Раздзел дванаццаты ЯК ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ АДВАКАТАМ СТАЎ

Багун — расліна атрутная, балотная… На дрыгве толькі такая і можа вырасці — з шорсткім сцяблом, які не паддаецца пальцам, з ёлкім пахам і дробнымі белымі кветачкамі з адценнем ружовага… Адвар багуну дапамагае нават ад самага акрутнага кашлю. Вытрымай яго лісце на алеі — і вылечыш самыя страшныя гнойныя раны. Але варта перабраць багуну, асабліва глынуць у адвары — і ён цябе атруціць, разаб’е паралюшом… Нельга верыць раслінам, якія выраслі на дрыгве.


Дробныя кветачкі багуну зноў гайдаліся перад вачыма, ёлкі смак драў горла, сушыў… Добра, што не язмін — з тае кветкай былі звязаныя надта непрыемныя ўспаміны, праўда, зараз цяжка было згадаць, якія. Ад вострага паху галава аж расколвалася — не павярнуць… І здавалася, што пад спінай — дрыгва. Пругкая, хісткая паверхня, сплеценая з ненадзейных тонкіх карэньчыкаў ды раскі, а пад ёю — чорная вада, у якой няспешна праплываюць цмокі, ускалыхваючы бездань. І ў любы момант прарвецца зялёнае покрыва, і ты будзеш марудна, па-вар’яцку павольна апускацца ў тую бездань, захлынацца густой вадкасцю, бездапаможна назіраць, як праплываюць, кружляюць вакол пачвары ў прадчуванні пачастунку…

Вырвіч змаргнуў вачыма. Кветачкі багуну аддаліліся, зрабіліся пляскатымі, нястрашнымі… І ператварыліся ў малюнак на столі зеленкавата-жоўтага колеру. Пранціш перавёў позірк убок — усё роўна не павярнуцца, можа, і праўда атруцілі яго багуном? Справа змяіліся зялёныя расліны на парцьеры з залацістага шоўку. Злева выявіўся пакой, заліты святлом. Пранціш краем вока разгледзеў высокую разную шафу з зашклёнымі паліцамі, застаўленымі кнігамі, кветкі на століку ў парцалянавай вазе, побач штось белае, вялікае… Вырвіч з цікавасці паспрабаваў павярнуць галаву… І ледзь не заванітавала ад болю. Драгун не стрымаў стогну.

— Вы апрытомнелі, пан Вырвіч!

Над ім схіляўся знаёмы дзявочы твар… Разумны высокі лоб, цёмныя вочы, абведзеныя кругамі стомы, трохі заспаныя, на шчацэ адбітак карункавай наўлечкі… Быццам толькі што прачнулася.

— Які я табе пан, Дамініка Вырвічава! Маё імя Пранціш, — голас сіпеў і рыпеў, як нязмазанае кола.

Да вуснаў адразу даткнуўся халодны парцалянавы бок кубка. Вырвіч прагна адпіў… Не язмін, не багун — шыпшына! Добры шыпшынавы напой, які надае сілаў… Ну і яшчэ штосьці сюды адзін вучоны доктар-эксперыментатар пэўне ж накалбаціў…

— Пан Лёднік, хадзіце сюды!

Пачуліся хуткія ўпэўненыя крокі, Вырвіч пабачыў дзюбаносае худое аблічча. Доктар Лёднік не ўскрыкваў ад радасці, не ўсміхаўся, не мармытаў сентыментальныя глупствы. Ён проста вельмі ўважліва і засяроджана зазірнуў пацыенту ў вочы, праверыў пульс, асцярожна памацаў лоб, хмурачыся, як бы вырашаў сур’ёзную навуковую праблему.

Быць пацыентам Лёдніка аказалася вельмі прыемна, нягледзячы на ягоную суровасць — а мусіць, якраз дзякуючы ёй. Такі доктар, упэўнены, надзейны, як горкія лекі, цалкам засяроджаны на табе — ваяр-гардыян, што стаіць паміж табой — і смерцю.

— Што са мной?

Вырвіч пастараўся вымавіць гэта як мага больш весела — але прагучала, да сораму, жаласна…

— Вы, пан Вырвіч, на дзіва спрытны чалавек, — доктар, працягваючы агляд пацыента, гаварыў спакойна, з адценнем някрыўднай насмешкі, а яшчэ віны. — Вы злаўчыліся спаймаць сваім ілбом кулю, якая ляцела ў спіну мне.

— Колькі… — у горле аж сцерхла.

Але доктар зразумеў пытанне:

— Ліпень зараз… І, запэўніваю, яшчэ вельмі добры для пана вынік! Шчасце яшчэ, што стрэл быў здалёку, ды куля пайшла наўскос… Вас не спаралізавала, розум, здаецца, у наяўнасці, хаця колькі там таго розуму было, з каціную місу. Хутка станеце на ногі… Я рабіў масаж, так што цягліцы не зусім саслабелі.

— Доктар учыніў цуд! — усхвалявана патлумачыла Дамініка. — Калі вас прывезлі сюды, у Капанічы — рыхтаваліся ў хуткім часе хаваць. Святара паклікалі на сабораванне. Гэта проста неверагодна — з такім раненнем захаваць жыццё!

— Падзякуй, Вырвіч, Абул-Касіму Халафу ібн аль-Абасу аль-Захраві, — прамовіў Бутрым, не зачапіўшыся, але Пранціш ясна адчуваў за іранічным тонам палёгку. Перахваляваўся доктар за цяжкога пацыента. — Каб не ягоная прылада, аперацыя мне дакладна б не ўдалася, і пайшоў бы ты ўслед за тым маім жаўнерам, якога мы ў Капанічы адвозілі… Тады я яшчэ слаба прасунуўся ў расшыфроўцы. Ну і панне Дамініцы падзякуй — яна была маім асістэнтам.

Вырвіч паспрабаваў падняць руку… Віват, удалося! А потым яму дапамаглі і прыўзняцца, падклаўшы пад галаву падушак. Цяпер Пранціш пабачыў, што белае — гэта палатно для будучай карціны, перад ім на мальберце раскладзеныя фарбы. Увогуле, падобна, што жонка падзяляла з параненым мужам пакой. Вунь побач, на атаманцы, змятая падушка і адкінутая неахайна коўдра.

Вырвіч прыпомніў, што ў доўгім забыцці, падчас прасвятленняў, змяшаных з блёкатам, чуў голас Дамінікі, якая супакойвала, угаворвала штось выпіць, а яшчэ распавядала пра нешта… Няўжо ўсе гэтыя тыдні мэнчылася ля ягонага ложка? Гарачая хваля замілавання затапіла чуллівую драгунскую душу…

Пранціш удзячна зірнуў на жонку, і тая нясмела ўсміхнулася ў адказ, нібыта не ведаючы, як цяпер паводзіцца з мужчынам, які называецца яе мужам… Ну, калі ён не ляжыць бяссіла, у трызненні, а глядзіць на яе блакітнымі вачыма і ўхапіў за руку цвёрдымі пальцамі, што звыклі да шаблі.

А Пранціш не збіраўся выпускаць гэтай цёплай рукі… Хопіць, столькі ўжо часу сышло на чаканне. Пакруціўся на падушках — здаецца, прытомнасць нікуды не адлятае, памацаў перавязаны лоб… Нічога, шнар мужчыну прыкрашае! Помніцца, напярэдадні гэтага ранення моцна выцяўся галавой, калі начавалі ў адрыне, гузак амаль на тым месцы, куды трапіла куля. Можа, знак які Гасподзь драгуну падаваў?

— Ну хоць распавядзіце, што ў свеце робіцца, пакуль тут валяўся, як Лазар. З’ездзіў ты, Бутрым, у Полацак?

Доктар пацямнеў тварам, здушыўшы горкі ўздых.

— Не, не ўдалося… Паспею…

Ясна, не мог пакінуць параненага. Пранціш адчуў укол віны: блуканні ліцвінскага Адысея працягваліся.

— Алеся адаслаў да маці з Давыдам, — працягваў распавядаць Лёднік. — Ліст пасля прыйшоў — усё добра. Сафійцы хутка тры годзікі, вывучыла першую малітву і засушыла першыя кветкі для гербарыя. Сушыла ў рэдкім выданні Галена, што Саламея позна ўгледзела. Д’Асэ выкруцілася. Зваліла ўсё на Бяскоўскага, бо на каго ж яшчэ ўсё і звальваць, як не на нябожчыка? Звярнуў шыю Альфонс, калі карэта ўпала з адхону ў рэчку. А мадам — нічога, паспела выскачыць, за карчы ўчапіцца. Карона Святога Альфрэда дзесь на дне рэчкі, мусіць. Так што князь Багінскі зноў надзею на вялікую дапамогу ад Версаля страціў. Спакою ў краі няма.

Доктар уздыхнуў, адкінуўшыся на высокую спінку крэсла, абцягнутага жоўта-зялёным усходнім шоўкам.

— Усё, што здабыў Пуласкі, разбіўшы Суворава — згублена. Дзюмур’е стараўся, як мог. Але Сувораў узяў Кракаў, і Дзюмур’е, як і збіраўся, з’ехаў за мяжу. Касакоўскі яшчэ ваюе, і пакуль удала, і Багінскі збірае войска… Але пры гэтым барукаюцца і паміж сабою, хто ўзначаліць канфедэрацыю. Порта барцаў не падтрымала. І тыя, хто спадзяваўся, што ўвагу расейцаў адцягне вайна з Турцыяй, гарлаюць пра здраду. Трон дзеляць пры жывым каралі, а ўсе гэтыя крыкі пра яго дэтранізацыю толькі адпалохваюць саюзнікаў. У тых свае каралі маюцца, што рэвалюцыі баяцца, як гарачай смалы. Аўстрыя выганяе канфедэратаў-эмігрантаў, Прусія пасылае расейцам артылерыю… Падобна, усе між сабою дамовіліся, як хворую дзяржаву з’есці. Адзіная надзея — калі Багінскі не далучыцца да акта бескаралеўя. Тады кароль зможа разам з Фаміліяй падтрымаць канфедэратаў, альбо хаця б не даваць каронныя войскі на барацьбу з імі.

Пранціш прыкусіў губу: звесткі сумныя.

— Што ж, кроў, якая праліваецца за Айчыну, ніколі не бывае дарэмнай. Прынамсі, мы не даемся, каб нас глынулі адным глытком, квасам запіўшы. А ў Капанічах ціха?

