ЛЯ БЕРАГОЎ АЎСТРАЛІІ


Званок быў нечаканы, доўгі i нецярплівы. Ігар Апанасавіч нават не адразу зразумеў, што звоняць у дзверы. «Хм-м,— зірнуў на гадзіннік,— хтосьці пазнавата, ды i не чакаю нікога». Але пайшоў да дзвярэй, выціраючы даволі далікатныя рукі аб хвартух, якім быў падперазаны. Ён меў звычку адключаць хатні тэлефон, i сябры нярэдка пасылалі яму тэлеграмы-маланкі тэрмінова падключыцца. Не, сёння тэлефона не адключаў, пра што ўспомніў ужо адчыняючы дзверы.

— Вам ка...г...го? — літара «г» нібыта засела ў горле.

Iгap Апанасавіч быў рэалістам. Не верыў ні ў якую д'ябальшчыну, але тут міжволі адступіў назад. Перад ім стаяў ён сам. Ba ўсялякім выпадку, незнаёмец, які толькі цяпер адняў руку ад кнопкі званка, адрозніваўся ад яго толькі сваім адзеннем. У Ігара Апанасавіча ніколі не было такога светла-шэрага гарнітура. А вось бародаўка над левым брывом ёсць. I ледзь прыкметны шрам на ніжняй губе таксама, ён нават памацаў яго. Але галоўнае, што ўразіла яго найбольш, незнаёмец некалькі разоў павёў шыяй, нібыта раптам сталі цеснымі кашуля i гальштук. Гэтаксама рабіў ён сам у хвіліны моцнага хвалявання. Во-во, шыя крутнулася i цяпер. А незнаёмец ужо прайшоў у пярэдні пакой, зачыняючы за сабою дзверы. Шчоўкнуў замок, ён пачуў свой уласны голас. Але гаварыў не ён.

— Ігар Апанасавіч Халадневіч?

— Я-я... Э-э-э...

Незнаёмец з цікавасцю разглядаў яго. Хм-м... Незнаёмец... У вельмі знаёмым абліччы не было нічога варожага, i Ігар Апанасавіч нечакана для сябе пайшоў у наступ:

— Вы хто?! Гэта нейкі розыгрыш. Над вамі добра папрацаваў грымёр. Ды вы проста ўварваліся да мяне! Я вас не запрашаў...

I зразумеў, што той, каму адрасаваліся гэтыя словы, яго не слухаў. Чалавека, які так удала падрабіўся пад яго, цікавіла нешта іншае, i ён пачуў:

— Дачка выкінулася з акна пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот дзевяноста пятага года?

Ігар Апанасавіч ажно скалануўся. Штосьці затрымцела ў грудзях, але гэта быў не боль, хутчэй горыч, нейкая даўняя хваравітая туга.

— Следства выявіла, што віною былі наркотыкі?

— Што вам ад мяне трэба? Э-э, дазвольце, што адбываецца?

Ігару Апанасавічу раптам захацелася выштурхнуць незнаёмца за дзверы, схапіць за шкірку надаваць кухталёў... I той адчуў гэта, засцерагальна павёў рукою:

— Не падабаецца? — I тут жа не папытаўся, а хутчэй сцвердзіў: — З жонкай развёўся ў дзевяноста шостым,— падумаў i дадаў: — А цяпер ты павінен знікнуць. I зараз жа. Назаўсёды.

Ігар Апанасавіч адчуў, як на глыбокіх залысінах выступілі кропелькі поту. Ён не тое каб спалохаўся, ён проста нічога не разумеў. Можа, галюцынацыя? Хутка пракруціў у галаве ўсё, што адбылося. Ён быў на кухні. Пачуўся званок. Пайшоў адчыняць дзверы. Убачыў яго... Усё ў поўнай свядомасці.

— Пройдзем у залу. Пярэдні пакой не для сур'ёзных размоў— сказаў незнаёмец. I, ужо на хаду, кінуў: — Дзесьці тут, на нейкіх паліцах, ляжаць папкі з тваімі лазернымі распрацоўкамі.

