ВУШЫ


Апошнім часам ёй часта сніліся кашмары. Сёння таксама быў кашмар. I яна ніяк не магла разагнаць у сабе пачуццё адчаю i бездапаможнасці перад той невядомасцю, якая ўсё бліжэй i бліжэй падступалася да яе i абуджала не радасць, як гэта сцвярджаюць ейная маці, бабуля, Аркадзь, а страх. Самы натуральны страх, падмацаваны гэтай начной жудасцю. Ёй хацелася як мага хутчэй пра ўсё забыцца, мітусіцца, рухацца, а яна ўжо з гадзіну, нібыта скаваная, ляжыць у ложку i няма ніякіх сіл падняцца. Калі б тут, побач з ёю, быў Алег, усё было б іначай, але Алег, ейны муж, ужо другі тыдзень у Лондане, i толькі тры тэлефонныя званкі: «Ні хвіліны вольнай! Паседжанне за паседжаннем...» У чалавецтва ўзніклі касмічныя праблемы, але якое дачыненне да ix можа мець біяфізік? Яна паспрабавала падняцца, i адразу з суседняга пакоя адазвалася бабуля Вера:

— Ніначка, ну нарэшце! — зазірнула ў яе пакой.— Прачнулася? А я тут вычытала рэцепт салаты якраз для цябе. Можа, дапамагчы апрануцца?

Ніна вяла крутнула галавой:

— Не-е... У мяне зноў быў кашмар. Пасядзі трошкі ca мною.

Бабуля села побач на ложак. Ніна прытулілася да яе, уткнулася тварам у цёплае плячо. Да горла падступіў даўкі, гарачы камяк.

— Бабулечка, мне прыснілася, што ўсё... Я разрадзілася.

— Ну то й добра, Ніначка. Хтосьці падае вестачку, што ўжо вось-вось

— Я не хачу!.. Не хачу... Абдымі! Пагладзь мяне! — Ніну душылі слёзы.— Гэта быў кашмар! Як i сказаў доктар, у мяне нарадзіўся хлопчык. Але... Але, бабулечка... Ён быў ненармальны. Не такі, як усе мы. Нейкі страшны мутант. Бабулечка... У яго былі свіныя вушы! — выдыхнула яна праз пакутлівую паўзу.

Бабуля ажно адштурхнула яе ад сябе.

— Ды што ж гэта?! Ты хаця думаеш, што ты такое кажаш?! Пра сваё дзіцятка, якое яшчэ i на свет не зірнула. Паднімайся! Уставай, зараз жа! Я цябе ў царкву адпраўлю! Глядзі, што выдумляе. Табе не са мной, з Маці Божай трэба весці размовы... Ложка не прыбірай! Сама засцялю. Апранайся!

I бабуля Вера выйшла з пакоя, наўмысна моцна ляснуўшы дзвярыма. Як ні дзіўна, гэтыя яе словы падзейнічалі. «А чаму б i сапраўды мне не пайсці ў царкву,— падумала Ніна.— Вось i голас Аркадзя чуецца з пярэдняга пакоя. Ён можа мяне падвезці». Хутка пачала апранацца. Думкі міжволі перакінуліся на Аркадзя. Што ні кажы, а ён хвалюецца за яе больш, чым маці. Не-не ды i заскочыць дадому, а раптам? Раптам ужо трэба выклікаць «хуткую». Мама во круціцца, займаецца сваім фондам, часам i пазваніць забудзецца, а Аркадзь...

Яна не ведала свайго бацькі, нават гаворак пра яго ніколі не ўзнікала. Гэта была забароненая тэма ў іхнім доме. Колькі ж ёй тады было: два, тры гады? Яна зрэдзь вярталася да таго моманту... Рассыпаныя каляровыя алоўкі на стале. Тоўсты сшытак, але ёй зусім не хочацца маляваць. Яна чакае маму. За акном ужо даўно сцямнела. У суседнім доме насупраць амаль усе вокны цёмныя. Ды вось нарэшце шчоўкае замок. Яна кідаецца насустрач маме i замірае... Побач з маці стаіць незнаёмы малады чалавек. I мама прамаўляе неяк мімаходзь: «Ніначка, гэта Аркадзь... Ён цяпер будзе жыць у нашым доме». Праз колькі часу яна папыталася ў маці: «А як жа ўсё-ткі мне яго называць?» — «Ну не бацькам жа,— адказала тая.— У цябе не ягоная кроў... Гэтак i заві... Аркадзь!» I вось ужо цэлых дваццаць гадоў яна так i заве яго, але за свайго Аркадзя яна змагла б пастаяць перад кім заўгодна. Ён адзін з самых блізкіх ёй людзей, i звычайна не маці, а яму яна давярае свае самыя патаемныя жаданні i думкі...

