СТРАШНЫ ЧАЛАВЕК апавяданьне


Інжынэр—канструктар Васіль Бяссонаў, чорнавалосы, не па ўзросту вясёлы мужчына, утаропіўся на прастакутнік ватману і намаляваная на ім крыжавіна дыфэрэнцыялу паволі закруцілася ўваччу. Інжынэр вохнуў, налёг лабацінай на кульман і да болю выяўна зразумеў: калі ён зараз жа не пахмеліцца, пасьлязаўтра яго павязуць на машыне зь елкамі.

“Горад у жалобным убраньні... Прыспушчаны дзяржаўныя сьцягі... Цяжкая страта напаткала спэцыяльнае канструктарскае бюро сельгасмашынабудаваньня, а разам зь ім і ўсё перадавое чалавецтва”, — прагучаў у сьвядомасьці левітанаўскі голас і ўадначас — ужо на яве — за сьпінай Васілёвай секануў прастору гучны воклік:

— Бяссонаў... да начальніка!

Загадчык сэктара Маргун сядзеў у сваім катуху, правіў алоўкам графік здачы праектнай дакумэнтацыі і на твары ягоным ляжаў цень сьмяротнай тугі і сумоты.

— Што... зноў трасесься? — ускінуў вока Маргун, і той, да каго ён зьвяртаўся, асуджана прамармытаў: — На ўлазінах быў... узялі па чарцы.

Загадчык сэктару ўздыхнуў, пацёр правую лобную долю.

— Графік зрываем... А тут яшчэ Капніст захварэў. Дзякуй Богу, хоць у хаце малюе, — загадчык зь вясёлым адчаем пацёр левую лобную долю: — Ты ў яго ніколі ня быў?

Падначалены разьвёў рукамі і Маргун таропка напісаў на паперцы адрас.

— Возьмеш у Капніста два лісты. Адзін, з матавілам, занясеш тэхнолягам, а з саломатрэсам — у пяты сэктар. Запомніў?

— І глядзі ж — нідзе не затрымлівайся! — гукнуў Маргун на разьвітаньне, тыцнуў алоўкам у графу “матавіла” і навылёт прадзёр лядашчую паперу.

Піўная бочка на рагу Калектарнай і Экскаватарнай была аточана з усіх бакоў і ў сьвядомасьці ізноўку абудзіўся няўрымсьлівы Левітан. “Бясконцая людзкая плынь... Тут, у ганаровай варце, стаяць салдаты і афіцэры, старшыны і мічманы, інжынэры і тэхнікі...”— зацята бубнеў дыктар усесаюзнага радыё і Васіль, каб пазбыцца чмуры, адрывіста — тры рашучых стаката — кашлянуў. Таго дня ў Маскве хавалі нейкага прайдзісьвета; радыё без супыну прамаўляла розную лухту і словы тых дэклямацыяў сьвярблівымі ваўчкамі ўчапіліся ў мазгі.

Васіль аблізнуў сасьмяглыя вусны, стаў на дыбкі, паныла агледзеў натоўп і ў самых нетрах людзкіх убачыў калегу — Сеню Мотыля з сэктару льноцерабілак. Сеня выбіраўся з натоўпу, трымаючы над галавой два бурапенных кухлі...

...Калегу таксама смажыла, а таму ён дазволіў зрабіць толькі чатыры глыкі. Васіль у адказ пачаставаў Сеню цыгарэтай, здаволена адрыгнуў і разам з піўным духам выдыхнуў ёмістую фразу: “Канструктарскую галаву чатырма глыткамі ня вылечыш”.

Ехаць трэба было на другі канец горада, у мікрараён Мандрыкаўка-2, і пакуль ён дабіраўся да той Мандрыкаўкі і блукаў у пошуках патрэбнага дома, зь яго сышло сем патоў і ў душу ўбілася пякучая крыўда: Маргун урэшце рэшт мог паслаць па матавіла каго-небудзь з маладых. “Адных капіравальшчыц сем штук”, — уголас прабубніў Васіль і, зьверыўшы лічбу, напісаную ў паперцы, з той, што была на дзьвярах, намацаў гузік званка.

Яму доўга не адчынялі, ён пазваніў другім разам і за дзьвярыма недаверліва запыталіся:

— Хто?

— Свае, — буркнуў Васіль і пачуў яшчэ больш недаверлівае: — А як ваша прозьвішча?

Госьць каротка мацюкнуўся, назваў прозьвішча і дзьверы з прытоеным рыпам прачыніліся.

