ПЕРАКРЫЖАВАННЕ-777

...І пайшоў Ён на крыжавыя дарогі у глухую ноч, i выйшаў да яго Д'ябал, i сказаў: «Распішыся крывёю, таму што за усё, што я табе дам, трэба заплаціць душою...»

З народнага павер'я


Пронт пацягнуўся ў крэсле, яму здавалася, ён задрамаў, але крою Кранта прымусілі хутка азірнуцца:

— Ну, што Цэнтр? Сувязь была чыстай?

Крант пасміхнуўся. Гэта быў высокі чалавек, а можа, толькі выгляд чалавека, пра гэта нікому не дадзена ведаць, i сказаў проста, звычайна, як гавораць на Зямлі:

— Трэба вяртацца! Цэнтр незадаволены i мяркуе, што мы марна трацім час...— Ён падумаў: — А можа, ёсць новы маршрут?..

— Наконт часу ты дарэмна,— нібыта спрабаваў апраўдацца Пронт.— Успомні тую дзяўчыну... Яна ўжо гатова была пайсці на кантакт!

— Глупства! — Крант сеў у суседняе крэсла.— Кантакту не атрымалася... Мы вярнулі ёй каханага, i яна стала непрабіўной сцяною. Яе мозг не ўспрымаў нашых сігналаў. Яна слухалася толькі яго!.. Дык навошта нам вісець над гэтым клятым перакрыжаваннем! Цэнтр мае рацыю!.. Мы павінны вярнуцца на Цнуну.

Ён узяў карту i там, дзе стаялі тры лічбы «777», паставіў крыж. Потым павярнуўся да Пронта:

— Трэба зрабіць кантрольную праверку на караблі, i, калі ўсё будзе ў норме, рушым да Цнуны!

— Чакай... Зірні на экран!.. Гэтаму няшчаснаму, напэўна, патрэбна дапамога.

Экран быў насупраць, i калі б гэта было ў кватэры, на Зямлі, дык можна было б падумаць, што пачынаецца фільм. Вось ён, галоўны герой, спыняецца на перакрыжаванні, выцягвае з кішэні лёгкай курткі цыгарэты, потым запалкі... Цемра ўспыхвае яркім агеньчыкам... Чатыры вуліцы разбягаюцца ў розныя бакі, і, закурыўшы, чалавек ідзе па адной з ix... Зусім недалёка лавачка. Там аўтобусны прыпынак Чалавек садзіцца на лавачку. Курыць... Чакае аўтобуса...

Крант узіраецца ў твар чалавека:

— Ты сказаў праўду. Яго нешта гняце...— Ён яшчэ падумаў, потым дадаў:— Гэта нас доўга не затрымае... Паспрабуй падключыцца...

Пронт засмяяўся. Так смяюцца, калі прадчуваюць удачу. Лёгкім рухам ён націснуў на кнопку побач з экранам. У кабіне карабля пачуліся ціхія роўныя сігналы...

— Ніякіх высокіх матэрый... Гэты няшчасны думае пра адпачынак. Але ён адпачываць не будзе. Жонку з дзецьмі завязе да сваіх бацькоў, а сам паспрабуе пад-хал-турыць...

Цяпер ужо засмяяўся Крант:

— Яму патрэбны грошы!.. Мяне заўсёды палохалі цывілізацыі з нізкім узроўнем. З дробязнымі запатрабаваннямі. Быт перашкаджае прагрэсу... Гэта вядома кожнаму на Цнуне з часоў старажытнасці.

— Не разважай... Ён паддаецца кантакту. I мы дамо яму тое, што ён хоча!

Пронт хутка падняўся з крэсла, падышоў да сцяны, якая нагадвала электроннае табло, i націснуў на чырвоную кнопку...

Крант глядзеў на экран. Да лавачкі, на якой сядзеў чалавек, пад'ехаў аўтобус, i той ускочыў у яго, радуючыся, што паспеў на гэты, напэўна, апошні рэйс...

