Вялікі знаўца чалавечай душы драматург Шэкспір тэму кахання закранаў у сваіх творах часта і ў розных аспектах, але, мабыць, з асаблівай вастрынёй і глыбінёй раскрыў яе ў трагедыях «Рамэо і Джульета» і «Антоній і Клеапатра». Гэтыя дзве трагедыі — ранняя «Рамэо і Джульета» і позняя «Антоній і Клеапатра» — з'яўляюцца як бы полюсамі шэкспіраўскай распрацоўкі тэмы кахання. Каханне юных Рамэо і Джульеты ўспыхнула адразу і зблізіла іх з неадольнай сілай, і парваць іх адзінства магла толькі смерць. Жыццярадаснасць, светлы каларыт гэтай трагедыі, хараство і выключная шчырасць пачуццяў маладой пары, узнятыя на ўзровень ідэалу, даюць нам прыклад непарушнай вернасці. Рамэо і Джульета паміраюць героямі, нічым не запляміўшы свайго жыцця. Трагедыя «Антоній і Клеапатра», напісаная на гістарычны сюжэт, з рэальнымі людзьмі і падзеямі, паказвае сувязь асоб немаладых — праслаўленага рымскага палкаводца Марка Антонія і егіпецкую царыцу Клеапатру, якія бралі ад жыцця ўсё, што хацелі, асалоду і роскаш, і ў каханні знаходзілі вяршыню шчасця. Каханне ў іх пакутлівае, супярэчлівае, розум змагаецца з пачуццём, але апошняе ўрэшце перамагае. Жыццялюбы, яны праклінаюць лёс, шукаюць сабе ратунку і, калі ўсе спосабы абароны вычарпаны, забіваюць сябе. Іх смерць не выпадковая, і ў гэтым яе павучальнасць. Падзеі, разгорнутыя ў трагедыі, прыпадаюць на другую палову першага стагоддзя да нашай эры, на перыяд станаўлення Рымскай імперыі, перыяд бурны, багаты калізіямі. Такою ж багатаю на калізіі з'яўляецца і гэта адна з лепшых шэкспіраўскіх трагедый. Прытрымліваючыся ў асноўным «Жыццеапісанняў» гісторыка Плутарха, Шэкспір ускладніў і ўдасканаліў характары дзейных асоб, зрабіў іх жывымі, канкрэтнымі, надаў ім значнасць, а іх мове паэтычнае гучанне. Яркая вобразнасць, цікавыя думкі, вострыя маральна-этычныя праблемы, закранутыя ў трагедыі «Антоній і Клеапатра», робяць гэты твор актуальным і зараз. Ён не сыходзіць са сцэны, а яго філасофская сутнасць ужо некалькі стагоддзяў узрушвае чалавецтва.
Ю. Гаўрук