Дамініка кіўнула, яе рука не спрабавала вырвацца з рукі Вырвіча.

— Дзякуй Госпаду. Каронныя і маскоўцы нас не чапаюць, бо пан бацька ж ім дапамагаў. У рэкруты, вядома, пару дзясяткаў чалавек забралі, не адгаварыліся мы… Канфедэраты далёка, дый, калі што — тут жывуць сваякі вялікага гетмана Багінскага.

Вусны Дамінікі пагардліва пакрывіліся. Яе не вельмі цешыла яснавяльможнае сваяцтва.

Пакой зноў загайдаўся, нібыта драгун з доктарам усё яшчэ знаходзіліся ўнутры вадзянога змея, і Пранціш заплюшчыў вочы і сціснуў зубы. Належала як мага хутчэй ачуняць, каб не быць цяжкім мехам на чужой спіне.

А самае галоўнае, хацелася працягнуць тую гісторыю, якая складалася паміж ім і Дамінікай з Гараўскіх… А гісторыя мусіла скласціся — недарэмна ж пані Дамініка не пасвячала бацьку ў асаблівасці адносінаў з мужам, што іхні шлюб яшчэ не пацверджаны дэ факта, і пан Гараўскі ставіўся да Вырвіча як да сапраўднага зяця.

Вядома, былі пацалункі. Але гэты раздзел яны пачалі ўжо чытаць раней. Пранціш раздражняўся ад таго, што слабы, як кацяня, і рабіў, колькі мог, практыкаванні, аднаўляючы сілу па методыцы Лёдніка. Бутрым цярпліва паіў яго адварамі. А пан Гараўскі цішком ад суровага доктара, якога, падобна, пабойваўся, частаваў сакрэтным настоем ад адной зельніцы ў Капанічах. Нібыта з дадаткам бабровага струменю, што, мяркуючы па смуродзе, было праўдай. Невядома, якія лекавыя вартасці меў настой, але па моцы пераўзыходзіў гарэліцу, нават старадарожскую.

Дамініка з’едліва распавядала пасля, што думае пра прыхільнікаў піць гарэлку ў ложку…

Днямі яна малявала: то кветкі ў вазе, то якія-небудзь фантастычныя ўсходнія пейзажы з маўрамі ды бедуінамі па замове бацькі. Вырвіч распавядаў свае прыгоды. Калі было пагодна, чыталі на верандзе па чарзе ўслых які-небудзь раман альбо трактат… Спрачаліся… Ідылія! Нібыта лёс стварыў для дваіх гэткі зачараваны востраў цішыні, нібыта не крывавіла край вайна…

Нарэшце драгун змог прайсціся па пакоі больш-менш устойліва, і Гіпацэнтаўр не адцягваў руку ўніз, як М’ёльнір, молат Тора. І на спробу пані Дамінікі ўкласці ў ложак — стомішся, пагоршае, — абняў ды адарваў яе ад падлогі, карыстаючыся тым, што паранены, і дзяўчына не захоча ж надта моцна адбівацца, пашкадуе…

А вечарам, пасля належных малітваў, ён не даў сваёй пані легчы на атаманку. Ложак дастаткова вялікі для дваіх…

Пранціш асцярожна развязваў шнуроўку на начной кашулі Дамінікі, як быццам адкрываў неверагодна каштоўны падарунак, якога не варты. А потым асцярогі не хапіла, таму што тонкія рукі ўладна абвілі яго шыю, дазваляючы ўсё… І Вырвіч быў шчаслівы, што хапіла цярпення і розуму дачакацца, і ўсё здарылася тады, калі трэба, без адцення прымусу. Калі абодва таго хацелі, і быў давер, і пяшчота, і саспела жарсць…

І ён задыхаўся ад шчасця, схаваўшы твар у цёмных валасах, якія пахлі і строгім верасам, і пяшчотнымі ружамі, і трохі алейнымі фарбамі…

Пранціш ведаў, што жонка цэніць ягоны ўчынак, які многім падаўся б смешным, нявартым «сапраўднага мужчыны»: трымаў вянчаную жонку ў цноце. Затое цяпер прачынацца ўдваіх было так проста і радасна… Такое незвычайнае пачуццё — як стаў цэлым, не здагадваючыся, што да гэтага быў недаствораны, няпоўны…

І сумны цень Раіны не перашкаджаў — бо Вырвіч быў пэўны, што яна за яго ціха радуецца.

Цяпер ён разумеў, што лучыла Бутрыма і Саламею.

Лёднік жа і ў Капанічах карыстаўся славай персоны таямнічай, застрашлівай і амаль усемагутнай. Фурману руку паламаную склаў, лёкая ад боляў у жываце вылечыў, кухару апёк залячыў, сыну ягонаму, якога ў жаўнеры былі забралі ды параненым вярнулі, нагу адратаваў, а яе ўжо іншы доктар адцінаць хацеў, бо рана не загойвалася. Пану Гараўскаму ад раматусу дапамог, толькі хмыкнуўшы на пахвальбу пана, што дагэтуль лячыўся адным бабровым струменем на гарэлцы, і таксама ратавала. Нават да сялянкі-парадзіхі ў вёску прыімчаўся, калі пачуў, што роды цяжкія, бабка-павітуха рады не дае. А для тае бабкі ды ейнай канкурэнткі пасля давай цэлыя лекцыі чытаць… Кабеты пералякаліся, затое потым на ўвесь павет хваліліся, што сталі вучонымі дактарыцамі. Мужыкам прафесар штось пра гігіену тылдычыў. Можа, тыя і пасмейваліся з вучонага дзівака, але грошы, якія пан даваў на мыла ды лекі, на гарэліцу траціць баяліся, ва ўпэўненасці, што нейкім чынам Чорны Доктар даведаецца ды пакарае.

Дык вось, Лёднік Пранцішу, які ззяў, як новенькі ордэн, і сказаў:

— Цяпер веру, што ўсё ў цябе наладзіцца. Ведаеш, чаму веру? Бо тут шмат прыгожых дзяўчатак. Пакаёвак, пейзанак… А ты ні на адну з цікавасцю не глянуў, хаця раней мімаволі позіркам да кожнай спадніцы прыліпаў.

А Вырвіч і сам адчуваў, што змяніўся. І быў недаравальна шчаслівы…

Трэба было і другім даць магчымасць шчасця. Немажліва ўжо бачыць, якімі тужлівымі часам робяцца вочы Бутрыма.

Нарэшце Лёднік пераканаўся, што пацыенту больш нічога не пагражае, і сабраўся дадому, у Полацак. Лялек, дарэчы, для дачушкі розных накупляў цэлы мех. І парцалянавых, і з дрэва выразаных, і з тканіны пашытых… Вайны было з яго даволі, пра што аб’явіў даволі рэзка. Ледзь не пасварыўся з драгунам, які сцвярджаў, што шляхціц — найперш вой, і не ўдзельнічаць у паспалітым рушэнні, адседжвацца за печкай — ганьба.

За развітальным сталом сядзелі ўжо ўсёй сям’ёй. Пранціш з жонкай, пан Гараўскі, доктар Лёднік… Лёкай у турэцкіх строях урачыста падаў свайму пану кальян.

— Ці дазволіце, вашамосць, запытацца, — ветліва прагаварыў доктар, — адкуль ваша захапленне Усходам?

Пан Гараўскі з гонарам папыхваў кальянам, ягоны халат быў падпяразаны слуцкім пасам з уплеценымі ва ўсходні арнамент валошкамі.

— Мне гадкоў дзесяць было, у нас у маёнтку спыніўся пасол з Персіі разам са світай. Не вытрымаў нашых халадоў, захварэў дарогай. Ну я і нагледзеўся цудаў… Яны ж нават посуду з сабой вазілі цэлы воз, каб нашым, гявурскім, нячыстым, не карыстацца. А пасол яшчэ і дзвюх жонак пры сабе меў. Я так іхніх твараў і не пабачыў. Захутаныя да вачэй, бровы вугалем намаляваныя. Праўда, як на мой густ — дык таўставатыя кабеты, хаця я малы быў, але гэта запомніў. Перс нашай мовай валодаў, увогуле дужа вучоны. Са мной важдаўся, казкі распавядаў пра джынаў, халіфаў ды птушку Рох… Але зусім слабы стаў. Як пацяплела, павезлі яго на радзіму — але не ведаю, ці давезлі. Ад яго і дываны ў нас дома засталіся, і талеркі чаканныя, і куфар з кнігамі. Шкада, так і не ведаю, пра што тыя кнігі, яны ж усе на іхняй мове, ды без малюнкаў… Толькі ў адной малюнкі ёсць, але незразумелыя, нейкія чарцяжы.

У гэтым месцы расповеду Лёднік выявіў сваю ўласцівасць чапляцца за хвост любой таямніцы так, што не адарвеш. Хіба разам з хвастом. І запэўніў, што на фарсі чытае, бо на ім напісаныя многія медыцынскія трактаты.

Куфар чорнага дрэва з кнігамі быў прынесены. Бутрым да яго дапушчаны.

Доктар прагна перабіраў старыя таміны, гартаў, варушачы вуснамі… І раптам зарычэў адчайна і аж за валасы схапіўся. Што такое?

— Гэта ж трактат Альбукасіса! Не цалкам, але тая частка, што апісвае даследаванні мозга! Каб мне гэта раней патрапілася! Я ж цэлы год расшыфроўваў мадэль мозга, што Альбукасіс з жалеза зрабіў. Гэта ўсё роўна што па аб’едзенай костцы меркаваць, якое пер’е было ў курыцы, і на якім седале яна начавала. А кніга тут увесь час ляжала!

Лёднік страсянуў валасамі ад раздражнення.

— Што ж, Гасподзь не дае мне лёгкіх шляхоў…

Зразумела, трактат быў вучонаму доктару падораны, і адправіўся разам з ім у Полацак, на пару з іржавым шлемам.


Вырвіч мусіў яшчэ падправіць здароўе, а пасля… Ён, у адрозненне ад доктара, адседжвацца не збіраўся. Праўда, дзе ваяваць — яшчэ трэба было вырашыць. Наконт гэтага з цесцем Пранціш вёў зацятыя спрэчкі, якія перарывала толькі пані Дамініка. Пан Гараўскі лічыў, што з барскімі канфедэратамі яму не па дарозе, тыя хочуць увесь край зрабіць каталіцкім. А пан Валенты — і за гэта Пранціш яго мог толькі паважаць — захоўваў веру бацькоў, і ў сваіх уладаннях не даў перавесці царкву ва ўніяцтва.

