Раздзел адзінаццаты ДВУБОІ ЧОРНАГА ДОКТАРА

Леанарда да Вінчы сцвярджаў, што існуе такі звер катаблепас. Ягоны пагляд забівае чалавека дакладней гарматнага ядра ў лоб. Вось толькі зрабіцца ахвярай катаблепаса трэба яшчэ схітрыцца, бо яго галава настолькі цяжкая, што небарака не можа яе прыўзняць ад зямлі.


Пранціш Вырвіч гэтай сонечнай веснавой раніцай адчуваў сябе гэткім няўклюдным катаблепасам — галава трашчыць ад недасыпу, хіліцца долу, цяжкая, як цабэрак, пры гэтым злосць у душы так і віруе, так бы і спапяліў каго паглядам… Начавалі ў нейкай адрыне, на гарышчы, мерзлі. І Вырвіч, ледзь-ледзь прадраўшы вочы, спрасоння так ляснуўся лбом аб нізкую бэльку, што цяпер мімаволі рука цягнулася памацаць гузак.

Абранец са знакам у лбе, разумееш… Толькі і камандаваць такім атрадам, які ў яго зараз: аж два ваяры ў падначаленні, падлетак ды аптэкар.

Вырвіч тужліва азірнуўся. Давыд, у насунутым на самыя вочы чорным мятым капелюшы, не вельмі зграбна сядзеў на бела-плямістым паслухмяным кані ды нешта сабе напяваў пад нос на французскай мове… Аптэкар нечакана далучыўся да драгуна на выедзе з Полацка. Маўляў, пасля бурлівага жыцця Францыі засумаваў, дык чаму б не пашукаць дзядзьку Бутрыма? Жаўнер з нядаўняга студэнта-фармацэўта наўрад быў важнецкі, хіба для кампаніі…

Але Давыд хаця б дарослы. А вось малодшы Лёднік — лічы, дзіця… Хаця такіх, здаралася, у магнацкіх сем’ях ужо й жанілі дзеля патрэбаў палітычных.

Алесь Баўтрамееў Лёднік учыніў мудра: з Вырвічам адразу не выправіўся — бо ясна, дзядзька Пранціш адправіў бы дадому ды яшчэ загадаў бы замкнуць увішнага паніча. Цягнуўся на кані следам, як Борах па дворах, хаваючыся так, што Пранціш заўважыў пераслед толькі на другі дзень. Хлопец быў упарты, увесь у татачку, і Вырвіч ледзь зубы ад злосці не скрышыў — але мусіў узяць з сабою. Ну як з такімі спадарожнікамі ў небяспечнай вандроўцы? Як з дудою на паляванні.

Між тым вайна шчэрылася паўсюль. Там спаленая хата, там — паранены жаўнер у карчме… Распытвалі, каго маглі, спрабуючы зразумець, у якім баку войска вялікага гетмана, і ці не чулі пра атрад расейцаў з вялізным падазроным абозам. Па ўсім выходзіла, што едуць правільна, маскоўцы рушылі ў бок Капанічаў. Пранціш зноў пакруціў на пальцы заручальны пярсцёнак, і цяплей ды спакайней неяк сталася, нібыта пярсцёнак зачараваны.

Кволыя галінкі ўзлеску выпроствалі першыя зялёныя лісткі так нясмела, нібыта чакалі, што іх вось-вось зблоціць сівер, вярнуўшыся, як злы настаўнік у клас, дзе дзеці пачалі без яго сваволіць. Па дарозе, трохі падсохлай, гайдалася на ўсіх калюжынах павозка, падобная да распісанай зялёнай фарбай скрыні. Яе цягнулі два цярплівыя рудыя кані, чыя маладосць прамінула, як нядаўняя зіма. І быццам яблыкі ў скрыні, у павозцы шчыльненька сядзелі дзіўныя людцы — не зразумець, ці шляхта, ці валацугі… Дзве пані ў пудраных парыках мелі такія натынкаваныя, намаляваныя фізіяноміі, што немагчыма вызначыць узрост. Фізіяноміі пераляканыя. Уборы з неверагодна пышнымі карункамі пашыты з вельмі таннай тканіны. Ясна, вандроўныя артысты.

Спадар з высакародным тварам, неадменна ўсе ролі каралёў былі ягонымі, адказаў падарожным паважна, але спалох да канца схаваць не змог. Непадалёк вялікая бойка ідзе… Б’юцца маскоўцы і войска вялікага гетмана. Ледзь уцяклі няшчасныя камедыянты…

І па ўсіх канонах прыгодніцкага жанру зараз Вырвіч са спадарожнікамі мусілі папрасіцца ў трупу, замаскавацца пад артыстаў, каб далей шпегаваць… Але Пранціш Вырвіч быў самавітым шляхціцам, і яму ў галаву не прыйшло ганьбіць сябе, звязваючыся з балаганшчыкамі. Дый тым з якой радасці рызыкаваць, здадуць пры першай магчымасці шпегаў…

Таму павозка правінцыйнай Мельпамены ад’ехала ў туманістыя далечы, а каманда, створаная ў імя выратавання Чорнага Доктара, рушыла ў другі бок, самы небяспечны.

Вырвіч не вельмі хацеў везці малога Лёдніка туды, дзе свішчуць кулі ды сякуць шаблі… Але старэйшы Лёднік з вялікай верагоднасцю быў менавіта там. Добра хоць, Алесь на кані добра трымаецца — сам Вырвіч вучыў… І не скардзіцца ніколі, як бы ні стаміўся, толькі вусны ганарыста падціскае ды дзюбаты нос задзірае, бацькавіч…

— Пан Вырвіч, нам, падобна, туды!

Давыд паказваў худым пальцам у поле, дзе на пажухлай леташняй траве ляжаў ніцма чалавек у сінім мундзіры. А вось яшчэ адзін… А там, ля паламаных кустоўяў, хтось у белай куртцы, заляпанай крывёй. Самотны конь з пустым сядлом скубе сухія сцяблінкі. Крумкач няспешна кружляе над полем нядаўняй бойкі, завяршаючы сумотную карціну чорным насмешным штрыхом.

— Можа, яшчэ хто жывы? Трэба дапамагчы?

Малодшы Лёднік успадчынніў і гэта…

Але параненых, відаць, забралі адразу, толькі па памерлых яшчэ не вярнуліся.

— Мусіць, падводны карабель адбівалі… — прамармытаў Пранціш.

І ўпершыню прыйшло ў галаву, што ў дзеяннях Ватмана была свая, няхай і вычварная, логіка. Ціхенька абмяняць закладніцу на патрэбнае. Бо іншы спосаб адабраць вадзянога змея быў вось такі, сумленны, шляхецкі, так бы мовіць… І крывавы. Колькі чалавек загінула з-за ліцвінскай прыўкраснай Алены, скрадзенай Вырвічам, амаль што Парысам? А расплачваецца зноў хітрамудры Адысей-Бутрым…

Пранціш адагнаў здрадлівыя думкі. Усё адно Гагарын не згадзіўся б на абмен, і скончылася б той самай крывёй. Але зламаўся б лёс Дамінікі, а ў Пранціша зараз не паблісквала б на пальцы гэтага пярсцёнка са смарагдам, знойдзенага ў куфэрках Багінскіх… Сам ён надзеў на палец нявесты свой уласны, фамільны, з гербам «Гіпацэнтаўр», з якім не расставаўся. Пярсцёнак для пальчыка мастачкі быў завялікі, боўтаўся… Трэба замовіць, каб звузілі… Калі, вядома, уладальніца захоча і надалей насіць сціплае старажытнае ўпрыгожванне, якое сагравалі пальцы пакаленняў Вырвічаў.

