— Т-т-танкі! Т-т-танкі! Глядзі!!! — крычыць ён, то высоўваючыся з акопа, то зноў прысядаючы. Жахлівасць гэтай навіны чамусьці не адразу даходзіць да маёй свядомасці, мяне больш здзіўляе, што Задарожны заікаецца, і нават узнікае кароценькая радасць: «Ага! Збаяўся!» Я зараз жа ўскокваю, на секунду выглядваю з-за разбуранага, раскіданага бруствера. Па схіле пагорка на нас у дымным грукаце шпарка коціць уніз касяк рабавата-жоўтых танкаў.
Побач на момант мярцвее Жаўтых; хуценька міргаючы звузелымі ад пяску вачмі, ён, быццам не верачы, некалькі секунд пазірае на танкі і выскоквае з акопа. За ім па прыступках вылятае Папоў; за ім я, ззаду тупацяць астатнія. Прыгнуўшыся, цераз закіданую грудамі пляцоўку мы рынаем у сховішча да нашай гарматы.
Я ўчэпліваюся за станіны, якія хапае за сашнікі Крывёнак. Жаўтых з Паповым напінаюцца ўнізе ля колаў. Гармата рушыцца, але ўкрыццё ў доле завалена камамі зямлі з разварочанага мінаю бруствера, гармата ідзе бокам, і Жаўтых лаецца:
— А ну вярні, вярні станіны!.. Лазняк, чуеш, такую тваю…
Я і сам ведаю, што трэба паварочваць станіны, і напружваюся што ёсць сілы, але спяшаюся, і ўсё ідзе неўпапад. Як-кольвечы мы ўсё ж вывалакваем гармату на пляцоўку, заносім станіны, Жаўтых, прыгнуўшыся, кідаецца сюды-туды, як запёрты ў клетку тыгр; нізка схілены вусаты яго твар люты і страшны, на лапатках мокрыя плямы ад поту.
Танкі б'юць па пяхоце, б'юць амаль не спыняючыся. У паветры грыміць і грукоча, паднябессе стогне, цяжкі жалезны гул паўзе па абшары. Мы кідаем станіны, я хапаюся за стопары. Задарожны ззаду так ірве правіла, што ледзь не збівае мяне з ног станінай. Левай рукой я адкрываю затвор, ён зараз жа лязгае — сам Жаўтых з імпэтам усаджвае ў ствол бранябойны.
Танкі на пярэдняй траншэі. Я коратка выглядаю з-за шчыта, адзін гарыць, пэўна, падпалены пяхотай, адзін шпарка імчыць чамусьці ўздоўж траншэі; некалькі пехацінцаў бягуць сагнуўшыся па полі ў тыл. Ад пылу, грукату выбухаў і лютай кулямётнай траскатні мы нямеем. Жаўтых нешта крычыць, Папоў упіваецца ў прыцэл, і неўзабаве рэзкі стрэл бранябойнага глушыць нас. Гармата тузаецца, балюча штурхае ў плячо, я падаю, — гэта хлопцы не паспелі ўперці ў зямлю станіны.
— Сашнікі! — крычыць Жаўтых, нізка прыгнуўшыся за наводчыкам, і кулаком штурхае ў спіну Крывёнка, той хапаецца за правіла станіны і пачынае яе забіваць у ямку. Другі сашнік аслабела ўціскае ў зямлю Лук'янаў, стоячы на каленях. Крыклівая настырнасць Жаўтыха супакойвае: здаецца, калі камандзір тут, благога не здарыцца, ён дагледзіць усё, скамандуе, нам толькі б выконваць.
— Трах! — б'е другі стрэл. Слабенькі чырвоны агеньчык трасёра мільгае ля танка, аб нешта б'ецца ля яго і адлятае ўгору і ўбок.
— Агонь! Агонь! Не марудзь, агонь!
— Гах!.. Гах!.. Гах!.. — б'е гармата, падскокваючы на колах. Трасёры не ўсе відаць — некаторыя снарады без следу знікаюць удалечы. Танкі, ад першай траншэі беручы наўзбоч да дарогі, адзін за адным імкліва паўзуць па нашай абароне. Ужо відаць на бартах іхнія чорна-белыя крыжы, машыны цяжка перакочваюцца на брустверах, узнімаючы ашмоцце пылу; доўгія іх гарматы з пудовымі тармазамі на канцах пагрозліва варушацца і грукаюць стрэламі.
