ПЕРШЫЯ РУДАКОПЫ, ВЫПЛАЎКА МЕДЗІ I БРОНЗЫ


Палюючы на дзічыну, шукаючы ядомыя расліны, збіраючы крамяні, першабытны чалавек усё больш даследаваў нават самыя аддаленыя куткі свайго наваколля. I пэўна ў час гэтых вандраванняў яму трапляліся кавалкі самародных металаў — золата, жалеза, медзі, якія сваім бляскам або колерам прыцягвалі яго ўвагу. Спачатку чалавек гэтыя знаходкі лічыў толькі незвычайнымі камянямі i апрацоўваў ix такім жа спосабам, як крэмень,— шляхам абіўкі. Але вядома, што тая ж самая самародная медзь не разбіваецца так лёгка, як крэмень, i ад яе нельга адкалоць тонкія i вострыя адшчэпы i пласцінкі. Таму абіўка толькі змяняла форму знойдзенага кавалка металу i фактычна з'яўлялася першапачатковым прымітыўным халодным каваннем. Так, напрыклад, эскімосы яшчэ ў мінулым стагоддзі з сабранай самароднай медзі выкоўвалі наканечнікі стрэлаў, дзідаў, нажы.

Так апрацоўвалі першыя металы ўсе народы. Вядома, што да з'яўлення ў Амерыцы еўрапейцаў там усе медныя вырабы былі каваныя. Toe ж самае было і ў старажытным Егіпце, Месапатаміі, Індыі, Кітаі.

Апрацоўваючы самародны метал i карыстаючыся меднымі вырабамі, чалавек усё больш пазнаваў уласцівасці гэтага «каменя». Прымаючы пад увагу, што ў чалавечым жыцці пастаянна прысутнічаў агонь, у рэшце рэшт павінна было адбыцца «сутыкненне» медзі або меднай руды з агнём. Дзякуючы гэтаму чалавек заўважыў, што медзь плавіцца, а з меднай руды «выцякае» чысты метал. Такое магло здарыцца, напрыклад, калі медныя рэчы выпадкова траплялі ў агонь або з кавалкаў меднай руды складалі аснову агнішча.

Аднак i навучыўшыся выплаўляць медзь з руды, для апрацоўкі атрыманых зліткаў па-ранейшаму ўжывалі той жа стары спосаб халоднага кавання i толькі пазней прыйшлі да найбольш дасканалага метаду — адліўкі рэчаў з расплаўленай медзі ў адпаведных формах.

У Заходняй Еўропе паклады медзі былі вядомы на тэрыторыі Чэхаславакіі, Венгрыі, Румыніі, Аўстрыі, Іспаніі, Італіі, Англіі; у нашай краіне — на Каўказе, Урале, у Прыкарпацці. Шмат медзі мелася i на іншых кантынентах. Напрыклад, у Паўночнай Амерыцы на паверхні зямлі сустракаліся кавалкі самароднай медзі вагой да 260 кг.

У познім неаліце (неаліт — новы каменны век), калі першабытны чалавек выбраў лепшыя запасы крэменю на паверхні, ён перайшоў да шахтавай распрацоўкі крэменяносных радовішчаў крэйды ў зямной глыбіні. Так i ў новую эпоху, у бронзавым веку, сабраўшы ў вядомых мясцінах самародную медзь i медную руду, якая залягала на паверхні, чалавек пачаў здабываць ix у нетрах горных парод, тэта значыць перайшоў да шахтавага спосабу.

На Паўночным Каўказе ў вярхоўях ракі Вялікі Зелянчук выяўлена медзездабываючая шахта бронзавага веку, якая прабівала горную пароду i дакладна трапляла на жылу сярністай меднай руды. У той жа час пры вывучэнні іншых старажытных выпрацовак бачна, што многія з ix закладваліся наўздагад i не заўсёды давалі патрэбны вынік: пошукі медных руд часам вяліся спосабам «спроб i памылак».

