7

Наш камандзір прыбягае на агнявую задыханы, здаецца, раззлаваны, і з першых яго слоў мы адчуваем, што сталася нешта кепскае. Яшчэ не дабегшы да гарматы, ён незадаволена і сіпавата гукае:

— Ну што?! Дзе рыдлёўкі? Лазняк — ты? Давай сюды ўсе рыдлёўкі — капаць будзем. Жыва! Нечага рот разяўляць! Чулі ось? Ну дык жыва!

Мы яшчэ дрэнна разумеем яго, а ён ужо хапае з прыступкаў першую рыдлёўку, якой надвячоркам Лёшка дражніў снайпера, і збоч ад гарматы пачынае раскопваць зямлю.

— Лук'янаў! — гукае Жаўтых. — Мерай адсюль восем крокаў і пачынай. Дзе Задарожны?

— Задарожнага няма, — кажа Папоў. — Задарожны без дазвол пашол з Лусай.

— Куды пайшоў? Дармаед! Ну, хай прыйдзе! Свавольнік! Валацуга! — злуецца камандзір і сапе, раскопваючы бруствер. — Лазняк! — зноў гукае ён мяне. — Прыбяры кукурузу. Убок яе.

— А што, усё ж страляць будзем? — з затоенай трывогай пытаецца Лук'янаў. Жаўтых здзіўляецца:

— А то як жа? Чулі, што робіцца? Немец праходы размініруе. Зразумеў?

Лук'янаў няўцямна выпростваецца з рыдлёўкай, паварочваецца да гарматы Папоў — здзіўленыя, мы глядзім на нашага камандзіра і чакаем тлумачэнняў.

— Ну, што раты разявілі?! — крыкліва злуецца Жаўтых і перастае капаць. — Не зразумелі? Заўтра зразумееце. Чулі — гуло?

— Чулі, — кажу я.

— Ну от! Дарма не гудзе — запомніце! — кідае Жаўтых і зноў з ярасцю налягае на бруствер, у якім трэба пракапаць шырокую траншэю — сховішча для нашай гарматы.

На нейкі час мы заміраем ад нечаканасці і прадчування ліха, што ўсё бліжэй падступае да нас. Зноў трывожны клопат агартае душы — але пакутаваць няма калі. Папоў першы пераадольвае здранцвенне і моўчкі бярэцца за рыдлёўку. Пачынаем капаць і мы.

Яшчэ праз колькі часу ўсе мы дружна налягаем на рыдлёўкі, ва ўсе бакі выкідваем з яміны зямлю, — часу да ранку засталося не дужа многа, а выкапаць трэба багата. Нядаўняе наша нежаданне рабіць — ужо забыта, мы цяпер разумеем, што заўтра хопіць гора ўсім — і пяхоце, і гаўбічнікам, і нам і што дзяліцца тут няма чым.

— Значыцца, так! — цяжка сапучы і адкашліваючыся, кажа наш камандзір. Ён убівае ў зямлю рыдлёўку, знімае сумку, распяразваецца і адкідвае ўсё гэта далей, да гарматы. — Значыць, так. Заўтра перш-наперш на золку разбіваем кулямёт. У што б там ні стала! Камандзір палка сам загадаў. Так што трэба пастарацца.

Жаўтых плюе ў далоні і зноў дыхавічна бярэцца за працу. Побач з ім капае Лук'янаў. Ён ашчадна, бы зямля — якая дарагая рэч, калупае рыдлёўкай, падбірае з долу і паціху выносіць на бруствер. Пасля некалькіх выкінутых рыдлёвак спыняецца і адпачывае з хвіліну. Гэткі працоўны тэмп Лук'янава калісьці раздражняў нас, Задарожны нават сварыўся з ім, але пасля мы прыгледзеліся і зразумелі, што гэты слабасільны, тонкі, надламаны палонам чалавек інакш і не можа. Цяпер мы прывыклі да яго і не звяртаем на тое ўвагі. Папоў, як і заўжды, робіць у нас самую тонкую справу — раўняе скос у доле, па якім заўтра прыйдзецца закочваць гармату ў сховішча. Ён робіць гэта старанна і ўвішна, — усё калупаецца і калупаецца, сагнуўшыся ў чорным доле. Крывёнак кідае зямлю рыўкамі: то вельмі часта, з тупою ярасцю, то замаруджвае тэмп, часам спыняецца, быццам задумваецца аб чымсьці, і ўсё азіраецца туды, назад, у наш тыл. Я ведаю, каго ён чакае, і здагадваюся, што непакоіць яго, але рашаю сам сабе маўчаць, адно толькі капаць, капаць да пякоткіх мазалёў на далонях. Але вось Крывёнак выпростваецца і паварочваецца да мяне:

— Чуеш? Даўно была?

— З гадзіну назад, мусіць.

— Доўга? Гутарылі?

— Ніколечкі. Адразу пайшла, і ён за ёй.