— Агонь! — раве Жаўтых. — Наводзіць лепш!
Папоў малайчына — наш харошы Папоў! Ён, здаецца, адзіны тут, каго не датычаць ні страх, ні хваляванне, ён не спяшаецца, не дрыжыць, цяпер ён нічога ў свеце не ведае і не бачыць, апроч танкаў. «Гах! Гах!» — тузаецца гарматка. «Так, трымайся, Лазняк! Здаецца, надыходзіць твой час, — кажу я сабе ў думках. — Ну ідзіце, гады, ідзіце. Бліжэй! Бліжэй! Яшчэ бліжэй!»
Так, яны ідуць бліжэй і мінаюць траншэі пяхоты… Але што гэта? Здаецца, яны прарываюцца! Сярод густога грукотнага гулу з лютасцю і бяссільнаю злосцю зноў крычыць Жаўтых:
— Не бярэ, халера! Д'ябла ім у горла! Маць яе за нагу! Бі па гусеніцах, па гусеніцах агонь!
Не бярэ, — я таксама адчуваю гэта. «Гах!» — падскоквае гармата, імклівая іскрынка трасёра гнуткай стралой мігае ўдалеч, б'е ў вежу танка і адскоквае ўбок. Не бярэ! Немцы, мусіць, пусцілі на нас цяжкія танкі, можа, гэта іх «тыгры»?..
Пяхота ўцякае. Дзесяткі людзей па ходах зносін, па полі імчацца з-пад удару ў сланечнік, — адзінае тут якое-ніякое сховішча, — да дарогі, падаюць, устаюць, адстрэльваюцца. За імі між танкаў гэтак жа бягуць, мітусяцца немцы. Непадалёк ад агнявой, нізка прыпаўшы долу, знямогла трухае сяржант з потным чырвоным тварам, адной рукой ён валачэ за сабой «Гарунова», другая, нібы палка, звісае да самай зямлі. За ім, штохвіліны азіраючыся, шыбуе невялічкі баец з патроннымі скрынкамі ў абедзвюх руках. Яны нас мінаюць.
— Стой! — крычыць ім Жаўтых. — Стой, сволачы! Расстраляю, стой!
Сяржант крычыць нешта ў адказ, але нам не чуваць, тады ён, прысеўшы, тыцкае рукой у бок дарогі. Жаўтых азіраецца — гэта на фланзе. Камандзір прысядае ад нечаканасці і лаецца ўжо немаведама на каго.
— Станіны ўлева!
Танкі ўжо прарваліся праз батальённую абарону, абходзяць нас і шпарка шыбуюць абапал дарогі ў вёску.
Мы хуценька перакідваем станіны ўбок, Папоў аберуч ліхаманкава падкручвае махавікі наводкі. «Гах! Гах!» — грымяць частыя нашы стрэлы, і коратка лязгаюць пад ногі пустыя гільзы. Хлопцы прыціхлі, прыпалі долу, апанурыліся, у вачах страх. Гэта кепска! Трывай! Як-небудзь трывай, прымушаю я сам сябе. У цябе няма права баяцца, трусіць. У тыл табе шляху няма, адно тваё выйсце — біцца.
— Ага! — урэшце зларадна крычыць Жаўтых. — Ёсць! Агонь! Папоў! Агонь!
Не ўтрымаўшыся, я выглядаю з-за шчыта, і кароценькая радасць урываецца ў маё нутро. Вунь ён стаіць, апусціўшы гармату-хобат, убаку ўжо тырчыць адкінутае века люка. Ля яго прыпыняецца другі, ён трошкі падварочвае гусеніцамі ў наш бок, і я разумею — заўважыў! «Заўважыў, цяпер будзе!» — мільгае ў свядомасці спозненая думка, і зараз жа перад самай гарматай мільгае агнём бліскавіца… Удар! Усё патанае ў пыле і смуродзе… Праз пяць секунд жахлівай цішыні — устрывожаны крык Папова:
— Кукуруз!.. Таварыш камандзір, кукуруз!..
