Раздзел восьмы ЯК ПРАНЦІШ І ЛЁДНІК ВАДЗЯНОГА ЗМЕЯ ЛАВІЛІ

Кельты верылі, што калі выйсці з дому, не маючы пры сабе ніводнага жалезнага прадмета, ні з кім не павітацца і нікога не аблаяць, а да гэтага было паўтара тыдня засухі, то ўвечары на зацішнай палянцы пабачыш вакол сябе карагод кобальдаў. Гэткіх даўганосых лупавокіх карузлікаў, што ахоўваюць скарбы.

Жалеззя пры шпегах князя Багінскага было дастаткова — шаблі, пісталеты, стылеты, нават шлем Альбукасіса ў скрынцы Лёднік ашчаджаў, як паненка пудраніцу. Не тое, каб за дзень шмат з кім віталіся — а вось лаяліся парадкам. Асабліва Герман Ватман на нямецкай мове, а Лёднік на лаціне. Ну а да бліжэйшай засухі было ўвогуле далекавата — валіў сакавіцкі мокры снег, які часам змяняўся на шчыры дождж. Адкуль жа ўзяўся гэты кобальд перад вачыма?

Надта ўжо шматняк з папяровага млына, які ўпарта пагрукваў коламі на адным з прытокаў на Прыпяці, нагадваў кобальда. Шматнякамі называлі адмысловых людзей, якія ездзілі па ваколіцах ды збіралі анучы для вытворчасці найлепшай паперы, што выраблялі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Млыны аказаліся справай выгоднай, іх будавалі ўсё больш. Так што прамінулі часы, калі князь Вітаўт перадаваў на словах камандору тэўтонскага ордэна, маўляў, напісаў бы вам ліст, вашамосць, але паперы нямаш.

Да слова, і ў гэтым пасланні было больш здзекаў, чым праўды.

А цяпер у княстве рабілася папера і на галантныя лісты, і на бясконцыя судовыя справы, і на метрыкі, і на філософскія трактаты. Асабліва з лёну, мяккая, бялюткая… Вось і тураўскі пан Жалоба, кліент Багінскіх, пераабсталяваў звычайны свой млын пад папяровы. Паперу тут разгладжвалі па старым звычаі цяжэннымі шліфавальнымі камянямі ў пяцьдзясят фунтаў, падклаўшы авечую скуру… І вадзяны знак, альбо філігрань, на аркушах, што вырабляліся на гэтым млыне, выяўляў змея. Ён высоўваў з хваляў галаву, увенчаную рожкамі і трохі смешнаватую, як бы перад гэтым выпіў збан піва і не мог уцяміць, дзе паветра, дзе вада, дзе хвашчоўскі ёлуп.

Менавіта пра вадзянога змея ў гэты момант і распавядаў падобны да кабольда шматняк Грынька, паціраючы пачырванелы кончык носа, нібыта яго ў той нос змей і пацалаваў.

— Далібог, васпанства, не піў ані, наяве бачыў — поўня свяцілася, як ліхтар! Пачвара, як ёсць! Даўжэзная шыя, як слуп на кірмашы, галава маленькая, з бліскучай лускою… І бурбалкі, бурбалкі з вады! Я, прызнацца, не разглядаўся, у які бок яно пасля сплыло, бо ўцякаў так, што потым у гразі быў па пояс, а дзе так уляпаўся — і не памятаў.

Грынька пацягнуў з рыльца бутэлькі слівавіцу, якой яго пачаставалі добрыя паны, і ягоныя лупатыя вочы прыплюшчыліся ад шчырага задавальнення. Ватман раздражнёна пацёр падбароддзе, на якім пачало ўжо прабівацца белае шчэцце.

— Добра, пра вадзянога змея мы ўцямілі, спалохаліся належным чынам. Пра кікімару, у якую твая кума на гародзе рэпай кідалася, таксама. І пра летаўца, вогненнага цмока. А цяпер яшчэ раз паўтары — дзе ягамосць Антоні Тызенгаўз часцей за ўсё ў Тураве бывае і куды возяць па ягоным загадзе вазы, гружаныя жалеззем?

Вось ужо гадзіны са тры шпегі спрабавалі разведаць абстаноўку ў самага дасведчанага асведамляльніка пана Жалобы. Ну як жа — шматняк паўсюль ездзіць, з усімі балбоча… І сапраўды шмат карыснага распавёў, праўда, не ўсё было разабраць з мясцовай гаворкі. Полк Гагарына спыніўся ў прадмесці, але князь з усемагутным падскарбіем не сустракаўся. Затое Тызенгаўз па прыездзе расейскіх саюзнікаў стаў страшэнна нервовы, у горадзе ўвялі каменданцкую гадзіну, нібыта каб не прапусціць бунтаўнікоў…

Якраз ля таго храма на ўзгорку, што абрынуўся стагоддзі таму ад страшнага землятрусу, дзе цяпер могілкі, людзі Тызенгаўза і шныраюць, немчукі нейкія. Няйначай, хочуць срэбнае дно Турава калодзежа ўзарваць, антыхрысты! Пра калодзеж хто ж не ведае, пры пракаветным князі Туры зроблены.

У ім тры дна — залатое, срэбнае і мядзянае. Як усе тры прарвуцца — хлынуць воды падземныя, і настане канец свету. Мядзянае дно гадоў сто таму прарвалася — гэта яшчэ дзед шматняка памятаў і ўнуку расказваў. Тады горад затапіла так, што на паверхні засталася толькі лапінка пасярод могілак. А што цяпер будзе… І так у рацэ змеі плаваюць, быццам звычайныя карасі…

Грынька зноў пачаў пераказваць гісторыю спаткання з пачварынай, з сумам паглядаючы на апусцелую бутэльку. Расповед усё больш запавольваўся, як быццам высыхала плынь, якая штурхала кола млына.

— Трымаюць змея пад гарою і кормяць людзьмі. Колькі іх у наваколлі пазнікала! А забіць такога змея можна, толькі зямлёй засыпаўшы. Але звычайным чынам на яго хоць як на Крэўскі замак навалі. А трэба запрэгчы ў стары лапаць чорнага пеўня, прывезці тры разы па поўным лапці зямлі, і толькі сыпанеш — зямля з усіх бакоў сама пачне на пачварыну насоўвацца!

— Цямноцце, — буркатнуў Ватман. — Пакуль адсееш у такіх сведкаў казку ад праўды…

— Шмат якія казкі выяўляюцца праўдай, васпан, — заявіў Вырвіч, які проста не мог ні ў чым пагадзіцца з клятым наймітам.

Лёднік дык увогуле з тым не размаўляе, садзіцца як падалей і фізіяномію робіць, як быццам біскуп пабачыў пасярод поснага стала халадзец. Ды яшчэ шаблю з рук дэманстратыўна не выпускае. Вох, зачэпіцца за якую дробязь, ды ўчыніць чарговы двубой з бялявым гігантам…

— Чаму б не жыць сапраўды ў Прыпяці якой дагістарычнай жывёліне? — не здаваўся Пранціш. — Тут жа такія балаты наўкруг, што цэлы статак цмокаў можа гадавацца. Мне вось таксама давялося падобную пачварыну пабачыць… І нават забіць. Там яе цмокам звалі, а насамрэч — вялізная старая яшчарка, беднае стварэнне без усялякага чараўніцтва.

Драгун скрушна ўздыхнуў — дасюль сорамна было ўспамінаць, як у гарадку Дракошчыне ён паверыў у мясцовую легенду пра цмока, якому прыносяць у ахвяру дзяўчат, і сапсаваў месцічам увесь зладжаны дзеля заманьвання гасцей на кірмаш атракцыён. Так што яго ніколькі не здзівіла б з’яўленне падобнай жывёлы. У Менску, у Свіслачы, водзяцца ж вялізныя чорныя яшчаркі, менчукі нават часам іх ловяць ды ў дамах трымаюць дзеля форсу.

Побач грукаў галандзер, машына, якая дзёрла анучы на нітачкі. Крапала вада праз сеткі, у якіх фармавалася папера, а гатовыя аркушы на верхняй галерэі залы, дзе сядзела кампанія, сохлі, развешаныя на наваскаваным конскім воласе, нібы бялізна. У кожным аркушы хаваўся вадзяны цмок.

