ВКЛ


ВКЛ – асноўная тоўшча беларускай гістарыяграфіі.

У сярэдзіне злавеснага трынаццатага стагодзьдзя орды мангола-татараў з глыбіняў Азіі рушылі на Захад, спусташаючы Бухару, Закаўказьзе, Паволжа й Уладзімера-Суздальскую Русь, і ў 1237-39 гг. падышлі да Дняпра. Амаль адначасна крыжацкія ордэны, укамплектаваныя рыцарствам з усяе Эўропы, рынуліся на Ўсход, скараючы вагнём і мечам Балканы, Польшчу, Прусію й Прыбалтыку, ды ў 1240-41 гг. зьявіліся на ўсходнеславянскім узьмежжы. Якраз у гэты момант у Міжмор'і, дзе ў страшным сутыкненьні павінныя былі сысьціся й захлынуцца крывёю дзьве супрацьлеглыя й такія сугучныя сілы Сярэднявечча, раптоўна ўзьнікае нябачная дагэтуль дзяржава. Перад ёй сьцішваецца Арда, спыняецца Ордэн, ёй прысягаюць навакольныя князі...

Так эфэктна й уладарна пачалася больш чым 500-гадовая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.

У 1240-х гадох летапісную Літву – асыміляваныя славянамі балцкія землі вакол Наваградка – зьяднаў Міндоўг. Гедзімін у 1323 г перанёс сталіцу ў Вільню і далучыў да ВКЛ сёньняшнюю Летуву (Жамойць), Полацк, Менск, Тураў. Альгерд пашырыў абсяг Княства ўдвая, вызваліўшы ад татараў Украіну, прыяднаўшы Смаленск, Бранск, Чарнігаў і прымусіўшы Маскву плаціць даніну. Нарэшце, за Вітаўтам Вялікім ВКЛ – ужо найбуйнейшая краіна Эўропы ад Балтыкі да Чорнага мора, пад чыім пратэктаратам знаходзяцца Ноўгарад ды Цьвер, якому падпарадкоўваюцца і крыжакі, і Арда. ВКЛ – гегемон Усходняй Эўропы й фарпост цывілізацыі на азіяцкім даляглядзе.

Пасіянарны выбух – вось як гэта называецца. Перамогі на Сініх Водах у 1362-м й пад Грунвальдам у 1410-м, альгердава дзіда ля брамы Крамля, Мажайск як мяжа – за 130 км ад Масквы! – і паўвыспа Літоўская ў Крыме – усе гэтыя нацыянальныя рэкорды датуюцца якраз часамі ВКЛ.

Ядро Вялікае Літвы склалі этнічныя беларускія землі. Беларусы занялі пануючае становішча ў канглямэраце ліцьвінскага насельніцтва. Беларуская мова зрабілася дзяржаўнаю й загучала скрозь ад Прыбалтыкі да Малдовы. Беларушчына напоўніла сабою ўсю Літву. Беларусь стала асновай ВКЛ – і гэта прадвызначыла сутнасьць вялікалітоўскага фэномэну ў сусьветнае гісторыі.

Нават для эпохі рэлігійнага Сярэднявечча ВКЛ – краіна ўнікальна хрысьціянская паводле свайго характару. Факты будуюць зь Вялікай Літвы XIV-XVI стст. храм унушальнае велічы:

— Большасьць земляў была далучаная да ВКЛ мірам – і гэта ў эпоху, што жыла войнамі;

— У дзяржаве кіраваў закон, шэдэўр юрыспрудэнцыі таго часу, правобраз эўрапейскіх канстытуцыяў – Статут ВКЛ;

— Грамадзтва адрозьнівала талеранцыя ў сутоцы канфэсіяў. Тым часам як кантынэнт скаланалі рэлігійныя войны, інквізыцыя й варфаламееўскія ночы, ВКЛ абавязвала да верацярпімасьці нават караля Францыі;

— Поўнае спрыяньне аказвалася габрэям, практычна ўраўнаваным у правох са шляхтай – уявіце сабе, сярод пандэміі антысэмітызму тых стагодзьдзяў!

— ВКЛ згенэравала вунію паміж праваслаўнымі й каталікамі; пазьбегла як рэлігійнага фанатызму, так і акультызму, атэізму, разбэшчанасьці;

— Палітычны лад ВКЛ набліжаўся да шляхецкай хрысьціянскай дэмакратыі– параўнайце з тагачаснымі эўрапейскімі манархіямі ці маскоўскай дэспатыяй!

— Сплаў Рэфармацыі й Рэнэсансу спарадзіў фаервэрк рамантычнага і духовага мастацтва, музыкі, літаратуры – культуры Залатога веку;

— ВКЛ сталася галоўнай друкарняй Сьвятога Пісьма й эпіцэнтрам эвангельскай місіі ва Ўсходняй Эўропе: Скарына пераклаў Біблію на беларускую, Фёдараў і Мсьціславец выканалі апостальскую ролю ў Расеі й на Ўкраіне, Радзівіл і Будны друкавалі дзесяткі выданьняў на лаціне й польскай для Захаду;

Шматвекавы храм беларускага Сярэднявечча стаіць упоравень з эўрапейскімі нацыянальнымі ідэямі першае велічыні – Нямеччыны, Ангельшчыны, Чэхіі, Швэдзіі – і адкрывае нам падмурак, якога не было ані ў Расеі, ані ў Амэрыкі. Замкі й палацы, магутнасьць і бляск магнатаў, вольная й шматлікая шляхта, магдэбурскае права ў гарадох, культурныя шэдэўры й высокамастацкае рамесьніцтва, тытаны веры й адухоўлены народ… ВКЛ, бясспрэчна, была адным з найбольшых посьпехаў хрысьціянскае Эўропы – мадэлью для цэлай цывілізацыі.

ВКЛ – абрэвіятура, якая адпавядае савецкаму клішэ-скароту "уключана". Тэксты пра ВКЛ сапраўды чытаюцца са шчоўканьнем уключальнікаў: ВКЛ! – і з адной толькі ўспышкай памяці азараецца ўся панарама сярэдневечнае беларускае гісторыі.

ВКЛ – матрыца беларускай пэрспэктывы. Вобраз максымальнага росквіту фармуе для наступных пакаленьняў ідэалы зьнешнепалітычнага, эканамічнага й культуровага разьвіцьця. Пункты, што пералічваюць вялікалітоўскія дасягненьні ў часе й прасторы, аўтаматычна робяцца кропкамі апоры для Беларусі ў будучыні.

Настальгічныя згадкі пра "Літву", усе гэтыя "О, Літва, айчына!" – "Нарадзіўся я ліцьвінам", – "Літва харобрая" – генетычна ўсё яшчэ джаляць беларусаў жалем. Бо Літва – летуценьне нашае велічы. Літва – наша малітва ўдзячнасьці Госпаду Богу за мінулыя дабраслаўленьні. Але ня варта шкадаваць пра тое, што ВКЛ засталося адно пластом гісторыі.

Бо нас чакае Беларусь. Новая зямля. Сьвежая, сьветлая й чыстая, як аркуш белай паперы.

Загрузка...