Сёння для пошукаў карысных выкапняў ужываюцца складаныя прыборы, у тым ліку ўстаноўленыя i на штучных спадарожніках Зямлі, выкарыстоўваюцца метады геафізічных назіранняў, прабіваюцца глыбокія пошукавыя свідравіны. Зразумела, што чалавеку бронзавага веку ўсе гэтыя спосабы былі недаступныя. Спачатку ён проста збіраў у горнай мясцовасці, там, дзе пароды былі перамыты рэкамі i горнымі патокамі, выветраны або выходзілі на паверхню ў месцах трэшчын i разломаў, канкрэцыі самароднай медзі. З вопыту i назіранняў нашы продкі пазней пачалі выяўляць выхады выкапнёвых пакладаў па колеру вокіслаў — чырванавата-зялёнаму i зеленавата-чорнаму. А пад налётам вокіслаў, калі ix счысціць, адкрываўся знаёмы i жаданы для вока старажытнага горназдабытчыка чырвоны колер медзі.

Натуралькыя россыпы самароднай медзі сведчылі, што недзе побач знаходзяцца яе некранутыя скопішчы. Пра наяўнасць медных руд гаварылі пытліваму горназдабытчыку i характар расліннасці — нізкарослы, як бы высыхаючы лес, дробная трава, асаблівыя віды раслін, якія, наадварот, лепш развіваліся побач з меднымі пакладамі i ix вокісламі. Магчыма, ужо ў бронзавым веку было заўважана, што над медзяноснымі жыламі хутчэй таюць іней i снег.

Многія іншыя адзнакі, веды пра якія назапашваліся на працягу многіх пакаленняў, дапамагалі чалавеку бронзавага веку ў яго пошуках неабходнай сыравіны.

На тэрыторыі СССР буйныя цэнтры здабычы медзі існавалі на Каўказе, Урале, Алтаі, вядомы паклады медзяносных парод у Прыкарпацці, Данбасе, на Сярэдняй Волзе i ў іншых мясцінах. Былі медзездабываючыя шахты на Пірэнейскім паўвостраве, у Францыі, Англіі, у Цэнтральнай Еўропе.

На старажытных распрацоўках практыкаваліся ўжо вядомыя раней спосабы, якія выкарыстоўваліся i пры шахтавай здабычы крэменю. Тыя ж самыя, што i раней, былі i гарняцкія інструменты — рогавыя кайлы, кліны. Пазней рогавыя прылады сталі замяняцца масіўнымі каменнымі молатамі, завостраныя канцы якіх служылі i як кіркі. З цягам часу сталі рабіць спецыяльныя гарняцкія металічныя інструменты (медныя, а затым бронзавыя) — кіркі, кувалды. Праўда, па-ранейшаму для раздраблення здабытай руды часам ужываліся i каменныя молаты.

Тымі прымітыўнымі інструментамі, якімі валодаў старажытны шахцёр, было амаль немагчыма прабіцца праз горную пароду. У гэтай справе чалавеку дапамагаў агонь: разагрэты з дапамогай вогнішча камень палівалі вадой, i ён трэскаўся. У трэшчыны заганялі драўляныя кліны, чым яшчэ больш раздраблялася парода. Калі выпрацоўкі былі залішне прасторныя, будаваліся спецыяльныя памосты ля руданоснага пласта, на якім раскладвалі вогнішча, каб награваць патрэбныя месцы. А каб памост сам не загарэўся, яго палівалі вадой з драўляных карытаў, якія ў закінутых шахтах захаваліся аж да нашага часу. У шахтах захаваліся таксама i рэшткі лесвіц — ствалы дрэў з высечанымі прыступкамі, плеценыя з дубцоў сіты, на якіх прасейвалі раздробленую руду; драўляныя рыдлёўкі, рэшткі, скураных мяшкоў, у якіх выцягвалі пароду на паверхню. Шахты асвятляліся вогнішчамі, паходнямі або лучынай.

У адной расчышчанай шахце археолагі натрапілі нават на сляды некаторай механізацыі. Было знойдзена карыта з плоскім дном i высокай тарцовай сценкай; супрацьлеглая сценка, наадварот, была ніжэйшая i завостраная, з адтулінай для прывязвання вяроўкі. Ля ўваходу ў шахту знаходзіўся трохспіцавы драўляны калаўрот. Вяроўку накручвалі на калаўрот i так выцягвалі ў карыце па нахільнай шахце медную руду.