— На ягамосць падскарбія чараўнікі працуюць! — кобальд Грынька не сумняваўся ні на макуліну. — Гавораць не па-нашаму, не хрысцяцца. А з мануфактуры на дзяцінцы, што з боку Дамаўхая, рачулка такая, Яздой яшчэ завуць, часам нешта як зараве, як зафырчыць! Жалеззе ляскае… Варта вакол, янычары з ятаганамі ды венгрыкі з арбалетамі, нібы вакол царскай кароны пільнуюць. А адзін, галоўны чарадзей, малы такі, пузаты, валасы мукой абсыпаныя, мае вока суроклівае! Я такое вока заўсё-ёды пазнаю!

Шматняк важна паківаў карэлым пальцам.

— Мяне брат з Падолля навучыў. У чарадзея вока скача! Туды-сюды, бо нячысцік у ім жывець. Неяк пачалася ў братавым сяле маравая язва. Пайшлі ноччу хросным ходам, як належыць, а ў полі суседскі шляхцюк блукае, з аброццю ў руцэ. Кажа — коні ўцяклі. А вока так і скача! Людзі й скемілі, што панок і ёсць хвароба! Праўда, як ні білі — не прызнаўся, але вырашылі спаліць. Нават святар пагадзіўся, паспавядаў язву. А ў іх быў адзін пан, знаўца, як з ведзьмакамі абыходзіцца.

Грынька ажывіўся, нібыта сам прысутнічаў пры богаўгоднай справе.

— Той пан, Лабуцкі яго завуць, узяў рэмень са свежай скуры, абкруціў галаву хваробы, уклаўшы яму ў вушы каменьчыкі. Рот замазалі гноем, а вочы — анучай, абмазанай дзёгцем. Тады ўсцягнулі язву на вогнішча з сарака вазоў дроваў ды дваццаці вазоў саломы ды спалілі, і адзежу з дому ягонага прынеслі ды ў агонь пакідалі. І ніхто больш у вёсцы не захварэў!

Брат паляўнічага на ведзьмаў пераможна агледзеў грамаду. Пранціш адчуў, што яго зараз званітуе. Іх з Лёднікам неаднойчы вінавацілі ў вядзьмарстве — і вось які канец мог напаткаць, не паглядзелі б пераляканыя мужыкі ні на кляйноды шляхецкія, ні на дыпломы доктарскія. Сканалі б у агні, з гноем у роце і дзёгцем у вачох…

— Пакуль у гэтым краі не з’явіцца дастаткова медыкаў, пакуль не адчыняцца для беднякоў бальніцы — будзе вось такое дзікунства! — гнеўна кінуў Лёднік. — А я заміж таго, каб займацца медыцынскай адукацыяй…

— Ты ў гэтым свеце ніхто, доктар, — з насмешкай, густа замяшанай на нянавісці, абарваў яго наваспечаны граф Пянткоўскі. — І чым табе займацца — вырашае той, у каго ў руках нітачкі, на якіх ты навязаны.

— Пан Ватман ніты майго лёсу дакладна не ўтрымае!

Старыя ворагі счапіліся, праўда, пакуль на словах «ушчыплівых, няўчсцівых, добрай славе датклівых», як пішуць у судовых кнігах. Шматняк, скарыстаўшыся тым, што паны страцілі да яго інтарэс, апусціў калматую галаву на стол і захроп, як кобальд, што скакаў да раніцы вакол свайго скарбу.

Пранціш з дапамогай усяго свайго дыпламатычнага рэсурсу неяк суцішыў спадароў. Ён і сам рады быў бы секануць па нахабнай пысе найміта, але на млыне поўна ягоных жаўнераў, такіх жа спрактыкаваных дарагіх забойцаў. І шляхецкае слова Багінскаму дадзена, а ў Полацку могуць пакрыўдзіць Саламею з дзецьмі… Дый… Ну самому сабе прызнацца сорамна, самавітаму шляхціцу, як вярэдзіць хлапечая цікавасць да новай таямніцы. А раптам зноў файная прыгода!

— Ну што ж, — задумліва прагаварыў Ватман. — Калі Тызенгаўз і праўда рыхтуе таемную зброю, дык шукаць яе трэба на той самай загадкавай мануфактуры, якую зладзілі ля дзяцінца… Праўда, мне даносілі, яна зусім невялікая, незразумела нават, куды столькі жалеззя ў яе наскладалі.

— Вы што, верыце ўсяму, што наплёў гэты небарака? — насмешна папытаўся Пранціш.

— Ён усяго толькі дадаў яшчэ кроплю мядку ў тыя соты, што напоўненыя іншымі, — паэтычна выказаўся Ватман, і Вырвіч падумаў, што хутчэй параўнаў бы збор шпегаўскай інфармацыі не з працаю пчол, а з гадзюкамі, якія спаўзаюцца, каб дадаць яшчэ кроплю яду ў кубак злога чарадзея.

— Пачалася ўся гэтая містыка мінулым летам, — неахвотна пачаў распавядаць Ватман. — Невядома адкуль чатыры разы абстралялі снарадамі раздзелы Касакоўскага. Вакол на некалькі міль — роўнядзь, ні рэдута, ні лясочку, і раптам — снарады. А тры разы дасталося расейцам, якія таксама не маглі даўмецца. Поле, балота, рэчка… Гарматы схаваць няма дзе. Галоўнае — ні грукату, ні дыму. А бомба як з неба бэнц — і дваццаць чалавек выкасіла. Зімой было ціха, а нядаўна — зноў… То ў нас снарад з неба зваліцца, то ў расейцаў. Адна выснова — у Тызенгаўза з’явілася зброя, якая можа шпурляць ядры найменш на тры мілі. Бо нават гарматы-адзінарогі больш як на дзве мілі не стрэляць…

— І васпан думае, на тураўскай мануфактуры зрабілі вялізную гармату? — мімаволі зацікавіўся Вырвіч.

— А вось гэта вы з доктарам і высветліце!

Найміт няспешна дастаў канверт, які яму на самым пачатку гасцявання на млыне перадаў мясцовы кобальд, зламаў пячатку і выклаў на стол два складзеныя аркушы. На адным — дробныя радочкі, на другім — чырвоныя і чорныя літары ўтваралі некалькі квадратаў. Ватман незадаволена схіліўся над лістамі, водзячы тоўстым пальцам па літарах і нешта мармычучы…

— Мудрая літарэя? — насцярожана падаў голас Лёднік. — І што ёю зашыфравана, нам не належыць ведаць, як баранчыкам не тлумачаць, якую страву з іх прыгатуюць?

— У палітыцы меней ведаеш, доктар, даўжэй жывеш, — павучальна прамовіў найміт, не адрываючы вачэй ад паперы. — Мог на сваім сумным досведзе пераканацца.

Лёднік сціснуў зубы. Вырвіч нібыта чуў, як лязо доктаравай шаблі ажно звінела ад нецярпення, просячыся з похваў.

— Урэшце, мы з панам Вырвічам павінны ўсвядоміць, якім чынам нам патрапіць да пана Тызенгаўза не ў выглядзе трупаў. Пан Антоній — не той чалавек, да якога можна проста так заявіцца пасля паўгода вайны на другім баку, папрасіць прабачэння і зноў увайсці ў давер. Ды ён і размаўляць з намі не стане!

Раптам шматняк прыўзняў галаву ад стала і пакрыўджана прагаварыў, гледзячы мутным позіркам на папяровыя ветразі:

— Далібог, бачыў змія! Лупіцца з вады!

На гэтым расповед скончыўся. Грынька зноў апусціў галаву на мёртвую ліпу, што не падазравала калісьці аб сваім будучым пераўтварэнні ў стальніцу. Ватман акуратна склаў лісты ў канверт і выскаліўся, што мусіла азначаць усмешку. Бяздонныя вочы адлівалі барвовым.

— Не бяры ў галаву, доктар. Рабіце, што вам сказана, і будзе вам пернік. З макам.

І калі Пранціш з Лёднікам на раніцу выехалі ў бок места, у галаве Вырвіча так і круцілася чутае калісь ад нянькі Агаты: «Еш, дурань, гэта ж з макам».

Канверт, перададзены наймітам, Вырвіч узяў сабе. Было падазрэнне ў яго, што Лёднік нават паперынай, якую трымаў у руках люты вораг, згідзіцца. І цяпер пасланне, упрыгожанае васковай пячаткай з фанабэрыстым грыфонам, магчыма, гербам навюткага графа, нібыта халадзіла за пазухай, як гадзюка.

Канверт належала аддаць таму, хто сам яго папросіць. Карацей, гулялі, як у сляпога ката.

