16

Сузіраючы пад тунісійскі гіп-гоп нуднае раздольле палёў Вялікай Нямеччыны, я пачынаю думаць, што не было б вялікай бяды, калі б яго сапраўды засяліла нейкае іншае племя, лішняга месца тут – як на Дзікім Захадзе. А з часам і заселіць – недахопу ў зацікаўленых няма й не было ніколі. Тая ж Расея ніколі не даруе брыдкім англасаксам, што яны не дазволілі ёй акупаваць УСЮ Нямеччыну (калі не наагул увесь былы Райх, ідэальна – у камплекце зь яго хаўрусьнікамі й так званымі нэўтральнымі краінамі), да аснаванья прынізіць ейнага «асабістага» ворага – то бок былога адвечнага сябра, шэр амі, які дазволіў сабе недаравальна й падступна ёй здрадзіць. За дзьвесьце папярэдніх гадоў дынастычна-эканамічнага шлюбу, перарыванага кароткімі сямейнымі скандаламі (хто каго чубіць), нямытая (цытую) расейская красуня ператварылася пад пэдантычным нямецкім уплывам у сьвецкую даму, «Май Фэйр Лэйдзі», а калі з гжэчнага мужа раптоўна вылупіўся бабздыр, псыхапат, забойца й хатні гвалтаўнік, яна тут жа згадала свае сялянскія карані й пачала яго люта пізьдзіць, каб адпомсьціць і забясьпечыць сабе ўдоўскую спадчыну, бо ў сорак пяць, як вядома, баба ягадка апяць – але ж не, прыйшлі тут бляха нейкія дзіўныя пасярэднікі-адвакаты, пачалі бараніць правы здрадніка, дзяліць мужаву (уласна, супольную, як той казаў, кантынэнтальную) маёмасьць у рамках разводна-патсдамскага працэсу… З гэтага гледзішча вайна пакінула ў Расеі гэткі дзіўны прысмак незавершанасьці, які адчуваецца да сёньняшняга дня: яна папросту скончылася зарана, яе гвалтам (то бок мірам – што яшчэ горай) спынілі ў самым смаку, разьнялі байцоў за сэкунду перад накаўтам, хаця яшчэ мільёны а мільёны пралетарыяў (пра гэтых пазьней) былі падрыхтаваныя на ахвяраваньне дзеля нечуванага цывілізацыйнага посьпеху Расеі, які мог бы стаць посьпехам канчатковым і незваротным. А так – праябалі шанс, далі падманам нацягнуць на сябе ўтаймавальную кашулю атамнай зброі. Ну было б тут замест нямецкага рускае поле – затое ня мулялі б вока паўсюдныя электрамлыны, псуючы ўсякую адсутнасьць краявіду, а па-ранейшаму дыміліся б АЭС – і ніякіх праблем з уцекачамі не назіралася б: па-першае, ніхто б сюды болей ня рваўся, а падругое, калі б і рваўся – то дастаткова ўявіць сабе, што было б, калі б заўтра ля берагоў ужо расейскага Крыму зьявілася пасудзіна з Блізкага Ўсходу ці крый бог Эрытрэі: думаю, яе досыць хутка напаткаў бы лёс «Курску» ці малайскага боўінгу, і ніхто б канцоў ані цыцак не знайшоў. Рускі сьвет, як і мір – гэта сьвет і мір для рускіх, а не для сьвету. Хіжынам – хіжае, дварцам – дварэцкія. Як у той прымаўцы: што для немца – гамон і ганебны ўспамін, для расейца – цалкам здаровы лад жыцьця і прадмет нацыянальнага гонару.

Наагул, калі гаворым Нямеччына – заўжды маем на ўвазе Расея. Ажно захапляе, як пільна расейцы ў гісторыі рэалізоўвалі ўсе нямецкія праекты адзін за адным, хіба што з адставаньнем на гадоў семдзесят-восемдзесят (цягам якіх некаторыя з гэтых праектаў пасьпявалі крыху састарэць).

