СЛАВЯНСТВА


"Славяне" – у гэтым імені гучыць і "слава", і "слова".

Славяне – найбуйнейшая ў Эўропе група народаў: 300 мільёнаў чалавек!

Славяне, што ў VI – VII стагодзьдзях нашай эры занялі ўвесь цэнтар і ўсход Эўропы, а затым расьсяліліся да Паўночнага Ледавітага й Ціхага акіянаў, сапраўды заслужылі ў сусьветнае гісторыі даволі высокіх словаў, выявілі і сілу, і слабасьць і далі цывілізацыі колькі слаўных старонак. Славяне заснавалі ў Беларусі першыя гарады й адыгралі вызначальную ролю ў фармаваньні беларускай нацыі.

У сярэдзіне І тысячагодзьдзя нашае эры славяне жылі ў Беларусі толькі на правабярэжжы Прыпяці. З гэтага пляцдарму шматвекавы напор асыміляцыі рушыў на перапоўненыя вадою балцкія землі. Дрыгавічы занялі палескія балоты; крывічы аселі на ўзгор'ях, у вярхоўях рэкаў і на вадападзелах Цэнтральнае Беларусі й Валдаю; радзімічы абжылі палі між Дняпром і Дзясной – і на гэтых трох кітах паўстаў беларускі этнагенэз.

Славяне асымілявалі балтаў і сталі беларусамі. Гэты відавочны факт нашае гісторыі ёсьць яўным доказам беларускасьці ВКЛ. І ў першым, і ў другім выпадку мы маем дзьве фазы аднаго й таго ж працэсу. Больш моцны, разьвіты, энэргічны этнас асвойваў балцкую прастору й надаваў ёй уласную сутнасьць.

Царызм, бальшавіцкая прапаганда й постсавецкі афіцыёз, якім трэба было апраўдваць імпэрскую русыфікацыю, ва ўсе часы рабілі з славянства гэткі расавы культ з квасным душком і чарнасоценнай адрыжкай. "Дык мы ж славяне!" – кажуць у нас з сумесьсю сораму й гонару, апраўдваючы характэрныя разьлівы пачуцьцяў, бытавое п'янства, антызаходніцтва й антысэмітызм, а таксама стварэньне сабе праблемаў, а потым змаганьне зь імі не на жыцьцё, а на сьмерць.

Што ж насамрэч значыць для беларусаў славянства? Імёны Станіслаў, Вячаслаў, Любоў ды Людзьміла. Румяная сіла, слаўная дабрыня, буйныя й грубавата-скругленыя рысы твару. Душа наросхрыст, шырынёю ад Падунаўя да Вісла-Одэрскага міжрэчча.

Беларусь, разьмешчаная ў самае глыбіні славянскага сьвету, зь Сярэднявечча яднала ўсходнеславянскія землі й прапаведвала сярод суседзяў Слова Божае. Таму славянскае паходжаньне не дае нам ніякае расавае перавагі – але абавязвае несьці Слова бліжняму й славіць Бога на гэтай зямлі.

"А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз – са славы ў славу, як з Гасподняга Духа."

(ІІ Да Карыньцянаў 3:18)

Загрузка...