Бо што гэта за справы — прыходзяць сяляне ў царкву, а ім кажуць: вы ўжо не праваслаўныя, вы да уніі належыце, і папа рымскі над вамі… А бацюшка той самы да іх выходзіць, але ўжо ў іншай шапцы. Калі ж расейцы павет захопяць, наадварот атрымліваецца: прыходзяць парафіяне на імшу — а іх да прысягі, царыцы ў вернасці клясціся ды патрыярху, абразы ды кнігі ўніяцкія адбіраюць ды нішчаць. А бацюшка часта зноў той самы. Ад такіх хістанняў любая вера занепадзе. На магнатаў, якія рокаш усчалі, у пана Гараўскага крыўда яшчэ і асабістая.

Пранціш жа гарачыўся, даводзячы, што калі дзяржава страціць незалежнасць, для краю нічога добрага не чакаецца. Ускраіна імперыі — усяго толькі ўскраіна, якую належыць увесь час «уціхамірваць». Калісьці палякі ліцвінаў падвялі, калі змусілі да Люблінскай уніі. Напалі на Літву адначасова і маскоўцы, і татары, а Карона заявіла, што дапаможа бараніцца толькі на ўмовах уваходу ў адну дзяржаву. Троцкі кашталян Хадкевіч тады ад гора ды ганьбы захварэў ды памёр, дэпутатаў, якія галасавалі супраць уніі, пераследавалі, як дзікіх звяроў… І чым скончылася? Калі роўнасці ў народаў у саюзе няма — заняпад і «хатнія войны». А Расія пра саюз і не гаворыць — маё, кажа, дый і ўсё. Таму, як бы канфедэраты ні памыляліся, яны за волю б’юцца, за сваю зямлю, і нашчадкі іх ушануюць. Бог бачыць, што ў каго на сэрцы.

Добра, што Лёдніка не было — дадаў бы алею ў агонь сваім рэспубліканствам. Свабода, роўнасць, братэрства… Як яшчэ ў масоны не запісаўся, як Жылібер ды Тызенгаўз? Адно што, перасмыкала яго цяпер ад любых таемных таварыстваў. Лёднік любіў разважаць, што заможная дзяржава немагчымая без развітага трэцяга саслоўя. Калі ёсць шмат багатых купцоў, рамеснікаў, банкіраў, якія маюць роўныя правы з арыстакратамі. Пра гэта нават варшаўскі часопіс «Манітор» пачаў пісаць, хоць нашто ўжо кансерватыўны… А далей, вядома, прыгоннае права трэба касаваць… Не мусіць чалавек мець права біць, зневажаць ды пазбаўляць святла навукі іншага чалавека.

Мройнік…

Пан Валенты сярдзіта пыхкаў кальянам, але позірк на шчаслівы твар дачкі — і супакойваўся пан. Урэшце, зяць яшчэ не стары, баявіты, адукаваны, добрага роду, яшчэ невядома, што з яго выйдзе, а дачка пакіруе, як належыць… Уся ў маці, светлай памяці. Каб тая была жывая — дык і пан Валенты, мусіць, сёння высокую пасаду меў, жоначка штурхала б у бок, паказвала кірунак…

Але зацішак на тое і зацішак, каб не доўжыцца вечна, а змяняцца бурай.


Давыд Ляйбовіч, толькі што з каня, запылены ды здарожаны, уваліўся ў вітальню, але ліста не прывёз. Прыехаў без дазволу Бутрыма па дапамогу.

— Кепска з Лёднікамі.

І бяссіла ўсеўся на лаўку.

— Пані Саламею вінавацяць у забойстве пана вознага Шмыгі, у якога маёнтак побач з Караблямі, пад Менскам. Суд будзе праз тыдзень.

На імгненне ў доме запанавала такая агаломшаная ціша, што чуваць было, як зумкае муха.

— Які суд? Што за лухта? — Пранціш вушам не верыў. — Вайна ідзе! Адны далучыліся да акта бескаралеўя — значыць, ім каптуровы суд трэба збіраць. А гродскі суд, каралём зацверджаны, цяпер ніяк сабрацца не можа — і ўсіх чальцоў не будзе, і сесія прамінула на Тройцу!

Давыд абцёр спацелы твар ваўнянай шапачкай.

— Гэх, пан Вырвіч, каб жа ў свеце ўсё па законе было, дык усе былі б Саламонамі. Грошы нават ліпень ператвораць у чэрвень. Суд жа на Тройцу не збіраўся з-за ваенных падзей, вось яго і «ссунулі». Акрамя таго, збіраецца не вышэйшы, а ніжэйшы замкавы суд, пад кіраўніцтвам падстаросты. А суддзя менскі ведаеце зараз хто?

— Не прыпомню, — пан Гараўскі задумна пакручваў чорны вус. — Здаецца, нейкі пан дужа багаты ды баявіты. Хтось расказваў, што яго на элекцыйным сойміку ніхто перапіць не мог.

— А яшчэ сярод бочак з віном кандыдат паставіў бочку талераў, і ўсе чэрпалі, колькі маглі панесці, ледзь не падушыліся, — змрочна ўдакладніў Давыд. — І быў гэтым шчодрым кандыдатам граф Пянткоўскі. Здаецца, вы называеце яго Германам Ватманам.

— Што? — Пранціш ажно падскочыў. — Гэта немагчыма! Прыблуда, найміт, без роду, гонару і сораму! Не веру, што менская шляхта зусім страціла розум! Як маглі прызначаць на такую пасаду замежніка, без каранёў ды маёмасці ў краі — гэта ж незаконна!

— Яшчэ як законна, — запярэчыў аптэкар. — Гісторыя такая… Ваяводам менскім зараз прыхільнік Тызенгаўза, пан Тадэвуш Бужынскі.

— Той, што ў 1768-м з іншымі здрайцамі дамову з Расеяй падпісваў? — сціснуў кулакі Пранціш.

— Ён… І таму князь Багінскі нічога не шкадаваў, каб свайго чалавека ў судзе мець, што цалкам зразумела, — развёў рукамі Давыд. — Ваш Ватман стаў графам Пянткоўскім, займеў маёнткі ў Менскім павеце. Прычым частку ўладанняў яму падарылі яшчэ Пацы. Ён нейкі час на іх працаваў, пакуль Багінскі за мяжой блытаўся. На элекцыйны сойм граф Пянткоўскі з кучай прыяцеляў з’явіўся ды з вазамі, гружанымі ежай, пітвом ды падарункамі. Тыдзень дэпутаты за ягоны кошт балявалі. А колькі ў кішэнях паноў-радцаў асела… Бужынскі, кажуць, цэлую вёску атрымаў у падарунак… Вось і прызначыў суддзёй ніжэйшага гродскага суда графа Пянткоўскага. Затое як трэба князю Багінскаму штось вырашыць — суд да ягоных паслугаў. Падстароста, падсудак ды пісар на два бакі, праўда, стараюцца хіліцца. Вось і цяпер вялікі гетман хоча, как дапамаглі тэрмінова вырашыць «гарачую» справу аб спадчыне на карысць адной персоны. Там палітыка замяшаная, здаецца, за станоўчы вырак гетману абяцаў падтрымку моцны шляхецкі род…

Што ж, гэта была таксама звычайная гісторыя. Караль Радзівіл на элекцыйныя соймы іначай, чым на вазах з падарункамі, і не прыязджаў. Калі Міхал Валадковіч, ягоны кумпан, захацеў Менскам пакіраваць, магнат сваіх жаўнераў у ратушу прывёў, і чальцы магістрату прагаласавалі, як трэба. Праўда, скончылася ўсё роўна тым, што буяша Валадковіча гэтыя ж паны пасля асудзілі за ягоныя выбрыкі на смерць.

— А Саламея тут пры чым? — не вытрымаў Вырвіч.

— Пан Лёднік упэўнены, што інцыдэнт падстроіў сам Ватман, — уздыхнуў Давыд. — На сесіі ж усе справы разглядаюцца, вось ён заадно і падгадаў… Пан Баўтрамей кажа — адпомсціць хоча. Раз самога нашага доктара не ўдалося знішчыць, з іншага канца зайшоў.

Справа выглядала пагана. Пані Саламея змушаная была ў адсутнасці свайго Адысея час ад часу наведваць іх уладанні ў Караблях. Лёднікі — прагрэсісты, фізіякраты, разумееш… У іх сяляне баршчыну не адрабляюць, у іх школка, шпіталь. Цагельню спрабуюць наладзіць з дапамогай француза-ўпраўляючага, якога пейзане жабай празвалі. Вось і даводзіцца час ад часу, каб зусім усё не развалілася, правяраць.

Вядома, пані Саламея і як лекарка там дапамагала — яна ж марыла мець сваю практыку. А Лёднік, дзе вальнадумца, а тут зацяты пільнавальнік нораваў, забараняў жонцы самой пацыентаў прымаць, надта баяўся, што звінавацяць у вядзьмарстве.

Не дарэмна баяўся. Паклікалі пані Саламею падчас чарговага прыезду ў Караблі да суседа-вознага, у якога жывот разбалеўся. Пані доктарава хворага агледзела, лекі прызначыла… А возны назаўтра й памёр. Удава шум падняла, вядома, лекарку звінаваціла. Чараўніца!

Можа, і не дайшло б да суда, хіба мала безнадзейна хворых у таго ж Лёдніка ды пані Саламеі траплялася. Але тут надта нечаканай выглядала смерць. Да таго ж возны якраз на гродскі менскі суд і працаваў, дастаўляючы позвы, і ўдава мела там добрыя сувязі. Шум падняла… Ватман і скарыстаўся…

Саламею забралі, і ніякія спробы нават пабачыцца, даведацца, дзе яе трымаюць, не дапамаглі. Лёднік увесь змэнчыўся. Прыехаў дадому — а жонка ў вязніцы. Перабраўся з сям’ёй у Менск, знялі дом. Бутрым усе парогі абівае — дарэмна. Карацей, пакуль пан доктар не ўтварыў чагось сабе ж на згубу, лепш, каб за ім прыгледзелі сябры. Бо сам па дапамогу не звернецца.