Часам здаецца, што гувэрнантка-Нямеччына вядзе Расею празь цемру гісторыі за руку, як сьляпога. Гэтак, «Камуністычны маніфэст» зьявіўся ў Нямеччыне ў 1848-м – а ўжо ў 1917-м у Расеі пачала па пунктах выконвацца яго праграма. Расейскі 1945-ы – гэта нямецкі 1871-ы, год самасьцьвярджэньня за кошт адвечнага канкурэнта й культурнага гегемона, якім у выпадку Нямеччыны была Францыя; у гэтым годзе пэрыфэрыйная дагэтуль краіна канчаткова ператварылася ў сучасную Імпэрыю. Расейскі 1991-ы – гэта нямецкі 1918-ы, год Вялікай Крыўды й паразы ў вайне (усясьветна-халоднай)… Што настае ў абедзьвюх краінах пасьля – вядома, хіба з той розьніцай, што нацысты з мэтай падрыву заходніх эканомік друкавалі фальшывыя грошы, тады як нашысты ўва ўсю друкуюць расейскія пашпарты: ветлівых людзей павінна быць шмат! – ну і мараць пра бясконцы лебэнсрач у багатай на рэсурсы Арктыдзе, захапляюцца праваслаўнай містыкай, разьвіваюць эўразійскую тэорыю й змагаюцца зь меншасьцямі… То бок нямецкі 1945-ы ў Расеі яшчэ, мажліва, наперадзе – толькі прыйдзе ён, напэўна ж, не з таго боку, адкуль яго чакаюць. Пакуль што расейцы заўзята імкнуцца «ўсяго толькі» адваяваць «свае» Эльзас і Лятарынгію – дзеля дабра саміх расейцаў шчыра жадаю, каб у іх гэтага ня выйшла. Я ў курсе, што любыя гістарычныя аналёгіі («Параўнаў расейскі хуй зь нямецкім пальцам!» – хаця з эканамічнага гледзішча яшчэ невядома, ху із хуй), пагатоў катрэны, у атамны век ні ражна ня вартыя – не разумею толькі, як можна быць так ужо апантанымі арыгінальнасьцю сваёй гісторыі і ўсяго астатняга, што ажно ўпарта адмаўляцца заўважаць усякія, нават больш абгрунтаваныя й відавочныя паралелі, пра нейкія там «урокі» ня кажучы.

Каб не залазіць яшчэ глыбей у гушчар падобных спэкуляцый, нерашуча прапаную Ахмэду спыніцца на адной з аўтазаправак, што стаяць на варце абапал аўтабану ня менш пільна, чым колішнія замкі вакольных фэадалаў-разбойнікаў на варце гандлёвых рачных шляхоў – настаў час разьлічыцца за прывілей на бясплатны праезд наведваньнем платнай прыбіральні «Шэлу», «Аджыпу» або «О-Эм-Фаў», на выбар. Ахмэд, на шчасьце, ня супраць, трэба як аправіцца, так падзаправіцца; пакуль ён займаецца другім, я сьпяшаюся выканаць першае – натрапіўшы на Ахмэда яшчэ і «ў суточках», я мог бы, баюся, выпадкова яго абсікаць.

Такім чынам: паглядзім бліжэй, што новага зьявілася ў Нямеччыне цягам маёй часовай адсутнасьці? Між іншым, ня так і мала! Перадусім: пісуары без вады й запаху! Ну, без вады яны ёсьць і ў нашых вясковых барах, але бяз запаху – такога я яшчэ, сапраўды, ня нюхаў. Што яшчэ: абавязковы ў кожнай прыбіральні аўтамат цяпер прадае ня толькі гандоны, як раней, але й «міні-вібратары» – хаця зь першага разу не зусім ясна, куды й каму іх трэба засоўваць. Ясна толькі, куды й колькі кідаць манэтаў. Акрамя вібратараў, прадаецца нейкае колца для пэнісу, штучная вагіна з чароўнай назваю «Трэвэл Пуссі» (падобна зухаватыя назвы ўмеюць прыдумляць толькі ў Беларусі й толькі для бырла), і ўрэшце, каб не здавалася, што гэтага мала – гігіенічная пракладка для мужчын «Ціна-мэн»! Не, я ўсё разумею, але гэта ўжо… Адным словам, прагрэсу не спыніць. Пасьля такога дзівіцца, што нямецкі ўнітаз сам змывае вашае лайно – досыць наіўна: наадварот, дзіўна тое, што ён яшчэ сам не выцірае за вамі сраку. Што ж, усяму свой час.

