ЗАГАДКАВЫ ВАЛЬЕХА

Вялікія паэты Лацінскае Амерыкі заўжды імкнуліся трапіць у сталіцу мастацтваў і літаратуры, у Парыж. На радзіме яны задыхаліся ў дрыгве правінцыйных адносін, дзе рэдка хто меў прызнанне: таленты спелі ў Еўропе ды так ці інакш вярталіся да пенатаў з арэолам пасвячонага. Адным словам, вялікія паэты не затрымліваліся на чужыне. Ці то моцна адчувалі, што карэнне згаладалася ўшчэнт, ці то проста цягнула да натуральнага асяроддзя, да сяброў-аднадумцаў і духоўных настаўнікаў, да хлеба і віна бацькаўшчыны.

Адно Сэсар Вальеха застаўся ў Парыжы да скону, хоць і зведаў там беднасць ды цяжкія хваробы. Калі ўлічыць і радавод, і геаграфію маленства, і матэрыяльнае становішча паэта, перад намі разгорнецца загадка, а дакладней, адна з незлічоных загадак, якія разам і складаюць сёння ягоную постаць.

Вальехавы дзяды па матчынай і бацькавай лініях — мясцовыя свяшчэннікі гішпанскага паходжання, а бабулі — індыянкі племені чыму, якое жыло на паўночным беразе старажытнага Перу, адчуваючы подых Ціхага акіяна, стварыла моцную архітэктурай, апрацоўкай металаў, керамікай і горнай агракультурай цывілізацыю і ў VI стагоддзі ўвайшло ў інкаўскую імперыю. Бацька стаў юрыстам у маленькім гарадку, а маці-індыянка нарадзіла яму адзінаццаць дзяцей, малодшым з якіх быў Сэсар. З яго нараджэння ў хаце загучала прыгожае слова з індзейскае мовы кечуа, ш у л ь к а, якое вызначае наймаладзейшага, апошняга і распешчанага ўсімі дзіцяці. Шулька — гэта кропка, завяршэнне плёну ў блізкасці бацькоў. Шульку аддаюць усю пяшчоту, яго нельга крыўдзіць, бо ён увасабляе шчымлівы ветах кахання. Нарадзіўся ён, дарэчы, 16 сакавіка 1892 года, калі бацьку было за пяцьдзесят, а хрысцілі яго 19 траўня.

Сям'я жыла ў годнай беднасці, але Сэсар ні ў чым не ведаў адмовы. Такім чынам, логіка дыктавала вярнуцца з чужыны.

Геаграфія маленства поўнілася матчынымі словамі: Чука, Уамачука, Кірувілька, Чыкама... Сэсар пабачыў свет у сціплым гарадку Сант’яга дэ Чука, які заснавалі гішпанскія шахцёры ў паўночных перуанскіх Андах на месцы старажытнага індзейскага селішча Чука яшчэ ў XVI стагоддзі, на вышыні звыш 3100 метраў над узроўнем мора. Вядома, — хто нарадзіўся ды жыў у гарах, той маецца на чужыне з непазбыўным сумам у сэрцы, прыгадваючы мінулую — бо ён яе не бачыць штодня — веліч, адчуваючы страту высакагорнага вымярэння свету, асэнсоўваючы сябе як горац без гор, як горац у горадзе, дзе за парогам мізэрнае кватэры людзі думаюць, гавораць і ўвогуле жывуць на чужой мове, дзе мала хто па-сапраўднаму зразумее цябе. Ізноў логіка настойвала: лепей вярнуцца.

З тае пары, як пасяліўся ў Еўропе, і да смерці, якая спасцігла яго 15 красавіка 1938 года, Сэсар Вальеха плыў супраць плыні эканамічнай няўстойлівасці, зведаў голад і холад, нават горкі хлеб міласэрнасці, хварэў ад беднасці на недасягальнай для родных адлегласці, але так і не вярнуўся на радзіму. Нават блізкія сябры паэта не даведаліся, чаму ён не схацеў жыць у Перу. “Не ведаю”, — нязменна адказваў Сэсар і пераводзіў гаворку на іншае рэчышча. Магчыма, ён бы здолеў вяртанне адно на кані, як кажуць, бо біты лёсам не вернешся, але гэта толькі здагадкі, ніхто ўжо не адкрые тайны змоўклае душы.

