Густы і імпэтны, як горны абвал, роў пікіроўшчыкаў штурхае мяне ад сцяны сховішча. Я ўжо не думаю, што гэта канец, паглыбленым падсвядомым пачуццём я перажыў яго і гатовы прыняць смерць, толькі нестрываны сум агартае мяне ад думкі, што не ўдасца ўберагчы Люсю. Так і пагінем мы, і ніхто ніколі не даведаецца, як я любіў яе. Але ўгары пранозліва завывае — я штурхаю Люсю ў кут, і ў той жа час першая бомба выбівае з-пад мяне зямлю. Наступныя выбухі абрушваюць на нас цяжкія земляныя глыбы. Гасне сонца. Паветра б'е тугімі пыльнымі хвалямі. Скрозь зямля, агонь і пякельная лютасць выбухаў. Ашчаперыўшы голаў, я курчуся ў куце, як магу, затуляю Люсю і заціскаю між калень аўтамат. Дзяўчына з кожным выбухам уздрыгвае, гэтак жа ўздрыгвае зямля, дрыжу і я. Пэўна, няма такой чалавечае сілы, якая б не была падуладна страшнай сіле выбуху. Бомбы рвуцца па тры адразу. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Тр-р-рах!» — зямля храпае на ўсю глыбіню, здаецца, расчэпіцца, як вялізны спелы кавун. Я сціскаюся, напружваюся — роў бліжае, візг і зноў «тр-р-рах! тр-р-рах! тр-р-рах!».
Дзевяць выбухаў міма. Наўкола яшчэ шастае зямля, зверху асыпаюцца хмары пяску, узнятага бомбамі, роў глушэе, але зараз жа нарастае зноў. Я не ведаю, ці жывая Люся, яна сціснулася за маёй спінай, праз пыл мне не відаць самалётаў, але, здаецца, яны ўжо ўваходзяць у піке. Я чую, як адрываюцца і разам з ровам шыбуюць на нас бомбы. «Тр-р-рах» — б'е недзе па акопу Крывёнка. Прапаў хлопец, мільгае думка, зараз жа новы віск і — «тр-р-рах!». Другога выбуху чамусьці няма, можа, бомба не ўзарвалася? Трошкі расслабеўшы целам, я чакаю заходу трэцяга пікіроўшчыка. Пакуль мы жывыя, але няўжо загінем ад апошняга выбуху? Павінны ж у іх скончыцца ўрэшце гэтыя праклятыя бомбы.
Трэці «лапатнік» трошкі замаруджвае, пыл паспявае асесці, пакуль ён заходзіць ад сонца. Па перакапанай агнявой мільгае спачатку ягоны імклівы цень, і затым прарэзліва вішчаць бомбы. Яны рвуцца трохі збоч, і ў мяне з'яўляецца надзея — уцалелі! Я яшчэ баюся паверыць у яе, але гул аддаляецца — цяпер трэба чакаць пяхоты. Я адхінаюся ад Люсі — яна ўскідвае голаў, і з яе валасоў сыплецца пясок, — абое мы скрозь у зямлі. Забітых закідала таксама, з-пад грудаў тырчаць адны толькі ногі. У Панасюка, пэўна асколкам, распораты чаравік, з якога вылез клык бруднае анучы. Я атрэхваю з аўтамата пясок і ўскокваю. Бруствера амаль што няма, сховішча заваліла зямлёй, падбітая гармата скасабочылася, адна станіна задралася сашніком угору.
Немцы! Яны бягуць са сланечніку ў поле, далей нам у тыл, пад вёску — відаць, як матляюцца почапкі іх аўтаматаў. Двое бліжэйшых засцярожліва прыгінаюцца і, бегучы, пазіраюць у наш бок.
Я тузаю рукаятку і, торапка прыцэліўшыся, тыркаю аўтаматам раз, другі, трэці, аднак немцы ўсё бягуць і бягуць. Відаць, для аўтамата да іх крыху далёка. Але чаму маўчыць кулямёт? Няўжо?..
— Крывёнак! Крывёнак! — крычу я. — Агонь. Чуеш? Агонь!
Я бачу яго — ён жывы і сядзіць у закутку свайго таксама абрушанага і змялелага акопа — счарнелы зусім, як цыган, і асалавела глядзіць на мяне. Рот ягоны адкрыты, і на твары грымаса адчаю.
— Агонь! Бачыш? Крывёнак!