— Не пазнаў па голасе,— сьцішана выдыхнуў гаспадар, а госьць, убіўшыся ў прысенак, гэткім жа ціхім голасам пацікавіўся: — Што, жонка сьпіць?

— Ды не, яна на лецішчы... зь цешчаю, — гаспадар бліснуў шкельцамі акуляраў, пайшоў у пакой і вынес адтуль скрутак цупкіх ватманскіх лістоў. — Скажаце Маргуну — у панядзелак выйду. Калі такая запарка — папрацую на бюлетні.

“Хаця б на кухню запрасіў, сволач”,— падумаў Васіль і неспакойная рука памацала тое месца — пад самым сэрцам — дзе пукацілася бутэлька.

— Слухай... я тут узяў па дарозе... Можа кульнем? За здароўе, — фраза яшчэ не была скончана, а гаспадар ужо замахаў рукамі: — Ды што вы... у мяне ж гіпэртанічны крыз... толькі што з уколаў...

— Таму і крыз, што не ўжываеш, — выдыхнуў госьць, адсунуў гіпэртоніка ўбок і камандорскім крокам рушыў на кухню.

Гермаген Нікандравіч Капніст, да якога завітаў Вася Бяссонаў, быў дзіўнаватым чалавекам: ня піў, не паліў, ні з кім не сябраваў і таму, адпрацаваўшы пятнаццаць гадоў у КБ, вышэй першай катэгорыі так і не падняўся. І наагул: гэты сугней мог цэлы дзень адстаяць ля кульмана і не перакінуцца з калегамі аніводным словам. Адзіны, хто мог яго разгаварыць — Клава Бадунова з аддзелу камплектацыі. З гэтай самай Клавай яны абедалі разам у кабэшнай сталоўцы: Гермаген пры гэтым раз-пораз шморгаў носам, давіўся груцай, штосьці апавядаў сяброўцы, і Васіль, седзячы непадалёк, мог чуць абрыўкі вусьцішных аповедаў пра тое, як цешча агрэла сугнея кухоннай качалкай, а потым паабяцала здаць у міліцыю.

...Разьліўшы гарэлку — сабе на чатыры пальцы, гаспадару — крыху менш, Васіль хукнуў у жменю, паднёс шклянку да вуснаў, але піць ня стаў: змучана перакрывіўся, кіўнуў у бок лядоўні:

— Можа ёсьць што на зуб?

Гарэлка была цёплая і вымагала закусону.

— Я тут хварэў тыдзень, у краму не хадзіў...— буркнуў гаспадар, прачыніў лядоўню і госьць угледзеў у сьветлай пройме кавалак доктарскай каўбасы.

— Каўбасені адчыкрыж — сама тое, — госьць падаў ножык, што ляжаў на стале, а гаспадар уздыхнуў і зачыніў лядоўню. — Цешчына, — патлумачыў Гермаген, чым надта здзівіў Васіля. Госьць уражана страсянуў чупрынай, кульнуў чарку і, прыціснуўшы зубы да рукава, здушана прамармытаў: — Адрэж крыху — усё адно не заўважыць.

— Заўважыць, — выдыхнуў пасьля працяглай паўзы Гермаген.

Хвіліну гаспадар сядзеў нерухома, потым — з насьцярожлівай павольнасьцю — палез у кухонную шафу, выцягнуў адтуль нітку з прывязаным на канцы плястмасавым кручком.

Васіль зірнуў на кручок, запытальна таргануў падбародзьдзем.

— Рулетка цешчына, даўжыню фіксуе, — патлумачыў гаспадар. – Дрыжачыя Гермагенавы рукі падхапілі каўбасу, пачапілі кручок да каўбаснага хваста, выцягнулі нітку ўздоўж каўбасіны.

Пабачыўшы такое, Васіль нават прасьлязіўся.

— Лютуе? — запытаўся пераселым ад абурэньня голасам і калі гаспадар кіўнуў галавой, зь нянавісьцю адкусіў кавалак ніткі. — Цяпер не заўважыць, — мовіў Васіль і з імпэтам разьніка жагнуў нажом па калбасным батоне.

Такая рашучасьць не магла ня ўражваць. Гермаген наструніўся, паправіў акуляры і, відаць, насуперак уласнай волі ўзьняў шклянку. Піў ён цяжка, гнятліва, зьвёўшы вочы да пераносься; пры гэтым кашляў, душыўся, варушыў кадыком і Васіль, які таксама прыклаўся да шклянкі і левым вокам сачыў за калегам, нават упрэў ад такога відовішча.

— Вось гэта па-нашаму, — гукнуў госьць, калі пакутнік Гермаген адолеў сваіх трыццаць грамаў і пусьціў пад ногі густую сьліну.