— Ты апранулася? — у пакой зноў зазірнула бабуля.— Аркадзь прыехаў. Ты яшчэ можаш паспець у царкву пад канец службы, каб асабліва не штурхацца ў натоўпе. Паслухайся мяне... I абавязкова паставіш свечку...

— Ну хіба ж я не ведаю, што трэба паставіць свечку.

— Дык ідзі... перахапі што.

Потым яны ехалі з Аркадзем у машыне. Яму ўжо далека за сорак, a глядзі, як трымаецца! Падцягнуты, фацэтны. Фірму адкрыў па збыту сваіх тэхналогій. Ёй схацелася дакрануцца да ягонай рукі, пяшчота супакойвала.

— Э-э, я за рулём! Праз некалькі гадоў во гэтак вазіць буду ўнука. Дык вы не перадумалі? Значыцца, Максім! У нашым родзе ўсе былі Максімы... I прадзед мой, i дзед, i бацька, а я... Аркадзь!

— Дык жа бабуля Лepa — Аркадзеўна!

— Во-во, яна i настаяла. Можа, цябе вечарам у цырк звадзіць? Ты не маці, не бабулю, а мяне слухайся. Табе ў тваім становішчы трэба ўвесь час бачыць вясёлыя, мілыя, добрыя твары. Тады i эмоцыі станоўчыя будуць. Смяюнчыка ўнука нам народзіш.— Аркадзь падміргнуў ёй.— А то Вера Мікітаўна сказала, што ты зусім раскісла! З царквы забраць цябе не змагу... Тут жа дзесьці сяброўка твая паблізу жыве. Да яе зайдзі. Я не ведаю, але здагадваюся, якімі бываюць размовы ў маладзенькіх жанчын!

— У Каці вялікія праблемы.

— Што здарылася? — i спахапіўся: — Ну, калі праблемы, да яе не хадзі. Ніякага хвалявання. Гэта супрацьпаказана. Толькі светлы настрой, i усё будзе о'кей! Я дамовіўся з свяцілам доктарам, у самую фешэнебельную радзільню цябе завязём.

Яна слухала Аркадзя i думала пра Кацю... Сваю самую лепшую сяброўку, што выскачыла замуж адразу пасля школы. Там, у Каціным доме, яна i пазнаёмілася ca сваім Алегам. Божа, які гэта быў дом! Як яе цягнула туды. Кацю нібыта насілі на сваіх крылах анёлы, а яна сама сцвярджала, што гэта носіць яе на руках Валерка, ён пранасіў яе роўна чатыры гады. У ix ужо былі маленькія Лёнік i Леначка. А вось усё ранейшае знікла.

— Я не магу больш цягнуць гэты воз. Элементарна не ў стане! — аднойчы сказаў Каці Валера i знік сам. Пайшоў да нейкай багаценькай бізнесменкі, што старэйшая за яго ледзь не ўдвая. «Хоць бы Алег здагадаўся прывезці Каці што-небудзь з Лондана»,— падумала яна. Алег... Аркадзю яна не адважылася расказаць пра свой начны кашмар, а Алегу ці змагла б?! Божа, свіныя вушы!.. Навісалі над самым лобікам... A носік моршчыўся... Моршчыўся... Калі Алег даведаўся, што ў ix будзе хлопчык, прынёс ёй бярэма белых хрызантэм, усе, колькі было ў кветкавым магазіне. I чырвоным фламастэрам ледзь не на ўсю сцяну напісаў «Сёння я ўпершыню даведаўся пра цябе, Максім. Цалую, тата!» А яна сніць гэты кашмар. А можа, сапраўды пасля царквы пайсці да Каці? Валерка, гад! Як толькі пасмеў пакінуць Кацю без грошай, без працы. Аднекуль здаўна, з мінулага выплыў Валеркаў твар. Ды які там твар — тварык! Вастраносенькі, над нізкім ілбом белабрысая, доўгая, заўсёды тлустая пасмачка. Такія ж белабрысыя бровы... Яна нават лёгенька застагнала. Невядома адкуль з'явіліся тыя самыя свіныя вушы... Яны так трапна ўпісаліся ў гэты Валеркаў партрэт.

