Спрытныя выступы

СВЯТЫ ЛІСТАПАД

Поўня! Карона над лобам вялізным,

льешся лістотай на жоўтыя цені!

Тоіш трагічную слодыч смарагдаў,

чырвань кароны Хрыста ў задуменні.

Поўня! Блакітам злюцелае сэрца,

што ты лунаеш у кубку, налітым

сінім глыбокім віном, да заходу,

чоўнам тугі, што ў хаўрусе з нябытам?

Поўня! Лунаеш, лунаеш дарэмна

і ахвяруеш сабой да астачы:

можа, маё ты цыганскае сэрца —

небам вандруе і вершамі плача!..


ПРЫЧАСЦЬ

О прыгажуня! Жылы, яе ферменты

маёй старое неістоты з чорным

шампанскім, што жыццём лічу я, смертны!

А валасы — карэньчыкі далёкай

маёй лазы і кайнасці і кары.

А валасы — густыя ніткі мітры

маёй загубленай нязбытнай мары!

І цела — вір ад пены закіпелы

ружовага ад палу Іярдана;

вагаецца, нібы бізун няспешны

дабра, каб зло зняважыць нечакана!

А рукі — прага вечнасці і цноты,

дзе гесперыды[1] свята гаспадыні,

як дзве дарогі белыя ратунку,

з крыжа сарваных перамлелай плынню

яны як плазма той крыві нязломнай,

што не трывае пад маёю сінню!

А ножкі — жаўранкі, яны з учора

майго вяртаюць мне вясцін бярэма!

О ножкі — дзве слязіны, іх згубіў я,

калі, як Дух Святы, спусціўся нема

і ў Свет на Вербніцу ўвайшоў аднойчы,

далёка назаўжды ад Віфліема.


ПРАЖЫЛКІ ТУГІ

Прымі цвікі мае, салодкая яўрэйка,

цвікі гліняныя напружання і болю...

Прымі іх, вечна любая, прымі памкненне

і з крылаў два цвікі і цвік маёй любові!

Вяртаюся з пустэльні, дзе я часта падаў;

цыкуту забяры, частуй віном на вынас:

хай плач любові твой маіх прагоніць катаў,

сляпыя рухі ў іх, як быў сляпы Ланжынас![2]

Прымі цвікі, о новая мая матуля!

Сімфонія аліваў, вып’ю твае слёзы!

З чаканнем сядзем ля маёй змярцвелай плоці,

як жаўранак далей злятае ад пагрозы!

Ідзеш... Сплятае жаль твая валасяніцу

краплінай курарэ і вастрыём людскосці,

каменным гонарам цнатлівасці і ртуццю

Юдзіфінай, дзе мёд таемнай саладкосці.

Золь... восем раніцы, як чарадзей, паветра.

Грызе сабака костку зніклага сабакі...

Запалка пачынае ў маіх нервах плакаць,

што капсуламі цішыні згасіў няўзнакі.

Душы паганскай азіяцкі спеў ласкавы

гучыць у Бахусавай сыці з кубкам кавы!..


ЛЕДЗЯНЫЯ БРАТЫ

Кожны дзень прыходжу, як ты праходзіш,

параходзік, даллю зачараваны...

Вочы — светлачубыя капітаны;

вусны — хусцінкі чырвонай праявы,

звыклай хістануцца ў “бывай” крывавы!

Я прыходжу, праходзіш ты, ды аднойчы

п’яная ад часу, нашай гардыні,

параходзік даллю зачараваны,

зорка вячэрняя ўсё ж нас пакіне!

Ветразі, здрадныя ветрыкі, быццам

тая, што нас зноў пакінула скрусе!

Золка каманду дадуць капітаны,

хто пакіне бераг, я застануся!..


КУЦЦЯ

Замоўк аркестр, адно гуляюць цені

жаночыя пад дрэвамі з вуалем,

і цэдзяцца праз лісце ў летуценні

хімеры поўні зледзянелым жалем.

Забыта плачуць арыямі губы,

і сукні з алебастру, як лілеі.

Шалёныя чародкі, ўсмешкі згубы,

шаўковы водар пералескаў млее.

Святло твайго вяртання ўсмешкай стрэне;

на зграбных форм тваіх богаз’яўленне

спеў свята заблішчыць у велікосці.