Мікола Іванёнак вяртаўся дадому позна. У гэтым годзе яму далі адпачынак летам, i, каб не малы Уладзік, можна было б паехаць куды-небудзь на поўдзень, неяк бы выкруціліся з выдаткамі, ды куды ж тут паедзеш! Малому толькі тры месяцы, ды i старэйшай чацвёрты годзік... Пра поўдзень няма чаго i думаць, а вось у маіх бацькоў з дзецьмі будзе самы раз! «Хай пажывуць месяц у вёсцы,— разважаў Мікола,— а я далучуся да Колесеня, той набірае брыгаду, i папрацую ў калгасе, на будоўлі» (хоць што там будуецца, ён i сам яшчэ добра не ведаў). Галоўнае, Колесень сказаў. «Рыхтуйся. Ёсць работа!» Сёння вечарам ён i паехаў да яго, каб усё высветліць. Тры гадзіны чакаў а Колесень дома так i не з'явіўся. Жонка адно адказвала: «Недзе бадзяецца!» I нейкае сумненне ўзяло Іванёнка, можа, дарэмна ўвязаўся ў гэту справу, але ж, наколькі ён ведаў Колесеня, не такі той чалавек, каб гаварыць пустое... Напэўна, таксама недзе па справе адлучыўся, як i ён у гэты вечар. Мікола падыходзіў да дома, у якім жыў. Правёў вачыма па вокнах сваёй кватэры: там было цёмна, напэўна, спяць, i прыспешыў крок, таму, калі ўвайшоў у кватэру, трошкі пастаяў у парозе, каб аддыхацца.

— Мікола, ты? — жонка яго чакала i цяпер не хавала раздражнёнасці,— Толькі прашу, не палі святла! Зараз пачнеш бразгаць на кухні... Калі ж нарэшце можна будзе заснуць спакойна?!

I Мікола гатовы быў адказаць ёй: «А што ж, мне галоднаму класціся?! Вядома, пайду на кухню i, калі трэба, буду бразгаць, ды i не так часта я прыходжу дадому позна». Але нейкі голас гаварыў яму адваротнае: ты — вінаваты, ты не папярэдзіў яе, што вернешся позна, яна стамілася, яна мае права на любы папрок, таму супакой яе, ціхенька прайдзі на кухню. I Мікола, паддаючыся гэтаму голасу, сказаў амаль шэптам:

— Cпi... не звяртай на мяне ўвагі, я i есці не хачу, чаго мне ісці на кухню, толькі распрануся.

Ён сцягнуў з плячэй куртку, павесіў на вешалку, засунуў у кішэню ключ і... здзівіўся. Ён яшчэ не ведаў што там, але рука ўперлася ў нешта даволі цяжкое i цвёрдае: нейкі брусок, ці што? I Мікола выцягнуў тое, што здалося бруском, але, напэўна, не было ім. Каб не паліць святла ў вітальні, пайшоу у ванную, запаліў святло і... разгубіўся. У руцэ ён трымаў пачак... сторублёвак, шчытна сцягнуты паперкамі. Такія пачкі ён бачыў у ашчаднай касе. На паперыне, якая абкручвала пачак, значылася: 10 000! Мікола не верыў сваім вачам: адкуль у кішэні гэтыя грошы? Можа, не сваю куртку апрануў? Кінуўся ў вітальню, схапіў куртку, вярнуўся ў ванную... Куртка была яго. Яго куртка! Вывернуў кішэню, палез у другую, стала горача... Адтуль таксама выцягнуў пачак... яшчэ 10 000! У скронях загуло... Мікола не быў сквапным чалавекам, i цяпер усяго яго працінала адна думка: адкуль узяліся яны?! Дзіва дзівам, як нейкае ачмурэнне! Ён абапёрся аб вушак, ліхаманкава думаў... Выйшаў з тралейбуса, перасек вуліцу, каб перасесці ў аўтобус... Даставаў цыгарэты з кішэні, ніякіх грошай не было, нават пачак цыгарэтны выкінуў узяўшы апошнюю цыгарэту... А запалкі вось яны, у гэтай кішэні, i тут таксама было пуста... А можа, мне толькі так здаецца?! Ён намацаў пальцамі, грошы аддавалі халадком. Трэба сказаць Веры, трэба паказаць ёй, але нейкае сумненне варухнулася ў ім: навошта табе трывожыць яе? Пра гэтыя пачкі ты зможаш сказаць ёй i заўтра, лепш ідзі спаць, a раніцай на свежую галаву, можа, нешта праясніцца. Хоць падсвядома ведаў, што ніякага праяснення не будзе... Як не сваімі рукамі паклаў пачкі ў кішэні, павесіў куртку на ранейшае месца i пачаў ціхенька распранацца...