Пан Валенты нешта пачаў мармытаць пра гожую ды пабожную пані Саламею, якая аніяк вядзьмаркай быць не можа, ды пра клятага Ватмана. А Пранціш змрочна ўзняўся з крэсла.

— Што ж, адпраўлюся сёння ж.

Але за плячук драгуна ўхапіла тонкая, але моцная рука.

— Вы якім чынам і куды, васпан, надумалі выпраўляцца?

Дамініка рашуча глядзела на мужа. Пранціш пацалаваў яе руку.

— Выбачай, дарагая, але ты сама перастанеш мяне паважаць, калі я кіну найбліжэйшых сяброў у бядзе.

— А хто табе кажа іх кідаць? — прыўзняла чорныя броўкі пані Вырвіч. — Сяброў трэба выручаць. Пан Лёднік і пані Саламея людзі самыя вартыя, а Сафійку як шкада! Але васпан забываецца, што ён больш не дзяцюк, а самавіты жанаты чалавек, у якога ёсць радня. Так што запрагайма карэту, бяром гайдукоў чалавек дзесяць…

— Я не магу падстаўляць другіх пад небяспеку! — пачаў быў Пранціш, але падышоў і пан Гараўскі, засунуўшы пагрозна рукі за паяс.

— Ты, васпан, мой зяць, а значыць, я за цябе адказваю. Што ты там самадзін, на судзе, рабіць будзеш? Што пра мяне людзі пасля скажуць? На такія сходы — суды, соймікі, трыбуналы — трэба як пышней заяўляцца, з як мага большай кампаніяй. Мы цяпер — адна сям’я, а за свой род трэба стаяць гарою. Я яшчэ да стрыечнага брата пашлю, хай сваіх людзей нам дасць.

Вырвіч глядзеў на Дамініку, на пана Валентага, аднолькава рашучых, з бляскам у цёмных вачах… Дамініка пазбавіла ад неабходнасці казаць высокія словы, пацалавала ў шчаку, патрапала па русявых кудзерах… І нібыта моцы прыбавілася ў драгуна. Ён з удзячнасцю пакланіўся цесцю.

— А ці ёсць у вас якія кнігі па юрыспрудэнцыі?

— Як жа ў шляхціца можа не быць кніг па заканадаўстве? — здзівіўся пан Гараўскі. — І Статут ёсць, і рымскае права, і гербоўнікі.

У Вырвічаў, якія б яны ні былі збяднелыя, у хаце ў Падняводдзі захоўваўся Статут. І пан бацька, Антоні Вырвіч, патрабаваў ад сына, каб ведаў усе свае шляхецкія прывілеі, правы ды абавязкі. І за што могуць даць баніцыю, і якія правы наследавання, і які пасаг можа патрабаваць шляхетны жаніх за сваёй жонкай… У акадэміі Вырвіч праслухаў курс па рымскім праве. А язык у яго быў заўсёды добра падвешаны. На судах дазвалялася выступіць усім, хто абазнаны ў законе, таму і не пашкодзіць падрыхтавацца быць адвакатам на горшы выпадак.

Горшы выпадак, падобна, чакаў не за гарамі. А ў тым жа павеце, у Менску, куды дабраліся ў той жа дзень, яшчэ засветла.


Лёднік сядзеў у крэсле пасярод няўтульнага пакоя менскага здымнага дома, абняўшы сябе за плечы, нібыта страшэнна мёрз, і вочы ягоныя згаслі. Пранціш ні разу не бачыў, каб старэйшы сябар быў такі разгублены.

Хвэлька хадзіў туды-сюды з Сафійкай на руках і нудзіў:

— Абавязкова трэба ўзяць на суд панначку! Каменнае сэрца трэба суддзям мець, каб такога анёлачка без маткі пакінуць!

Сафійка пазірала вялізнымі цёмнымі вачанятамі трохі спалохана, бо і яна разумела — штосьці страшнае здарылася. Паніч Алесь стаяў побач з таткам, напяты, нібыта на варце.

— Да яе не пускаюць, — нарэшце прарыпеў Лёднік. — У гродскай турме яе няма. Страшэнная таямніца, разумееце — месца зняволення моцнай вядзьмаркі. Мяркую, Ватман яе змясціў у якімсьці кляштары.

Абцёр рукой схуднелы твар.

— У маёнтак памерлага пана Шмыгі з’ездзіў. Не пастыдаўся на калені перад удавою стаць — абы згадзілася паразмаўляць. Распытваў падрабязнасці смерці… Усё вельмі падазрона. Возны выпіў нанач лекі, Саламеяй нарыхтаваныя. Раніцай устаў бадзёры, казаў, што вось, якраз можа абавязкі выканаць, позвы развезці, пра што і паслаў ліст пану пісару. А ўвечары знайшлі на двары, перад весніцамі, мёртвым. Крыві няма, косткі цэлыя. Вырашылі — атрута!

Пранціш кусаў вусны.

— А ты сам які дыягназ паставіў бы?

Лёднік перарывіста ўздыхнуў.

— Які дыягназ! Каб жа я цела пабачыў! Але яго ўжо змясцілі ў радавы склеп Шмыгаў, і блізка мяне туды не пусцяць. Дый што б я ні сцвярджаў — словам маім веры няма. Раіну Грамычыну ў свой час ейны муж, святар, абараняў, сцвярджаў, што ўсе ейныя зёлкі асабіста свянцаў. І што, дапамагло?

Бутрым стукнуў кулаком па ўласным калене, нібыта яшчэ й кульгавым да кучы захацеў зрабіцца.

— Пан Баўтрамей, але сведчанне нейкага доктара ў судзе мусіла быць? Ці не перагаварыць з тым доктарам?

Дамініка ўважліва чакала адказу. Лёднік горка ўсміхнуўся.

— І пра гэта я падумаў. Цела аглядаў мой калега Ян Замойскі. Ён у Менску доктар самы ўплывовы і дарагі, і старосту, і падстаросту, і пісара лечыць. Хіба што Ватман да яго з раматусам не хадзіў, таму што раматусу ды іншых слабасцяў цела ў Ватмана, відаць, няма, як і сумлення. Але з Замойскім я не сустрэўся, колькі ні стукаўся ў ягоны дом — кажуць, няма, у ад’ездзе. І спецыяліст ён, наколькі я памятаю, слабы. Лішніх клопатаў пазбягае, рызыкі не любіць. Затое амбіцый праз меру.

— Паспрабую я штось даведацца пра вашага Замойскага ў сваіх адзінаверцаў… Дзе доктар, там і аптэкары. А з імі я знаёмы, — прамармытаў Давыд і выйшаў з пакоя.

А Лёднік узяў на рукі дачушку… Якая мусіла наноў звыкаць да вечна адсутнага таткі.

— Казку хачу!

На круглым стале, не накрытым абрусам, сіратліва ляжала кніга па рымскім праве. Зумкала муха, як заблукалая душа. І казка складалася нейкая надта дзіўная… Не, каб пра якога Катка-Залатога-Лабка альбо Сынка-з-Кулачок.

— Было гэта даўно-даўно, яшчэ за каралём Сасам, калі ў Дняпры плавалі вадзяныя змеі велічынёй з млын, а млыны малолі камяні. Навошта? А каб на хлебе з каменнай мукі гадаваліся волаты, моцныя, як валуны.

Голас Бутрыма гучаў ціха і сумна.

— Жыў тады ў горадзе слаўным, дзе над ракою бялее храм з пяццю купаламі, чалавек, што хацеў навучыцца рабіць золата. І калі ты думаеш, што той дзівак быў надта сквапны — памыляешся. Насамрэч ён быў шчаслівы хадзіць у лахманах і есці адну параную рэпу, абы пры гэтым у яго меліся кнігі і магчымасць лічыць зоры ды аблокі. О то ж любіў ён лічыць зоры ды аблокі! Колькі разоў ідзе, задраўшы голаў, спатыкаецца ды падае ў брудную калюжыну, месцічаў весяліць. Так што празвалі яго Зоркаведам.

А Баўтрамея ў Полацку і сапраўды так называлі… Et fabula partem veri habet[21]

— Але на насмешкі ён нават не зважаў, бо акрамя мудрасці кніжнай ды навук розных нічым не цікавіўся… Самым недасяжным, самым важным веданнем, даступным толькі абраннікам, лічылі ўменне ператвараць у золата простае жалеза альбо камень. А Зоркавед, ясна, лічыў сябе такім абраннікам. Вывучыў усе трактаты вучоныя па стварэнні штучнага золата, ды ўзяўся за працу. Ды так, што спляжылася на доследы ўся ягоная маёмасць. І нярэдка снедаў ён сухой скарынкай, а вячэраў салодкай мрояй. Галоўнае — у шкляных колбах змешваліся ды віравалі рэчывы, гарэў агонь пад чыгуном, у якім варыўся не суп, а ўсялякае атрутнае расчынне. Хутка дакажа абраннік усяму свету, што самы разумны! І не было каму Зоркаведа спыніць, бо не меў ён у горадзе ні сяброў, ні сваякоў.

Дамініка, прысеўшы на абцягнутую патрэсканай скурай канапу каля Пранціша, слухала і сумна ўсміхалася. І Вырвіч лёгка гладзіў яе плечы. А Бутрым працягваў:

— Нарэшце здабыў наш вучоны тры крупачкі золата, якія ледзь можна было разгледзець у вуголлі. Перасыпаў у бутэлечку, паўсюль з сабой насіў, ды пяшчотна разглядаў, як штучнае золата паблісквае ў попеле. А каб працягнуць доследы, пайшоў у пазыкі, абяцаючы ўсім, што хутка таго золата здабудзе цэлы воз. Ды хто пазычыць грошай вар’яту за бліскучую парушынку? Адзін толькі пан, багаты, як цмок, што нават яблыкі ў сваім садзе загадаў пазалаціць, згадзіўся. Але ўзамен Зоркавед мусіў прывесці яму красуню з таго народа, што жыве ў аблоках ды завецца Сільфамі. Людзі ж верылі, што Зоркавед з Сільфамі, ды Гномамі, а мо і з Вужыным Каралём па начах каву п’е, як з простымі суседзямі. Сільфаў завоблачных Зоркавед, аднак, ніколі не бачыў. Але пачытаў належныя трактаты і давай закляцці тварыць. Зірнуў у акно — ці не спускаецца хто з аблокаў, а па вуліцы, вузкай, як розум дурня, ідзе яна. Сільфіда.

Голас Лёдніка здрыгануўся.

