— Лошка!!! — раптам крычыць Папоў. — Хлопцы, Лошка!!!
Мы з Крывёнкам выскокваем з акопа, Папоў здаровай рукой паказвае ў поле, туды, дзе няма ні ворагаў, ні нашых. Сапраўды, цераз пагорак у наш бок нехта бяжыць.
Гэта яшчэ далёка, і відаць толькі, як коціцца па зялёным маленькая фігурка чалавека ў зеленавата-жоўтым, аблезлым на сонцы адзенні. Але тое, што ён кіруе сюды, ні ў кога з нас не выклікае сумнення.
Чалавек тым часам знікае ў лагчыне за бліжэйшым пагоркам, некалькі хвілін мы чакаем, не зводзячы з таго месца вачэй, і ён зноў паказваецца з-за блізкага грэбня і зноў хутка бяжыць уніз.
— Маладэц Лошка! — задаволена, амаль радасна кажа Папоў.
Добра было б, каб толькі яму не пашкодзілі немцы. Яны не так ужо і далёка і, пэўна, бачаць з дарогі адзінокага салдата і, вядома, могуць абстраляць яго. Я засцярожліва азіраюся на дарогу, але там нікога — адно толькі дымна смыляць-дагараюць аўтамабілі; другія, скасабочыўшыся, нерухома стаяць у канаве. Падбіты танк побач таксама недзе смыліць унутры, на ветры ўюцца рэдкія пасмы дыму, па-ранейшаму смярдзіць бензінам, фарбай, паленай гумай і яшчэ нечым гаркавата-салодкім — ад яго пад грудзямі робіцца блага.
Але чагосьці змаўкае Папоў, яшчэ болей нахмурваецца зацяты Крывёнак; адчуўшы нечаканае, я шукаю ў полі маленькую постаць нашага пасыльнага і таксама дзіўлюся. Ён ужо бяжыць цераз лужок ля ручая, і ўжо відаць некаторыя драбніцы ягонай постаці. І тут мне пачынае здавацца, што гэта не Лёшка і нават не салдат і не мужчына — прытрымліваючы пад пахай нейкую ношу, кідаючы позіркі ў бакі, бяжыць жанчына ў вайсковым.
Самае зоркае вока, аднак, у Папова, ён некалькі секунд востра ўглядаецца ўдалячынь і з радасным здзіўленнем ускрыквае:
— Луся?!
Так, гэта Люся. Як ні недарэчна, але гэта яна. Я і сам ужо бачу і пазнаю, як хуценька мігацяць у траве спрытныя ногі ў чорных халяўках ботаў і развяваецца на ветры залацістая шапка яе валасоў. Пад пахай у яе санітарная сумка, і мне здаецца, што я бачу нават, як глыбока ўрэзваецца почапка ў дзявочыя грудзі. Вядома ж, Люся шыбуе да нас…
Зноў самотнае, тужлівае пачуццё невядома чаму апаноўвае мяне — і няпэўная стрыманая радасць і трывога: чаго бяжыць яна? Мо што здарылася з Лёшкам, можа, яго параніла, і яна нясе нам камбатаў загад? Можа, яна думае, што ён тут, і таму не вытрымала, бяжыць, шукае яго? Але тады не трэба і яе, няхай бы яна лепш не паказвалася нам сёння. А можа, гэта яе паслаў сюды камбат Троцкі з якім загадам? Але не. Чаго гэта Троцкі будзе пасылаць санінструктара, хіба не знайшлося якога салдата ў палку! Я ўсё думаю і не магу даўмецца, чаго яна наважылася на гэта ў такі час, у такую небяспеку, калі мы тут самі сядзім як на вуголлі.
— От маладэц! Ну, маладэц! Ох, Луся! — захапляецца Папоў, узлёгшы жыватом на бруствер, і на яго спатнелым шырокім твары блукае лагодная наіўная ўсмешка. Крывёнак жа, здаецца, да болю сашчапляе сківіцы і, не сказаўшы ні слова, лезе назад у акоп, да сваёй рыдлёўкі.
А я ўжо не магу адарвацца ад Люсі. Яна бяжыць! Не перастаючы, усё мільгаюць і мільгаюць на сонцы яе загарэлыя каленькі і матляюцца-рвуцца з галавы валасы. Яна пераскоквае цераз абмялелы травяністы ручай і, трошкі запаволіўшы бег, узнімаецца на пагорак, дзе мы. Тут яе немцы з дарогі не бачаць, але хутка яна выйдзе на роўнае, і тады будзе самае страшнае. Толькі б праскочыла яго, толькі б паспела!..
Толькі б паспела, але дзе тут паспееш! Занятыя Люсяй, мы не бачым адкуль, толькі раптам на гарматным шчыце лопае і адлятае прэч куля. Папоў ураз спаўзае ніжэй, я таксама прыгінаюся да зямлі, каб не вытыркацца з-за бруствера, і ў той жа час далёкая і кароткая ў пяць куль чарга б'е па пяску і гармаце.
