БССР до 1985 г. рассмотреть вопрос о создании в республике музея книги”.
І што ж у выніку гэтага “мудрого руководства и неустанной заботы” мы атрымалі?
Кнігу прадмоў і пасляслоўяў Юбіляра.
Некалькі выданняў пра Яго дзейнасць.
Адзін альбом і адзін буклет (!!!).
Адзін кароткаметражны фільмік-панегірык пра росквіт у БССР выдавецкай справы (!).
Адзін памятны медаль (!!!), некалькі безназоўных сувеніраў – мабыць, накшталт кніжных закладак.
Адну паштоўку (!!!).
Адну марку (!!!).
Адзін (!!!) канверт.
Вось і “непасрэдны” ўклад “партии и правительства” ва ўшанаванне генія Скарыны! А другая такая ж зручная магчымасць будзе толькі праз… 500 гадоў!
Пра конкурс я не забыў. Але ж мастакі будуць “увасабляць вобраз Ф.С. сродкамі мастацтва” незалежна ад якой бы там ні было пастановы. Нават, калі б забаранялі “ўвасабляць”! А забараняць яны ой як спрытна ўмеюць! Нават у гэтай пастанове-“запісцы” яны чорным па белым забаранілі, лічы, самае галоўнае. Яны не пасаромеліся гэты свой дакумент завяршыць вялізным абзацам-табу наступнага сэнсу:
“Отделы ЦК КПБ считали бы целесообразным воздержаться от:
– учреждения Государственной премии БССР имени Франциска Скорины в области истории и культуры, поскольку существующая в республике система Госпремий дает полный простор для поощрения достижений в этой области;
– присвоения имени Ф. Скорины улицам, школам, высшим и средним специальным учебным заведениям и др.”.
Здаецца, аддзелы раяць Бюро ЦК “устрымацца” і ад узвядзення помнікаў Юбіляру, паколькі ўжо адзін ёсць. Аддзелы “раяць”, Бюро прымае гэтую “параду” і ператварае яе ў загад.
Ну што ж, будзем “раіць” і мы! ЦК ж пусціў вялікую справу на самацёк. Ні разу не правяралася выкананне і гэтага жалю вартага мізеру. У нас гатовы грунтоўны праект праграмы ўшанавання свайго вялікага гуманіста.
19 красавіка 1988 года. Сустрэча з начальнікам Галоўліту БССР, з обер-цэнзарам Беларусі Аляксандрам Маркевічам. Дамоўленасць пра гэтае спатканне была ў нас яшчэ ў пачатку красавіка. Мэта “акцыі” – ад імя грамадскасці (Гісторыка-мемарыяльная камісія Беларускага Фонду Культуры) паставіць пытанне аб тэрміновай адмене забароны на творы беларускай літаратуры, накладзенай савецкай цэнзураю.
Мы сядзелі ў вялікім няўтульным яго кабінеце, у якім, відаць, ніколі нічога не мянялася, апрача самога гаспадара. Адлік гэтага “ніколі” трэба весці недзе з 1940-х гадоў, ад моманту засялення цэнзарамі гэтага будынка на вуліцы В.Валадарскага (чытай: Чэкісцкай1).
Старая грувасткая мэбля, і той няшмат, голыя сцены – толькі з Леніным над галавою адзінага туташняга насельніка. Акрамя начальніцкага стала-гары ў вочы кідаецца яшчэ “букет” – адзінае ўпрыгожанне кабінета (партрэт правадыра не цягне на гэта). Ён стаіць у высокай керамічнай вазе на высокім танканогім квадратным століку і ўяўляе сабой некалькі доўгіх кляновых галін з мноствам жоўтых вялікіх лістоў на іх. Мажны гаспадар, відаць, толькі і прызнае ўсё прыкметнае, усё вялікае.
Ён доўга адцягваў мяне ад маёй місіі мноствам пытанняў пра маё здароўе (добра ведаючы, што сам з’яўляецца першапрычынай яго), парадамі, як лячыцца, расказамі пра колішні свой інфаркт (гэта, мабыць, каб аслабіць сваю віну перада мною).
За дзве гадзіны ў кабінет ніхто не зайшоў – напэўна, сакратарка атрымала загад не пушчаць.
Мне мала што пашэнціла выцягнуць з гэтага “мяккага”, “тактоўнага” чалавека. Вядома, я і не разлічваў на тое, што ён мне выкрые свае сакрэты, на якіх трымаецца гэтая служба, свае метады і “плён”. Ён і перад Цэка не раскрыецца! Хіба што перад “органамі”!
Мне важна было звярнуць яго ўвагу на тое, што шырокая грамадскасць заклапочана наяўнасцю забароненых твораў і, карыстаючыся дараванымі ёй “дэмакратыяй” і “галоснасцю”, хацела б скончыць з гэтай ненармальнай з’яваю. Думаю, што гэта мне ўдалося. А. Маркевіч мне сказаў, што па яго лініі забаронена 281 кніга. Усе яны захоўваюцца ў 4-х спецфондах – у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя В. І. Леніна, у бібліятэках АН БССР, Белдзяржуніверсітэта, Міністэрства замежных спраў. Далей, паводле каманды з Масквы ў іх была таксама, як і ў Маскве, створана камісія па зняццю накладзенай некалі забароны на асобныя кнігі. У камісію ўваходзілі прадстаўнікі Дзяржвыда, Акадэміі Навук, Галоўліта і... у выніку 163 кнігі з 281 перададзены ўжо ў адкрытыя бібліятэчныя фонды. Эмігранцкай літаратурай займаюцца ў Маскве. Тут нават не ведаюць, хто такая Н. Арсеньнева.
Паўстае мноства пытанняў. Іх мусова трэба падняць і высветліць “галосна”, праз друк.
29 красавіка 1988 года. Актывістка дамкаму прынесла талоны на цукар. На май і чэрвень. Сказала, што будуць “выдаваць” па 1,5 кг на спажыўца. Незабыўныя дакументы гэтыя “талоны”. Надрукаваны на кепскай мяккай паперы. Каб не было, мабыць, падробкі іх (!?), зроблены “звышразумныя” захады: на кожны месяц друкавалася асобным колерам і штэмплявалася асобным штэмпелем. Май, як і павінен быць у камуністычнай прапагандзе – чырвоны, чэрвень – жаўтаваты. Майскі штэмпель – эліпс з тэкстам: “Управление торговли г. Минск. Центральный райпищеторг”. Чэрвеньскі выглядае прасцейшым – прамавугольнік. І “тэксту” на ім менш: “Центральный райпищеторг г. Минск”. “Центральный райпищеторг” на абодвух “серыях” набраны вялікімі літарамі. Усё астатняе – малымі. Памер гэтых “асігнацый” – 70 мм х 50 мм; рамка для “тэксту” – 55 мм х 40 мм.
Апісанне гэтых дакументаў стагоддзя будзе няпоўным, калі не сказаць пра сарамлівую дэзінфармацыю, закладзеную ў іх. І ў гэтых талонах і красавіцкіх таксама (здаецца, былі надрукаваны зялёным) не сказана, што гэта такое. Не напісана, што гэта карткі на цукар, як і не напісана, па колькі яго дадуць. Напісана толькі на вонкавым баку назва месяца і вялікімі літарамі праз увесь талон выведзена слова “Приглашение”.
Гэта называецца, схавалі свае “временные трудности” і ад “класавага ворага” і ад будучых пакаленняў!
Вядома, што нормы на цукар уведзены ў сувязі з тым, што пасля рэзкага абмежавання Гарбачовым выпуску і продажу гарэлкі яе сталі больш вырабляць самагонна. На самагонку пайшлі ледзь не ўсе дзяржаўныя запасы цукру! Талонамі ратуюць дзяржаву ад магчымых цукровых бунтаў.
Між тым учора мне паведамілі, што выпрабаваная выратавальніца савецкага дзяржаўнага бюджэту – гарэлка – з першых дзён гэтага мая паўсюдна вяртаецца зноў на сваё ганаровае месца. І ў ранейшых аб’ёмах!
Вось цана сацыялістычнага “гаспадарання”, таварыш Гарбачоў! Няўжо ты яшчэ верыш у эфектыўнасць гэтага эканамічнага гвалту?
8 мая 1988 года, пярэдадзень Дня Перамогі, перамогі над гітлераўскім фашызмам у 1945 годзе. Вельмі шкада, што адначасна тады ж не быў пакараны і сталінскі фашызм. Яны адзін аднаго вартыя. Нават гэты другі чалавецтву, асабліва той яго частцы, якой накінута назва CССР, прынёс гора больш чым першы, заходні варыянт людаедства. Дзякуючы М. С. Гарбачову, змаганне з гэтай страшэннай з’яваю мы перанеслі цяпер у сродкі масавай інфармацыі. І не толькі аплакваем свае ахвяры, але ж даем па зубах адкрытым сталіністам, а галоўнае – выкарчоўваем гэту плынь. У выніку мы амаль цалкам павярнулі грамадскую думку ў натуральнае рэчышча. Лепш сказаць не павярнулі, а ўзгадавалі, нарадзілі грамадскую думку. Яе ж дагэтуль зусім не было: можна было думаць толькі “па-партыйнаму”. А ўсё, што не стасавалася з гэтым крэтынізмам, публічна асуджалася і знішчалася.
Вядома, інакш таталітарызм не быў бы таталітарызмам. Нам таксама не падабаюцца контратакі рэаніматараў сталінізму накшталт таго самага “Майн кампф’а” Ніны Андрэевай. Аднак мы не падхопім іх прыклад забароны іншадумства. Хай сабе выказваюцца, пакуль не пачнуць гучна прапагандаваць і зноў прымяняць на практыцы гвалт. Мы ж таксама толькі выказваемся. Выказваемся і забараняем тэрор. Нават у адносінах да тых, хто тэрарызаваў нас усе папярэднія гады.
Сёння, напрыклад, я прачытаў апублікаваны ў сёлетнім красавіцкім “Огоньку” фрагмент успамінаў Георгія Жжонава пра яго лагернае жыццё. Гэта яскравы дакумент…
3 чэрвеня 1988 года. Трэці дзень знаходжуся ў бальніцы. У той самай, т.зв. рэспубліканскай. І паверх той самы, і нават палата тая – 406. Праўда, насельнікі новыя – застаў двойчы Героя Савецкага Саюза Кузняцова Мікалая Аляксеевіча, палкоўніка ў адстаўцы і поўнага кавалера ордэна Славы – Красючэнку Фёдара Паўлавіча. Гэты, значыць, не палкоўнік, але таксама вайсковы пенсіянер. Абодва пенсіянеры “саюзнага значэння”. Гэта з-за ўзнагарод. Атрымліваюць, як яны пахваліліся, “добра” – першы 300, другі 250 рублёў у месяц. Праз хвілін якіх-небудзь дзесяць “палкоўнік” паскардзіўся, што мог бы быць і генералам. Але ж не дагадзіў генерал-палкоўніку Іллюшэнку, і той ануляваў прадстаўленне.
