(Выступленне на II Міжнародным кангрэсе беларускага ПЭН-цэнтра)
Усе ведаюць, што свабода ёсць, але ніхто не ведае, дзе яна ёсць. Калі мы звернемся да спрадвечнага чалавечага дня ці года, дык выявім шмат рэчаў, за якія чалавек трымаецца і якім аддае сваю ўвагу і якія, у сваю чаргу, абгрунтоўваюць і трымаюць чалавечае існаванне. Але ні ў крузе дня, ні ў крузе года, ні ў каляндарна-абрадавым кругабегу не знойдзецца месца, дзе мусіла б і магла б выяўляцца і дзейсніцца свабода. Яна аказваецца як бы немэтазгоднаю, і калі пра любога, прысутнага тут, чалавека можна сказаць: гэта — разумны, гэта — заклапочаны, гэта — заможны, гэта — уплывовы, гэта — знявераны, а гэта — дужы чалавек, і мы пагодзімся з гэтым, бо дадзеныя азначэнні адпавядаюць нечаму таму, што мае месца ў самой рэчаіснасці, то са свабодным чалавекам заўсёды атрымліваецца няўвязка. Яго тут няма: наяўная рэчаіснасць не забеспячае падстаў яго існавання і адмаўляецца станавіцца яму айчынай.
І калі мы ўсё ж такі ў зразумелым чалавечым жаданні быць гаспадарамі становішча паспрабуем увесці з'яву свабоды ў свой жыццёвы абсяг і ўвасобіць яе ў жыццёвых вартасцях, так бы мовіць, асвоіць і прыручыць яе, то з ёю і з намі пачнуць адбывацца пэўныя аберацыі. Яна становіцца блізкаю — тым, што ёсць тут, а мы тымі, хто збірае і беражэ набытае. Несвабода, а якраз яе аберацыя, прымушае нас умуроўвацца ў сваё існаванне і казаць пра свяшчэннае права ўласнасці, і літарай закона адмяжоўвацца ад таго, што нам заўсёды зычыць дабра.
Свабода адпускае набытае, адзіны яе набытак мы самі, і калі нас зачароўваюць нашы разумныя і бліскучыя рэчы, нашы разумныя і выдатныя дзеячы, то свабода — вялікае расчараванне, расчараванне на поўны наш рост.
Гіпертрафіраваная прысутнасць у нашым жыццёвым абсягу адных на справе азначае гіпертрафіраваную адсутнасць другіх, і той, хто становіцца дужа дужым, паказвае іншым, што яны слабыя, той, хто робіцца дужа заможным, нагадвае іншым, што яны бедныя, а той, хто згаджаецца ўвасабляць сумленне і волю нацыі, згаджаецца, няхай на метафізічным узроўні, пакінуць нацыю — і кожнага нацыянальна арыентаванага прадстаўніка — без сваёй асабістай волі і без свайго асабістага сумлення. Мабыць, аднак, неба метафізікі і зямля фізікі ўсё-такі недзе супадаюць, таму што метафізічнае дзеянне раней ці пазней перацякае ў фізічнае, яно як бы ўвідавочніваецца, становіцца прысутным тут і таму супрацьпастаўленым усім і кожнаму — і тады слабыя пачынаюць ненавідзець дужых, бо гэтая дужасць не іхняя, бедныя жадаюць зла заможным, бо, зноў-такі, яны не маюць сваёй долі ў гэтай заможнасці, а простыя людзі адварочваюцда ад сваіх, увасобленых у некім, сумлення і волі. Змест свабоды дзейсніцца і выяўляецца ў кантэксце вялікай мэтазгоднасці, такой мэтазгоднасці, кантэкст якой ахоплівае зямлю і неба, блізкае і далёкае, і якая ніколі не зводзіцца да сваволі (сваёй волі). Мэтазгоднасць поўная зваротным рухам — рэхам, і калі ты сонца, то тваё прызначэнне не проста «светить всегда, светить везде», як запавядаў пралетарскі паэт, а слухацца зваротнага руху, які табе некалі ціхім голасам скажа, што тваё палымянае ззянне з аб'ектыўнай карысці перарастае ў аб'ектыўную шкоду і што трава, якая спачатку радавалася табе і цягнулася да цябе, вяне, сохне і просіць, каб ты схаваўся за хмары. I калі ты сапраўды ўключаны ў кантэкст вялікай мэтазгоднасці і зацікаўлены ў тым, каб зелянела трава, каб спеў ураджай, а не ў сваёй асабістай праўдзе, ты своечасова пачуеш гэты зваротны рух і своечасова паслухаешся яго.
