ЖЫТА I ВАСІЛЁК


Слова пра Максіма Багдановіча

Такое ўражанне: Максіма Багдановіча чытаюць і перачытваюць не толькі прыхільнікі і знаўцы паэзіі, але і сам час, самі падзеі — нібы забыліся нешта і намагаюцца ўспомніць — звяртаюцца да яго за падказкаю і парадай.

Дзіўна, але цяпер, калі крычаць і заяўляюць аб сабе далёка не паэтычныя рэчы, калі беларуская рэчаіснасць стурзана супярэчнасцямі, ён актуальны больш чым хто іншы, ён, пра якога мы кажам, што гэта паэт чыстай красы. Дык што ведае Максім, чаго не ведаем мы? Што памятае, чаго не памятаем мы? I што — якія токі, якія сілы, якія вобразы — жывяць гэтую актуальнасць?

Думаю, адказ тоіцца ў самой з'яве красы, увасобленай Максімам Багдановічам у сваіх творах: яна той непаўторны «згук», на які адгукаецца беларускае светаадчуванне, яна той адмысловы знак, праз які беларускае распазнае, што яно беларускае. З'ява красы і з'ява Беларусі ў творчасці Багдановіча зродненыя і неаддзельныя адна ад адной, як зоркі-двайняткі. «Каторыя так блізкі паміж сабой і так суцэльна зліваюць сваё святло, Што нам здаюцца адною зоркаю»,— як пісаў ён сам. Усё прыгожае ў яго беларускае і гаворыць па-беларуску, а беларускае, у сваю, чаргу, прыгожае і гаворыць аб слаўным, аб шчырым, аб запаветным і, само па сабе, аб прыгожым.

Можна перакроіць межы краіны — і каардыната геаграфіі мусіць згаджацца з дадзенымі акалічнасцямі;

можна гвалтам і запалохваннямі адбіць у народа памяць — і каардыната гісторыі ўжо будзе залежаць ад жэстаў чарговага правадыра;

можна спаіць і растварыць у міграцыйных плынях насельніцтва — і каардыната дэмаграфіі распадзецца на мноства частак;

але, акрамя гэтых каардынатаў, Айчыну вызнае і вызначае яшчэ каардыната красы, і да гэтай каардынаты маюць доступ не прахадныя і падстаўныя «цяперцы», а захавальнікі вечнасці — мастак ды музыка.

Вось жа, самае кволае — яно ўрэшце і самае трывалае, самае не ўжытковае — яно і самае патрэбнае, самае бяспраўнае — яно і самае праўдзівае. У многіх сваіх творах Максім Багдановіч звяртаецца да з'явы красы, разважае аб яе прыродзе, асэнсоўвае яе ўласцівасці: у «Перапісчыку», у «Кнізе» і ў «Слуцкіх ткачыхах», у «Санеце», у «Трыялеце», у «Рандо», у «Актаве» і ў «Тэрцынах», у «Мадоннах», у «Лісце...» і ў «Агаце», у «Музыку», у «Апавяданні аб іконніку і залатару» і ў «Апокрыфе». На апошнім з названых творах я хацеў бы сёння спыніцца, разгледзець яго больш уважліва. Ёмісты сюжэт, няхітрая фабула — я скоратку, у самых асноўных рысах, нагадаю, пра што там ідзе гаворка.

Калі споўнілася мера часу, Ісус Хрыстос зноў сышоў на зямлю са сваімі апосталамі. I хадзіў ён па нашым краі: па Міншчыне і па Віленшчыне, па Задзвінскай зямлі — Віцебшчыне ды Смаленшчыне — і па Магілёўшчыне. Апрануты ён быў дужа проста, а не такога другога прышэсця спадзяваліся людзі. Таму, калі аднаго дня ён падышоў да жытнёвага палетка, дзе людзі былі заняты сваёй звычнай сялянскай працай, на яго ніхто не звярнуў асаблівай увагі. Адно музыка, якому цяпер не было чаго рабіць, падышоў да яго і сказаў: сорамна мне, усе людзі працуюць, а я нічым не заняты; нікчэмны я чалавек. Тады Ісус Хрыстос пытаецца ў яго: скажы, калі спяваюць у вас песні? Музыка адказвае: заўсёды спяваюць. Спяваюць на радзінах і хрэсьбінах, на вяселлях і на хаўтурах, у бяседзе і ў працы, на каляды і на вялікдзень, на зажынках і на дажынках. Дык жа не саромейся свайго дару, кажа на гэта Ісус Хрыстос. Ты не лішні на зямлі, ты патрэбен людзям. Яны любяць твае песні, яны цягнуцца да красы, яны не асудзілі яе, хоць іхняе жыццё беднае і цяжкае.