Крывёнак змаўкае і самотна паглядвае на сцежку. Нашу размову, напэўна, чуе Лук'янаў. Асцярожна ўпраўляючыся з рыдлёўкай, ён кажа:

— Распусцілі яго. Чалавека такога жывёльнага інтэлекту трэба выхоўваць. А ў нас ён на поўнай самастойнасці.

— Ага, выхаваеш яго! — глуха і зморана адзываецца Жаўтых. — Ён выхавацелям усе пальцы адгрызе. Глядзі, дакуль няма! Ну, хай прыйдзе, дармаед, футбаліст гэты. Ён у мяне папомніць!

Ад рыдлёўкі разгінаецца Папоў і кажа з заўсягдашняй сваёй разважнасцю:

— Лошка смелы. Лошка дужы — добра! Лошка хітры, Лошка ўпарты — нядобра. Марал чытай многа — не трэба. Марал чытай мала — трэба. Так я думай.

— Я яму дам, — сапе Жаўтых, шырока адмахваючы рыдлёўкай. — Хай толькі прыйдзе! Праўда, Аднавухі? — пытаецца ён у Крывёнка.

— Не гразіліся б, а даўно далі б.

— Даўно не было як. А тут не спушчу. Іш, прыліп да дзеўкі! І Люська, глядзі ты, не адшые.

— Люся нічога, — кажа Лук'янаў. — Яна разумная дзяўчына.

— Разумная? — з'едліва перадражнівае Жаўтых. — Пры чым тут розум? Ён вунь які бугай — на тое глядзі! А то — разумная.

— Мне здаецца — нічога асаблівага! — перастае капаць Лук'янаў. — Яны людзі розных узроўняў. А гэта даволі стрымліваючы фактар.

Жаўтых няпэўна чмыхае, сморкаецца, таксама выпростваецца і прыхінаецца да сцяны сховішча.

— От кажаш — фактар! Ведаеш, у нас было дзела, на Кубані. Фельчарка адна была ў станіцы, маладая, нішто сабе з аздобы, адукаваная, вядома, і так далей. І што думаеш? Адна, а вакол усе простыя. Прыспела дзеўцы замуж і выскачыла за нашага хахла. Так нішто быў хлопец. А пасля заганарыўся: як жа — жонка — фельчарка! Разбэсціўся, піць пачаў. І біў. І колькі яна нацярпелася ад яго. Мусіла цярпець, бо дзеці. От табе і фактар!

— Магчыма і такая сітуацыя, — падумаўшы, кажа Лук'янаў. — Але гэта нетыпова. Жанчына таксама выбірае. І куды больш старанна, чым гэта робіць мужчына. Асабліва такі, як Задарожны.

Праз гадзіну сховішча амаль што гатова, застаецца толькі падчысціць скос ды прарэзаць вузкую шчыліну ў беразе — для ствала. У гэты час на агнявой з'яўляецца Лёшка. Ён нячутна са змроку падыходзіць да нас марудлівым крокам і зморана сядае наверсе — на свежы, толькі што выкінуты з ямы глей. Я, мабыць, першы заўважаю яго крутаплечую постаць, пасрэбраную месцамі, і нешта нядобрае, помслівае з'яўляецца ў маім нутры.

— Усё ж капаем? — кажа Задарожны са здзеклівым спачуваннем. — Ну і ну!

Хлопцы паварочваюцца да яго і маўчаць, перастаўшы капаць, адзін толькі Папоў калупаецца ў самым глыбокім месцы — ён праразае шчыліну.

— Прыйшоў, дармаед?! — пагрозліва пачынае Жаўтых. — Дзе бадзяўся? Хто табе дазваляў? Мы што — ішакі на цябе працаваць? Га? Адказвай!

Але Задарожны не адказвае і не бянтэжыцца ад такой сустрэчы, — ён нават усміхаецца — мне зблізку відаць, як бліскаюць у яго роце шырокія чыстыя зубы.

— Эхма! Ну што крычыце?! Што вы разумееце ў высокіх матэрыях! — спакойна і крышку фанабэрыста кажа ён.

— Глядзі ты! — амаль крычыць камандзір. — Ён яшчэ нас дакарае! Ах ты нягоднік! А ну марш капаць! Я табе пакажу брындаць усю ноч! Вайна тут табе ці пагулянкі?

Задарожны, аднак, зусім не звяртае ўвагі на камандзіра, бы і не чуе яго.

— Усё ерунда, браткі! — нейкім разважным, уціхаміраным тонам аб'яўляе ён. — Капітуляцыя. Была Люська і кокнула! Законна!

Ад тых слоў з хлопцамі штосьці робіцца. Я адчуваю, як побач уздрыгвае Крывёнак, як насцярожваецца і пільна ўзіраецца ў Лёшку Лук'янаў, нават Жаўтых і той на момант перастае крычаць і нібы слупянее.

— Капітуляцыя! — смяецца Задарожны, адзначыўшы наша здзіўленне. — Гітлер капут і так далей! А дзяўчынка першы сорт, свежанінка! От пабрыкалася!..

