ТРАСЬЦЯНЕЦ


Трасьцянец пад Менскам – месца найбольш масавага зьнішчэньня людзей на тэрыторыі былога СССР. Адзін з самых вялікіх у сьвеце нацысцкіх лягераў сьмерці. Чацьвёрты па колькасьці забітых, пасьля Асьвенцыму, Майданэку й Трэблінкі. Кожны чацьвёрты – столькі беларусаў загінула ў той вайне.

Страшнае месца. Гітлераўскі канцлягер разьмясьцілі ў тым жа ўрочышчы, дзе перад вайной ліквідавала "ворагаў народа" НКВД. Трасьцянец – гэта Курапаты й Хатынь, разам узятыя. Але гэта яшчэ ня ўсё. У 70-я тут зрабілі сталічны сьметнік.

З 1941г. па 1944 г. ля вёскі Малы Трасьцянец ва ўрочышчах Благаўшчына й Шашкова нямецкія нацысты забілі, паводле афіцыйных зьвестак, 206 тысячаў чалавек, паводле неафіцыйных – звыш 300 тысячаў: габрэяў, беларусаў, вязьняў канцлягераў, прывезеных сюды з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Чэхаславаччыны. Тут зьнішчалі габрэяў Менскага гета. Тут расстралялі ксяндза Гадлеўскага й ягоных паплечнікаў. Попелам з крэмацыйнае печы ўгнойвалі палі бліжэйшае гаспадаркі СД.

Але Трасьцянец ня стаў мэмарыяльным комплексам. На адным з найстрашнейшых палёў сьмерці ў сьвеце стаіць толькі невялічкі памятны знак. І гіганцкія ямы, поўныя людзкога попелу і касьцей, зямля, дзе Беларусь забівалі Захад і Ўсход, глеба, зь якой расьце горыч зьнішчанага чалавецтва, зараз заваленая сьмецьцем і адкідамі. Бо ўрочышча Благаўшчына, дзе расстрэльвала НКВД, было благім падмуркам для савецкага мэмарыялу.

Трасьцянец – апафэоз трагізму беларускай гісторыі. На адным месцы беларусаў забівалі камуністы й нацысты, затым Трасьцянец паўстагодзьдзя забывалі й урэшце зрабілі выграбной ямай гіганцкага мэгаполісу. На палёх Трасьцянца робіцца гранічна ясна, што чырвонае й карычневае проста зьмешваюцца ў бруд.

Прах Трасьцянца – гэта крах усіх бязбожных ідэалёгіяў і прапагандовых мітаў ХХ стагодзьдзя.

Трасьцянец – гэта сапраўдная Благаўшчына. Гэта д'ябальшчына, зь якой камісарская чорная скура часоў эсэсэсэр пераліваецца эсэсаўскімі бліскавіцамі, серп і молат перакручваецца ў свастыку, а брэх расейскага мату рэхам паўтараецца ў нямецкіх камандах.

Ніхто не забыты? Вы забыліся пра Забыцьцё Трасьцянца!

Загрузка...