БЛУКАННЕ ПА ПАКУТАХ


Пошукі прытулку * Пасярод заснежанай Мядзельшчыны * Зноў у Кабыльніку * Хвароба * Апошнія дні на волі * На кожнага Хрыста знойдзецца свой Юда * Трэці арышт

Дзе хаваўся, якімі сцежкамі блукаў Расціслаў? — сёння пра гэта мала вядома. Магчыма, наўперад ён прыйшоў у Мікасецак. Да Русаковічаў ці Чарняўскага Івана? Але часы былі неспакойныя i таямнічае з'яўленне Расціслава ўзімку магло выклікаць падозранні суседзяў. І мікасецкія знаёмцы хлопца маглі пабаяцца даць яму прытулак.

У вёсцы Юшкавічы, што непадалёку, жылі бацькі Факунды, які ўжо быў арыштаваны (паводле сведчання сястры). Прыйшоў, калі было ўжо цёмна. Папрасіўся абагрэцца i пераначаваць. Сказаў, што такім холадам не дойдзе дахаты. Адаграваўся на цёплай сялянскай печы. Але i тут уцекачу нельга было доўга затрымлівацца. Па-першае, пасля арышту сына бацькі Факуся былі вельмі напалоханыя i асцярожныя. Акрамя таго, у хаце размяшчаліся калгасныя ільнамялкі, i сюды на працу прыходзіла шмат жанчын. Таму Лапіцкі мусіў пакінуць цёплую хату Несцяровічаў. Выйшаў з яе раніцай, калі было яшчэ цёмна, каб не прыкмецілі суседзі.

Адным з наступных прыпынкаў Расціслава стала вёска Качаргі, дзе жыў яшчэ адзін ягоны паплечнік Юзік Качэрга.

Сястра Юзіка Вераніка Мелец сёння расказвае: "Дык вось, аднаго разу нехта стукаецца ноччу. Адчынілі дзверы — хто прыйшоў? Лапіцкі прыйшоў. Можа ён па тую вінтоўку прыйшоў, ці што? Юзік пытаецца, ці можна яму пераначаваць. — Можна. Дык яны цэлую ноч шапталіся на кухні. (Юзік на кухні спаў). Раніцай устаў i пайшоў, i ніхто яго не прыкмеціў..."

А вось сённяшнія сведчанні самога Юзафа:

"І вось недзе ў лютым месяцы, познім вечарам, калі было ўжо цёмна, пастукаўся ў нашу хату Расціслаў Лапіцкі. Быў вельмі замерзлы i змучаны. Расказаў мне, што яго шукаюць эмгэбісты, а ён ад ix хаваецца. Расказаў i пра Смаргонскую арганізацыю, пра ўлёткі. Ад яго я даведаўся, што апошнюю партыю ўлётак яны распаўсюдзілі ў Смаргоні i ў навакольных вёсках напярэдадні Дня канстытуцыі, які прыпадае на 5 снежня.

Я тым часам хварэў i ў школу некалькі дзён не хадзіў. І вось Расціслаў папрасіў мяне схадзіць у Мядзела i перадаць шыфраваны ліст свайму знаёмаму кухару. Кухар, не памятаю ягонага прозвішча, жыў на Замкавай вуліцы, у доме, які да вайны належаў габрайцы Сосі. У хаце я сустрэў маладога мужчыну — кухара. Там жа было малое дзіця. Кухар узяў шыфроўку, зробленую як нотнае пісьмо — значкі на лінейках. Пашкадаваў, што не можа прачытаць, бо згубіў ключ для расшыфроўвання. І сказаў, каб Лапіцкі прыйшоў цёмным часам да ўскрайку Мядзела каля возера, дзе наводшыбе стаялі нейкія гумны. Я вярнуўся ў вёску, перадаў Лапіцкаму прапанову кухара. І Расціслаў позна вечарам па лёдзе замерзлай затокі Мястры пайшоў на тую сустрэчу. Вярнуўся з яе ўжо ўначы.

Лапіцкі перахоўваўся ў нашым доме ўвесь наступны дзень. А як сцямнела, зноў выбраўся ў дарогу. Сказаў, што пойдзе ў Кабыльнік да нейкага Корчака i што яшчэ некалі да мяне зойдзе. Але папярэдзіў таксама, каб быў гатовы i да таго, што нас могуць усіх выкрыць i арыштаваць".

І зноў хлопец выйшаў у прыцемак халоднага зімовага ранку, у адзіноту, пасярод заснежанай Мядзельшчыны. Можа адчуваў сябе, як загнаны бязлітаснымі паляўнічымі воўк. І ў галаве была неадчэпная думка: а што рабіць далей?

