Марк Антоній (82—30 гг. да н. э.) — палкаводзец, саратнік Юлія Цэзара, пасля яго смерці (44 г. да н. э.) — член Другога трыумвірата (кіраўніцтва трох), у які, апроч яго, уваходзілі Актавій Цэзар і Лепід.
Актавій (Актавіян) Цэзар (63 г. да н. э. — 14 г. н. э.)— траюрадны пляменнік Юлія Цэзара, член Другога трыумвірата. Пасля перамогі над Антоніем (30 г. да н. э.) — адзіны кіраўнік Рымскай дзяржавы, імператар, названы Аўгустам (Славуты).
Марк Эмілій Лепід (89—12 гг. да н. э.) — саратнік Юлія Цэзара, член Другога трыумвірата, пазбаўлены ўлады Актавіем.
Секст Пампей (75—35 гг. да н. э.) — сын Гнея Пампея Вялікага, члена Першага трыумвірата (Юлій Цэзар, Марк Ліцыній Крас, Гней Пампей). Паспяхова ваяваў з Актавіем і Антоніем, быў пераможаны нарэшце і памёр у няволі.
Мецэнат Гай Цыльній — рымскі патрыцый, друг Актавія, вядомы прыхільнік паэзіі і мастацтва. Памёр у 9 г. да н. э.
Клеапатра (69—30 гг. да н. э.) — царыца Егіпта, дачка Пталамея Аўлета. Паводле бацькавага завяшчання, выйшла замуж за свайго брата Пталамея Дыяніса і правіла разам з ім. Потым была скінута, але ў 47 г. да н. э. зноў пасаджана на трон Юліем Цэзарам. Пасля смерці Цэзара зблізілася ў 41 г. да н. э. з Маркам Антоніем. Тады ёй было гадоў 27, Антонію — 40.
Актавія — сястра Актавія Цэзара, пасля смерці свайго першага мужа Марка Клаўдзія Марцэла выйшла замуж за Марка Антонія.
...трэці слуп сусвету — член трыумвірата (адзін з кіраўнікоў Рымскай імперыі).
Магчыма, злуецца Фульвія.— Фульвія — першая жонка Марка Антонія.
...жаўтароты Цэзар — Актавій Цэзар, у той час чалавек вельмі малады — 21 год.
I Фульвія тады пайшла вайною.— Ганец расказвае аб сямейнай міжусобіцы. Калі адсутнічалі Актавій і Антоній, Фульвія захапіла ў Рыме ўладу і выступіла супраць Актавія, які развёўся з Клодыяй — яе дачкой ад першага шлюбу. Вайна гэта скончылася ў 41 г. да н. э. перамогай Актавія.
Лабіен з парфянскім войскам...— Лабіен Квінт — рымскі палкаводзец, сын Ціта Лабіена, саратніка Юлія Цэзара, перайшоў да парфян і ў саюзе з імі ваяваў супраць Рыма. Быў разбіты Венцідзіем, палкаводцам Антонія.
Сікіён — горад у Грэцыі.
Раптоўна ўзбунтаваўся Секст Пампей.— Пампей, выгнаны з Рыма трыумвірамі, захапіў багатыя хлебам вобласці — Сіцылію, Сардзінію і Корсіку — і ўчыніў Рыму галодную блакаду.
Разбушаваўся рымскі Геркулес.— Антоній з твару быў падобны на статую Геркулеса, патомкам якога лічыўся.
Ты адступаў паспешна ад Мадэны.— У 43 г. да н. э. Антоній асадзіў у Мадэне аднаго з правадыроў рэспубліканцаў. Рымскі сенат паслаў таму на дапамогу войскі пад кіраўніцтвам двух консулаў — Гірцыя і Пансы, якія разбілі Антонія, але самі загінулі ў бітве.
Мандрагора — расліна з сям'і паслёнавых, ужывалася ў старажытнасці для чарадзейства і як снатворны сродак.
Атлант — міфічны волат, які падпіраў плячамі неба.
Не абмінуў мяне і Гней Пампей.— Маецца на ўвазе, як паведамляе Плутарх, не Гней Пампей Вялікі, а яго сын, які таксама зваўся Гнеем, забіты ў 45 г. да н. э.
Каля гары Мізенскай.— Мыс недалёка ад Неапаля.
А сустрэліся яны ўпершыню на рацэ Кідне.— Кідна — рака ў Малой Азіі (цяперашняя Кірасу).
