НА ДНЕ апавяданьне


— Ну... мы пойдзем?!

Галасы прагучалі глуха, няпэўна, няўцямна і Русін, махнуўшы рукой, зморана выдыхнуў:

— Ідзіце...

Хлопцы — сёньня займалася старэйшая група — заляпалі босымі нагамі па мокрай падлозе, грукнулі дзьвярыма, з высокай столі ўпала, зычна ціўкнуўшы ў вадзе, самотная кропля і вушы заклала непрытомная ціша.

Русін зьмежыў павекі. Хваравітая замарач зрабіла цела лёгкім, нават бязважкім, сэрца пакінула біцца і ўваччу шарай патарочай паўстала піраміда Куікуілька. Піраміда — аж да самага вяршка — была ахутаная смугою. Густая, падфарбаваная вечаровай барвай смуга вісела над горадам, засьціла перасьпелае сонца, рабіла нябачнымі высозныя гмахі Тлальпану; паветра таксама было густым і, удыхнуўшы яго на поўную грудзіну, Русін стоена пасьміхнуўся.

Дзіўна, але кожнага разу, калі Русіна апаноўвала хваравітая стома, і ён ляжаў, нерухомы, на мулкай лаве, яму мроіўся вечаровы Мэхіка. І ўваччу — дарэшты выяўна — паўставалі старажытная піраміда Куікуілька, што месьцілася ў кілямэтры ад Алімпійскай вёскі, стромкія, падобныя на зубы гіганцкага грабянца калюмны стадыёна “Ацтэка”, хмарачосы на далёкім даляглядзе й крануты згасальным мэксыканскім сонцам ды чарнаморскім загарам твар баўгаркі Ангелушы, да якой ён спрабаваў смаліць халяўкі, але тая аддала перавагу францускаму рапірысту. А яшчэ мроіўся фінальны матч зь югаславамі: нападнік супернікаў Мештравіч, якога ён апекаваў, вылятаў па самыя сьцёгны з вады, штосьці гарлаў па-свойму, з адчайным замахам закідваў мячык у іхныя вароты і скрозь лямант трыбунаў Русіну чуліся панічныя трэнерскія мацюгі. Вось і цяпер яму прымроіўся залатаскуры Мештравіч, але гэтым разам супернік ня вылецеў з вады, як рабіў дагэтуль, а наадварот — даў глыбокага нырца ды неўпрыкмет убрыкнуў пяткай у пахвіну. Русін перакрывіўся ад болю, пашукаў вачыма судзьдзю, а потым, ачуўшыся, доўга лашчыў далонямі ніз жывата: яму не даваў спакою застарэлы прастатыт.

Здароўе Русінскае апошнім часам боталася на тонкай нітцы. Усё часьцей і часьцей душу й цела апаноўвала хваравітая стома, ногі рабіліся кісельнымі, кружылася галава і тады ён валіўся на тахту — калі стома засьпявала яго дома, ці на мокрую лаўку, калі замарач падступала ў басейне; ляжаў, спавіты цяжкой дрымотай, паўгадзіны, а мо й болей, і абуджаўся з халодна-абамлелым сэрцам і з тупой шчымотай у патыліцы.

... Дзесьці непадалёку — колькі разоў запар — чхнулі, потым мацюкнуліся, гулкае рэха паўтарыла вясёлыя зыкі і Русін падняўся з лавы.

Два распараныя бамбізы, абвязаўшы прасьцінамі шырокія, па-бабску пукатыя клубы, выйшлі з басэйнавай саўны, прысмакталіся да бутэлечных рыльцаў, разам выдыхнулі: “Ой, бля-а...”, і Русін, прылашчыўшы рукамі гарачую лысіну, імклівай ластаўкай нырцануў у басэйн.

У саўне, што працавала пры басэйне, штовечару парыліся валютчыкі ды базарныя рэкеціры. Русін не любіў гэтай публікі і кожнага ранку, вылоўліваючы з вады пустыя піўныя пляшкі ды недапалкі, цяжка ўздыхаў і, не саромячыся сваіх гадунцоў — ад раньня ў вадзе плюхалася малодшая група, — гучна лаяўся.

Русін прайшоўся імклівым брасам, пырхнуў носам і пачуў сіпаты голас:

— Гэй, лысы, плыві сюдой! Півам пачастуем.

Піва Русін ня піў, а таму нікуды не паплыў — ухапіўся за канат, з агіднай усьмешкай зірнуў на бамбізаў.

— Пэнсіянэр, а плаваеш як Іхціяндар, — паведаміў сіпаты бамбіза; сіпаты прыклаўся да піва і смактаў датуль, пакуль яно ня выбухнула ўнутры бутэлькі белымі хлапякамі.