— Сінія вочы ззяюць, камяні пад звонкімі чаравічкамі ад гонару свецяцца.

Вядома, гэта было пра Саламею. Менавіта яе ў Слуцкім замку князь Геранім Радзівіл выдаваў за Сільфіду, стыхійнага духа.

— Кінуўся Зоркавед даганяць красуню, — Лёднік крануў вуснамі бліскучыя валасы дачкі — як чорны шоўк, зусім як у маці. — Вядома, не была яна Сільфідай, а звычайнай дзяўчынай, дачкой мясцовага кнігара, які жыў побач з Зоркаведам і ў лаўцы якога Зоркавед не аднойчы набываў кнігі. Але здабывальнік золата ніколі не разглядаў звычайных людзей, хай бы яны і жылі пасуседстве. А тут упершыню разгледзеў… І стаяў бы ён вечна пад кустом бэзу ля дому прыгажуні, і назіраў бы за ёю, дзівячыся і не разумеючы, што ж такое мяняецца ў ягоным сэрцы… Бо вырашыў — не аддасць ён Сільфіду сквапнаму пану. Хай лунае яна на волі, бо нічога прыгажэйшага Зоркавед не бачыў ні ў аблоках, ні ў зорным небе. І ўсё роўна яму стала, ці гэта дзяўчына з неба, ці з суседняга двара. Бо яна заставалася для яго недасяжнай, як зоры і аблокі. Што ён мог ёй прапанаваць, акрамя трох крупачак здабытага золата, за якія не купіш і булкі? А пан між тым прыехаў паглядзець, што ўдалося Зоркаведу. І заспеў яго пад кустом бэзу, і вочы ў Зоркаведа былі задуменна-шчаслівыя, і такія здзіўлёныя, быццам упершыню свет пабачыў. Заўважыў пан, каго Зоркавед гэтак вызірае. І таксама аслупянеў. Сільфіда ці не, але неадменна гэтая прыгажуня мусіць быць ягонай! Вось толькі шукальнік золата запярэчыў… Баяўся ён, што пан зробіць Сільфіду няшчаснай, пасадзіць на ланцуг. Гатовы быў на двубой пана выклікаць.

Вось гэта ўжо аўтарская фантазія, пра бэзавы куст. Заміж бэзу быў пакой у вежы, дзе Саламея сядзела, прыкутая ланцугом. Але на тое і казка, каб рабіць усё прыгажэй…

— Такі шум усчалі, што ўся вуліца збеглася…

Бутрым усміхнуўся, відаць, успомніўшы колішнюю бойку ля брамы слуцкага замка.

— І вось стаяць абодва кавалеры перад дзяўчынай, бездапаможныя перад яе сінім позіркам, і насмешна ківае ружовымі кветкамі над імі бэз. Абяцае багацей, што ў ягоным доме прыгажуня будзе жыць у залатым пакоі, есці з залатых талерак і хадзіць у залатых сукенках. «А ты што мне можаш прапанаваць?» — перавяла сіні позірк Сільфіда на Зоркаведа. Той моўчкі палез у кішэню, дастаў бутэлечку, дзе ў чорным попеле паблісквалі тры залатыя парушынкі, адкаркаваў і высыпаў плён сваёй цяжкой працы на вецер… Можа, і даляцелі тыя залатыя парушынкі да аблокаў, дзе жывуць Сільфы? І як ты думаеш, каго выбрала дзяўчына? Таго, хто складаў да яе ног дарагія скарбы, альбо таго, хто дзеля яе адмовіўся ад апошняга?

Сафійка падумала, пакруціла ў пальчыках карункавы фальбон сваёй сукеначкі.

— Пан злы. А Золкавед твой дулны. Я б нікога не выблала, пайшла б далей кніжкі чытаць.

Пранціш ледзь стрымаў смех. Бутрым, падобна, трохі разгубіўся ад выраку сваёй каралевічны, але таксама ўсміхнуўся і працягваў:

— Ведаеш, дзяўчына была вельмі разумнай, і чытала Зоркаведа лепей, чым ён зоры… Ёй быў ясны ягоны ўчынак. Зоркавед адмаўляўся надалей шукаць таямніцу здабывання золата. Таму што ўжо адкрыў яе, і ў ягоным сэрцы ўтварылася золата кахання. Цэлы цяжкі злітак. Сільфіда ўзяла Зоркаведа за руку і павяла ў свой дом. Даўно варта было ім пагаварыць: ён кніжкі любіў, яна кніжкі любіла, дабраная пара, карацей.

— А што пан? — папыталася Сафійка.

— Пан, вядома, раззлаваўся. Хіба паны звыклі, каб у іх нейкія Зоркаведы Сільфідаў адбіралі?

Лёднік, відаць, прыпомніў сутарэнні Слуцкага замка, у якіх яго ледзь не закатавалі.

— Кажуць, нашаму дзіваку давялося нават з шабляй у руках сваё золата абараняць. Але хто яго адніме, калі яно ў сэрцы?

— Яны пажаніліся? Сільфіда і Золкавед?

— Пажаніліся, — Бутрым пагладзіў дачушку па галаве.

— А золы і аблокі ён лічыць пеластаў?

— А іх можна лічыць і ўдваіх, — усміхнуўся Лёднік. — Калі, вядома, пры гэтым не забывацца часцей пазіраць адно на аднаго ды на іншых людцаў.

Вось жа прападае літаратурны талент у доктара… Пранціш паабяцаў сабе абавязкова запісаць гэтую казку ў свой рукапіс.

Сафійка прымарылася і задрамала, і дзеўка з Караблёў, якую Лёднік узяў у дом за прыслугу, задумлівая худзенькая сірата Кася, панесла паненку ў ложак…

І тут прыбег Давыд, усміхаючыся ва ўсе зубы.

— Знайшоў я вашага Замойскага! Заўтра ідзе да багатага кліента. Пераловім — больш не схаваецца…


Пералавілі проста перад ганкам дома на рагу Дамініканскай, дзе жыў кліент.

Доктар Замойскі зусім не быў падобны да суровага прафесара Лёдніка. Бялявы, нізенькі, з вачыма, як два алавяныя гузікі, і вуснамі, якія, здавалася, вось-вось свіснуць, праганяючы якое-небудзь надакучлівае птаства. І такі шчаслівы быў бачыць Лёдніка, што каб мог, уцёк бы адразу хоць у балота. Ледзь-ледзь ветлівую ўсмешку выкрывіў.

На ўсе просьбы дапамагчы, распавесці пра дыягназ смерці вознага Шмыгі доктар толькі фыркаў злосна ды прамаўляў фразы ільдзяныя ды законныя, ад якіх ажно зубы зводзіла, бы ад сцюдзёнай вады. Лёдніка пабойваўся, але ж на людзях — што той мог зрабіць? Можна і выказаць пагарду няўдачніку.

Але калі Бутрым у адчаі прысунуўся ды схапіў Замойскага за каўнер — той збляднеў ды затросся. А Лёднік ціха прагаварыў:

— Мне ёсць чым аддзячыць пану.

Успацелы ад няёмкай сітуацыі Замойскі зацята аддзіраў пальцы Бутрыма ад свайго каўнера і спрабаваў паводзіцца звысоку.

— Запэўніваю вас, калега, што ўсёй вашай маёмасці не хопіць, каб хоць часткова скампенсаваць мне тое, што я магу страціць, калі звяжуся з вамі!

Пранціш разумеў, што гэта так. Куды ім усім — і Лёдніку, і Вырвічу, і нават Гараўскім цягацца з магнатамі… Такія, як Багінскія, Пацы, Радзівілы, могуць не толькі вёску — цэлае мястэчка падарыць, высокую пасаду надаць… Альбо ўсё адабраць.

Але Лёднік прыцягнуў раззлаванага калегу да сябе і штосьці прашаптаў на вуха. Той недаверліва паглядзеў на былога прафесара, падумаў… Потым абодва яшчэ пра штосьці пашапталіся і разышліся.

А ў вачах Бутрыма загарэлася надзея.

— Заўтра раніцай паедзем у радавы склеп Шмыгаў.

Вырвіч здзівіўся: ці не ўжыў Бутрым сваю магію, хоць і забараняў сабе ёю карыстацца, каб пераканаць Замойскага?

Да вясковых могілак, дзе знаходзіўся склеп Шмыгаў, Замойскі прыехаў асобна, у карэце, нават раней за прызначаны час. Могілкі былі змрочныя. Высокія таполі адчайна цягнулі худое голле ў неба. Магілы зараслі маліннікам, і пераспелыя чырвоныя ягады, якія ніхто не абрываў, падалі ўніз, у някошаную траву, на шэрыя пліты, быццам крывавіла вялізная жывая істота. Склеп Шмыгаў быў маленькі, з чырвонай цэглы, і страшэнна нагадваў печку. Тую самую, у якой Баба-Юга час ад часу пячэ збеглых шкаляроў.

Асаблівага жадання ісці ў склеп Вырвіч не меў. І так трупы патрашыць радасці мала, а тут яшчэ і нябожчык зусім нясвежы. Таму чакаў на ўваходзе, сцярог, каб хто не заспеў дактароў за кашчуннай дзеяй. Толькі прыслухоўваўся да размоў у смярдзючай цемры:

— Бачыце, пан Замойскі, пашкоджана аснаванне чэрапа. Сюды глядзіце. Думаю, менавіта гэта і ёсць прычынай смерці.

— Чакайце, падсвячу ліхтаром… Так, трэшчына маецца.

— На шыі мусілі застацца сляды. Прыпомніце, васпан, былі кровападцёкі, сінякі? Бо цяпер цяжка гэта зразумець.

Замойскі хмыкаў, перхаў, нарэшце неахвотна адказаў:

— Разумееце, пан Лёднік, мне не ўдалося агледзець цела дэтальна. Здаецца, былі на шыі два сінякі, але ніхто не надаў гэтаму значэння.

Зашаргатала, нібыта пасунулі штось цяжкое.

— Пан Замойскі, вельмі прашу, успомніце: сінякі месціліся вось так?

Пасля некаторай паўзы прагучала незадаволенае:

— Падобна, што так. Але тое, што вы паказваеце, калі б хтось ухапіўся двума пальцамі за шыю дарослага мужчыны, не магло паслужыць прычынай пашкоджання пазванкоў і смерці.