— Сволач немец: у сланечнік хадзі! — кажа Папоў. — Ох, Луся!
Я кладуся на гарачую зямлю пад брустверам і раз-пораз коратка пазіраю туды, дзе павінна паказацца Люся. Апошнія да роўнядзі метры яна прападае з нашага зроку, але павінна вось-вось з'явіцца. Папоў курчыцца пад нізенькім шчытком гарматы, ён занепакоіўся і крычыць на Крывёнка:
— Што ты! Кідай лапат, страляй! Скора-скора!
Крывёнак адстаўляе рыдлёўку і высоўвае над брустверам кулямёт. Грукатлівая доўгая чарга б'е па далёкіх сцяблах сланечніку.
І вось Люся паказваецца. Яна выбягае з-за схілу, спыняецца на момант, акідваючы поле вачыма, і зноў бяжыць да нас ужо наўпрасткі. Нам ужо відаць яе твар — успатнелы, змораны, расчырванелы, але такі незвычайна прывабны твар маладой, шчырай і вельмі прыгожай дзяўчыны; трапяткая бліскаўка медаля мігаціць на яе невялічкіх грудзях. Яна азіраецца ў бакі, паглядвае на нас і, здаецца мне, усміхаецца. Толькі чагосьці яна падае. Скалануўшыся, я высоўваюся з-за бруствера, азіраюся — не, са сланечніку не страляюць. Упёршы куртаты прыклад у плячо, Крывёнак пільна ўзіраецца туды. Ага, гэта з другога боку — з траншэі! Некалькі чэргаў прыглушана даносіцца адтуль — значыць, і там ужо немцы. Але Люся ўсё ж ускоквае і, прыгнуўшыся, шпарка падаецца наперад.
Здаецца, нам будзе блага. Я пазіраю на Папова, ён — на мяне, і мы, разумеючы адзін аднаго, пераводзім погляды ў поле. Калі немцы з абодвух бакоў і спераду — гэта дрэнь. Яны акружаюць нас…
— Лазняк, павяртай! Скора-скора!
Мы ўдвух крыху заносім станіны, Папоў пачынае круціць махавікі, пасля сцішваецца ля прыцэла, і гарматка грымотна падскоквае. Карцеч сотняю куль разбівае дзірван, узнімае на траншэйным брустверы воблака пылу, і аўтаматныя стрэлы сціхаюць. Я зноў зараджаю, але наводчык толькі ўзіраецца ў прыцэл і не страляе.
— Ага, нядобра! — зласліва бурчыць ён. — Ага, прыпаліў!
І Люся, вось яна, вось. Апошнія метры яна паўзе — хуценька, спрытна, толькі варушыцца-выгінаецца ў траве яе вузенькая спіна ды ўсё залацее-рассыпаецца на галаве кучомка валасоў. Ніколі не бачыў я, каб так спрытна поўзалі нават заўзятыя пехацінцы-салдаты. Яшчэ некалькі крокаў, яшчэ! Люся мінае прылеглую кукурузную кучу, падпаўзае да бруствера і спыняецца, з-пад рассыпаных валасоў усмешліва пазірае на нас і аддыхваецца. Я ўвесь напружваюся, быццам мне, а не ёй цяпер пераадолець самае страшнае — бруствер, і сам сабе шапчу:
— Ну, скоранька! Скоранька! Скакай!
І вось яна ўніз галавой куляецца цераз бруствер у глыбіню гарматнага сховішча, падае з пляча сумка з чырвоным крыжам на вечку, і мы кідаемся да дзяўчыны. Не, яна, здаецца, не ранена, яна толькі адкідваецца спінай да сцяны, закідвае голаў і шалёна-шалёна дыхае. Тонкія яе ноздры на роўным ладным носе ходзяць хадуном. Я гляджу, як гэтак жа апантана б'ецца на яе шыі сіненькая жылка, як ціха і вельмі зморана дрыжаць на зямлі яе абадраныя тонкія пальцы, і цёплая пяшчотная хваля расплываецца ў маіх грудзях. Як гэта я мог кепска думаць пра яе, чаму я столькі наверз у думках на яе, — хіба ж не відаць, якая яна самая найлепшая ў свеце, гэта дзяўчына!
— Ой, хлопчыкі! Хлопчыкі!.. — хоча сказаць яна нешта, але яшчэ задыхаецца ад стомы.
— Луся, вада трэба, — кажа Папоў, стоячы перад ёй на каленях. — Няма вада… — ён бездапаможна аблізвае тоўстыя засмяглыя вусны.