Аднак ня ўсім, вядома, падабаецца гэты іхны прагрэс. Напрыклад, нейкі рускі мужык (яго я, відаць, сам наклікаў сваёй думай пра Расею) ну ніяк ня можа зразумець, куды кідаць манэту, як агораць турнікет, як замкнуць ці адамкнуць кабінку зьсярэдзіны, як зрабіць так, каб пацякла вада, дзе ўзяць сурвэтку, як уключаецца фэн для рук – праз што пачаргова лупіць па ўсіх гэтых прыстасаваньнях кулаком, натрэніраваным на тэлевізары, жонцы й субутэльніках. Пры гэтым ён уголас, быццам навокал нікога няма – яны ж па-расейску не разумеюць, знайшліся мне людзі – з кожным ударам усё гучней прыгаворвае: «Разгромить нахуй… Уничтожить…» Трапіў, што называецца, у засаду, і спрабуе адбівацца ад варожай цывілізацыі, як умее. Ажно сам не магу паверыць: дваццаць-трыццаць гадоў ужо прайшло з таго часу, калі шараговы чалавек без ружжа ўпершыню трапіў з саўка ў Эўропу, і ўсё яшчэ ніяк ня можа прывыкнуць да тутэйшых завядзёнак, хітрыкаў і непатрэбных зь ягонага гледзішча штукарстваў, створаных наўмысна для таго, каб яго прынізіць і выставіць тым, кім ён ёсьць насамрэч – даўбаёбам. Што дадаткова пацьвярджае маю тэорыю: трыццаць гадоў – яўна малавата, пачакайма яшчэ сорак-пяцьдзясят. На дадзены момант сэнс існаваньня Расеі па-ранейшаму ў тым, каб мужыку й да яго падобным было камфортна. Як той пісаў, нашая вялікая культура можа выжыць толькі на вялікай тэрыторыі.

Але каб зусім ужо ня крыўдзіць Расею (ай, моська!), трэба зацеміць, што мужык – усё-ткі прадстаўнік кшталту, які вымірае. Тым часам у глыбіні сібірскіх руд набірае ўсё большую вагу новы кшталт даўбаёбаў, поўная мужыковая супрацьлегласьць (умоўна кажучы, калі мужык, як і кожны сапраўдны мужык – пуцініст, то гэтых назавем медзьвядзістамі): людзі, якія дыхаць ня могуць без тэхналёгій! Ні на якім Захадзе я такога не сустракаў, хіба толькі ў дзяцей: у гэтым, па-мойму, ёсьць штосьці глыбока японскае. Быць адлучанымі ад інтэрнэту прынамсі на некалькі хвілін роўнае для медзьвядзістаў імгненнай дэградацыі ў сацыяльным статусе – то бок у статусе на сацыяльных сетках – а таксама азначае быць адлучанымі ад сваёй Вялікай Мядзьведзіцы, дзе жывуць выключна рунэтам і тым, што ў ім адбываецца. Таму адарвацца ад айфона ці смартфона – гэта адарвацца ад грудзей Радзімы-Мацеры, якая несупынна «завёт» і вібруе, апынуцца адным у чужым незычлівым сьвеце, інфармацыйным вакуўме – а такога сабе медзьвядзісты (у кожным зь якіх дрэмле герой-касманаўт, што ў любую сэкунду чакае ўказаньняў зь Вялікай Зямлі) дазволіць ня могуць. Уласна, Расея для іх (як і для асобных беларусаў Беларусь) – ужо цяпер не краіна, а плянэта, тым часам як сама па сабе Зямля – нават не краіна, а так, правінцыйна-патэнцыйная губэрнія.

Так што мне, прызнаюся, у гэтай сытуацыі хутчэй шкада мужыка. Наагул, людзі ў дарозе, і асабліва на запраўках ды месцах для адпачынку, бываюць яшчэ больш тупыя і злыя, чым звычайна (дастаткова паслухаць мяне). Ну сапраўды: усё вакол чужое, незнаёмае, усе вакол заёбаныя яздой, нявыспаныя, падазручыя, усе сьпяшаюцца, шкадуюць грошай, мусяць пільнаваць рэчы, таму й пакрыкваюць адзін на аднаго, глядзяць ваўкамі, штурхаюцца, мацюкаюцца на ўсіх мовах сьвету… Ня толькі рускія ці гарачыя гішпанцы, але нават флегматычныя ангельцы! Зірнуўшы на ўсё гэта, я зусім перастаю разумець той рамантычны піетэт, зь якім бальшыня людзей, збольшага маладых, ставіцца да вандровак. І гэта яшчэ ніхто нас – да часу – не бамбардуе! Толькі млыны напоўніцу варочаюць прапэлерамі, нібы нагадваючы, што штурмавік або дрон можа прыляцець у любы момант і сюды, каб пасьцінаць нам галовы. Калі б нехта зараз неасьцярожна закурыў каля калёнкі з бэнзінам, ілюзія была б поўнай.