Ага, танк зайшоў за кукурузную кучу, яна зусім блізка і замінае страляць, яе трэба раскідаць, але зноў — удар!.. Пыл, смурод… Людзі задыхаюцца ад трацілавай горычы і пыльнага ўдушша.
— Так, нічога, нічога, — супакойвае кагось камандзір.
Адчуванне рэальнасці абвострана, увага бязмежная, думкі мільгаюць хутка і канкрэтна. Я разумею, што трэба бегчы ў тое пекла, насустрач танку, але непадуладная сіла цяжарам налівае ногі. Ненавідзячы сябе, я паволі ўзнімаюся з-за шчыта, а танк, крутнуўшыся на адной гусеніцы, збочвае з дарогі і раптам кіруе сюды, пагойдваючыся, варушачы перад сабой даўжэзнай гарматай. Зараз ён зноў грымне стрэлам… Зараз!.. Зараз!!. Ва мне ўсё напінаецца — перачакаць стрэл, затым… Але ў гэты час ззаду чуецца загад:
— Лук'янаў, убраць!
Лук'янаў! Ураз спадае напружанне; камандзіру лепей відаць, ён выбраў. Выбраў аднаго, звароту назад яму ўжо не будзе. Але сумленне маё рэагуе на тое інакш, я задушваю прыкрасць у душы і азіраюся — Лук'янаў у расшпіленым шынялі ўстае з-за скрынак, чагось азіраецца, у ягоных вачах такая самота, што здаецца: струсіць, папросіцца. Але ён не просіцца, толькі трошкі марудзіць і затым неяк дужа аслабела ўзлазіць на бруствер і, прыгнуўшыся, бяжыць да кучы. Там ён хапае з зямлі адно бярэмя, другое — раскідвае, растрасае кукурузу ў бакі, куча меншае, але танк — вунь ён!..
І тут — трах!!!
Пыл, пясок б'юць па вачах, у вушах гул, востры кароткі боль…
Праз імгненне я ўскокваю — праз рэдкі клуб пылу, бы аслеплы, незразумела марудна, нахіліўшыся і спатыкаючыся, брыдзе Лук'янаў; у дзесяці кроках за ім горача курыць варонка…
— Агонь! — басавіта раве ззаду Жаўтых, а ва мне ўсё халадзее ўнутры. Нейкая неўсвядомленая вінаватасць перад Лук'янавым прымушае мяне ўскочыць на бруствер, ззаду Жаўтых люта крычыць: «Стой! Назад!», але ў тры скачкі я падбягаю да салдата і хапаю яго пад пахі. Ён са стогнам падатліва аддаецца ў мае абдымкі.
З нейкаю апантанай сілай я валаку яго цяжкае цела да агнявой. Насустрач, абдаўшы нас гарачаю хваляй, б'е па танку Папоў. І ў той жа момант недзе зусім побач — чорны, агнявы бляск і ўдар! Ён збівае мяне, я падаю, балюча выцяўшыся бокам аб зямлю, не ведаючы, цэлы або паранены, ускокваю і зноў хапаю Лук'янава. Танк — вось ён! Цяжаленная яго грамадзіна шыбуе ўсё хутчэй і бліжэй, гнецца, дрыжыць зямля, мільгацяць гусеніцы; нібы зубамі, абвешаныя запаснымі тракамі, нястрымна пруць-сунуцца на нас яго шырокія сталёвыя грудзі…
Гнучыся да зямлі і вязнучы ў пяску ботамі, я перацягваю цераз бруствер Лук'янава і разам з ім падаю пад колы гарматы. Некалькі куль наўздагон лязгаюць па шчыце і рыкашэцяць у бакі. У акопе стукоча кулямёт — гэта Крывёнак б'е па пяхоце. Камандзір з Задарожным ляжаць між станін; ля прыцэла адзін Папоў… Але чаму гэта сціх Жаўтых? Чаму ён не камандуе, чаму не кратаецца — прываліўся плячом да станіны і маўчыць. На каленях я падскокваю да яго — ззаду глушыць стрэл, гармата, бы жывая, жахліва тузаецца, у спіну балюча б'е гільза. Я хапаю камандзіра за плячо, ён спаўзае са станіны на дол, і струмень цёплай крыві аднекуль з шыі пырскае мне ў твар, высокім дробным фантанам абдае нерухомую Лёшкаву спіну. Я прыпадаю да зямлі, намацваю і заціскаю пад расшпіленым Жаўтыховым каўняром невялічкую ранку, але кроў усё роўна б'е і апырсквае ўсё навокал. Збялелыя павекі Жаўтыха няўцямна торгаюцца, погляд увачавідкі тухне, і зрэнкі закочваюцца ўніз. Ён не пазнае мяне.
