Але яна ўсё ж прыходзіць.
Прыходзіць, калі мы ўжо не чакаем яе і моўчкі, паныла сядзім на брустверы. Побач, на агнявой, нешта лязгае затворам Папоў; Жаўтых стаіць на пляцоўцы паміж станін і па-старэчы глуха пакашлівае.
Мы чакаем толькі нашых хлопцаў з вячэрай і здалёк яшчэ чуем у змроку іх крокі. Поўныя іх кацялкі цяпер не бразгаюць, хлопцы мякка ступаюць гумавымі абцасамі сваіх «кірзачоў», але да нас даносіцца іхняя гаворка, і мы ўслухоўваемся. Нешта невыразна буркае адзін голас, — напэўна, Лук'янаў, потым адзываецца другі, гучнейшы, — гэта, відаць, Задарожны, і раптам чуецца тоненькі шчыры дзявочы смех. Крывёнак міжвольна ўздрыгвае, устаўляецца ў цемру засяроджаным пільным поглядам і не кратаецца.
— Вячэра ідзе, — як заўжды глухавата, але з прыкметнай бадзёрасцю ў голасе аб'яўляе Жаўтых. — А ну давай цягні палатку! Ну, што сядзіш? Не чуеш? — буркае ён на Крывёнка і дастае з кішэні вялікі ў драўляным тронку ножык. Гэтым нажом старшы сяржант, як бацька ў вялікай сям'і, заўсёды кроіць у нас хлеб, распячатвае кансервы і б'е цукар.
Пакуль Крывёнак вытрэсвае заплямленую і запыленую за дзень палатку, яны падыходзяць утраіх. Задарожны весела зубаскаліць нешта, яўна адрасаванае Люсі, і яна тоненька, сцішана смяецца.
— Палундра! — жартоўна гукае ён, змрочным ценем падышоўшы да агнявой. — Лыжкі к бою, гвардзейцы!
— Добры вечар вам, — кажа да нас такі незвычайны тут, нейкі мілагучны і любасны голас дзяўчыны. Мы ўсе рознагалоса вітаемся:
— Здрасце!
— Добры вечар!
— Законна! Вечар на «пяць»! — развязна аб'яўляе Задарожны. Ён ставіць на дол кацялкі з крупнікам і чаем, Лук'янаў вымае з-пад пахі бохан і кладзе яго на разасланую Крывёнкам палатку. Але мы ўжо забыліся, што згаладалі, — мы не ведаем, як нам сустракаць, як трымаць сябе перад гэтаю ўвесь дзень чаканаю госцяй. Добра, аднак, што яна не чакае нашага запрашэння — яна тут з намі як дома, — адразу падступае да Жаўтыха, апускаецца на калені і расшпільвае сваю таўшчэзную медыцынскую сумку.
— Вось мазь, — аб'яўляе яна камандзіру. — У нас не было, дык прасіла аднаго — прывёз з медсанбата. Мазаць тры разы на дзень. І вось бінт, новенькі, для перавязкі.
— Ну, дзякуй. Але колькі я ўжо іх перамазаў…
Жаўтых рады ад яе клопату, задаволена сапе і пхае ў кішэню мазь. У яго на назе экзема, якая нямала турбуе камандзіра ў спякотныя дні і якую Люся настойліва лечыць вось ужо каторы тыдзень.
— То былі так сабе. А гэта не такая. Гэта новая, — запэўнівае яго Люся. — Толькі не палянуйцеся мазаць тры разы ў дзень… Яшчэ забылася: медкамісія будзе ў чацвер. Так што, можа, яшчэ які водпуск атрымаеце.
— Ого! — не вытрымлівае Лёшка. — От гэта да! На Кубань! Да Дар'і Амяльянаўны. Здорава.
— Ну, ты!.. Рана яшчэ ржаць! Пабачымо, — кажа Жаўтых і бярэцца за хлеб. Да Люсі нясмела, бы да начальства, падыходзіць Папоў.
— Таварыш Люся. Многа, многа прасіл хачу, — кажа ён і змаўкае.
— Ну што, Папоў, кажы.
— Жона многа, многа пісьмо не слал. Чаму не слал — не знай Папоў. Нада штаб дакумент пішы. Папер пячатка стаў.
— Паслаць запытанне? — здагадваецца Люся.
— Во-во: запытанне…
— Добра. Я папрашу заўтра ў штабе. А скажы мне свой адрас.
