Галілей назіраў праз удасканалены ім тэлескоп сонца, пакуль зусім не страціў зрок.
Шведскі хімік-фармацэўт Карл Шэеле каштаваў ды ўдыхаў усе рэчывы, якія вынаходзіў. Калі ён паспрабаваў адкрытай ім сінільнай кіслаты, то паспеў запісаць толькі, што яна мае смак горкага мігдалу.
Лонданскі доктар Уільям Старк апантана падбіраў дыеты для змагання з цынгой. То харчаваўся адным мясам, то адным хлебам, то мядовымі пудынгамі. Калі шаноўны эскулап у якасці дваццаць чацвёртай дыеты пераключыўся на сыр чэстар, шматпакутны арганізм здаўся, і містэр Старк адышоў у лепшы свет харчавацца амброзіяй і нектарам. Хаця, хто ведае, можа, смаліцы гарачай давялося небараку адсёрбнуць? Бо што занадта, то не здарова, як засведчыў полацкі доктар Баўтрамей Лёднік, калі ў мінулым годзе даведаўся пра смерць маладога лонданскага калегі.
Але й сам доктар Лёднік часцяком уяўляў з сябе апантанага. Вось і ноччу добра, што Пранціш пайшоў паглядзець, як там Бутрым, чаму доўга не вяртаецца з лабараторыі. Давялося ўскрываць замок, бо алхімік і выйсці за дзверы не можа, сінее ды хрыпіць, надыхаўся нейкай гадасцю… А пасля яшчэ й абураўся — навошта драгун дзверы ламаў, маўляў, нічога страшнага, эксперымент, усё было пад кантролем…
Карацей, у дзень выпрабавання Чорны Доктар выглядаў так, што было зразумела, чаму слугі дый некаторыя шляхцюкі пры поглядзе на яго жагналіся, шапталі пацеры ды скрыжоўвалі пальцы. Вочы запалі, дзюбаты нос драпежна завастрыўся, чорныя патлы звісаюць да плеч, у чорнай замшавай куртцы і нагавіцах, выдадзеных падводным падарожнікам, хударлявы і выпрастаны, як меч… Дакладна нагадвае злога чарадзея. Асабліва побач з невысокім, але ладным блакітнавокім светлачубым драгунам…
А той драгун глядзеў на Жалезнага змея, які ляжаў на бэльках над чорнай вадой, адкрыўшы пашчу дзвярэй, і чамусьці не меў п’янкога прадчування прыгодаў на сваю чубатую галаву, якое звычайна змушала то лезці ў логвішча пачвары ў Дракошчыне, то сунуцца ў полацкія сутарэнні…
За спіну змея быў зачэплены той самы крук на канцы ланцуга, які спускаўся з партовага крана. Гэта да прыкрасці нагадвала старога цмока ў Дракошчыне. Калі Пранціш гераічна таго забіў, яшчэ здзіўляючыся, чаму пачвара не бароніцца, пабачыў, што няшчасны звер быў надзейна прыкаваны.
Няшмат прыгожага ў бойцы, калі хтось з супернікаў на ланцугу.
А тут яшчэ і Лёднік выбрыкнуў: упёршыся позіркам у Тызенгаўза, заявіў:
— Яснавяльможны князь, прабачце за дзёрзкасць, але ў мяне ўмова. Я спушчуся пад ваду адзін, без пана Вырвіча.
Пранціш ажно захлынуўся ад абурэння, а Лёднік працягваў сваё: хоча адправіцца без памочнікаў. Вырвіч угледзеўся ў напружанае аблічча былога свайго слугі і з прыкрасцю здагадаўся: значыць, доследы доктара не цалкам удаліся, не ўпэўнены доктар у тым, што яны не задыхнуцца… Вось і абражае маладзейшага сябра недаверам. Ён што, верыць, што той застанецца?