Я пацікавіўся наконт прычыны і пачуў наступнае.
– Гарэў Кіеў. Прыбягае да мяне Іллюшэнка і: “Маць-перамаць, ты чаму сядзіш і любуешся пажарам?!”
– А я таксама матам “выказаўся”, сказаў: “Чакаю вашае каманды. Як жа я без каманды буду прымаць рашэнне?” Вось з тых пор ён мяне і неўзлюбіў.
Вось які перада мной “палкоўнік”! Малайчына Іллюшэнка! Прынамсі, тады…
Гэты “палкоўнік” учора выпісаўся. Прыйшоў на яго месца другі хворы – Герой Савецкага Саюза, палкоўнік у адстаўцы (ці ў запасе) Зотаў В. А.
Да яго хутка прыйшла жонка. “А дзе “Звязда”, – пытае ён у жонкі. Я падумаў, што ў іх там газета “Звязда”. Сёння яе не чытаў і таму спытаў: “Гэта ў вас “Красная звезда” ці “Звязда”? Ён: “Якая яшчэ “Звязда”?” Я: “Як, вы і не ведаеце, што ў нас ёсць газета “Звязда”?” Ён: “Ведаю. Нават ведаю, што яна друкуецца па-беларуску. Але ж мы тут пра залатую, геройскую “звязду”.
“Рэспубліканская” ператварылася ў філіял вайсковага шпіталя.
Сёння зрэзаўся з “кавалерам”. Сказаў у злосці, што даложыць на мяне ў Цэка, дазнаецца, што я за такі, з такімі настроямі.
Абураўся і маімі захапленнямі польскай літаратурай, іх газетамі, сказаў, што “Энгельс не лічыў палякаў за людзей, а вы іх настроі пераносіце. Я дазнаюся праўду пра тую Катынь, пра якую вы тут расказваеце небыліцы”.
4 чэрвеня 1988 года. Сёння мяне ў бальніцы наведалі Стась (брат Міхала Дубянецкага – рэд.) і Алег Бембель. Алег прынёс апошні “ЛіМ”. Яшчэ ніколі не было ў гэтай газеце жахлівейшага матэрыялу. Усё лічылася, што самыя страшныя матэрыялы – гэта пра крывавыя справы фашыстаў на нашай зямлі. Але ж цяпер дайшла чарга і да крывавых спраў бальшавікоў.
На 14-й і 15-й старонках з уступам Васіля Быкава змешчана сведчанне Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пра бальшавіцкі генацыд на Беларусі. “Курапаты – дарога смерці” – так называецца гэты крык аб помсце.
Побач з загалоўкам здымак, зроблены пры эксгумацыі магіл расстраляных ахвяр (эксгумацыю рабілі аўтары з дапамогай навакольных жыхароў). Стралялі, як правіла, у патыліцу. На некаторых чарапах па дзве кулявыя дзіркі – дабівалі.
Трэба выкрыць усіх гэтых сталінскіх забойцаў!
Мабыць, давядзецца мне сваю гісторыка-мемарыяльную камісію зарыентаваць на шырокамаштабны росшук ахвяр савецкага рэжыму 1920 – 1950-х гадоў… Аднавіць былую народную назву “Дарога смерці” – той дарогі, па якой энкавэдзісты вазілі беларусаў на смерць. На тых 10 – 15 гектарах таго сталінскага лагера імгненнай смерці пабудаваць мемарыяльны лагер. Упісаць яго ў памяць усіх народаў свету!
6 чэрвеня 1988 года. Галя прынесла ад Міхася Мушынскага кнігу “Янка Лучына. Творы: вершы, нарысы, пераклады, лісты”, якую ў свой час ён уклаў і забяспечыў прадмовай і каментарыямі. Кніга пачыналася выдавацца яшчэ пры маім дырэктараванні, а выйшла ў свет з месяц таму назад. Пасля майго адыходу адтуль яе моцна скарацілі, давялося нават значна звужаць пераплётны карэньчык. Дарэчы, Леанід Прагін, мастацкі рэдактар, прэзентаваў мне першы варыянт вокладкі.
Карацей кажучы, мой удзел у выпуску гэтай кнігі падсумаваны такім чынам: “Хрышчонаму Бацьку гэтага выдання Міхаілу Фёдаравічу Дубянецкаму – шанаванне і ўдзячнасць ад імя Я. Лучыны. Ул. Мархель 6. 06. 1988 г.”
Бедны Ян Неслухоўскі. Напэўна, ніколі і не марыў пра сваё такога ўзроўню выданне.
Галя прыйшла да мяне даволі позна, недзе каля 9-й гадзіны вечара. Прытым цікава, што да такога часу затрымалася на працы. Гэта і ім там незвачайна таксама, але ж быў “надзвычайны” занятак. Абмяркоўвалі, лепш сказаць, судзілі маладых вучоных, кандыдатаў навук Язэпа Янушкевіча, Пятра Васючэнку і аспіранта Алеся Бяляцкага за іх удзел у літаратурным аб’яднанні “Тутэйшыя”. Разбіралі “маніфест” гэтай арганізацыі. Нечакана для ўсіх вельмі жорсткую пазіцыю заняў дырэктар Інстытута літаратуры заўсёды лагодны Віктар Каваленка. Ён заявіў, што адмаўляецца кіраваць навуковай працай аспіранта Бяляцкага. “А гэта, сказаў, раўназначна выключэнню з аспірантуры. Калі знойдзеце іншага кіраўніка, дык пакуль дазволім застацца. Паглядзім на паводзіны, а там вырашым”.
Апрача таго, В. Каваленка здзівіў шмат каго тым, што падтрымаў тут тое рэакцыйнае выступленне Івана Навуменкі на апошнім Пленуме СП БССР.
Добра выступіла ў абарону хлопцаў Ірына Багдановіч. Моцна падтрымаў іх Адам Мальдзіс. Між іншым ён сказаў, што калі ў 1960-х гадах пачыналіся замаразкі пасля той памятнай хрушчоўскай адлігі, дык у аналагічнай сітуацыі нехта стукнуў аб стол, выгукнуўшы: “У рэшце рэшт, быў ХХ з’езд ці яго не было?!” “Мне таксама, – сказаў Адам, – хочацца грукнуць тут і спытаць, ці ёсць у нас перабудова, ці яе няма?!”. Нармальна выступіў і Міхась Мушынскі, пагана і непісьменна (!) “доктар” Васіль Жураўлёў – як заўсёды.. Прысутныя ад парткама Акадэміі навук увесь час задавалі хлопцам – вядома ж, па-руску – правакацыйныя пытанні.
7 чэрвеня 1988 года. Не выходзіць з галавы ўчарашняе судзілішча над хлопцамі, што хочуць, каб Беларусь была Беларуссю.
Шкада хлопцаў. Чаму контррэфармацыя пачынаецца з Інстытута літаратуры?..
Мяне некаторыя перасцерагалі ад Язэпа, абвінавачвалі яго з кар’ерызме, а значыць, і ў здольнасці на нягодныя прыстойнага чалавека ўчынкі. Я, як магу, пераконваю такіх “псіхолагаў чалавечых душ” у адваротным. І правільна, відаць, раблю.
Дзякаваць Богу, я ў нашым новым адраджэнцкім руху бачу найлепшых людзей. Праўда, не без таго, кадэбісты не спяць: яны абавязкова засылаюць да нас сваіх шпегаў. А гэта зусім рабіць ім стала няцяжка цяпер, калі мы згуртоўваемся ў розныя аб’яднанні, таварыствы, камісіі Фонду культуры і г.д.
У мінулую суботу-нядзелю ў Мілавідах быў фэст з выпадку 150-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага і 125-гадовага юбілею Паўстання’1863. Магчыма, па калектывах гэта пачалася ўжо расправа над удзельнікамі – паводле даносаў тых, “шэрых ценяў”, як Галя назвала іх у сваім вершы “Купалле”.
Дарэчы, я папрасіў сваіх “Мар’ір’галек”, каб сёння не неслі мне кветак. Уся палата патанае ў іх. Прытым ніводнаму майму гээсэсу яшчэ ніхто не прынёс ніводнае кветачкі. Мне носяць, я і даглядаю бясконца іх – то ваду наліваю, то ваду мяняю, то падразаю сцяблінкі, то складаю розныя кампазіцыі, то расстаўляю па найбольш, як мне здаецца, адпаведных куточках.
8 чэрвеня 1988 года. Толькі што, а палове 12-й гадзіны ночы, вярнуўся з “рэкрэацыі”. Па другой маскоўскай праграме давалі дакументальны англа-амерыканскі фільм “Партрэт Савецкага Саюза”. Не ведаю, колькі ў ім усяго серый, гэта былі 5-я і 6-я: “Прыбалтыйскі стыль” і “Зямля мяча і арала”.
Першая з гэтых серый амаль што спадабалася, глядзелася добра. на другую застаўся, спадзеючыся паглядзець Беларусь, убачаную замежнымі майстрамі. У дыктарскім тэксце называліся Украіна і Беларусь. Аднак, на вялікі жаль, мільгалі толькі кадры Украіны, Ленінграда, Валгаграда і іншых мясцін “заходняй” Расіі, як “дасведчана” тлумачыў дыктар.
Пераканаўшыся ў такой непавазе да беларускай зямлі, усе гледачы, акрамя мяне, пакінулі залу. І правільна зрабілі! Але ж і каб паказалі Беларусь у стылі ўсёй 6-й серыі, радасць была б невялікая.
10 чэрвеня 1988 года. Дамовіўся з Міхасём Чарняўскім, каб ён правёў 16 чэрвеня пасяджэнне нашай гісторыка-мемарыяльнай камісіі з пытаннем “Курапаты”! Ён узяўся за гэтую цяжкую справу з энтузіязмам, калі тут дарэчы гэтае слова…
З гэтага тэлефона я не мог усё сказаць яму, што нашу ў сабе. Вымушаны быў званіць двойчы, але ж галоўнае ўсё роўна са мною. Неяк трэба перадаць. Трэба ж абмеркаваць праблему сур’ёзна і прыняць нарэшце не ўмольную, а катэгарычную рэзалюцыю, з асуджэннем сталінска-чэкісцкіх злачынстваў на Беларусі.
Я параіў Камісіі прыняць удзел у мітынгу, што арганізоўваюць “Тутэйшыя”, можа, нават падрыхтаваць сумесную рэзалюцыю, апрача “рабочай” рэзалюцыі-пастановы Камісіі.
14 чэрвеня 1988 года. “Вячэрні Мінск” даў паведамленне “У Савеце Міністраў БССР” пра стварэнне ўрадавай камісіі па Курапатах. Раслякоў адгаворваў мяне ад правядзення паседжання нашай камісіі ў гэтай справе. А я лічу, што адступаць ад свайго намеру нам не трэба. Мы павінны націскаць на тую ўрадавую камісію, і каб варушыліся, і каб не звярнулі не туды.