Ужо калі ляжаў у ложку, зноў нешта затрымцела, запякло: «Што ж гэта? Адкуль узяліся пачкі?.. Гэтыя тысячы?!» Ён быў рэалістам, добра ведаў што грошы не знаходзяць у кішэнях, калі ix туды не кладуць, i тут жа гэтыя думкі змяніліся іншымі: ну што ты марна пакутуеш?! Што ты ўсё думаеш пра ix, калі не можаш знайсці адказу? Забудзь! Выкінь з галавы! Побач — Вера, у яе цёплае-цёплае плячо... Яна не спіць, ну вядома ж, не спіць, толькі робіць выгляд, што заснула. У яе доўгія-доўгія валасы... I ўсё цела тоненькае-тоненькае, нягледзячы на нядаўнія роды... Ён прытуліўся вуснамі да яе пляча...

Калі заснуў, не помніў. Поўня ўжо выплывала з акна, ён i праваліўся, нібыта ў цемру аконнага праёма. A прачнуўся, як i не спаў. Плакаў Уладзік. Вера трэсла яго за плячо:

— Коля, уставай! Будзі Ніначку... Апрані i вядзі ў садзік! Нешта робіцца з малым, на момант суцішыцца i зноў, i зноў плача... Mo доктара трэба, ты як думаеш?

— Ён i ўчора плакаў— адказаў Іванёнак — А потым суцішыўся i нічога... Навошта спяшацца з доктарам?

Ён прыўзняўся на канапе, адкінуў коўдру:

— Колькі часу?

— Ды кажу табе, уставай,— Вера калыхала Уладзіка на руках.— Ніначку не паспееш сабраць...

Мікола ўстаў, пацягнуўся, з суседняга, другога пакоя адазвалася сонным голасам Ніначка:

— Мама, хачу пііць!..

— Зараз... Зараз, дачушка!..— Вера пайшла на кухню.

Уладзік плакаў, i Мікола падумаў, што ён правільна вырашыў адвезці Веру да сваіх бацькоў, там ёй дапаможа маці, i раптам успомніў грошы! Як ён можа спакойиа думаць пра Веру, пра Уладзіка, пра бацькоў, калі з ім здарылася такая неверагоднасць?! А можа, ніякіх грошай i няма?! Можа, учора ад тлуму, ад стомы нешта ўявілася?! Ён хуценька выйшаў у вітальню, падышоў да вешалкі, тыцнуў рукою ў кішэню: грошы былі там! Хацелася плюнуць.

Вера з кухні ішла ў пакой, дзе гукала i гукала яе Ніначка, несла кубак i ўсё калыхала i калыхала Уладзіка.

— Дай кубак, я сам яе напаю... Ты ідзі ў той пакой, суцяшай малога...

Вера аддала яму кубак, i потым, праз хвілін двадцать, сыходзячы з Ніначкай з ганка, ён нават неяк заспакоена падумаў: куды спяшацца, пра грошы можна расказачь Веры i вечарам, яна пачала б распытваць, i што сказаў бы ён... Сапраўды, што ён ёй сказаў бы?! Палез у кішэню пакласці ключ, а там — дзесяць тысяч, i ў другой — таксама столькі! Нешта заныла, заварочалася ў грудзях: а можа, усё гэта сон?! Ніначка тузанула яго за рукаў:

— Хачу на ручкі!