Дарога — калатуша з гразі, па абодва бакі ад яе бясконцыя палескія балоты… Там-сям на купінах насцярожана паказваюць дзюбкі пралесачкі — ці не зарана высунуліся? У небе сінія лапіны граюць у даганялкі з шэрымі, а сонца забылася, што можна ззяць ва ўсё кола, а не толькі вызіраць сціпла ў выпадковыя шчыліны паміж аблокаў. Добра хоць, Ватман даў коней, хай і не самых ладных, не з княскае стайні, а не выпер абодвух шпегаў пехатою. Таму скрынка са шлемам Альбукасіса мірна спачывала ў адной з дарожных торбаў на баку рудога коніка, які пражыў ужо доўгі век, носячы на спіне злых істот, што знішчалі адно аднаго агнём ды сталлю, і звык да змены гаспадароў.

Непадалёк гналі свае воды Прыпяць і сціплая рэчка Тур. Вырвіч успомніў урывак з трактата Міхалона Ліцвіна, колішняга літоўскага пасла да крымскага хана, які апісваў каралю гэтую мясцовасць:

«Многія рэкі называюцца залатымі, асабліва Прыпяць, якая ў адным месцы паблізу Мазыра, пры ўтоку ракі Тура, з назапашваннем свежай вады з крыніц штогод, у пачатку сакавіка, напаўняецца такім мноствам рыбы, што кінутая ў яе дзіда ўшчамляецца і стаіць строма, нібы ўторкнутая ў зямлю — так густа збіваецца там рыба.

Я б не паверыў гэтаму, калі б сам не бачыў часцяком, як адтуль бесперапынку чэрпалі рыбу і напаўнялі ёю ў адзін дзень да тысячы вазоў, што належалі прыезджым купцам, якія штогод з’язджаюцца ў гэты час».

Гэх, прамінуў залаты век любай Літвы, не стаіць дзіда тырчма ў рэках ад мноства рыбы, лемпарда ў пушчы ледзь знойдзеш, каб для гусара накідку зрабіць з залаціста-плямістай скуры…

Далёкае галёканне з-за спінаў змусіла азірнуцца. Расплёхваючы фантаны халоднай гразі, да шпегаў нёсся атрад з пары тузінаў вершнікаў у белых мундзірах.

— Канфедэраты, — здзівіўся Лёднік. — Можа, ягамосць Багінскі ахову нам вырашыў прыслаць?

— Альбо яшчэ штось загадаць забыўся? — прамармытаў устрывожаны Пранціш.

Але ж дзіўная дапамога да іх пасланая… Вершнікі ваяўніча гарлалі і размахвалі шаблямі. Хутка можна было разабраць воклічы з асноўным сэнсам «Смерць праклятым здрайцам!»

Пранціш на ўсялякі выпадак абвёў вачыма пляскатую мясцовасць — іншых істот на ролю праклятых здрайцаў, акрамя іх з Лёднікам, не назіралася.

Бутрым першым прызнаў катастрофу.

— Уцякайма!

Коні, падараваныя Ватманам, прыпусцілі намётам, як маглі. А маглі не вельмі хутка. А тут яшчэ і свінцовыя пчолы над галавой зазумкалі… Праўда, альбо стралкі з пагоні былі касавокія, альбо хацелі не забіць, а напалохаць ды ўзяць жыўцом.

Калі пагоня нагнала ўцекачоў, тыя ўсё ж пастараліся ўступіць у перамовы… Першыя пару імгненняў. Менавіта столькі спатрэбілася, каб уцяміць, што куды ні павярні, дзіравым наверх. Паны-браты гарэлі гневам праведным і жадалі пакараць здрадніка-доктара і ягонага паплечніка харужага Вырвіча. І ясна было, што дваім — як бы яны ні валодалі фехтавальным майстэрствам — супраць двух тузінаў не выстаяць, і даручэнне князя Багінскага давядзецца выконваць іншым шпегам.

Але націск раз’юшаных канфедэратаў раптам суцішыўся. Вырвіч азірнуўся — з боку Турава набліжаўся яшчэ адзін атрад. На гэты раз кароннага войска. У жаўнераў ваяўніча тапырыліся вусы, блішчэлі аголеныя шаблі ды зляталі з вуснаў ваяўнічыя крыкі. Засталося спадзявацца, што ў новых удзельнікаў драмы іншыя задачы, чымся пасячы на кавалачкі бязроднага Баўтрамея Лёдніка ды радавітага Пранціша Вырвіча.

Канфедэраты і каралеўскія жаўнеры наляцелі адно на аднаго… І гэты вусцішны момант Пранціш Вырвіч не забудзе ніколі. Ён і Лёднік апынуліся нібыта ў воку тайфуна. Вакол віравала няўмольная, жорсткая стыхія, нянавісць сутыкалася з нянавісцю, жаданне забіць — з гэткім жа… І самае жахлівае, што і з аднаго боку, і з другога ятрыліся тыя ж самыя ліцвіны, былыя паплечнікі, шляхцюкі, з якімі можна было б сядзець за бяседным сталом або разам абараняць сваё места ад захопнікаў…

Пранціш раптам усвядоміў, што ён не цяміць, на чыім ён баку, дзе сябры, дзе ворагі, дый ці можна адрозніць? Як быццам хтось падхапіў мураша з ягонай вечнай мурашынай сцяжынкі і трымае на далані. І кузурка ўпершыню бачыць, чаго варты той мурашнік, неахайная купка ігліцы, за якую ён гатовы быў загрызці альбо быць загрызеным.

Праўда, іншага мурашніка яму не дадзена, і, выпушчаны на волю, ён зноў ухопіцца за кінутую ігліцу і пацягне да сваёй Вавілонскай вежы…

Краем вока Пранціш заўважыў, што ў Лёдніка падобныя пачуцці, і полацкі доктар з адчайна-разгубленым тварам толькі па неабходнасці адбівае ўдары, ухіляецца, як можа, ад бойкі, і ў цёмных вачах яго туга і агіда.

Каронных было больш, і хутка яны пагналі барцаў. Да Пранціша і Баўтрамея пад’ехаў шляхцюк, такі пузаты, што, здавалася, на каня навалілі капу. У вёсцы яго называлі б «лажбель». Ніжняя губа шляхцюка грэбліва адвісала, быццам бы ён увесь час казаў «Ф-фу!», але вочы былі халодныя. Жорсткія, як у даверанай асобы палацавага інтрыгана.

— Канверт, запячатаны вадзяным зміем, у каго?

Вырвіч моўчкі падаў пасланне, шляхцюк гэтак жа моўчкі, не разглядаючы, схаваў за пазуху.

— Літасціва прашу панства рушыць за мною!

Як быццам не пасярод веснавой дарогі, на якой заціхла бойка, а на асамблеі ў палацы.

Ад’язджаючы, Вырвіч усё-ткі азірнуўся: на мокрай цёмнай зямлі Тураўшчыны, якая вызвалілася ад апошняга снегу, ляжаў мёртвы ліцвін, і ў ягоных ашклянелых вачах змешвалася з крывёй адлюстраванае неба.

Тураў сустрэў пахмура, як гаспадыня, якую расштурхалі на золку нечаканыя і непажаданыя госці. Хацінкі паглядалі сонна, там-сям бачыліся сляды пажарышч… На ўзгорку за голымі дрэвамі бялела царква.

— А калісь гэты горад быў сталіцай магутнага княства, — задумліва прагаварыў Лёднік, пагойдваючыся ў сядле. — І нават спрачаўся за славу з нашым Полацкам.

У голасе палачаніна можна было расчуць паблажлівасць — ну ясна, ніколі ён не прызнае, што якоесь места магло зраўняцца з ягоным родным Полацкам.

— Тут быў шлях з варагаў у грэкі, усяго з адным волакам. Гэта значыць, толькі аднойчы трэба было перацягваць караблі па сушы. На тураўскі прастол кіеўскія князі пасылалі сыноў, якія пасля рабіліся князямі кіеўскімі. Тут шмат загадкавага, у гэтым горадзе.

Пранціш агледзеў сціплыя краявіды. Хацеў бы папрыгажэць, ды плеш замінае.

— Пакуль нічога адметнага не бачу.

Лёднік хмыкнуў.