Аднак яны баяцца якіх бы там ні было рухаў вакол гэтага пытання. Не далей, як сёння, гарвыканкам не дазволіў “Талацэ” склікаць мітынг на месцы трагедыі. Хлопцы наважыліся звяртацца ў Вярхоўны Савет, а калі гэты забароніць – да ХІХ партыйнай канферэнцыі…
Мой “ЛіМ” з Курапатамі зноў рвуць з рук па палатах. Узяў той самы Раслякоў. Прачыталі яго ўсе трое. У т.л. і чалавек, які ў свой час бачыў там у Зялёным Лузе сляды таго людажэрства.
Зацікавіўся матэрыялам і амаль зусім сляпы Пераверзеў. Мяне здзівіла, як жа ён прачытае. Адказаў, што наладзілі чытанне калектыўнае. Асабліва, кажа, трагедыя вывела з раўнавагі дырэктара Опернага тэатра з нашае палаты. Дарэчы, Пераверзеў жа мне і прынёс “Вячэрні Мінск” з урадавай весткаю.
15 чэрвеня 1988 года. Мяняць сваіх намераў наконт абмеркавання і жалобнага наведання Курапатаў не будзем. Зараз жа трэба звязацца з Міхасём Чарняўскім – сёння ён вернецца з экспедыцыі – і абгаварыць сітуацыю.
Прапаную дамагацца ўключэння пары чалавек у тую ўрадаўку ад нас. Уключыць таксама мусова абодвух аўтараў, некага ад Вітушкі. Пардон! А ад пісьменніцкай грамадскасці?! Гэта ж цяпер у Саюзе фермент (у нас, на жаль, не зусім так, хіба што за нязначным выключэннем).
Далей. Выпрацаваць наказ Урадавай камісіі, альбо, як мінімум, сваім будучым прадстаўнікам у ёй.
Сімвалічна пачаць збор сродкаў на мемарыял ужо на гэтым мітынгу. Хай хоць капейкамі. Хай мізэрная будзе сума, але ж ёю і распачаць рахунак у банку!
Абвясціць навекі ганебнымі на Беларусі імёны ўсёй той сталінскай хеўры (Малянкоў, Молатаў, Кагановіч, Варашылаў, Будзённы і інш., не кажучы ўжо пра асоб берыеўскай прафесіі), а таксама ўтвораныя ад іх некалі словы-ўзнагароды – сталінец, будзёнавец, варашылавец, а заадно і словы “чэкіст”, “энкавэдзіст”, “кадэбіст”.
Увага! Толькі што даведаўся, што Урадавая камісія ўжо запраграмавана “давесці”, што ўсё тое ў артыкуле пра Курапаты – лухта. Прынамсі, так ужо лічыць прысланы аднекуль пракурор рэспублікі (і яго жонка таксама перадае гэты настрой).
28 чэрвеня 1988 года. Гляджу па тэлебачанні адкрыццё ХІХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС. Сфарміраваны яшчэ ўчора і цяпер адзінагалосна, як і раней, ухвалены кіруючыя органы канферэнцыі.
Канферэнцыю адкрыў М. С. Гарбачоў. Пасля стырно яе ўзяў у свае рукі Я.Лігачоў. Ён “дафарміраваў” тыя ж органы, “ухваліў” парадак і рэгламент і даў слова для адзінага на абодва пытанні дакладу М. С. Гарбачову, якога зала сутрэла воплескамі, усе ўсталі пры гэтым.
І вось на трыбуне галоўны архітэктар перабудовы Міхаіл Гарбачоў. Я горача жадаю поспехаў гэтай яго нялёгкай справе.
Гаворыць пра харчовую “праграму” і праблему. Некаторы прырост прадуктаў, кажа, пайшоў на пакрыццё першачарговага недахопу, але ж не забяспечыў прырост насельніцтва. Першай названа Беларусь, дзе быццам бы ёсць поспехі ў вырашэнні прадуктовай праблемы.
Вёска знаходзіцца на нізкім узроўні. У грамадства вялікія даўгі перад ёю. Аднавіць эканамічныя сувязі паміж горадам і вёскаю.
Жыллёвая праблема. Тут мы пайшлі, кажа М. Г., на неардынарныя рашэнні, у т. л. дазволілі выкуп кватэр у дзяржавы прыватнымі асобамі і перадачу кватэр па спадчыне.
Крытыкуе адносіны да кааператываў. Правільна!
Б’е па “дзяржзаказе”, які выкарыстоўваюць супраць перабудовы.
На экране час ад часу доўга трымаюць пустое крэсла М. С. Гарбачова паміж Лігачовым і Грамыкам. Не дай Бог сесці ў яго цяпер некаму іншаму! Асабліва аднаму з гэтых двух…
Апарат. Скарачаць, а не пераводзіць у іншыя канторы. Рэформа цэн. І аптовых, і рознічных. Абяцае, што насельніцтва аніколечкі не страціць ад павышэння цэн. Гэта нешта фантастычнае.
Крытэрыі і паказчыкі эканамічнага развіцця.
Пра рэвалюцыю ў свядомасці людзей. Ёсць яна!
Сярод усіх галін навук найбольш пацярпелі ад культу асобы і некампетэнтнага ўмяшання грамадскія навукі. Некаторыя дагэтуль яшчэ выступаюць супраць вяртання да ленінскай палітыкі ў сферы духоўнага жыцця.
Валюнтарызм выявіўся і ў міжнароднай палітыкі. Далі ўцягнуць сябе ў гонку узбраенняў. Патрэбна было не проста ўдасканаленне, а карэнная змена ў знешняй палітыцы.
На пэўным этапе палітычная сістэма, створаная ВКР-ай, падверглася дэфармацыям. 1/3 дарослага насельніцтва краіны была выбрана ў розныя кіруючыя органы. Выбрана і адхілена ад актыўнай ролі там!
Імкненне ўсім кіраваць – “спеленала”, скавала грамадства, яго актыўнасць. Гаварыльня пра дэмакратычныя інстытуты і іх фактычная паралізацыя.
Калі палітычная сістэма застанецца нерухомай – перабудова загіне.
(4) Забяспечыць умовы свабоднага развіцця кожнай нацыі і народнасці…
(7) Стварыць такі механізм улады, каб ён быў здольны самааднаўляцца ў залежнасці ад абставін.
Правы чалавека. Змяніць умовы і гарантыі “защищенности” кожнага чалавека, змяніць выбарчую сістэму… Нарэшце!
Палітычныя свабоды. Пра новую ролю грамадскай думкі ў краіне.
Пра свабоду сумлення… “Мы не утойваем сваіх адносін да рэлігіі, як не матэрыялістычнага ненавуковага погляду…”
Але ж…
Больш не будуць разглядацца ананімкі! Пра агульнанароднасць Савецкай дзяржавы. Адрадзіць паўнаўладдзе Саветаў! Нішто ў краіне не можа праводзіцца без іх. Павялічыць адлічэнні ў бюджэт мясцовых Саветаў, у т. л. з усімі прадпрыемствамі, незалежна ад іх падпарадкавання.
Рэкамендаваць на пасаду старшынь Саветаў, як правіла, першых сакратароў адпаведных партыйных камітэтаў. Члены выканкама і загадчыкі яго аддзелаў не могуць быць дэпутатамі гэтага Савету. Распаўсюдзіць гэта на пракурораў, суддзяў…
12 гадзін. Перапынак на 30 хвілін.
Пасля перапынку. Структура вышэйшых органаў улады патрабуе таксама істотных змен. Спасылаецца на вопыт прыленінскай практыкі, на шырокую сучасную дыскусію па гэтаму пытанню і прапановы, зробленыя ў яе ходзе. З’езд народных дэпутатаў (≈5000 тыс.). Ён, збіраючыся 1 раз у год, выбіраў бы са свайго складу Вярхоўны Савет – пастаянны орган, чалавек з 400-450.
Пра найвышэйшую фігуру ў краіне: увесці пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета. Будзе і Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Камітэт канстытуцыйнага нагляду, які будзе выбірацца з’ездам народных дэпутатаў.
Ужо восенню гэтага года прыняць адпаведны закон, а вясною наступнага – пачаць на практыцы.
На экране паказалі, як сядзіць на канферэнцыі беспартыйны акадэмік Дзмітрый Ліхачоў. Толькі ўчора да яго прыставаў карэспандэнт з пытаннем: “Што вы сказалі б на Канферэнцыі, калі былі б яе дэлегатам?” Ён і сказаў, што перш за ўсё ён беспартыйны…
Пра нацыянальныя адносіны. “Саюз вытрымаў выпрабаванні часам. Нацыянальнаму пытанню будзе прысвечаны спецыяльны пленум ЦК. Але і на канферэнцыі трэба заняцца гэтым пытаннем”… Мы сведкі, якія вузлы могуць завязацца тут, – сказана пад воплескі. Узаемасувязі паміж Саюзам і рэспублікамі. Змірыцца з рухомасцю насельніцтва, кажа. Вось Казахская ССР. Тут поўны інтэрнацыянал. Але ж ніхто не скажа, што гэта не Казахская рэспубліка! Замкнуцца нацыям ў сабе – гібель усім нам.
Дазволена ўсё, што не забаронена “законам” – вось які прынцып павінен быць у нас у адносінах да правоў чалавека. Суды. Прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Пракуратура. Міліцыя. Следчы апарат не будзе падпарадкоўвацца мясцоваму начальству МУС. Адвакатура – самакіруемая структура.
Юрыдычны ўсенавуч пачынаць са школы. Прафсаюзы. “Колькі праўды – столькі і веры”, сказана пад воплескі пра адносіны з моладдзю.
“Жаночае пытанне”. Няма іх адпаведнага прадстаўніцтва ў кіруючых органах.
Бурны рост грамадскіх арганізацый. У цэлым гэта заслугоўвае падтрымкі. Але ёсць тут і такія, што не кіруюцца мэтамі сацыялізму.
Партыя. Нават строга яе ўнутраныя праблемы сталі прадметам ўсенароднага клопату.
Чаму КПСС не змагла супрацьстаяць і культу, і застою? А таму, што сама была дэфармаваная. Але ж без КПСС задач перабудовы не вырашаюць.
Прынцып дэмакратычнага цэнтралізму быў падменены бюракратычным цэнтралізмам. Непамерна вырасла роля апарату Партыі на ўсіх узроўнях. Грамадска-палітычная атэстацыя членаў Партыі. Прыём у Партыю. Пазбавіцца ад розных разнарадак.
Выбарныя органы Партыі. Пярвічныя партарганізацыі павіны мець права выказвацца наконт кандыдатур у вышэйшыя органы Партыі.
Размежаванне функцый Партыі і дзяржавы.
Не выдаваць партдакументаў з прамымі дырэктывамі савецкім і гаспадарчым органам.
Райкамы. Гаркамы.
Часова вызвалілася і крэсла Я. Лігачова. Побач аказаліся два яны вольныя, і я заўважыў, што пад М. Гарбачовым крэсла сантыметраў на 10 вышэйшае ад усіх астатніх за гэтым сталом!