Прыслужніцы вакол, як нерэіды.— Нерэіды — німфы, русалкі.
Бітва пры Філіпах.— Філіпы — прыморскі горад Македоніі. У бітве пры Філіпах Антоній і Актавій разбілі Брута і Касія ў 42 г. да н. э.
Нарцыс — міфічны вобраз прыгожага юнака, які, закахаўшыся ў сваё адлюстраванне ў рэчцы, утапіўся ў ёй і ператварыўся ў кветку, названую яго імем.
Гаргона — міфічная пачвара, якая магла ператварыць у камень кожнага, хто на яе гляне.
Капітолій — узгорак у Рыме, дзе знаходзіўся будынак сената, у якім быў забіты Юлій Цэзар.
...прыносіў Цэзару адну царыцу.— Паводле Плутарха, Юлій Цэзар пажадаў, каб яго спатканне з Клеапатрай адбылося ўпотай. Прыдворны царыцы прынёс яе да Цэзара ў пасцельным мяшку.
Пталаміды Піранея — піраміды Пталамея. П'яны Лепід блытае словы.
Адпомсціў я за гібель Марка Краса.— Марк Ліцыній Крас, былы консул і член Першага трыумвірата, загінуў на вайне з парфянамі ад рукі парфянскага цара Арода. Сын Арода Пакор быў разбіты Венцідзіем.
Фенікс — легендарная птушка, якая, згарэўшы, адраджалася са свайго попелу.
Цэзарыён.— У Клеапатры было некалькі дзяцей, у тым ліку сын Цэзарыён ад Юлія Цэзара.
Ізіда — сястра і жонка Азірыса, багіня шлюбу, медыцыны і земляробства, увасабленне егіпецкай цывілізацыі.
Мыс Анцыум — у Грэцыі, каля ўваходу ў Амбракійскі заліў.
Брундзізій — рымскі порт у паўднёвай Італіі.
Тарэнт — горад у паўднёвай Італіі.
Тарына (цяпер Парга) — горад у Эпіры (паўночная Грэцыя).
Фарсала — горад у Фесаліі (Паўночная Грэцыя). Бітва пры Фарсале, у якой Юлій Цэзар канчаткова перамог Пампея Вялікага, адбылася ў 48 г. да н. э.
Фетыда — марская багіня, маці Ахіла.
Пелапанес — паўднёвая частка Грэцыі.
Юнона — жонка Юпітэра, багіня шлюбу.
Каб гэта ўбачыў я з вышынь Базанскіх, рыкаў мацней бы, чым рагаты гурт.— Біблейскі вобраз, узяты з псалмаў Давіда.
Бог Геркулес, Антонія любімец, апеку зняўшы, маршыруе прэч.— Паводле Плутарха, Антоній лічыў сваім заступнікам Геркулеса ў час вайны, а ў мірны час — Дыяніса (Бахуса), бога віна і радасці.
Былі вы Гектарамі.— Гектар — траянскі герой, сын цара Прыяма, які забіў грэчаскага военачальніка Патрокла.
На мне сарочка Неса! — Паводле міфа, кентаўр Нес, насмерць паранены Геркулесам за спробу ўкрасці яго жонку, паміраючы, даў ёй сарочку, прамочаную атрутай, якая нібыта магла аднаўляць мужаву вернасць. Геркулес, надзеўшы яе, спярша ашалеў і, схапіўшы за нагу Лікаса, жончынага пасланца, шпурнуў яго ў Эгейскае мора, пасля чаго сканаў у вялікіх мучэннях. Сарочка Неса — сімвал непазбежнага ліха.
Тэламон, што страціў шчыт.— Тут маецца на ўвазе сын саламінскага цара Тэламона, які ад роспачы звар'яцеў, калі зброя забітага Ахіла дасталася не яму, а Адысею.
Фесалійскі дзік — міфічнае страшыдла, забітае Мелеаграм.
Дыдона і Эней.— Дыдона, карфагенская царыца, закаханая ў Энея, траянскага бежанца, калі той яе пакінуў, налажыла на сябе рукі.
Бязвокая Фартуна! — Фартуна, алегарычнае ўвасабленне лёсу ў старажытных грэкаў і рымлян, увасаблялася ў вобразе дзяўчыны з завязанымі вачамі, якая ляціць, стоячы на крылатым коле, з рогам у руцэ, рассыпаючы дары.