Як кожнага разу, трэба недзе перачакаць дзень, каб не сустрэцца з якім непажаданым знаёмым, ці асабліва пільным незнаёмцам. Перачакаць у стозе сена, закінутай наводшыбе пуні, у густым ельніку?

Наступным прыпынкам стаў знаёмы з школьных гадоў Кабыльнік. Да яго не так далека — цераз замерзлыя Мястру i Нарочча.

Мы не ведаем, ці трапіў Лапіцкі ў Кабыльніку да таго загадкавага Корчака. Але дакладна вядома, што рана-раненька, толькі пачало світаць, Расціслаў з'явіўся на панадворку Каспарэўскіх. Так сталася, што першай яго сустрэла каля хаты малодшая сястра Чэха — Ліда. Яна тады сімпатызавала старэйшаму на 8 гадоў юнаку. Колькі было радасці ад такой нечаканай сустрэчы! Дзяўчына павіталася i павяла Славіка ў хату. Чэх таксама ўзрадаваўся з'яўленню сябра. Прыязна яго сустрэла i маці Любоў Каспарэўская — прыйшоў даўні i добры колішні сусед, i галоўнае, сынаў сябар.

Расціслаў сказаў, што ідзе ў Занарочча да знаёмых. Але дарога далёкая i яму трэба прыпыніцца ў Кабыльніку, бо змерз i адчувае сябе прастуджаным. Застаўшыся ж пазней сам-насам з Чэхам, асабліва не таіўся, прызнаўся, што быў арыштаваны за нелегальную дзейнасць, але ўцёк i вось зараз хаваецца, пакуль не пацяплее. А як скончыцца зіма i зазелянее зямля, можна будзе падацца ў лес, да партызанаў. А там неўзабаве павінна пачацца вайна з Амэрыкай, i партызанскі pyx разгорнецца шырока. Чэх таксама крыху знаўся на канспірацыі. Ён меў дзядзьку ў Арміі Краёвай i збіраў яму яшчэ ў часы нямецкай акупацыі боепрыпасы. Таму Чэх прапанаваў прыхаваць Расціслава ў знаёмых на глухой аднаселі пад Кабыльнікам. Але Славік, мусіць, i сапраўды не збіраўся доўга затрымлівацца ў мястэчку. Ён адмовіўся ад прапановы, сказаўшы, што ніхто не дадумаецца шукаць яго ў самым цэнтры Кабыльніка, пад бокам сельсавета[17].

Высветлілася, што Лапіцкі даўно не мыты, моцна прастуджаны ды яшчэ й абмарозіў ногі. Чэсь выпаліў ў лазні, якая была ў склепе пад падлогай, нагрэў вады. Ягоная маці падрыхтавала чыстую бялізну. Але пасля гарачай лазні ў хлопца падскочыла тэмпература пад сорак градусаў. Трэба было клікаць доктара. І хоць уцякач пярэчыў, доктар прыйшоў, агледзеў, абслухаў i выпісаў лекі. Зараз не было i гутаркі, каб хвораму падацца з хаты Каспарэўскіх у зімовы непрытульны свет.

І тут да Каспарэўскіх на лыжах ажно з Смаргоні прыйшоў Часлаў Цыбоўскі. Як ён здагадаўся, што кіраўнік іхнай арганізацыі зараз хаваецца ў Кабыльніку? Можа, Расціслаў Лапіцкі, пакідаючы Смаргонь, паведаміў яму адрасы, па якіх будзе знаходзіцца на Мядзельшчыне?

Часлаў прынёс скварак, каб падкарміць хлопца. Пачаставалі i Ліду, якая круцілася побач. Размову вялі ў яе прысутнасці. Толькі папярэдзілі, каб маўчала i нікому нічога не расказвала. Яна i маўчала, з гонарам за давер трымаючы пачутую таямніцу многія гады. Часлаў казаў: "Славік, як ты тут ляжыш? Тут усе ходзяць, табе трэба адсюль тэрмінова сыходзіць. Тэрмінова! Цябе тут забяруць!". Далей ён паведаміў, што партызанскія камандзіры паабяцалі пераправіць Лапіцкага праз Летуву ў Клайпеду, а адтуль ў Швецыю. Лапіцкі згаджаўся, але казаў: "Вось толькі ачуняю ад хваробы i пайду". Гаварылі яшчэ пра справы арганізацыі. І Ліда зразумела, што сярод падземнікаў не толькі хлопцы. І што яны хочуць зрабіць так, каб дзяўчаты не трапілі ў кіпцюры МГБ.