Раптам удалечыні пачуўся выбух.

Ды не слабенькі, а так, што зямля страсянулася, быццам там прызямліўся цэлы статак адкормленых цмокаў.

Дзе выбух, там Полацкі Фаўст. Чамусь ва ўсіх трох адразу ўзнікла менавіта такая сэнсавая сувязь.

Што, вядома, пэўным чынам характарызавала найперш доктара Баўтрамея Лёдніка.

Калі наперадзе пачуліся далёкія галасы, і замітусіліся, бы мурашы ў разварушаным мурашніку, чалавечыя фігуркі на тле чорнага дыму, Давыд Ляйбовіч прытрымаў каня.

— Пан Вырвіч, стойце… Не варта вам туды лезці, ды яшчэ паніча валачы. Давайце я на выведку адпраўлюся — у мяне з сабой сумка з лекамі, прапаную свае паслугі. Там, мусіць, параненыя ёсць… Я, канешне, не доктар Лёднік, але ва ўніверсітэце дзякуючы яму павучыўся.

І, як ні карцела Пранцішу адправіцца самому, давялося пагадзіцца ды яшчэ ўтрымаць Алеся, які ірваўся шукаць татку. Спыніліся пад бярозкамі, на сонейку, на палянцы, якую абсыпалі белыя кветачкі — каб не ляжалі побач скрываўленыя трупы, дык можна было азірацца ў пошуках райскага дрэва і херувімчыкаў.

Але гэта быў не рай, а астравок зацішша пасярод крывавай вясны. На сонейку грэўся вялізны шэры з ружовымі прожылкамі валун, за ім можна было зручна схавацца. Магчыма, быў гэта каменны цмок-шавец, якіх шмат у ліцвінскіх вёсках. У такіх камянях ёсць нібыта акенца, куды можна шаўцу падаваць скуру, а пасля забіраць гатовыя боты. Галоўнае, у царкву ў абноўцы не заходзіць — разваліцца. А магчыма, гэта быў камень-следавік, на які аднойчы наступіла сама Маці Божая, назаўсёды пакінуўшы адбітак па форме нагі. Але паверхня валуна была роўнай, шурпатай, як спіна скамянелай жывёлы, зубра альбо вала… І, мусіць, менавіта такая легенда і існавала.

Вырвіча ж і малодшага Лёдніка зараз цікавілі не легенды, а эпапеі. Па выніках выведкі Давыда можна было напісаць эпічную п’есу і прадаць сустрэтым вандроўным камедыянтам… Шэкспір плакаў бы ў баку ад зайздрасці і выціраўся манжэтай.

Калі аптэкар пад’ехаў бліжэй да месца выбуху, пабачыў карціну без рамачкі. Невялічкі маёнтак, хутчэй — хутар, патрапіў пад капыты аднаго з вершнікаў Апакаліпсісу па імені Вайна. На месцы адрыны ці вялікай пуні зеўрала яміна, з якой ішоў чорны дым. Наўкруг валяліся дошкі і металічныя дэталі. Давыд, якому пан Вырвіч распавёў пра вадзянога цмока, здагадаўся, што гэта парэшткі пачвары. Тым больш перад тымі парэшткамі траянскага каня…. пардон, ліцвінскага цмока стаяў доктар Баўтрамей Лёднік, патрапаны так, нібыта ім стралялі з гарматы. Адзін рукаў вісеў на нітках, на шчацэ чорны пісяг. А насупраць Лёдніка драў горла пачырванелы князь Багінскі, які, здавалася, гатовы быў і праўда таго Лёдніка ў гармату запхнуць ды стрэліць у бок вострава Ява.

— Мярзотнік! Табе паверылі, цябе пусцілі з механізмамі разабрацца… Колькі князь Гагарын заплаціў, каб ты карабель узарваў?

— Вашамосць, гэта няшчасны выпадак! — хрыпла апраўдваўся Лёднік, стрэсваючы са скураной курткі наліплыя камякі гразі і попел. — У караблі, у прыладзе для ачышчэння паветра знаходзілася салетра. Падчас пераезду яна змяшалася з іншымі рэчывамі… Пачалася рэакцыя. Калі б я гэта не заўважыў, ды не папярэдзіў усіх, каб разбягаліся — маглі б быць і ахвяры!

Багінскі ледзь не пляваўся ад злосці.

— Не плявузгай! Гэта ты спецыяльна штось там намяшаў. Вырашыў вярнуць сабе міласць яе вялікасці, паспрабаваць зноў да яе ў давер увайсці. Дарэмна! Паглядзі на сябе! Бязродны, здохлы галадранец!

— Вашамосць, дазвольце, мы яго павесім! — раўнуў рослы шляхцюк, на лбе якога крывавіла драпіна — відаць, жалезная костка змея патрапіла.

Натоўп вакол ахвотна падхапіў:

— У пятлю чарнакніжніка!

— Ці-ха! — закрычаў князь і паморшчыўся — гарлаць ды раўці было не па ягонай натуры, нягжэчна.

І ад таго, што апусціўся да плябейскага крыку, Багінскі яшчэ больш злаваўся на вінаваўцу.

— На вялікі жаль, Лёднік, я даў слова, што захаваю табе жыццё і здароўе. Але не думай, што рэшту гэтага жыцця ты правядзеш, радуючыся, як мяне падмануў.

Князь рэзка развярнуўся, загадаўшы вартаваць вязня, як найвялікшы скарб, і сышоў, бы не заўважыўшы развітальныя словы доктара:

— Бедная Раіна Міхалішыўна, яна забылася акрамя жыцця і здароўя для нас згадаць пра свабоду…

Веснавы ветрык насіў чорныя сняжынкі попелу.

Далей на нейкі час увага Давыда была адцягнутая ягонымі першымі пацыентамі — не толькі шляхціц з падрапаным ілбом пацярпеў ад выбуху ў адрыне ды ў бойцы з маскоўцамі. Доктару ж Лёдніку, які таксама прапанаваў свае паслугі, вельмі груба параілі маўчаць ды не торкацца.

Давыд, які мазаў раны бальзамам, сшываў ды перавязваў, толькі краем вока бачыў цёмную высокую постаць у коле злых да зубнога болю ахоўнікаў. Бутрым стаяў, выпрастаўшы спіну, як за кафедрай, і засяроджана чытаў свой нататнік. Зразумела, калі і заўважыў ды пазнаў Ляйбовіча, выгляду не паказваў. Аптэкар жа наслухаўся столькі лаянкі ды кляцьбы ў бок Чорнага Доктара, што ўсур’ёз занепакоіўся. Шляхцюкі шчыра лічылі, што гетман учыняе несправядліва, не даючы ім пакараць здрадніка, які столькі шкоды нарабіў, і падазрона перашэптваліся, сабраўшыся кампаніямі.