— Да д'ябла! Да д'ябла ўсё!!! — раптам крычыць ён такім голасам, ад якога ў мяне скаланаецца сэрца, і ўскоквае. Ён выцягвае з зямлі свае босыя, без ботаў, ногі, і, хістаючыся, вылазіць з акопа да нас. Кулямёта яго не відаць.
— Да д'ябла сядзець! Прарывацца! Хопіць трываць! Чуеш? — крычыць і лаецца ён, увальваючыся ў наша разбуранае сховішча. Я закусваю вусны і нейкі час не магу сцяміць, што сталася з ім, а хлопец хапае ля маіх ног гранаты, Люсін аўтамат.
— Выбірацца адсюль! Даволі! Прарывацца! Ну?! — крычыць ён і кідаецца на бруствер.
— Стой!
Я хапаю яго за нагу, ён падае ў сховішча, крутнуўшыся, ускоквае на калені і ўпірае ў мяне асалавелы ад гора і нянавісці позірк.
— Ага! І ты! І ты з-за яе? І табе яна люба? Геройства трэба? Геройства! Той у тыле герой! А ты — тут! Гэта яна ўсё нарабіла, — размахваючы кулакамі, крычыць ён да Люсі; на вуснах яго пена. — Чаго ты прыбегла? Каго ты шкадуеш? Яго? Нас? Ты — мучыцелька! Гадаўка ты, от! Ух, усе сволачы! Гады!
Гэтага я не чакаў. Гэта не слабасць — гэта шаленства, агіднасць і дурасць. Ён звар'яцеў. У мяне ўзнімаецца ўнутры гняўлівая злосць на яго і таксама сціскаюцца кулакі. Але ж немцы! Я зноў выглядаю — немцаў ужо няма, — частка іх з тых падбітых на дарозе машын, пэўна, ужо прарвалася ў лагчыну ў наш тыл, у фланг палка… Тады і кідаюся да хлопца і хапаю яго за плячо.
— Сціхні! — крычу я таксама нервова, паддаючыся яго шаленству. — Змоўкні. Ачумеў, дурань!..
У чорных ашалелых Крывёнкавых вачах жах і безразважнасць, стоячы на каленях, ён выпучвае грудзі, хрыпіць і насядае на мяне.
— Ага! Біць? Бі!!! Страляй!!! На, страляй!!! На!
Ён ірве на грудзях гімнасцёрку; трэснуўшы, тая распаўзаецца да самага падола, затым яго дрыготкія пальцы шкуматаюць сарочку. Я хапаю яго за грудзі, прыціскаю да сцяны сховішча, ён тузаецца пада мной, ірвецца і раптам сціхае. Рукі яго бяссільна ападаюць, і цела скаланае бязгучны ўнутраны плач. Я штурхаю яго на дол, прэч ад сябе, і сядаю ўбок. Дзве слязіны скочваюцца па запалых Люсіных шчоках, яна не выцірае іх і не саромеецца, толькі з нямым крыўдлівым дакорам глядзіць на Крывёнка, які нерухома ляжыць, уткнуўшы твар у зямлю.
— Герой! — ледзьве стрымліваючы злосць, кажу я са здзекам. — Прарвацца! Куды ты прарвешся? На той свет? Эх ты!
— Піць!.. — аднымі вуснамі шэпча тым часам Лук'янаў. — Піць…
Люся ўздрыгвае, сціскае сківіцы, на яе схуднелых замурзаных шчоках праступаюць жаўлакі. А побач варушыцца, упіраецца локцямі ў зямлю немец. Ён, здаецца, спрабуе ўстаць, павярнуцца, але гэта яму не ўдаецца, і тады ён роспачна просіць:
— Васэр! Айн шлюк васэр! Паўль!..
Люся сціскаецца ў камячок і курчыцца пад адным трошкі ўцалелым бокам нашага сховішча. У вялікіх яе вачах нейкі роздум, боль і зняменне.
Паляжаўшы з хвіліну, паднімаецца, сядае Крывёнак. Чорная, з раскудлачанымі валасамі ягоная галава падае на рукі, бяссільна пакладзеныя на калені. Я гляджу на яго босыя ногі, на плечы з адарванымі пагонамі. Рукаў ніжэй пляча рассечаны асколкам, на баку мокрая крывавая пляма. Хваляванне і трывога не даюць мне даўмецца, што ўсё ж сталася з хлопцам, які заўсёды быў цвёрды, разумны і ў цяжкую хвіліну паводзіў сябе як трэба. Няўжо гэта нервы? Цяпер ён аслабелы, бездапаможны, я адчуваю гэта, але не хачу супакойваць, угаворваць яго. На яго аслабеласць — ведаю я — трэба больш строгасці, патрэбна суровасць. Але мне некалі дадумваць усё гэта — я баюся, каб да нас блізка не падышлі немцы, і кідаюся да разбітага бруствера.