Тады ў размову ўмешваецца апостал Пётра. Ён, згодна з народным светаглядам, носіць ключы ад райскай брамы і разважае па-гаспадарску, таму зусім натуральна, што менавіта ён згадвае пра спажытак: дык няхай жа ў песнях будуць карысныя і павучальныя думкі, каб, апрача красы, меўся ў іх яшчэ і спажытак людзям.

І вось тут мы падыходзім да ключавога радка ў «Апокрыфе», тут Ісус Хрыстос вымаўляе формулу — вы яе памятаеце, гэта творчае крэда самога Максіма Багдановіча: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць спажытак для душы. На гэтым месцы дазвольце мне прыпыніцца, ці, калі больш дакладна, пераключыць вашу ўвагу на тое, што мы ўжо заўважылі і ў «Апокрыфе»,— на планы, якія там прысутнічаюць і ўзаемадзейнічаюць.

Разам з Ісусам Хрыстом, апосталамі і музыкай мы пазіраем перад сабою і бачым жытнёвы выспелы светлы палетак, а ў ім акупунктурную кропку — сіні васілёк. Гаспадар, які, дбаючы пра ўраджай, увесь час рупіўся ля палетка, усё-такі не вырваў і не стаптаў яго як марнае пустазелле, бо простая краса васілька яму даспадобы; яна з маленства запала яму ў душу, а над душой гаспадар палетка, пэўна, не мае ўлады. Гэта першы план, план тэзы. На ім усё маляўніча і гарманічна.

Другі план, план антытэзы, у «Апокрыфе» аддадзены народу і музыку. Пра іхнія, унутрана праблематычныя, узаемадачыненні, я ўжо трохі згадваў. Музыка мае патрэбу ў народзе: ён аддае яму свае песні і як плату за іх прымае ад яго хлеб; таксама народ мае патрэбу ў музыку: ён дае яму хлеб і як плату прымае ад яго «спажытак для душы» — песні. Яны будуць спявацца пры любой нагодзе, і любая нагода дзякуючы песням здольная будзе асвоіцца і ўвесціся ў жыццёвы абсяг.

Трэці план, план сінтэзы, належыць Ісусу Хрысту і апосталам. Іх двое, іх усяго двое: апостал Пётра, які ўдзельнічае ў размове, і апостал Юры, які на працягу ўсяго «Апокрыфа» не вымаўляе ні слова (!), ён як бы адсутнічае, ён як бы забыты. Аднак яго роля не зводзіцца да ролі статыста, наадварот, яна бярэ на сябе вялікую нагрузку. Глядзіце, як трансфармуюцца і адначасова паўтараюцца, пераходзячы з плана на план зыходныя постаці! Жыта і васілёк на першым плане, яны адпаведна народ і музыка на другім. Што тычыцца трэцяга плана, то зразумела, хто тут жыта: безумоўна, гэта апостал Пётра. А васілёк? Няўжо сам Ісус Хрыстос? Вунь жа як ён апраўдаў музыку і адвярнуў Пётравы ўдакладненні!.. Семантыка «Апокрыфа» аддала б гэтую ролю Ісусу Хрысту, калі б не было «нямога» апостала Юрыя. Васілёк — ён! Ён сам узор прыгажосці. «А прыгожы,— як Юры святы»,— згадваеце гэтае ўзрушанае параўнанне з Багдановічавай «Агаты»? А маўчыць ён таму, што не мае чаго сказаць звыш самога сябе. Ён гаворыць усім сваім красамоўным выглядам, усёй сваёй гожай постаццю, усёй сваёй дзівоснай прыгажосцю, ён ужо не ўмее гаварыць інакш. Гэтае ўменне засталося на папярэдніх планах, але і там, дзе гаворка звычайна ідзе пра тое, каб апраўдаць, абараніць і сцвердзіць сваё існаванне, ні васілёк, ні музыка не здатны гэта зрабіць; гэта за іх робяць іншыя і як бы наперакор звычайнай, увасобленай у словах развагі, логіцы. Васілёк не лагічны, музыка не лагічны і не лагічны святы Юры! Яны размыкаюць рэчаіснасць і даюць ёй, на здзіўленне ёй, звыш таго, што яна згадзілася мець. Васілёк — тая кропля, што ўжо выліваецца з чашы збажыны, музыка — той спеў, што вымыкае па-над палеткам людской гаворкі, і святы Юры — той ясны подзвіг, што творыцца несупынна. У іх ужо няма іх для іх саміх, у іх ужо не гучыць іхняя асабовасць, а гучыць голас Ісціны, і гэты голас кажа: «Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму давялося быць васільком». Жыта не пазнала Хрыста, а васілёк пазнаў, працоўны люд не пазнаў Хрыста, а музыка пазнаў, і святы Юры пазнаў Хрыста гэтак самааддана, што забыў самога сябе: што яму гаварыць і нашто яму гаварыць, калі гаворыць той, у кім скончыўся час?!.