— Што, Ніначка, табе кепска?

— Не, усё нармальна, Аркадзь. Спыніся дзе-небудзь тут. Не пад'язджаць жа мне да царквы на машыне.

— Ну, як ведаеш...

Аркадзь прыпаркаваўся. Усё астатняе было як забыццё. Яна доўга стаяла ля іконы Божай Маці, удыхаючы водар распаленага воску, гарачага лёгкага паветра. Людзі пакідалі царкву, а яна ўсё ніяк не магла выказацца: «... i пазбаў мяне кашмару, атулі Сваімі далонямі ягоны тварык, не падпускай да яго нічога злога, i хай як мага хутчэй вернецца Алег...» Потым, калі ўжо ішла людным праспектам, пашкадавала, што не ўкленчыла, а раптам яе словы не дойдуць да Маці Божай, i ноччу зноў прысніцца нейкі жудасны кашмар. Але хай што заўгодна, толькі не гэтыя агідныя вушы на галоўцы, якую яна носіць у сабе. А што ж мама? Раптам успомніла, што сёння яна яшчэ не бачылася з маці. Можа, зайсці да яе ў фонд? Ёй не надта імпанаваў гэты заўсёдны матчын імпэт. Маці не магла жыць без руху, без дзейнасці. Калі ёй Бог што i даў надзвычай адметнае, дык гэта энергію, якую яна спачатку ўкладвала ў прафсаюзы, цяпер вось у Фонд дапамогі дзецям-сіротам. Хоць, ca слоў маці, сірот гэтых не так i многа. Ix, як правіла, апякуюць дзядулі, бабулі, нейкія далёкія сваякі, а тут проста няшчасныя дзеці — плады кахання алкаголікаў наркаманаў... Аркадзь нават нядаўна прапаноўваў удачарыць дзяўчынку, якую ейная маці накіроўвала на лячэнне ў Італію. Але не рызыкнулі. Вырашылі дачакацца ўнука. Няшчасныя дзеці... Ёй да гэтага часу не верыцца, што алкагалізм — хвароба! Проста нейкі распад... Але калі ёсць туберкулёзная палачка Коха, чаму б не быць i мікробу дэградацыі. Трапляе таю мікроб у арганізм, i чалавек паступова співаецца. Азірнулася... Вось дом пад нумарам 53. Як жа гэта яна прамінула яго? Можа, вярнуцца? А што гэта дасць? Ужо з год, як Людміла Іванаўна, яе любімая інстытуцкая выкладчыца, не жыве ў ім. З мужам памянялі сваю трохпакаёвую кватэру на аднапакаёўку ў нейкім мікрараёне, а можа, проста такім чынам схаваліся ад суседзяў, сяброў ды знаёмых.

У Людмілы Іванаўны быў незвычайна ціхі голас, але ўся ix студэнцкая аўдыторыя замірала, як толькі яна пачынала чытаць сваю лекцыю. Яна гэта рабіла таленавіта. Любіла запрашаць да сябе сваіх любімых студэнтаў i як толькі пачыналі піць чай, як правіла, заўсёды з'яўляўся яе адзіны сын Шурык. Накідваўся на торт, i Людміла Іванаўна сваім ціхім голасам спыняла яго: «Шурычак, a рукі? Ты зноў забыўся памыць рукі...» Шурык бег у ванны пакой, a Людміла Іванаўна далікатна апраўдвалася: «Ну, вось закончыць школу, можа, пасталее... А пакуль бы дзіця. Але скажу, i рукі заўсёды памые. Яшчэ ніколі не сеў за стол, не памыўшы!» А два гады таму назад гэты самы Шурык сваімі чыстымі рукамі разам з яшчэ адным такім самым шурыкам па суседстве з імі задушыў адну бабулю i ейнага дзесяцігадовага ўнука, каб вынесці з кватэры тысячу даляраў. Яна так i не змагла дазваніцца тады да Людмілы Іванаўны. I ніхто з аднакурснікаў не змог, таму яна i не ведае, чым закончылася следства, што сталася з Шурыкам? Хм-м... Свіныя вушы. Яна зноў была гатова вярнуцца да свайго начнога кашмару. Не-не, толькі не гэта! Спынілася ля нейкай яркай стракатай вітрыны, а потым нацягнула на галаву капюшон лёгенькага плашча i вырашыла ўсё-ткі падацца да маці...

