ПАСЛЯСЛОЎЕ


Пасля судовай расправы большасць асуджаных удзельнікаў мядзельска-смаргонскага падзем'я змясцілі ў Вялейскай турме. Туды ж перавезлі i смяротнікаў — Расціслава Лапіцкага з Факундам Несцяровічам. Пару чалавек часова пакінулі ў Маладзечне. Да вясны наступнага года амаль усе яны ўжо былі ў канцлагерах Сібіры i Казахстана, працавалі на лесанарыхтоўках, рудніках, каменаломнях. Непаўналетніх накіравалі ў спецыяльныя дзіцячыя дамы, якія мала розніліся ад лагераў для да рослых.

Пасля смерці Сталіна настала некаторае паслабленне лагернага рэжыму, скарацілі тэрміны зняволення. У 1954-1956 гадах усе ўдзельнікі арганізацыі Лапіцкага выйшлі на волю i вярнуліся ў Беларусь. Смаргонскае i мядзельскае начальства сустрэла ix варожа. Таму амаль палова былых вязняў выехала ў Польшчу. Некаторыя дзяўчаты, выйшаўшы замуж, апынуліся ў Летуве i Расеі. Рэшта неяк уладкавалася на Бацькаўшчыне. Зараз каля паловы былых змагароў ужо на вечным спачыне — на польскім Шлёнску, у Эльблёнгу, на Смаргоншчыне, недзе ў Расеі.

Сёння ў Касуце, дзе нарадзіўся Расціслаў Лапіцкі, амаль не засталося мясцовых жыхароў i толькі пару зусім старых цьмяна ўспамінаюць святара Аляксандра i ягоных дзяцей. Царква-"мураўёўка", у якой хрысцілі Расціслава, стаіць у цэнтры вёскі, прыцененая старымі дрэвамі. Побач яе маўкліва-задуменна прытулілася даўняя цэркаўка-капліца з вуніяцкіх часоў. Яна можа яшчэ памятаць народжанага тут Піліпа Орліка — збуялыя дрэвы шляхоцкай сядзібы захаваліся з адвялейскага краю паселішча. А вось прасторнага царкоўнага дома, дзе прайшло дзяцінства Расціслава, няма. На яго падмурках бялее новая недабудаваная камяніца. Царкоўны ж дом у Мільчы i будынак мясцовай школы спаленыя партызанамі яшчэ восенню 1942 года.

Вялейская турма (вул. Першамайская, д. 50) цяпер ужо не турма, a больніца для анкалагічных хворых. Да гмаху сярэдзіны XIX стагоддзя нядаўна паспрабавалі зрабіць прыбудовы, але выявілася, што тутэйшая зямля запоўненая чалавечымі парэшткамі. На лаўках пры сцяне турмы-больніцы сядзяць маўклівыя людзі з шэрымі тварамі i патухлым позіркам. Мне яны падаліся падобнымі да вязняў з перадрасстрэльных адзіночак.

Дзе ж быў абарваны жыццёвы шлях Расціслава Лапіцкага?

Былы начальнік фінчасткі вялейскай турмы Д. Бараноўскі заявіў, што месцы расстрэлаў зняволеных — найвялікшы сакрэт. Але некаторыя старэйшыя месцічы кажуць, што расстрэльвалі быццам у лесе ва ўрочышчы "Красны беражок". Лес размешчаны на заходняй ускраіне Вялейкі, паміж горадам i чыгункай. Аднак ён даволі раўнінны i такіх схілаў, як у Курапатах — каб кулі далека не ляцелі, мала. Ёсць падобная мясціна, але яна зараз шчыльна абкружаная калючым дротам, абсаджаная прыстасовамі сачэння i сігналізацыі. А за дротам на мураваным будынку вісіць лозунг: "Великой России надежная связь".

Другая мясціна знаходзіцца ў тым жа лесе, непадалёку Вяллі, над старыцай. Тут ёсць палоса стромкіх дзюнаў. Ля ix падножжа — нейкія паглыбленні, а на схілах, якраз на роўні чалавечай галавы, сляды пошукаў марадзёраў з металашукальнікам. Што тут знаходзілі рабаўнікі? Кулі?

Каля паўкіламетра ад дзюнаў — вёсачка Красны Беражок. Гэта блізка. Але мясцовыя жыхары не чулі стрэлаў. Ды побач жа чыгунка. Вось i зараз грукат таварняка заглушае ўсё наваколле.

Загрузка...