Ён нахіліўся, паднімаючы яе, каленам адчуў пругкасць аднаго з пачкаў... «Расказаць пра такое каму, дык i не павераць!» Але нешта супакойвалася ў ім, нешта адпускала, таму, ідучы з садзіка да аўтобуснага прыпынку, ён ужо не адчуваў ліхаманкавасці ў думках... «Галоўнае не нервавацца! Ну грошы i грошы...» Ён нават дастаў з кішэні пачак, перакінуў з рукі на руку. «Чаму я павінен думаць, адкуль яны ўзяліся, знайшоў у кішэні, ну i знайшоў у чужую я не залазіў...» І ўжо, калі ехаў у перапоўненым аўтобусе, нават стала весела. «Стаю, таўкуся, а мог бы i на таксі праехацца, пад'ехаў бы да самай прахадной... Выняў бы сторублёвую паперку, сказаў бы таксісту: «Здачы не трэба!» Што б ён сказаў цікава... Узрадаваўся б! Гледзячы які, іншы б i здачу мог вярнуць, палічыўшы за ненармальнага, не стаў бы звязвацца!.. А можна было б i адпрасіцца на дзень у майстра... Кветак купіў бы Веры, i не нейкія там тры гваздзікі, а во-о столькі ружаў!.. Веры дваццаць восем гадоў я ўзяў бы ружаў у тры, у пяць разоў больш... Зноў тое самае таксі... Пад'ехаў бы да пад'езда... Уварваўся б у кватэру з кветкамі i рассыпаў бы каля Веры па ўсёй падлозе... «Збірайся, таксі ўнізе...» — «Куды збірацца?» — «У оперу!..» Вера яго завяла туды аднойчы, сказала, які ж ты гараджанін, калі ніколі не быў?! I пайшоў... I ўсё было добра: відовішча, потым буфет... У оперу!.. «Дзе пакінуць дзяцей?» — спыталася б Вера. «У Валянціны Сямёнаўны, на шостым паверсе...» Яны ўжо неаднойчы пакідалі на яе! Давалі па тры рублі за вечар, i была задаволеная, казала, от добра, дзве каробкі мармеладу куплю... Дык сёння можна было б i пяцьдзесят даць! Хай бы на усе купляла свой мармелад! «Еш, Валянціна Сямёнаўна, ад душы!» Але галоўнае кветкі... Пунсовыя ружы, а можа, лепш белыя?! I многа... многа, каб па ўсёй кватэры водар...»

Мікола саскочыў з аўтобуса, нехта прывітаўся з ім, ён, нават не зірнуўшы, кіўнуў у адказ, думаў пра сваё: «Дурань, як жа я ўчора напалохаўся!.. А чаго?! Яшчэ i Веры сказаць баяўся! А мог бы i выкласці на стол! Вось табе дваццаць тысяч! Дзе ўзяў? Няхай застанецца маёй тайнай, галоўнае, я прынёс... аддаў!»

— Гэ-эй, Мікола, чакай!..

Ён азірнуўся. Даганяў Косця Чапец.

— Чуў ад хлопцаў, што ты з Колесенем у прырабаткі хочаш падацца! Гэта праўда? Можа, i мне аформіцца з вамі? Га-а?! Будыніну сваю трэцяе лета дабудаваць не магу... Ужо не рады, што i ўзяў гэты ўчастак, a ўсё жонка!.. Як уперлася: дача, дача!.. Дзецям будзе. Ну, i што тут зробіш?! Улез! — як гакнуў Чапец.

Мікола ўздыхнуў:

— От гаваркі ты... Узяўся б перагаварыць, не перагаварыў бы!

Чапец зарагатаў...