У фондзе яе ветліва сустрэла маладзенькая сакратарка i тут жа прапанавала, ледзь не глытаючы словы:

— Вы сядайце... Вам цяжка стаяць. A Марыі Канстанцінаўны няма. Ды хіба ж вы не ведаеце?! Ёй званіў ваш муж з Лондана. Наколькі я зразумела, ён прыязджае. Ну, сядайце ж!

Сакратарка, відавочна, сумавала i не супраць была паразмаўляць з дачкою начальніцы, але Ніна заспяшалася. Алег! Якія могуць быць размовы, калі Алег вяртаецца! Хутка развіталася з сакратаркай, выйшла з фонду i тут жа злавіла таксі... Гэтым днём да свайго начнога кашмару яна больш не вярталася.

Усе думкі былі скіраваныя да Алега. У яе быў шчаслівы шлюб, у што, дарэчы, асабліва ніхто не верыў. Яны пажаніліся праз тры месяцы пасля знаёмства, i зусім маладзенькі кірпаносенькі хлопчык, які да гэтага часу мае выгляд падлетка, аказаўся не толькі добрым мужам, але яшчэ i выдатным вучоным. Ягоныя навуковыя працы друкаваліся па ўсім свеце, i гэта была не першая замежная камандзіроўка. Але ўсе тыя разы камандзіроўкі тычыліся нейкіх пэўных ягоных доследаў, а тут... «Штосьці звязана з космасам,— збіраючыся ў Лондан, сказаў Алег,— Нічога пэўнага я не ведаю. Ну, a калі запрасілі, трэба ехаць!» З-за свайго далікатнага становішча яна не змагла яго правесці, дык, можа, рызыкнуць цяпер i разам з Аркадзем паехаць у аэрапорт? З такою думкай яна i ўвайшла ў кватэру. Да яе адразу кінулася радасная маці

— Ніначка, мне пазваніў Алег...

— Ма-а, я ўжо ўсё ведаю. Заходзіла ў твой фонд. Дзе Аркадзь?

— На фірме... Алег прылятае а трэцяй гадзіне ночы. Аркадзь не будзе заязджаць дадому. Затрымаецца ў офісе, а потым адтуль i паедзе па Алега.

— Значыцца, уся ноч у чаканні тут... дома?! — здавалася, яе расчараванню няма канца.

— Чаму ўся ноч у чаканні? — запярэчыла бабуля Вера.— Ты пойдзеш спаць, Ніначка. Мы тут будзем завіхацца, нешта ладзіць, каб было што выставіць на стол...

— Адразу i накрыем, як толькі з'явяцца Алег з Аркадзем,— энергічна прапанавала Марыя Канстанцінаўна.— Колькі б гадзін ні было, хай самы досвітак! Не так часта зяць вяртаецца з Лондана!

— Вось тады i цябе пабудзім,— бабуля дапамагла Ніне сцягнуць з ног боцікі.— Стамілася, бедная?

— Угу-у...

I калі зайшла ў свой пакой, павяла позіркам з кутка ў куток, зразумела, што i ёй трэба будзе трошкі папрацаваць. Потым былі тэлефонныя званкі... Званіла Каця, якая шукала добрага адваката, каб спагнаць аліменты з Валеркі, які, як высветлілася, нідзе не працаваў, жыў за кошт сваёй бізнесменкі. Пазваніў i Аркадзь з аэрапорта, сказаў што, дзякуй Богу, Алегаў рэйс не затрымліваецца. Маці ледзь не гадзіну прагаварыла па тэлефоне з суседкай, кватэру якой на мінулым тыдні абакралі, i цяпер суседка засцерагала, маўляў тое, што зяць пабыў у Лондане, вельмі добра, але ж i не з пустымі рукамі ён адтуль вернецца, каб хто не навёў?! У яе цяпер ёсць знаёмыя хлопцы, якія за трыста даляраў могуць паставіць жалезныя дзверы. Потым Ніна чула, як гэтыя самыя «жалезныя дзверы» маці шумна абмяркоўвала з бабуляй. I павярнула ўсё на свой лад.