Мэтазгоднасць свабоды выяўляецца ў тым, што яна здымае канфрантацыю тэзы і антытэзы і, пакідаючы кожную істоту і з'яву на сваім месцы, адкрывае ёй яе ж перспектыву, гэта азначае: не адцурае, не зневажае і не знішчае яе, а робіць яе перспект ы ў н а й.
Грамадства пераходных перыядаў туліцца ў несвабоду, як слімак у прастору сваёй ракавіны. Гэта самазахоўны працэс, і бессэнсоўна яго аспрэчваць і з ім змагацца. У сваёй несвабодзе слімак не несвабодны, і гэта таму, што марфалогія яго несвабоды найшчыльнейшым чынам адпавядае асаблівасцям яго існавання. А юбы прэтэндэнт у прэзідэнты, безумоўна, улічвае гэтыя асаблівасці: ён абяцае грамадсгву лад, парадак і дабрабыт, тое, што можна намацаць і ўзважыць, але не абяцае свабоды. Свабода валодае пераўтваральнай здольнасцю: яна робіць усіх творцамі і не мае патрэбы ў інстытуце пасрэднікаў і ўпаўнаважаных. Яна ёсць тое далёкае, што прысутнічае тут, адначасова застаючыся далёкім, і, такім чынам, спалучае небакраі бязмежжа з канкрэтнай істотай, з тым, хто здольны расці. Парадокс свабоды якраз і ўлоўліваецца парадоксам росту: расці — гэта азначае змяняцца суадпаведна вектару сваёй перспектывы, застаючыся пры гэтым заўсёды тым самым. Гэта — творчы працэс. Наогул, у наяўнай рэчаіснасці — рэчаіснасці абмежаванай мэтазгоднасці — пануе знак 2: антытэза знаходзіцца ў апазіцыі з тэзай, зло спадарожнічае дабру, цэнтраімклівы рух ураўнаважваецца цэнтрабежным і дзве дадзеныя нам магчымасці ўзаемавыключаюць адна адну. Мы асуджаны на тое, каб выбіраць. Аднак любы выбар, які мы вымушаны зрабіць, валодае незнішчальнай родавай уласцівасцю: ён заўсёды недастатковы, няпоўны і недасканалы, а то і проста памылковы. Выбіраючы, мы ўводзім сябе ў сітуацыю, дзе пануюць вонкавыя чыннікі і дзе цэласнае мусіць атаясамлівацца з дваістым, а то і з множным. Асабліва тут сказанае тычыцца сітуацыі выбараў, калі на вектар нашага волевыяўленння накладаюцца вектары іншых волевыяўленняў. I гэта, урэшце, было б прымальна і апраўдана розумам, калі б тая сума адзінак, якія ўдзельнічаюць у выбарах, уяўлялі сабой адзінкі адзінага самасвядомага арганізму, што на самой справе ў нашых умовах далёка не так. У адрозненне ад палітычнага дзеяча, творца выбірае — і мусіць выбраць — сябе сам. Грамадства будучыні — гэта грамадства не выбаршчыкаў, а творцаў. Але да гэтага трэба дажыць. I даспець. Прэзідэнт — гэта тое, што выбіраецца намі, свабода — гэта тое, што выбірае нас.