— Каго гэта цікавіць?! — Ігар Апанасавіч ажно затросся.— Яны не далі ніякіх вынікаў. Я дарэмна аспрэчваў Эйнштэйна.

У яго прамільгнула думка, што гэты чалавек палюе на ягоныя лазерныя распрацоўкі. Яго нехта падаслаў каб ён выкраў вунь тыя зялёныя папкі, што ляжаць на стале, якія ён нават не хаваў— там нічога цікавага, марнасць намаганняў. I зусім нечакана яму ўспомнілася дачка. Дзіўна, ён не памятае яе маленькай. Памяць сцерла не тое каб дні — цэлыя гады. Ён не помніць, калі яна ўпершыню самастойна зрабіла свой першы крок, не помніць яе першых слоў. Але затое добра помніцца той апошні, шаснаццаты год дачкі — дні пошукаў калі яна тыднямі прападала, бавіла час на невядома якіх кватэрах. Потым жонка ва ўсім абвінаваціла яго. Ігар Апанасавіч сустрэўся позіркам з незнаёмцам...

— Твае распрацоўкі не марныя намаганні,— сказаў той,— Ты памыліўся ў дробязі. Але цяпер не пра гэта. Твая самая вялікая памылка, што ты размінуўся з Вікай. Ты свядома пайшоў на разрыў з ёю.

— Віка? — ашаломлены Ігар Апанасавіч ажно прысеў на канапу,— Якая Віка?!

Галюцынацыя?! Выключная ненармальнасць. Нейкі закуток у чарапной скрыначцы здрадзіў яму. Напэўна, такім i бывае вар'яцтва. Незнаёмец тым часам падышоў да акна. Расчыніў яго. Ігар Апанасавіч інтуітыўна падумаў, што той зараз расшмаргне шторкі, як гэта рабіў ён сам, каб нічога не замінала хвалі вільготнай начной свежасці, якая пачала расплывацца па пакоі. Незнаёмец сапраўды расшмаргнуў шторкі. У Ігара Апанасавіча былі моцныя нервы, але яны пачыналі здаваць. Ён памацаў па кішэнях, шукаючы там валідол...

— Пытаешся, якая Віка? — незнаёмец павярнуўся да яго,— Ты пяць гадоў сядзеў з ёю за адною партаю ў школе. У апошнім, дванаццатым, класе вы нярэдка ўцякалі з урокаў, ехалі на дачу твайго дзеда... I, не баючыся нічыіх позіркаў, у зарасніку акацый ты бясконца цалаваў яе маленькую радзімку на мочцы вуха.

— Гэта было так даўно. Віка... Віка Падабед.

— Вось ты i ўспомніў.

— Не рабіце з мяне ідыёта,— чамусьці ўскіпеў Ігар Апанасавіч,— Звычайнае юначае захапленне. Нічога сур'ёзнага.

— Гэта ты так вырашыў аднойчы. Дзеля чаго? Каб на трэцім курсе універсітэта заўважыць пухленькую ружовенькую дачку акадэміка? І не проста заўважыць...

— Я кахаў Зіну.

— Ты разумеў, што акадэмік дасць табе добры старт.

— Але я потым бег сам! Нават не бег, я поўз... Спатыкаўся. Падаў. Паднімаўся... У выніку i з'явіліся гэтыя зялёныя папкі. Але я ўсё рабіў сам! Сам! — нібыта паставіў кропку Ігар Апанасавіч.

Ён пачаў развязваць хвартух, пра які ўспомніў толькі цяпер. Рукі не слухаліся, вузельчык не паддаваўся. Але вось удалося. Развязаў. Скамячыў хвартух, шпурнуў на падлогу, а лепш бы ў ненавісны твар незнаёмца.

— Ну, хопіць! Гэтым часам я звычайна сплю. Прашу выйсці!

Незнаёмец адмоўна пакруціў галавой:

— Знікнуць павінен ты. Я з'явіўся сюды, каб выправіць тваю памылку. Я знайду Віку. Я сустрэнуся з ёю. Мы павінны быць разам. Нам гэта наканавана аднойчы i назаўсёды.