— Умацуемся, дык ужо абавязкова абкрадуць! Адразу хтось вырашыць: калі жалезныя дзверы паставілі, значыцца, ёсць што красці!

Ніна пазяхала ў ложку. Яе нібыта ўсё гэта i не тычылася. Ну, час такі... Ну, боўтаюцца людзі ў нейкай сваёй прорве, i калі засяроджвацца на гэтым, дык навошта тады i жыць?! Яна прасіла Алежку, каб прывёз ёй Шэкспіра ў арыгінале, a маці пра нейкія жалезныя дзверы! Апошняе, што яшчэ не патанула ў сне, быў надпіс на сцяне, які зрабіў Алег чырвоным фламастар: «Сёння я ўпершыню даведаўся пра цябе, Максім. Цалую, тата!»

А потым аднекуль зводдаль яна пачула вясёлую гаману. Галасы набліжаліся, i вось ужо яна выразна чуе Аркадзеў голас:

— Ніну не будзі, не трэба! Ночы ў яе неспакойныя былі.

— Ага,— адразу выплыў голас бабулі Веры.— Штосьці найшло на яе. Я нават у царкву ўчора адправіла.

— Дык яна была ў царкве? — адазвалася Марыя Канстанцінаўна.— Бачыш, Алежка, што тут без цябе робіцца!

Алежка... Алег! Ніну бы падкінула ў ложку. Хутка паднялася i, як была ў начной сарочцы, рушыла ў суседні пакой на галасы... I вось ужо яна абхапіла рукамі Алежкаву шыю, падстаўляе шчокі для пацалункаў.

— Ну хопіць вам, хопіць...— пасміхнуўся Аркадзь.— Давайце сядзем за стол! Я ад учарашняга абеду нічога не еў!

Яго прапанову падтрымалі i дружна прамовілі першы тост: за вяртанне! Алежка пяшчотна пагладжваў худзенькае плячо Ніны, зазіраў у вочы, асцярожна датыкаўся да ейнага жывата, маўляў з ім усё нармальна?

— Ну проста як малыя дзеці! — адазвалася Марыя Канстанцінаўна.— Не хвалюйся! Усё ў Нінкі як трэба! Ад сілы тыдзень, i разродзіцца. Будзеш выклікаць «хуткую», стаяць пад дзвярыма радзільні.

Алег апусціў галаву, адпіў з фужэра трошкі шампанскага.

— Марыя Канстанцінаўна, я ўжо казаў Аркадзю Максімавічу. Праз тры дні мне трэба ехаць... Ніну пакіну на вас.

— Куды? Куды ты зноў паедзеш?! — Ніна павярнула да яго ўстрывожаны твар.

— У Маскву... А потым, пасля спецпадрыхтоўкі, відаць, будзе Байканур... Ужо зацверджаны спіс міжнароднага экіпажа.

Маўчанне было працяглым. Алежкавы словы бы аглушылі ўсіх. Нарэшце пачуўся голас Марыі Канстанцінаўны:

— Дык цябе што, у космас адправяць?!

— Што ты чэпішся, Маша! — адазваўся Аркадзь.— Хай лепш раскажа, што было ў Лондане? Не проста ж так ездзіў...

— Вядома,— пацвердзіў Алег,— Прэса пакуль маўчыць, хоць пра Рудыя Карлікі было паведамленне. Дык вось... У мінулым годзе англійскія вучоныя выявілі ў нашай Сонечнай сістэме незразумелыя целы. Іхняе паходжанне пакуль загадка. Далі назву гэтым целам: Рудыя Карлікі. I яшчэ ёсць адна: Свіныя Вушы. Гэтыя Карлікі маюць форму свіных вушэй.

