КРАМЯНЁВЫЯ ПРЫЛАДЫ


У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі, як i на суседніх землях, металічныя прылады не выцеснілі каменных. Наадварот, у гэты час апрацоўка каменных вырабаў дасягнула найвышэйшай дасканаласці, i многія з ix (шліфаваныя баявыя сякеры, кінжалы, наканечнікі дзідаў) уражваюць нас гарманічнасцю формы i майстэрствам выканання.

У новую эпоху пераважна ўжываліся тыя ж каменныя прылады, якія былі распаўсюджаны i ў новакаменным веку — неаліце. Праўда, некаторыя вырабы набылі іншыя формы, з'явіліся i новыя тыпы, такія, як свідраваныя матыкі i сякеры, булавы, крамянёвыя выгнутыя сярпы.

На помніках бронзавага веку найбольш часта сустракаюцца нажы. Большасць ix выраблялася з пласцінак шляхам сколвання з краёў дробных лусачак — рэтушавання, якім прылады завостраваліся. Адны нажы маюць спічастую форму, другія — усечаныя канцы. Некаторыя з апошніх вырабаў маглі ўжывацца як укладышы ў сярпы. Відаць, частка i нерэтушаваных пласцінак, мяркуючы па спрацаванасці на краях, была рэжучымі прыладамі. Сустракаюцца i нажы з «гарбатай», прытупленай стромкім рэтушам спінкай, зручнай для націскання пальцам пад час працы. Рэзалі i некаторымі плоска рэтушаванымі адшчэпамі.

Частыя знаходкі i скрабкі. Іншы раз ix сустракаюць не толькі на паселішчах, але i ў пахаваннях. Большасць скрабкоў выраблялася з адшчэпаў, меншасць — з пласцінчатых адшчэпаў i пласцінак. Адпаведна формам зыходных нарыхтовак i самі скрабкі былі розныя — акруглыя, трохабо чатырохвугольныя i г. д. І ўсё ж найбольш характэрныя экземпляры з некалькі расшыранай i выпуклай скрабніцай i крыху звужанай асновай. Пры гэтым рэтуш пакрываў не толькі верхні край, дзе фармавалася асноўная скрабніца — рабочая частка прылады, але звычайна апускаўся i на бакавіны. Нярэдкія выпадкі, калі нерэтушаванымі заставаліся толькі асновы скрабкоў. На некаторых стаянках Панямоння знойдзены скрабкі з адмыслова апрацаванымі звужанымі насадамі, якімі прылады ўстаўляліся ў дзяржальны. Рэтуш на скрабках, як i на іншых крамянёвых вырабах, пераважна быў больш ахайны, чым неалітычны, даўжэйшы, часам пераходзіў у струменчаты.

У канцы бронзавага веку адбывалася выраджэнне скрабкоў. Формы ix станавіліся выпадковымі, рэтуш неахайным. Але такая з'ява — невыразнасць формаў i павярхоўнасць апрацоўкі рэтушам — на схіле бронзавага веку характэрная для ўсяго крамянёвага інвентару.

Скрабкі ў асноўным ужываліся для здзірання слоя клятчаткі — мяздры са скуры,— пасля чаго яна рабілася мяккай i прыгоднай для далейшай апрацоўкі.

На некаторых адшчэпах i абломках крэменю прыкметны выемкі, пакрытыя па краях стромкім скрабковым рэтушам. Гэта скоблі, якімі вырабляліся розныя акруглыя драўляныя i касцяныя рэчы — дрэўкі стрэлаў i дзідаў, тронкі нажоў, касцяныя шылы i інш.

На стаянках i могільніках бронзавага веку заўсёды знаходзяць даволі шмат крамянёвых наканечнікаў стрэлаў. У пахаваннях яны нярэдка ляжаць грудкамі, павернутыя вастрыямі ў адным кірунку, так, як знаходзіліся ў скураным або лубяным калчане.

Найбольш распаўсюджаная форма наканечніка стрэлы бронзавага веку на нашай тэрыторыі — трохвугольная з увагнутай асновай i вострымі адцягнутымі назад шыпамі. Наканечнікі на абедзвюх плашчы'нях апрацоўваліся доўгім струмёнчатым рзтушам, часам пільчатым, ад чаго краі рабіліся вастрэйшымі i страла небывала большую «ўбойную сілу». У Падняпроўі i Падзвінні захаваліся некаторыя формы наканечнікаў папярэдняга неалітычнага часу — лістападобныя, рамбічгіыя, лістападобныя з выдзеленым чаранком. Аднак i яны былі спрэс рэтушаваныя.

З сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. месцамі з'яўляюцца даволі кароткія лістападобныя наканечнікі з тонкім выцягнутым насадам або з такім жа насадам — трохвугольныя.