З намерам падсілкавацца й пашукаць Ахмэда заходжу ў перакусачны пункт пры бэнзакалёнцы – я ж атрымаў у прыбіральні квіток на зьніжку ў пяцьдзясят цэнтаў, зэканоміць якія ёсьць маім маральным абавязкам. Пакуль я зь нясьпешнасьцю знаўцы ў музэі разглядаю прысмакі за шклом, нейкі стары пузаты дзядзька ў пінжаку й бяз гальштуку, яўна вэтэран іранскай рэвалюцыі (сярод іх гальштукі выйшлі з моды ўжо 40 гадоў таму), размаўляе зь немкай-аднагодкай-прадавачкай, ну нібы з уласнай дачкой ці жонкай – загадным тонам, ніякіх табе біттэ-данке, усе фразы складаюцца з аднаго слова, якія жанчына вымушаная выцягваць іх зь яго па адным: «Чаго вам, пане?» «Бульбы!» «Смажанай ці варанай?» «Фры!»

«Тут ці з сабой?» «Тут!» «Плаціце карткай ці гатоўкай?»

«Гатоўкай!» Трымаецца ён пры гэтым з асанкай цара зьвяроў, яўна пагарджаючы кабетай з прычыны таго, што яна ў свае гады аддае перавагу працы публічнай паслугачкі перад заслужаным адпачынкам хатняй матроны ў гарэме, то бок былой паслугачкі прыватнай. Ад ягоных паводзін у мяне неяк дарэшты зьнікае апэтыт, мне самому робіцца сорамна папіхаць гэтак старэйшую жанчыну – я набываю звычайнай вады (нічога таньнейшага ў іх няма, а ўжо гадоў праз сто ня будзе нічога даражэйшага) і выходжу на двор разьмяць ногі перад дарогай, як тут натрапляю на вэтэранавага адзінаверца а мо й супляменьніка, крыху маладзейшага: той нэрвова топчацца на сьцежцы, раз-пораз пазіраючы й пакрыкваючы ў бок кустоў, нібы там адбываецца штосьці надзвычай важнае, магчыма нават (я спадзяюся) непрыстойнае. Стаіць «на шухеры»? Якое там: гэта ён толькі «пасьвіць» сваю жонку – пэцкаць самому рукі ганебна, таму ён паслаў яе ў кусты вытрусіць ручнік, на якім яны ладзілі пікнік, а сам зводдаль кіруе працэсам і заадно пільнуе, каб на ягонае золатка не паквапіўся які кафір-гвалтаўнік… (Гэта я так рыфмую пад уплывам тунісійскага рэпу.) Па-мойму, дарма ён так пераймаецца: на ягоную шматдзетную даярку ў хустцы ўжо ня кінуўся б нават рыхтык выпушчаны з турмы рэцыдывіст. Дзеля ўсяго сьвятога, не падумайце: я шчыра зайздрошчу мусульманскім жанчынам – напрыклад, таксама хачу насіць гіджаб! Прынамсі, узімку! Уласна, ужо зь першага прагляду савецкага істэрну «Белае сонца пустыні»! Толькі вось не хачу, каб мяне праз гэта зьвязвалі зь нейкай рэлігіяй, а калі б да мяне наблізіўся які прававернік без гіджабу і спытаўся б, дзе мой муж ці якую падобную лухту – я хачу мець поўнае права паслаць яго ў сраку і ня быць пры гэтым закіданым (закіданай) камянямі. Аднак лічыцца, што жанчына ў гіджабе гэтага права ня мае, тады як мужык без гіджабу мае поўнае права «шыхтаваць» яе, як афіцэр шарагоўца. Калі ж яна хоча такое права мець – тады першым чынам нібыта мусіць адкласьці гіджаб на знак сваёй грэшнасьці й непадпарадкаваньня (то бок закіданай камянямі яна будзе па-любому). Анягож! Адмаўляцца ад гіджабу дзеля нейкіх сэксістаў? Выкідаць на шмацьцё палову заробку? Ды не пайшлі б яны, сапраўды, з чыста эканамічных і эстэтычных прычын у сраку!

У машыне асьцярожна дзялюся гэтымі сваймі назіраньнямі з Ахмэдам – але тут ён робіць выгляд, што не разумее гумару. О, так, ён лібэрал і сьніць сны аб Эўразьвязе, у прынцыпе яму нашмат больш падабаюцца дзеўкі ў міні – але на суайчыньніц і аднаверніц ягоны лібэралізм, да жалю, не распаўсюджваецца. Хоць ён і за роўныя правы, і ў першую чаргу на машыну (а не як у Саудаў), але ж залаты генафонд уласнай культуры лепей усё-ткі трымаць пад замком. Што ж, едзем далей.


Загрузка...