А потым да Лёдніка падышла расфуфыраная пані ў парыку, падобным да ўзбітых вяршкоў з цукатамі. Паколькі міленькая, як херувімчык, пані трымалася ўладна, а ахоўнікі паслухмяна яе прапусцілі, Давыд здагадаўся, што гэта фаварытка князя мадам д’Асэ. Тут круглая шкляніца вельмі зручненька выслізнула з рук аптэкара і пакацілася бліжэй да Чорнага Доктара. Давыд кінуўся за ёю, нязграбны, смешны, злавіў, але выкуліў, вельмі ў час спатыкнуўшыся, змесціва ўсёй сваёй сумкі на зямлю… Давай збіраць, няспешна, абтрэсваючы. А заадно слухаючы размову на французскай мове, якой ён, як меркавалі прысутныя, наўрад валодаў.

— А вы адчайны чалавек, месье Лёднік!

Францужанка пазірала какетліва, але з насцярогай, як на дужа модную сукенку, якая, магчыма, акажацца не па памеры.

Бутрым, аднак, паводзіўся вельмі нешляхетна, таму што толькі на імгненне адарваў пагляд ад свайго нататніка, прагаварыў ветлівае прывітанне і зноў чытае… Д’Асэ міла ўсміхнулася сакаўнымі вуснамі, падмаляванымі сардэчкам:

— Вас не бянтэжыць, месье доктар, што вы ператварыліся ў нейкі інструмент, добра загартаваны меч, які ўсе зацята адзін у аднаго адбіраюць, каб скарыстаць супраць ворага? Любы інструмент, вы ж ведаеце, урэшце ламаецца… Асабліва ад частага выкарыстання.

На гэты раз Бутрым выявіў больш увагі, апусціў нататнік і кінуў пільны позірк на настойлівую госцю.

— Як бачыце, мая пакорлівасць мае межы, мадам. Я заўсёды намагаюся быць у згодзе з уласным сумленнем. Мною не вельмі зручна карыстацца.

Красунька іранічна пакланілася — маўляў, ацаніла вашу цвёрдасць, і нечакана тыцнула складзеным веерам у грудзі суразмоўцу.

— Падман, месье! Вы самі сябе ашукваеце. У адсутнасці волі — а яе ў вас не будзе ў бліжэйшы час, запэўніваю, — чалавек сам не заўважае, як саступае па дзюйму прастору свайго сумлення. Пакуль не саступіць апошняе. У вашым выпадку можа выратаваць толькі адно: выбраць сабе саюзніка, які з вас скарыстаецца, але дасць найбольш волі.

— І што мадам прапаноўвае? — голас Лёдніка быў халодна-ветлівы.

Францужанка абмерыла яго паглядам бліскучых, як вішні пад дажджом, вачэй. Скасавурылася на маладога няўклюду, які поўзаў непадалёк па траве і збіраў рассыпаныя шкляніцы, нешта мармычучы сабе пад нос, упэўнілася, што небарака не разумее ні слова з яе размовы, і працягвала.

— Вы чалавек гонару, месье Лёднік. Таму, спадзяюся, сказанае мною толькі са шчырай сімпатыі да вас застанецца між намі.

Бутрым пакрывіў рот, паказваючы сваю веру ў гэтыя сімпатыі, але моўчкі пакланіўся. Д’Асэ працягвала ціха:

— Я магу вас вывезці адсюль. Паверце, іначай вам падрыхтаваны страшны лёс — не без майго пасрэдніцтва, каюся. Але ў мяне заўсёды ёсць уласныя планы і меркаванні. Як вы ставіцеся да аўстрыйскага двара?

Лёднік не змог схаваць здзіўлення.

— Няўжо мадам плануе перабрацца туды?

— А чаму не? — белазуба ўсміхнулася д’Асэ. — Тое, што я для іх зраблю, дасць мне там трывалае становішча… Грэх не скарыстацца. Тут усё роўна нічога добрага не чакаецца, — францужанка з прыкрасцю ўздыхнула. — Канфедэраты прайграюць, гэта ўжо і Дзюмур’е зразумеў. Так, ён узяў Кракаў, але генерал Веймарн вызваў Суворава, да таго зараз далучаюцца новыя людзі… Як канфедэраты ваююць — самі бачыце. Афіцэры п’юць-балююць, на варту пасылаюць сялянаў, якія ціхенька збягаюць… Дзюмур’е сам мне казаў, што пасля наступнай жа канфузіі вернецца ў Парыж, абрыдла яму тутэйшае бязладдзе. Князь Багінскі ўвогуле не вайскаводца. А пасля паразы ў яго сканфіскуюць усё, ён паедзе ў эміграцыю… А такіх паноў-эмігрантаў я магу перабіраць дзясяткамі. Сумна. Гэты карабель тоне, і час перасядаць на іншы. Паедземце са мной!

Лёднік не зварухнуўся.

— Навошта я вам? Ува мне няма нічога, што б магло быць для вас каштоўным.

Фаварытка прымружыла вочы, якія сталі вельмі сур’ёзнымі.

— А я і не кажу, што разгледзела ў вас Адоніса. Але скіньце свае маскі. Прызнайцеся, месье Лёднік, вы тае ж пароды, што Каліёстра, Сен-Жэрмен, граф Батыста — разумныя, жорсткія і прагныя да прыгодаў людзі, якім дадзена трохі больш, чым належыць мець чалавеку. Вы не можаце абысціся без рызыкі і таемных ведаў. Хто кліча такіх шалберамі, хто авантурыстамі, але іх ахвотна слухаюць і ідуць за імі. Мне патрэбны такі чалавек, як вы, са змрочнай, пагрознай славай і шлейфам плётак пра ўсемагутнасць. Вось-вось будзе вольным месца асабістага лекара імператрыцы-маці Марыі Тэрэзіі. Можна паспрабаваць яго заняць.

Лёднік раздражнёна ўздыхнуў.

— Мой сумны жыццёвы досвед даказвае, што за кожнай смачнай прапановай хаваецца сталёвы кручок. Магу прысягнуць — вы, спадарыня, й паловы не распавялі пра свае планы. І якімі яны б ні былі — здзяйсняйце без мяне. У мяне жонка, двое дзяцей і радзіма, якую я люблю.

— Я і не прапаноўваю вам адмовіцца ад сям’і, — паціснула плячыма д’Асэ. — Высылайце ім грошы, пасля, як усё ўладкуецца, забярыце да сябе… Ад вас мне спатрэбіцца толькі ўдзячнасць…

— Гэта значыць, рабіць, што скажаце, і абараняць вашы інтарэсы, — нудна прагаварыў Лёднік і зноў уторкнуўся ў нататнік, працэдзіўшы скрозь зубы: — Не цікавіць.

Д’Асэ, аднак, зусім не пакрыўдзілася, толькі лёгка засмяялася і яшчэ раз дакранулася да доктара веерам.

— У мяне ёсць усе падставы думаць, што вельмі хутка вы пераменіце сваё меркаванне, месье доктар. Мы не развітваемся!

І сышла, жорстка кінуўшы ахоўнікам:

— Паводле загаду ягамосці князя Багінскага вы пасадзіце злачынцу ў карэту, якая неўзабаве прыйдзе. Я асабіста прасачу, каб гэты чалавек у ёй адправіўся, куды трэба.

— І куды ён адправіцца? — насцярожана папытаўся адзін з жаўнераў, не вельмі прыязна паглядаючы на фаварытку. — Спадзяюся, у турму?

Францужанка пагардліва зморшчыла нос.

— Гэта, вашамосць, вас не тычыцца.