Навокал агнявой — пыльная земляная дрыгва. Увесь бліжэйшы травяністы абшар перакапаны, нібы яго парыў статак нейкіх вялізных дзікоў, — скрозь варонкі, земляныя вывараціны. Немцаў ужо нідзе не відаць.
— Ладна, усё! — паспакайнела, але ўсё яшчэ нервова кідае Крывёнак. — Што рабіць будзем? Кулямёта няма.
— А што рабіць? — як мага спакайней пытаюся я. — Вылезеш — тут цябе і пакладуць. Навек! А з ім як быць? — ківаю я на Лук'янава.
Я, мабыць, не менш, чым ён, намагаюся цяпер, каб як утрымаць сябе ў стане раўнавагі, трывожнае адчуванне не зменшылася, ведаю — небяспека ад нас не аддалілася.
— Мне чорт з ім — гінуць, дык гінуць. Толькі за таго не хачу. Не хачу! — кажа Крывёнак, і ягоны голас зрываецца на крык.
— Чаму гэта за яго? Ты за каго ваюеш?
— Як за каго? За сябе! За каго я павінен ваяваць?
— Мала, відаць, з табой палітзаняткаў праводзілі.
— Палітзаня-я-яткі! — адразу раздражняючыся, кажа хлопец. — На палітзанятках адно, а тут другое. Мы прападзём, а ён ордэн на грудзі прычэпіць ды будзе дзевак ахмурваць. Хіба не так!
Можа, і так, можа, і не, але я маўчу. Крывёнак нешта думае, седзячы ўнізе, пэўна ад болю, моршчыцца і адною рукой бярэцца за свой паранены бок. Люся паварочваецца да яго і так, нібы не было між намі ніякае сваркі, кажа:
— Паўлік, знімай гімнасцёрку — пагляджу.
Крывёнак паднімае на яе злосны, скалечаны шрамам твар.
— Навошта? Навошта! Яго даглядай! Мне не трэба! Я не прыгажун! Не герой! Я штрафнік! Што я табе?..
— Змоўкні! — з лютасцю гыркаю я. Крывёнак пераводзіць на мяне поўны нянавісці позірк.
— Што?.. Бабскі заступнік?
Мяне скаланае ад абурэння і злосці на яго.
— Дурань ты! Балда! — крычу я. — Асліная ты галава! Што ты разумееш! Завошта ты яе крыўдзіш? Задарожны сволач. Ён сачкануў, каб не ісці сюды. А яна бегла! Яна дзеля нас! Па-добраму! Па-чалавечы! А ты? Чаго ты дурнееш? Чаго шалееш?
Крывёнак скіроўвае на мяне нерухомыя вочы — у іх збянтэжанасць, няўпэўненасць, здаецца, ён збіты з панталыку маімі словамі. А Люся, неяк далёкая ад усёй гэтай нашай сваркі, нібы загнаны ў пастку звярок, туліцца да земляной сцяны, вочы яе поўныя напружання, але яна не плача — яна з усяе сілы імкнецца стрымаць-задушыць роспач і крыўду ў сабе.
— Піць!.. Піць!! — выдыхае Лук'янаў і грабе зямлю пальцамі. Люся ў тугі вузельчык збірае на лбе бровы, і я разумею, як ёй пакутна ад сваёй бездапаможнасці. А тут яшчэ ўсё не памірае, усё варушыцца, дрыжыць немец і таксама спалохана, трывожна просіць:
— Паўль! Васэр! Васэр!
Гэта нясцерпна — бачыць апошнія пакуты людзей, але мы не маем чым дапамагчы ім, і я адварочваюся. Я кладуся ніцма на разбіты бруствер і гляджу ў поле. Я хачу адно толькі — перамагчы трывогу ў сабе, супакоіцца, бо калі і я не стрываю, як гэты Крывёнак, дык мы па-дурному загінем.
Па траншэі ідуць немцы. Я зноў бачу, як мільгаюць над брустверам іх каскі, цёмныя пілоткі — яны ідуць некуды ў тыл, на фланг нашай прарванай абароны. Відаць, яны да часу махнулі рукой на нашу агнявую і спакойна абыходзяць яе.
— Агонь! — кажу я самому сабе. — Агонь!