Да Чэха прыходзілі сябры. Яны былі сябрамі i Расціслава. І якая тут была канспірацыя?! Лапіцкі, дарма што хворы, трымаўся бадзёра. Іграў на мандаліне, маляваў, пісаў вершы, жартаваў з хлопцамі i Лідай. Дзяўчынцы трэба было на ўрок прынесці малюнак. Славік намаляваў каляровымі алоўкамі — прыгожы заснежаны лес. Зразумела, потым настаўніца не паверыла ў аўтарства дзяўчынкі. Напісаў Лідзе экспромтам верш-прысвячэнне[18].

Кабыльнік тымі часамі быў зусім малым мястэчкам. Усе адзін аднаго ведалі. І з'яўленне такой вядомай сярод местачкоўцаў асобы, як Расціслаў Лапіцкі, нельга было схаваць надоўга. А тут з райцэнтра — з Мядзела пачалі прыязджаць людзі i казаць, што ў Смаргоні. выкрылі нейкую антысавецкую арганізацыю. A ў ёй быў Лапіцкі. І Лапіцкага зараз усюды шукаюць — міліцыя i эмгэбісты.

На кожнага Хрыста знойдзедца свой Юда, "каб споўнілася наканаванае". Знайшоўся такі i ў Кабыльніку, што захацеў атрымаць свае трыццаць срэбранікаў. "Быў камсамольцам, a хацеў стаць партыйцам", — сказала мне цётка Люба. Калі сапраўды было так i той хлопец пабег у сельсавет, каб данесці, то лес яго таксама быў незайздросны. Ён не павесіўся на асіне, а праз няшмат гадоў утапіўся ў малюсенькай, вады па калена, рачулцы Сырмеж, што працякае праз мястэчка.

Кажуць людзі, што за цяжкое злачынства чакае няўмольная кара i вінаватага, i ягоных нашчадкаў. Ледзь не ў кожнай вёсцы вам пацвердзяць, што тыя, хто разбуралі святыні i зрывалі з званіц крыжы, загінулі не сваёй i страшнай смерцю. Можа яно i так. Акрамя таго кабыльніцкага хлопца, другі хлопец, ужо з-пад Мядзела, якога таксама вінавацяць у здрадзе, вырасшы, стаў, хоць i дробным, чыноўнікам. Але разбіўся насмерць ў аўтамабільнай аварыі. І сын яго, добры хлопец, якога я ведаў асабіста, таксама загінуў на матацыкле. Можа, так Нехта робіць, каб чалавек ведаў, што грэх ляжа i на яго нашчадкаў? Аднак ці гэта сапраўды такое няўмольнае правіла? Бо яшчэ ж адзін хлопец з-пад Мядзела, вырасшы, скончыў навучальню дзяржбяспекі, даслужыўся афіцэрам да пенеіі, І памёр сваёй смерцю. Праўда, я не ведаю лесу ягоных дзяцей...

Расказваюць, што Расціслаў сніў сны яркія i часта прарочыя. У Смаргоні ён сасніў лужыну крыві каля свайго ложка. Напярэдадні арышту ў Кабыльніку яму бачылася ў сне, быццам гадзюка ўспаўзла на столь i выкручваецца там, а малыя гадзючаняты сыплюцца адтуль на падлогу.

Аднае раніцы цётка Люба пайшла да каровы. Вярнулася ў хату, адчыніла дзверы, а тут яе сустрэў, наставіўшы ў грудзі пісталет, вайсковец. Расціслаў сядзеў на ложку. Гаспадыня ўсё зразумела i пачала казаць, што хлопец хворы, у яго тэмпература. "Ничево не больной, он притворяется". Эмгэбіст загадаў Лапіцкаму апрануцца i павёў у сельсавет.

Сведчыць Любоў Каспарэўская: «Думаю: "Усё, за нешта ж арыштавалі" Я ўзяла кілбасу, зварыла. Яшчэ была расчыніла булкі. Дык я дзве булачкі такія спякла, падхадзяшчыя. І прыляцеў эмгэбіст, о, халера, забылася яго фамілію... Яны ж тут усе былі. Казалі, што ён пасля абабраў магазін. Прыляцеў: "Дайте какое-нибудь одеяло". "Зачем?" "Ему холодно". Я кажу: "Нет такого". А потым у Чэха пытаюся. Чэх i кажа: "Не, мамуся, мабыць, адзяяла ім трэба, каб закрыць Славіка, каб відаць не было. А яго ж павязуць на работу. У чым жа ён будзе працаваць? Дай, кажа, бацькава паліто, а лепей — ватоўку". Калі эмгэбіст быў яшчэ тут, я спыталася, ці можна перадачу. "Можете". I вось я панесла ватоўку i тое, што сабрала. А пасля яго... Яго выцягнулі, на машыну i ватоўкай галаву накрылі. I павезлі. І мучылі там, колькі маглі...».


Загрузка...