Вось, бадай, і ўсё пра «Апокрыф». Мушу, аднак, прызнацца, што ў гэтым глыбокім і чыстым творы, аб'яўленым Максімам Багдановічам у «Каляднай пісанцы» ў 191З годзе мне як чытачу цяпер як бы чагосьці не хапае. Чаго? Скажу: гісторыі, працягу ў гісторыю.

Але на самым узмежку «Апокрыфа» Максім Багдановіч пакідае нам дужа важны знак, які кажа пра немінучыя катастрафічныя зрухі, што маюць настаць і што ўжо настаюць, і, не месцячыся ў межах «Апокрыфа», у межах мастацтва, распачынаюць новы раздзел. Маю на ўвазе заключныя радкі з «Апокрыфа»: «I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым і мяккім пыле дарогі сляды. Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх». Давайце паспрабуем увайсці ў гэты новы раздзел, у саму гісторыю, у тое, што адбылося і адбываецца з намі.

Людзі затапталі Хрыстовы сляды — і паміж планамі (прыродным, чалавечым і боскім) парушылася сувязь; людзі затапталі Хрыстовы сляды — і па затаптаных Хрыстовых слядах прыйшлі іншыя істоты, «гора» беларускага народа. Хто яны? Кажучы словамі нашага выдатнага паэта Пімена Панчанкі, гэта — клан, гэта — клас, гэта — гразь. Прыйшла гразь — і запэцкала прыгожы малюнак «Апокрыфа». Яна запэцкала і пэцкае сёння нашу спадчыну, нашу культуру, нашу мову, нашу гісторыю; яна запэцкала і пэцкае само найменне беларуса, семантыка якога якраз і змяшчае ў сабе колеры, што выяўлены ў нашым, таксама запэцканым ёю, дзяржаўным сцягу.

Выедзьце за межы Беларусі — і вам сорамна будзе назвацца беларусам, Палякам — не сорамна, латышом — не сорамна, літоўцам — не сорамна, украінцам — не сорамна, і нават рускім не сорамна, а вось беларусам — сорамна.

Гразь упэўнена, што калі яна запэцкае прыгажосць — яна стане ўладарыць над прыгажосцю;

калі яна запэцкае мудрасць — яна стане ўладарыць над мудрасцю;

калі яна запэцкае сумленне і гонар — яна стане ўладарыць над гонарам і сумленнем.

Але гэта не так. I нават калі яна займее сваіх іерархаў — намеснікаў Хрыстовых, якія ў патрэбны час і ў патрэбным месцы скажуць патрэбныя словы, накшталт: «Няма ўлады не ад Бога», гэта ўсё роўна не так.

Апостал, што напісаў гэтыя сповы ў сваім «Пасланні да рымлянаў», заклікае падначальвацца вышэйшым уладам, якія ад Бога, а не ад гразі, а гэта не адно і тое ж. Няма і не будзе на гразь Божага блаславення, нават калі яе ўшануюць і ўславяць залежныя ад яе іерархі. Няўжо не відаць: гульня ў цытаванне зусім не бяскрыўдны занятак! Гэтак жа можна ўзаконіць дзеянні рабаўнікоў, гвалтаўнікоў, усемагчымых злачынцаў — хіба яны не маюць рэальнай улады над сваімі ахвярамі?! I гэтай жа дарогай можна дайсці да ўшанавання і ўслаўлення князя гэтага свету — сатаны, ён жа таксама мае ўладу, і не абы якую.

Паміж вектарам выслоўя «Няма ўлады не ад Бога» і вектарам высновы «Усякая ўлада ад Бога» велізарная і прынцыповая розніца, і не заўважаць яе нельга. Інакш — лішні Ісус Хрыстос, інакш — непатрэбны ягоны подзвіг.