Да красуні амаль пагрозна наблізіўся яшчэ адзін шляхцюк, малады, рудавусы, апрануты не ў канфедэрацкую форму, а ў кунтуш з дарагога серабрыстага саету з сабалямі і жупан з пералівістай зялёнай парчы. Дыяментавы гуз ззяў на шапцы, як зорка Венера. Відаць, багаты пан са сваім аддзелам.

— А я чуў, што яснавяльможны князь вылучае атрад, які мусіць суправадзіць карэту з гэтым здрайцам да мяжы з Прусіяй. Каб, значыць, схаваўся ад пакарання!

Вочы маладога пана гарэлі гневам. Некалькі шляхцюкоў за ягонай спінай гнеўна загулі.

— Нагадваю вашамосцям, што рашэнні тут прымае толькі вялікі гетман, якому вы прысягалі на вернасць!

Каля мадам д’Асэ, як дуб ля асіны, з’явіўся белавалосы волат у нямецкім строі з чорнага аксаміту, вышытага срэбрам. Абвёў светлымі, амаль белымі вачыма шляхцюкоў, і тыя незадаволена змоўклі. Доктар Лёднік схаваў нататнік і сустрэўся паглядам з Германам Ватманам, ён жа граф Пянткоўскі.

— Ну што, Бутрым, збірайся ў дарогу! — выскаліўся волат. — Ты ж не хочаш, каб цябе павесілі альбо засеклі панове-брацця? Яснавяльможны князь Багінскі знайшоў найлепшае выйсце — адправіць цябе як мага далей, у бяспечнае месца. Вось і рэчы твае падрыхтавалі…

Пахолак нёс Бутрымаву скураную сумку з Альбукасісавым шлемам. Шаблю Чорнаму Доктару вяртаць не збіраліся.

Мадам д’Асэ распарадзілася, каб за ёй заехалі да скрайняга намёту, яна пойдзе пераапранацца ў дарожнае.

На сонца наплылі нахабныя хмаркі, нагадваючы, што вясна не абавязаная ўвесь час быць у адным настроі. А вось і карэта… Запрэжаная чацвёркай коней, дыхтоўная, з закратаванымі вокнамі.

Лішніх сведкаў адагналі далей. Дзверцы карэты, якая спынілася перад Чорным Доктарам, адчыніліся нібыта самі па сабе.

— Ну, Бутрым, давай, сядай! Паедзеш з усімі выгодамі!

Насмешны голас Ватмана нібыта падштурхнуў Лёдніка ў спіну. Доктар паставіў ужо нагу на падножку.

— Чакай, васпан… Штось я забыўся, — граф Пянткоўскі затрымаў Лёдніка за парваны рукаў.

— Разумееш, доктар, — голас Ватмана быў салодкі, як пераспелая чаромха. — Ты зараз знерваваны, злосны… Твае спадарожнікі трохі баяцца, каб ты чаго не ўтварыў дарогай. Таму — дзеля тваёй жа бяспекі… — Ватман выбачаўся так прыніжана, што нават вельмі наіўны чалавек западозрыў бы здзек. — Ты ўжо прабач… Гэта ненадоўга… Выцягні рукі.

Тут жа падскочыла двое здаровых жаўнераў, і запясці Лёдніка апляла вяроўка.

— Вось цяпер нішто не перашкодзіць цёплай сустрэчы старых сяброў!

Герман Ватман быў радасны, як дзяк на масленіцу. І гэткім жа радасным выглядаў даўгалыгі пан з вадзяніста-зеленкаватымі вачыма, які, пяшчотна прыціскаючы да сябе атрыманую толькі што скрыню са старажытнай прыладай арабскага хірурга, высунуўся з карэты:

— Заходзь, Скарамуш! Не бойся, я прысягнуў князю Багінскаму, што будзеш ты ў нас жывы і здаровы.

— Бяскоўскі… — скрозь зубы прасіпеў Лёднік і адкаснуўся, але яго адразу ж запхнулі ў экіпаж і пасадзілі ў адмысловы закуток, агароджаны кратамі.

Пад’ехала і абяцанае князем суправаджэнне — з дзясятак канфедэратаў, сярод якіх апынуўся і рудавалосы шляхцюк. Але Давыд Ляйбовіч гэта ўжо не разглядаў, бо кулём нёсся да таварышаў, што чакалі ля валуна пад бярозкамі.

Што ж, гэта быў шанец… Адбіць доктара ў невялічкага атрада — зусім не тое, што ў цэлай арміі…


Драгун, аптэкар ды шкаляр, седзячы на конях, напружана ўзіраліся ў дарогу з-за дрэў.

— Цікава, для чаго з імі едзе гэтая гнюсная фаварытка? — прагаварыў Вырвіч, якому дужа не спадабалася спроба красунькі залучыць Лёдніка да аўстрыякаў.

— Раз яна дамаўлялася з землякамі-французамі, дык князь і адправіў яе прасачыць за выкананнем дамовы… Магчыма, грошы яму прывезці, — меланхалічна адказаў Давыд. — Знайшла спосаб з’ехаць… Сысці, пардон, з ненадзейнага карабля.

Ружова-шэрая паверхня валуна была цёплай, быццам нагрэтая не яшчэ кволым веснавым сонцам, а летнім, спякотным. Кажуць, камяні калісь раслі, пакуль Маці Божая, якая хадзіла па грэшнай зямлі басанож, не пабіла аб камень нагу.

— Едуць!

Алесь ледзь утрымаўся, каб не паслаць каня ў намёт.

Рушылі следам, каб толькі не выпускаць з вачэй. Пранціш планаваў дачакацца, пакуль атрад, які перавозіць Лёдніка, спыніцца на начлег. А там Бог бацька, не першы раз уцёкі ладзяць…

Згадалася легенда, якую Вырвіч чуў ва ўніверсітэце Манпелье. Пра паўночнага караля, магутнага прыгажуна, непераможнага, ганарыстага… Ягонае войска разбілі ў жорсткай сечы, скарыстаўшыся здрадай.

На радзіме караля барды і менестрэлі наперабой сачынялі ўрачыстыя песні пра яго, героя, які мужна загінуў, забраўшы з сабою мноства ворагаў. А праз шмат гадоў адзін з ваяроў, які шчыра захапляўся ўладаром і тужыў па ім, патрапіў у горад ворагаў. І там, у гнілой канаве, сярод рабоў пабачыў свайго караля. Адразу пазнаў яго па рудых валасах… Але кароль быў пачарнелы ад голаду і пакутаў, стары, скалечаны, схвастаны бізунамі, у ланцугах, і пакорліва капаў вільготную зямлю, не падымаючы вачэй…

І тады ваяр зрабіў выгляд, што не пазнаў свайго ўладара. Праехаў паўз яго, вярнуўся дадому і нікому не расказаў пра пабачанае.

Таму што хацеў, каб народ памятаў іншага караля, які не пабываў у рабстве. Таму што кароль, той, якім быў раней, таксама не хацеў бы, каб ведалі пра ягоную ганьбу.

Гісторыя здавалася занадта жорсткай для таго, каб быць выдумкай.

Праз сасновы лес, стромы, хоць зараз на кожнае дрэва прыладкоўвай ветразь, дарога віхляла згодна волі маленькай рачулкі, якая за стагоддзі вымыла імклівым сваім струменем ладныя адхоны. Карэты даўно ўжо не было бачна, і Вырвіч баяўся, што яны зусім з ёю размінуцца на нейкім скрыжаванні. Але раптам за адным з паваротаў давялося рэзка спыніцца: там, наперадзе, карэта стаяла, яе абкружалі шляхцюкі з аховы… Што такое?

