МІЖМОР’Е


Міжмор'е – адвечны стан Беларусі. Наш лёс назаўжды паміж балтыйскімі дажджамі, туманамі й прахалодай ды чарнаморскімі сонцам, ліўнямі й сьпёкай. Паміж поўначчу й поўднем, варагамі й грэкамі, халодным і цёплым, чорным і белым, пеклам і раем. Генэральны водападзел Эўропы дыяганальна раскрэсьлівае Беларусь амаль напалову. А беларусы так мараць пра мора!

Беларускія рэкі цякуць у Балтыку й Чарнамор'е. Гэты басэйн Міжмор'я – Украіна, Прыбалтыка, Малдова й прылеглыя да ўзьбярэжжаў вобласьці Польшчы й Расеі – і ёсьць натуральным абсягам непасрэднага ўплыву Беларусі, яе роднасным асяродкам і зонай яе найпершых інтарэсаў.

Вялікая беларуская вада, што напойвае ўвесь гэты рэгіён – празрысты вобраз нацыянальнай місіі ў гарлавіне Міжмор'я. Балта-Чарнаморскае Міжмор'е – месца сутокі эўрапейскае й азіяцкае цывілізацыяў, заходняе культуры, дэмакратыі й тэхналёгіі з усходняй містыкай, дэспатыяй і барбарствам.

Беларусы сфарміраваліся як нацыя ў гарманічнае раўнавазе паміж паўночна-эўрапейскай флегматычнасьцю, грунтоўнасьцю, важкасьцю й паўднёва-эўрапейскай тэмпэрамэнтнасьцю, лёгкасьцю, рухавасьцю; паміж бізантыйскім праваслаўем і рымскім каталіцызмам. У беларускае крыві Чарнамор'я й Балтыкі 50/50.

Гэта Міжмор'е зрабіла Беларусь культуровым міжмоўем і геапалітычным скрыжаваньнем.

Зрэшты, Беларусь як зямля геалягічна ўзьнялася з марскога дна: сучасная асадкавая тоўшча і ёсьць грандыёзным усходне-эўрапейскім мезазойскім міжмор'ем.

Паміж салёным морам падземных водаў і атмасфэрным абшарам нябёснае вільгаці Беларусь, краіна рэкаў, азёраў і балотаў, быццам чалавечы арганізм, адсоткаў на 70 складзены з вады – сама ёсьць вялізным Міжмор'ем.

Загрузка...