Яна паступова адыходзіць ад стомы, раўнее яе дыханне, дзяўчына пазірае на нас, бы шукаючы каго, і позірк яе падае на раскіданыя ногі нябожчыкаў. Трывожная засмучанасць ураз гасіць усё ранейшае ўзбуджэнне на яе твары.
— Хто гэта?
— Адзін пехацінец, — кажу я. — А там камандзір і Лук'янаў.
— Камандзір?
— Камандыр, Луся, камандыр, — уздыхае Папоў.
Мы чакаем, што яна скажа нам, я трошкі супакойваюся ўжо ад трывог за яе, мяне цяпер пачынаюць трывожыць немцы, што абыходзяць нас з двух бакоў. Але Люся, наморшчыўшы пераноссе, журботна ўглядаецца ў забітых і маўчыць. Тады Папоў пытаецца:
— Задарожны прападал?
Яна абуджаецца са змярцвення, уздыхае, падкурчвае пад сябе ногі, папраўляе кароценькую спаднічку на абдзёртых да крыві каленьках і тлумачыць:
— Задарожны паранены. У руку. Прыйшоў у санроту перавязвацца, кажа: да хлопцаў бег, не дабег. Ды куды яму, параненаму! Ну, то я і пабегла.
Штосьці нядобрае ўстрывожвае мяне.
— Што, здорава паранены?
— Ат, драпіна, — махае рукой Люся і прыкусвае губу.
— А нашто вам трэ было бегчы? — ваўкавата пытаюся я ў дзяўчыны.
— Дазвол вам прынесла, — кажа яна. — Сказаў камбат расстраляць снарады і прабівацца. Там дужа цяжка. Танкі сорак чацвёрты полк акружылі. Гаўбічнікі ўсе загінулі. Цяпер самаходчыкі б'юцца.
Я не слухаю ўжо апошніх яе слоў — сэнс новага загаду панылаю млоснасцю распаўзаецца ў целе. Куды ж тут праб'ешся цяпер, каб хоць гадзіну раней! Папоў, расшырыўшы свае вузкія, з прыпухлымі павекамі вочы, нейкі час няўцямна пазірае на Люсю, а затым злосна плюе ў пясок.
— Позна! Нашто бегла? Дарма бегла! Там Гітлер, там Гітлер, там Гітлер, — тыцкае ён у бакі. Затым, змаркатнелы, адварочваецца, прыціскае да грудзей перавязаную руку, і грымаса пакуты з'яўляецца на яго твары.
— Ладна, Папоў, не злуйцеся, — уздыхае Люся. — Вы ж мае родныя хлопчыкі. Давайце вашу руку, пагляджу, што там.
Папоў адмахваецца ад яе, адводзіць руку, ёрзае на каленях. У вачах яго — клопат, але рука напэўна ўсё ж баліць, і неўзабаве ён працягвае ёй сваю «ляльку». Люся расшпільвае сумку, хуткімі трапяткімі пальцамі нешта перабірае там і дастае бінт з ёдам.
У той час з-за пляцоўкі, з акопа, доўгай чаргой грукае кулямёт Крывёнка. Папоў вырывае ў Люсі так і не разбінтаваную руку і, прыгнуўшыся, грабецца да гарматы. Я бяру аўтамат і лезу за ім.
Ну, вядома ж, на нас ужо ідуць немцы. Са сланечніку іх высыпае ў поле чалавек з дваццаць, яны на хаду, не цэлячыся, пачынаюць лупіць з аўтаматаў. Кулі сцябаюць бруствер, цокаюць па метале гарматы, джагаюць у паветры над агнявой. З другога боку — з пехацінскай траншэі, таксама выскокваюць і бягуць сюды.
Вось яно, здаецца, пачынаецца самае горшае. І Люся!.. Трэба ж было ёй улезці ў гэтую пастку, бегчы сюды — дурное дзяўчо! Якога д'ябла сунулася сюды па сваёй ахвоце? Цяпер вось прападзе нізашто…
Крывёнак дробна калоціцца за кулямётам, і той шалёна пырскае наўкола гарачымі гільзамі. Папоў цэліцца ў тых, што бягуць ад траншэі. Я з гільзаю ў руках курчуся між станін і, напяўшыся ўсім целам, чакаю першага стрэлу. Але Папоў марудзіць, і я ведаю: ён падпускае бліжэй, — блізка ўжо ім паратунку не будзе. Добра, што Крывёнак прывалок яшчэ скрынку, бо карцечы ў нас засталося толькі сем гільз — восьмая ў мяне ў руках, адна ў ствале, адну мы ўжо выпусцілі… «Трымайся, Лазняк, трымайся! Трывай! Час твой настаў, проба твае годнасці прадаўжаецца. Помні, помні каляіны!»
— Гах! — рвецца назад гармата, і ўсё тоне ў дзікай калатнечы грому, бліскавіц, пылу і гарачых, задышлівых думак…