Цікава. Але ж і нармальна. Можна б было прадугледзець і больш прыкметную розніцу. Гэта ўсё-такі Гар-ба-чоў!!! Ён выпраўляе і ленінскія памылкі, хай, на жаль, пад лозунгам “вяртання да ленінскіх нормаў”. А трэба было б і на ленінскую “практыку”паглядзець без ружовых акуляраў. Ці боязна! Магчыма. Інакш Лігачовы абвінавацілі б і прыбралі б.
Пра сродкі масавай інфармацыі. Не навешваць ярлыкоў. Не распраўляцца з тым, хто пакрытыкаваў некага ў друку.
Пасля 17-ай гадзіны сустрэліся ў мяне з Зянонам Пазняком. Я яго некалькі ўжо дзён шукаю і ён мяне – таксама. Патрэбна стварыць грамадскую камісію па расследаванні сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.
26 чэрвеня 1988 года. На кнізе Ул. Караткевіча “Старыя беларускія хронікі”: «Эдзіку Дубянецкаму – дарагому пляменніку і гісторыку-неафіту з нагоды ўвядзення ў гэты сан і з празрыстым намёкам, што ў наш бурлівы, ачышчальны час, які дыскрэдытаваў тваіх папярэднікаў, народ, пазбаўлены аўтэнтычных крыніц, вывучае гісторыю толькі з дапамогай вось такіх твораў. Не абыходзь і ты іх і, вядома, старайся хутчэй стаць сапраўдным слугою Музы Кліо –
М. Дубянецкі,
ініцыятар выдання гэтай Кнігі
Мінск, 26 чэрвеня 1988 г.»
10 ліпеня 1988 года. Галя дала пачытаць мне дзесяць сваіх твораў. Першыя экземпляры іх паклала ў белую прыстойную папку. Мабыць, рыхтуе зборнік, і гэта ўжо канчатковая яе рэдакцыя. Ніякіх паправак няма – чыставік. “Настальгія” – 16 радкоў, “Галінка” – 20, “Палёт” – 22, “З прадоння” – 9, “Яснасць” – 24, “Памылка Стваральніка” – 22, “Прамень” – 30, “Чытаю Шлях” – 12, “Снежная Мроя” – 22, “Светлае” – 32. Усяго – 229.
Сярод іх ёсць і добра знаёмыя мне. Але ж ёсць і новыя. Такіх болей.
Пачынаючы з колішняе “Даратэі”, паэтычны герой ці гераіня маладой аўтаркі ўсё імкнуцца ў далёкія галактыкі. Вось і верш “Настальгія” з гэтага “цыклу”, дзе
Нас грымота й вятры ўзнялі б
Да нябёсных сваіх сяліб,
Дзе Тытанаў багі да глыб
Вяжуць…
У вершы “Памылка Стваральніка”, праўда, гэты матыў, можа, нават раней, чым у “Даратэі” загучаў. Здаецца, некалі ён называўся “Гліна”.
Створанаму з гліны чалавеку Бог
…З дрыготка-жывога чагосьці
Напаследак прыладзіў крылы.
І грэшная гліна надумала скарыстаць свой бязважкі дадатак, але “гліна – глінаю – плясь – у гліну!”
І валочыцца недарэчы
За плячыма дарунак боскі…
Дарэчы, і Розум, што “таксама з гліны”, раіць чалавеку “астудзіць парыў нецвярозы”.
Адчуваецца, з якім болем Аўтар раіць чалавеку, што зрабіць з тым дарункам і як жыць далей:
Мо, адрэж ты яго, чалавеча,
Ды спакойна, урэшце, поўзай.
У вершы “З прадоння” таксама адчуваецца імкненне ўгару, кліч “Уладара Гары”.
Аднойчы, праўда, пашчасціла Галінай паэтычнай гераіні, гэтаму “уціснутаму ў цеснае цела пругкаму шматку бязмежжа”:
Хмары, што снег мой ад неба
Хавалі ў сівой абалонцы,
Аднойчы апалі снегам…
І атулілі сонца, —
чытаем мы ў вершы “Яснасць”.
І вось сэрца шалёна ірванулася яму насустрач. О, як хораша тут, як свабодна. Але ж чамусьці “плача, шкадуе сэрца колішняга палону”. Яно ўбачыла зусім нечаканае:
Свет мой пустэльна-шырокі,
Свет мой сляпуча-голы…
Аднойчы расталі аблокі,
Дзе сноўдалі цені анёлаў.
Сапраўды, горкае расчараванне спасцігла гераіню тады, калі яна, здавалася б, дасягнула сваёй мары.
Некалі на нашым вакне стаяў у вазоне, рос і цвіў ад сакавіка да канца года (1987) ружовы гваздзік. Недзе глыбокай восенню ён быў увесь усеяны пышнымі кветкамі. Асабліва незвычайны выгляд меў гэты небудзённы цуд на фоне вялікага цёмнага вакна – калі глядзіш на яго з асветленага пакоя. Так і здавалася, што гэты “вечны” гваздзік цягнецца “у ноч – у бязмежжа – у зоры – у людзі…”. Туды, дзе “Купалінцы бронзавай – вечнай гарэзе-падлетку – упляліся жывыя ў вянок галубы”. Гэта таксама (верш “Светлае”) той самы цыкл!
Два творы навеяныя паэзіяй Алеся Разанава. Адзін з іх – “Чытаю Шлях” – несумненна маецца на ўвазе зборнік паэта “Шлях-360”.
Другі верш з “Разанаўскага цыклу” называецца характэрным для Аўтаркі словам “Палёт”. У ім кожная з пяці строф канчаецца назваю аднаго з пяці зборнікаў паэта-куміра Алеся Разанава: “Шлях”, “Каардынаты”, “Назаўжды”, “Адраджэнне”. Назва апошняга, пятага, зборніка “Вастрыё стралы” крыху зашыфравана. Варта прывесці ўсю гэтую страфу:
Як бор смалой, табой струменю,
Вар’яцтва і святло маё.
Ляціць – пагібель ці збавенне –
Стралы
насустрач
Вастрыё.
Сёмым творам у гэтым “чырвонцы” стаіць верш “Прамень”. Думаю, я не надта памылюся, мысленна паставіўшы да яго прысвячэнне “А. Р.”, ці “Алесю Разанаву”. У апошняй страфе нават такое імя адчайна выкрыквае Галіна паэтычная гераіня. Ці не да яго гэта звяртаецца яна з пытаннямі:
Хто ты? Зорка?.. Маланка?.. Бог?..
Што прыйшоў – апаліў – і змог?
Што ліянай душа абвіла
Бы стваліну, струмень святла?..
Вяртаючы папку паэтцы, я пачуў ад яе пытанне, ці ўсё зразумеў я там у яе. Адказваю смела: Усё! Нават паклаў там табе “расшыфровачку”. Я сапраўды зрабіў нешта накшталт гэтага.
18 ліпеня 1988 года. Скончыў працу над апратэставаннем штрафаў, накладзеных на Сяргея Вітушку і Віктара Івашкевіча за мітынг у Курапатах. Атрымалася цэлых пяць старонак машынапісу. Аднак не спадзяюся, што пракурор горада заявіць пратэст супраць гарвыканкама і двух райвыканкамаў.
Не давяраючы пошце, я панёс сам дакумент у пракуратуру, тым больш што яна побач з маёй хатай, на Інтэрнацыянальнай, 24. Звярнуў увагу, што да гэтай установы прыбудавалі яшчэ шматпавярховы чырвоны гмах з вялізным гербам СССР (!) на фасадзе. Падняўшы над сабой парасон, паглядзеў, ці ёсць гэтая “цацка” на асноўным будынку. Ёсць. І таксама СССР, толькі разоў у чатыры меншая, чым на прыбудове.
У вестыбюлі сядзіць прынцыповая жанчына з павязкаю, а не міліцыянер у форме. Яна, дазнаўшыся, па якой я справе завітаў, накіравала мяне ў кабінет нумар 10. Гэта аказалася прыёмная. Адсюль паслалі мяне ў 8-ы кабінет – у канцылярыю. Адгэтуль накіраваліся ў 13 пакой. Тут таксама было цікава. Чатыры сталы. Тры пракуроры. Перад адным сядзіць эмацыянальная кліентка. Другі, маладзейшы за астатніх, беспаспяхова круціць тэлефон. Трэці – вольны. Ён мяне “прыняў”.
Я падаў яму свой дакумент і праз паўхвіліны ўбачыў, што ён не ўмее чытаць! Цуд, дый толькі! Пракурор не умее чытаць!.. Скажы дзе-небудзь па-за Беларуссю пра такое – не павераць. А ў нас – гэта норма! Ён на першыя ж словы грыфа глядзеў так доўга і так трагічна, што мне аж няёмка было асіставаць яму. Чытаў і злева направа, і справа налева. Углядаўся то ў адно слова, то ў другое, а то паволі, няўмела слізгаў вачыма то па нейкім радку, то па цэлым абзацы, і ўжо не гарызантальна, а вертыкальна – зверху ўніз, альбо наадварот, знізу ўверх.
Мне падумалася, што каб перад ім быў не такі салідны з выгляду дакумент, дык ён, мабыць, і не мучыўся б, а зрабіў нешта іншае. А яму ж хацелася, відаць, разабрацца і пагутарыць са мной “прадметна”. Некалькі слоў ён зразумеў і хацеў з іх дапамогаю дайсці да сэнсу. Пачаў мяне пытаць, быццам бы ўдакладняць “прачытанае”. Я сказаў, што там гэта добра апісана. Тады ён здаўся:
– Гэта ж па-беларуску?
– Па-беларуску, – кажу я.
– А я слабавата чытаю па-беларуску, – сказаў ён, значна перацэньваючы свой дар паліглоцтва. Ён жа зусім не ўмее чытаць на гэтай мове.
– А гэта наша рабочая мова, – адказваю яму.
– А ў нас рабочая мова руская, так нам усе пішуць, – прызнаўся ён.
Вось у гэтым і ўся, бадай, трагедыя наша. А каб яму ўсе пісалі па-беларуску?! Напэўна, і гэты пракурор ведаў бы беларускую. Напэўна, і на іх будынках былі б гербы БССР, а не СССР…
19 ліпеня 1988 года. Першая сустрэча з Міхасём Шаховічам. Спаткаліся мы ў музеі Янкі Купалы, пасля, паводле яго просьбы, паехалі ў адведзены яму нумар у гасцініцу “Мінск”.
Пра справы беластоцкія, вядома ж – літаратурныя. Нічога пра польскія – ні літаратурныя, ні грамадска-культурна-гаспадарча-палітычныя.
Для мяне гэта страчаны шанц прытоку свежай патрэбнай інфармацыі. Міхась, натуральна, не адчуў гэтага і, канечне, нічога не страціў сам.