Iгap Апанасавіч атарапеў.

— Вы?.. Вы ведаеце Віку?

— Ведаў... Пяць гадоў сядзеў з ёю за адною партаю ў школе. У апошнім, дванаццатым, класе мы ўцякалі з урокаў, ехалі на дачу майго дзеда...

У гэты момант Ігар Апанасавіч зразумеў, што з ім усё ў парадку. Ненармальны вось гэты дзівак. Як ён мог сядзець за адною партаю з Вікай Падабед, на якую мог ездзіць дачу, калі з Вікаю ездзіў ён... Ён! Ігар Апанасавіч Халадневіч, a тымі часамі проста Ігарок... Ігар.

— Э-э-э, паслухайце,— сказаў ён.- Я хацеў бы пачуць нейкае тлумачэнне. Сваімі словамі вы загналі мяне ў тупік. Я не люблю фантазій. Я заўсёды маю справу з дакладнымі рэчамі. Фантазіі былі ў Вікі, калі яна ўявіла сябе мастачкай. Прымушала сядзець гадзінамі i малявала мае партрэты. Гэта мяне i адштурхнула, напалохала. Я чалавек пэўнасці. Канкрэтных формаў. Скажыце мне, хто вы? — Ігар Апанасавіч амаль узмаліўся.

Незнаёмец задумаўся... Потым загаварыў з відавочным спачуваннем:

— Баюся, ты не ўсё зразумееш. Сусвет сціскаецца i пашыраецца. Яго будова бурыцца, каб праз мільёны гадоў аднавіцца зноў, але ў тым самым парадку. Няма канца — ёсць бясконцае паўтарэнне выключна ўсяго. Яшчэ некалькі гадзін таму назад я жыў у тры тысячы пятнаццатым годзе новай эры. Ты жывеш напрыканцы дваццатага стагоддзя старой, але мы адно i тое. Ты зразумееш гэта, калі паўторышся там, у новай эры, дзе будзеш да таго самага моманту, пакуль табе не захочацца сюды, каб звязаць парванае звенка свайго бясконцага лесу. Таму што ўсе свае жыцці — мінулыя i будучыя — ты звязваў толькі з адною жанчынай. I гэтая жанчына — Віка. Разрыў адбыўся тут... у гэтым стагоддзі. Мне ўдалося павярнуць ход нейкай мільённагадовай эвалюцыі. Гэта таксама адкрыццё, як i тое, што зрабіў ты ў сваіх зялёных папках, памыліўшыся ў нязначным. Толькі мае адкрыццё засталося там, у тры тысячы пятнаццатым годзе. Але, дзякуючы яму, я тут. Я хачу знайсці Віку. Яна загінула ў тым жыцці тыдзень таму назад у аўтамабільнай катастрофе. Але ў нас яшчэ ёсць час тут — час жыцця, надзей, кахання...

Ігар Апанасавіч чуў, як варушацца валасы на ягонай галаве.

— Як ваша прозвішча? — толькі i змог выціснуць ён з сябе.

— Халадневіч... Iгap Апанасавіч Халадневіч.

— А хто ж тады я?

— ???

Чалавек, які толькі што назваў сябе Халадневічам, пасміхнуўся:

— Сітуацыя табе бачыцца абсурднай. Мне таксама. Адзін з нас павінен знікнуць. Ты не зможаш аднавіць адносіны з Вікай, значыцца...— ягоная рука слізганула ў кішэню пінжака.

— Мяне чакае куля ў лоб?

— Hi ў якім разе. Вось партманет. У ім ты знойдзеш замежны пашпарт i авіябілет у Аўстралію. Там ляжыць i нумар рахунку, які адкрыты на тваё імя ў аўстралійскім нацыянальным банку. Ты больш не вучоны. Твае зялёныя папкі застануцца тут. Ты — звычайны жыхар Аўстраліі, праўда, элітны. На тваім рахунку мільёны. А цяпер — апранайся. Твой час тут скончыўся.