— Не мяркуй па вопратцы, шкаляр! Я местам Тураў зацікавіўся, калі мне прынеслі дзеля кансультацыі знойдзены тут чэрап жанчыны з пяцісотгадовага пахавання. Ніхто з кансіліуму лекарскага не мог вызначыць, чаму той чэрап такой дзіўнай формы — усе швы зарослыя, як у вельмі старых, а паводле стану зубоў нябожчыца была маладой. Я дыягназаваў рэдкую хваробу, з якой аднойчы сутыкнуўся, — чалавек паступова акасценьвае, солі ў ягоным арганізме пачынаюць асядаць, пераважваць флегму і кроў… Цікава, што парэшткі знайшлі ў каменным саркафагу. Я нідзе раней на Літве не сустракаў, каб продкаў хавалі ў саркафагах, да таго ж з рэдкага чорнага каменя.

— Што, нейкіх прыхадняў сюды было панаехала? Егіпцян? — няўважна пацікавіўся Вырвіч, якога больш займала, што ў лісце ад Ватмана, куды іх вязуць і як з гэтага нерата вылузацца.

— Купцоў ды наймітаў-ваяроў з усяго свету хапала, — задумліва працягваў Лёднік, і ягоныя доўгія цёмныя валасы звісалі з-пад шапкі, захінаючы худы твар з дзюбатым носам, як у сапраўднага ведзьмака. — Сюды кіеўскі князь Уладзімір Манамах адправіў удаву свайго папярэдніка на прастоле Святаполка. А ўдава, вялікая княгіня Варвара была дачкой візантыйскага імператара Аляксея Камніна.

Толькі лекцыі па гісторыі Турава шпегам не хапала… Але Лёднік працягваў далдоніць гладка, як вол языком ліжа, нібыта быў сватам ці братам тых пракаветных князёў:

— Можа, Уладзімір не хацеў трымаць пры двары жывы напамін пра Святаполка, якога шчыра ненавідзеў. А па-другое, візантыйская царэўна была дужа небяспечным чалавекам. Яна ж вырасла ў Канстанцінопальскім палацы, які славіўся інтрыгамі, жорсткасцю і вытанчаным валоданнем атрутамі. Варвара прыехала «на дажыцце» не адна, прывезла цэлы двор… Магчыма, дзякуючы такой «візантыйскай калоніі» тут і адбыўся талент Кірылы Тураўскага, ён у дзяцінстве мог круціцца сярод візантыйцаў і тое-сёе пераняць. І невядома, што яшчэ грэкі тут стварылі…

Вырвіч зноў азірнуўся і не змог уявіць, як па гэтых вузкіх вулках нясуць у пазалочаных насілках з шаўковым балдахінам візантыйскую царэўну. Бо цяпер насустрач валюхаўся воз з рагожамі, запрэжаны канём-свірэпай. Рэбры няшчаснай жывёліны тырчэлі, як штыкеціны ў плоце, а гаспадар-паляшук у насунутай на самыя вочы шапцы-магерцы гэтак насцярожана свідраваў цёмнымі запалымі вачыма вершнікаў, што, здавалася, скажы яму хто «Бу!», як палохаюць малое дзіця, плітане з воза, быццам прусак, у бліжэйшую шчыліну.

Між тым атрад перастрэлі двое ў форме янычараў. Спадарожнікі Вырвіча і Лёдніка пачалі горача спрачацца.

— Ягоная светласць пан Антоні загадваў адразу ж прывесці да яго гэтых паноў!

— Але ж ягоная мосць загадваў не праводзіць нікога са старонніх у сховішча! А гэтым здрайцам веры няма, хоць вы іх і ў бунтаўнікоў адбілі…

Выйсце знайшлося. Калі ўсе спешыліся, доктару і драгуну завязалі вочы хусткамі. Пранціш ледзьве сцярпеў такую непачцівасць, але ўзяў прыклад са стаічнага Лёдніка, які нават вусны не крывіў. У смалу, дык у смалу, спадарства.

Потым іх доўга вялі па нейкіх сходах. Пах веснавога свежага паветра змяняўся балоцістым смуродам сутарэнняў… Цягнула стылым паветрам, чулася мноства галасоў, жалезны ляскат. Потым апынуліся ў памяшканні, дзе пах парфумы быў густы, як кісель, быццам ім спрабавалі перабіць смурод. Павязкі знялі… І шпегі пабачылі ў паўцемры скляпеністага пакоя самога падскарбія, другую асобу ў каралеўстве, ягоную мосць пана Антонія Тызенгаўза.

Пан Антоній, апрануты ў сціплы брунатны камзол, паўзверх якога было накінутае футра з чарнабуркі, уперыўся ў прыхадняў раз’ятраным шэрым позіркам.

— Ну што, дапамаглі вам, панове, вашыя канфедэраты?

Лёднік і Пранціш сціпла маўчалі.

Паколькі наўрад за тыя хвілі, што яны сюды дабіраліся, светлы дзень мог змяніцца на бяззорную ноч, выходзіла, што яны пад зямлёй. Сцэну магнацка-здрадніцкай драмы асвятлялі свечкі ў простых шкляных ліхтарах, а вокнаў за парцьерамі, што завешвалі сцены з грубай, пазелянелай ад часу цэглы, проста не мелася.

І дзвярэй не мелася. Вырвіч скасавурыўся: гэта быў не асобны пакой, а хутчэй ніша ў калідоры, па якім хтось увесь час швэндаў, і ўсё нагадвала полацкія сутарэнні, толькі выкладзеныя не з шэрых каменных пліт, а з цэглы. Дзеля ягонай светласці падскарбія ў закуток кінулі на падлогу мядзведжую шкуру, завесілі сцены габеленамі з батальнымі сцэнамі, але гэта мала змяніла пракаветныя, прапахлыя цвіллю, вільготныя катакомбы.

Але вось што нечакана — паміж габеленамі Вырвіч заўважыў выкладзены смальтай на кладцы праваслаўны крыж з надпісам на грэцкай унізе «Памажы, Божа, рабе тваёй Варвары». Слізнуў вокам па сценах больш уважліва: вунь там, здаецца, краёчак фрэскі… Ці не пры ўдаве кіеўскага князя Варвары ўсё гэта рабілася? Ля дальняй сцяны ў прыцемку вымалёўвалася каменнае ўзвышэнне, якое Пранціш адразу прыняў за прынесены для князя камод. Алтар? Падобна, тут была капліца! Рука сама пацягнулася перахрысціцца.

— Вось што клятыя бунтаўнікі задумалі!

Падскарбій апусціў на маленькі драўляны столік забраны ў Вырвіча ліст, і цяпер ягоны пагляд быў ужо больш лагодны.

— Што ж, за такія звесткі вам можна тое-сёе дараваць. Але як вы мяне расчаравалі, нягоднікі! — пан Антоній гаварыў адрывіста і важка, і лепш было яму не пярэчыць — пра круты характар падскарбія расказвалі страшныя байкі. — Ну з цябе, драгун, што ўзяць! Абы шабляй махаць — купіўся на прыгожыя словы! Айчына, воля, чысціня веры! Вы ж самі дысідэнты, праваслаўныя — чаго ж пайшлі да тых, хто вас правоў пазбаўляе? Не да слуцкіх канфедэратаў, адзінаверцаў? Тут, на Тураўшчыне, між іншым, калі перапіс быў, людзі ў большасці заявілі, што уніі не хочуць. Наадварот, жаляцца, што цэркваў праваслаўных няма, святароў не даюць… І цяпер што, ягонай вялікасці такіх вынішчаць пад корань? Каб расейцы за ягоных падданых заступаліся, нас вінавацілі ў жорсткасці?

Тызенгаўз узняўся з крэсла і, хутаючыся ў футра, пачаў нервова тупаць туды-сюды, спыніўся перад Лёднікам і тыцнуў пальцам яму ў грудзі.

— А ты! Пра-фе-е-сар! «Вох, як я мару пра айчынную медыцынскую акадэмію!» — перадражніў падскарбій. — Грошай табе адваліў — едзь, пераймай досвед, запрашай людзей на працу… А ён — у інсургенты! Далей дзяржаву развальваць!

Вырвіч не вытрымаў:

— Вашамосць, яснавяльможны князь, Лёднік ніколі не хацеў далучыцца да барскіх канфедэратаў! Ён і мяне адгаворваў! Гэта я яго змусіў, толькі я вінаваты!

Доктар тут жа ўпарта зрабіў крок наперад:

— Не слухайце яго, вашамосць! Я сталы чалавек, і сам адказваю за свае ўчынкі!

Але князь гнеўна абарваў абодвух, і давай далей шылам вышываць. Але, выкрычаўшыся, трохі супакоіўся.