У Сант’яга дэ Чука не было поўнай сярэдняй школы, але настаўнік ох як раіў, і старэйшы брат Віктар павез Сэсара ў Уамачуку, на поўначы ад роднага кута, каб уладкаваць яго ў каледж Святога Міколы. Ішоў 1905 год, калі такім чынам Сэсар пачаў вандроўныя прыгоды. Пад той час там не існавала транспарту, акрамя каня. Андыйскія сцежкі адкрылі яму шахцёрскія селішчы Тамборас і Кірувілька, маентак Тульпа, дзе брат працаваў эканомам. Жывучы ўпершыню далёка ад дома, Сэсар піша вершы, вядома, мілыя практыкавання маленства, якія амаль ніколі не вызначаюць лёс чалавека.

Праз два гады ўзніклі перашкоды, яны ўпарта паўставалі перад ім і далей. Становішча сям’і крыху пагоршылася, і Сэсар мусіў вярнуцца дахаты, вучыцца самастойна, а потым здаваць іспыты за трэці курс. Ён шмат чытаў, не вылазіў з пакоя, дзе стаялі дзедавы кнігі, — цэлая бібліятэка па філасофіі і багаслоўі.

Пасля каледжа ён колькі год не мог працягваць адукацыю. Каб стаць медыкам, а Сэсар хацеў ім стаць, трэба было вучыцца ў Ліме, але сапраўды вялікая сям’я не жыла гэтак вальготна і не магла ўтрымаць яго некалькі гадоў у сталіцы. У Ліме не было танных інтэрнатаў, а дробныя атэлі лічыліся небяспечнымі для юнака ў сэнсе маралі. Год ён дапамагае бацьку, шукае працу ў Кірувільцы, але дарэмна. Медыцына не ўдалася, у 1910 годзе Сэсар паступае на філфак у Трухілё, але праз месяцаў колькі вымушаны вяртацца і ўладкоўваецца на час у Кірувільцы. Там ён зблізку пазнае цяжкое жыцце шахцёраў. З цягам часу Кірувілька стане Ківількаю ў ягоным рамане “Вальфрам” (1931).

Сэсара Вальеха чакалі і іншыя цяжкасці. Жыццёвая геаграфія пакуль трымала яго ў гарах, але на поўначы ад Трухілё несла свае воды рака Чыкама, у даліне якой меліся плантацыі бавоўны. На адну з іх у 1912 годзе трапіў малады Вальеха, і дасталася яму малапаэтычная пасада рахункавода. Ён карпатліва рабіў ведамасці на заробак ажно чатырох тысяч падзёншчыкаў. Умовы жыцця на плантацыі былі блізкімі да лагерных. Часам працавалі да поўначы, сам гаспадар правяраў, а якой гадзіне нават служачыя клаліся спаць. На святы забаранялі выхад з плантацыі, моцныя напоі прадавалі адно на Новы год. Вальеха фактычна з нічога эканоміў, каб на наступны год узяцца за вучобу.

У сакавіку 191З года ён паступае на філалагічны факультэт Універсітэта Свабоды ў горадзе Трухілё і ўдала знаходзіць месца пагадзіннай працы ў школе, дзе чытае батаніку і біялогію. Малады студэнт — па сувязях з сям’ёй і па адносінах да дзяцей — застаецца шулькай, хоць і адносна далёка ад роднае хаты. Да ад’езду ў Еўропу ён будзе настаўнічаць. Першы верш, надрукаваны ў школьным часопісе, Вальеха адрасаваў дзецям, апошні ж твор, прысвечаны акрываўленай Іспаніі, пачынаецца зваротам: “Дзеці свету...”

Культурнае асяроддзе ў Трухілё было куды як беднае, шматшаноўныя аступененыя выкладчыкі разумелі літаратуру выключна на ўзроўні рамантызму. Газеты зрэдчас друкавалі прамалінейна-саладжавыя опусы. I тады студэнты стварылі суполку, каб разварушыць культурнае жыццё, пачалі дзейнасць публічным святкаваннем фальклорных святаў, асабліва вясновых, а таксама серыяй літаратурна-мастацкіх вечарын.