Крамянёвымі былі i наканачнікі дзідаў. На тэрыторыі Заходняй Беларусі яны майстраваліся з масіўных пласцін або пласцінчатых адшчэпаў, мелі выцягнутую лістападобную форму i апрацоўваліся завастраючым рэтушам па краях толькі з боку спінкі. На паўночным усходзе i ўсходзе ўжываліся наканечнікі, блізкія па форме да наканечнікаў стрэлаў, але, адпаведна, былі больш масіўныя, лістападобныя або трохвугольныя са звужанымі да асновы чарайкамі, i рэтушаваліся спрэс па абедзвюх плашчынях. Ля вёскі Мяжа Гарадоцкага раёна быў знойдзены вялікі наканечнік дзіды з прышліфаванай паверхняй. Плямёны культураў шнуравой керамікі паўднёвай Беларусі выраблялі наканечнікі з шырокімі чаранкамі, некаторыя з падобных экземпляраў маглі быць кінжаламі.

У бронзавым веку па-ранейшаму ўжываліся крамянёвыя праколкі i пракруткі, якія майстраваліся са спічастых пласцінак i адшчэпаў. Пракруткі або свярдзёлкі, якія служылі для пракручвання ў розных матэрыялах адтулін, адрозніваліся ад праколак тым, што яны мелі супрацьлегла рэтушаваныя краі рабочага вастрыя.


З самага пачатку бронзавага веку выраджаюцца разцы. Яны становяцца нейкімі невыразнымі па форме, а колькасць ix змяншаецца, Разцы, як вядома, у каменным веку ўжываліся пераважна для апрацоўкі костак. Чым замянялі разцы ў бронзавым веку, бо косткі апрацоўвалі па-ранейшаму,— невядома.

Надзвычай важную i характэрную групу сярод крамянёвага інвентару бронзавага веку складалі сярпы. Яны, асабліва сярэдняга i позняга перыядаў, сустракаюцца амаль на ўсіх стаянках i могільніках. Спачатку, як i ў неаліце, ужьшаліся сярпы з касцянай або драўлянай асновай, у паз якой устаўляліся пільчата рэтушаваныя пласцінкі. Пазней, асабліва на Панямонні, пачалі ўжываць у якасці сярпоў плоска рэтушаваныя пласцінкі ca злёгку ўвагнутым лязом.

У сярэднім бронзавым веку з'яўляюцца больш дасканалыя сярпы, сярод якіх асабліва прыкметныя вырабы так званага валынскага тыпу, пераважна распаўсюджаныя на паўночна-заходняй Украіне i на паўднёвым захадзе Беларусі. Гэтыя прылады шырокія i адносна тонкія, з увагнутым лязом i выгнутай спінкай, канцы ix завостраны дзюбападобна, аснова роўна або коса абсечана. Сярпы валынскага тыпу па ўсёй паверхні пакрыты сколамі, a самі рэжучыя краі падрэтушаваны. Большасць такіх вырабаў мае на лёзах участкі запаліраванасці, якія атрымліваліся пры зрэзванні сцяблін каласковых раслін, у дадзеным выпадку — ячменю або пшаніцы,

Сустракаюцца i больш тоўстыя сярпы валынскага тыпу з прасцейшым лязом. Хоць яны i маюць на лёзах заломы спрацаванасці, але не такія, якія атрымліваюцца на жніве. Хутчэй за ўсё гэтымі сярпамі не жалі, а наразалі для свойскай жывёлы галлё або касілі траву. I былі яны не сярпамі, a разакамі.

На Беларускім Палессі вырабляліся i сярпы з вузкіх выгнутых пласцін з завостранымі канцамі.

Шырока распаўсюджаныя ў канцы новага каменнага веку крамянёвыя сякеры ў бронзавым веку амаль заўсёды зашліфоўваліся. Нам вядомы экземпляры самай рознай ступені зашліфоўкі, якія паміж сабой адрозніваюцца па форме. На паселішчах нярэдка сустракаюцца знаходкі, толькі прышліфаваныя на лязе або на лязе i баках. У пахаванні ж клалі значна лепш апрацаваныя сякеры.

Большасць клінападобных крамянёвых сякераў з тэрыторыі Беларусі мае выцягнутую трапецыепадобную форму, у папярочным сячэнні яны авальныя, лінзападобныя, чатырохвугольныя. Для раннебронзавай культуры шнуравой керамікі былі больш характэрны тоўстыя экземпляры, якія ўжываліся i ў пазнейшы час. У канцы бронзавага веку колькасць крамянёвых сякераў змяншаецца, затым яны i зусім знікаюць — замяняюцца сякерамі з іншых парод каменю.

На захадзе i паўднёвым захадзе рэспублікі, дзе захоўвалася традыцыя позненеалітычных культураў лейкападобных кубкаў i шарападобных амфар, былі шырока распаўсюджаны сякеры чатырохвугольнага сячэння са звужаным абушком. У некаторых экземпляраў бакавіны былі паралельныя, таму лёзы i абушкі мелі аднолькавую шырыню. Сярод апошніх некаторыя асабліва вузкія вырабы маглі быць долатамі або стамескамі.

У майстэрнях ля крэмнездабываючых шахтаў Заходняй Гродзеншчыны вырабляліся тысячы крамянёвых сякераў лінзападобнага сячэння, пераважна тонкіх, з прыкметна выпуклым лязом i звужаным абушком. Сякеры гэтыя былі нарыхтоўкамі i, трапляючы на стаянкі, дапрацоўваліся згодна мясцовых традыцый, але дапрацоўка пераважна абмяжоўвалася толькі прышліфоўкай ляза або зашліфоўкай па ўсёй паверхні.


Загрузка...