Вырвіч саскочыў з каня, пакінуў яго на спадарожнікаў і, хаваючыся за кустамі і дрэвамі, падабраўся бліжэй. Канфедэраты ўжо адчынілі карэту і вывалаклі адтуль Лёдніка. Рамізнік ды лёкай Бяскоўскага, атрымаўшы кухталёў і абяззброеныя ваяўнічымі ліцвінамі, сціпла прыселі на запяткі карэты. Сам Бяскоўскі сунуўся быў з пратэстам, але яго хуценька супакоілі, і прагрэсіўны доктар зашыўся ў выратавальнае чэрава экіпажу, як смоўж.

— Ягамосць князь Багінскі загадаў перадаць доктара месье Бяскоўскаму! — між тым гучна, аж рэха гуляла ў соснах, абвяшчала, стоячы на прыступцы карэты, як на п’едэстале, абураная д’Асэ. А кабета не з палахлівых, аднак. — Вялікі гетман даў слова, што не ўчыніць шкоды жыццю і здароўю пана Лёдніка! Вы што, хочаце нанесці абразу вялікаму гетману? Парушыць ягоную прысягу?

Красунька ваяўніча ўпёрла руку ў бок, абцягнуты брунатным аксамітам дарожнай сукенкі.

Шляхцюкі, аднак, счараванню не паддаваліся, ад душы штурхаючы Лёдніка, у якога па-ранейшаму былі звязаныя рукі, у бок ад дарогі, на прыветную роўненькую палянку з жоўтымі кветачкамі мацярдушкі… Вырвіч напружыўся і дастаў пісталет. Калі Лёдніка ўзнамерыліся забіць, трапная куля можа змяніць расклад… А тады і самому кінуцца, адцягваючы ўвагу. Гэх, каб яшчэ Лёдніку рукі вызваліць, ды ўзброіць!

Раптам, як быццам жаданне драгуна было пачутае, адзін са шляхцюкоў разрэзаў кінжалам вяроўкі на руках доктара.

— А мы ніякім чынам не абразім ягамосць князя. І слова ягонае не парушым! — са зласлівай радасцю абвесціў рудавалосы шляхціц у серабрыстым кунтушы з сабалямі. — Лёднік — шляхціц, хоць і но-овы!

Апошняе слова было прамоўлена з сапраўдным здзекам. Да тых, хто атрымаў шляхецтва не па крыві, стаўленне было пагардлівае.

— Таму, як шляхціц, ён павінен абараняць свой гонар, ці не так? — працягваў рудавалосы. — І ягамосць Багінскі ніякай адказнасці не нясе, калі пан Баўтрамей Лёднік прыме выклік на двубой.

Паны-браты ўхвальна загулі, і сэрца Пранціша сціснула трывога. Раптам адзін са шляхцюкоў, плячысты, як млынар, хуценька падскочыў і са смакам плюнуў на доктара…

— Ну што, будзеш біцца, альбо нам пляваць на цябе, пакуль у сліне не захлынешся?

Лёднік прамаўчаў, толькі працягнуў руку па шаблю.

Рудавалосы выглядаў вельмі незадаволеным, што выклік першым кінуў не ён. Шляхта ўтварыла кола. З акна карэты з адчаем пазіраў Бяскоўскі, д’Асэ стаяла на прыступцы, ухапіўшыся за дзверы, яе вочы блішчэлі ад цікаўнасці. Што ж, гульня са смерцю — калі гуляешся не ты — самае заманлівае ў свеце відовішча.

Пранціш апусціў пісталет. Двубой — сапраўды справа гонару, тут аніяк не ўмяшаешся. Застаецца спадзявацца, што Лёднік у дастаткова добрым стане.

Плячысты шляхцюк зняў шапку з дыяментавым гузам і цяжкую чугу і пагрозна падняў шаблю, топчучыся на месцы, як бычок, што нацэліўся рогамі на суперніка. Лёднік скінуў сваю падраную куртку, застаўшыся ў падранай кашулі. Пацёр запясці, бо рукі, відаць, сцерхлі ад вяроўкі, крутануў шабляй у паветры, выпісаўшы срабрыстае кола, і застыў у расслабленай паставе, апусціўшы лязо, нібыта проста выйшаў падыхаць свежым паветрам. Вырвіч трывожна ўглядаўся ў ягоную высокую постаць, ацэньваючы шансы. Прамінулыя гады не змусілі спіну доктара сагнуцца, а цела пацяжэць. Хударлявы, па-ранейшаму жылісты, падцягнуты, толькі чорныя валасы, што неахайна падаюць на плечы, з сівізною.

— Татка адаб’ецца, — упэўнена прашаптаў побач голас. Алесь Лёднік, нягледзячы на загад, ціхенька прабраўся да дзядзькі Франтасія і цяпер назіраў за двубоем з-за кустоў. — Ніхто яго не пераможа!

Словы паніча пацвердзіла тая імклівасць, з якой доктар нечакана сустрэў удар, змусіў суперніка перакруціцца і выбіў у яго шаблю хітрым адмысловым рухам. Шляхцюк схапіўся за знямелую руку і аж завыў ад злосці.

— Двубой не скончаны! Біцца, пакуль супернік не зможа ўстаць!

Гледачы пацвердзілі правіла, і Бутрым незадаволена адышоўся, чакаючы, пакуль шляхцюк не падыме сваю зброю. Пранціш ведаў, як Лёднік не любіць раніць і забіваць, дзеля чаго гадамі адпрацоўваў дасканалыя спосабы абяззбройваць ды аглушаць. Вось і цяпер — не паспеў супернік як след памахаць шабляй, атрымаў плазам ляза каля вуха і зваліўся капою на маладую траўку…

— Панства задаволенае?

Голас доктара гучаў так спакойна, што не раз’юшыцца было немагчыма.

— Яшчэ чаго! — рудаволасы шляхціц радасна вылез наперад, расштурхаўшы таварышаў. — Будзеш біцца па чарзе з усімі намі, пакуль не атрымаеш свой прысуд, мярзотнік!

Пранціш схаладнеў: значыць, канфедэраты задумалі суд гонару, як страту для здрадніка, якім лічылі доктара. Такое было прынята, напрыклад, у альбанчыкаў — прыбліжаных князя Караля Радзівіла, што стварылі нешта накшталт рыцарскага ордэна, у які ўвайшлі найперш сябры юнацтва князя з прадмесця Нясвіжа Альба. У іх існаваў свой унутраны суд. Той з альбанчыкаў, хто правінаваціўся недаравальна, мусіў біцца па чарзе з кожным з брацтва, пакуль не загіне. Падобнае павінна было адбыцца і тут.

— Гэй, пане браце, пры ўсёй павазе — чарга не твая! — рашуча адсунуў рудавалосага ўбок высокі светлавалосы шляхцюк у канфедэрацкай белай світцы. — Мы яшчэ перад тым, як сюды ехаць, чаргу вызначылі, вашамосць!

Рудавалосы абурыўся:

— Я маю права спагнаць з яго жыццё першым! У мяне да гэтага нягодніка асабісты рахунак!

— У нас ва ўсіх да яго асабістыя рахункі! — зло сна ўсміхнуўся светлавалосы шляхцюк. — Для таго і паехалі за ім. Гэты паганы доктар майго брата, параненага пад Капанічамі, маскавітам здаў, і тыя яго замардавалі!