Сэсар Вальеха жыве між суровай цішы універсітэцкіх аўдыторый і вакацыямі ў ідылічна-родным Сант’яга дэ Чука. У 1915 годзе здае іспыты за трэці курс філалогіі і за першы курс права, да таго ж працуючы настаўнікам у Святаянскім каледжы. У верасні абараняе дыплом “Рамантызм у кастыльскай паэзіі”, і ў тым жа годзе дыплом публікуецца універсітэтам, што падкрэслівала вышэйшую ўхвалу прафесуры. З тае пары ён пачынае друкаваць вершы, па якіх наўрад ці можна ўявіць, што гэта за з’ява будзе Вальеха, хіба што ў вершах узнікаюць элементы мастацкае гамы лацінаамерыканскага мадэрнізму, імкненне перадаць стан душы праз стан прыроды, а стан прыроды — ускладнёнымі метафарамі.

Аднак у канцы 1915 года наступае якасны зрух, паступова Вальеха падае ў перыёдыцы тыя вершы, якія ў 1919 годзе ўвойдуць у першую, дужа адметную кнігу “Чорныя геральды”.

Магчыма, смерць роднага брата, Мігэля, найбольш блізкага яму з братоў па ўзросце ды па духу, які пакінуў свет зарана, у росквіце маладосці, справакавала такі зрух, такое глыбокае асэнсаванне трагедыйнасці жыцця.

Згадзімся, што пачатковец і філасафічная трываласць, пачатковец і сапраўднае пранікненне ў тэму блізкасці чорных геральдаў смерці — рэдкая з'ява. Прасачыць нараджэнне ўсеабдымна-завершанай паэтычнай думкі амаль немагчыма, аднак звычайна такая думка спее марудна, часамі — усё жыццё. З другога пункту гледжання, паэзія і звычайнасць не стасуюцца, зрух у творчасці паэта ў пэўных сітуацыях адбітак, рэха зрухаў у літаратуры, у грамадстве, а ў іншых сітуацыях — выбух у вакууме. Касмічны выбух. Ад трагічнага асэнсавання вакууму.

Гаворачы пра розныя перашкоды ў жыцці Вальеха, нельга сцвярджаць існуючую думку аб тым, што ён, бачыце, жыў у стане адчаю, кепска апранаўся, губляў жыццё ў беспрабуднай багеме. Паэт ведаў юнацкую весялосць і любоў, жарты і ўсплескі радасці на сялянскіх святах, пяшчоту сям’і і асалоду чытання, гуллівы настрой на студэнцкіх вечарынах і натхненне, непаўторнае пачуццё свабоды за пісьмовым сталом. Гэта, зразумела, у асноўным на радзіме. Да Еўропы, да самоты чужынца, да сталасці, якая абмяжоўвае пачуццё свабоды, бо чуецца ўжо гадзіннік, якога завесці яшчэ раз нікому няможна.

Безумоўна, была і багема, але ніколі занадта, інакш ён не змог бы стаць добрым і паважаным настаўнікам.

У 1972 годзе Іск’ерда Рыяс, славуты літаратуразнаўца і даследчык творчасці Вальеха, з’ездзіў у Сант’яга дэ Чука і запісаў цікавую і шчырую гутарку з Мартынай Гардылё, жанчынай сталага веку, якая ў маладосці ведала паэта:

“Пра Сэсара пытаеце? Сімпатычны, смуглявы юнак. Дужа добры. Ён аднолькава ставіўся да людзей багатых і бедных. Заўжды вясёлы юнак. Калі яшчэ студэнтам праводзіў вакацыі тутака, увечары выходзіў на вуліцу, танцаваў з намі народныя гуайны, папулярныя тады кіяйі. Апранаўся элегантна: прыгадваю модны жакет, пальчаткі. Заўжды насіў прыгожы кій. Грацыёзны юнак... Як я яго любіла! I ён мяне...”

Наіўна было б думаць, што падобнае сведчанне можа быць абсалютна дакладным, у ім ёсць хоць якая доля ідэалізацыі мінулага, бадай, моцнага кахання, але ўсё ж гэта жывы незаменны дакумент, доказ супраць стэрэатыпнага канструявання характару паэта.

Вальехава Сант’яга дэ Чука — страчаны рай. Інтэлектуальнае развіццё без даляглядаў, як ні шкода, немагчыма. Яму прыйдзецца пайсці ў “свет шырокі ды чужы”, — гэтак трапна назваў свой вядомы раман ягоны славуты зямляк і былы вучань Сіра Алегрыя. Прыйдзецца пакінуць ідылічнае месца маленства і юнацтва, а перасадка на іншую глебу прынясе незагойны боль. Вальеха застанецца амаль вяскоўцам у Парыжы, індзейцам у Мадрыдзе, горцам у Ліме. Нават у сталіцы айчыны Сэсар на самоце ўключаў душ і садзіўся працаваць, бо душ хоць як нагадваў яму дождж у гарах, музыку маленства. Яму дастаўся лёс спрадвечнага выгнанніка, але гэта быў ягоны лёс. I покуль ён жыў на радзіме, вандроўкі ў Сант’яга дэ Чука складалі найвялікшую яго радасць.