Затое, пад канец дня ён удосталь наслухаецца вядомай яму дэмагогіі пра Польшчу на вечары “савецка-польскай дружбы”, на які я яго даставіў пасля 18-й гадзіны. А я свой дзень канчаю ўражаны і зачараваны паэзіяй Czeslawa Milosza, выдатны зборнік якога прывёз мне мой мілы госць паводле падказкі Яна Чыквіна. Гэтаму я некалі казаў пра мае balwochalcze stosunki да славутага творцы.
20 ліпеня 1988 года. Каля 20-ай гадзіны вечара тэлефонны званок з Мінскага гаркама партыі (!). Той нехта адрэкамендаваўся як работнік аддзела культуры Пятровіч (?). Мабыць, дзяжурыў і нікуды не спяшаўся. Бо задаваў свае пытанні і “разважаў” на іх тэму больш гадзіны.
З усяго гэтага я зразумеў, што да яго трапілі прапановы нашай камісіі, датычныя 70-годдзя БССР і КПБ. Прапановы так сабе. Іх недзе адною нагою рыхтаваў В. Скалабан з У. Содалем. Памятаю, апошні важна прачытаў рукапісную староначку прапановак, якія не выклікалі ніякіх эмоцый у членаў камісіі. Але ж гэтыя “прапановы”, значыць, былі сур’ёзна ўспрыняты там, на гары – самі ж лянуюцца паварушыць мазгамі.
І вось там вырашылі “дамовіцца” з намі, каб мы не настойвалі надта на вельмі мастацкіх мемарыяльных дошках на аб’ектах, звязаных з рэвалюцыйнымі падзеямі на Беларусі і ў Мінску. Нам прасцей, кажа мой субяседнік, адліваць тэкставыя дошкі. “Можа, пакінем пакуль такія?”, – папрасіў ён.
Цуд дый толькі! Пра мяне дык не рабіце ніякіх. Вам жа яны патрэбныя, раз папрасілі ў нас прапановы. Калі нам залежыць на годным ушанаванні Ф. Скарыны і К. Каліноўскага, дык мы цэлай камісіяй шліфавалі свае прапановы на трох ці чатырох пасяджэннях. І не дазваляем што-небудзь скарачаць ці мяняць з іх у бок зніжэння агульнага іх эфекту. А там, у тых прапановах – самі зніжаем. Напрыклад, павыкідалі мемарыялізацыю Мяснікова і да яго падобных “сяброў” Беларусі.
21 ліпеня 1988 года. З раніцы паклапаціўся наконт нармальнага побыту ў Мінску Міхася Шаховіча. Вярнуўшыся ад яго з гасцініцы, прыняў па тэлефоне просьбу С. Андраюка выступіць у 16 гадзін у “Светачы” на адкрыцці Выстаўкі польскай кнігі і плаката. Выступіў, кіруючыся апошнім дэвізам – рубрыкай “Polityki”: “Mуwimy bez kartek”. Прысутным палякам, відаць, спадабаліся мае эмоцыі. Пасля гэтага меў магчымасць чуць ад іх цёплыя словы ўхвалы і нават атрымаў некалькі аўтографаў накшталт такога: “…z podziкkowaniem za ukochanie literatury polskiej. Zygmunt Flis”.
Канец дня – у Доме літаратара. Удзельнічаў у прыёме групы польскіх пісьменнікаў, з якою, дарэчы, знаходзіцца цяпер тут і М. Шаховіч. Апошняга запрасіў на заўтрашні вечар да сябе на кватэру.
3 жніўня 1988 года. Маціяс Руст на волі! Гэты заходненямецкі юнак 28 мая 1987 г. віртуозна прызямліў свой спартыўны стары самалёцік “Цэсна” на Краснай плошчы ў Маскве. Ён бліскуча ажыццявіў гэты сімпатычны пералёт стагоддзя. Авантурны! Нелегальны! Праз “зачыненую на моцныя замкі” савецкую граніцу! І не толькі пералёт праз граніцу, але і пяцігадзінны, больш чым сямісоткіламетровы пралёт цераз такое самае зачыненае савецкае неба ад аэрапорта Мальмі ў Хельсінкі да Маскоўскага Крамля! Праўда, “неба” было зусім нізкае – каб не ўбачылі і не збілі!
Прыляцеў, каб дапамагчы М. Гарбачову ўбачыць дзіркі ў яго абаронным шчыце. Гэты ўбачыў, паздымаў з пасад міністраў і генералаў. І… пасадзіў на 4 гады ў турму і самога няпрошанага “памочніка”. А цяпер, праз 14 месяцаў, памілаваў – вызваліў на 2 гады і 10 месяцаў раней тэрміну. Шкада толькі, што не запрасіў у Крэмль.
А хлопец заслугоўвае гэтага не менш, чым які касманаўт!..
6 жніўня 1988 года. Яшчэ тыдзень таму назад абвешчана ў штотыднёвай праграме Беларускага тэлебачання: 6 жніўня, субота, 14.00-15.00. Спадчына. Беларускі фонд культуры: праблема захавання духоўнага багацця народа. Прамая лінія.
“Загадана” было і мне дзеля гэтага з’явіцца туды, у Тэлецэнтр. Ды не як-небудзь, а на 2 адзіны раней афіцыйнага пачатку. Я прыехаў за паўтары гадзіны, вырашыў, што хопіць з іх і такой маёй ахвяры. А, як высветлілася, можна было смела прыехаць і за чвэрць гадзіны да перадачы. Чаму ж тады так томяць людзей, адрываюць іх ад нечага свайго?
У цэлым перадача прайшла больш-менш удала. Хоць я і пятай часткі не сказаў таго, што збіраўся сказаць. З гадзіннай перадачы на нас, удзельнікаў, прыпала не больш паловы адведзенага часу. Астатняе забралі нейкія “сюжэты”. І. Чыгрынаў выказаў меркаванне, што гэта рэжысёр перадачы зарабляе на знятых ім самім сюжэтах. А я думаю, што арганізатары баяцца “прамой лініі” і такім чынам скарачаюць час на непрадбачаныя прамовы.
За якіх-небудзь 5-6 хвілін я паспеў:
– сказаць пару агульных фраз пра сваю гісторыка-мемарыяльную камісію;
– ахарактарызаваць збольшага праект гэтак званай “доўгатэрміновай праграмы дзейнасці БФК “Спадчына”;
– абнародаваць некалькі пазіцый з падрыхтаванага камісіяй плана ўшанавання Францішка Скарыны ў сувязі з хуткім яго 500-гадовым юбілеем;
– запатрабаваць недвухсэнсоўна, “адкрытым тэкстам” неадкладнага факсімільнага перавыдання ўсёй літаратурнай спадчыны геніяльнага Асветніка, усіх 22 кніг яго славутай Бібліі і “Падарожнай Кнігі”.
Ледзь не з паловы маёй прамовы вядучы пачаў мне паказваць знакі, каб “закругляўся”. Добра, што не паслухаўся і паспеў “выдаць” галоўнае з таго, што сказаў – пра Ф. Скарыну.
Не сказаў пра перамемарыялізацыю Суворава на Беларусі, асабліва на Кобрыншчыне, за кошт недаўшанавання Тадэвуша Касцюшкі (на сустрэчы з Я.Я. Сакаловым у ЦК КПБ я гэта сказаў).
Не паразважаў у сувязі з гэтым пра безпадстаўную мемарыялізацыю на Беларусі шмат якіх не патрэбных ёй імёнаў і падзей, ці пра злоўжыванне “патрэбнымі”.
Не сказаў пра ігнараванне кіраўніцтвам Фонду Зянона Пазняка, які стварыў адну з самых плённых камісій пры БФК, выдатна кіруе ёю, але ж яна дагэтуль не зацвярджаецца; больш таго ўсяляк намагаюцца нават ліквідаваць гэтую камісію пад выглядам “аб’яднання” з іншай.
Не сказаў пра негатыўныя адносіны фондаўцаў да нашых намаганняў стварыць Грамадскі камітэт памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Пра ўсё гэта я збіраўся сказаць. Не дарма ж так баялася А. Багданава майго ўдзелу ў гэтай перадачы.
Апрача мяне ў гэтай скорагаворцы ўдзельнічалі І. Чыгрынаў, Я. Сахута (вёў), П. Садоўскі, І. Крук.
7 жніўня 1988 года. З прычыны перавыбараў Вільфрыда Мартэнса прэм’ер-міністрам Бельгіі ў 1987 годзе разгарэўся глыбокі амаль паўгадовы ўрадавы крызіс. Яго распаліла даведзенае да кульмінацыі абвастрэнне адносін паміж абшчынамі валонаў і фламандцаў. Краіна і дагэтуль знаходзіцца ў стадыі лінгвістычных канфліктаў. Рыхтуецца канстытуцыйная рэформа з мэтаю канчатковага ператварэння Бельгіі ў федэральную дзяржаву.
Я ўпэўнены, што манархічная Бельгія хутчэй і лепш справіцца са сваімі лінгвакалізіямі, чым гэта здолее зрабіць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Лінгвістычныя адносіны ў савецкіх рэспубліках носяць антаганістычны характар. І тым не менш гэты антаганізм можна было б лёгка пераадолець. Варта толькі надаць дзяржаўнасць мовам асноўных народаў у кожнай рэспубліцы, у кожным нацыянальна аўтаномным рэгіёне. Менавіта гэта і баяцца рабіць камуністы, заклапочаныя перш за ўсё глабальнай русіфікацыяй усяго насельніцтва агромністай імперыі.
10 жніўня 1988 года. Шмат якія падзеі апошняга часу пацвярджаюць правамоцнасць людскіх спадзяванняў на трывалы мір у свеце. Зыходнымі пунктамі тут усё-такі трэба лічыць вывад савецкіх акупацыйна-карных войск з Афганістану і савецка-амерыканскую дамоўленасць пра ліквідацыю ўсіх 2400 ядзерных іх ракет “малой і сярэдняй далёкасці”. У гэтым месяцы пачалася ўжо практычная іх ліквідацыя пад пільным наглядам спецыялістаў другога боку.
1 жніўня 1988 г., апоўдні, падпалкоўнік Ігар Чайкоўскі на палігоне Сарыозек, што ў сотні кіламетраў ад Талды-Кургана, уключэннем узрыўнога прыстасавання знішчыў “звязку” такіх ракет з 4-х адзінак класа ОТР-22. Гэта пачатак новага часу – часу ядзернага раззбраення.
Сімвалічнае значэнне мае першы афіцыйны візіт міністра абароны ЗША ў Савецкі Саюз, які распачаўся таксама ў той дзень.
На працягу амаль чатырох дзён Фрэнка Карлучы знаёмілі з такімі сакрэтамі, да якіх дапускаюцца нават не ўсе савецкія афіцэры. Яго пазнаёмілі з Вайсковай акадэміяй Генеральнага штаба, мотастралковай Таманскай дывізіяй, авіягарнізонам у нейкай Кубінцы, ракетным крэйсерам “Слава” ў закрытым (!) горадзе Севастопалі. Усюды паказвалася баявая тэхніка, нават праводзіліся спецыяльныя манеўры.
