БУДАЎНІЧАЯ СЫРАВІНА


Беларусь мае велізарныя запасы будаўнічае сыравіны. Уся краіна загружаная пакладамі глінаў і пяскоў, крэйды, мергелю, жвіру й каменю. Беларуская база будаўнічае сыравіны – адна з самых магутных у Эўропе.

Беларускія воды, ледавікі й вятры тысячагодзьдзямі кшталтавалі, сартавалі, адмервалі й назапашвалі тоўшчы рафінаванага пясочку й паклады хімічна чыстае крэйды. Вапну. Друз. Валуны. А багацьце глінаў! Плястычныя, вогнетрывалыя, бэнтанітавыя, парцалянавыя... Уся беларуская зямля нагадвае гіганцкую будаўнічую пляцоўку – не пакідае адчуваньне, што матар’ялаў тут нагрувашчана дзеля чагосьці эпахальнага.

Такое ўражаньне, што менавіта ў гэтых ледавіковых марэнах, з гэтае моцнае, пругкае, глянцавае земляное плоці Госпад Бог зьляпіў чалавека, каб удыхнуць у яго жыцьцё – і з тых пор беларусы, дзеці Божыя, ганчары й ганчарыкі, вырабляюць найвыдатнейшую цэглу, кафлю й кераміку.

У беларуса ёсьць усе шанцы прыпадобніцца да "мужа разумнага, які будуе свой дом на камені"(Мацьвея, 7:24).

Уяві сабе: бярэш 2 мільёны кубаметраў гліны, фармуеш зь іх 1,5 мільярды штук цэглы, потым намешваеш чатыры мільёны тон цэментавае сыравіны, плавіш 300 тысячаў тон шкляных пяскоў... Потым грузіш побач 106 мільёнаў сылікатных блёкаў, ды 2 мільёны жалезабэтонных канструкцыяў, ды яшчэ 10 мільёнаў квадратных мэтраў керамічнае глязураванае пліткі – і можаш будаваць усе, што захочаш. А навокал яшчэ суцэльнае радовішча сылікатаў алюмінію ды вокіслаў крэмнію, плошчай 207,6 тысяч квадратных кілямэтраў. Поле цудаў для будаўніцтва будучыні – найсучаснае эканомікі, хмарачосаў, экспацэнтраў, аўтабанаў і новых храмаў абуджанае нацыі. Можа, таму беларусы такія будаўнікі. Увогуле, слова "будаваць" у беларускім лексыконе ўсё з таго ж фундамэнтальнага шэрагу, што й "працаваць", "цярпець" або "любіць". І хаця разбуральнікі прыходзілі на Беларусь часьцей, чым куды – беларусы самазабыўна адбудоўваліся, стваралі, пераймаючы Творцу, ды яшчэ муравалі крэпасьці, цэрквы й цэлыя сталіцы іншым народам. Палова беларускіх ПТВ рыхтуе будаўнікоў.

Вялізарныя крэйдавыя адорвені на Гарадзеншчыне; горы пяску, мірыяды празрыстых кварцавых часьцінак, адшліфаваных з асаблівай руплівасьцю; цыкляпічны Мікашэвіцкі катлаван, шэра-сіні друз зь якога усейвае скрозь усе дарогі й будоўлі Міжмор'я – усе гэтыя запасы будаўнічае сыравіны толькі чакаюць таго моманту, калі беларус нарэшце закасае рукавы ды пачне мясіць гліну, драбіць камень, выдзьмуваць шкло – і будаваць, будаваць, будаваць!

Загрузка...