Тагачасная паэтычная мова спалучала акадэмічнасць з прыдыханнем, урачыстую прамалінейнасць з пяшчотаю на сахарыне, узнёсласць старажытнае міфалогіі з барскай агідай да мовы народа. Новае паэтычнае пакаленне, да якога належаў Вальеха, шукала выйсце ў мадэрнісцкіх плынях. Сэсар любіў неалагізіраваць. Ён паўтараў слова ўслых, намацваў яго языком, прыціскаў, дэфармаваў, нібыта дзіця, якое не разумее слова да дна і прыстасоўвае яго да ўласных экспрэсіўных патрэб, нібыта індзеец, які паўстае супраць навязанай яму мовы і не можа пазбавіцца ад пачуцця штучнасці некаторых слоў і выразаў, далекіх ад душы. Апроч таго, Сэсар Вальеха ўводзіў у паэзію навуковыя тэрміны, якія зусім натуральна рэзалі слых эстэтаў рамантызму, але не гэта было галоўным, не гэта вызначала загадкавую грань паэта.

Лацінаамерыканскія літаратуры ведалі геніяльных майстроў, шчыра адданых як класічнай паэзіі, якую яны ўзбагачалі чароўным стылем і новым уласным словам у межах дакладных формаў, так і мадэрнісцкім плыням або еўрапейскаму верлібру, фармальным вышыням паэзіі новага часу, да якіх яны падыходзілі таксама шчыра і адказна, разумеючы, што філасофская глыбіня, важкасць і ёмістасць слова, гукапіс у спалучэнні з эмацыянальнай логікай рытму шчодра кампенсуюць страту пэўных элементаў класічнага вершаскладання адно ў тых выпадках, калі нараджаецца матухна Паэзія. Майстры заўжды лічылі, што шчырасць — першасная катэгорыя, бо фальш супрацьпаказаны мастацтву, а самарэдактура, канчатковая апрацоўка тэксту — другасная, хоць, вядома, апошні працэс часам вырашальны і дорыць мастаку слова нечаканыя знаходкі.

Сэсар Вальеха рабіў інакш, асабліва пасля “Геральдаў смерці”. Калі прыходзіла яго светлая хвіліна, ён укладваў дарэшты наяўную моц пачуццяў, тэмпераменту, інтэлекту, вопыту ў радкі бездакорнае класічнае фактуры, а гэта значыць, што яны гэтак нараджаліся, гэтак пабачылі свет, і нездарма кажуць, што той паэт, хто знаходзіць у сховішчах душы адзіна адэкватную пачуццям і думкам форму. Але потым ён правіў верш пакутліва доўга, ды не толькі ў межах удакладнення ці карэкцыі, няхай замены няўдалага радка. Ягоная праўка ішла шляхам дэфармацыі, ломкі відочных элементаў класічнае формы, быццам корань зла — у яснай зграбнасці спрадвечнае гармоніі, у плёне ягонай бессані, нібыта паэт ламаў знявідны свет брыдкіх умоўнасцей.

Цяжка ўявіць Габрыэлу Містраль, Пабла Нэруду, Мігэля Атэра Сільву, Актаўё Паса, Хулё Картасара за падобным, у пэўным сэнсе разбуральныя заняткам, але Сэсар Вальеха, безумоўна, займае пачэснае месца ў шэрагу волатаў лацінаамерыканскай паэзіі. Мяркуюць, што яго злавала агіда, якую выклікалі ў ім заштампаваныя рамантыкі тае пары, бо логіка паварочвала агіду, нібы бумеранг, на яго, на блізкія па форме ўласныя творы, і тады ён іх ламаў нават насуперак творчай шчырасці, ірваў жывыя рыфмы, біў па рытмах, слепа пратэстуючы супраць жорсткасці і абсурднасці стараправінцыйнага свету, абліваючыся самотнымі слязамі ад несправядлівай мізэрнасці жыцця.