Папоў чухае патыліцу і ўздыхае.
— Якуція. Раён Оймякон…
— Гэта ён баіцца, што жонка к шаману перабегла… Пакуль ён тут кукурузу есць, — зазначае Лёшка. Люся крыўдліва папракае яго:
— Ну што вы, Задарожны? Заўсёды з жартамі. Ці нельга сур'езней?
— Жона нету хадзі шаман. Шаман нету Якуція, — сур'ёзна кажа Папоў, робячы націск у слове «Якуція» на «і».
— Не слухай ты яго, Папоў. Я зраблю заўтра, — проста абяцае Люся, збіраючы сваю сумку.
— Ну, давай бліжэй ды павячэрай з намі, — запрашае камандзір Люсю. Тая, аднак, ускоквае з долу.
— Не, не. Вы ешце. Я ўжо…
Яна зашпільвае на баку сумку, і мне раптам становіцца вельмі крыўдна ад таго, што яна вось-вось пойдзе і застануцца адно толькі мае думкі і маё доўгае чаканне новага няскорага вечара. Яна спяшаецца і на хаду заканчвае справы.
— А як у вас з акрыхінам, Лук'янаў, вы ўсё хварэеце? Акрыхін папілі?
— Яшчэ на два прыёмы максімальна, — сцішана, але з нейкаю годнасцю адказвае Лук'янаў.
— Гэта мала. Наце вам яшчэ трохі. Толькі прымаць рэгулярна. А то некаторыя выплёўваюць…
— Ого! З такіх ручак выплёўваць! — прытворна здзіўляецца Лёшка. — Ось мяне ніякая халера не бярэ! А то б з тваіх, Сінявочка, ручак па кілаграму гэтай атруты з'ядаў. Далібог! Каб я здох! Толькі па адной штучцы з пальчыка.
— Ох і весялун вы, Задарожны! Насмешнік! — смяецца Люся.
Жаўтых тым часам раскладвае на палатцы шэсць роўных салдацкіх паек і, бачачы, што мы марудзім разбіраць іх, прывычна гыркае:
— Ну, чаго чакаеце? Калача? А ну хапай мне жыва!
Не, нам няёмка паказаць перад гэтай дзяўчынай нашу галодную нястрыманасць, мы марудзім яшчэ, адзін толькі Задарожны, так, нібы нікога тут чужога няма, усаджваецца на зямлю, па-турэцку падкурчыўшы ногі. Вялізнаю пяцярнёй ён лапае акраец і адразу адкусвае ад яго ладны кавалак.
— Нечага драмаць — крупнік прастыў. Налягай, гвардзія! Сінявочка, калі ласка, да мяне, будзем на пару, так сказаць, есці і так далей, — з лёгкасцю слабадскога дзецюка звяртаецца ён да дзяўчыны. Люся спрабуе яго абысці.
— Не. Вы ешце, а мне яшчэ ў другі разлік, да Скварышава трэба.
— Без цябе? Ні ў жысць, — ускоквае і загароджвае ёй шлях Лёшка. Ён наглавата разводзіць свае разлапістыя рукі і затрымлівае дзяўчыну. — Только зняць пробу. Ну хоць адну лыжачку…
Люсі, відаць, зусім не хочацца есці, але паспрабуй адчапіся ад гэтага Лёшкі. Крывёнак нерухома сядзіць на брустверы і, мне здаецца ў змроку, толькі кусае вусны, гледзячы, як распінаецца Лёшка. Мне таксама чамусьці вельмі ніякавата ад гэтага і вельмі хочацца, каб яна не паслухала Лёшку і пайшла. Па-ранейшаму сумна расставацца з ёю, але гэтая прыліпчывасць Задарожнага становіцца зусім ужо нясцерпнай. І ўсё ж яна не ідзе, а ён далікатна і настойліва бярэ дзяўчыну за яе вузенькія плечы і падводзіць да свайго месца каля палаткі. Мне здаецца, што Люся адштурхне яго нахабныя заграбастыя рукі, я ўжо хачу крыкнуць: «Адчапіся, прытвора!», ды Люся раптам паслухмяна і лёгка сядае з ім поруч, Лёшка рад, ён дамогся свайго і, змяніўшы лісліва-салодкі голас на грубы, гукае ў наш бок:
— Гэй, Крывёнак! Не ясі — дай лыжку!