Васіль запіхнуў у рот пакутніку колца каўбасы і зноў напоўніў шклянкі.

— І даўно яна тут жыве?

— Год, два месяцы і чатырнаццаць дзён, — прашамкаў Гермаген, а праглынуўшы недажаваную каўбасу, дадаў: — З Хахляндыі прыехала...

Словы такія Васіля не на жарты ўсхвалявалі. Ён ускочыў з крэсла, рашуча напоўніў шклянкі.

— Цяпер я цябе разумею, — у голасе Васілёвым абудзіліся трагічныя абэртоны, — у мяне ў самога цешча з Хахляндыі.

Госьць кінуў у рот папяросу, пстрыкнуў запалкай і жоўты агеньчык заскакаў у ягоных зьвільгатнелых вачах.

— Прыехала аднойчы, абжылася, і давай ва ўсе дзіркі нос тыцкаць ды Галку супроць мяне настройваць. Жонка ў мяне лагодная, лішняга слова ня скажа. А тут ад самага раньня ўзялася бурчэць. Маўляў, хопіць піць, займіся сынам і ўсё такое... Ну, я слухаю, але маўчу, нібыта мяне гэта ня тычыцца. І вось выбраўся неяк на рыбалку. Ну, выпілі троху, вярнуўся позна, прылёг у калідоры, не распранаючыся. Раніцай пайшоў у прыбіральню. Чую, шапоча, падлюга: “Выкідвай гэтага п’янтоса і перапісвай на сябе кватэру”. Тут мяне і прарвало. Сьцягнуў са зьмеявіка цешчыны мэтлахі, выйшаў і кажу: “Ось, шчо, мамо... забырай свойі трусы, — у гэтым месцы Васіль махнуў рукой, паказваючы, як ён шпурляў цешчыны трусы, і Гермаген ад захапленьня нават падскочыў на табурэце, — забырай свою доньку, та йідты туды, зьвідкіля прыйіхалы!”. Потым яшчэ з нагі балотнік сьцягнуў, таксама шпурнуў, ды няўдала: патрапіў у адчыненую фортку. Цешча потым бегала на двор — шукала балотнік. Ды не знайшла — сабакі некуды зацягнулі.

Васіль папярхнуўся тытунёвым дымам, здушана кашлянуў: — Пасьля таго сеў на тэлефон, замовіў дзьве прамых пляцкарты да Чарнавіц і зноў на рыбалку падаўся. — Наступным ранкам прыходжу: цешчу не пазнаць. Бегае, мітусіцца. “Васылько, Васылько прышов... Боршчу, Васыльку, пойіш...” Помню, тры талеркі тады навярнуў... з галадухі.

Госьць падняў шклянку, агледзеў пусты стол і гаспадар матлянуўся да лядоўні. Праз імгненьне на стале зьявілася міса з салатай, бляшанка шпротаў і ўсё тая ж доктарская каўбаса. Гермаген узяў нож, мерачыся распалавініць калбасіну, і Васіль схапіў калегу за рукаво.

— Герман... Гена... ня трэба, — Гермаген паспрабаваў вырваць руку, а потым схапіў каўбасіну зубамі і стаў шкуматаць, дэманструючы сябру, што з гэтай хвіліны ўжо нікога ў сьвеце не баіцца.

Праз гадзіну, падхапіўшы пад пахі ватманскія лісты, Вася Бяссонаў выкуліўся на вуліцу, зірнуў на вокны і, убачыўшы ў адным зь іх знаёмую постаць, узьняў угору сьціснуты кулак, як гэта рабілі колісь гішпанскія антыфашысты.

Гермаген Нікандравіч Капніст зьявіўся на працы ў аўторак. Пры гэтым ён меў выгляд чалавека, якога прапусьцілі праз вібрацыйны грохат. На лобе Гермагенавым сінеў вялізны гузак, левае вуха было прыпухлае і зьлёгку надарванае, а ў акулярах адсутнічала правае шкельца. Васіль хацеў быў падысьці да небаракі, спытаць — што здарылася, але не рашыўся. Блізу абеду ў аддзел завітала Клава Бадунова.

— Гермаген Нікандравіч, што з вамі? Вас білі? — вохнула сяброўка.

Усе наўкол стаіліся, наструнілі слых.

Небарака сьцягнуў з носа акуляры.

— Бяссонаў страшны чалавек, — мовіў ён па-змоўніцку ціхім голасам і, адвярнуўшыся, змахнуў рукавом няпрошаную сьлязіну.


Загрузка...