Мой верш паўторыць у тваёй гасподзе

містычны голас бронзы ў асалодзе,

што ў свет прыйшоў Хрыстос тваёй мілосці.


ГАРАЧАЕ ВУГОЛЛЕ

Дамінгу Парэ дэль Р'ега

Для Ціліі — ў трагедыі — аздоблю

мае радкі гірляндамі; нявінны

крывяніць кожны меладычны плод,

як сонца жаль, як змрочлівыя віны,

і Цілія мець будзе крыж канання,

ды крыж святлом у міг астанні стане!

Для Ціліі — ў трагедыі — зацеплю

агню крапліну ў вуснах летуценных;

напружацца на пацалунак вусны —

растрэснуцца ў пялёсткі руж свяшчэнных,

і мецьме Цілія кінжал расстанняў,

забойца кветак ранніх і світанняў!

I ў цені, як падзвіжніцу, ахвяру,

страх пяткамі адчуць Жыццё падыме,

пакуль у бессані маліцца будзеш

маім чалом і строфамі маімі.

Лілею ўзняўшы, ўбачыш Смерці выраз

і прагна вып’еш кроў маю, як вірус!


ПРЫЦЕМАК

Я сніў уцёкі і твае карункі,

раскіданыя па спальні спрасоння.

А на пірсе дзіця ў гадоў пятнаццаць

насіла маці, трымала на ўлонні.

Я сніў уцёкі і ўздых “назаўсёды”,

ля карабельнага трапа прадонне;

і сніў я маці, і свежыя хусткі

зеляніны на галовах сутоння,

і зорна вясельную сукню ўсходу.

На доўгім пірсе...

I зграбную шыю, якая тоне!


НІЦАЯ ВЯРБА

Зімою лірыка, як шэпт пануры,

калі наблізіцца пара знікання;

і галасоў сурочлівых віхуры,

нібы малітвы ў вечар развітання.

Ці летуценняў бачу я хаўтуры,

труну, замоўклую ад хвалявання,

ці ўсё заморскай зёлцы па натуры —

там смерць, нібы глыток паветра зрання.

На золку адыду, і покуль ногі

ступаюць, кожны паварот дарогі

касу маёй канчыны гне вясёлы.

Сярод палоцен, дзе вятох канае,

сабачая завые ўнізе зграя,

хаваючы сваё “бывай” у долы.


АДСУТНЫ

Адсутны! Як падамся раніцою

далей за даль Містэрыі жуды,

бы непазбежнай лініяй якою

пацягнешся ты ціха на клады.

Адсутны! Па імперыю спакою

і мора ценяў я пайду, тады

рабыняй будзеш, схіленай тугою,

надтруння белага тваёй бяды.

Твой змрок, як ноч, навечна чорны стане,

і грэшніцы бялюткае убранне

пакайна прымеш ад пакутаў ты.

Адсутны! Пройдзе па пакутах злая,

па слёзах, што цяжэй за бронзу, зграя

згрызні сумлення, марнай тлумнаты.


СТРАУС

Туга, з мяне выцягвай дзюбу і пшанічным

маім святлом свой голад не вярэдзь няспынны.

Туга, даволі! Як ён п’е, кінжал твой кожны,

маёй крыві дурной, ссінелай ручаіны?

Адно не выдзяўбі хоць мару пра жанчыну,

яе прынесці да крыжа свайго павінны,

калі не буду мець каму зірнуць у вочы,

калі ашчэрыцца А мулкай дамавіны.

Вазон гліняны майго сэрца гаркатою

паліты, ў ім папаска іншым птахам...

Туга, не выпетры маё жыццё, а вусны

свае жаночыя спалі жаданым страхам!..


ПАД ТАПОЛЯМІ

Хасэ Эўлохію Гарыду

Як паланянкі, помнячы лагоду,

крывавыя таполі сон спаткалі.

Зялёна шэпчуць арыі заходу

і ўзгоркам Віфліемскім, каб не спалі.

Стары пастух агоніі ў дагоду

апошняга святла падаўся ў далі,

вачыма велікоднымі ў гасподу

спаймаў чародку цнотных зорак жалю.

Як на хаўтуры да сябе самога,

спускаецца на дол, што моліць Бога,

званочкі паасеннелі ў сінечы.

Яшчэ ў шкляных вачах жыве аддзяка,

і плачу пастаральнага сабака

праводзіць лінію па-чалавечы.

Загрузка...