— Ідзі да д'ябла, — буркае Крывёнак і выцягваецца ў доле, а я ў нейкім бяздумным імкненні дастаю з-за халявы лыжку і даю Люсі. Толькі Люсі яна не дастаецца — Задарожны вырывае яе з маіх рук, а сваю з нахабнаватай услужлівасцю перадае дзяўчыне.
— Ну, я толькі паспытаць, — смеючыся, але, здаецца, задаволена кажа Люся. — Калі вы ўжо такія гасцінныя…
— Мы? Ого! Мы і самога румынскага караля кукурузай накармілі б. Пальчыкі б аблізаў! — самаўпэўнена хваліцца Задарожны. Люся дробненька смяецца і зачэрпвае крупніку. Нейкі час усе маўчаць, бразгаючы ў кацялках, пасля Жаўтых аб'яўляе:
— А крупнік быццам і нішто: есці можна… Ну, што там чуваць у вашых медыцынскіх тылах? — пытаецца ён у дзяўчыны. — Ці хутка нам, дармаедам, у наступленне? А то ўсю малдаўскую кукурузу паямо.
— Ерунда! Куды спяшацца?! Ад кукурузы гэта не залежыць, — кажа Задарожны. Але Жаўтых не любіць, калі яму хто пярэчыць.
— От шмат ты разумееш. Не залежыць! А ну скажы, Лук'янаў, ці залежыць наступленне ад харчу?
— Безумоўна, залежыць, — ціха зазначае Лук'янаў. — Харч — эканамічны фактар, састаўны элемент усіх дзеючых на вайне сіл…
Люся слухае гутарку, з'ядае з Лёшкавага кацялка некалькі лыжак крупніку, але кідае позірк убок і бачыць нас двух на брустверы.
— Што ж гэта: я ем, а хлопцы сядзяць галодныя…
— Ерунда, жывы будуць. Госцю першае месца. Законна!
— Мы не хочам, — бадзёра пацвярджаю я. Крывёнак усё маўчыць, і Люся грозіць мне пальцам.
— Ой, ведаю: змовіліся! І вы, Лазняк, хлусіць сталі — не спадзявалася.
— Ну што вы? — кажу я нейкім не сваім, блазняцкім голасам. — Мы так…
Люся, аднак, ужо ўглядаецца ў панылую постаць Крывёнка.
— А што ж гэта мой рыцар надзьмуўся сёння? Ці, можа, пісьма не дачакаецца? Са шпіталю? — смяецца Люся. Хлопец ёрзае на брустверы і груба кідае:
— А табе якая справа?
— Ну не сярдуй, Паўлік, я ж пажартавала. Ты харошы! — сур'ёзнее Люся.
Крывёнак нешта чмыхае і, пэўна, каб як пераадолець сваю няёмкасць ад дзявочай увагі, пачынае закурваць. Курыць у такі час і гэтак адкрыта нельга, але хлопец, мусіць, забываецца пра гэта і яркім агеньчыкам раздзімае сваю цыгарку.
— А ну асцярожней там! — строга гукае да яго Жаўтых. — Што раскачагарыў!
— Будзем есці, — кажу я Крывёнку. Той не адказвае, маўчыць, і я не настойваю, бо разумею, што робіцца ў яго душы. Але і мне не лягчэй.
«Ось табе і радасць! — думаю я. — Ось і дачакаўся і цяпер вось трывай».
З новым пачуццём болю і прыкрасці я пазіраю на цьмяную постаць Люсі, ледзь не з нянавісцю — на Задарожнага і не магу даўмецца, як гэта яна не бачыць яго прысалоджанай нагласці, не заўважае яго грубаватага жарту, адносіцца да яго так, быццам ён тут найлепшы сярод нас, і мне нават здаецца, што ёй добра так сядзець з ім і есці суп.
— Ну вось так! Павячэралі — дай бог паснедаць, — кажа Жаўтых, выціраючы вусы, і бярэцца за другі кацялок. — Будзем піць чаёк і закурым…
Але папіць чаю яму не ўдаецца. Не спраўляецца ён падняць кацялок, як угары нечакана і таму незразумела спачатку, візгліва ўзвывае:
— Пі-у-у… Пі-у-у… Пі-у-у-у-у-у!!!
— Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах! — ірве ў цемры навокал нас. Гарачыя хвалі ўдараюць у спіны, у твары, абдаюць дробнай зямлёй. Блізкае полымя на момант вырывае з цемры спалоханыя, знямелыя постаці, асляпляе. І зноў угары вые: «Пі-у-у… Пі-у-у!!! Тр-ра-ах!»