— Цяпер хвасты падціснулі, назад просіцеся… Былых паплечнікаў здаеце… Значыць, і мяне ў свой час зноў здасцё! Ваша шчасце, пан Жылібер напісаў мне, што вас змусілі з’ехаць абставіны, а сам ён не супраць прыехаць сюды, калі ў нас скончыцца «хатняя вайна». Ён на дзіва добра пра цябе адзываецца, Лёднік!

Пан Антоній задумліва пагойдваўся, заклаўшы рукі за спіну, і, відавочна, вырашаў лёс правінавачаных. Цені ад свечак варушыліся на сценах, быццам старажытныя тураўцы вырашылі паназіраць за тым, што цяпер робіцца ў іхніх таемных сховішчах.

— Пад суд вас не аддам, хаця й давяраць важныя справы не рашуся. Але й дзіравае вядро можна для чагось у гаспадарцы прыстасаваць… Выбачайце ўжо, што не для пітной вады.

Падскарбій не паспеў агучыць, якім бачыць сумны лёс былых сваіх пасланцоў. У калідоры хутка загрукалі абцасы, загучалі трывожна галасы… І перад капліцай у пякельным святле паходняў адны за аднымі пранеслі насілкі з мерцвякамі.

Нябожчыкі выглядалі страшна — наколькі можна было ў прыцемку агледзець, твары спухлыя, пачарнелыя, вочы вырачаныя…

Пранціш перахапіў пільны позірк доктара: той ужо, напэўна, вызначыў дыягназ і яшчэ больш пазмрачнеў. Што ж тут, у тураўскіх сутарэннях, творыцца? Няўжо й праўда ахвяры прыносяць якой пачварыне?

Пачулася нямецкая лаянка, і ў пакой уваліўся невысокі пузаценькі чалавек у парыку, камзоле з сіняй воўны, кароткіх штанах, белых панчохах і чаравіках з вялікімі срэбнымі спражкамі — толькі плюнуць аматару сармацкіх традыцый на такога немчука. Нямчук абціраў пот з ілба пакамечанай батыставай хусткай і бясконца паўтараў «Майн гот!»

— Што, зноў няўдача, пан Пфальцман? — скрозь зубы запытаўся Тызенгаўз.

Таўстун замахаў у роспачы рукамі.

— Не магу зразумець, у чым справа, вашамосць! Усё адладжана, праверана… Думаю, справа не ў механіцы, а ў хімічнай частцы!

Госць затараторыў лісліва, спрабуючы задобрыць пана.

— Але няхай яснавяльможны князь не хвалюецца, засталося прыбраць невялічкую пагрэшнасць! Я ўсё вылічу! Вы мне толькі знайдзіце, вашамосць, каго цяпер пасылаць на выпрабаванні… Спецыялістаў не засталося… Жаўнераў ці мужыкоў выкарыстаць не магу, веды патрэбныя. Я б… і сам паспрабаваў, але… Я ж не магу рызыкаваць усёй справай, бо без мяне ўсё заглухне… Як жа ж без мяне?

Голас Пфальцмана дрыжэў ад страху і жадання дагадзіць. Раптам ягоны позірк, які не адрываўся ад князя, што нервова хадзіў па пакоі, зачапіўся за постаці сведкаў размовы. Светлыя вочы немчука пашырыліся, вусны задрыжэлі.

— Ты… ты… Лёднік, ты тут? Н-навошта?

Радасці ў Пфальцмана было не больш, чым у маладога князя Іллі Астрожскага, якому паведамілі, што кароль памяняў яму нявесту, і замест гожанькай рахманай Барбары Радзівіл ён мусіць ажаніцца з ейнай старэйшай сястрыцай Ганнай, якая ўжо нарадзіла невядома ад каго двух байструкоў.

— Прывітанне, Якубе, — стрымана прамовіў Лёднік і не палез абдымацца з былым аднакурснікам па Лейпцыгскім універсітэце.

Тым больш той таксама абдымкі не раскрываў. Вынаходнік Якуб Пфальцман добра засвоіў, што сустрэчы з герам Лёднікам ды ягоным высакародным сябрам панам Вырвічам для яго могуць закончыцца вельмі стратна. Вось і цяпер — занерваваўся, баіцца, што Лёднік зараз пасуне яго з месца галоўнага каралеўскага вынаходніка.

— Кажаш, няма каго пасылаць на выпрабаванні? — задумліва прамовіў Тызенгаўз. — Праблемы з хіміяй? Ну вось табе, Пфальцман, само неба паслала двух… спецыялістаў.

Цені на сцяне з выкладзенымі смальтай візантыйска-тураўскімі фрэскамі трывожна варухнуліся.

— Вы дазваляеце мне выкарыстаць гэтых людзей? — недаверліва-радасна прамовіў Пфальцман, і на душы Вырвіча зашкрэбліся вельмі нядобрыя прадчуванні, асабліва ў спалучэнні з успамінам пра пачарнелыя трупы.

— Даю гэтых паноў табе ў поўнае распараджэнне! — неяк вельмі жорстка, з нядобрай усмешкай прамовіў падскарбій.

Пфальцман расквітнеў, як сурэпка на градзе, але ўсё-ткі асцярожліва папытаўся:

— А калі з герам Лёднікам што здарыцца? Вы ж хацелі, каб ён дапамог з медычнай школай…

Пранцішу не спадабалася, што Пфальцман не ўсхваляваўся лёсам пана Вырвіча герба Гіпацэнтаўр, быццам толькі жыццё былога слугі Бутрыма мае каштоўнасць. Але яшчэ больш не спадабаўся адказ князя, які насмешна прамовіў:

— А мы палічым, што гэта Божы суд. Выжывуць — значыць, не ілгалі. Здохнуць — так здрайцам і трэба. Ubi culpa est, ibi poena subesse debet[19].

Драгун ішоў следам за доктарам па вільготных каменных норах, якія асвятляліся рэдкімі ліхтарамі. Няўжо пад усімі гарадамі схаваныя такія кратавіны, поўныя злавесных таямніц? І ці не ёсць жыццё падземнае, з удзелам невядомых істот і іх таемных законаў, сапраўднай гісторыяй зямлі?

Між тым калідор з’яднаўся з больш шырокім — воз можа праехаць, і павёў уніз, каб лёд быў — дык саслізнулі б са свістам… Ліхтар у руках жаўнера, які ішоў першым, здаваўся балотным агеньчыкам, што можа завесці толькі ў дрыгву.

І раптам усе апынуліся ў вялізнай пячоры.

Яе зводы губляліся ў цемры, так што можна было ўявіць, быццам там грувасцяцца гаргуллі альбо звісае голле вечнага дрэва Ігдрасіль.

А ўнізе злавесна маўчала возера.

Яго чорныя воды люстравалі агні ліхтароў, быццам у Дантавым пекле, хаця пузаты Пфальцман аніяк не падыходзіў на ролю Вяргілія, які цягаў фларэнтыйскага паэта туды-сюды па тагасветных страхоццях. Аднак не было сумніваў, што менавіта куртатага вынаходніка месцічы лічаць чараўніком, а шматняк Грынька прыкмеціў у Лёднікавага аднакурсніка «суроклівае вока».

Як бы Раіна Міхалішыўна, танклявая і прыўкрасная, з горкім ротам і ветранымі валасамі, праспявала тут арыю Эўрыдыкі!

Але Вырвіч не змог стаць Арфеем і вывесці каханую са змрочнага царства…. І кроілася сэрца, і перахоплівала горла ад таго, што над чорнымі бяздоннымі водамі мсцілася белая танклявая постаць… Бывай, прынцэса мая…

А ў возеры плавала менавіта тое, з-за чаго, падобна, і апынуліся тут нявольныя шпегі, з-за чаго князь Гагарын гнаў сюды свой полк, а Антоній Тызенгаўз таемна сядзеў у заняпалым мястэчку заміж таго, каб пры двары ў Варшаве распрацоўваць тактыку і стратэгію вайны з канфедэратамі.

Напачатку гэта можа было прыняць за вялізную жалезную бочку. Але ў яе бакі ўрэзалі ілюмінатары, як на караблі. Да адкрытага люка, падобнага да адкрытай пашчы, вялі з берага масткі. Тырчэлі незразумелыя трубы і штось падобнае да плаўнікоў. Новенькія шрубы паблісквалі, як перліны на сукенцы прыдворнай дамы. Над збудаваннем ганарыста ўзвышалася сагнутая труба са шклом, як у тэлескопе — нібыта вялізнае пагрознае вока. Два мужыкі, якія штосьці падбівалі ў мастках, паглядалі на д’ябальскую пачвару з нянавісцю і страхам — гэтак жа, як і на паноў-чараўнікоў.