Ніхто гэтак не прагне ўлады і не чапляецца за ўладу, як гразь: такая ў яе анталогія. Але ж не вечна доўжыцца гэтаму ганебнаму стану рэчаў, не вечна гразі панаваць, нават калі ашуканы і запалоханы ёю народ усё яшчэ лічыць, што яна ўдзень і ўначы рупіцца пра яго дабрабыт!..

Ды не будзе народ апраўданы толькі за тое, што ён народ, але на любым судзе будуць апраўданы тыя адважныя душы, што не пакрывілі сумленнем і не схіліліся перад уладай гразі.

Мы выступілі за рамкі «Апокрыфа», з жытнёва-васількавай стадыі тэзы ўвайшлі ў супярэчлівую стадыю антытэзы, але вяртацца назад не будзем, ступім далей і — зноў увойдзем у «Апокрыф». Так, ён можа не толькі папярэднічаць гістарычна-грамадскім падзеям, але і наступнічаць — завяршаць іх, быць іхняй сінтэзай.

Мы зноў апынаемся там, дзе ўжо некалі былі, — каля жытнёвага палетка, зноў бачым у атачэнні жытнёвых каласоў васілёк, чуем жнеяў і музыку, сустракаемся з апосталамі і з ісусам Хрыстом, нам нанава адкрываецца свет працы і прыгажосці, свет, дзе добра быць коласам і шчасна быць васільком, але на гэты раз у ім нешта істотна ўдакладніцца: Хрыстос не будзе ўжо не пазнаны людзьмі і яго сляды не будуць ужо затаптаны (урокі гісторыі мусяць засвойвацца). I гэты трэці, заключны, раздзел ужо не будзе апокрыфам, а — канонам.

Як бачым, краса ў «Апокрыфе» займае ўсе планы; у ёй сустракаюцца і з'ядноўваюцца ўсе пачаткі — цялесны, душэўны і духоўны; яны з'ядноўваюцца ў красе настолькі цэласна і непарыўна, што іх нельга разасобіць. Паспрабуйце гэта зрабіць — не ўдасца, бо цела — яно ўжо і душа, а душа — яна ўжо і дух.

Краса — новы стан самой рэчаіснасці; яна больш відушчая, чым рухі, партыі і франты: яны пярэдадзень выніку, а яна дзень і вынік. Таму ў часы грамадскіх разломаў і збояў Максім Багдановіч нам кажа больш, чым шмат якія грамадскія і палітычныя дзеячы са сваімі «правільнымі» заклікамі і высновамі.

Усё, што хоча існаваць, мусіць здзейсніцца: і ў мастацтве, і ў палітыцы, Няздзейсненае выпадае з рэчаіснасці, перастае існаваць, якія б выдатныя намеры ні папярэднічалі яму, якія б слушныя «мы казалі» яму ні наступнічалі.

Максім Багдановіч разумеў гэта вельмі добра, не адным літаратарам варта было б прайсці яго творчыя ўрокі.

Наўрад ці я перабольшу, калі скажу, што нашы паэты — той жа Максім Багдановіч, тыя ж Янка Купала і Якуб Колас — для Беларусі зрабілі і робяць больш, чым усе зборныя ўрадавыя каманды; яны для Беларусі больш усенародныя, чым той, хто ўважае сябе «ўсенародна абраным». Яны сапраўдныя прэзідэнты Беларусі; сваю адданасць ёй яны сцвердзілі ўсім сваім жыццём, усёй сваёй творчасцю. Па сутнасці, сама Беларусь як з'ява выявілася, акрэслілася і ўзышла найперш дзякуючы ім.

Некалі, гадоў дваццаць таму назад, я напісаў «Паэму вяхі», прысвечаную Максіму Багдановічу. Не буду яе агучваць, скажу толькі, што ў яе аснову пакладзены вобразы з «Апокрыфа» жыта і васілька, народа і музыкі, але з таго другога, «дэфармаванага», раздзела, дзе жыта не з васільком, а васілёк не ў жыце...

Максім Багдановіч і надалей застаецца вяхою і арыенцірам у беларускіх пошуках Айчыны, у вяртанні Айчыны і вяртанні ў Айчыну. З апокрыфа ў канон. «Ты будзеш вечна шукаць свой народ і будзеш знаходзіць...»


Загрузка...