СКРЫЖАВАННЕ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА


Багушэвіч на скрыжаванні: старой і новай Беларусі, старога і новага беларускага пісьменства, і сам ён — скрыжаванне: у ім, запаўшы, жыло — як яго асабістая памяць, як яго асабісты досвед, належачы мінуўшчыне і не месцячыся ў ёй, выступаючы з яе як край, як перад,— папярэдняе, з яго ўсчыналася наступнае. Ён шматімённы — як народ, і, як народ, ананімны. Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава аб'явіліся, пэўна, не ў апошні момант, не на завяршальнай сгадыі «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага», засланяючы сабою ад розных непрыемнасцяў і неспадзяванак сапраўднага творцу,— яны прысутнічаюць загадзя, унутры саміх зборнікаў і як персанажы, і, галоўнае, як метад, як аўтарскае светаўспрыманне.

Багушэвіч пазбягае свайго прозвішча, свайго канкрэтнага імя, бо яно ўжо «названае», бо яно прапісана да казённага асяродку і атаясамлена з ім. Каб быць «сваім», яно мусіць адрачыся ад гэтай таясамнасці, выйсці з гэтай названасці, мусіць існаваць «па-свойму» — ананімна, прыкрыта. Звонку Багушэвіч адвакат, які служыць існуючаму ладу, знутры — паўстанец, які ўзрывае гэты лад, звонку — ён ушчымляе праўду, знутры — ратуе, звонку — адзін з многіх, знутры — адзіны ў многіх, звонку — пан, знутры — Мацей Бурачок і Сымон Рэўка... I калі ў вершы «Ахвяра» ён звяртаецца да той, у кім увасоблена даўніна — да бабулькі, з наказам: «Маліся ж, бабулька, да Бога, Каб я панам ніколі не быў»,— дык гэта таму, што, каб панаваць, неабходна стаць вонкавым, вырадзіцца, неабходнастаць іншародным. Іншароднасць вонкавая, але яна пануе, роднае гібее, але яно ўнутранае. Няўрод, пра які паведамляе ў сваіх допісах і лістах Багушэвіч,— гэта таксама праява іншароднасці.

Многія вершы Багушэвіча арганізаваны працэсу-альна, як судовая справа: у іх узаемадзейнічаюць дапытванне і адказ, следства і сведчанне, высвятленне і ўтойванне, закон і ўцёкі ад закону... Паэтыка адказаў мужыка — паэтыка ўцёкаў зайца, які круціць петлі і блытае сцяжыны і які ўсё бачыць нібыта раптоўна, нібыта не адрозніваючы, дзе тут галоўнае, а дзе міжыншае. Здаецца, усё гэта выпадковыя рэаліі, выпадковыя дэталі, алеўсіх іх спалучае ў цэласную карціну, надае ім форму якраз лінія ўцёкаў, ухілення, хавання і самазахавання. Суд — «прамы», мужык — «крывы», суд апелюе да бліжняй інстанцыі — да праўды, якая ўсталявалася на зямлі, Багушэвічавы «псеўданімы» апелююць да далёкай інстанцыі — да праўды, якой на зямлі няма месца і якая валадарыць там, у «дантавых» кругах чысца і пекла, дзе чэрці мучаць — «беляць» — грэшнікаў, а імі больш за ўсё і з'яўляюцца тыя, хто на зямлі прадстаўляў і ўвасабляў «блізкую» праўду: паны, ураднікі, ксяндзы, суддзі... Багушэвіч і яго «псеўданімы» адчуваюць гэтую праўду — сабой і ў сабе, — як сваю непераможную патэнцыю, як сваю нерэалізаваную звышмажлівасць, у той жа час не могучы яе выказаць, не маючы на гэта яе санкцыі. Яна — іхні грунт, іхняя апора, іхні апошні прытулак, іхняя старая «мая хата». Калі яны выкажуць яе, што, дарэчы, памыкаюцца зрабіць і «радасная» і «скрушная» дудкі, «заваліцца свет», «паглохнуць людзі», здарыцца нешта страшнае і надзвычайнае.

Багушэвіч закранае самыя складаныя метафізічныя пытанні. Так, у вершы «Праўда» ён дагаворваецца да «краявугольных» рэчаў: «Ды пашлі ж ты, божа, праўду сваю тую З неба на зямельку, слязьмі залітую!.. Пасылаў ты сына, яго не пазналі, Мучылі за праўду, сілай паканалі; Пашлі ж цяпер духа, да пашлі без цела, каб уся зямелька адну праўду мела». Багушэвіч выпакутвае-кліча Закон, над якім час не меў бы ўлады і які адпавядаў бы выяве духу. Найноўшы, альбо, дакладней, Спрадвечны Закон. Багушэвіч — беларускі апостал адзінай для ўсіх праўды, якая мусіць з' яднаць вонкавую і ўнутраную рэчаіснасць.