У прахадной Мікола схіліўся, каб паказаць пропуск, локцем адчуў пругкасць аднаго з пачкаў... «А можа, не трэба было браць грошы з сабою?» — чамусьці падумалася... Куртку ён скіне, а раптам нехта выпадкова пачне шукаць у ягоных кішэнях запалкі ці цыгарэты? I нешта зноў непрыемна варухнулася ў грудзях, нібыта ўжо нехта іншы пытаўся ў яго: «Дык адкуль жа ў цябе такія грошы?! Дзе ж гэта ты ix змог узяць?» «Не буду скідаць куртку,— цвёрда вырашыў ён,— Халат апрану на яе». I, не чакаючы Чапца, пайшоў да свайго цэха...

Крант штосьці прыкідваў. Засяроджана паглядаў на экран... Пронт перахопліваў гэтыя позіркі, потым асцярожна спытаў

— Табе нецікава, Крант? Мы ўжо восем гадзін з ім у кантакце, i ў мяне такое адчуванне, што ў яго шок! Думкі скачуць з крайнасці ў крайнасць, мы не супакоілі яго, a ўсялілі трывогу. Паніку!.. Сумняваюся, што да яго даходзяць мае сігналы. Iм цяжка кіраваць...

Крант адвёў вочы ад экрана.

— Я ўжо казаў гэтая цывілізацыя на нізкім узроўні!.. Калісьці таго, хто першы з'явіўся на Зямлі, выпхнулі з Эдэма. Цяпер у кожным з насельнікаў — ген выгнанніка. Няшчасныя... Пякельнае жыццё! Грошы для ix як узнагароджанне, скажам, за працу...

— Атрымліваецца, што мы яго ўзнагародзілі за кантакт з намі?! — Пронт засмяяўся.

— Так, але я думаю пра іншае... Мы займаемся Сусветам, а яны — сабою. Разумееш? Тым, чым займаюцца ў нас робаты: будуюць дамы, гадуюць наглых дзяцей, кожную раніцу прыносяць нашым жанчынам кветкі...— твар яго перасмыкнуўся,— Пронт, чуеш... Апошнія два разы, калі я выходзіў на сувязь, у мяне было адчуванне, пгго я гавару не з Мілтам, а з некім іншым, хто капіруе голас Мілта.

Пронт паглядзеў запытальна:

— Думаеш, робат?

Крант памаўчаў...

— Усё можа быць... У мяне нярэдка з'яўляецца думка, што ўжо невядома, хто кім кіруе: яны намі ці мы...

Ён зноў змоўк. Пронт запытаў насцярожана:

— Цябе гэта непакоіць?

— А цябе? — пытаннем на пытанне адказаў Крант i засмяяўся,— Ты не пасылаеш сігналаў... Экран засвечваецца...

Мікола стаяў ля кіёска. Тут ён заўсёды купляў вячэрнюю газету. Побач усё роўна як прытанцоўваў Чапец.

— Ну, не дуры, Мікола... Што ты адмоўчваешся?! Я сам з Колесенем перагаварыў бы, ды мы амаль незнаёмыя. Працавалі ў розных цэхах, a апошнія два гады дык i ўвогуле не сустракаліся. Ну скажы ты яму, што я мужык на ўсе сто! Я i ca сталяркай магу. I з цэглай...

Мікола скруціў трубачкай газету. Накіраваліся да перахода, пачалі спускацца ў тунель...

— Слухай, Косця,— Мікола прыпыніўся.— Што б ты зрабіў, каб знайшоў дваццаць тысяч?.. Ну во-о так... ішоў i знайшоў!

— Нічога...— Чапец спыніўся,— Грошы — вада...— Падумаў:— Дачу дабудаваў бы... Ну, можа, машыну...— I раптам весела: — А ты што, ужо знайшоў?!

Мікола збянтэжыўся.

— Ды ну цябе!.. Ты куды, у які бок зараз?

