2

Уявіце, што вы пачалі сьцягваць з торэнтаў – ці адкуль вы ўласна тыбзьдзіце кантэнт – які-небудзь даўным-даўно парэкамэндаваны вам кінчык, безь якога вы ўжо надалей ня можаце жыць – ну там, культавую парнушку якую-небудзь, да таго ж у нескарочанай рэжысэрскай вэрсіі – пабачылі з прыкрасьцю, што хуткасьць поўнае гамно й няма рады, ну і забыліся пра яго да часу, а тут вяртаецеся раніцой да кампа й ажно сядаеце на сраку ад зьдзіўленьня, бо пакуль вы спалі, фільм ужо збольшага спампаваўся, мала таго: хуткасьць трафіку зь нічога ніякага падвысілася разоў у сто, і цяпер ваш комп глынае раздачу цэлымі кавалкамі, нібы вашая ўлюбёная парназорка ў тым самым (яшчэ ня бачаным, але ці не па кадры апаведзеным вам сябрамі) фільме, графік паўзе рыўкамі й расьце, як анаконда – то бок канец загрузкі блізкі як ніколі, неўзабаве вы пагледзіцё ўрэшце гэты эпахальны кінамастацкі твор! Вы ўжо паціраеце ад такой удачы рукі й рыхтуеце сурвэткі, як пры бліжэйшым і цьверазейшым поглядзе на манітор аказваецца, што ўвесь гэты час пампавалі не знакамітую парнушку, а нешта зусім іншае, што супадае зь ёю толькі па назьве, які-небудзь снобскі арт-гаўзавы ацтой, каторы ўжо тым ня менш засраў на вашым гард-дыску цэлых тры гігабайты – што вы будзеце рабіць? Дацягняце фільм да канца дзеля чыстай цікаўнасьці (а што, калі гэта ня простае супадзеньне? можа, вашая падсьвядомасьць хоча вам гэтай памылкай паведаміць нешта важнае? можа, гэтая нявінная й зусім не эратычная стужка зьменіць усё вашае жыцьцё?) – ці раззлуяцеся ўканец і выдаліце торэнт нахер перад самым заканчэньнем запампоўкі?

Прыблізна такое ж пытаньне, як вы ў гэтай сытуацыі, задае сабе й любы чалавек, што набліжаецца да саракагадовага ўзросту. Гэта, дарагія юныя чытачы, і называецца нэль мэццо дэль камін, пасярод коміну, або крызісам сярэдняга веку, які бязь лішніх мудрагельстваў ільга апісаць як становішча «ні ўзад, ні ўперад» – узад вам ужо ніхто ня дасьць, а ўперад вам самім неяк няма ахвоты, бо калі вы й раней былі сцыклом і трэсьліся як у ліхаманцы за сваё маладое жыцьцейка, баючыся заўчасна здохнуць або стаць бацькам, што тое самае, то цяпер вы сцыкло яшчэ большае й баіцеся ня толькі памерці, а нават жыць, прычым настолькі, што наадварот шкадуеце: чаму ж не ахвяравалі былі сабой у поўным росквіце сілаў дзеля якой-небудзь высакароднай мэты (самай высакароднай зь якіх, несумненна, ёсьць працяг васкага роду)? Цяпер ужо рабіць гэта позна, страшна і галоўнае – камічна, ніхто вас з гэтай нагоды не пашкадуе, бо вы і так увасабляеце адпрацаваны біялягічны матэрыял, зь якім ільга рабіць што заўгодна, вам самому ў тым ліку, толк ад яго будзе адзін. Таму замест таго, каб ваяваць з уласнымі дзецьмі, што ўжо дасягнулі пераходнага ўзросту, і жонкай, што ўжо дасягнула разуменьня неабходнасьці жыць з вамі паасобку, вы і задаяцеся падобнымі ідыёцкімі пытаньнямі, абсалютна неістотнымі з гледзішча людзкой грамады як цалку. Разуменьне гэтай неістотнасьці яшчэ больш вас запалохвае і ўганяе ў зацяглую дэпрэсію, сродкаў ад якой існуе ня так і шмат; да самых папулярных зь іх належаць алькагалізм, блядзтва, спорт, самагубства і праца.