Бутрым ускінуў галаву, пачуўшы рэпліку.

— Запэўніваю вашумосць, што спрабаваў дапамагчы вашаму брату. На жаль, рана была занадта цяжкая, пашкоджаны мозг, а я тады не меў дастатковых ведаў… Мне вельмі шкада…

— А мне шкадоба вашамосці патрэбная, як ачоскі кудзельныя!

Шляхцюк, адсунуўшы рудавалосага, плюнуў на Лёдніка і кінуўся на яго.

Той ашчаджаў суперніка, як мог. Ухіляўся, круціўся, нібыта выконваючы складаны танец, усё хутчэй, хутчэй… Урэшце брат загінулага пад Капанічамі канфедэрата змакрэў, як мыш, і ледзь дыхаў, і нават не заўважыў, як упаў, аглушаны плазам шаблі. Бутрым, відаць, спецыяльна не стаў прыніжаць яго, абяззбройваючы.

Мадэмуазэль д’Асэ гучна запляскала ў ладкі, выказваючы захапленне фехтавальнаму майстэрству Чорнага Доктара. Ад чаго злосці ў прэтэндэнтаў на ягонае забойства не паменела. Адзін за адным супраць Бутрыма выходзілі паны-браты, не забыўшыся рытуальна плюнуць на нягодніка. Ятрыліся, кідаліся на яго, лаяліся і валіліся снапамі на палянку, часам заліўшыся крывёй ад неглыбокай раны на галаве. Доктар спрабаваў было прасіць наступнага суперніка даць яму час на перавязку папярэдняй ахвяры, але шляхцюкі вырашылі, што гэтак ён хоча здабыць сабе перадых. Біся, здрайца!

І Лёднік біўся. Змушаючы гледачоў забыцца, што ён усяго толькі чалавек, патрапаны жыццём і змораны апошнімі падзеямі. Шабля свістала, як крыло срэбнага стрыжа, і гледачы ўсё часцей з нянавісцю шапталі: «Вядзьмак!»

Але самае горшае, што тыя, каго ён аглушыў, пачалі ачуньваць. Стогнучы, лаючыся… І зноў ірвучыся ў бойку. Недарэмна гадоў дзвесце таму ўчынак Лёдніка са шкадаваннем супернікаў палічылі б вар’яцтвам і баязлівасцю. У 1559 годзе пляменнік маршала Францыі Ашон Мурон счапіўся з капітанам Матасам. Стары вайсковец хуценька выбіў шпагу ў смаркача, параіў навучыцца фехтаванню і хацеў сысці… Ды ўгневаны юнак ударыў яго ў спіну. І што, хтось асудзіў паскудніка? Наадварот, здзіўляліся, як гэта вопытны Матас так здурыў. Перамог ворага — дабівай, альбо той ударыць у спіну. І ніхто яго не асудзіць. Бо прыняць шкадаванне ад ворага — ганьба на ўсё жыццё! Доктар, відаць, зразумеў пагрозу, таму што цяперашняга свайго суперніка параніў у абедзве рукі, каб не мог трымаць шаблю, і толькі тады аглушыў.

Кусты зашаргаталі, змусіўшы Пранціша насцярожыцца.

— Пан Лёднік доўга не вытрымае, — пачуўся злева шэпт. Давыд Ляйбовіч, які прыпоўз сюды, кінуўшы недзе коней, нервова грыз нейкую сцяблінку, углядаючыся ў сцэну. — Ён жа не жалезны. Прагоняць яго яшчэ па адным коле — і прыкончаць.

Доктар і праўда быў задыханы, чорна-сівыя валасы зліпліся ад поту, кашуля парэзаная, у чырвоных плямах, дзе падрапала лязо ворага…

— Чаго мы чакаем, пан Вырвіч? — нецярпліва прашаптаў справа ад Пранціша Алесь. — Іх ужо мала засталося — кінемся нечакана, і вікторыя!

Вырвіч прытрымаў паніча за рукаў.

— Я ж тлумачыў вам, пан Аляксандр Лёднік, двубой — справа гонару. Ваш бацька прыняў выклік. Яму апошні бой застаўся, з тым рудым задзіракам. А па другім коле мы ім біцца з Бутрымам не дамо. Гэта ўжо супраць правіл. Ён абразу змыў.

Давыд скептычна хмыкнуў, выказваючы сваё стаўленне да шляхецкага балету вакол гонару. Як можна спакойна назіраць, як твайго сябра забіваюць, і не ўмяшацца?

А Вырвіч і блізка спакойны не быў.

Ён разумеў, што Лёднік учыніў бы іначай, і не стаў бы вычэкваць у кустах, пакуль пан Вырвіч абеліць свой гонар.

Але гэта было мацней за Пранціша. Ён быў так выхаваны. Усведамленне, што гонар каштоўней за жыццё, цякло ў ягонай крыві, і ніякія вальнадумныя філасофіі гэтага не перабілі. Калі б Лёднік, які падняўся да высокага статусу шляхты, адмовіўся зараз біцца з тым, хто на яго плюнуў, Вырвіч нічога б не сказаў і дапамог бы выратавацца. Але нейкі прыкры асадак застаўся б, пацверджанне таму, што прасталюдзец, мяшчук не можа падзяляць высокія сармацкія ідэалы.

Шабля рудавалосага, да якога нарэшце дайшла чарга, паляцела на траўку, хоць на яе ўладальніку былі адмысловыя гусарскія пальчаткі, а дзяржальна шаблі абцягнутае галюшой — шурпатай скурай акулы. Шляхцюк, які скінуў толькі кунтуш, а біўся ў расшпіленым жупане, ганарыста задраў галаву і запрашальна раскінуў рукі:

— Давай, забівай, чарадзей! Яшчэ адзін Агалінскі будзе на тваім чорным сумленні!

Баўтрамей апусціў шаблю, ягоныя вусны ўздрыгнулі:

— Вашамосць пан Андрусь Агалінскі, калі не памыляюся?

— Што, пазнаў мяне, доктар? А можа, памятаеш і майго бацьку, пана Цыпрыяна Агалінскага, і маю маці, пані Галену з Агарэнічаў, і брата майго загінулага Аляксандра? Мне распавялі, вядзьмак, што з-за твайго чараўніцтва нашу сям’ю няшчасці спасціглі!

Твар рудавалосага стаў чырвоны ад гневу, ноздры раздзімаліся, ледзь парай не пыхкаў, як казачны цмок.

Лёднік збялеў. Менавіта Цыпрыян Агалінскі пазычыў яму грошай на здабыццё філасофскага каменю, менавіта яму няўдалы алхімік быў прададзены за даўгі… І менавіта там, у акрутным рабстве, доктар сустрэўся з пані Галенай Агалінскай, якая яго пашкадавала і не дала замучыць. І пасля, вызвалены, доўга не ведаў, што ў чужой сям’і расце ягоны сын. Брат пана Цыпрыяна Гервасій, з якім Лёднік і Пранціш ездзілі ў Ангельшчыну, напачатку збіраўся забіць доктара, які спакусіў ягоную сваячніцу. Але столькі разам у падарожжы перажылі, столькі разоў доктар яму жыццё ратаваў, што пан Гервасій ацаніў. Усё вырашыў выпадак. Дзіця ледзь не патанула разам з карэтай. Пан Гервасій пляменніка выцягнуў, але пра гэта нікому не сказаў… І аддаў хлопчыка сапраўднаму бацьку.