Iгap Апанасавіч, як на ватных нагах, выйшаў у пярэдні пакой. Ён падпарадкаваўся волі гэтага чалавека. Нацягнуў пінжак. Калі накідваў на плечы плашч, адчуў, як лёг у кішэню цяжкі партманет. Гэта незнаёмец паклаў яго туды.

— Ну... Шчаслівай дарогі! Тваёй адсутнасці ніхто не заўважыць.

I якраз у гэты момант зазваніў тэлефон. Апарат стаяў на невялікім століку паблізу. Ігар Апанасавіч па прывычцы хацеў зняць трубку. Незнаёмец яго апярэдзіў.

— Халадневіч слухае... Таксі? Заказваў. Пасажыр на выхадзе.

«Д'ябал! Што ж такое адбываецца? Халадневіч слухае...» Ігар Апанасавіч выйшаў, хутчэй, вылецеў з кватэры, адчуваючы, як па целе бягуць дрыжыкі.

Віка намагалася заснуць. Церла надброўі, лічыла да ста, i ўсё марна. Бралася на досвітак. Калі б такімі ж ціхімі былі яе думкі, яна, напэўна, заснула б. Але думкі неспакойна круціліся вакол аднаго: відаць, з выданнем буклета нічога не атрымаецца. У банку, дзе ёй абяцалі пазыку над невялікі працэнт, «форс-мажорныя» абставіны. Антон абяцаў ёй знайсці пакупніка — некалькі карцін можна было б прадаць, але ці тыя гэта грошы? Ды i сам Антон... Яна дацягнулася рукою да тумбачкі, што стаяла за канапай, узяла адтуль шматок паперы. Гэта ж трэба, што напісаў: «Жывіце i плывіце! Мой ветразь павярнуў у адваротны бок». Нягоднік! А чаму, уласна кажучы, нягоднік? Яны проста сышліся на нейкі момант. Праўда, гэты момант працягнуўся два гады. Але ж ніхто нікому нічога не абяцаў. Тыя чатырнаццаць гадоў якія ляжалі паміж імі, адыгрывалі сваю ролю. Усё роўна гэтая сувязь калісьці скончылася б. У свае сорак два гады Віка дазваляла сабе быць рэалісткай. У тое, што ён пайшоў назаўсёды, яна не верыла: скончацца ў яго грошы — з'явіцца. Але разлічвала не на многае, таму самым правільным было б пакінуць Антона проста ў прыяцелях. Два-тры званкі на год i кубачак кавы ў выпаду нейкай ягонай няўдачы. Праўда, у яе самой гэтых няўдач значна больш. Антон маляваў кідкія рэкламныя шчыты, i так званыя новыя беларусы ахвотна плацілі яму. Ёй гэта не падыходзіць. Кожнаму сваё. Хто ў які вагон паспеў ускочыць. Таму i застаецца спадзявацца на выпадковага пакупніка. А можа, прадаць машыну? Не, на гэта яна не адважыцца. Яе не хопіць на цяганне падрамнікаў па тралейбусах ды аўтобусах. У свой час нацягалася.