У «сярмяжным» сялянскім побыце выспявала беларуская метафізіка. Быццё размаўляе з селянінам на яго мове, на мове побыту, рэаліямі сялянскай явы. Сялянскі побыт анталагічны: ён адкрыты ў жыццё і смерць, у зямлю і неба, у скон і бясконцасць, у святло і цемру, у веданне і пазаведанне, ён мае справу з адвечнымі — з першымі і апошнімі — катэгорыямі. Багушэвіч жаліцца, і гэта жаль, калі можна так сказаць, метафізічны: у яго падаснове сусветная дысгармонія, невытлумачальнасць. Багушэвіч не лірык, не сатырык, не эпік, ён метафізік. I гэта, наогул, рыса, характэрная ўсёй нашай, пачынаючы ад Паўлюка Багрыма, паэзіі: яна намагаецца выказаць невыказнае, змагчы немагчымае, растлумачыць невытлумачальнае.

«Не пакідайце мову нашу, каб не ўмёрлі»,— запавядае Багушэвіч у прадмове да «Дудкі беларускай». Мова — апошні прытулак роднага, тая самая «мая хата», у якой захоўваецца той даўні, той родны дух, які называецца беларушчынай. У новую хату пераходзяць, як у новую веру. Мацюк, якога князь Хаванскі ўгаворвае перайсці з тутэйшай — уніяцкай — веры ў «правільную», адказвае: «...каб сто катоў Дралі мне скуру, пяклі на агню, Я веры сваёй тыкі не змяню!»

Роднае ідзе сваімі каранямі ў даўніну, у род, у спрадвечнае, яно з цягам часу не старэе, але спрадвечнее. Хата пабудавана з мінуўшчыны, са спрадвечнасці. Яна, як і «свая зямля», ратуе і гоіць таго, хто свой. I адна, і другая прадмовы Багушэвіча — гэта прадмовы да ўсёй новай беларускай літаратуры, яны не належаць гісторыі, яны пастаянна сучасныя. Яго прадмовы, як і ўся яго творчасць,— гэта беларускае звеставанне ад Мацея Бурачка, звеставанне Сымона Рэўкі з-пад Барысава. Як Дантэ ў свой час быў «апошні паэт сярэднявечча і разам з тым першы паэт новага часу» (К. Маркс і Ф. Энгельс), так і Багушэвіч — у свой час і ў сваёй рэчаіснасці — быў апошні і першы, завяршальнік і пачынальнік, наступнік і папярэднік, быў скрыжаванне...

Шлях Беларусі да Беларусі ішоў праз яго.


* * *

У вершах Багушэвіча праяўляецца, уцягваючы ў сваю прастору асвечаную вякамі сялянскую рэчаіснасць, ірацыянальны чыннік, якога нельга зразумець і аб якім таму нельга разумна сведчыць, выпадак. Адпадаючы ад быцця, існаванне выпадае ў выпадак.

Багушэвіч уводзіць тутэйшага селяніна ў кантэкст іншага жыццёвага круга, дзе ён не ведае, як яму паводзіцца, і сам сябе баіцца. У гэтым крузе ён асветлены, у гэтым крузе ён бачны, і тыя прымхі і ўяўленні, якія яго атачалі раней і былі думкай і мовай яго існавання, тут мусяць актывізавацца — мусяць на самой справе думаць і гаварыць, каб змагчы зарыентаваць я-асобу ў тапаграфіі нетутэйшай рэчаіснасці, Аднак сведчачы, яны самасведчацца і выяўляюць двайную неадэкватнасць: і ў дачыненні да старой (тутэйшай) рэчаіснасці, і ў дачыненні да новай (цывілізаванай). Неадпаведнасць — чаму? Нечаму таму, што надае сэнс існаванню кожнага круга і што «экзаменуе» іншаземцаў вачамі тутэйшых, а тутэйшых — вачамі іншаземцаў.

Асяродкам, дзе сваё перайначваецца ў чужое, а свая зямля робіцца чужаземнай, паўстае горад: для горада наогул найболей сваім аказваецца чужаземец — «жыд» альбо «немец».

Сваё ўхіляецца ад сустрэчы з чужым: «Няхай лепей з дому я той дзень не выйду». Але тое, што мацней за яго, прымушае сваё выходзіць і з дому, і са свайго кантэксту, даводзячы яму, што яно належыць не месцу, а сустрэчы.