Потым, ужо развітаўшыся з Чапцом, Мікола зноў вярнуўся да сваіх ранейшых думак... Грошы! Усё роўна як дзіва якое, а гавораць, не бывае цудаў! I нейкі другі голас гаварыў у ім: ды што ты, на самай справе... Які цуд, якое дзіва! Ну, з'явіліся яны, i хай сабе з'явіліся... Ля прахадной на дошцы аб'яў паперка вісіць: тры турыстычныя пуцёўкі на Кубу! Вазьмі пуцёўку, паедзь... Ды што Куба?! У Ленінградзе ніколі не быў! I нейкі халадок не-не ды i варушыўся ў грудзях: i ўсё-такі адкуль? Адкуль яны?! Засунуў руку ў кішэню: ляжаць! Трэба хутчэй дадому, выкладу на стол, аддам Веры, хай разбіраецца, а мне што?! Вось толькі шкада, што i сёння Колесеня не пабачу... Ён ужо падыходзіў да свайго пад'езда і здаля заўважыў Веру. Яна пакалыхвала каляску з малым Уладзікам. Побач з дзіцячым вядзерцам у руках стаяла Ніначка...

— Вунь татка...-— нахілілася да яе Вера.

— Татка!.. Татка!..— закрычала Ніначка i кінулася яму насустрач

Мікола падхапіў на рукі малую, падышоў да Веры.

— Можа, адразу ў магазін сходзіш? — сказала яна.— У мяне тут i сетка ёсць... Сёння сястра забягала, на ўсялякі выпадак пазычыла ў яе дзесятку. Да тваіх адпускных дацягнем...

— Хадзем дадому,— i Мікола чамусьці азірнуўся,— У магазін потым схаджу...

У кватэры ён яшчэ хвіліну-другую вагаўся, чакаў, пакуль Вера пераклала Уладзіка з каляскі ў ложак. Потым паклікаў яе:

— Вера, зайдзі на кухню!

— Есці!.. Ты хочаш есці?! — заспяшалася да яго Вера і спынілася на паўдарозе, убачыўшы на стале пачкі,— Мікола, гэта што?

— Грошы...— з нейкай бязглуздай усмешкаю адказаў ён — Дваццаць тысяч...

Вера маўчала. Толькі вочы ў яе цямнелі i цямнелі. Потым як выдыхнула:

— Украў!.. А я, дурніца, усё думала, дзе ж ён затрымліваецца ўчора?.. Я непакоілася... А ён...— Яна ўсхліпнула, але голас быў цвёрды.— Чаго ж табе не хапала?! Кватэра... Кааператыў купілі... I выкручваемся... Выплочваем... Маці мая дапамагае... I не адмаўляецца ж! Ды i дапамога на дзіця ёсць... Мікола,— неяк спалохана ўскрыкнула яна,— цябе ж знойдуць! Цябе, напэўна, ужо шукаюць...— Яна ўсхліпвала i ўсхліпвала.

I нейкі голас у ім заглушаў гэтыя ейныя ўсхліпы: чаго ж ты стаіш, хутчэй супакой яе... Кажы, кажы, што ты не краў гэтых грошай, што яны даліся табе самі. I ён сказаў:

— Ты дарэмна гэта ўсё... Як жа ты магла падумаць такое! Калі папраўдзе, дык я i не ведаю, адкуль яны ў мяне? Палез у кішэню ключы пакласці яшчэ ўчора, а там нешта цвёрдае... Пабег у ванную, гляджу — грошы! У другой кішэні таксама...

Вера прайшла на кухню. Села. Твар яе рабіўся жорсткім.

— I што ты мне тут байкі расказваеш! Грошы! У кішэнях... Самі па сабе! Ці многа ты чуў, каб во так было ў каго: палез у кішэню ключ пакласці, а там тысячы-ы!

Мікола спрабаваў яе абняць, яна адштурхнула яго:

— Ідзі ў міліцыю... Кайся!.. Гады два скінуць!.. А дзеці?! Вернешся, Уладзіку гадоў дзесяць будзе. I што я з імі зраблю? — i яна заплакала ўголас.

— Ды не краў я!— крыкнуў Мікола.— Што ты мяне ў турму садзіш?!