Яна перавярнулася на другі бок i нібыта нават задрамала. Ва ўсялякім разе, калі падхапілася, краёк неба ружавеў у акне. Там паднімалася сонца. Штосьці снілася... I ці спала яна ўвогуле? Усё роўна як нехта тут быў. Так рэальна адчувала нечую прысутнасць. Не, напэўна сон. Пачала ўспамінаць: «Я некуды збіралася ехаць на сваім «рэно», на нейкую дачу... Некага чакала... Потым гэты нехта з'явіўся. Антон? Не-не... Божа мой, ды гэта быў Ігар... Ігар Халадневіч. Да чаго б гэта ён? Ніколі не бачыла яго ў сне. Колькі ж гэта гадоў мінула? Васемнаццаць? Ды не, усе дваццаць два! Ён нешта казаў... Ага-а... Пытаўся, дзе можна мяне пабачыць. Я спачатку запрасіла ў госці, да сябе, а потым перадумала i прызначыла яму спатканне ў Доме мастацтваў. Хм-м... Цікава». Пад рукою штосьці зашамацела. Ага-а, Антонава запіска. Скамечыла, шпурнула на падлогу. Пазяхнула. У прынцыпе, сны яе не надта цікавілі. Утульней уладкавалася на падушцы: «О, ды я, здаецца, засынаю...» A калі зноў расплюшчыла вочы, зразумела, што спала яна доўга. Так i ёсць, гадзіннік паказваў за дзесяць раніцы. Складвала канапу, апраналася, варыла каву. У майстэрню, дзе звычайна праводзіла дні, ехаць не хацелася. Падумала, што трэба пазваніць знаёмаму фатографу, папрасіць, каб зрабіў слайды некалькіх яе карцін. Села да тэлефона... I раптам мільганула: «Ігар Халадневіч...» Перад ёю нібыта пракруціўся ўвесь яе досвітны сон. Дзіўна, жывём у адным горадзе, a ніколі не давялося сустрэцца. У метро, у тралейбусе, на рынку, ды мала дзе яшчэ? Калісьці ў ix нічога не атрымалася, але ж перад гэтым было шмат пяшчоты, доўгага салодкага замірання перад кожным спатканнем. Ды i якія спатканні! Яны бачыліся штодня. А потым куды што i падзелася. Бы правалілася памяць... Цяпер вось гэты нечаканы сон, як запозненае рэха. Не, сапраўды, як гэта яна нічога не ведае пра Ігара? А хто б мог ведаць? Вадзік Пяткевіч? Яны, здаецца, сябравалі. Але ж ад некага яна чула, што Пяткевіча ўжо няма. Рак. Хто ж ёй сказаў пра гэта? Галя... Галя Манёнак. Некалькі гадоў таму назад выпадкова сустрэліся на выстаўцы, дзе Віка выстаўляла ажно пяць сваіх палотнаў. Абмяняліся тэлефонамі. Галя можа штосьці ведаць i пра Халадневіча. Узяла запісную кніжку, пагартала старонкі... Ну, вось жа гэты нумар... Пачала яго набіраць.

— Мне Манёнак Галю. Галка, ты? Здагадайся... Ды ніякая не Зоя, a Вікторыя Падабед. Ну, дзякуй Богу, успомніла! Ды так, званю па адной маленькай справе. Ты што-небудзь ведаеш пра Халадневіча? Ён? Табе званіў гадзіну таму назад? Цікавіўся маім адрасам?!.

Потым Віка доўга сядзела ў крэсле. Думала. Няўжо ён не ведае, што я, як i калісьці, жыву ў бацькоўскай кватэры? Што ж, вельмі прыкра, што i ў яго не склалася жыццё. Праўда, што тычыцца яе, дык яна асабліва i не імкнулася да гэтага. Ёй не хапала часу на нешта вельмі асабістае. Кароткія, часовыя захапленні i такія ж кароткія расчараванні, тое, што называецца пакутамі жаночага сэрца. Бог з імі, з гэтымі расчараваннямі. Хопіць i пра Халадневіча. Яна хутка набрала нумар знаёмага фатографа. Глуха. Трэба было званіць раней. Ну, а што ў нас у халадзільніку? I яна пайшла на кухню, дзе пераканалася, што ёй трэба ісці па прадукты. Што там з надвор'ем? Зірнула ў акно. Сонечна, значыцца, цёпла. На нейкі момант затрымалася ля люстэрка ў пярэднім пакоі, прыпудрыла яшчэ даволі свежы твар. Яна належала да таго тыпу жанчын, якіх узрост толькі прыхарошвае, паступова надаючы твару тую выразнасць, за якою хаваецца шмат таямніц. Праўда, сама Віка так не лічыла. Прычасала кароткія каштанавыя валасы i выйшла на лесвічную пляцоўку, дзе нямала здзівілася, заўважыўшы чалавека, які сядзеў на лесвічных сходах ля яе дзвярэй. «А гэта яшчэ хто?» — падумала.

Чалавек не па ўзросце хутка падняўся. Пакамечаны плашч, расшпіленыя верхнія гузікі кашулі, гальштук, які ён трымаў у руках,— усё гэта кінулася ў вочы адразу. А потым яе вусны расцягнуліся ў нейкай змушанай усмешцы.

