МАСТАЦТВА


Як i ў новым каменным веку, так i ў веку бронзавым, найбольш распаўсюджанымі сведчаннямі першабытнага мастацтва былі арнаменты на керамічных вырабах. Яны, верагодна, з'яўляліся найбольш удзячным аб'ектам для тварца, Ён валодаў цвёрдай рукой, дакладнай лініяй, пачуццём сіметрыі i гармоніі i, галоўнае, мастацкім гyстам.

Найбольш раннія пасудзіны, якімі карысталіся першыя, пранікшыя на тэрыторыю Беларусі носьбіты культуры шнуравой керамікі, былі арнаментаваны сціпла. Аздабленне часта абмяжоўвалася некалькімі гарызантальнымі адбіткамі шнура, абкручанага па сырой гліне пад краем пасудзіны, або паскам кароткіх нарэзак ці насечак, размешчаных ялінкай. Часам гэтыя ўзоры акантоўваліся па ніжнім краі кароткімі насечкамі, размешчанымі вертыкальна ялінкай або лукаткай. У другой чвэрці II тысячагоддзя да н. э. посуд пачынае арнаментавацца багацей, I хоць узор у рэдкіх выпадках пакрывае ўсю паверхню сценак, аднак ён набывае шматзанальнасць i ўзбагачаецца новымі элементамі. У арнаментах пачынаюць дамінаваць наразныя лініі, гарызантальныя адбіткі шнура, якія іншы раз расчляняюць узор на зоны. Шырока распаўсюджваюцца запоўненыя нарэзкамі трохвугольнікі, Пастаўленыя пачаргова на вяршыні i асновы, яны запаўнялі цэлыя паясы. Знізу i зверху арнаментаванае поле, бывала, акантоўвалася паскамі з вертыкальных кароткіх насечак або нарэзак. Яшчэ можна ўбачыць звісаючыя фалды, аблямаваныя па краях. Па-ранейшаму прысутнічае ў арнаментах ялінка. Яна іншы раз утваралася i тарцовымі адбіткамі лапаткі. Сустракаюцца i рамбічныя ўзоры, надзвычай падобныя на нашы сучасныя арнаменты.


На позніх этапах паўночнабеларускай культуры, якая фарміравалася ў познім неаліце i існавала ў ранняй бронзе, на пласкадонных пасудзінах найчасцей сустракаюцца ўзоры ялінкі i лукаткі, што пакрывалі вырабы ад брыжа да самага дна. Пазней арнамент канцэнтруецца толькі на шыйцы гаршкоў. Вельмі часта аздаблялася i плоскае дно пасудзіны. Пры гэтым на яго амаль заўсёды наносіліся салярныя знакі — адзінарныя i двайныя кругі, у якія былі ўпісаны крыжы, З рэдкіх узораў на кераміцы паўночнабеларускай культуры адзначаны вясёлкі, трохвугольнікі з ямачак, квадраты, запоўненыя вертыкальнымі i гарызантальнымі насечкамі.

На некаторых раннябронзавых пасудзінах з тэрыторыі Беларусі прыкметны перажыткі мясцовай неалітычнай традыцыі — ямачкі пад. брыжам, грабеньчатыя ўзоры.

У сярэдні бронзавы век у арнаментах на кераміцы з'яўляюцца баразёнчатыя элементы i адбіткі тонкага арнаменціра з абматаным вакол яго шнурком або ніткай — ружанцавыя ўзоры. Арнаменты на сярэднебронзавых гаршках перамяшчаюцца ўверх. Спрэс упрыгожаныя экземпляры сустракаліся пераважна толькі ў Падняпроўі ў зоне распаўсюджання сосніцкай культуры. На першым часе i ў сярэднюю бронзу пры аздабленні керамікі практыкавалася многазанальнасць. У большасці выпадкаў гаршчок або міска аздабляліся на венцы гарызантальнымі баразёнкамі або ружанцавымі адбіткамі, ніжэй якіх размяшчаліся звісаючыя ўніз трохвугольнікі або лукаткі. Узор часам дапаўняўся дробнымі наколкамі, насечкамі. На некаторых пасудзінах меўся шэраг глыбокіх ямак пад брыжам i былі грабеньчатыя адбіткі. Сустракаліся i шнуравыя арнаменты, але значна радзей, чым у раннябронзавы час.

Для сярэднебронзавай культуры Падняпроўя характэрна больш арнаментаваная кераміка, у якой было шмат ружанцавых i шнуравых элементаў. Часам аздабленне гаршкоў дапаўнялі налепныя валікі.

У канцы існавання сярэднебронзавых культураў арнаменты на керамічных вырабах бяднеюць. Нярэдка яны абмяжоўваюцца вузкай стужкай пад самым "брыжам. З'яўляецца i зусім не аздоблены прсуд. Гэта тэндэнцыя яшчэ больш выразна праяўляецца ў познім бронзавым веку.

Арнаментаваўся не толькі посуд, але i шмат якія гліняныя праселкі. На тшцінецкіх экземплярах мы знаходзім вертыкальныя лініі з кропкавых наколаў. Такія ж наколы ўроссып або кругамі i насечкі маюцца на канцах рагатых праселкаў.

Наразным арнаментам аздабляліся i некаторыя каменныя вырабы — жэзлы, булавы, сякеры. Некаторыя сякеры імітавалі металічныя экземпляры i на ix фармаваліся нават ліцейныя швы. Ды i самі адмысловыя i надзвычай гарманічныя формы некаторых каменных баявых сякераў сведчаць, што гэтыя вырабы задавальнялі не толькі практычныя, але i зстэтычныя запаграбаванні першабытнага чалавека.