— Камандзір! — чуецца побач незвычайны нейкі, асіплы і спознены крык Задарожнага. — Хлопцы, камандзіра забіла!!!
Ад гэтага моташнага крыку жах скаланае і мяне. Я ляжу на зямлі і чую, як дрыжыць яна, трасецца, калоціцца… Танка мне не відаць, але я адчуваю, што ён ужо за некалькі метраў ад нас і зараз усё будзе скончана. І тады, крутнуўшыся на станіне, паварочваецца сюды Папоў:
— Зараджай, Лошка! Сабак, такую тваю!.. Зараджай!
Трашчыць-захліпаецца Крывёнкаў кулямёт, Задарожны дзярэ пальцамі зямлю і горнецца-ціснецца кудысьці пад бруствер. Апантаны ад небяспекі і лютасці, я піхаю Задарожнага ботам у бок, крычу: «Зараджай! Зараджай, сволач!» Але пакуль ён бокам, як рак, перапаўзае да скрынкі, я сам хапаю снарад і скрываўленымі рукамі штурхаю яго ў ствол. З Жаўтыховае шыі зноў вырываецца тонкі струмень, толькі ён хутка меншае і, калі я падпаўзаю да камандзіра, знікае зусім. Ашалелыя вочы Жаўтыха спыняюцца…
Здаецца, усё! Канец…
Я адскокваю да снарадаў, — танк у пяцідзесяці кроках — не болей. Адной гусеніцай ён падмінае пад сябе рэшткі кукурузнае кучы, скасабочваецца, узмахвае ў паветра даўжэзнай гарматай, з-пад днішча струменямі пыхае дым і пыл. Папоў секунду марудзіць і раптам зноў усхопліваецца са станіны.
— У акоп!..
Гахае стрэл. Праз пыл з агнявой паспяваю згледзець, як танк адным бокам тузаецца наперад, нібы спатыкнуўшыся, з разгону дзёўбае ствалом у зямлю і спыняецца. Уперадзе вострымі зубамі тырчыць праз дым накіроўваючае кола. Гусеніцы на ім няма. Танк стаіць да нас бортам.
Падбілі!
Але танкавая гармата раптам ажывае, матлянуўшы ў паветры тормазам, апісвае паўкруг, скрыпнуўшы, паварочваецца вежа, — гэта на нас. Папоў, не цэлячыся, круціць махавічкі наводкі, і наш маленькі кароценькі ствол з самаахвярнай гатоўнасцю скіроўваецца насустрач.
Цяпер хто хутчэй! «Хутчэй!!!» — вызверваецца ў мяне ўнутраны крык. Я кідаюся ў доле да скрынак, галовамі мы сутыкаемся ў пыле з Лёшкам; стукнуўшыся, разлятаемся ў бакі, пад мае калені падае яго пілотка, у дрыготкіх ягоных руках — снарад. Зараз жа лязгае клін.
— Прэч! — ускрыквае Папоў, і цераз мяне з дзівосным спрытам куляецца ў акоп Лёшка. Танкавая гармата, неяк дрыготка і сутаргава клюючы, апускаецца ніжэй, ніжэй… Гэта апошняе, што я паспяваю адчуць, і на каленях, уніз галавой кідаюся за Лёшкам.
Стрэл і выбух наверсе грымяць адначасна. Вялізная глыба ад сцяны рушыцца на мае плечы, нейкай калючай жарствой абдае патыліцу, я, здаецца, глухну на некалькі секунд і мярцвею, напаўзасыпаны…
Раптам становіцца неяк дужа сцішана. Грымотны грукат ураз абрываецца, сціхаюць блізкія выбухі, толькі незнаёма даносіцца з далечы густое выццё танкаў і ціхенька дрыжыць зямля. Я чагосьці жахаюся, выгрэбваюся з зямлі і выскокваю з абрушанага, разбітага акопа.