— Магло, пан Замойскі… — голас Лёдніка гучаў стамлёна і сумна. — Яшчэ як магло, калі ўхапіўся той чалавек, пра каго я думаю. Ён двума пальцамі шыю зламае і не такому, як няшчасны возны. Вы гатовыя пацвердзіць у судзе вынікі гэтага абследавання?

Вось цяпер паўза была даўжэйшай, Пранцішу нават падалося, што дрыготка, якая прабрала перапалоханага Яна Замойскага, перадалася сівому палыну, што рос ля ўваходу ў склеп. З разнога шурпатага лістка зляцела багоўка і знікла ў напрамку сонца, якое зазірала між цёмных фіранак таполяў, бы цікаўная суседка.

— Прабачце, пан Лёднік, але нават за прапанаваную вамі плату я не магу так рызыкаваць. Мне зусім не хочацца ўлегчыся на месца гэтага небаракі. Тым больш у нас і радавой усыпальніцы няма, нават такой небагатай.

— Тады наша дамова няспраўджаная, — халодна прамовіў Лёднік.

На нейкі час запанавала ціша.

— Я прапаную вось што, вашамосць, — нібыта цераз сілу прамовіў суразмоўца доктара. — Я напішу сваё сведчанне на паперы. Заверу ў натарыуса, а вы карыстайцеся, як хочаце. А сам з’еду ў Рыгу. Вы ж разумееце, што пасля такога мая кар’ера тут пад пагрозай.

— Не перабольшвайце, пан Замойскі. Вам варта толькі дачакацца, пакуль той, каго вы баіцеся, страціць уладу ў павеце, а гэта ўжо здарыцца хутка. Вы і самі гэта разумееце, іначай не пагадзіліся б мне дапамагаць. Я чакаю ліст ад вас сёння ж увечары.

Пагарда хавалася ў голасе Бутрыма глыбока, як вусень у яблыку.

— Але, пан Лёднік, напачатку — тое, што вы мне абяцалі…

Замойскі, відавочна, падазраваў падман.

— Добра, давайце толькі выйдзем адсюль.

Зноў зашаргатала штось цяжкое, закрахтаў, засоп Замойскі… Відаць, дактары-кашчуннікі клалі нябожчыка на ягонае законнае месца і закрывалі каменную труну.

Што ж змусіла баязліўца рызыкаваць дзеля чужых інтарэсаў?

Бутрым, не кажучы ні слова, пайшоў да свайго каня, якога навязаў ля брамы, вярнуўся з сядзельнай сумкай, пакорпаўся там. І, не вагаючыся, уклаў у рукі пана Яна, які ажно падскокваў ад нецярпення, скрынку са шлемам Альбукасіса.

— А расшыфроўка? — напружана нагадаў Замойскі, які зняў накрыўку і прагна разглядаў старажытную жалязяку, быццам кучу брудных шэрых ракавінак, у адной з каторых неадменна схаваная незвычайнай прыгажосці перліна.

Бутрым моўчкі паклаў паўзверх шлема свой нататнік і персідскі трактат, падораны панам Гараўскім.

— Тут усё распісана. Можаце рабіць публікацыі, вашамосць, па ўласным гледжанні.

Вырвіч прыкусіў губу. Лёднік, гэтак жа, як дзеля выратавання каханай калісьці няўважна высыпаў са шкляніцы крупінкі здабытага алхімічнага золата, аддаваў свае навуковыя напрацоўкі, які могуць прагучаць на ўсю Еўропу… Не дзіва, што амбітны, але бяздарны Замойскі купіўся. Гарантаваная слава, імя ў гісторыі — тое, дзеля чаго нават баязлівец можа рызыкнуць.

Таму ўвечары і сапраўды Лёднік трымаў засведчанае па ўсіх правілах пасланне пана Яна Замойскага. За прамінулы дзень тое-сёе разведаў і Давыд, і нават паніч Алесь з ім на пару… А што, падлетак куды больш месцаў можа абшнырыць, непаўналетніх тубыльцаў параспытваць, якія перад дарослымі прамаўчаць… Так што на суд ішлі не зусім безнадзейныя. І Хвэлька панначку Сафійку ўсё-ткі ўзяў — нельга было пагарджаць і найменшым шансам паўплываць на меркаванні паноў радцаў.

Менскі гродскі суд звычайна засядаў у спецыяльным будынку, узведзеным у куце замка над Свіслаччу пасля таго, як Менск атрымаў права збіраць Галоўны трыбунал. Але пасля апошняга наезду ці канфедэратаў, ці каронных урачысты двухпавярховы дом стаяў без вокнаў і са слядамі пажару, таму сабраліся ў зале Ратушы, дзе сыходзіўся магістрат.

Вось цяпер Пранціш зразумеў, пра што казаў пан Гараўскі. Іх кампанія з’явілася ўрачыста, цэлай капой. Капаніцкія гайдукі ў сініх жупанах з залатымі пасамі вызвалялі дарогу. Пан Гараўскі крочыў, заклаўшы рукі за пояс, ганарыста ўзняўшы гарбаносую галаву, як султан. Лёднік быў падобны калі не да султана, дык да галоўнага султанскага чарадзея. Некалькі дробных шляхціцаў, якіх Гараўскі па звычаі прыкормліваў, каб мець у свіце, паглядалі па баках з пыхай. Занялі лаўкі не наперадзе, але і не ў апошніх шэрагах. Іншыя паны паглядалі ацэньваюча. Звысоку, калі былі з большай світай, бяднейшыя — з павагай. Вырвіч мог толькі ўявіць, якой пагардай сустрэлі б яго тут, калі б заявіўся адзін. Адсунулі б у самы дальні кут, дзе ціснуліся аднадворцы ды шарачкі.

Пранціш паспеў краем вока агледзець дзверы ў залу, якія толькі нядаўна, відаць, уставілі наноў. Расказвалі, што калі Валадковіча пасля аб’яўлення прысуду валаклі з гэтай залы, буяш, лаючыся, ухапіўся рукамі за вушакі дзвярэй, і яго так і вынеслі — разам з тымі вушакамі ды дзвярыма…

Калі намаляваўся Ватман на судзейскім месцы, Лёднік ажно вочы апусціў, спрабуючы суцішыць гнеў ды не кінуцца на злыдня.

Справа пра спадчыну, замоўленая Багінскім, разглядалася першай. Слухаць было нудотна — у звычайных абставінах з ёю звярнуліся б не ў гродскі суд, а ў земскі. Пранціш адзначаў толькі, як умее Ватман пакіраваць людзьмі. Дзе пажартаваць грубавата — я, маўляў, свойскі, просты, не кручок-юрыста, а ваяр. Недарэмна шляхецкія вусы адрасціў. Мог і націснуць, гыркнуць з пагрозай. А дзе й працытаваць закон, укруціць у размову які пункцік-падпункцік. Ну і можна было здагадацца, што срэбныя аргументы, альбо папросту хабар, спрацоўвалі дасканала. Пастух над ваўкалакамі… Багінскі не памыліўся. Суддзя з Ватмана атрымаўся ў гэты крывавы час самае то.

Потым былі «гарачыя» справы. Хто каму руку адсек у сварцы, хто маёнтак разрабаваў… Ясна, чаму шляхта забылася на нейкі час на свае палітычныя рознагалоссі ды сабралася на суд — гэта ж як да цырульніка зубы ірваць, хочаш не хочаш, а трэба, бо баліць. Дзесьці ішла вайна… Але памыляюцца, хто ўяўляе, што ў такую пару ваююць адразу ўсе ды паўсюль. Там гераічна канаюць, а там сядзяць за піравальным сталом. Нараджаюцца, жэняцца, паміраюць ва ўласным ложку ад мірных хваробаў. Ці вось — дзеляць спадчыну, бо пратэрмінуй — і пустыя куфры пацалуеш.

Калі ў залу прывялі Саламею, Пранціш ледзь не ўскрыкнуў. Ну не мог ён пазнаць Сільфіду ў нязграбнай, бясформнай фігуры, захутанай у нейкі балахон, з вялізным каптуром з абвіслымі фальбонамі, якія захіналі аблічча. Быццам адна з падапечных братоў баніфратраў, што ля Свіслачы ў сваім прытулку прымалі ўбогіх. Рукі ў зняволенай былі, мяркуючы па тым, як яна рухалася, звязаныя. Лёднік увесь падаўся наперад, як страла на напятай цеціве, Вырвіч ажно прытрымаў яго на ўсялякі выпадак за рукаў. Ватман задаволена ўсміхнуўся, і Вырвіч здагадаўся, што суддзя спецыяльна загадаў схаваць прыгажосць абвінавачваемай. Каб не змякчылася чыёсь сэрца, каб не выдаць уласнай зацікаўленасці ў той гожасці.

Пан пісар, абыякавы, доўгі, як бізун, тонкім надарваным голасам зачытваў абвінавачанні. Атруціла, падманула… Выступілі сведкі — так, лекавала падазронымі лекамі, вядзьмарка, няйначай. Паплакала ўдава пана Шмыгі, таксама на лекарку вярнула. Ватман спачувальна ківаў галавою, пагладжваючы тоўстым пальцам белыя, як у пацука, вусы, нязвыклыя на ягоным спаласаваным шнарамі ружовым твары.

— Што ж, думаю, probationes evidentes[22]. Але, панове, мы жывём у век асветы, мы не можам быць акрутна жорсткімі. Трэба даць час заблукалай душы знайсці шлях да Госпада. Магчыма, падсудная і не мела злых намераў, проста памылілася з лекамі. Думаю, вечнае заключэнне ў сутарэнні кляштара з самым строгім рэжымам яе выправіць. І каб не было спакусы ды боязі чарадзейства ў шаноўных жыхароў места, лепш адаслаць чарадзейку чым далей. Я сам гатовы даставіць няшчасную да месца яе пакарання — бо ведаю выдатны кляштар у Сілезіі, дзе мнішкі даюць ex voto templum facere, вечны абет маўчання.

Пранціш успомніў, што ў Ватмана ў Сілезіі ёсць замак, і ірвануўся з месца.

— А ці не прапаноўваў калісьці шаноўны граф Пянткоўскі падсуднай Саламеі Лёднік, а тады яшчэ ў дзявоцтве Рэніч, стаць ягонай жонкай ды паехаць у ягоны замак у Сілезію? Ці не атрымаў тады ад панны detrectatio[23], за які цяпер адпомсціцца хоча, што няварта сапраўднага шляхціца?