Нейкае прасвятленне заблішчэла і на Кіпры, дзякуючы клопатам Генеральнага сакратара ААН Перэса дэ Куэльяра. 20 жніўня пад яго ж уздзеяннем спыняецца часова агонь паміж Іранам і Іракам, пачнуцца праз 5 дзён, і таксама пад яго эгідай, прамыя перагаворы бакоў аб спыненні і самой вайны, што за няпоўных 8 гадоў забрала больш мільёна чалавечых жыццяў.
Учора, 9 жніўня, у Луандзе, Гаване, Прэторыі і Вышынгтоне была абнародавана сумесная іх заява аб урэгуляванні становішча на поўдні Афрыкі. Гаворка ідзе аб спыненні ваенных дзеянняў, прадстаўленні незалежнасці Намібіі, вывадзе кубінскіх войск з Анголы.
Перагаворы прайшлі па ініцыятыве і пад эгідай Злучаных Штатаў Амерыкі. Мне часта прыходзіць у падобных сітуацыях думка, што свет яшчэ не можа назваць выпадку, каб дзе-небудзь і які-небудзь канфлікт быў уладжаны пры садзеянні Савецкага Саюза. Затое колькі можна назваць канфліктаў, у якіх СССР выступаў ці нават выступае падбухторшчыкам.
Вось толькі з прыходам М. Гарбачова здаецца, будзе, нарэшце, здадзена ў архіў сталінска-молатаўска-грамыкаўская “бескампрамісная” вузкалобая знешняя палітыка. Думаю, што датэрміновае вызваленне з ліфортаўскай турмы юнага М.Руста, таксама добра кладзецца і ў актыў М. Гарбачова і ў гэты аптымістычны рэестр, што я тут раблю.
З Богам!..
13 жніўня 1988 года. “Звязды” я сёлета не выпісаў, а часам яна патрэбна. Тады даводзіцца хадзіць па кіёсках і злавацца, бо, раз спатрэбілася мне, значыць, нехта таксама звярнуў на яе ўвагу. І ствараецца тыповая савецкая сітуацыя, трапна названая сёння ў гэтай жа газеце “сацыяльным праклёнам”. Гэта так кар. “Звязды” М. Кучко ахрысціў пачварныя савецкія чэргі, што спадарожнічаюць няшчасным грамадзянам “краіны Саветаў” усюды і на працягу ўсяго жыцця. “І жыццё нашае не што іншае, як чарга на той свет, дзе ўжо ніякіх чэргаў не будзе”, – на такой “аптымістычнай” нотцы завяршае сваё невясёлае даследаванне журналіст.
Як зусім блізенька прайшоў ён каля ісціны, што сацыяльным праклёнам з’яўляюцца не чэргі, а нешта іншае! Як часта праходзяць паўз гэтае “іншае” многія разумныя даследчыкі, але ж назваць яго па імені баяцца. Хочуць дастаяць сваё ў абрыдлых чэргах.
Што датычыцца “Звязды”, дык яе ў наш кіёск даюць лічаныя адзінкі. І калі ў ёй “нічога няма”, дык і гэтыя застаюцца нераспрададзенымі. Цяпер жа друкуецца кніга Роя Мязведзева “Хрушчоў”, вось таму і хаджу ў кіёск.
20 жніўня 1988 года. Дзень нараджэння старэйшай дачкі. Сама яна недзе цяпер на Браслаўскіх азёрах. Разам з малодшай сваёй сястрою. На лоне прыроды цэлы дзень сёння – “у брусніцах” – і іх маці. Толькі я сяджу дома са “сваёй” прэсай.
Неяк трэба сапраўды ратавацца ад яе – забірае ўвесь вольны і нявольны час. Добра было да “перабудовы” – не было чаго ў ёй чытаць, дык часу заставалася і на нешта іншае. А гэтае “нешта” якраз і павінна складаць аснову маіх заняткаў.
Вось не далей як сёння, Б. Сачанка “настойліва цікавіўся” маімі перакладамі В. Жукроўскага. Запланаваў жа выданне іх на 1990 год. Здаць рукапіс неабходна хаця б у першым квартале наступнага года, праз 6-7 месяцаў.
Дарэчы, Барыс. Ён цяпер, як рэдка хто, настойліва і метадычна ліквідуе “белыя плямы” ў гісторыі нашай літаратуры. Дзякуючы сваёй унікальнай бібліятэцы, ён мае магчымасць рыхтаваць і ажыццяўляць цяпер публікацыю некалі забароненых твораў. Але ж тут аднае бібліятэкі было б мала – патрэбна яшчэ добра арыентавацца як у гэтай бібліятэцы, так і ў тых “белых плямах”. А ён арыентуецца ў гэтым не горш дыпламаванага гісторыка літаратуры.
Улічваючы блізкасць Барысаву да ЦК КПБ і інш., можа, яму ўдасца прыстойна паказаць беларускаму чытачу творчасць Наталлі Арсенневай? Яна ж вядомая толькі жменьцы нашай інтэлігенцыі.
Гэтае пытанне я паставіў і перад руплівым публікатарам. Ён сказаў, што твораў трыццаць Арсеннеўскіх уключае ў зборнік заходнебеларускай паэзіі.
Няхай пакуль хоць будзе і так, хоць тая заходнебеларуская Арсеннева – толькі пачатковец у паэзіі. Трэба імкнуцца паказаць сапраўднага гэтага мастака. Вядома, з аб’ектыўнай характарыстыкай жыццёвага і творчага шляху. Інакш не дазволяць і пры “перабудове”. Дый наогул інакш нельга.
22 жніўня 1988 года. Трашчыць, бунтуе камуністычны свет. Уся Чэхаславакія адзначыла 20-ю гадавіну задушэння савецкімі войскамі Пражскай вясны. Найбольшая дэманстрацыя адбылася ўчора ля помніка святому Вацлаву ў Празе. Больш 10-ці тысяч удзельнікаў скандавалі “Дубчык! Дубчык!”, “Рускія – дахаты!”
Па ўсёй Польшчы больш за тыдзень коцяцца забастоўкі гарнякоў. Цяпер да іх далучаюцца іншыя катэгорыі працоўных, у тым ліку рабочыя Гданьскай суднаверфі. Іх патрабаванні – “павысіць зарплату”, “узаконіць “Салідарнасць”. Такога размаху працоўныя баі з камунізмам у гэтай гераічнай краіне не мелі з тых грозных часоў. Цікава, што ўсе афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ў краінах савецкага блоку называюць гэтыя падзеі не інакш, як “незаконнымі забастоўкамі”. Я яшчэ не памятаю, каб хоць адну забастоўку хоць у адной капіталістычнай краіне яны назвалі незаконнай. Там ўсё ідзе пад рубрыкай “Баі з капіталізмам”.
Бурліць, віруе Венгрыя.
Уцякаюць грамадзяне ГДР у Заходнюю Нямеччыну. Уцякаюць усякімі спосабамі – і пешшу, і па вадзе, і іншымі шляхамі. Учора пабег быў здзейснены групаю смельчакоў якраз водным шляхам.
Эстонская рэспубліканская газета апублікавала славуты закрыты пратакол да дагавору “Молатаў – Рыбентроп” ад 23 жніўня 1939 г.! Цяпер уся Прыбалтыка бурна абмяркоўвае гэты пісьмовы дазвол Гітлера на акупацыю Сталіным Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Масква абараняецца: правяла прэс-канферэнцыю ў Міністэрстве замежных спраў, штосьці ляпеча наконт гэтага ў друку, па тэлебачанні і радыё. Не разумею, навошта Гарбачову абараняць гэты сталінскі адкрыты разбой? Прызнаў бы чорнае чорным. Дык не! Баіцца пакрыўдзіць сваіх зацятых шавіністаў. Але ж яна, гэтая Масква, умее і наступаць. Асабліва на “свой” народ. Учора, напрыклад, паводле загаду з МГК КПСС, які ўзначальвае член Палітбюро Зайкоў, міліцыя прымяніла сілу супраць дэманстрантаў на Пушкінскай плошчы. Там сабраліся члены нядаўна створанага нелегальна Дэмакратычнага Саюза і яго прыхільнікі, каб выказаць свае адносіны да Чэхаславацкай рэвалюцыі 1968 года. Дэманстрантаў пабілі, многіх пахапалі ў “чорныя вораны” і пакідалі ў турму.
З другога боку, пад акампанемент гэтых падзей поўным ходам ідзе “будаўніцтва сацыялізму”. Поспехі неверагодныя! У Албаніі на нашых вачах адбываецца цуд – “павялічваюцца” сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Павялічваюцца, вядома, па шчупачынаму загаду! Праўда, не ціха-мірна, як у казцы, а з плачам, крыкам і слязьмі сялян, якіх выганяюць з іх дамоў, з іх вёсак у жалезабетонныя “аграрныя цэнтры”. Такім чынам тэарэтыкі сучаснага камунізму і вырашылі падарыць Албаніі новыя ўрадлівыя землі, што “марнелі” пад 9-ю тысячамі вёсак (!). А гэта ж сусветнае гора! Парушаюцца сувязі чалавека з прыродай! Чалавека з чалавекам! Дэфармуецца этнас! А там жа не толькі албанцы. Там столькі нацыянальных меншасцей! Усе яны пад смяротнай пагрозаю.
29-30 жніўня 1988 года. З тыдзень таму назад Г. А. Гаршкоў з Літфонду прапанаваў мне дзве пуцёўкі ў Кактэбель. Я неяк, не раздумваючы доўга, адразу даў згоду. Праўда, сказаў, што мушу яшчэ параіцца з урачом, тым больш, што ўсё роўна трэба браць ў яго медыцынскую даведку.
Даведку з вялікай цяжкасцю атрымаў. Без указання месца адпачынку(!). Урач баіцца адпускаць, лічыць, што я яшчэ не гатовы ні да такой раптоўнай перамены клімату, ні да двухгадзіннага палёту ў самалёце. Выходзіць, бяру адказнасць на сябе. Ну што ж, зусім нармальна. Кожны павінен адказваць за сябе, за свае ўчынкі, за свае паводзіны і за сваё здароўе.
Запасся дастатковай колькасцю лекаў. Адно іх гучанне можа зваліць здаровага чалавека з ног: сустаніт, сіднафарм, кардафен! А ёсць яшчэ і “другарадныя” – трырэзід, анапрылін, цэланід, аспірын!
І гэта не ўсё. Не забудзем пра “хуткую дапамогу” – адэльфан, валідол, феназепам, кодэін, бромгексін, бісептол, дымедрол, фталазол, йод, нашатыр…
Асноўнае ва ўсіх гэтых трох групах – замежнае, значыць, дэфіцытнае, значыць, каштуе не столькі грошай, як нерваў і прыніжэння. Але ж хочаш жыць – “даставай”.