I гэта падзейнічала. Вера ўжо больш спакойна сказала:

— Ды ты разумееш, што ты такое кажаш? Як маглі апынуцца ў тваіх кішэнях грошы, калі ты не клаў ix туды?!

— He клаў! — хуценька адазваўся Мікола.

— Дык, можа, у транспарце? Можа, хто выпадкова...— Яна пляснула далонямі,— Але ж у дзве кішэні адразу...— Вера ўжо нібыта хацела апраўдаць яго.— Можа, некага лавілі з грашыма i ён упіхнуў табе, каб чыстым быць. Успомні!

— У аўтобусе нікога не было. Толькі дзве жанчыны на пярэднім сядзенні. А да таго як я сеў у аўтобус, у кішэнях дакладна было пуста... Я даставаў цыгарэты... Яшчэ i пачак выкінуў закурыў апошнюю.

Ніначка прыбегла на кухню, пацягнула Веру за руку

— Ма-а, дастань ляльку з паліцы!

— Потым... Ідзі, гуляй...— Вера адштурхнула яе. Ніначка заплакала. I Вера пайшла ў другі пакой, узяўшы Ніначку на рукі. Следам рушыў i Мікола.

— Чуеш, ты ўсё-такі дарэмна наконт міліцыі... Ну, давай не будзем унікаць, адкуль яны!.. Можа, машыну купім, як ты думаеш?! Я магу на Кубу паехаць па пуцёўцы... Га-а? Табе футра якое прыдбаем... За кватэру ўсё выплацім... Навошта хвалявацца, калі можна з толкам.

Вера расклала цацкі перад Ніначкай

— Баўся!.. Трошкі пабаўся, дачушка!

Падышла да Міколы.

— Дык, кажаш, машыну купім!.. На Кубу па пуцёўцы паедзеш! A ў турму ты не хочаш?! На нары! За калючы дрот! A суседзі?! Што скажуць суседзі, у якіх я праз тыдзень па пяцёрцы перахопліваю?!

— Я ж — рацыяналізатар... Мог за якое-небудзь рацыяналізатарства атрымаць.

— Дваццаць тысяч?! За рацыяналізатарства?! Ды хіба ты акадэмік які?

Мікола хацеў ускіпець, але нейкі голас шаптаў i шаптаў у ім: не закіпай, хай яна супакоіцца, галоўнае — пераканай, што грошы не крадзеныя, што тваё сумленне чыстае, што ты невінаваты. I ён сказаў каб неяк адвесці яе ад грошай:

— Дык, можа, я зараз у магазін схаджу? Толькі што купіць? Сёння можна было б i пашыкаваць... Хочаш, торт куплю?

— А-а, пашыкаваць яму захацелася! — Вера сціснула маленькія кулачкі.— Хочаш зрабіць мяне саўдзельніцай? Не атрымаецца!.. Забірай свае грошы i каціся адсюль! Мяне маці яшчэ тады, перад шлюбам, адгаворвала... Басяк нейкі, так i сказала! — i яна выбегла зноў на кухню.

Мікола паглядзеў на Ніначку, пастаяў... Цешча яго недалюблівала, гэта факт, але навошта ж так абражаць! Які ж ён басяк, у яго ёсць свая чалавечая годнасць, ды нешта ў ім гаварыла: цяпер не ўнікай у гэтыя падрабязнасці... Ідзі да Веры... Яна вельмі расхвалявалася, гэта ўсё ад хвалявання... Ты ж таксама растрывожаны, але табе прасцей, ты ўжо прывык да гэтых грошай, дык пагавары з ёй мякка, нарэшце, парайся... З гэтым i пайшоў Мікола на кухню.

Вера стаяла ля акна, на яго крокі азірнулася.

— Забірай свае грошы i ідзі адсюль!

— Вера, ну давай спакойна ўсё абгаворым...— Ён падышоў да яе.— Клянуся, грошы не крадзеныя... Колькі можна табе гаварыць... Чаму ты не хочаш паверыць? У мяне i ў самога мільгала думка пайсці ў міліцыю... А што я там скажу? Знайшоў у кішэні? Ды мяне ж за вар'ята палічаць!