Для важкасці Вырвіч яшчэ й дадаў спасылкі на артыкулы Статута, у якіх перасцерагаюцца суддзі ад навету ды асабістай зацікаўленасці.

У зале зашумелі. Але Ватман толькі шырока ўсміхнуўся, адсыпаўшы словаў, фальшывых, як манеты, якія наштукаваў у Рэчы Паспалітай махляр-італіец Бараціні, каб было чым расплачвацца за вайну з маскоўцамі.

— Вельмішаноўнае панства, можа, калі гэтая кабета была маладая, у яе і можна было… adamare[24]. Але цяпер — мяркуйце самі — якія куртуазныя намеры ў дачыненні да гэтага няшчаснага стварэння?

— А няхай яна каптур скіне ды гэны балахон!

Гэта выгукнуў хтось з залы. І яго патрабаванне падхапілі, нягледзячы на пратэсты графа Пянткоўскага. Усім было цікава паглядзець на аблічча вядзьмаркі. Падстароста Ваньковіч, які старшынстваваў у ніжэйшым гродскім судзе, пузаты немалады шляхцюк, скрывіў пухльныя вусны ва ўсмешцы ды аддаў загад… З падсуднай знялі каптур ды балахон, развязалі рукі…

І вось Саламея страсянула чорнымі бліскучымі валасамі, ганарыста выпрасталася, на яе збялелым твары збліснулі гневам вялікія сінія вочы. Прысутныя дружна выдыхнулі. Граф Пянткоўскі зразумеў, што ў гэтай сваёй хітрасці прайграў, ніхто не паверыць у ягоную абыякавасць да такой прыгажуні.

А тут яшчэ залямантавала дзіця:

— Мама!

Сафійка ірвалася з рук Хвэлькі да матулі, якую нарэшце пазнала. Пранціш хутка абвёў позіркам залу: хтось з шляхцюкоў незадаволена скрывіўся — што за дзіцячы віск, але шмат у каго расчулена заблішчэлі вочы. І хаця малечу змусілі вынесці з залы, патрэбнае ўражанне засталося. Як можна такога анёлачка пакідаць без маткі!

— У мяне ёсць доказ невіноўнасці абвінавачанай!

Лёднік выйшаў наперад імкліва і нечакана, як чорны пірацкі карабель, і падаў пану пісару паперу.

— Ягамосць дыпламаваны доктар пан Ян Замойскі, агледзеўшы цела нябожчыка, устанавіў, што пан Гарацый Шмыга памёр не ад атруты, а ад пералому шыйнага пазванка ў аснаванні чэрапа. Пра што сведчыць трэшчына ў basis cranii[25]. На што пан доктар склаў афіцыйнае заключэнне. Яго лёгка спраўдзіць, даўшы дазвол на агляд парэшткаў. Сінія плямы, якія былі заўважаныя на шыі ахвяры, пацвярджаюць, што пералом не выпадковы, а ёсць вынікам прыкладання сілы.

— Карацей, хтось зламаў пану вознаму шыю! — выгукнуў пан Валенты Гараўскі. — І наўрад гэта магла зрабіць кабета.

— І хай пан Ватман… Выбачайце, граф Пянткоўскі патлумачыць, чаму пасля таго, як у суд прыйшоў ліст пана вознага, у якім пан Шмыга распавядаў, што лекарка Саламея Лёднік яго вылечыла, шаноўны граф тэрмінова адправіўся з горада? — перакрычаў гармідар Пранціш Вырвіч. — І чаму двое дворных бачылі чалавека, рыхтык падобнага да ягамосці, увечары ля маёнтка пана вознага?

Гэтыя звесткі здабыў Алесь Лёднік з Давыдам Ляйбовічам, параспытваўшы прыслугу, што прыехала ў Менск з удавой Шмыгі.

У зале ўсчалася бура. Шляхцюкі толькі рады былі спрэчнай справе, кожны заняў нечы бок — і давай гудзець… Вось-вось лаўкі папераварочваюць. А Бутрым і Саламея між тым глядзелі адно на аднаго… Так блізка — а па-ранейшаму не падысці, не дакрануцца…

Ватман ледзь хаваў злосць. Усё ўскладнялася, як каранацыя ў адсутнасці спадчынніка прастолу. Прыхільнікі, дакладней, утрыманцы суддзі абураліся, што шаноўнага пана Пянткоўскага абвінавачваюць невядома ў чым… Праціўнікі патрабавалі расследавання. Сам падстароста Ваньковіч ледзь хаваў злавесную радасць, хоць маўчаў — падобна, не надта любіў ён пана суддзю, хутчэй змушаны быў цярпець з-за нейкіх абставінаў, ну і баяўся вядомага забойцы, ясна. Вось пачалі ўжо згадваць пра палітыку. Хто за караля, хто за канфедэратаў… Яшчэ трохі — за шаблі схопяцца.

— Ціха, панове!

Рык пана суддзі змусіў на нейкі час усіх суняцца.

— Панове, а ці не ёсць гэтая сварка чарамі ведзьмы, якая хоча нас тут пасварыць? Не варта было дазваляць ёй адкрываць аблічча, поўнае д’ябльскай спакусы. Факты, панове, факты! Хіба няпраўда, што паводле паказанняў сведкаў, рыхтуючы лекі для пана вознага, яна змушала ваду кіпець без агню і выклікала духаў?

А вось гэта было пагана… Атруціла і счаравала — розныя рэчы і розныя артыкулы Статута. Нельга было дапусціць, каб усё звялося да падазрэння ў чарадзействе. Тады ўсе адкаснуцца, ніхто не пашкадуе чарадзейку, каб не зграшыць, каб самога не западозрылі ў блюзнерстве.

— Глупства гаворыш, Ватман! — раўнуў у адказ Лёднік. — Гэта толькі хімічныя рэакцыі. Усе іх можа вытлумачыць навука! Калі насыпаць соду ў расчынне з воцатам — здаецца, што вада кіпіць!

Адзін з лаўнікаў магістрата, сівавусы шляхцюк з падпухлымі вачыма — не адну бочку піва асушыў, відаць, за жыццё, замахаў пальцам з жоўтым пазногцем перад дзёрзкім доктарам.

— Продкі ведалі: што не па звычаі, ад д’ябла! Добры хрысціянін заўсёды адрозніць дэманскае насланнё!

Вакол сабалінай шапкі пана, з-пад якой струменіў пот, наразала кругі нахабная сіняя муха.

— Запэўніваю панства: ёсць процьма хімічных навуковых доследаў, якія здадуцца вам выкліканнем духаў, прывідаў, цмокаў ды іншай нечысці, а гэта насамрэч усяго толькі простыя, шараговыя хімічныя рэакцыі! — быццам у аўдыторыі перакрыкваючы неслухмяных студэнтаў, вяшчаў Лёднік. — Вас жа не дзівіць, што з чорнага мыла ўтвараецца белая пена! Мая жонка рабіла толькі дазволеныя, самыя звычайныя лекі!

Пані Саламея з трывогай сачыла за рыторыкай мужа: калі Бутрым гэтак зацяўся, усялякую асцярогу страціць ды наламае хмызняку… І Ватман гэта выдатна разумеў, таму насмешна прамовіў:

— У такім разе, ці можа зараз шаноўны доктар Баўтрамей Лёднік паказаць нам такое навуковае дзіва, якое ўсе мы прымем за чараўніцтва?

— Бутрым, не ўздумай! — трывожна ўскрыкнула Саламея, але той ужо корпаўся ў сваёй сумцы, у якой заўсёды цягаў розныя лекі ды рэчывы.

— Пастаўце на стол жалезную талерку і прынясіце мне агню!

Вялікае срэбнае блюда ўладкавалі проста на стол перад судзейскай камісіяй. Да стала прысунуліся цікаўныя, дыхаючы адно аднаму ў патыліцу, а пан пісар ды падстароста, якія сядзелі тут жа, наадварот, адсунуліся.

Лёднік акуратна вытрас з адной са сваіх шкляніцаў на талерку маленькі белы камячок. Гайдук нёс ужо запаленую свечку…

— Стойце! — закрычаў Пранціш. — Каб не было сумніву, што без чарадзейства, няхай святар усе прадметы асвенціць!

Святар знайшоўся тут жа — і не абы-хто, а сам ксёндз Аблачынскі, якога ўважалі за святога, і які спавядаў самога Міхала Валадковіча перад тым, як таго расстралялі тут жа, у сутарэннях ратушы.

Таму нячыстага выгналі гарантавана далёка і надоўга.

У скругленыя наверсе вокны зазірала сіняе неба, раскрыжаванае рамамі. Лёднік паднёс да маленькага белага кавалачка запаленую свечку з жоўтага воску, які нядаўна яшчэ зміналі цярплівыя пальцы мнішкі…

І раптам камячок загарэўся сінім агеньчыкам — і з яго імкліва палезла чорна-жоўтая змяя!

Шляхцюкі са спалоханымі крыкамі адкаснуліся ўбакі, зажагналіся, замармыталі малітвы. Нават Ватман трохі разгубіўся. Пранціш ведаў, што Лёднік здатны на ўсялякія штукарствы, але й яго агаломшыла: здавалася, змяюка вылазіць проста з талеркі, з сіняга агеньчыка, нібыта з апраметнай. Кольцы пякельнага гада скручваліся, абрасталі нарастамі… Нарэшце ўсё скончылася. Змяюка застыла, вызіраючы, на каго кінуцца. Лёднік крануў яе пальцам, і яна рассыпалася на порах.

— Звычайная хімічная рэакцыя. Я атрымаў падчас доследаў з іртуццю вось такое белае рэчыва, пры награванні з яго ўтвараецца чорная соль — сульфід іртуці, вылучаюцца газы, якія ўспеньваюць згаданую чорную соль…

Эксперыменты, відаць, адбываліся ў Тураве, там у Лёдніка было дастаткова інгрэдыентаў і доследаў. Са сваёй лабараторыі там і праўда пазабіраў усялякіх бутэлечак.

— Запэўніваю, што мог бы яшчэ больш эфектную змяю паказаць з дапамогай шклянкі перамолатага цукру і некалькіх кропляў купароснага алею, альбо з пяску, соды, цукру і спірытусу.

— Шалбер! — прасіпеў скрозь зубы Ватман і гучна дадаў: — Гэта нічога не змяняе! De minimis non curat lex![26] Шляхцянка з Полацка Саламея Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, магла наслаць чары на вознага так, што ў яго трэснуў чэрап. Усе ведаюць, што Саламея Лёднік займаецца лячэннем людзей, не маючы на гэта права.