Але які агонь! Мой аўтамат выпускае са дзве чаргі і моўкне — затвор у апошні раз тупа лязгае і болей ужо не ўзводзіцца. Люся ў сховішчы поўзае на каленях і перакідвае магазіны, яе аўтамат таксама без дыска. Крывёнак абыякава сядзіць на зямлі, нізка апусціўшы голаў.
Ну што ж, засталіся гранаты…
Я бяру ля Лук'янава непатрэбную ўжо яму лімонку, выцягваю з зямлі РГД і па чарзе паварочваю іх рукаяткі. У проразях з'яўляюцца чырвоныя плямкі — гранаты на баявым узводзе. Піхаю іх у кішэні. Цяпер будзем чакаць.
— Пі-і-іць… Пі-і-іць… — енчыць ззаду непрытомны Лук'янаў.
Я не адрываю погляду ад траншэі — ведаю, рана ці позна яны ўсё ж палезуць на нас. Сонца ўжо садзіцца, яно слепіць вочы, але трэба глядзець, не празяваць. Я трошкі супакойваюся, расслабляюся, як раптам мяне скаланае спалоханы крык Крывёнка:
— Люся!!!
У голасе яго такі жах, што я на секунду мярцвею, крутнуўшыся, азіраюся — але позна. На брустверы мільгаюць толькі Люсіны боты, і яна адразу ж знікае ў бліжэйшай глыбокай варонцы. Мяне кідае ад страху — што яна ўздумала? Чаго яна? Няўжо і яна?
— Люся! Ты куды? Люся!!!
Але яна, не адказваючы, зараз жа выскоквае з варонкі, кідаецца на засыпаную зямлёй траву і хутка-хутка паўзе збоч танка. Вось яна ўжо мінае яго, страсянуўшы галавой, адкідвае з ілба валасы і паўзе, паўзе далей. Я, сцяўшыся, назіраю за ёй і толькі тады разумею — гэта яна да бліжэйшага забітага немца. У дзвюх руках я сціскаю гранаты, акідваю позіркам прасцяг, здаецца, ворагаў не відаць, але хто іх ведае… Сланечнік за дзвесце крокаў ад нас.
Люся падпаўзае да немца і трохі часу поркаецца над ім. Так, здаецца, яна знайшла там тое, чаго шукала, — у руках яе з'яўляецца біклага, і дзяўчына паварочвае назад. Азіраючыся ва ўсе бакі, яна хуценька, спрытна паўзе, зноў знікае на момант у варонцы і зноў паказваецца, і тады са сланечніку б'е першая доўгая чарга.
Кулі няроўным касым шнурам пыльна джагаюць па раскапанай зямлі. Люся ўздрыгвае, прыціхае на момант, азіраецца і яшчэ хутчэй падаецца наперад. Пачуўшы нядобрае, да мяне на бруствер кідаецца Крывёнак, я адчуваю, як ён упіваецца ў зямлю рукамі і замірае. У мяне ў самога халадзее сэрца, але што мы можам зрабіць без патронаў.
Яна ўжо блізка. Нізка схіліўшы голаў, яна ўпарта дабіраецца да нас. У адной яе руцэ абшытая войлакам нямецкая фляжка (напэўна, вада!), у другой нейкая сумка ці кабур. Ну хутчэй жа, хутчэй, дарагая дзяўчынка! Са сланечніку зноў грукоча чарга, і зноў абмірае маё сэрца. Але Люся паўзе. Яна кіруе ў акоп, дзе дагэтуль сядзеў Крывёнак, — туды ёй бліжэй, чым у наша сховішча. Крывёнак падхопліваецца і рынаецца цераз пляцоўку. Я з гранатамі кідаюся следам.
Тут трошкі глыбей і схоўней. Люся ўжо блізка, яна падпаўзае ўжо да першых грудоў бруствера. Пэўна, у нашых вачах вялікі спалох і страх за яе, бо яна, сустрэўшы нашыя позіркі, абнадзеена ўсміхаецца зводдаль. Гэтая яе ўсмешка пераварочвае ўсё ў маім нутры, — я хачу закрычаць і вылаяцца ад напружання і страху за яе — столькі нясцерпнасці абрушыла яна ў маю душу гэтым сваім учынкам! Але яна ўжо ўзнімаецца на ўцалелы тут бруствер. Крывёнак, не зважаючы на нябеспеку, устае на ўвесь рост і выцягвае насустрач ёй рукі. Яна цягне свае да яго, прыўстае на каленях і раптам падае…