10

Урэшце – Нюрнбэрг, цэнтральны вакзал, перавалачны пункт нумар першы. Пасьля разьліку не без палёгкі разьвітваюся з кіроўцам і запальваю цыгарэту адначасова з тым, як ён націскае на газ. Хлопец зь дзяўчынай ніяк ня могуць нарадавацца знаёмству з новым балбатрансерам з Прагі: пытаюцца, ці добра я ведаю Нюрнбэрг, ці ня зойдзем мы разам пасьнедаць, ці не патрэбны мне адрас іхнага сябра ў Амстэрдаме. Усё адмаўляю, як на сьледзтве, моўчкі кручу галавой, выпускаючы дым. Нюрнбэрг я ведаю на ўзроўні кіно аб працэсе з нацыстамі й опэры Вагнера, якой дагэтуль ня чуў (каб было чым заняцца на пэнсіі), звычкі сьнедаць я пазбавіўся яшчэ ў студэнцкія гады, і наагул, мушу (дзякуй богу) сьпяшацца, каб пасьпець на наступную машыну. Юныя гіпстэры мне, натуральна, ня вераць, лічаць гэта адгаворкай, наўмысна ўдаюць, быццам крыўдуюць – як жа ж людзі, ледзь перасекшы мяжу, раптоўна цэняць любога, хто размаўляе на іхнай мове! А калі б і ня быццам – пляваць. Я ўжо ня ў тым веку, каб зважаць на іхныя крыўды. Шчасьлівай дарогі да Мюнхену – ці праз што вы там едзеце…

І ўсё-ткі я з пэўнай зайздрасьцю гляджу ўсьлед гэтай маладой пары, асабліва хлопцу з акуратна занядбанаю барадою ў стылі царскага генэрала (хаця ён сам лічыць – антычнага волата ці кубінскага партызана), якая робіць зь яго большага мужчыну, чым насамрэч, гэткі ідэальны эрзац уласнага бацькі, бо сапраўдны ў яго тыповы лашара накшталт мяне, толькі пры бабле, але таксама не сячэ ў модных плынях, – зайздрошчу ня толькі таму, што дзеўка ў яго досыць сымпатычная, але й праз тое, што ў дарозе ён, у адрозьненьне ад мяне, у сваёй стыхіі, і зусім не задумваецца аб чымсьці, што не дае мне спакою цяпер, як зрэшты й не давала ў ягоным веку – а раз не задумваецца, то ўжо, бадай, і не задумаецца, пазьней будзе не да таго. Таму жадаць ім шчасьлівай дарогі было з майго боку крыху лішнім: яна ў іх і так шчасьлівая, куды б ні вяла, гэта відаць і сьляпому, і іхнае шчасьце акурат у тым, што кірунак дарогі цалкам ім абыякавы.

Можа, вы заўважалі, што на сьпіне ў «чалавека з пляцаком» (пляцачніка, як яго называюць у нас у Чэхіі), то бок на ягонай майцы ці кашулі, у такой гарачыні ад самога пляцака амаль непазьбежна, бы ў той Кафкавай машыне з калёніі, замест тэксту прысуду ўзьнікае адзіная, хіба толькі не крывёю, а ўласным потам выведзеная лацінская літара Y: выява, што насамрэч утрымлівае найглыбейшую магчымую жыцьцёвую мудрасьць, якая ў перакладзе з ангельскай гучыць: «НАВОШТА?» Калі на сьпіне ў Дона Кіхота было напісана «вар’ят», то на шырокіх сьпінах нашых сучасьнікаў зьмяшчаецца ўжо толькі адна, затое ня менш красамоўная літара – хаця там мог бы стаяць і пытальнік, у лепшым выпадку – нумар гульца ўлюбёнай футбольнай каманды. Літара Y вызначае сёньняшняга турыста-пляцачніка нашмат лепей за ягоны пашпарт, маршрут, сфэру зацікаўленьняў, сэксуальную арыентацыю й г. д. – ёю ўжо ўсё сказана. Гэтае пытаньне без адказу пляцачнік цягае з сабой па сьвеце, цнатліва прыкрыўшы яго сваім пляцаком; ён пазначаны гэтаю літарай, бы крыжам (а ў сярэднявеччы крыж і насамрэч выяўлялі ў такой форме – як ведалі). Хаця ня ўсё й не заўжды, трэба сказаць, так трагічна: час ад часу на сьпінах-плашчаніцах зьяўляюцца і іншыя сымбалі. Напрыклад, смайлік, варыянт той жа дурацкай «лічыны».

Гэта я ўсё да таго, што нелюбімыя маладымі людзьмі ўцекачы з Поўдня маюць прынамсі нейкую, і досыць сур’ёзную, мэту вандроўкі – а вось у іхным уласным гіпстэрскім бадзяньні па Эўропе я штось такой мэты не заўважаю. Таму мне й здаецца, што ўва ўцекачоў з Поўдня ёсьць нейкая, хай ня зорная, будучыня, а ў маіх спадарожных эўратулягаў, нягледзячы на ўсе іхныя бліскучыя задаткі – няма, для іх ёсьць толькі сучаснасьць, якую яны ледзь пасьпяваюць спажываць з максымальнай выгадай для сябе: так ужо з гэтым сьпяшаюцца, што неператраўленая сучаснасьць папросту лезе з усіх іхных адтулінаў адначасова. Але пытаньне густу.

Адшываючы аднаго за адным таксістаў, дакурваю (якое слова!) другую цыгарэту, – і акурат тады, калі замест лёсу маладой пары пачынаю пераймацца пытаньнем, ці дазволена тут уласна курыць, каля самых маіх, можна сказаць, ног, быццам я самае меншае кіназорка (вось яна, выгада Балбатрансу!) рэзка затарможвае не кадылак і не лімузін, а срэбная «шкода супэрб», чый кіроўца тут жа выпускае з начовак акенца шэрую вадкасьць шкла й вынырвае з глыбіняў салёну:

– Сэрвус! На Мангайм? Паехалі!

Амаль бяз словаў падпарадкоўваюся ягонаму загаду, закідваючы свой заплечнік адразу ў салён – прымушаць кіроўцу ўставаць з-за руля й адчыняць багажнік дзеля такой сьмешнай вагі было б непрыстойна. Гэтым разам, выглядае, спадарожнікаў у мяне ня будзе: немцы хаця й прыдумалі Балбатранс, але самі, здаецца, аддаюць перавагу традыцыйным відам транспарту. То бок адмаўчацца мне ўжо ня ўдасца.

Загрузка...