— Ігар? — у голасе была няпэўнасць.

— Пазнала?

— Калі б мне было цяпер васемнаццаць, сказала б, што ты змяніўся. Ёсць справа да мяне?

Вочы яго пацяплелі, але цяжкая стомленасць у позірку нібы замінала яму ўсміхнуцца.

— Скажы, я падобны на ненармальнага чалавека?

— Не ведаю. Каб нешта сказаць, нам трэба пагаварыць. Спадзяюся, ты зойдзеш у кватэру?

— Вядома.

...Ён здымаў плашч. Было ў ягоных рухах нешта нервова-мітуслівае. Назіраючы за ім, яна думала, што ён зусім не падобны на вучонага, хай сабе i няўдачніка, пpa што сказала ёй Галя Манёнак падчас нядаўняй размолы, хутчэй нейкі безнадзейны бомж з шэрым тварам i патухлым позіркам.

— Партманет?! Тут у кішэні ляжаў гэты д'ябальскі партманет! Цяпер яго няма,— ён выварочваў кішэні плашча, шукаў позіркам на падлозе, ці не выпаў дзе.

— Паглядзі ў пінжаку,— параіла Віка.— I навошта табе нейкі партманет, ты ж не ў магазіне! Хіба гэта так важна цяпер?

Ёй не падабалася ягоная мітуслівасць. Усё ў ім да раздражнення насцярожвала. Яны больш як дваццаць гадоў не бачыліся, а ён турбуецца пра нейкі партманет. Mo i сапраўды якійсьці зрыў у псіхіцы?

— Есці хочаш?

— Не адмоўлюся. Я некалькі начэй правёў на вакзале. Спрабаваў спаць на лаўках, мяне зганялі міліцыянеры. Днём бадзяўся па скверах...

— У цябе што, няма кватэры?

— Ёсць. Аднапакаёўка. Размянялі былую з жонкай,— i ўдакладніў: — Я развёўся.

— Ведаю. Сказала пра гэта Манёнак. Чаго ж ты, дарослы чалавек, начуеш на вакзале? Ды не трасі ты гэты плашч, дай павешу.

— Э-э-э... Я... Я... Ca мною здарылася нешта неверагоднае,— i ён, чамусьці азіраючыся, запытаўся шэптам: — Да цябе ніколі ніхто не з'яўляўся, хто б прымусіў падумаць, што з табою не ўсё добра?! Штосьці такое туг...— паказаў на галаву.

— Ну, Халадневіч,— яна ледзь стрымлівала смех.— Помніш, мы некалі смяяліся, хто каго перасмяе... Гульня такая была ў нас. Давай пасмяемся!

— Ты сур'ёзна?

— А ты са сваімі дурнымі пытаннямі?

Яны прайшлі ў пакой.

— Твае бацькі?..

— Памерлі. Тата ў дзевяноста першым, мама ў дзевяноста трэцім.

— Мае трошкі раней. У вас... У цябе амаль нічога тут не змянілася. Я неяк хацеў зайсці, павіншаваць цябе з днём нараджэння. Гадоў дзесяць таму назад.

— Добра, што зайшоў сёння. Ну... Сядай дзе-небудзь. Ты ж хочаш есці, я якраз ішла ў магазін па прадукты. Пайду што-небудзь куплю.

— Не ідзі. Застанься. Я магу абысціся кавай.

...I яна варыла каву. Ён быў тут жа на кухні, сядзеў за сталом, але ўжо без кашулі. Яе яна замачыла ў ванне i цяпер казала яму:

— Разумееш, я не люблю ніякага піжонства. Але да мяне ніколі не прыходзілі мужчыны ў брудных кашулях. Ты першы. На, пі...— паставіла перад ім кубак з кавай.

— Ты не паверыш, я ўпершыню без усялякай прычыны не пайшоў на працу. Нават не пазваніў у лабараторыю.