Жыхары паселішчаў бронзавага веку любілі ўпрыгожваць сябе каралямі з зубоў жывёл, асабліва ваўка i аленя, нанізанымі на шнурок або сухажылле. Такая аздоба часам дапаўнялася каралямі цыліндрычнай формы, рознымі касцянымі пласцінкамі. Шырока распаўсюдзіліся каралі i іншыя ўпрыгожанні з бурштыну. Пры гэтым, калі ў неаліце бурштын быў вядомы толькi на Беларускім Падзвінні, то з распаўсюджаннем культураў шнуравой керамікі ў Прыбалтыцы i Беларусі ён трапляў на ўсю тэрыторыю, якую цяпер займае наша рэспубліка. У могільніках сярэднедняпроўскай культуры сустракалася шмат кроплепадобных або сякерападобных бурштынавых вырабаў з бакавой прасвідраванай адтулінай у вузейшай частцы. Былі вядомы i масіўныя плоскія кружкі, i каралі складанай формы. У каралях кружкі спалучаліся з трапецападобнай часткай. На Падзвінні з'яўляліся моднымі вялікія, старанна апрацаваныя трапецападобныя падвескі, гузікі.

Бурштынавыя гузікі з-за сваёй крохкасці не заўсёды надаваліся для зашпільвання вопраткі, асабліва верхняй. Таму, відаць, часта яны служылі звычайнымі ўпрыгожаннямі, нашытымі на вопратку або галаўны ўбор. Больш надзейнымі былі касцяныя i медныя шпількі. Касцяныя рэчы ў зямлі захоўваюцца дрэнна i таму толькі вядома, што, напрыклад у сярэднедняпроўцаў, ужываліся малаточкападобныя шпількі.

Каралі i асобныя падвескі найчасцей сустракаюцца ў жаночых пахаваннях, i ў асноўным ix насілі на шыі, Аднак, мяркуючы па месцазнаходжанні, ix таксама нашывалі на вопратку, галаўныя уборы, паясы i нават абутак. Рабілі з розных падвесак i пранізак i бранзалеты. I нарэшце такім жа чынам іншы раз аздабляліся футляры медных вырабаў — сякераў, нажоў, кінжалаў.

Надзвычай прыгожа выглядалі медныя аздобы. Начышчаныя да бляску, яны павінны былі звяртаць на сябе асаблівую ўвагу.

Акулярападобнымі меднымі падвескамі ўпрыгожвалі сябе сярэднедняпроўцы. Падобныя меліся ў ix i скроневыя кольцы. Бранзалеты вырабляліся з круглых або чатырохвугольных у сячэнні стрыжняў. Падобныя, але значна большыя па памерах былі i грыўні, якія насілі на шыі. Нa сярэднедняпроўскіх могільніках знойдзены асабліва прыгожыя густоўныя грыўні з шырокіх пласцін з плаўна звужанымі канцамі, якія па краях часам арнаментаваліся кароткімі насечкамі. Некаторыя грыўні насілі разам з бурштынавымі падвескамі.

Пачынаючы з сярэднебронзавага веку медных аздобаў выраблялі больш. Асабліва шмат бьшо ў насельнікаў тшцінецкіх i сосніцкіх стаянак бранзалетаў, сярод якіх сустракаліся шматспіральныя бранзалеты з закручанымі канцамі, экземпляры гладкія з раздзеленымі канцамі i падобныя вырабы з канцамі злучанымі. Некаторыя бранзалеты мелі арнаментаваныя насечкі або нарэзы, якія часам утваралі складаныя ўзоры. Калі бранзалетамі ўпрыгожвалі запясці, то пальцы — пярсцёнкамі з медзі, якія паміж сабой адрозніваліся толькі па спосабу замацавання канцоў. Але некаторыя пярсцёнкі маглі выкарыстоўвацца i як скроневыя кольцы, якімі ўпрыгожвалася прычоска або галаўны ўбор. Як i ў ранняй бронзе, i ў пазнейшыя часы таксама існавалі медныя каралі.

У сярэдняй бронзе з'яўляюцца медныя шпількі, невядомыя раней. Маючы утылітарнае прызначэнне, як запінкі для вопраткі, яны адначасова былі i аздобай. Усе шпількі мелі вострыя іголкападобныя стрыжні i галоўкі: грыбападобныя, скручаныя ў спіраль, плоскія ромбападобныя з набіваным арнаментам.


* * *

На стаянцы Асавец IІ знойдзены абломкі выразна прафіляванага гаршка, аздобленага na шыйцы частымі гарызантальнымі паскамі адбіткаў абматакага шнура. Ніжэй гэтага арнаменту на пукатым корпусе гаршка кароткімі адбіткамі таго ж шнура былі выгравіраваны дзьве чалавечыя постаці. Адна выява захавалася амаль поўнасцю, ад другой засталіся толькі галава i рука. Фігуры схематычныя, аднак яны даволі ўдала перадаюць абрысы чалавечага цела — галава, шырокія мужчынскія плечы, сагнутыя ў локцях рукі, торс. Асавецкая знаходка не адзіная на нашай: тэрыторыі. Выява чалавека i качкі знойдзена на неалітычным гаршку з Юравіч Калінкавіцкага раёна. Манера i стыль паказу чалавечых выяў на гэтых знаходках паміж сабой падобныя. Відаць, i ў эпоху бронзы захаваліся i далей развіваліся даўнія мастацкія традыцыі.

Прымаючы пад увагу, што паўночнабеларуская культура дасягнула свайго росквіту ў бронзавым веку, шмат якія знаходкі мастацкіх вырабаў гэтага перыяду на тарфянікавых стаянках Віцебшчыны—драўляныя i касцяныя выявы людзей, звяроў i птушак — могуць датавацца бронзавым векам.


Загрузка...