КВАТАРАНТ


Пад вакном залівіста, з салаўіным посьвістам азвалася сыгналізацыя і Міканор Іванавіч прачнуўся. Стаіўшыся пад ватнай коўдрай, доўгіх пяць хвілін чакаў – калі аціхне суседава легкавушка, а не дачакаўшыся, бязгучна вылаяўся і падаўся да бальконных дзьвярэй.

— Вы б яе хаця б удзень адключалі, — крыкнуў Міканор Іванавіч, убачыўшы на доле ўскудлачаную галаву Капіталіны – бялявай саракоўкі, што жыла на другім паверсе.

Суседка задзерла галаву, пагардліва хмыкнула і легкавушка, скавытнуўшы на астачу, аціхла.

Міканор Іванавіч вярнуўся на сваю канапу, лёг, паспрабаваў ізноў заснуць, але ў гэты момант у вітальні рыпнулі дзьверы і стары, прашаптаўшы: “Штосьці сёньня рана”, — адкінуў коўдру.

Кватарант Міцька з грукатам зьняў абутак, адразу ж падаўся ў прыбіральню і ўжо адтуль, тузануўшы фаянсавую гіру, крыкнуў:

— Што гэта вы, Іванавіч, сьпіцё сярод белага дня? Ці не захварэлі?

— Суседава машына… бульбу ёй у выхлапную трубу… тры разы ўначы будзіла… Зусім са сну зьбіўся.

— Я б на вашым месцы даўно ў ДАІ патэлефанаваў, — кватарант увайшоў у сьвятліцу, на хаду дастаючы з поліэтыленавай торбы пляшку гарэлкі.

— Што, брат, усё ж такі выперлі?

Міцька не адказаў. Моўчкі паставіў бутэльку на стол, падаўся ў кухню – рыхтаваць закусон.

— І што цяпер?

— Дахаты паеду. А пятай гадзіне цягнік. Яшчэ пасьпею.

— Ды я не пра тое… Што наагул рабіць будзеш?

Кватарант уздыхнуў, мерна заляпаў нажом – няйначай, наразаў зялёную цыбулю.

— Ёсьць магчымасьць у Польшчы вучыцца, але… — Міцька ізноў уздыхнуў, памаўчаў-падумаў хвіліну, потым крэкнуў, але фразы так і ня скончыў.

Міканор Іванавіч падняўся з канапы. Зь языка ўжо зрывалася нядобрае слова на адрас тых, хто выгнаў Міцьку з унівэру, але прыроджаная інтэлігентнасьць і саракагадовы пэдстаж прымусілі сьціснуць зубы і ён няўцямна прасіпеў:

— Во с-ссс…

Гарэлка была цёплая і гаспадар кватэры, кульнуўшы чарку, доўга крывіўся і нават – што ўжо было зусім не інтэлігентна – пусьціў сьліну пад ногі. Зрэшты, халадзіць трунак не было часу – Міцька і так раз за разам паглядаў на гадзіньнік.

— Ну, а астатнія як? Вас жа чатырох затрымалі, — гаспадар кватэры стоена, каб ня чуў кватарант, адрыгнуў цёплай гарэлкай.

— Толькі мяне й паперлі. Я ж са сьцягам ішоў.

Стары ляпнуў далоньню па калену: абурэньне лезла з душы як цеста зь дзежкі. Міканор Іванавіч памкнуўся падняцца на ногі ды ў сьпіну яму стрэльнула, і кватарант, пабачыўшы балесныя курчы, падхапіў бутэльку.

Другая чарка прайшла ў нутро без праблемаў і супакоіла сьпіну, а разам зь ёй і бунтоўную душу. Міканору Іванавічу карцела нейкім чынам падтрымаць хлопца, таму ён, падчапіўшы відэльцам салату з цыбулі і сьвежых агуркоў, замілавана і не зусім цьвяроза паведаміў:

— Ведаеш, Міця, ня ты адзін з-за сьцягу пацярпеў. Я калісьці ў Петразаводску, сталіцы Карэла-Фінскай ССР вучыўся. І быў там у мяне таварыш — Пецька Маразёнак. Таксама беларус…

— А як вы туды патрапілі? – перабіў кватарант, хруснуўшы крамяным агурком.

— Куды?

— Ну… у Петразаводск.

Міканор Іванавіч адкінуўся на сьпінку крэсла, закінуў нага на нагу, зьбіраючыся распавесьці ўсё ладным парадкам, але згадаў, што Міцька позьніцца на цягнік і загаварыў хуценька і блытана.

— Па вайне ж у нас жывога месца не было: усё дарэшты спалена. А ў Карэліі фінаў выгналі, пустыя дамы стаялі. Вось туды наш брат-беларус і рынуў. Па аргнаборы. Жылі мы там на беразе Ладагі, непадалёку ад станцыі Піткяранта. Бацька мой у леспрамгасе працаваў, бугальтарам. Суворыя там мясьціны… — Міканор Іванавіч міжволі задумаўся і, лыпнуўшы вачыма, перапытаў: — Пра што гэта я казаў?