Самае поўнае ўвасабленне тутэйшасці — гэта мужык, і, даючы ў сваіх вершах слова мужыку, Багушэвіч не спрашчаецца і не збядняецца, бо і Сам ён тутэйшы, і таму, гаворачы ад імя Мацея Бурачка ці Сымона Рэўкі з-пад Барысава, ці некага іншага, ён заўсёды гаворыць ад сябе і пра сябе.

«Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!» — такою высноваю заканчваецца верш «Немец», якому, як і вершам «Падарожныя жыды» і «Жыдок», усё ніяк не знаходзілася месца ў афіцыйных выданнях Багушэвічавых твораў.

Тутэйшы — той топас, дзякуючы якому спраўджваецца, выяўляючыся тут і самаадмяжоўваючыся ад астатняй рэчаіснасці, не засведчанай канкрэтным жыццёвым досведам, быццё. Тутэйшы адчувае, што ён далучаны да цэнтру свету, і таму, калі гіне ён, гіне не проста яшчэ адзін насельнік краю, а нейкая, не асэнсаваная ім, ісціна самой рэчаіснасці.

Багушэвіч згадвае ў сваіх вершах розныя жыццёвыя падзеі, якія, таму што яны падзеі, маюць сваю адметную логіку і не ўмяшчаюцца ў абсягах штодзённага жыцця.

Праз гэтую несуадпаведнасць «штодзённая» мова, на якой вядзецца гаворка, сама раз-пораз становіцца алагічнай, насычанай звышсэнсавай няўцяміцай.

Старая хата зраднілася з чалавечым жыццём, і чалавечае жыццё зрабілася яе зместам. У адрозненне ад новай хаты, якая трымае чалавека і сваёю трываласцю агароджвае таго, хто ў ёй жыве, ад таго, што спрадвеку памятае чалавека і спрадвеку належыць яму, старая хата сама выступае ў ролі «свацці»: яна выводзіць чалавечае існаванне за межы адной асобы, а ў чалавечае існаванне ўводзіць «засватанае» — рэчаіснасць.

Змест мае патрэбу ў сваім, адпаведным сабе, месцы, і месцам становіцца толькі той круг прасторы, у якім абмежаванае прысвячаецца ў неабсяжнае, а неабсяжнае знаходзіць магчымасць праяўляцца і вымаўляцца ў абмежаваным. Перасяліцца ў навейшую і багацейшую хату для Багушэвіча азначае страціць месца.

Хата мае вокны і дзверы, месца само з'яўляецца дзвярамі і вокнамі зместу.

Багушэвіч памятае пра тое, на што ў астатняй рэчаіснасці ўжо не хапае памяці,— пра Беларусь. «Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» — кажа ён у прадмове да «Дудкі беларускай». Так, Беларусь там. Але не тут... I ў адрозненне ад тутэйшасці, што супадае з пэўным найменаваным месцам: з Гроднам, Мінскам, Магілёвам і Вільняй, са шматлікімі мястэчкамі і вёскамі,— і, супадаючы, забывае нешта, што дазваляе абмежаванаму выходзіць за свае межы і знаходзіць сваё па-за месцам свайго жыхарства, Беларусь знаходзіцца на пэўнай адлегласці да кожнага канкрэтнага месца. Яна паказвае кожнаму месцу такія ж канкрэтныя месцы, якія завуцца інакш і ўпісаны ў іншыя краявіды, супастаўляе яго з імі і прымушае яго зразумець, што яно не толькі тут, але нейкім чынам і там. Беларусь знаходзіцца на шляху да Беларусі, і таму, што яна знаходзіцца на шляху, яна не проста прысутнічае ў прасторы, як прысутнічае тутэйшае, а пастаянна самавыяўляецца,— кажацца. Багушэвіч кажа і тое, што належала нечаму аднаму, становіцца тым, чым аб'ядноўваецца многае, а тое, што было толькі тут,— тым, у чым дзейсніцца і пазнае сябе там.

Было ў Багушэвіча сваё кола сяброў і знаёмых, якім ён чытаў і прысвячаў свае вершы, што, у сваю чаргу, знаходзілі ў гэтым коле водгук. Аднак паэт належыць не толькі свайму колу і не толькі свайму часу, і нават калі пра гэта забываецца асоба паэта, паэзія ўсё роўна памятае.

Чытаю Багушэвіча — і спадзяюся сустрэцца з яго думкай і позіркам, скіраванымі сюды, у нашыя небакраі.

Багушэвіч не лічыць сябе паэтам і піша як бы з нагоды, на пацеху сабе і блізкім. Але якраз у гэтым «не-мастацтве» знаходзіць і пазнае сябе тутэйшая рэчаіснасць. «Я не паэта»,— па гэтай жа прычыне скажа пазней пра сябе і Янка Купала. Заўсёды актуальная праблема творчасці: каб быць сваім паэтам, трэба ў нейкай меры быць «непаэтам».

Загрузка...