Расея стала Расейскай Імпэрыяй толькі тады, калі ўзламала Беларусь. Расея стала імпэрыяй культуры толькі тады, калі прыўласьціла Беларусь. Расея перастала быць сусьветнай імпэрыяй толькі пасьля таго, як гэта вырашылі ў Беларусі.
Стагодзьдзі войнаў ды акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на Расею або па-рабску, або варожа, спадылба, і бясьсіла ўглядацца вакол: скрозь мат, расейшчына й улада Крамля. Але Госпад Бог невыпадкова даў нам супэрсуседа – самую буйную краіну ў сьвеце. Дзяржава, якая жыве паводле прынцыпу Кацярыны: "Людзі народзяцца, а землі – не", адкрывае для беларускай місіі велізарныя прасторы Азіі. Беларусь адзіная, хто можа перамагчы ў Расеі імпэрыю.
Супрацьстаяньне Расеі й Беларусі – з разраду эпічных бітваў чалавечае гісторыі. Так змагаліся Ірляндыя з Ангельшчынай, Сэрбія з асманамі або Ізраіль з Рымам. З XV ст. Масква, якой не давала спакою найменьне галоўнай, незалежнай, сьвятой Белай Русі, спрабавала праглынуць і ператравіць Беларусь, а Беларусь у адказ спрабавала ператварыць Расею хрысьціянскім уплывам, культурай і, урэшце рэшт, самаахвярнасьцю.
Вялікае Княства Маскоўскае мангола-татарскае іга выхавала як дэспатыю ардынскага кшталту. Ужо ў XV ст. Масква ўзяла шлюб са сьмяротна хворай Бізантыяй, абвесьціла сябе Трэцім Рымам і распачала агрэсіўныя войны, а ў часы Івана Жахлівага набыла пазнавальныя абрысы: "Чудище обло, озорно, стозевно и лайяй!.."
Іван сапраўды аказаўся жахлівы. Геапалітычнае сутыкненьне з ВКЛ і суперніцтва за славянскае лідэрства раз і назаўжды зрабілі Беларусь галоўнай праблемай Расейскай імпэрыі на шляху экспансіі ў Эўропу, галаўным болем крамлёўскае ваеншчыны й насычэньнем галоднае Расеі працоўнай сілай, гарматным мясам ды вялікімі талентамі.
Ужо тады Беларусь, адчайна абараняючы ўсходнія межы, намагалася перамагчы імпэрыю эвангелізацыяй. Скарына павёз у Маскву Бібліі – спалілі. Федаровіч і Мсьціславец усё-ж такі распачалі тут друк Сьвятога Пісьма – выгналі. У гэты ж момант цар нанёс удар у сэрца Полацку. Іскры беларускай Рэфармацыі запальвалі сярод расейскіх мяшчанаў агмяні, гатовыя выклікаць выбух – але апрычніна й артадоксы тут жа гасілі іх на калох і дыбах.
Імпэрыя ўжо ацаніла сілу супраціўніка. Адгэтуль яе глябальнай мэтай стала поўнае й безагаворачнае зьнішчэньне Беларусі. У страшнай вайне 1654 – 67 гг. загінуў кожны другі беларус. Паўночная вайна забрала яшчэ 800 тысячаў жыцьцяў. Нарэшце, напрыканцы XVII ст. зьнясіленую да страты прытомнасьці краіну Расея акупавала цалкам.
Беларусь усё яшчэ была жывая – і ўсё з той жа непамыснай любоўю да ворагаў прасьвятляла, дабраслаўляла й ратавала Расею. Сімяон Полацкі стварае ў Маскве першую партыю "заходнікаў" і спрабуе выхаваць эўрапейцам малога Пятра I. Мялет Сматрыцкі навучае Ўсход пісьмовасьці, Ільля Капіевіч распрацоўвае для расейцаў шрыфты й падручнікі. Палонныя беларускія рамесьнікі ствараюць шэдэўры духовага мастацтва, ад іканастасаў да саміх абразоў, у маскоўскіх храмах і манастырах...
Гэта паражае да глыбіні душы. Нават у апагеі магутнасьці, зь межамі ад Ціхага да Атлянтычнага акіяну, Расейская імпэрыя настолькі баялася маленькай, ледзь дыхаючай Беларусі, што выкараняла і яе мову, і веру, і забараняла нават імя. Скасаваньне Статуту ВКЛ, ліквідацыя вуніі й перайменаваньне ў "Северо-Западный Край" праводзіліся гэнэралам-губэрнатарам Мураўёвым ужо як пахаваньне. Тое, што не дарабіў расейскі штык, мусіла дабіць расейская царква і расейская школа.
Але неверагодны Контарнаступ цэлай дыяспары геніяў, якім Беларусь адказала на гэта Расеі ў XIX ст, належыць да найвялікшых цудаў нашай гісторыі. Міхаіл Глінка, аўтар расейскага гімну й заснавальнік расейскае музычнае клясыкі, Хведар Дастаеўскі, самы хрысьціянскі пісьменьнік Расеі, яе прарок, Неміровіч -Данчанка, Стравінскі й Барадзін, Грыбаедаў, Рымскі-Корсакаў, Пісараў, Бунін выклікалі сьветапоглядную рэвалюцыю знутры імпэрыі й літаральна пераплавілі расейскае грамадзтва высокай, натхнёнай, духовай культурай.
Параза імпэрыі была прадвырашаная.
XX стагодзьдзе вялізнымі крыжамі перакрэсьліла Расею як імпэрыю – менавіта ў Беларусі.
У 1898 г. у Менску зьбіраецца I зьезд РСДРП – партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў.
У 1915-17 гг. у Магілёве, у стаўцы I Сусьветнай вайны, расейскі цар Мікалай II дачакаецца развалу гіганцкае дзяржавы і вырачацца прастолу, так і не даехаўшы да Піцеру.
Потым – Берасьце: заключаецца вядомы “Берасьцейскі мір” бальшавікоў зь немцамі, праз 20 гадоў пасьля якога, з пактам Молатава-Рыбэнтропа вэрмахт і Чырвоная армія наладзяць сумесны парад – і вось, праз 2 гады гітлераўцы возьмуць штурмам Берасьцейскую крэпасьць і накіруюць галоўны ўдар супраць Расеі празь Беларусь.
Белавеская пушча 1991 г. падвядзе рысу пад 70-гадовым існаваньнем СССР. Звыш-Расея, што дасягнула кульмінацыі ў самай страшнай за ўсю гісторыю чалавецтва таталітарнай, агрэсіўнай і бездуховай Імпэрыі зла – рухнула на самай мяжы захопленае Беларусі.
Прызначэньне Менску сталіцай СНД разбурае астатнюю спробу аднаўленьня Расейскай Імпэрыі.
Бо Беларусь любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая сьцьвярджае: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых, рабіце дабро ненавісьнікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых". (Мацьвея, 5:44) Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.
Закон гісторыі: Расеі як імпэрыі наканавана пацярпець крах менавіта праз хрысьціянскую Беларусь. І, адпаведна, празь любоў, малітву й слова Беларусі – ад імпэрскасьці збавіцца.