— Вадзяны змей… — прамармытаў уражаны Пранціш.

Але неверагоднага ў гэтым не было. Калісьці яны сустрэлі Пфальцмана, які вёз у Слуцкі замак да Гераніма Радзівіла жалезную чарапаху — адмысловую машыну, узброеную гарматамі, якую рухала пара. А тут таксама гарматы маюцца! Вунь, тырчаць іхнія тупыя пысы… Значыць, вось хто абстрэльваў з чыстага поля канфедэратаў ды расейцаў! Але як такі вялікі карабель ніхто не заўважыў?

— Ты ведаеш, Якубе, што Леанарда да Вінчы не захацеў распавядаць пра свае вынаходніцтвы для плавання пад вадой са словамі: «Людзі занадта злыя і выкарыстаюць гэта самым кепскім чынам»? — сур’ёзна зазначыў Лёднік.

Дык вось што! Гэтая штуковіна плавае пад вадой? Ну тады ясна, чаму яе не заўважылі…

— Ты сам, Баўтрамеюс, любіш паўтараць, што ўсё — лекі, і ўсё — атрута, — з прыхаванай крыўдай прамовіў Пфальцман. — Я проста ў чарговы раз зрабіў тое, што нікому не ўдалося! Так што твае словы, мой сябар, магу аднесці на рахунак звычайнай зайздрасці.

Бутрым прыкусіў губу. Пранціш дакладна ведаў, што той сапраўды трохі зайздросціць аднакурсніку, гэтаму смешнаму пузатаму чалавечку, які бярэцца за невыканальнае і дзёрзкае і здзяйсняе. Але Чорны Доктар не мог не дадаць і атруты:

— Я веру, што ты многае ўдасканаліў, сябар мой. Але яшчэ сто пяцьдзясят год таму, пры ангельскім каралі Якабе, галандзец Карнэліус Дрэбель катаў у Тэмзе ўсіх жадаючых на сваёй падводнай пасудзіне. Нават кароль плаваў… Казалі, Дрэбель пабудаваў урэшце падводны карабель, у якім магло змясціцца дваццаць чатыры чалавекі і які апускаўся на пяцьдзясят сажняў ад паверхні…

— Хопіць і чатырох метраў! — раздражнёна кінуў Пфальцман — відаць, ягоная канструкцыя глыбей не сягала.

— А рухавік, падобна, звычайныя вёслы, як у Дрэбеля? — задумліва прамовіў Баўтрамей, азіраючы вадзянога змея, быццам каня на кірмашы.

Пфальцман надзьмуўся, падобна гаспадару, дачку якога абмяркоўвае прыдзірлівая радня жаніха: і ходзіць крыва, і сама крыкліва.

— Пакуль іншага не прыдумаў ніхто. Пад вадой паравы рухавік не прыстасуеш. Затое вёслы рухаюцца аўтаматычна, дастаткова двух чалавек круціць падважнікі. І сістэма пагружэння незвычайная — я прыдумаў адмысловую помпу… У баласныя цыстэрны вада прасочваецца скрозь алавяныя пласціны з маленькімі адтулінамі… Ну, сам зараз убачыш.

Значыць, іх пусцяць унутр вадзянога змея! Нягледзячы на прыкрыя абставіны, вочы Полацкага Фаўста фанатычна загарэліся, дый Пранцішу цікава было аж да віску.

Між тым на беразе падземнага возера гуў невялікі порт. У прыцемку, які разганялі ліхтары ды паходні на адмысловых слупах, можна было разгледзець, як грувасціліся горамі мяхі, высіліся складзеныя бярвенні, шнырылі рабочыя з гружанымі калёсцамі. Проста над падводным караблём навісала канструкцыя, падобная да партавога крана: з жалезнай бэлькі спускаўся таўшчэзны ланцуг з крукам.

А яшчэ вакол стаяла ўзброеная варта.

Вырвіч падумаў, што недарэмна мужыкі глядзяць так ненавісна і са страхам, бо гэта ўвязвалася з расповедамі шматняка Грынькі пра ахвяры вадзянога змея: напэўна ж, тых няшчасных, якіх сагналі сюды дзеля чорнай работы, трымалі, як на катарзе, нікуды не выпускаючы, каб захаваць таямніцу.

Пфальцман падаў знак, і мужыкі, што рапаравалі драўляныя перакладзіны, таропка вызвалілі шлях.

Масткі пружынілі пад нагамі, быццам злаваліся, што іх турбуюць.

Услед за Якубам Пфальцманам шпегі асцярожна зайшлі, прыгнуўшыся, у вадзянога змея. Вырвіч заўважыў краем вока, як мужыкі плююцца ды хрысцяцца ім услед. Павевы Асветніцтва тут сустракалі шчыльна зачыненымі шыбамі.

Унутры змея было не дужа прасторна, амаль як у Жалезнай Чарапасе, у якой калісьці ездзілі па Слуцку, палохаючы месцічаў. Але, па сцверджанні Пфальцмана, сюды шчымілася каманда ў шэсць чалавек. У святле ліхтара бачылася, што сцены і знутры не з дрэва, а металічныя, і Вырвіч мог прысягнуць, што Пфальцман прыдумаў адмысловы сплаў.

А вось і гарматы… Падобна, што яны прыцэльваліся з дапамогай гэтай трубы са шклом. Лёднік калісьці распавядаў Вырвічу, яшчэ студыёзусу, пра камеру-абскуру, вядомую ў часы Арыстоцеля, і як з дапамогай сістэм люстраў шалбер Доктар Дзі дэманстраваў вогненны меч, што нібыта ўсё разразаў, як масла. Так што дзеянне трубы, якая паказвала ўсё, што адбываецца наверсе, Вырвіча не здзівіла.

Пасярэдзіне змея грувасцілася прылада, падобная да алхімічнага тыгля — атанора, з перагоннымі кубамі ды колбамі. Лёднік ледзь носам па тых колбах не вадзіў, тады выпрастаўся і са здзіўленнем папытаўся ў сябра:

— Ты што, награваеш салетру і такім чынам здабываеш кісларод?

Пфальцман важна хітнуў галавой.

— Менавіта так. Нам трэба, каб падводны карабель мог праплысці пад вадой як мага далей. У мінулым годзе, пакуль не перапыніліся на зіму, здавольваліся парай гадзін — больш без усплыцця каманда не вытрымлівае. Але ягоная вялікасць мае важныя планы на маё вынаходніцтва, дзвюх гадзін мала. Вось і… эксперыментую. Праўда, сістэма недасканалая, пачалі няшчасныя выпадкі здарацца…

Дык вось адкуль пасінелыя трупы на насілках! Сплылі падводныя мараходы на вадзяным зміі ў чысцец… Задыхнуліся ды атруціліся…

— Ты што, людзей адпраўляў пад ваду дыхаць неправераным рэчывам?

Лёднік быў угневаны, а Пфальцман толькі няўважна паціснуў плячыма. І Пранціш зразумеў, што гэты бяскрыўдны з выгляду чалавечак такі самы, што і заснавальнікі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны з Манпелье. І дзеля навукі можа ўмарыць не аднаго няшчаснага…

— Няўдачы — неабходныя этапы на шляху да добрага выніку, хіба не ведаеш, — пацвердзіў высновы драгуна гер Якуб.

— Нават калі гэтыя этапы — людскія жыцці? Калі ты навучыўся па трупах да вышынь навукі караскацца?

Пфальцман пазіраў на Лёдніка недаўменна, як дзіця, якому патлумачылі, што кацяня млее зусім не ад шчасця, калі яго доўга ціскаць:

— Я ж нікога назнарок не забіваю. Наадварот, стараюся наладзіць бяспеку. Спадзяюся, ты ў гэтым дапаможаш… У механіцы я лепшы, але ў хіміі табе роўных мала.

Вынаходнік ляпнуў даланёй па бліскучым баку тыгля, быццам той быў неслухмяным дзіцем.

— Не магу даўмецца, што не так, чаму час ад часу настае атручванне. З кароткіх паходаў карабель вяртаецца без перашкодаў. А як толькі больш за дзве гадзіны апарат працуе — бяда… Прычым у лабараторных умовах — усё нармальна.