— Бяры прыклад з мяне... Я ўвогуле не прывязана ні да якай службы. Вольны мастак. Зрабіся i ты хоць на тыдзень вольным,— яна падсела да яго, маленькімі глыточкамі адпівала каву ca свайго кубка,— У мяне шалёная ідэя. Давай заўтра з раніцы махнем да маёй сястры. Яна жыве недалёка, пад Мінскам. Сажалка, луг... У сажалцы во-о такія карасі!.. Ну, давай, думай, Халадневіч. Мой «рэно» на хаду... Там i адзначым твой візіт да мяне.

— А я мог i не прыйсці... Ba ўсялякім выпадку, такіх думак у мяне не было. I калі б не ён...— абарваў сябе на слове, адчуўшы, што сказаў лішняе.

— Каго ты маеш на ўвазе? Ну, дагаворвай... Дагаворвай, я — цікаўная.

— Разумееш... Я нават пэўна i не ведаю, ці быў «ён»... Гэта здарылася некалькі дзён таму назад. Да мяне прыйшоў я... я сам. Вар'яцтва, праўда? У яго нават вось гэты маленькі шрам быў на губе. I ўвесь ён...

— Быў такі страшны i валасаты... У-у, Халадневіч,— яна разрагаталася.— Ты проста стаміўся. Ведаеш, ідзі прыляж... А я спаласну тваю кашулю.

Ён пагадзіўся. Праз нейкі час яна на дыбачках падышла да канапы... Спіць... Зусім не падобны на таго, ранейшага Халадневіча. Як на каго працуюць гады. Яна ведала мужчын больш цікавых у яго ўзросце. Штосьці скруціла яго, прыціснула да самага краю, за якім выключная абыякавасць да ўсяго. Халадневіч расплюшчыў вочы. Пацягнуўся насустрач ёй:

— Хадзі да мяне...

I яна пайшла. I ніхто з ix ужо дакладна не мог сказаць, як доўга цягнуўся астатак дня, якім быў вечар,— усё склалася ў душную летнюю ноч, з засмяглымі губамі, гарачым дыханнем i абрыўкамі бессэнсоўных слоў, якія спляталіся ў адно-адзінае: яны разам.

Дзесьці пад раніцу ён папрасіў:

— Можна, я застануся ў цябе на некалькі дзён?

— Толькі пасля таго, як я адасплюся.

Але ёй не спалася... Ужо чулася яго роўнае дыханне i абуджаны ранак стукаўся ў вокны, а яна ўсё спрабавала разабрацца ў сваіх пачуццях. Што для яе цяпер гэты чалавек, які так не падыходзіў да нечага эпізадычнага. З Антонам было ўсё іначай. Яна загадзя ведала, што гэта толькі момант. A тут працяг... рамана, якога не было. Дзесьці далека-далека, што засталося незваротна ў гадах, быў пралог, прэлюдыя, і вось цяпер працяг... Ён яе мужчына, i яна баіцца сваей логікі. Пачуцці лагічных раскладаў не ведаюць. Але якая логіка? Прыйшоў нехта, каго шмат гадоў таму назад яна выкрасліла ca сваёй памяці, i яна так лёгка дазволіла яму стаць блізкім. Як i чым ён жыў усе гэтыя гады? А, урэшце, навошта ёй пра гэта ведаць. Таго не было, што было без яе. I гэта ісціна. Яна здзівілася, калі пачула, што ў другім пакоі звоніць тэлефон. Для некага распачаўся дзень... I, напэўна, дажджлівы. За вокнамі — шэрасць. Ускочыла, прайшла да тэлефона, зняла трубку... Спачатку падумалася, што мог званіць Антон, але гэта была сястра. Сказала, што ўчора прыязджала ў Мінск, хацела забраць нейкія рэчы з хімчысткі, але спазнілася. I цяпер хацела б, каб гэтыя рэчы забрала яна, Віка. Заходзіла да яе, але не застала дома, таму ўкінула квіток у паштовую скрынку...

Гэта ж трэба, не пачула, як званіла ў дзверы сястра! Пра што гаворка, вядома, яна забяжыць у хімчысгку. Дарэчы, учора яна не даставала пошты...

— Віка!