— Лажысь! — пагрозліва крычыць Жаўтых. — У акоп!!!
Прыгнуўшыся, хлопцы ўскокваюць, я перавальваюся цераз бруствер і падаю з усімі ў чорную цемру акопа. Нехта навальваецца на мяне, балюча выцяўшы абцасам у спіну. Зямля пад намі рвецца, уздрыгвае раз, другі, трэці: па галавах, скурчаных спінах лапочуць груды, і нечакана зноў усё сціхае.
— Сабакі! — кажа ў напружанай цішы Жаўтых. Штурхаючыся ў цемры, ён пачынае ўставаць. — Засеклі ці наўгад?..
За камандзірам варушацца іншыя, здаецца, усе цэлыя.
— А божачка! І напалохалася ж, — раптам зусім блізка ля мяне адзываецца Люся, і я ўздрыгваю — яе цёплае пругкае і трошкі дрыготкае цела толькі што прыціскалася да маёй спіны. З незразумелай няёмкасцю я паварочваюся, абсыпаю спінай зямлю ў акопе і даю дзяўчыне месца.
Мы ўсе ўстаём у акопе і ўслед за Жаўтыхом пачынаем вылазіць на паверхню, а ля палаткі, быццам нічога і не здарылася, сядзіць Лёшка і даядае суп з кацялка.
— Ну і хуткія ж на пад'ем! — напаўжартоўна і здзекліва кажа ён. — Трах-бах, і ўжо ў траншэі. Ваякі!
Яму ніхто не адказвае, Жаўтых стаіць, услухоўваючыся ў трывожную ціш. Наперадзе, над пагоркамі, узлятае ў неба першая сёння ракета; губляючы агняныя кроплі, яна разгараецца, міргае па кукурузных кучах далёкім мільготкім агнём і гасне.
— А ты не дужа таго! — кажа Жаўтых. — Глядзі, каб калі бокам не вылезла. Дажартуешся.
— Хе! Ерунда! Дзвюм смярцям не бываць — адной не мінаваць. Што мне, падумаеш!..
Хлопцы зноў прысядаюць каля палаткі, недаверліва азіраючыся на чорныя пагоркі, а Люся, пэўна, яшчэ не перажыўшы свайго страху, стаіць на выхадзе з акопа.
— Ой, няўжо вы не баіцеся? — роўным голасам пытаецца яна ў Задарожнага.
— А чаго? І не падумаў.
— Смелы! Зайздрошчу смелым, — кажа яна і ўздыхае. — А я ўсё не прывыкну. Колькі нацярпелася, і ўсё боязна. Трусіха такая…
І тады я бачу Крывёнка. Нікім не заўважаны, ён зацята і маўкліва сядзіць на ранейшым месцы ля бруствера. Трошкі апанураны ад свае нястрыманасці перад дзяўчынай, я бяру з палаткі акраец. Крупніку ўжо няма: перакулены наш кацялок валяецца на зямлі.
Задарожны тым часам са смакам даядае, устае на ўвесь свой немалы рост, пацягваецца, адчуваючы застаялую сілу ў маладым дужым целе, і зноў гаворыць да Люсі:
— Смялей, дзяўчынка! З намі не прападзеш! Хадзем, правяду цябе да другога разліку.
— Не, дзякуй — я сама, — адказвае Люся і выходзіць з агнявой. — Дзе гэта мая сумка? Не памятаю, дзе і кінула.
— Ось тут. У мяне, — нейкім прыдушаным голасам упершыню адзываецца Крывёнак. Лёшка выхоплівае ў яго сумку і аддае Люсі. Яна надзявае яе цераз плячо і абыходзіць агнявую, каб выйсці на сцяжынку ў другі батальён. Поруч ідзе Задарожны.
— Дзякуй за вячэру, хлопчыкі. Да пабачэння.
— Аўфідэрзэй! — па-блазнерску кідае нам Задарожны.
— Прыходзь калі, — кажа Жаўтых Люсі. — Не забывай нас.
— Дзівакі! Як жа вас забыць? Вы ж мае родненькія, — даносіцца зводдаль ласкавы голас, і ў мяне сціскаецца сэрца. Крывёнак пераварочваецца на жывот, і з грудзей яго вырываецца цяжкі, як стогн, уздых.