Лёднік сцяў зубы — праблема бязвінных ахвяраў у імя навукі была для яго асабліва балючай, ведаў за сабой грэх, і пачаў засяроджана вывучаць апарат для выпрацоўкі з салетры кіслароду. Пранціш разумеў, што ад таго, ці разбярэцца доктар з непаладкамі, залежалі іх жыцці. Было неахвота паміраць у тоўшчы халоднай веснавой вады, зняволенымі ў жалезнай бочцы, задыхацца, сінець… І добра, калі пахаваюць па-хрысціянску, а можна ж і на дне застацца навечна разам з клятым зміем… У канвенце Менскага езуіцкага калегіума шкаляры расказвалі адзін аднаму па начах легенду пра цмока, які жыў у пячоры менскай Высокай гары. Яго забіў жаніх прыгажуні, прызначанай у ахвяру пачварыне, але й сам быў смяротна паранены. Рыцара ў крышталёвай труне апусцілі на дно Свіслачы разам з забітым цмокам. І з моста, што ў Татарскім Канцы, можна пабачыць праз зеленаватую свіслацкую ваду рэбры таго цмока і бляск труны…

Пранціш з сябрам-гарбунком па мянушцы Вараня таксама бегалі глядзець таго цмока і крышталёвую труну, і, здаецца, штось угадвалі праз міглівую плынь. А раптам у гэтай легендзе адлюстравана трагічная гісторыя пра выпрабаванне першай падводнай лодкі на нашай зямлі? Прыдумаў у часы князя Глеба Менскага мясцовы ўмелец падводны човен, разам з ім патануў, ды так і застаўся на тваністым дне, у сваім чоўне, што ператварыўся ў саркафаг…

Пранціш змрочна пастукаў кулаком у жалезнае чэрава вадзянога змея, злавесна загуло рэха.

— Колькі людзей, гер Пфальцман, вы страцілі падчас эксперыментаў?

Чарадзей з суроклівым вокам паморшчыўся, быццам Пранціш груба парушыў правілы паводзінаў у шляхецкім таварыстве. Нягжэчнае пытанне…

— Не больш за тузін, пан Вырвіч. Самае прыкрае — пацярпелі найбольш дасведчаныя. Так што вы якраз дарэчы з’явіліся.

Лёднік змрочна маўчаў, зазіраючы ў перагонныя кубы, і не выказваў палкага жадання адправіцца ў падарожжа.

— А ты, Баўтрамеюс, змяніўся, я гляджу. Заўсёды ж першы кідаўся ў незвычайныя доследы, сам прасіўся паўдзельнічаць, да механізмаў любых ірваўся, як курэц да табакі. Відаць, адышоў ты апошнім часам ад навукі, перагарэў…

За фальшыва-спачувальным тонам немчука разлівалася вядро атруты.

Лёднік на пад’юджванне не паддаўся, як не чуў, абнюхваў сабе ды абмацваў прыладу, а потым уладна прамовіў:

— Мне трэба правесці дасканалыя лабараторныя даследаванні тае сумесі, якую ты выкарыстоўваеш для атрымання кіслароду, Якуб. Мяркую, памылка менавіта ў прапорцыях ды якасці рэчываў. Хаця б тыдзень папрацаваць з рэагентамі…

Круглы твар Пфальцмана зноў выпраменьваў задаволенасць жыццём.

— Лабараторыя наверсе, калі ласка. Але пан Тызенгаўз прызначыў выпрабаванні пазаўтраму, так што ў вас, сябры мае, адзін дзень на падрыхтоўку. Уражанні ад плавання, абяцаю, будуць незабыўныя!

Вось у гэтым Вырвіч не сумняваўся. Галоўнае, каб тыя ўражанні былі не апошнімі ў ягоным жыцці.

Дарэмна Лёднік абураўся, што так мала часу — усё было вырашана за іх… З’едлівыя прапановы Вырвіча падзяліць з імі гонар падарожжа Пфальцман рашуча адмёў — нават занерваваўся… Ясна, больш за ўсё на свеце баіцца, што яго змусяць выпрабаваць сваю душагубку на сабе. Таму адправіць на смерць каго заўгодна, абы не самому…

На беразе чорнага возера, якое ніколі не люстравала сонца, узброеныя жаўнеры пільна назіралі за тройцай даследчыкаў. Жалезны змей, таемная зброя караля Рэчы Паспалітай, ахоўваўся, як скарбніца. Рэха крокаў па драўляных мастках гублялася пад цёмнымі зводамі.

— І як такая вялізная пячора ўтварылася? — вырвалася ў Пранціша.

— У гэтай мясцовасці лінія сутыкнення зямных пластоў, — ахвотна патлумачыў Пфальцман. — Кожнае стагоддзе — моцныя землятрусы. У вашай краіне такія толькі тут здараліся. Вось падчас аднаго з такіх землятрусаў, ды з дапамогай падземных вод і ўтварыліся пустоты. Мясцовыя жыхары пра іх здаўна ведалі. Мой мясцовы памочнік Зыдар — на жаль, ён… стаўся сёння ахвярай навукі, запэўніваў, што гэтыя пячоры скарыстоўвалі ўладары Турава як асабістае сховішча. Таму й трымалі ўваход у яго ў таямніцы. Зыдар казаў, што тут існуе легенда пра калодзеж нейкага вашага князя…

— Тураў калодзеж, ці што? — удакладніў Вырвіч.

— Магчыма, — адмахнуўся Пфальцман, якому было начхаць на мясцовыя звычаі і імёны мясцовых князькоў. — Дык вось, у легендзе расказваецца пра калодзеж з некалькімі днамі, пад апошнім з якіх схаваныя сусветныя воды. І праўда, уваход сюды і быў замаскіраваны пад калодзеж. І дно мелася не адзінае. Пліта паварочвалася, вада адводзілася ўбок, і адкрывалася лесвіца сюды. А мы выкапалі асобны ўваход, шырокі, каб завозіць матэрыялы, і пабудавалі над ім мануфактуру.

Лёднік уважліва азіраўся наўкол.

— Сапраўдная пячора Цыклопа… А як карабель трапляе ў раку?

— З возера — падводны праліў проста ў Прыпяць.

Пфальцман няспешна дастаў з кішэні залатую табакерку з вензелем Станіслава Аўгуста, ухапіў табакі, уцягнуў носам, са смакам чхнуў, абцёрся карункавай хусткай.

— Праліў перакрываецца металічнымі кратамі, так што мы ў бяспецы. Але ў Прыпяць вы не паплывеце. Усяго толькі пратрываеце пад вадой на месцы некалькі гадзін, каб праверыць, як працуе ачышчальнік паветра. Карабель будзе пачэплены на ланцуг, калі што — мы вас выцягнем.

Вось табе маеш… А Вырвіч пачаў было планаваць, як яны з Лёднікам уцякуць разам з Жалезным змеем, як калісьці з’ехалі са Слуцкага замка на Жалезнай чарапасе. Не дурныя гаспадары, каб дапусціць такую магчымасць…

— А колькі сажняў тут да дна ў самым глыбокім месцы? — удакладніў Лёднік.

— А хто яго ведае! — светлыя вочы Пфальцмана пазіралі бязвінна, як у патомнага гіцаля. — Ля таго берага, відаць, расколіна ўтварылася падчас землятрусу. Але вы не хвалюйцеся, у тую дзірку апускацца не трэба, дый карабель не вытрымае. Будзеце тут, ля берага, там неглыбока.

Па дарозе наверх вочы шпегам не завязвалі. Навошта? Аховы хапала, выпускаць іх ніхто не збіраўся. Затое лабараторыя ў фальшывай мануфактуры абсталяваная — універсітэт пазайздросціць… Доктар адразу забразгаў рэтортамі-колбамі, правяраючы наяўнасць інгрэдыентаў, усё раскрытыкаваў, паслаў па рэчывы і інструменты, якіх яму не хапала… Ягоныя жаданні выконвалі бегма, быццам шчодра сыпалі Курцы-Рабцы адборнае зерне ў чаканні залатога яйка.

У той жа мануфактуры шпегам адвялі куточак, дзе пасяліцца, больш падобны да турэмнай камеры. Нешта апошнім часам такая абстановачка падазрона зрабілася традыцыяй. І зноў шаблі адабралі… Толькі кляты Альбукасісаў шлем пакінулі, які доктар, не пачырванеўшы, выдаў за старажытную астралябію, каторая, як гаворыцца, сама ўсё мерае, было б што мераць.