І падаставалі! Нават авіябілеты, заказ на якія афармляюць недзе за сорак пяць дзён да вылету! Своечасова, без мітусні, заехалі на замоўленым учора таксі на аўтавакзал (білеты на аўтобус куплены таксама загадзя). Адсюль за нейкую гадзіну дабраліся ў аэрапорт. Зарэгістравалі білеты.
Пакуль “ехалі” на сваёй уласнай арганізацыі і прадбачлівасці, усё было нармальна. Але ж, на жаль, без дзяржаўнага “сэрвісу” абысціся нельга. А дзе ён пачынаецца, там трэба развітвацца са сваёй аптымістычнай ураўнаважанасцю. Прытым мы маем дачыненне з савецкім сэрвісам, а гэта, як мая мама казала, горш за вайну, горш за халеру і чуму.
На білетах нашых былі пазначаны месцы – 9Б і 9В. значыць, нас будзе раздзяляць праход. Кепска, але ж пастараліся не ўзводзіць у ступень гэты “дробязны”, як на дзяржаўна-савецкі погляд, факт. Перад самалётам бортправаднік гучна абвяшчае: “У самалёце садзіцца на вольныя месцы!”. Пачаўся шум: “Што за ідыятызм?”, “У нас запісаны свае месцы!”. Праваднік “парыруе”: “А што ж вы хацелі, на самалёт падсаджваем пасажыраў з другога рэйса!”
Вядома, усе кінуліся ўжо не займаць свае, а захопліваць “свабодныя” месцы. А паколькі мы “не кінуліся”, дык і знайшлі іх не адразу. Спярша прыгледзелі непадалёк адно ад другога. Але ж тое “адно” было завалена клункамі нейкай цёткі, што галасіла над імі: “Як жа я іх давязу?!” (Цікава, як яе наогул пусцілі з такімі рэчамі ў самалёт?!). Саджуся на “другое”. Маша пайшла шукаць сабе. Праз некаторы час шляхам нейкага складанага абмену яна “завалодала” двума крэсламі ў 15-м радзе. На крыле. Нічога не ўбачыш ў нізе. Але затое разам.
У Сімферопалі, як звычайна, давялося доўга чакаць. У пякельна душную залу мы не пайшлі: я ўжо некалі самлеў раз у ёй. Прыселі на лавачцы сярод лужын і гразі ў суседнім скверы. Ён спрадвеку выконвае тут ролю “летняй пачакальні”, нават зімою. Але ж нікому дагэтуль не прыйшло ў галаву добраўпарадкаваць яго адпаведна гэтай яго функцыі!
У “Кактэбелі” нас адносна хутка аформілі – “прынялі”, паказалі корпус (4) і назвалі “нумар” (17). М. балюча расчаравалася, убачыўшы сваё будучае жыллё. Гэта фактычна камуналка. На пляцоўцы тры пакоі – на тры сям’і. Іх аб’ядноўвае санвузел – умывальная ракавіна з адной толькі халоднай вадою і ўнітаз за перагародкаю.
Жылы пакойчык невялічкі. Здаецца, што ён да краёў напоўнены разнашэрснай, рознакалібернай мэбляю, хоць яе тут самы мінімум. Уздоўж сцен стаяць два ложкі. Ёсць яшчэ пісьмовы мініяцюрны столік (а мы ж абодва збіраліся працаваць за сталом!), шафа, два крэслы і “трумо”. Усё гэта рыпіць, трашчыць, страляе. Ні да чаго нельга дакрануцца, каб не патурбаваць усіх насельнікаў “камуналкі”. Страляюць выключальнікі, страляюць дзверы. А “нашыя” дзверы адышлі ад вушака так, што вечарам гэта шчыліна асвятляе светлую агульную пляцоўку. Халера яго ведае, можа, усе гэтыя дэфекты рацыянальныя? Каб не спалі, а то загрызуць камары, якіх тут процьма…
31 жніўня 1988 года. Наведалі музей Макса Валошына. Дагэтуль я збольшага быў абазнаны ў яго творчасці. Чытаў ягоныя вершы, пераклады. Бачыў крыху кніжных рэпрадукцый з яго карцін. А тут пазнаёміўся і з арыгіналамі, і з яго жыццём.
Асаблівага ўражання на мяне гэты чалавек не зрабіў – ні раней, ні цяпер, пасля цудоўнай лекцыі Барыса Антонавіча, глыбокага знаўцы Валошына.
Адну з экскурсантак вельмі здзівіла тактоўнасць немцаў, якія зусім не пашкодзілі і не абрабавалі дом Валошына ў час акупацыі. Б. А. вельмі няшчыра адказаў:
– Гэта не немцы былі тактоўныя, а Марыя Сцяпанаўна, удава Валошына, была надзвычай смелая і непрымірымая. Яна ніколі нічога не дазваляла ім кранаць з месца, калі што, дык крычала на ўсю ваколіцу.
Паспрабавала б яна бараніць нешта, каб яе нябожчык Макс не быў прызнаны немцамі выдатным folkstime. Яго ж маці была чыстакроўная немка. У доме яны, напэўна, засталі мноства сведчанняў нямецкага ўплыву і на яго самога. Уплыву, што перадаецца не толькі па крыві і з малаком маці, але ж і выхаваннем і адпаведным саманастройваннем сябе на патрэбную хвалю.
Макс Валошын якраз з тых людзей, што ўмеюць ладзіць з усімі рэжымамі. Ён быў сваім і цару, і Керэнскаму, і нейкім пераходным уладам, і Леніну, і Сталіну, і Гітлеру. Можа, гэта і правільна. Галоўнае, не быць калабарантам. А дарэмна лезці пад чужыя кулі ці нагайкі – гэта не мужнасць. Толькі Сталін патрабаваў ад сваіх рабоў – т. зв. савецкіх людзей – вузкалобай “непрымірымасці” да ворага. Марыя Сцяпанаўна была, відаць, разумная жанчына, што, каб захаваць усё-такі каштоўную спадчыну Валошына, падаткнула немцам яго folkstim-насць. А яны і клюнулі на гэтую прынаду.
Упэўнены, што нямецкі друк таго часу быў поўны апавяданняў, рэпартажаў, фотаматэрыялаў пра Валошына…
А можа нават і проста…
Цікава, што сказаў бы на такое пытанне грунтоўны Барыс Антонавіч?
2 верасня 1988 года. Я не надта шукаю на курортах старых ці новых знаёмых. Але ж такая асаблівасць усякіх курортаў, што без знаёмых і знаёмстваў тут не пражывеш. Ды яшчэ, калі яны навокал цябе.
З першых жа дзён майго побыту тут мы сустрэлі Шчасных-Красікавых Нэлу Іванаўну і Сяргея Паўлавіча, Веру Сямёнаўну Адамовіч з дзецьмі, Віктара Каваленку, Аляксея Аляксеевіча Слесарэнку, Уладзіміра Скарынкіна з Валянцінай і дзецьмі.
Ніхто з іх мне не непрыемны. Усіх адносна добра ведаю і паважаю даўно. З боку іх таксама сустракаю заўсёды шчырыя адносіны. Трое (С.Н., У.С., А.С) ужо ў першы дзень цёпла прыгадвалі мне нейкую маю дапамогу ім, хоць я рабіў толькі тое, што мусіў рабіць на сваёй пасадзе.
Мілая Вера Сямёнаўна! Якой шырокай душы чалавек. Яна заўсёды павінна пра некага клапаціцца, некаму дапамагаць. Некалі яна дастала мне гаючага мёду, калі мне было цяжка. Цяпер прынесла ўжо шклянку казінага малака. “Яно вельмі карыснае – кажа яна. – Мяне прывучыла да яго Ліда Вакулоўская. І мяне, і Юру Чарнічэнку з жонкаю…”. Я з удзячнасцю выпіў з гэтых добрых рук экзатычны для мяне напой. Сапраўды я ў маленстве сваім бачыў коз хіба што дзе-небудзь у гарадскім падворку – цераз пінскія і пнеўскія штыкетнікі. Пасля, будучы ў Расіі падчас службы ў войску, чуў, што там хто-ніхто, адзін-два на вёску, трымае казу, дзе яе называлі “сталінскай каровай”.
10 верасня 1988 года. Дзень духоўна напоўнены! Кінафільм “Ідзі і глядзі” з папярэднім глыбокім і вострым выступленнем Алеся Адамовіча. Цудоўны канцэрт аўтарскай песні “Верлібр”. Двое выканаўцаў ігралі на гітарах і спявалі свае песні на словы такіх аўтараў, як Іван Бунін, Мікалай Гумілёў, Георгій Іванаў, Міхаіл Кузмін, Уладзімір Маякоўскі, Восіп Мандэльштам, Мікеланджэла, Уладзімір Набокаў, Барыс Пастэрнак, Цыпрыян Орлік, Ігар Севяранін, Уладзіслаў Тарасевіч, Уладзіслаў Хадасевіч, Марына Цвятаева.
Кожны аўтар, як правіла, прадстаўляўся чатырма-пяццю творамі. Выключэнні былі ў большы бок: было і па дзесяць-дванаццаць песень аднаго аўтара.
Багата прагучала духоўных тэкстаў, малітваў. На нас найбольшае ўражанне зрабілі песні на словы польскага паэта, шляхціча-жабрака Цыпрыяна Орліка (“По тем просторам, где мать Христова, тоскую, Боже…”).
Добра быў прадстаўлены Ул. Тарасевіч (“…по паркету парижских луж”; “ни птичьим крылом, ни сердцем подневольным, не продовать плеву толстую, не вырваться в небо синее…”). Творы яго выконваліся адразу пасля твораў Ул. Набокава, з якіх пачаўся канцэрт, а пасля імі “перасыпаўся” ўвесь канцэрт.
І. Севяранін “Как сладко дышится…”, М. Гумілёў “Мы дрались там. Ах, да”, “Я был убит”, “Мечты”, “Разлука”. Ц. Орлік. Мікеланджэла – у перакладзе Андрэя Вазнясенскага. Ул. Маякоўскі “Тучка”. М.Цвятаева “Молитва в столовой” (аўтару 13 гадоў), “Жизнь (или погоня)”. Г. Іванаў. Хадасевіч. “Пробочка”, “Странник”, “Всю неделю”. І. Бунін “Казнь”. М. Кузмін “Август”. О. Мандэльштам “Милая родная печаль, (Проснулась и выплеснула хрусталь)”, “Нежнее нежного… белее белого”. Б. Пастэрнак “Метель”.
Паказаць бы такі канцэрт у Мінску…
У завяршэнне дня – літаратурны вечар “уласнымі сіламі”. Беларускае зямляцтва выставіла Уладзіміра Скарынкіна. І справіўся ён надзвычай добра. Быў момант, калі падчас яго выступлення блішчэлі ад слёз вочы не толькі ў аднаго яго.
Цудоўна быў прыняты паэт з Харкава Барыс Чычыбабін – ахвяра і сталінскага, і брэжнеўскага рэжымаў. Пры Сталіне ён доўгія гады бавіў у канцлагеры, пры Брэжневе быў выкінуты з Саюза пісьменнікаў за надта выразную падтрымку А. Твардоўскага.