Выпрабаваўшы іх па чарзе ў прыведзенай пасьлядоўнасьці (як вы разумееце, беспасьпяхова), я сам канец канцоў запыніўся на апошнім як самым бясьпечным і ўнівэрсальным: з калегамі можна і пабухаць, што таксама ёсьць не абы-якім спортам, з каляжанкамі – калі не паблядаваць, то прынамсі пафліртаваць, а жыцьцё праца скарачае ня горай за самагубства, будучы ўсяго толькі яго адкладзенай формай, таму мець працу ў сярэднім веку – надзвычай важна, і пажадана аддаваць ёй усяго сябе, карыстаючы з таго, што вам ня трэба марнаваць высілкі на сям’ю, як астатнім. З пэўнага часу мая асабістая адданасьць працы (нягледзячы на пэрыядычныя скарачэньні, у тым ліку майго заробку) пачала мацнець літаральна з кожным днём набліжэньня карпаратыву ў гонар маіх саракавінаў (лепшага выразу не прыдумаць, бо кожны юбілей, і гэты асабліва, ёсьць памінкамі па там-прапэрдзю), а рыхтавацца да яго я пачаў, як ужо мне ўласьціва, загадзя, то бок гадоў за пяць да самой даты. Мае мілажальныя калегі, усе як адзін сямейныя, ужо не маглі на гэта глядзець і ўрэшце настукалі на мяне шэфу, які аднаго чароўнага дня выклікаў мяне ў кабінэт, паставіўшы перад мною рубам пытаньне «калі я ў апошні раз быў у адпачынку». Я з гатоўнасьцю адказаў, што летась, езьдзіў быў да сяброў на выходныя ў Градэц Кралавэ, гэтак жа як пазалетась да суайчыньнікаў у Лысу-на-Лабэ, але ён мой пералік перапыніў (хаця той і безь яго ўжо заканчваўся): не, маўляў, у сапраўдным адпачынку, турыстычным, замежным, курортным ці як ён там біямаць завецца.

Цяжка было не зразумець майго шэфа, а прыкінуцца, што яго не разумееш, яшчэ цяжэй: так званы КаКаДу працаўніка, які ня ўмее адпачываць, зьніжаецца прапарцыйна падвышэньню ягонага імпэту. Разумеў я і сваіх калег: на маім фоне яны выглядалі як вечныя гультаі, якімі насамрэч і былі – можа, сваім упартым нежаданьнем езьдзіць у адпачынак я хачу выставіць напаказ, быццам працую больш і лепш за астатніх? Праз гэта яны штогод і задавалі мне пытаньне, як я правёў лета, дзе быў і што бачыў – гэткая сабе дзе-даўшчына. Як што мне ніколі не было чаго ім адказаць, на працы за мною замацавалася рэпутацыя дамасека й ледзь не ідэйнага ворага падарожжаў.

Мушу прызнацца: факт той, што ў параўнаньні зь сярэднестатыстычным бабылём я перасоўваю сваё цела па паверхні плянэты надзвычай рэдка, неахвоча й пераважна на кароткія дыстанцыі. Гэтак, вядома, было не заўжды, усяго апошніх гадоў дзесяць-пятнаццаць. Якіх толькі аргумэнтаў у абарону сваёй трывалай геаграфічнай пазыцыі я ні прыводзіў: і што далёкая вандроўка для мяне – гэта невыносны лягістычны стрэс, і што грошай мне плацяць ня так і шмат, каб дазволіць сабе такую раскошу, і што Прагу я люблю больш за ўсякія сафары й сэрфінгі, і што людзі, якія надта часта вандруюць, паступова робяцца імуннымі да новых уражаньняў, а старыя ў іх усё больш блытаюцца між сабою, тым часам як мне ўспаміны пра мае юнацкія туляньні даражэйшыя за туляньні самі… (Пра свае сапраўдныя псыхічныя цяжкасьці я тактоўна маўчаў нават перад сваім псыхіятрам.) Марна: калі спачатку мяне лічылі проста дзіваком, то з часам пачалі лічыць проста ўёбкам. Ну хіба ў нечым яшчэ, апроч падарожжаў, можа наагул палягаць сэнс жыцьця? Пагатоў такога, маўляў, маладога? Якое я марную, седзячы на сваім адным месцы – працоўным? Цяпер, у прысутнасьці шэфа, я сябе ўёбкам і адчуваў: мне зрабілася шчыра сорамна перад ім і калегамі, быццам яны злавілі мяне не на турыстычным, а на сапраўдным цэлібаце (пра які ў маім выпадку таксама, мяркую, здагадваліся), і я ўрачыста паабяцаў шэфу, што неўзабаве пасьля саракагодзьдзя сыду ў доўгі летні адпачынак, які нашая кантора завінавацілася мне за ўвесь час маёй тутэйшай паншчыны.

Як у ваду глядзеў! Так усё і сталася, толькі значна раней: празь які тыдзень пасьля гэтай гутаркі шэф сам адправіў мяне ў адпачынак, прычым яшчэ даўжэйшы – бестэрміновы. Мяне звольнілі, пакінуўшы сам-насам адразу з двума крызісамі: фінансавым і сярэдняга веку. То бок карпаратыву ня будзе. Зэканомілі, падлы. Я быў такі разьюшаны, што ідэя зваліць на нейкі час з Прагі (ды хоць бы з самой Чэхіі!) здалася мне ў новых варунках найлепшым, калі не адзіным, спосабам сабраць у кулак крышынкі раструшчанай самапавагі і ўцячы ад мноства раптоўна ўзьніклых праблем. З гэтым намерам я ўключыў з раніцы свой запылены хатні комп і замест выразу «праца ў Празе» загугліў «вэкэйшнз».

Загрузка...