Высокага ўзроўню дасягнула i «тэхніка бяспекі» ў шахтах. Найбольш простыя мацаванні — дошкі пад столлю выпрацоўкі, падпёртыя бярвеннем, якое ніжнім канцом упіралася ў спецыяльныя паглыбленні ў падлозе. У больш небяспечных мясцінах сцены i столь спрэс умацоўваліся дошкамі. Калі штрэк выходзіў на ваданосны пласт i шахце пагражала затапленне, будавалі з дошак плаціны, канапацілі ix мохам i нават шматкамі старой вопраткі.

I ўсё ж часам у шахтах здараліся няшчасці. Бадай, самы трагічны выпадак у гісторыі старажытнай горназдабываючай справы, вядомы археолагам, здарыўся ў адной з шахтаў Іспаніі, дзе ў час абвалу было засыпана 16 чалавек.

Руду, здабытую ў шахтах, раздраблялі i расціралі на парашок. Парашок прамывалі, каб аддзяліць пустую пароду, а затым у спецыяльных печах выплаўлялі з яе медзь. Найбольш дасканалыя печы складалі з камянёў i абмазвалі глінай. На ix дне рабілі талеркападобнае паглыбленне, у сценцы — паддувала. Вугаль i медную руду ў печ закладвалі пластамі. У такім прыстасаванні можна было даводзіць тэмпературу да 1000°С, дастатковую, каб з руды пачала выплаўляцца медзь. Метал сцякаў у паглыбленні на дне печы i застываў там у выглядзе бліна. Затым сценка печы разбіралася i злітак даставалі.

Сустракаліся плавільныя печы i ў выглядзе выкапаных у зямлі грушападобных ямаў з абмазанымі глінай сценамі, у якія паветра падавалася, напэўна, з дапамогай скураных мяшкоў праз спецыяльныя адтуліны.

Медныя прылады працы былі недасканалымі i мала чым лепшымі за каменныя. Асноўны ix недахоп — мяккасць. Да таго ж медзь плавіцца пры адносна высокай тэмпературы, якой на звычайным вогнішчы было цяжка дасягнуць. I толькі бронза адкрыла шырокую дарогу для металічных прыладаў працы.

Бронза — сплаў медзі з волавам. Калі волава не было, яго замянялі мыш'яком, цынкам, сурмой, свінцом. Найлепшая прапорцыя для яго была 9:1. Бронзавыя прылады мацнейшыя за медныя, лёзы атрымліваліся вастрэйшымі, да таго ж бронзу можна было плавіць пры тэмпературы 700-900 °С, гэта значыць практычна на любым вогнішчы.

Можна толькі здагадвацца, якім шляхам была адкрыта бронза. Магчыма, старажытны чалавек выпадкова натрапіў на медную руду з дамешкамі волава. Маглі быць i нейкія іншыя шляхі гэтага адкрыцця.

Адліўка металічных рэчаў рабілася рознымі спосабамі. Чалавек даўно заўважыў, што расплаўлены метал запаўняе паглыбленні ў агнішчы або на дне плавільнай печы і, астываючы, захоўвае форму гэтых паглыбленняў. Таму, відаць, першыя формы рабіліся ў пяску або гліне пераважна для тонкіх i плоскіх вырабаў — нажоў, плоскіх сякераў. Затым пачалі расплаўленую ў спецыяльных гліняных лыжках — тыглях — бронзу ўліваць у цвёрдыя пераносныя формы. Часта формы рабілі з каменя, пры гэтым для аб'ёмных вырабаў — з дзвюх i больш частак, якія затым моцна звязваліся, а метал улівалі праз адтуліну. Праз супрацьлеглую адтуліну выходзілі паветра i газ. Найбольш дасканалыя вырабы i вырабы з багатым арнаментам вылівалі з дапамогай так званай знікаючай васковай мадэлі. Для гэтага ў каменнай форме спачатку адлівалася васковая мадэль рэчы. Потым яна абмазвалася глінай i абпальвалася, у выніку чаго форма рабілася моцная, а воск плавіўся i выцякаў. У пустэчу ўнутры глінянага камяка заліваўся метал, а пасля яго астывання форма разбівалася i даставалася гатовая рэч — упрыгожанне або прылады працы ці зброя. Заставалася толькi ліквідаваць некаторыя магчымыя дэфекты — пухірковыя паглыбленні або выступы, запаліраваць паверхні дробным пяском, зубілам або разцом нанесці дадатковы арнамент.


Загрузка...