— Самы час уцякаць з гэтай пячоры Цыклопа, але ж не дадуць, — прашаптаў Пранціш Лёдніку, калі яны на нейкі час засталіся ў сваім пакоі самнасам.

Шаптаў — бо маглі падслухоўваць. Чорны Доктар толькі хмыкнуў:

— Адзінае выйсце — удала правесці выпрабаванне, каб зразумелі, што мы патрэбныя… А там будзе відаць…

Вырвіч кінуў на тапчан патрапаную шапку, у якой яго адправілі шпегаваць на князя Багінскага — насіў ён горшыя, насіў лепшыя, аблезлым собалем шляхціца-шарачка не здзівіць, а нашчадка Палямона — не прынізіць.

— А як ты думаеш, што было ў лісце, які Ватман нам падсунуў? Вунь Тызенгаўз як узрадваўся! А там, напэўна ж, фальшывыя звесткі пра канфедэрацкія войскі… Выкрыюць — і капцы нам…

— Самая добрая мана — тая, дзе ёсць дамешак праўды… — Лёднік стамлёна ўлёгся на свой ложак, заплюшчыўшы вочы — адбіты бок яшчэ балеў. — І я ніколькі не здзіўлюся, калі дзеля таго, каб Тызенгаўз нам паверыў, адправяць на гібель пару дзясяткаў няшчасных канфедэратаў, уся віна якіх толькі ў тым, што вайскаводцам не шкада імі ахвяраваць.

— Думаеш, і сутычка на дарозе была не выпадковай? — Вырвіч усеўся на другі тапчан.

— Калі мы маем справу з Ватманам, у супадзенні і выпадковасці я адмаўляюся верыць, — горка прагаварыў Лёднік. — Думаю, ён адправіў за намі атрад з загадам схапіць здраднікаў, гэта значыць, нас, і адначасова хтось па ягонай волі папярэдзіў Тызенгаўза, што трэба ратаваць перабежчыкаў з каштоўнымі звесткамі. Усё праўдападобна, вось таму мы тут, а не ў вязніцы, як ворагі. Хоць не ведаю, у чым у нашым выпадку розніца.

Дзесьці за сцяной забразгаў метал аб метал — магчыма, кавалі рабрыну для Жалезнага Змея, а можа, ланцугі для яго ж.

— Чакай… Але ж нас лёгка маглі забіць альбо параніць! — уразіўся Вырвіч. — Тыя канфедэраты не прыкідваліся, яны й праўда лічылі нас здрайцамі і былі злыя, як харты.

— Ну, альбо Ватман высока цэніць нашыя баявыя здольнасці і ўпэўнены, што мы зможам сябе абараніць… — хмыкнуў доктар, — альбо — і гэта больш верагодна — ён нічога не меў супраць таго, каб нас і праўда добра прыклалі. Мая смерць прынесла б яму столькі радасці, што ён мог неяк дамовіцца са сваім прафесійным гонарам, калі заданне правалілася б.

Зжаваўшы вылучаны двум новым жыхарам таемнай мануфактуры хлеб і высербаўшы поліўку з плябейскіх гліняных місаў, шпегі раздзяліліся. Лёднік выправіўся ў лабараторыю, а Вырвіч, праводзіўшы яго, пачаў вынюхваць што можна. Загаворваў з жаўнерамі, з мужыкамі, якіх сагналі сюды дзеля чорнай працы. Падслухоўваў… Падлабуньваўся да Пфальцмана, адвешваў яму кампліменты вагой са званы Свята-Духава сабора… Нават распіў з герам Якубам па чарачцы вішнёвага лікёру, што развязала вынаходніку язык.

І выходзіла, што прызначанае так хутка выпрабаванне карабля было не капрызам падскарбія. А проста князь Гагарын настойліва патрабаваў, каб яго пусцілі праінспектаваць мануфактуру, пагражаючы, што да Панятоўскага пасланы ганец ад самой імператрыцы Кацярыны, які прывязе на гэта дазвол. Падобна было, што Гагарын ведае пра таемнае возера і вадзянога змея куды больш за Багінскага — пэўне ж, былі і ў расейцаў тут шпегі. І вялікая верагоднасць, што слабы духам і залежны ад Кацярыны кароль падпіша любыя паперы, каб не выклікаць падазрэнняў і няміласці імператрыцы. А то з расейцаў станецца і войскі на штурм павесці — іх і так нагналі ў Рэч Паспалітую, як вазоў на кірмаш… Прыстойную падставу знойдуць заўсёды — прыкладам, выкрылі змову супраць таго ж Панятоўскага… Вось і абараняюць яго, небараку неразумнага, нат калі ён не просіць.

А таемную зброю аддаваць расейцам вой як не хацелася — а яны ж забяруць, прычапіўшыся, што парушана пагадненне пра колькасць каронных войскаў у Рэчы Паспалітай. Таму карабель вырашылі як мага хутчэй перагнаць па Прыпяці ажно ў Дняпро, да ўмацаванага сховішча. Зрабіць жа гэта сталася не так лёгка, бо расейцы расставілі людзей уздоўж ракі. Варта лодцы ўсплыць, каб памяняць паветра — гамон… У маскоўцаў загад — у любую падазроную трубу, што з ракі высунецца, страляць ды падымаць трывогу. Яшчэ і пасярод Прыпяці на чаўнах пільнавалі, усіх рыбакоў мясцовых змусілі дапамагаць. Узнагароду вялікую прызначылі таму, хто заўважыць у вадзе штось незвычайнае. А месцічы на Тызенгаўза злыя і на ягонага вадзянога змея, маўляў, людзі з-за яго знікаюць, дык і стараюцца.

Ноччу не паплывеш — без ліхтара ты сляпы, з ліхтаром — заўважаць. Адзінае — ісці на глыбіні, не ўсплываючы, так далёка, каб скончыліся пасты жаўнераў. Таму неабходна было наладзіць апарат для выпрацоўкі кіслароду.

І Лёднік наладжваў… Усю ноч шчыраваў, выгнаўшы з лабараторыі Пранціша, каб не раздражняў, ды яшчэ колькі разоў спускаўся да карабля. Вярнуўся ў іхні закуток толькі пад раніцу, зняможаны, змрочны… Паваліўся спаць — але дазволіў сабе толькі пару гадзін на сон ды колькі хвіляў на малітву… Вырвіч жа асвойваў «механічны бок»: Пфальцман па старой памяці цярпліва тлумачыў драгуну, як дзейнічае помпа для напаўнення цыстэрн, як рухаць вёслы… Але паспрабаваць на практыцы не дазволіў.

З лабараторыі ўвесь наступны дзень даносіўся такі смурод, што ўсе прусакі ды блохі, мусіць, выдахлі, калі яны тут вадзіліся. Поўнае нігрэда, карацей. Лёднік час ад часу пачынаў перхаць ды выбягаў на калідор, аддыхацца.

Самым падазроным было, што ні доктару, ні драгуну так і не далі магчымасці апрабаваць змея ў руху — апусціцца, усплыць… Пфальцман запэўніваў, што турбавацца не варта. Можа, з імі кагось пашлюць умелага?

А ў вольныя хвілі Чорны Доктар засяроджана маліўся, асабліва за здароўе рабоў Божых Саламеі, Аляксандра ды Сафіі, і чытаў канон сваім заўсёдным заступнікам, святым пакутнікам Кіпрыяну ды Юстыніі, найлепшым абаронцам ад чарадзейства.

— Быў ты служкаю дэманаў напачатку, але Хрыстовым Багаяўленым вучнем выявіўся пасля… Ад чарадзейнага майстэрства адвярнуўшыся, багамудры, да спазнання Боскага, з’явіўся ты свету лекарам мудрэйшым… І сэрца маё, гноем грахоўным хворае, малітвамі тваймі ацалі…

А Пранціш яшчэ і пісаў вершы. Яны ліліся, як быццам спяшаліся спраўдзіцца на паперы перад тым, як паэт назаўсёды адправіцца ў халоднае бяздонне тураўскага калодзежа.

…Вада паглынае апошнія дні,

запальвае варта на вежах агні,

І князь старадаўні ўсё трубіць у рог,

склікаючы вояў, якіх не збярог.

І сніліся драгуну ў самым сэрцы старажытнага Турава то вогненны танец егіпецкай прынцэсы, то хуткія рухі тонкай рукі з заціснутым у пальцах вугалем, які пакідаў на чыстым палатне абрысы разумнага дзявочага твару з цёмнымі іранічнымі вачыма.

Загрузка...