З цыкла «ЛЯСНЫЯ ПРЫМАЎКІ»


* * *

Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць.

У лес не хадзіць — не мець лясіны.

Лясіны не мець — не мець хаціны.

Хаціны не мець — дзяцей не радзіць.

Словам, баяцца ваўкоў —

не мець дачок i сынкоў.

Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць...

Не бачыць ні грыба, ні арэха,

не чуць ні шуму ляснога, ні рэха,

па сцежцы цяністай не блудзіць,

цудаў не адкрыць,

казак не стварыць,

вершаў не пісаць,

праўды не казаць

і нават саміх ваўкоў

не бачыць павек вякоў...


* * *

Хто ў лес, а хто па дровы.

Я ж па твой позірк, па твае бровы.

Хто ў лес, хто па будматэрыялы.

Я ж здабытчык не вельмі ўдалы.

Хто ў лес, а хто па выгады.

А я шукаю шляхі ды выхады.

Хто ў лес, а хто па дровы.

Я ж па твой голас, па твае словы.

Хто ў лес — каб далей прабрацца.

А я ўсё думаю пра брацтва.

Хто ў лес, а хто па дровы.

З табой ісці я ў лес гатовы,

каб там, на сонечным узлессі,

слухаць шум сосен, птушыныя песні

і быць шчаслівым...


* * *

Выходзіць, парадак. Ціша ды гладзь.

Лес сякуць — трэскі ляцяць.

Лес сякуць, і, значыць, яшчэ

смала выступае, сок цячэ.

Лес сякуць, і ад стуку сякер

далей уцякаюць птушка і звер.

Лес сякуць, і раптам стоп:

«А можа, без гэтага лепш было б?»

Яшчэ пытаюць: «А дзе ж падлесак?»

Пачынаюць шкадаваць трэсак:

«Як бы без трэсак секчы лес?»

Ды тут жа доказ стары ўразрэз:

«Лес сякуць — трэскі ляцяць,

сякуць — на трэскі не глядзяць...»

На гэты доказ, стары i косны,

з'яўляецца іншы, новы, козыр:

«А што, калі глянуць інакш на прагрэс

не сеч сам лес?»


* * *

Далей у лес — болей дроў.

...Болей дроў.

І меней кастроў,

агнёў дзіцячых, юначых,

вечным святлом пазначаных.

...Болей дроў.

I меней сяброў,

меней палян сунічных,

меней песень сінічыных.

...Болей дроў.

I меней дубоў,

гаёў зялёных, святлістых,

крыніц гаючых, празрыстых,

...Болей дроў.

I меней гадоў,

што не пражыў, не зведаў,

меней прасек, прасветаў.

...Болей дроў.

I меней кастроў,

сяброў,

дуброў i г. д.


* * *

Вызначым першую тэзу:

воўк не можа без лесу.

Для воўка выць ці не выць —

тое, што «быць ці не быць».

Раз воўк не можа без зграі,

глядзіць з тугою ў лес,

тэза ўзнікае другая:

«Карміць яго які сэнс?

Воўка карміць, выходзіць, —

дарэмна корм пераводзіць?»

Улічым наступную тэзу:

сярод сучасных ваўкоў

меней усё дзівакоў,

якім трэба лес да зарэзу.

Камфорт, спажывецкі дух

спрыяюць прыручэнню.

З адвечным сваім прызначэннем

не ладзіць наш шэры друг.

Праўда, у хвіліны стрэсу

ён зноў глядзіць у бок лесу...


Загрузка...