15

У восемдзесят трэцім было так: сям’я з Ўэспэды паехала ў Гохдорф, абмяняўшыся папярэдне з партнэрамі ключамі па пошце, аднак дасланыя сям’і ключы да дзьвярэй партнэраў у Гохдорфе не пасавалі – то ж бо партнэры, дужа актыўныя чальцы Дамбартэру, іх паблыталі не з абыякімі, а з ключамі саміх гасьцей, таксама атрыманымі па пошце, на што неспрактыкаваныя госьці ў падарожніцкім запале папросту не зьвярнулі ўвагі й сваіх уласных ключоў не пазналі. Запасных ключоў партнэры, на жаль, нікому з суседзяў не пакінулі, бо жылі ў асобным маёнтку, так бы мовіць на хутары, і суседзяў з навакольля практычна ня ведалі, як што дзякуючы Дамбартэру амаль не бывалі ў сябе дома, таму ключы свае трымалі ў руках досыць рэдка. Апынуўшыся ў безвыходнай сытуацыі перад добра забясьпечанай ад злодзеяў вілай на схіле гары пасярод прыўкраснай швайцарскай прыроды, госьці з Ўэспэды плюнулі й пражылі тыдзень у гатэлі, а па вяртаньні дамоў атрымалі ад партнэраў ліст з падзякай за тое, што яны так узорна клапаціліся пра іхную хату – у якой, насамрэч, не прабылі ні дня.

– Затое пакінулі яе такой, якой знайшлі, – адзначаю я, хаваючы ўсьмешку ў гарбаце. Мае госьці з задавальненьнем ківаюць галовамі: прынамсі, адно правіла я ўжо запамятаў – і адразу Залатое!

Аднак гісторыя на гэтым не закончылася: пасьля вяртаньня дамоў госьці зьдзівіліся, якім тады чынам партнэры з Гохдорфу трапілі да іх без ключоў, пачалі прыглядацца й прыйшлі да высновы, што ані ў іхным доме цягам мінулага тыдня ніхто ня жыў. Роспыты па вакольных гатэлях пацьвердзілі іхнае падазрэньне: спрактыкаваным партнэрам па Дамбартэры было так сорамна за сваю памылку, што яны пастанавілі захаваць факт неадбытага абмену ў сакрэце ня толькі ад неспрактыкаваных гасьцей, але нават ад сябе саміх.

– Пашанцавала ім, што яны не пакінулі ў хаце ката ці сабаку, – азываюся я.

– Абсалютна слушна! – у захапленьні маёй кемлівасьцю пагаджаецца Марыя. – Менавіта дзеля гэтага ў стандартным фармуляры дамбартэраўскага кантракту ёсьць пункт наконт хатняй жывёлы: яе абавязкова трэба браць з сабой!

– Калі толькі гэта не карова, – дадае на ўсякі выпадак Марыін муж, – і калі сталыя гаспадары вашага часовага дому ня супраць.

– А калі супраць? – пытаюся я.

– Тады яе нельга браць з сабой ні ў якім разе! – прасьвятляе мяне Марыя. – Для гэтага ў цывілізаваных краінах сьвету ёсьць адпаведныя службы, прытулкі, а ў бальшыні нармальных людзей яшчэ й сваякі і знаёмыя.

– А калі… – пачынаю я.

– Калі што?

– Ат, нічога.

– Ну што вы ўжо, дагаворвайце! Між намі ня можа быць ніякіх таямніцаў! Вы ня маеце каму аддаць свайго хатняга ўлюбёнца? Гледзячы на вас – напэўна, ката? Каб не аказалася, што ён бадзяецца недзе па двары, а ўвечары прыйдзе мяўкаць да нас, то бок да вас, пад дзьверы… Вы прынамсі набылі яму на два тыдні ежы? Ці нам давядзецца выдаткаваць на яе ўласныя грошы? І хто будзе прыходзіць выносіць за ім фэкаліі? Вы ж курыце дома дзеля таго, каб перабіць іхны смурод? Куды ён наагул у вас ходзіць? Ці можа вы навучылі яго карыстацца ўнітазам разам з вамі? Ды яшчэ й змываць за сабой?

– Няма ў мяне ката, – з шкадаваньнем у голасе кажу я. – Мой адзіны хатні ўлюбёнец – я сам.


Загрузка...