І вось цяпер перад Лёднікам стаяў старэйшы сын пані Галены Агалінскай Андрусь. Дзяцюк ладны, руды ў бацьку, і нянавісць да доктара ўспадчынніў.

— Ваша маці, светлай памяці пані Галена, не хацела б, каб я з вамі біўся, пан Андрусь.

Лёднік дэманстратыўна ўторкнуў у зямлю шаблю і скрыжаваў рукі на грудзях. Пранціш ведаў, наколькі доктар лічыць сябе абавязаным перад пані Галенай.

Вырвіч чакаў, што пан Андрусь Агалінскі пачне ўгаворваць суперніка падняць зброю, працягнуць двубой… Але рудавалосы толькі жорстка і задаволена ўсміхнуўся.

— Што ж, так і лепей. Спіна ў цябе зажыла, доктар?

У голасе пана Агалінскага гучала пагардлівая насмешка.

— Я ж колькі разоў бачыў, як цябе на нашай стайні лупілі, скуру дзёрлі. Як пан бацька нос твой крывы ламаў, у каршэнь цябе тоўк. Мала, на жаль, тоўк! Ты — халоп, хоць увесь патэнтамі на набілітацыю абвешайся. Які тут можа быць двубой? Ганьба — з такім шаблю скрыжоўваць… Чуеце, паны-браты? Дарэмна вы сармацкі кодэкс тут захоўвалі. Тут вось так… Як з сабакам.

І наставіў на бяззбройнага Лёдніка пісталет, які быў прыхаваны дзесь за поясам, прыкрыты расшпіленым жупаном. Няўжо загадзя прадугледжваў такі сыход? Паны-браты, якія заставаліся пры памяці, зласліва маўчалі, не падтрымліваючы, але й не перашкаджаючы прыстрэліць ведзьмака, што іх так зганьбіў. Мадам д’Асэ коратка ўскрыкнула, у голасе звінела расчараванне.

Гэта было ўжо занадта, і Вырвіч кінуўся наперад з пісталетам у адной руцэ і шабляй у другой. Але Аляксандр Лёднік аказаўся спрытнейшы, і ўжо стаяў каля бацькі, скіроўваючы на ягонага суперніка пісталет.

— Васпан учыняе ганебна! — голас малодшага Лёдніка трымцеў ад гневу. — Мой пан бацька перамог вас сумленна! Я не дам вам здзейсніць нявартае шляхціца злачынства!

Пан Агалінскі агаломшана ўтаропіўся ў высокага хударлявага хлапчука з цёмнымі вачыма. Доктар імгненна засланіў сына сабою, выхапіўшы з зямлі ўторкнутую шаблю, і цвёрда патлумачыў:

— Гэта мой сын, вашамосць. Аляксандр Баўтрамееў Лёднік. Спадзяюся, у васпана хопіць сумлення не ўцягваць у бойку дзіця?

— Я не дзіця, я шляхціц! — тут жа абурана выкрыкнуў Аляксандр. — Мой пан бацька на полі бойкі шляхецтва здабыў, выратаваўшы ягамосць вялікага гетмана Радзівіла! Вы не мусіце абыходзіцца з намі, як з мужыкамі!

Рудавалосы пан Андрусь разгублена апусціў пісталет і ўглядаўся ў паніча, як жабрак у сваю торбу, не верачы, што там штосьці ёсць. Потым у ягоных вачах бліснула сапраўднае шаленства.

— Не хачу нават думкі дапускаць, якая зараз у галаву прыйшла…

Вырвіч стаў каля доктара, насцярожна азіраючыся вакол, каб не прапусціць нападу збоку. Лёднік толькі скасавурыўся на драгуна і лёгка кіўнуў — здзіўляцца з’яўленню выратавальнай каманды і сварыцца будзе потым. Цяпер і Пранцішу, і Бутрыму вельмі не падабалася, што Андрусь Агалінскі не адрываў позірку ад Алеся, бо, падобна, узрушыўся падабенствам доктарава сына і свайго загінулага брата. Час прамінуў, але малодшы Лёднік і ў тры годзікі надта ж быў падобны да свайго сапраўднага таткі, а значыць, знешнасць меў запамінальную. Дый ад пані Галены, па сцверджанні Лёдніка, штось успадчынніў. А калі Агалінскі палічыць гады… Ды ён якраз і лічыць. Здавалася, так і чуваць у галаве рудога шчоўканне абакі — адмысловай прылады для арыфметыкі.

— Вашамосць павінен разумець, што не кожная нашая думка, якая прыходзіць у галаву, мусіць быць агучаная, — як мага больш шляхетна, адпаведна палітэсу прамовіў да пана Андруся Пранціш. — Бо нават Госпад нас вучыў, не тое ганьбіць, што ўваходзіць, а тое, што выходзіць з нашых вуснаў!

Ну няўжо дурны Агалінскі не зразумее, на што намякае драгун! Зараз пры сведках штось ляпне, як шротам у качыны хвост — і будзе загубленае добрае імя пані Галены, дый усяе сям’і, не кажучы пра лёс незаконнанароджанага Алеся. З-за меншага жыцці кроіліся! Вырвіч памятаў, як яшчэ ў Варшаве, калі ён служыў у конным рэгіменце, падчас сваркі адзін бязвусы шляхцюк кінуў другому, што той «нячыстага ложа сын». І бацька абражанага мусіў прыязджаць, і ў суд падаваць, і сведчыць, што сын ягонай «пачсцівай малжонкай» народжаны, і шляхецтва пацверджваць усімі клейнодамі… Калі ідуць чуткі пра пералюбства ў сям’і — нараджэнне кожнага дзіцяці пад падазрэннем, так што і пан Андрусь свой кубак дзёгцю атрымае. Мусіць, Агалінскі гэта зразумеў, таму што пачырванеў, як бурак, сунуў пісталет за пояс і прагаварыў скрозь зубы:

— Нам трэба пагаварыць сам-насам, пан Лёднік.

Доктар з Агалінскім шапталіся хвілінаў дзесяць, стаўшы пад стромай сасной, на якой гайдаліся вясёлыя рудыя свечкі, унутры якіх, калі абадраць луску, хаваецца белая мякаць з ёлкім прысмакам. Яе так прыемна жаваць, не думаючы, што з мяккай пупышкі вырасла б шышка — цвёрдая, няўежная… Як змяняецца само жыццё пад старасць.

— Дык што, пане-браце, хто зараз з доктарам б’ецца? — нарэшце не вытрымаў адзін са шляхцюкоў, трымаючыся за галаву, якая ўсё яшчэ, відаць, гула ад удару, адмеранага прафесарскай рукою.

— Мушу расчараваць панства, з доктарам больш ніхто не б’ецца, — шырока ўсміхаючыся, патлумачыў Вырвіч. — І ў карэце нікуды не едзе пан доктар. У яго свой шлях, панове.

Выцягнуты белы твар Бяскоўскага ў акне карэты яшчэ больш выцягнуўся. Д’Асэ таксама залезла ў карэту, мусіць, каб не паказваць злосці, і стаілася, як рысь у густым голлі.

Скончылася ясна чым — панове, хто яшчэ мог біцца, кінуліся на новага ворага, блакітнавокага русачубага драгуна… І як той ні штурхаў Алеся ў бок з палянкі, хлапчук таксама замахаў шабляй.