— Паганец! — сіпата кідае яму Жаўтых, і я мярцвею, толькі цяпер зразумеўшы сэнс усёй гэтай яго пахвальбы. Крыўда, злосць і нянавісць да яго скручваюць маю волю ў тугі, балючы вузел, сціскаюцца зубы, і душу раздзірае немы крык: «Паганец! Сволач! Гад!» Збянтэжаны і прыдушаны, я стаю з рыдлёўкай, не ведаючы, што і думаць, і толькі заўважаю, як гэтая вестка неяк нейтралізуе гнеў Жаўтыха і ён, здаецца, не ведае, што сказаць.

— Бяры рыдлёўку, і капаць! — паспакайнеўшы пасля прыпадку злосці, загадвае Жаўтых, і мяне абурае, што ён гэтак хутка адышоў ад свайго грознага гневу, — я ж прагну Задарожнаму кары. Але Задарожнаму хоць бы што. Ён не спяшаецца выконваць загад, а сядзіць на брустверы, лена раскінуўшы калені, і месяц цьмяна высвечвае яго круты лоб.

— От насовачка на памяць, глядзі! — бессаромна хваліцца ён. — Заўтра прыйдзе зноў. У адно месца. Хоць жаніся цяпер. Законна! Хе-хе.

Хлопцы капаюць сабе, роўна блішчыць у небе месяц, а ва мне раптам узгараецца нейкае сляпое шаленства. Чорная хваля гневу кідае мяне з яміны, я падскокваю да задаволена-ўціхаміранага Задарожнага і з усяго маху моцна б'ю яго кулаком у твар — раз, другі, трэці.

— Ух! — ускрыквае Лёшка і з дзівосным спрытам ускоквае на ногі. Прыгнуўшы па-бычы голаў, ён адразу рынаецца на мяне, б'е мне галавой у грудзі, збівае з ног і навальваецца ўсім сваім цяжкім здаравенным целам. У мяне запінае дыханне, але шаленства надае мне сілы, я як мага выкручваюся, стараюся вырвацца і яшчэ садануць у яго ненавісны ўкормлены твар.

— Стойце! Стой!!! — крычыць недзе Жаўтых. — Ашалелі, сабакі!

Я рвуся што ёсць моцы, ад Задарожнага патыхае лютаю сілай, ён шалее, заломвае мае рукі і б'е патыліцай аб зямлю. «Ух ты, сволач!» — крычу я ў думках, напружваюся, ускідваю нагамі, і мы абодва з бруствера рынаем у сховішча.

Тут я адрываюся ад яго, ён зараз жа кідаецца зноў, але тут сцяна, я ўстойваю на нагах і сустракаю яго кулакамі.

Нас, аднак, разнімаюць. Жаўтых, Папоў і Крывёнак хапаюць Задарожнага ззаду, адрываюць ад мяне, я выкручваюся ўбок, трошкі апамятваюся, — здаецца, я даў яму — хай помніць. Задыханы, выходжу на пляцоўку, прысланяюся да нашай гарматы і ледзьве стрымліваю сэрца ў грудзях.

— Сапляк! Сволач! Я табе морду ў біфштэкс перараблю! Біцца мне? — таксама задыханы, грыміць здаля Задарожны і тузаецца з рук хлопцаў.

— Лошка! Лошка! Не трэба! — угаворвае Папоў.

— Якога д'ябла! — са знарочыстай строгасцю ў голасе сіпіць Жаўтых, стоячы перад ім. — Ашалелі, дурні! Апомніцеся! Завошта?

Лук'янаў, прыціхлы і, здаецца, збянтэжаны, стаіць у кутку з рыдлёўкай у руках. У такіх схватках ён, вядома, не ўдзельнічае.

Я аддыхваюся і маўчу. Я не скажу завошта — хай здагадаецца ён, калі здольны на гэта, а іншым не трэба і ведаць. Мне толькі крыўдна трохі, што, здаецца, мне болей, чым яму, перапала ў гэтае бойцы, а так усе яны — і Лёшка, і Люся, і іншыя, хто заадно з імі, — няхай яны ідуць да д'ябла.

Доўга пасля гэтай сутычкі старшы сяржант усё бурчыць — абураецца на нас, а я стараюся працаваць, падбіраю з долу пясок і думаю, што ад Задарожнага чаго іншага і не выпадала чакаць. Але чорт з ім, з Задарожным, у маіх пачуццях пачынае расці-разрастацца гідлівая пагарда да той нашай «чараўніцы», да Люсі. Вядома, што ні ў чым яна не вінавата перад намі і вольная ў сваіх учынках, але я цвёрда перакананы, што ў адносінах да ўсіх нас яна зрабіла нешта злачыннае, за што варта вялікае ганьбы. Яна ашукала нешта светлае ў нас, збэсціла сабою ўвесь людскі род, я не хачу цяпер верыць нікому, я хачу крычаць у ноч брыдкія, паганыя словы ёй, я ненавіджу і яго, і яе — абое яны паўстаюць прада мной аднолькава мярзотныя, агідныя і нізкія.

Загрузка...