І вершы ягоныя пра тыя сумныя справы. Аўтара папрасілі даць згоду на цэлы свой вечар.
Масквіча Уханава прагналі ад мікрафона. Але ж ён паспеў нямала нагаварыць усялякіх гнюснасцей. Па-першае, сябе назваў альбіносам сярод “стада чёрных варон” (ён празаік, а ўсе астатнія за сталом – паэты). Па-другое, тых, хто ў зале, назваў “толпою”, хто перад ім выступіў – “нацыянальнымі меншасцямі”. Зусім недарэчы аблаяў і перабудову – “бурлящее болото перестройки”. Пахваліўся супрацоўніцтвам з чорнасоценным часопісам “Наш современник”.
“Сем самураяў”. Адзін з найлепшых кінафільмаў, якія я змог дагэтуль паглядзець. Паглядзеў, як і ўсе “савецкія” гледачы толькі цяпер. А ён жа зроблены 30 гадоў таму назад. Геніяльна зроблены! І трымаць столькі часу на паліцах!? А цяпер пускаюць неперакладзеным, з рускім тэкстам за кадрам – бо ў свой час не купілі. А не купілі таму, што палічылі яго суславы антысавецкім, падрыўным. Хоць распавядае ён пра японскія падзеі, дый то недзе аж у XVII стагоддзі!
“Антысавецкасць” фільму прышылі з дзвюх прычын.
Па-першае, у тых бандытах убачылі пільныя цэнзары намёк на былыя савецкія продатрады. Дый атрад бандытаў складаўся з сарака чалавек. А лік сорак – гэта наогул нешта злавесна-сімвалічнае.
Па-другое, савецкай прапагандай японскія самураі зроблены страшылішчамі, сілай рэакцыйнай, чымсьці накшталт фашыстаў. У фільме ж – гэта якраз прагрэсіўныя людзі, гуманныя.
Кожны кадр, кожная мізансцэна гэтай кінааповесці напоўнены глыбокім сэнсам. А музыка! Якая музыка суправаджае ўвесь фільм! Быццам бы гэта вайсковыя маршы. Але ж здзіўляешся і іх меладычнасці і іх гуманістычнай напоўненасці. Можа, і з-за гэтага таксама фільм не закупілі і дзесяткі гадоў трымалі пад забаронаю?!
13 верасня 1988 года. Увечары “камерны” канцэрт Аксаны Бузук. Спявачка сама запрасіла на яго, каго хацела. І ў выніку ў невялічкай квадратнай зале “Рускі чай” слухалі яе каля трыццаці чалавек. Сярод іх – дзевяць беларусаў, разам з прымадоннай.
Аксана – дачка беларускага вучонага Пятра Бузука, які быў рэпрэсаваны Сталіным. Працавала некаторы час у гэтым самым Доме творчасці ўрачом. І вось некалі ёй параілі больш спяваць, каб супакоіць сваю астму. І яна пачала спяваць… свае песні, акампануючы сабе на гітары. Рэпертуар пакуль яшчэ невялікі, некалькі дзесяткаў песень на словы М. Валошына і М. Цвятаевай.
Ніхто з прысутных астмы спявачкі не адчуў. Спявала яна мілагучна, натхнёна, хоць і ціха. Але ж ва ўсіх кутках мы яе чулі і без мікрафонаў.
Гэты вечар таксама вёў Кабакоў, як і ўсе папярэднія, што былі ў клубе ДТП “Кактэбель”. Да кветак спявачцы дадумаліся толькі беларусы (па маёй прапанове). Уручыў Віктар Каваленка. Ён, дарэчы, і купіў іх, не ўзяўшы з нас грошы. О, ён шчодры, гэты Віктар Антонавіч! Паспрабуй заказаць яму, скажам, газеты сабе ці білет які, калі ён ідзе за імі – ён з задавальненнем выканае просьбу. Але пасля ніяк яму не вернеш грошы, не возьме. Неяк праявіў ініцыятыву і купіў восем білетаў на цудоўны японскі кінафільм “Сем самураяў”. Прыйшоў вечарам пад кінатэатр, а там толькі Вера Сямёнаўна. Мы з М.М. павіны былі ісці на перагаворны пункт. Нехта там яшчэ не змог выбрацца ў кіно. Пачаў Віктар Антонавіч “прадаваць” лішнія білеты. Стаў і стаіць з імі. Бягуць дзве дзяўчынкі – і да касы. А там – нічога і нікога. Засумавалі дзяўчаты. А тут Віктар Антонавіч так ціхенька, вінавата:
– Вазьміце ў мяне…
Тыя з радасцю схапілі і даюць грошы, а наш В. А. замахаў рукамі:
– Ой, што вы – што вы! Не трэба. Гэта я вас запрашаю. Дзякуй, што згадзіліся…
Такім чынам “прадаў” і другую пару білетаў. А нас чакаў да апошняга званка на вуліцы. Добра, што нас там не надта затрымалі. А то “прадаваў” бы Віктар Антонавіч і нашы білеты.
Мне яшчэ ніколі не ўдавалася прайсці куды-небудзь за ім – ён абавязкова прымусіць ісці першым. Прапускае ўсіх і ў розных чэргах. І знаёмых, і незнаёмых! А калі ўлічыць, што такое савецкія чэргі…
Пасля Аксаны Бузук Віктар Антонавіч запрашаў яшчэ паглядзець у яго ў нумары амерыканскі кінафільм “Трыумфальная арка”. Так, паводле Э.-М. Рэмарка. Мы ветліва адмовіліся: хай адпачне гэты добры чалавек.
І ўсё-такі я паглядзеў названы фільм. Задаволены, што рашыўся на гэты ўчынак. Фільм нармальны, калі нармальнай бывае неадназначнасць. Добра бачны прагалы ў параўнанні з літаратурным творам. Рэмаркаўская рамантычнасць і мужнасць тут не раз пераўвасабляецца ў меладраматычнасць.
14 верасня 1988 года. Тое, што называецца ДТП “Кактэбель”, выходзіць усёй даўжынёю сваёй тэрыторыі на набярэжную. Самы рэспектабельны ўчастак якраз той, дзе мы бываем найчасцей – што ідзе праз ДТПэўскія сталоўку і пляж.
“Пляцоўка” перад сталоўкаю вечарамі ператвараецца ў цікавую сувенірную выстаўку – кірмаш. Чаго тут толькі не ўбачыш і што тут толькі не рэкламуецца. Найбольш, здаецца, акварэльных мініяцюр і “ювелірных” вырабаў з крымскіх самацветаў. І адно, і другое бывае самае размаітае.
Адны майстры выстаўляюць акварэлькі спакойныя, прыглушаныя, другія – пярэстыя, крыклівыя. Перад адным юным мастаком акуратненька ляжаць у беленькіх паспарту светленькія, напоеныя сонцам крымскія пейзажы, другі творца плён сваёй неўтаймаванай натуры – лісты штормаў, бур і навальніц – як папала параскідаў і парастаўляў вакол ядлоўцавага куста. На “спакойныя” эцюды спакойна глядзяць і адыходзяць, “бурлівыя” ж падоўгу і гучна абмяркоўваюць, даюць аўтару нейкія парады, якія той, не задумваючыся, адбівае як валан ракеткаю.
А вось жывапісныя мініяцюры ў драўляных чорных рамачках. Яны дэманструюцца прама ў тых самых фанерных “дыпламатах”, у якіх былі сюды прынесены. Расчынены на дзявяноста градусаў “дыпламат” утварае зручную вітрыну. На яго донцы ўтульна размясцілася да дваццаці рукатворных фрагменцікаў тутэйшай эфектнай прыроды. І на вечку размешчана столькі ж. Толькі што тут яны нібы вісяць на сцяне.
Аднак мастак не быў бы мастаком, каб пакінуў сваю вітрыну незавершанай, без “рэльефнай” дамінанты. У якасці такой на верхнюю планку вечка неяк пастаўлены дзве мініяцюры. Яны фарматам сваім не адрозніваюцца ад усіх астатніх. І тым не менш паспяхова выконваюць ролю кароны гэтае мікраэкспазіцыі.
Падобным чынам паказваюцца таксама і вырабы з самацветаў. Гэтых “крамак”, бадай што, найбольш. На любы густ, але не на любую кішэню. Здаецца, каменьчыка, таннейшага за 20 рублёў, тут не знойдзеш. 20 рублёў – гэта будзе каштаваць невялічкі кулончык да 1 см3. Куды даражэйшыя будуць завушніцы, бо гэта ўжо два каменьчыкі. Дый пярсцёнак цэніцца дорага з-за сваёй “грувасткай” аправы. Брошка недзе ў цане кулонаў. Каралі ўсякія, маністы – і не пытай, на іх жа пайшло па “цэлым піку”.
У апошні час “народныя ўмельцы” звярнулі ўвагу і на звычайную пляжную гальку. Яна таксама не без поспеху прапануецца гасцям з іншых земляў, як экзотыка. Праўда, камяні гэтыя і каменьчыкі папярэдне праходзяць пэўную апрацоўку і нават дапрацоўку. Мала таго, што сувенірную гальку трэба вышукваць у мірыядах звычайнага камення, да яе яшчэ трэба прыкласці рукі, уменне і розум. Падабраць экземпляры для парных вырабаў. Выдумаць, выкаваць, выплесці ім аправу. А паспрабуй пракалоць там на патрэбным месцы дзірку! Ці зашпакляваць непатрэбную шчыліну, выраўняць шчарбіну!
Апрача галькі “біжутэрнай” ёсць яшчэ на гэтым таржышчы і галька скульптурная, галька жывапісная. Вось камень у выглядзе дзіцячай ступні з амаль натуральнай выемкаю пасярэдзіне. Прадаецца, як попельніца. А вось прадаўгаваты, як сасіска, камень. Яго разамалявалі пад кракадзіла. Так і прадаецца ў якасці статуэткі “Кракадзіл Гена”. На плоскія рознаконтурныя каменьчыкі нанесены фарбамі пейзажныя карцінкі. Чым не памятка аб Крыме!
Прываблівае сваёй элегантнасцю вітрынка “Роспіс па перламутры”. Тут сапраўды налюбуешся мноствам тонка намаляваных шматзначных пейзажаў на малюпасенькай плошчы завушніц, падвесак, шпілек, кулонаў, пярсцёнкаў. Дэталі кожнай такой карцінкі пазначаны не сімваламі, не стылізаваны. Сапраўдны рэалістычны жывапіс старой рускай школы. Горы – дык горы. Дрэва – дык дрэва. Конь – дык конь. На твары пяціміліметровых чалавечкаў добра бачны вясёлая ці іранічная ўсмешка, сум. Як тут не пацікавіцца коштам такіх незвычайных вырабаў. “Ад 50-ці да 80-ці рублёў – гледзячы што” , – пачуеш у адказ.