Лёднік, пабачыўшы пагрозу для сына, спыніў размовы пад соснамі ды абрынуўся на супернікаў…

А пан Агалінскі паводзіўся дзіўна. Пастаяў, скрыжаваўшы рукі на грудзях, адзін раз толькі ўмяшаўся, адагнаў ад Алеся свайго ж таварыша, раз’ятранага, што нейкая драбяза на яго лезе з шабляй. «Мы з дзецьмі не ваюем!..» Потым неяк непрыкметна знік. Праўда, паспеў ад усяе душы гучна пажадаць доктару ў бліжэйшы час здохнуць ад сумленнай шаблі шляхціца, бо так будзе для ўсіх лепей. Мусібыць, даведаўшыся, што брат жывы, не ведаў, як учыняць. Забіць бы паскудніка, што спакусіў матку — але ж не на вачах брата, хай і зводнага…

Лёднік круціўся віхорам, не даючы нікому наблізіцца да сына. Пранціш не адставаў… І бойка скончылася раней, чым добры хрысціянін вып’е збан зваранага братамі дамініканамі піва. На палянцы ў атачэнні соснаў, залітыя веснавым сонцам, у аздабленні жоўтых кветачак мацярдушкі ціхенька ляжалі непрытомныя ваякі. Як запэўніў Лёднік, праверыўшы кожнага — жывыя.

Першае, што зрабіў доктар — моцна абняў сына. Другое — моцна выгаварыў: на каго кінуў маці з малой сястрычкай? Нашто ў бойку палез, як верабей у крумкачова вяселле?

Падышоў з коньмі Давыд, насцярожана абводзячы вачыма палянку.

— Ну што, рушылі? Здаецца мне, пагоня едзе…

— Чакайце…

Лёднік імкліва наблізіўся да карэты, шабля пагрозна блішчэла ў ягонай руцэ.

— Бяскоўскі, скрынку аддай!

Не, ну каму што — а гандляру ўкрасці… Альбукасісаў шлем Бутрыму падавай! А між тым сюды сапраўды набліжаўся вялікі атрад. Яго было добра відаць унізе, на адрэзку дарогі, што праглядаў паміж соснаў на адхоне.

Лёднік тузануў дзверцы карэты і замёр.

— Гэтая прылада належыць не табе, Скарамуш!

Бяскоўскі цэліўся ў Лёдніка з пісталета, ягоны перакрыўлены твар ажно зелянеў ад злосці, як у якога мясцовага балотніка…

Невядома, ці выстраліў бы ён, але мадам д’Асэ аказалася хутчэйшай, і Бяскоўскі абсунуўся на лаўку. Ніхто нават не зразумеў, чым ваяўнічая дама яго прыклала.

— Месье, зараз жа з’язджаем! Мая прапанова ў сіле!

Францужанка выскачыла з карэты і ўчапілася за кашулю доктара. Той акуратна вызваліўся.

— Не цікавіць, — адрывіста паўтарыў Лёднік, нават не падзякваў за выратаванне.

Не гледзячы на расчараваны твар мадам, сунуўся ў карэту, хапануў з-пад боку непрытомнага Бяскоўскага запаветную сумку і сышоў.

— Па конях!

Да здзіўлення драгуна, і д’Асэ не збіралася заставацца і сустракаць пасланцоў палюбоўніка. Па ўсім выглядала, яна не менш, чым Вырвіч і Лёднік, прагла тае сустрэчы пазбегнуць. Карэта рванула з месца.

Раз’ехацца ў розныя бакі не выпадала, бо дарога праз лес вяла адна, а з другога боку набліжалася пагоня.

Вецер свістаў у вушах, як малады пастушок. Вырвіч з камандай абагналі карэту, якая зносіла непрытомнага Бяскоўскага і фаварытку Багінскага. Яе злосны тварык бялеў у акне. Чаго яна ўцякае?

А ў каманды Вырвіча шансы ёсць… Коні свяжэйшыя, чым у пагоні. Карэту ўжо абагналі. Толькі б да якога скрыжавання дабрацца, збочыць з дарогі, што віхлялася, абмежаваная злева адхонам ракі, на якім ледзь трымаліся вывернутымі каранямі сосны, а справа — зарослым лесам пагоркам.

Пранціш зыркнуў цераз плячо, скрозь сосны было відаць, што людзі Багінскага даганялі карэту. Наперадзе прышпорваў каня белавалосы волат, за ім скакаў руды шляхцюк… Пан Агалінскі да пераследнікаў далучыўся! Значыць, не спагнаў яшчэ злосці на доктары…

— Спыні карэту, сучка! Аддавай карону, або, як жабоцьку, раздзяру!

Гучны крык Германа Ватмана, здавалася, страсянуў галіны і пазбіваў гнёзды, якія толькі-толькі зладзілі ў вершалінах лясныя птахі.

Вось яно што — д’Асэ, аказваецца, сцягнула ў князя Багінскага карону святога Альфрэда! Вось чаму так спяшалася з’ехаць і Лёдніка зманьвала! Вось чым спадзявалася здабыць ласку аўстрыйцаў! Меў рацыю доктар: пакуль не вернецца рэліквія на радзіму, так і будзе мяняць гаспадароў, прыносячы ім смерць і пакуты.

Але, значыць, Ватман з кампаніяй не за імі гоняцца, а за карэтай! Вось і добранька…

Дарога завярнула яшчэ раз, голле з кволымі зялёнымі лісцікамі балюча сцебанула драгуна па шчацэ. Ззаду пачуўся адчайны крык францужанкі. Жаласны-жаласны:

— Пан Ватман, ратуйце! Бяскоўскі — здраднік! Ён абакраў ягоную светласць! Мяне гвалтам зво-озіць!

Вось жа хітруля…

Наперадзе нарэшце паказалася развілка з шырокай высахлай лужынай, і можна было звярнуць направа, на вузейшую дарогу, дзе карэце не праехаць. Новая дарога, амаль сцежка, жоўты пясочак на ёй прыветна праглядаў скрозь шэрую ігліцу, узбіралася наверх, на ўзгорак… Зараз пераедуць праз яго і зусім адарвуцца, схаваюцца з вачэй пагоні. Алесь, лёгкі і ўчэпісты, ужо быў па той бок узвышша — а ў хлопца добрыя здольнасці да верхавой язды. Дзядька Пранціш вучыў!

Вырвіч азірнуўся яшчэ раз: карэту на павароце павяло ў бок, яна валілася з адхону.

Яшчэ лепей: гэта канчаткова затрымае пераследнікаў. Чамусьці ніхто з іх не крычаў: «Лавіце доктара». Можа, лічаць, што ён у карэце?

А вось сам Агалінскі, падобна, толькі доктара і выглядаў, прыберагаючы гэтую здабычу для сябе. Бо адарваўся ад паплечнікаў і папёр наперад, як шалёны, звярнуў на тую ж сцежку і вось ужо выразна бачыць ненавісную кампанію. І Лёднік якраз уз’ехаў на ўзвышша…

Пранціш з жахам заўважыў, як рудавалосы вершнік прыцэльваецца ў спіну доктара, што вось-вось з’едзе з вяршыні ўзгорка па той бок і апынецца ў бяспецы…

Вырвіч, дастаючы свой пісталет, прытрымаў каня, хацеў крыкнуць, папярэдзіць Бутрыма, але не паспеў. Штосьці цяжкое ўдарыла драгуна па галаве, і святло згасла.

Загрузка...