I ўсё ж меркаваць можна, а ісціну знайсці наўрад ці дадзена. Магчыма, тое, што здаецца разбуральным, на самой справе было нічым, акрамя творчага горна, адзінага ў свеце метаду, які дазваляў Вальеху самавыявіцца, адкрыць душу насцеж, складаную, праўда, змучаную душу, ад якой чорныя геральды штодня павыдзірвалі па рыфме, па рытму ненажэрнымі пінцэтамі зла.

Хто ж ведае ісціну на грэшнай зямлі?

Ці не загадкавы Вальеха?

Карціна не будзе поўнай, калі не дадаць, што дужа часта, асабліва з кнігі “Асалода”, аўтар закладвае ў падаснову тэксту метафары, звязаныя з акалічнасцямі яго прыватнага жыцця, вобразы без ключа, без вонкава лагічных падыходаў, таму дасюль славутыя вальехазнаўцы расшыфроўваюць вершы, суадносячы да іх моманты натхнення, падрабязнасці інтымнага, бытавога, культуралагічнага і сацыяльнага характараў, якія ўдаецца ім разгадаць, аналізуючы рукапісы і аўтарскую праўку, шукаючы паэтавы сляды, сведак тых слядоў. Пачалі яны пры жыцці паэта, але не відаць ім фінальнае кропкі, бо наперадзе неўміручасць Вальехавае паэзіі.

Цікава, што колісь у Парыжы запыталіся ў Вальеха, якая кніга апошняга часу яго захапіла і вартая ўвагі літаратурнай моладзі Лацінскае Амерыкі, і ён без ваганняў адказаў, што “Голы год” Барыса Пільняка, на яго думку, “геральд новае меры, новай раўнавагі, новага духу”. Гэта было ў 1926 годзе, паэт аддаўся працы над раманам “Вальфрам”, прытрымліваўся левых поглядаў і нават крыху пазней, на мяжы дзесяцігоддзяў, прыняў да сэрца камунізм, але ў публічнай спрэчцы з мексіканскім мастаком Дыега Рывера ён катэгарычна выказаўся супраць маралізатарскае прапаганды, якая нярэдка патрабавалася ад ангажыраванай мастацкай інтэлігенцыі. Неўзабаве ён напіша: “Як чалавек я магу быць прыхільнікам рэвалюцыі, але як мастак не ў маіх і чужых руках кантраляваць палітычныя наступствы, якія знойдуцца ў маіх вершах”.

Сэсар Вальеха пабываў неаднойчы ў Савецкім Саюзе — у 1928, 1929 і 1931 гадах, калі ішло жорсткае знішчэнне сялянства пад маркаю калектывізацыі і нават справакаваным голадам, калі першую пяцігодку выконвалі ў чатыры гады і ўжо мелі каштоўны вопыт у барацьбе з іншадумцамі, аднак паэт нічога не заўважыў, як і іншыя славутыя прадстаўнікі сусветнае літаратуры. Адкуль ён мог ведаць, якая трагедыя хаваецца за лакіраваным фасадам грамадства, хто прапанаваў яму менавіта такую “праграму прабывання”, ад якой не меў і вольнае хвіліны, каб неяк азірнуцца ці хоць пагутарыць сам-насам з калегамі, з людзьмі, за чый кошт гэтак багата абстаўлялі ягоныя дні ў Маскве, што рабілі пад той час з нацыянальнымі культурамі, з цэрквамі розных канфесій, увогуле з духоўнасцю. Карацей кажучы, Вальеха вяртаецца, піша пра добрае жыццё ў Краіне Саветаў, не разумеючы, што навала набірае хуткасць і не за доламі чорны 1937 год, і шчыра падключаецца да прапаганды савецкага ладу жыцця, па сутнасці, не ведаючы яго, а таксама ўдзельнічае ў барацьбе з фашызмам, які ўпэўнена крочыў па зямлі, але 18 чэрвеня 1929 года накіроўвае ліст брату Віктару: “Дужа прашу заказаць набажэнства на імя апостала Святога Яга ад мяне. Я малю апостала аб дапамозе. Напрамілы Бог, закажыце набажэнства. А я буду маліцца за ўсіх Вас”.

Мізэрныя ўмовы жыцця вымушаюць паэта дбаць пра прывідную сацыяльную справядлівасць, штурхаюць яго ў бок палітычнае барацьбы, але глыбокія філасофскія супярэчлівасці час ад часу вяртаюць шульку прачулымі лістамі ў родны кут і апантанай малітвай да веры.