Ніна ўся напялася. Моцна-моцна сціснула Алежкаву руку. Свіныя Вушы... Яе начны кашмар! Пра што гэта ён такое гаворыць? А Марыя Канстанцінаўна засмяялася:

— Ну ты i разумнік! Дагаварыўся! Атрымліваецца проста нейкае свінства... Там... уверсе над намі!

— Не над намі, Марыя Канстанцінаўна, а тут... Сярод нас свінства!

Ніна заплюшчыла вочы, i адразу ўяўленне вымалевала той начны кашмар: маленькая-маленькая галоўка i... Захінулася рукою, папрасіла ціха:

— Алег, падай шклянку з сокам.

— Табе кепска? — ускочыў Аркадзь.— Дык мо пачынаецца?

— Не, усё нармальна...— Ніна неяк вінавата пасміхнулася да Алега.— Ты, Алежка, расказвай, нам усім цікава.

— Асабліва табе... Угу-у...— незадаволена прабурчэла бабуля Вера,— Выкінь з галавы! Цябе гэтыя Свіныя Вушы не тычацца!

— Вядома,— чамусьці ўзвілася Марыя Канстанцінаўна.— Алежка, ты давай працягвай... Якое гэта свінства тут, сярод нас?!

— Я меў на ўвазе ў маштабным сэнсе... У зямным! — Алег нібыта апраўдваўся, што сказаў нешта не тое,— Ну, адкрылі Рудыя Карлікі... I хутка забыліся б пра ix! Але зусім нядаўна ў Іспаніі... У маленькім гарадку Прыега дэ Кордаба археолагі падчас раскопак знайшлі старажытныя тэксты. Там была зоркавая карта i нашай Сонечнай сістэмы, а на ёй контуры тых самых Рудых Карлікаў. Іншымі словамі, Свіных Вушэй. Тэксты ўдалося расшыфраваць... Наша цывілізацыя на Зямлі не першая, праўда? Дык вось, як толькі з'яўляюцца гэтыя Свіныя Вушы, свет з катастрафічнай хуткасцю пачынае набліжацца да свайго канца. Войны, разбой, невылечныя хваробы, ніякай маралі... Трэба выявіць прыроду гэтых вушэй. Ды што я пра космас! — раптам узарваўся ён.— Зірніце за акно... Адно што не бачым! Але колькі там ix, з гэтымі самымі свінымі вушамі?! I вішчаць, i грабуць пад сябе, i адпіхваюць адно аднаго, забіваюць, гвалцяць... Бацькі адмаўляюцца ад дзяцей, дзеці гатовы парваць бацькоў!

I Ніна не вытрывала... Ускочыла, кінулася бегчы, зачапілася за крэсла... Алег ледзь паспеў падхапіць яе, i яна закалацілася, забілася ў ягоных руках:

— Замоўкні! Hi слова... Ты ўсё напрыдумляў! Няма ніякіх Рудых Карлікаў! Ніякіх Свіных Вушэй! Не пушчу! Ты нікуды больш не паедзеш!..

I ўсё ж праз тры дні познім вечарам Алег з Аркадзем стаялі на чыгуначнай платформе. Цягніка яшчэ не падалі, i Аркадзь нерваваўся:

— Мы з табой заблыталіся ў часе... Куды спяшаліся? А там Ніна ўжо можа... Ты адразу раніцай з Масквы пазвані. Далібог, яна мне сёння не падабалася, мо ўжо дзесьці ляціць на «хуткай дапамозе»?

I Аркадзь не памыліўся... «Хуткая» з Нінай i Марыяй Канстанцінаўнай ужо пад'язджала да радзільні. Ніна была бы скамянелая, быццам i не адчувала болю, а Марыя Канстанцінаўна, наадварот, усё шаптала i шаптала:

— Ты, Ніначка, не бойся! Усе жанчыны праз гэта праходзяць.

I Ніна таксама прайшла... Болю ўжо не было, толькі страх. Яна ледзь разбірала словы доктара, але чула... Чула...

— У вас, даражэнькая, хлопчык! Во-о, які! Падобна, што будзе кірпаносенькі. Ручкі што перавязаныя... Поўненькія шчочкі... Срачка з ямінкамі...

I яна не стрымалася, закрычала, бы штосьці вырвала з сябе:

— Доктар! Доктар! А вушы... Вушы ў яго якія?!

1998

Загрузка...