17

Адным словам, амаль як у тым анэкдоце: і плянэта ў дупе, і Эўропа гіне, і мне самому апошнім часам неяк нездаровіцца. Ну ладна, плянэта – гэта паўбяды, у Галівудзе ўжо якое-небудзь выйсьце дакладна прыдумаюць – а вось што будзе з Эўропай? Я ж ня проста так цікаўлюся, у гэтым пытаньні для мяне імпліцытна ўтрыманае іншае: што будзе са мной? Не празь пяцьдзясят гадоў, натуральна, на гэты конт я надзіва спакойны – а ўжо празь пяць?

Можна было б і гэтым не пераймацца, але надта ж доўга Эўропа з маляўнічай мапы была часткай маёй уявы пра сябе самога, майго з дазволу мацюкнуцца сэлф-іміджу або сэлфі – каб не сказаць супэр-эга. Нагадаю, дваццаць гадоў таму эстэтычны шантаж і маральны ціск гэтага звыш’яку (ды яшчэ ў хаўрусе з айчыннымі ўнутранымі органамі!) на маю крохкую маладую псыхіку зрабіўся такі невыносны, што я, не пражыўшы ў незалежнай Беларусі й дзесяцігодзьдзя, зь яе зваліў. То бок замест таго, каб чакаць ажыцьцяўленьня лёзунгу «Беларусь у Эўропу», я ажыцьцявіў тады лёзунг нашмат больш сьціплы – «Беларус у Эўропу». Мабыць, нядобра пачуў яго на адным зь мітынгаў. Выпаў гэты няшчасны мяккі знак – нацыянальная трагедыя.

Цяпер ясна, што лёзунг быў няслушны – адразу зь некалькіх бакоў. Па-першае, калі ўжо пра тое, гучаць ён павінен «Беларус у Амэрыку» – ну, традыцыя такая, ня варта яе парушаць, – у найгоршым выпадку ў Аўстралію, Аргентыну ці куды-небудзь на Мадагаскар, хаця сёньня ўжо хапіла б і выспы Сьвятой Алены, калі казаць пра беларускамоўных. Чым далей ад Радзімы, тым лягчэй беларусу яе любіць – ён жа ж у душы сярэднявечны рыцар з «Пагоні», а ў таго да беззаганнае Дамы сэрца пачуцьці выключна плятанічныя. Дый жураўлі на Палесьсе ляцяць не адкуль-небудзь, а з самой Афрыкі.

Загрузка...