— Пра Пецьку Маразёнка.

— Ага… Паступіў у тамтэйшы ўнівэрсытэт, як і ты, на фізмат; правучыўся два гады, а ў 56-м, адразу ж пасьля летняй сэсіі, Карэла-Фінскую ССР зьліквідавалі. Уяўляеш, была саюзная рэспубліка, свой сьцяг, герб – дарэчы, прыгожы такі: праваруч жыта, леваруч хваёвая галіна з шышкамі. І гімн свой быў. Я й дагэтуль першы куплет памятаю… Зараз… — Міканор Іванавіч прымружыў вочы, зацята паглядзеў на столь, — “Oma Karjalais… suomalais…”

Стары памыліў вуснамі, прамармытаў яшчэ колькі фінскіх словаў і асуджана страсянуў галавой.

— Не, словаў ужо не згадаю. А мэлёдыя і зараз увушшу гучыць.

Міцька кашлянуў, зірнуў на гадзіньнік.

— І што, не было ніякіх пратэстаў?

— Супроць чаго?

— Супроць ліквідацыі саюзнага статусу.

— Якія там пратэсты, у 1956 годзе. Тут бы ў нас Бээсэсэр зьліквідавалі. Як думаеш, шмат людзей выйшла б пратэставаць?... То ж бо то… Хаця ў Петразаводску адзін пратэстант знайшоўся: Пецька Маразёнак. Прыйшоў на кастрычніцкую дэманстрацыю з карэла-фінскім сьцягам. Кажа: хадзіў зь ім на Першага траўня, прайдуся і цяпер. Мы пасьміхнуліся, але на ўсялякі выпадак далей ад Пецькі адышлі. А неўзабаве яго нейкія людзі атачылі, убок адвялі. Пасьля сьвятаў прыйшлі ў аўдыторыю, а Пецькі сярод нас няма. Выгналі з унівэрсытэту.

— За што? – задужа гучна спытаў кватарант. – Твар Міцькавы пры гэтым прыкметна выцягнуўся.

— За тое, за што й цябе...

— Ну дык я ж нёс бел-чырвона-белы, а тут жа савецкі, з сярпом і молатам, як я разумею.

— Разумееш, ды не зусім. Сьцяг хоць і савецкі, ды сьпісаны за непатрэбнасьцю. Калі ты зь ім выйшаў на вуліцу, значыцца супраць лініі партыі выступаеш.

Міканор Іванавіч зморана крэкнуў, пацягнуўся да бутэлькі каб разьліць рэшту, але кватарант ужо быў на нагах.

— Усё, Іванавіч… бягу. Хутка цягнік, а ў мяне яшчэ рэчы не сабраныя.

Праз дзесяць хвілін гаспадар кватэры парукаўся з кватарантам і ледзь не заплакаў на разьвітаньне. За апошнія пяць гадоў, як памерла жонка, у яго перабывала шмат студэнтаў. І з кожным разьвітваўся без шкадаваньня. Цяпер жа штосьці залепятала ў сэрцы. Зачыніўшы дзьверы, стары паволі, як той самнамбул, зайшоў у кухню, прыкруціў водаправодны кран, потым гэтак жа бязмэтна зазірнуў у лазенку і сьцепануўся: на трубе-сушылцы вісела забытая кватарантам майка. Спатыкаючыся, ён кінуўся на гаўбец:

— Міця, маечку забыўся!

Хлопец, які ўжо ладна адбег ад дому, паставіў на зямлю сумку, махнуў рукой, але потым падбег пад балькон.

— Успомніў… першы куплет, — гукнуў стары усьлед майцы, што зьлятала долу і, удыхнуўшы на поўныя грудзі засьпяваў:

Oma Karjalais-suomalaiskansamme maa,

Vapaa Pohjolan Neuvostojen tasavalta…* —

Міканор Іванавіч глынуў паветра, каб сьпяваць далей, ды тут у суседзяў штосьці грукнула і Капіталіна голасна паведаміла мужу:

— Дзед з трэцяга паверху, здаецца, зусім звар’яцеў.

У старога зазьвінела ў вушах і кроў апаліла твар. Ён праводзіў позіркам рухавую Міцькаву постаць, потым, ня чуючы пад сабой ног, пайшоў у сьвятліцу, выліў у шклянку рэшткі гарэлкі і, перад тым як выпіць, выгукнуў слова, якое даўно рвалася з грудзіны:

— С-сукі.

* “Родная зямля нашага карэла-фінскага народу,

Вольная паўночная савецкая рэспубліка…” (фін.).


Загрузка...