— Яшчэ год да пэнсіі, — незадаволена буркнуў Русін, даўшы нырца пад канат.

— Ты што... зэмээс па плаваньні? — азваўся, прычым бяз ценю гіроніі, другі бамбіза.

— Міжнароднай клясы... і не па плаваньні, а па ватэрполе, — Русін распластаўся на вадзе, прытоена і ў той жа час выразна дадаў: — На Алімпіядзе ў Мэхіка за зборную выступаў.

Суразмоўнікі паглядзелі на ўдзельніка Алімпіяды зь непрыхаванай цікаўнасьцю.

— І якое месца занялі?

— У фінале... югаславам прайгралі, — Русін з адчаем удыхнуў паветра, крыкнуў штосьці неразборлівае і паплыў пад вадой, скалыхнуўшы пробкавыя канаты на цёмна-малахітавай вадзе. Ля лесьвіцы, намацаўшы рукою асьлізлы поручань, ён шумна ўсплыў.

— Японкі... што жэмчуг ловяць... па пяць хвілін... на дне сядзяць... — даляцелі да вушэй прыглушаныя гулкім рэхам і біцьцём уласнага сэрца галасы; перамаўляючыся адно з другім, бамбізы ішлі ў ягоны бок.

Сіпун адрыгнуў піўным духам, закінуў, па прыкладу рымскіх патрыцыяў, прасьціну на левы плячук: — Гэй, а табе... пяць хвілін пад вадой... слабо?

Русін нічога не адказаў.

— Ну, а хаця б дзьве хвіліны...— сіпаты падышоў да лесьвіцы, адкаркаваў зубамі чарговую пляшку й бляшаны корак зычна ляснуўся па кафэльнай падлозе, — сядзіш дзьве хвіліны — і маеш дваццаць даляраў.

Русін стоена азірнуўся. “Куплю красоўкі... са старых палец лезе... А можа штаны спраўлю...”

Бамбіза паставіў ля ног недапітую пляшку, запытальна тузануў падбародзьдзем.

— Сэкундамэр... на лаўцы ляжыць, — прамармытаў Русін і роспачна, да цямноцьця ўваччу, удыхнуў паветра.

... Мэтровая тоўшча вады амаль не прапускала сьвятла: там, над галавой, калыхаўся прывідны помрак і варушыліся дзьве размытыя цені. Трымаючыся за лесьвічную білу, Русін перабіраў нагамі, лічыў сэкунды. Далічыўшы да трыццаці, зьбіўся, памкнуўся рвануцца ўгору, але прыкусіў язык і пачаў лічыць ад пачатку. “Раздватрычатарыпяць...” Сэрца гучна затахкала, цені над галавою гайдануліся і ўваччу паўстала Ангелуша. Масажыстка баўгарскіх гімнастак выбегла з пакою, дзе жылі францускія спартоўцы, і хуценька — Русін бачыў гэта — піхнула ў сумачку дваццаць даляраў...

— Тры хвіліны сядзіць, — прашаптаў сіпун, нахіліўшыся да вады, а ягоны напарнік спалохана гракнуў: — Глянь, у яго ўжо лысіна пазелянела!

Апошнім высілкам, ужо непрытомны, Русін стаў перабіраць рукамі лесьвічныя прыступкі і на голаў яму абрынула штосьці важкае і брыклівае...

— Да мяне... йоп... за нагу трымаю... — гукнуў сіпун, ляснуўшыся патыліцай аб лесьвічную білу. Ягоны сябрук, які таксама бухнуўся ў ваду, даў нырца, заехаў сіпатаму каленам у лабешнік і неўзабаве ўсплыў з галавой, шчыльна спавітай мокрай прасьцінай.

— Цягні, блядзь! — у сіпуна прарэзаўся голас і прагучаў пранізьліва і чыста.

Пачабохтаўшыся ўсмак, бамбізы выцягнулі Русіна з вады — цягнулі за ногі, долу галавой, — кульнулі на жывот, і калі небарака пачаў ванітаваць, зморана выдыхнулі: — Жывы! Потым, сьвецячы голымі дупамі, пабеглі ў саўну і адзін зь іх дакорліва выгукнуў сябру: — Жартун х...ы.

Празь імгненьне той, каго так назвалі — ужо ў штанах і ў чаравіках на босую ногу, — падбег да Русіна, адцягнуў ад лужыны ванітаў, спрытным рухам прыляпіў да мокрай Русінскай лыткі дваццацідаляравую паперку. Неўзабаве паперка падсохла, адвалілася ад лыткі і яе забрала прыбіральшчыца. Піхнуўшы грошы за бюстгальтар, жанчына пужліва агледзелася, паляпала далоньню па сініх Русінскіх лытках і са здушаным лямантам кінулася выклікаць “хуткую дапамогу”.


Загрузка...