МАГІЛЁЎ


Магіла льва, сказаў Купала.

Горад зь гербам-брамай ды збройным рыцарам на маскоўскім кірунку, гандлёвая сталіца ВКЛ, расейская стаўка ў І сусьветнай вайне – беларускі ключ да Крамля. Магілёў, якім Беларусь нацэленая ў самую глыбіню Расеі, факусуе ў сабе ўвесь драматызм стасункаў і ўсю моц змаганьня Белае Русі зь Вялікай Імпэрыяй. Магілёў – геапалітычная кропка апоры на лініі рычага Менск-Масква, з дапамогай якога раз-пораз можна было перавярнуць паў-сьвету.

У назове "Магілёў" закладзеная і "магіла" – так, тут шмат што хавалі – і магутны корань "магчы". Праз Магілёў Беларусь увесь час спрабавала адчыняць і перамагаць Расею. Магілёў, быццам моцны магніт, яе заўжды прыцягваў і адштурхоўваў. Велічная панарама гістарычнага цэнтру Магілёва лепш за ўсё сьведчыць пра гэтую супярэчнасьць незвычайнае сілы: разлом Дняпра, што расколвае далягляд, горы берагоў з прывідамі ўзарваных храмаў, дый сам горад, бачны вакол на многія кілямэтры – раскіданы, быццам ад аграмаднага выбуху.

Ці не таму магілёўскае паходжаньне – асаблівая прыкмета крутых хлопцаў, вядомых усяму сьвету: кіраўніка чалюскінцаў, палярніка Ота Шмідта, супэрзоркі Галівуда Кірка Дугласа, міжнароднага рэвалюцыянера Мікалая Судзілоўскага, ізраільскага прэм'ера Арыэля Шарона?

А ўсё пачыналася яшчэ зь вялікім дняпроўскім транзытам "варагі-грэкі". У часы ВКЛ Магілёў, набіраючы сілу, апярэджваў Полацк і выконваў ролю гандлёвае брамы для Масквы: зь Бізантыі, Рыгі, Дынабурга, Гданьска й Каралеўца ўсходнія грузапатокі сьцякаліся менавіта сюды. У XVI ст. купцы складалі тут ад чвэрці да трэці ўсіх месьцічаў; паводле багацьця й ўплыву Магілёў пераўзыходзіў Вільню і лічыўся сапраўдным гаспадаром Эўразійскае эканамічнае прасторы.

Але ўжо быў абвешчаны "Трэці Рым", ужо падымалася цемра на Ўсходзе. Масква цягам некалькіх стагодзьдзяў намагалася выкарыстаць Магілёў, апірышча беларускага праваслаўя, горад шматлюдных брацтваў і найпрыгажэйшых цэркваў, каб узламаць ВКЛ. Захоп Магілёва пад лёзунгам абароны адзінаверцаў біў Беларусь пад дых. У адказ магілёўцы высільваліся, імкнучыся зьмяніць Маскву: Пётр Мсьціславец разам зь Іванам Фёдаравым друкаваў для Расеі Біблію, магілёўскія ўмельцы несьлі ў Маскоўшчыну вытанчаныя рамёствы, а іканапісцы стваралі для яе манастыроў самыя сьветлыя абразы.

Тым часам маскоўскі націск узрастаў. З пачаткам страшнай вайны 1654-1667 гг. магілёўцы наіўна адчынілі горад царскім стральцам, але потым, скаштаваўшы стралецкае ласкі, выразалі акупацыйны гарнізон пагалоўна. Пётр І адпомсьціў месцу, настолькі важнаму для Расеі, спаленьнем датла… Тая ж Кацярына Вялікая ведала, што рабіла, калі запрашала сюды ў 1780-м аўстрыйскага імпэратара Іосіфа ІІ на тайныя перамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай: такія рэчы сапраўды вырашаюцца ў Магілёве.

Нарэшце, у ХХ стагодзьдзі роля Магілёва як беларускага ключа да Расеі дасягнула кульмінацыі. З абвяшчэньнем І сусьветнае вайны менавіта тут, на найбольш небясьпечным кірунку, разьмясьцілася Стаўка на чале зь Мікалаем ІІ. Напярэдадні рэвалюцыі Магілёў на некалькі гадоў стаў цэнтрам сілы 1/6 сушы. Адсюль апошні расейскі імпэратар тэрмінова выехаў у ахоплены лютаўскімі падзеямі Піцер, і ў дарозе выракся трону; тут у верасьнёўскую ноч 1917 г. аб'явіў сябе Дыктатарам Расеі генэрал Карнілаў (і празь некалькі дзён быў арыштаваны), а яшчэ празь месяц тут жа была прадпрынятая адчайная спроба стварыць агульнарасейскі ўрад на чале з эсэрам Чарновым. Паражаная рэвалюцыяй, Расея сутаргава намацвала ў Магілёве той самы рычаг, каб перавярнуць гісторыю.

У 30-я гады Сталін вызначыў Магілёву ролю новае сталіцы Беларусі. Пасьпелі пабудаваць Дом Ураду, падобны да менскага, спраектаваць праспэкты й сталічныя ўстановы, сёньня для магілёўцаў прадмет асаблівага гонару. Але – вайна. Абарона Магілёва доўжылася некалькі месяцаў: немцы ўжо ўзялі Смаленск, а Магілёў яшчэ трымаўся: "За намі Масква!" Памятаеце "Жывыя і мёртвыя" Канстаньціна Сіманава? Гэта адсюль, і гэта ягоны прах разьвеяны на Буйніцкім полі пад Магілёвам. Менавіта ў Магілёве, ў 1941-м прапаў Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

І дасёньня Магілёў, гняздо Лукашэнкі й чыноўніцкага кляну ва ўладзе, як усякі моцны магніт, нясе ў сабе той жа парадокс прарасейскасьці й антырасейскасьці. Місію крэпасьці на шляху ў Маскву, найбліжэйшага кірунку ўдару і фігурнага, беларускага ліцьця, ключа ад крамлёўскіх брамаў.

Вам цікава, што Беларусь магла б зрабіць Расеі? Спытайце ў таго, хто ўвесь час цярпеў ад Расеі, з Расеяй змагаўся й Расею ратаваў. Спытайцеся ў Магілёва!

Загрузка...