Тут зноў вылез Пранціш. Гаварыў ён прыгожа, пераканаўча, сыплючы юрыдычнымі тэрмінамі і доказамі, так, што шляхта пачала касавурыцца на пана суддзю: і праўда, што за цёмная персона? Ці не ён ёсць сапраўдны злачынца? А калі пісар, пад’юджаны Ватманам, паспрабаваў перарваць нязванага адваката — «Хто васпан такі, здаецца, пан аднадворац, з чужое ласкі корміцца?», устаў пан Гараўскі і крыкнуў на ўсю залу (і дзе падзеўся смешнаваты дабрадушны аматар кальяну?):

— Пан Прантасій Вырвіч — мой зяць, і жанаты з пляменніцай яснавяльможнага князя Міхала Багінскага, бо мая жонка была сястрою князя. Пан Вырвіч — апошні ў родзе Вырвічаў з гербам «Гіпацэнтаўр», што вядзецца ад Палямона. Будзеце абражаць маю сям’ю — заплаціце крывёю!

Словы пана Гараўскага пацвердзілі выгукі ягонай світы. Добра быць заможным, хоць сярэдняй рукі шляхцюком.

— Не суд, а балаган нейкі! — завершыў выступ Гараўскі. — Няхай бы сама пані Лёднік слова сказала! Нападаюць на бедную кабету, а ёй і рот раскрыць не даюць!

Невядома, ці добрая гэта была ідэя — Лёднік дык увесь напружыўся, ажно кроплі поту на лбе выступілі. Саламея, у дзявоцтве Рэніч, таксама магла словам пекануць без асцярогі.

Яна й пеканула.

— Калі пан Ватман… Выбачайце, граф Пянткоўскі, лічыць, што я магла зламаць шыю свайму пацыенту, як сцяблінку, а панове радцы не зважаюць на факт, што сам пан Ватман у час забойства быў у маёнтку ахвяры, а я ў сваім доме, чаму ёсць шмат сведкаў, мне застаецца спадзявацца толькі на Божы суд, ардалію. Спадзяюся, пан Герман Ватман не настолькі баязлівец, і не спалохаецца выйсці на двубой супраць кабеты?

Ватман разгублена-злосна зірнуў на пана пісара.

— Што яна вярзе?

А Саламея ўпэўнена працягвала, гожая і ўладная, бы якаясь Артэміда, што любому нахабу стралу ўсадзіць паміж пажадлівых вачэй.

— Прэцэдэнт ёсць. Жанчына таксама можа выйсці на Божы суд супраць мужчыны — калі за ёю праўда. Апошні такі выпадак быў дваццаць год таму ў Версмюнстэры. Ганс Тальхофер у «Фехтбуку» дакладна правілы такога двубою апісаў. Каб зраўняць сілы, мужчына павінен знаходзіцца да пояса ў яміне, узброены мячом, а жанчына вольна перасоўваецца вакол, узброеная Kettenmorgenstern[27].

Учынак Саламеі можна было вытлумачыць — яна ўжо раз знаходзілася ў волі Ватмана, калі стала закладніцай. Так што цяпер Саламея гатовая была пайсці на смерць, абы не застацца ва ўладзе мярзотніка.

Лёднік у адчаі схапіўся за галаву, на нейкі час страціўшы мову. Ну, жоначка і прыдумала! Кетэнморгенштэрн, пра які гаварыла Саламея, уяўляў з сябе жалезны шар з вострымі шыпамі, прымацаваны ланцугом да дзяржальна. На ліцвінскіх землях часам яго называлі папросту цапом… І Ватману зусім не ў радасць было атрымаць такім небяспечным вожыкам у фізіяномію.

— Можа, дзесь так і прынята, але ў нас, панове-браты, гэта не ў звычаі!

Шляхта загарлала пра плюгаўства — каб кабета на двубой мужчыну выклікала! Толькі ў Еўропе, у якой пра сармацкія звычаі не падазраюць, такое магчыма.

І тут ачомаўся ад нечаканага павороту адзін баявіты прафесар.

— Вельмішаноўнае панства! Кабета можа выйсці сама на Божы суд, толькі калі ў яе не знаходзіцца абаронцы. У гэтым жа выпадку абаронцам абвінавачанай з’яўляецца яе законны муж. Гэта значыць, панове, я, Баўтрамей Лёднік уласнай персонай. Таму, Герман Ватман, выклікаю цябе на Божы суд, бо ты абылгаў маю жонку, кабету пачцівую і пабожную. І ўласнае злачынства ёй прыпісаў, чаму сёння мы пачулі доказы.

Пане-брацці выказалі задавальненне — іх чакала цікавае відовішча. Ватман скрывіўся, бы купец, у якога папрасілі рэшту: зразумеў, што не адкруціцца. Яны з Лёднікам, як два рэчывы алхімічнай рэакцыі з трактата Aurora consurgens: разбурэнне і распад аднаго — нараджэнне другога. Вядома, можна спаслацца на Статут, маўляў, усё трэба вырашыць па напісаным… Але адмовіцца біцца — у павятовай шляхты адразу страціш усялякую вагу ды пашану, якія дорага яму, прыхадню, даюцца, а гэта зусім не з рукі цяпер.

Вырвіч быў больш-менш спакойны: урэшце, Лёднік ужо тройчы выходзіў на двубой з Ватманам, і тройчы перамагаў, хоць той дужэйшы за любога асілка, спрытны і хітры.

Але Ватман, відаць, таксама выдатна памятаў тыя двубоі, і асаблівыя здольнасці ненавіснага доктара. Той мог нават не датыкаючыся пашкодзіць тканкі — доўга вучыўся такому ўдару ў аднаго кітайца. Вядома, гады прайшлі, Лёднік ужо немалады — але па ранейшаму ўмее рухацца імкліва і скакаць так, што супернік не ўсочыць, не дарэмна мучыў сябе штодзённым трэнінгам, спавядаючы, што sane corpus sanitatis[28].

Але на любое ўменне ворага дасведчаны дуэлянт знойдзе штось, каб не даць ім скарыстацца. Ватман прыгладзіў белыя вусы, узняўся — гэткі менскі Галіяф — і важка прамовіў:

— Добра, пане-брацці, ушануйма старыя сармацкія звычаі! Божы суд — справа адказная, трэба рэспектуючы да яе падыходзіць, без усялякіх навамодных штукарстваў. Найлепш рассудзіць нас асвечаная часам зброя — мячы князя Глеба!

Ой-ёй… Пранціш чуў пра старажытную рэліквію, якая захоўвалася ў касцёле Дзевы Марыі. А аднойчы яны з аднакурснікам па іезуіцкім калегіуме яе і пабачылі. Патрапілі ў скляпенне, калі пробашч даручыў шкалярам нейкія транты туды сцягнуць. Проста на каменнай пліце — два здаравучыя мячы-двуручнікі, цьмяныя, без усялякіх упрыгожванняў. Напэўна, Пранціш меншы ростам, чым такі меч. Калі ім біцца, асабліва не паскачаш…

Наўрад мячы належалі легендарнаму князю Глебу. Проста знайшлі старую зброю на месцы зруйнаванага храма пасля таго, як Менск у чарговы раз чарговыя ворагі ператварылі ў папялішча. На дзяржальнах выбітыя крыжы, лёзы затупіліся ад сутыкнення з варожым жалезам… Людзям падабаецца захоўваць рэліквіі ды прыдумляць пра іх легенды. Вось і ляжалі двуручнікі ганарова ў скляпенні храма. Хоць, каб прыпісалі іх не праваслаўнаму Глебу, а якому каталіцкаму ўладару, браты-езуіты знайшлі б яшчэ больш ганаровае ды відочнае месца.

Але ж, святы Прантасій, памажы — такім мечам не кожны й перахрысціцца! Ватман ведаў, у чым пераўзыходзіць Лёдніка — у грубай фізічнай сіле, а даўжыня мяча не дасць таму наблізіцца.

Двубой прызначылі, дзякуй Госпаду, праз чатыры дні, калі скончыцца пост. Будзе хоць колькі часу падрыхтавацца. А мячы прытарабанілі праз колькі хвіляў — касцёл жа на адной плошчы з ратушай. Прынеслі ўрачыста на насілках, як нябожчыкаў, у суправаджэнні айца Аблачынскага.

Ватман няспешна сышоў з судзейскага месца, пацягнуўся за мячом, які выглядаў меней вышчарбленым, узняў адной рукою, як трэсачку, махнуў са свістам — захоплены шэпт прайшоў па зале. Лёднік з каменнай фізіяноміяй узяўся за другі меч…

Ясна, што нават самыя вялізныя двуручнікі не маглі важыць некалькі пудоў — імі ж належала фехтаваць, а не цягаць, як мяхі з мукою. Але гэтыя старажытныя мячы, няўклюдныя, без прыкідкі на фехтавальныя тонкасці важылі ўсё ж не менш за пуд… Вырвіч, былы настаўнік фехтавання, механічна адзначыў: падобныя па форме да эспадона — швейцарскай рыцарскай зброі. Гарда без кольцаў, цэнтр цяжару ляза не каля гарды, а пасярэдзіне, але баланс, хутчэй за ўсё, кепскі… І занадта цяжкія. Урэшце, у трактатах па зброі напісана, што для валодання двуручнікамі адбіраліся воі асабліва высокія і дужыя, joueurs d’epee a deux mains[29]: яны суправаджалі свайго сіньёра, і калі той падаў з каня, узмахамі вялізных мячоў адганялі ворага.

Не, Вырвіч нізавошта не выбраў бы сабе такую пачварную, няўклюдную зброю — з удвая лягчэйшай можна нарабіць куды большай шкоды. Але Ватман ведаў, што робіць. Пранціш з адчаем глядзеў, як Лёднік трымае дзвюма рукамі меч, сціснуўшы зубы, і спрабуе замахнуцца ім са сваёй звычайнай спрытнасцю… Але відочна, што гэта яму не ўдаецца. А Ватман, дэманстратыўна лёгка памахваючы сваёй зброяй, пазірае на доктара са злавеснай насмешкай, атрутнай, бы адвар балотнай расліны багуну. І Саламея Лёднік глядзіць адчайнымі сінімі вачыма на каханага і шэпча: «Прабач…»

Загрузка...