Тым часам смуглявы перуанец Сэсар Вальеха, чужынец, які шануе бальшавізм, ездзіў у СССР, ходзіць на дэманстрацыі левых і наведвае бібліятэку камуністычнае газеты “Юманітэ”, трапляе ў паліцэйскую картатэку на падазроных, бо ніколі і не думаў хаваць свае погляды. Урэшце прэфект Парыжа, вядомы рэакцыянер з пароды забараняльнікаў, завёў справу на яго, і адразу загад міністра ўнутраных спраў прадпісаў яму, бяспраўнаму эмігранту, пакінуць Францыю да 29 студзеня 1931 года. Паэт абраў Іспанію.

Да ягонай беднасці дадаўся статус выгнанніка, але Федэрыка Гарсія Лорка шчыра палюбіў Сэсара, сябраваў з ім, пазнаёміў яго з выдаўцамі, прасіў за яго. Такім вось чынам ён сёе-тое выдаваў і крыху перабіваўся, але раўнавага аказалася, як заўжды, няўстойлівай, праз год мусіў судзіцца з пірацкім выдавецтвам “Уліс”, якое проста адмаўлялася выплаціць ганарар за кніжку нарысаў. Даведзены да адчаю, паэт вяртаецца ў Парыж у 1932 годзе не зусім легальна, потым усё ж удаецца аформіць дакументы, але без права ўдзелу ў галоснай палітычнай барацьбе: на паэта накінулі чарговы, на гэты раз не выдавецкі, а палітычны кляп, аднак, калі добра падумаць, ці гэта магчыма?

Сэсар Вальеха яшчэ пабачыў Іспанію, ужо смяротна параненую грамадзянскай вайною, браў удзел у Другім міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры ў ліпені 1937 года. Мадрыд, Валенсія, Гвадалахарскі фронт. Ён абараняе рэспубліку разам з буйнейшымі літаратарамі свету і да лістапада піша амаль усе “Гуманныя вершы” і паэму “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую”, правіць свежыя радкі да болю ў душы, рыхтуе публікацыю. Адначасова выступае супраць дыктатуры Бенавідзеса ў Перу, стварае камітэт за свабоду роднага краю, і людзі ў ім прызнаюць адважнага праваабаронца. На пачатку 1938 года працягвае праўку вершаў у Парыжы.

У сакавіку Сэсар Вальеха захварэў. Дактары не знаходзілі прычыну, але тэмпература не спадала. Нават у знакамітай клініцы не змаглі паставіць дыягназ. Гаварылі, што як быццам колісь на радзіме Сэсар перанес ліхаманку. Але ж ён дужа хварэў у Еўропе таксама, падарваў нервы беднасцю, пакутаваў за іспанскую злыбяду, прадчуваў горкі лёс рэспублікі. 29 сакавіка ён прадыктаваў жонцы: “Хоць перад Богам прыйдзецца трымаць адказ, там, за смерцю, ёсць у мяне абаронца: Бог”.

Ізноў парадаксальны інтэлект паэта нават на парозе смерці, у агоніі, адкрывае нам дыялектычны вобраз Бога ў мудрай еднасці суддзі і абаронцы.

Сэсар Вальеха адышоў 15 красавіка 1938 года раніцой, а палове дзесятай. За колькі хвілін да гэтага ён нібы прачнуўся і вымавіў: “Хачу ў Іспанію!”

20 студзеня 1939 года салдацкая друкарня рэспубліканскае арміі Іспаніі на ўсходнім фронце выпусціла ў свет першае выданне кнігі “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую”. Тыраж трапіў у рукі франкістаў, і толькі пазней, праз гады, удалося выратаваць лічаныя экземпляры. У ліпені ў Парыжы аматары паэзіі змаглі чытаць упершыню “Гуманныя вершы” і іспанскую паэму пад адной вокладкай. Іншыя творы з’явіліся толькі праз дваццаць — трыццаць гадоў намаганнямі ўдавы паэта і ягоных сяброў.

Іспанія, на жаль, не адвяла ад паэта чару пякельнага гора, якую і ёй прыйшлося зазнаць. Лёс таксама. Бязлітасны лёс. Адно Сэсар Вальеха мог напісаць гэтыя радкі:

Нарадзіўся ўдзень без зморы,

Бог якраз тады быў хворы,

і цяжка.

Карлас Шэрман

Загрузка...