— Змоўкні!.. Вар'ятам хочаш прыкінуцца! O-o, не... Сядзеш як міленькі! — Яна раптам павярнулася да яго.— Коля, прашу цябе, выйдзі з кватэры... Пакінь мяне адну. I грошы вазьмі з сабою! — Потым дадала ціха: — А лепш прызнайся... Я ведаю, ты адзін гэтага не зрабіў, цябе нехта падбіў на такое... Дык здай гэтыя грошы... Сам аб'явіся... Паслухайся... А зараз ідзі... Ідзі! Ідзі!..

Мікола ўзяў пачкі, трошкі памарудзіўшы, расклаў па кішэнях i пайшоў... Нешта абарвалася ў ім... «Яна дапускае, што я магу быць злодзеем, магу зрабіць злачынства, што я здольны на такое!..» Яму стала страшна. Ён раптам вельмі выразна ўявіў усю сітуацыю... «Ды раскажы я любому пра гэтыя грошы, мяне, напэўна, палічылі б за вар'ята! Я ж пра гэта ёй i сказаў, але вар'ятам яна не назвала, яна адразу сказала: «Украў!.. Злодзей!» Крыўда шчымела ў ім, цела абвяла, здавалася, нават ісці цяжка... Таму, як толькі выйшаў з пад'езда, адразу сеў на лавачку... Колькі ён сядзеў нават i не ведае, але ўжо было цёмна. Палез у кішэню па цыгарэты, наткнуўся на пачак... I раптам ускочыў ад такой простай думкі... «Грошы! З-за чаго ўвесь гэты гвалт?! Як жа я раней не дадумаўся?! Недзе тут стаяла сметніца... Ага-а, вось яна... — адшукаў позіркам.— Я — басяк! — сказала цешча!.. Гэта — я?! Я?!» Ён ужо падыходзіў да сметніцы... Дастаў запалкі, потым грошы... Пачкі распакаваў... Браў па некалькі паперын, адразу i падпальваў... Апошнія проста ўкінуў у вясёлы, яркі агонь...

З-за нізенькай агароджы дзіцячага садзіка цягнула язмінам, скошаным маладым сенам, ён пабег на гэты пах... Як некалі, калі яшчэ быў хлапчуком, легка пераскочыў агароджу, упаў на колкую раннюю пакошу... Неба свяцілася дрыготкім зіхатлівым россыпам... «Дурань,— падумаў ён,— навошта пайшоў у вучылішча пасля васьмі, трэба было ісці ў дзевяты клас... А так як абрубак які! Нават астраноміі не вывучаў. Цяпер бы ляжаў i разбіраўся ў сузор'ях, дзе якое... От разумнікі!.. Космас асвойваем, а тэлефона не можам у кожную кватэру правесці!.. Прасцей простага, пазваніў бы Колесеню, i ўсё... A цяпер цягайся!..»

Дарэмна затрымаліся...— Крант нават не павярнуўся да Пронта. Нерухома сядзеў у крэсле i нібыта думаў услых: — Сюды некалі прыляцяць нашы дзеці. Тут яшчэ многа лясоў многа рэчак...

— З Цнунай на сувязь выходзіць не будзеш? — адазваўся Пронт.

— Навошта?! Мы атрымалі загад ад Цэнтра. Вяртацца!

— Ты казаў, трэба зрабіць кантрольную праверку на караблі.

—Я трошкі пасяджу... Ты ідзі... Пачні з адсекаў...

Пронт, нібыта чакаў гэтага, хутка падняўся з крэсла, пайшоў па доўгім калідоры...

Крант глядзеў на экран. Адлюстраванне расплывалася, скакала, але ён яшчэ мог разгледзець, як Мікола легка пераскочыў цераз агароджу, не адрываючы позірку ад акна, за якім, адхінуўшы празрыстую шторку, усё ўглядалася i ўглядалася ў цемрадзь двара Вера...

1988

Загрузка...