— Прачнуўся ад званка? — Яна на хаду накідвала на плечы халацік,— Нейкія просьбы ў сястры... На хвілінку выйду, забяру пошту...

I, калі вярнулася, затрымалася на кухні. Паклала на халадзільнік квіток, разгарнула «Вячэрнюю газету». Прабегла позіркам па аб'явах...

— Віка, ты дзе?

— У магазін давядзецца ісці табе,— адгукнулася яна,— а не, дык памрэм тут з голаду. Як цікава! — з разгорнутай газетай пайшла да яго. Ён ужо складваў канапу. Яна працягвала: — Слухай, можа, які твой сваяк? Яшчэ спадчыну атрымаеш. Агенцтва «Навін» паведамляе: «Ля берагоў Аўстраліі разбілася яхта мільянера Ігара Халадневіча. Цела нябожчыка апазнаецца. Расшукваюцца спадчыннікі»...

— Дай газету!

Яна падумала, што з ім здарыўся нейкі ўдар.

— Mo i сапраўды твой сваяк?

— Ці можа такое быць?! Віка... У Аўстралію павінен быў ляцець я... У аўстралійскім нацыянальным банку быў адкрыты рахунак на маё імя... Але я пачаў расшукваць цябе. Значыцца, гэта ён... Я ж тут... з табою! — адшпурнуў газету.— Дзе-небудзь паблізу ёсць стаянка таксі? Мне тэрмінова трэба ехаць!

— Куды, Халадневіч?

— Да сябе. Што сталася з маімі лазернымі распрацоўкамі? Ён мог забраць іх з сабой! — і Ігар Апанасавіч кінуўся ў пярэдні пакой, схапіў плашч...

— Чакай,— яго нервовасць перадалася ёй.— У мяне ж машына, я адвязу цябе!

I праз якіх паўгадзіны яны ўжо былі ў кватэры Ігара Апанасавіча. З таго вечара тут нічога не змянілася, нават акно было прыадчынена. Вецер варушыў шторку. Дзве зялёныя папкі ляжалі на стале. Адна з ix была разгорнутая, i некалькі аркушаў паперы вытыркалася з яе. На верхнім, на палях, буйнымі літарамі было напісана: «Ты памыліўся тут! Зрабі правільны разлік!»

— Няўжо?.. Наконт гэтага месца ў мяне не было ніякіх сумненняў.

Ігар Апанасавіч сеў за стол... Схапіў аловак. Слупкі лічбаў імкліва клаліся на аркуш. Нарэшце падняўся з крэсла:

— Неверагодна!.. Віка... Магчыма, ён д'ябал, але ўсё сыходзіцца... Мой лазерны промень перавышае хуткасць святла. Я абверг тэорыю Эйнштэйна! Наша цывілізацыя ступіць на новы шлях развіцця. Віка...— ён сціснуў яе ў абдымках.— Ты разумееш, што гэта такое!

Праз пяць гадоў акадэмік Ігар Апанасавіч Халадневіч у варшаўскім гатэлі «Орбіс» нецярпліва пазіраў на гадзіннік. Праз гадзіну ён павінен рабіць даклад на міжнародным сімпозіуме, але была дамоўленасць з Вікай. Яна павінна была званіць яму ў гэты час, каб сказаць, калі зможа прыехаць да яго ў Варшаву. Тэлефон маўчаў. Час між тым бег, i Ігар Апанасавіч вырашыў, што ў перапынку, адразу пасля свайго даклада, ён паспрабуе дазваніцца дамоў сам.

Калі выходзіў з гатэля, да яго падышоў парцье:

— Пан Халадневіч?

— Ён самы...

— Толькі што вам была тэлеграма Мы думалі, што вы выйшлі раней. Спытайцеся ў пана дырэктара...

Праз некалькі хвілін Ігар Апанасавіч ужо разгортваў тэлеграму. Літары паплылі перад вачыма: «Тэрмінова вылятай. Віка трапіла ў аўтамабільную катастрофу».

Ён расшпіліў верхні гузік кашулі, пакутліва пацёр скроні:

— Як не паверыць у наканаванасць чалавечага лёсу?!

1996

Загрузка...