— Вашамосць, яснавяльможны князь, не слухайце пана Лёдніка…
Але пафасныя заявы Пранціша перарваў пан Антоній:
— Вядома, у змаганні за ўласнае жыццё ў кожнага прачынаюцца нечуваныя сілы і бліскучыя ідэі. Але штосьці мне падказвае, доктар, што ты будзеш яшчэ больш высільвацца, калі трэба ратаваць не толькі сябе, але і пана Вырвіча. Абодва на карабель! Ці гвалтам запхнуць?
І ўжо калі Лёднік ступіў на драўляныя масткі, якія пакорліва загайдаліся, Тызенгаўз жорстка дадаў:
— Дарэчы, мы падымем вас на паверхню толькі заўтра раніцай.
Лёднік пры ўсім сваім уменні валодаць сабою ледзь не спатыкнуўся і рэзка павярнуўся да падкаморага.
— На столькі часу мы не разлічвалі, вашамосць! Вытрымаць там суткі, не абнаўляючы паветра, немагчыма!
Нават Пфальцман неяк сумеўся, збляднеў, відаць, яскрава ўявіўшы пасінелыя трупы былога аднакурсніка ды ягонага маладога паплечніка на ўсё тых жа насілках. Пранціш толькі ганарыста закінуў галаву: Вырвічы на смерць заўсёды йдуць без нараканняў! А падскарбій шырока ўсміхнуўся, як выскаліўся, і дадаў з фальшывым пафасам:
— Я веру ў твой геній, Баўтрамей Лёднік! Ты справішся! Ты ж не хочаш, каб загінуў у пакутах твой сябрук пан Вырвіч, дый сам хочаш вярнуцца да сям’і? Вось і прыдумай, як вам дыхаць у бліжэйшыя суткі. Абсталяванне для цябе падрыхтавалі. Прыдумаеш — усё, што натварылі, будзе забытае, і кароль вас шчодра ўзнагародзіць. А каб вы не намагаліся ўсплысці раней часу — дык механізм усплыцця адключаны, і дзверы звонку замацуем.
Тут абыходзіліся тым жа метадам, якім суровыя бацькі вучаць дзяцей плаваць, кідаючы ў ваду. Калі дзіця не слабое — выплыве.
Светлавокі жаўнер, падобны да рыбіны, зачыніў за выпрабавальнікамі круглыя дзверы са злавесным скрыгатам, як вечка труны, і нат выраз твару ў яго быў, як у прафесійнага трунара: з лёгкім фальшывым спачуваннем. Лодка загайдалася Харонавым чоўнам — бэлькі дасталі, і жалезную пасудзіну пацягнулі ўніз цыстэрны, загадзя напоўненыя вадой. Гэтак труну павольна апускаюць на пасах у глыбокую магілу. Дзесьці наверсе грымеў, раскручваючыся, ланцуг.
Змей па-вар’яцку марудна пагружаўся і пагружаўся, так што Вырвічу на нейкі час падалося, што яны патрапілі ў тую бяздонную расколіну, пра якую казаў Пфальцман. І так і будуць заглыбляцца, пакуль анёлы не ўструбяць, і не прачнецца ў нетрах акіяна вялізны змей Ёрмунганд, сын бога Локі і валатоўны, і ад ягоных рухаў выплюхнуцца воды і затопяць сушу, і пойдуць жывыя на апошні суд… І падымецца з бездані акіяна карабель Нагльфар, створаны цалкам з пазногцяў памерлых…
І раптам лодка скаланулася ад глухога ўдару, змей перастаў пагойдвацца… Ясна, леглі на дно. Колькі ж над імі сажняў чорнай вады? Два сажані? Тры? Усе пяць?
Лёднік запаліў прымацаваную да столі адмысловую швейцарскую алейную лямпу, падобную да шкляной трубкі, з пустым унутры кнотам — найноўшае вынаходніцтва, якое адно й мусіла змагацца з пякельнай цемрай. Вырвіч пастараўся выкінуць з галавы скандынаўскую жудасць пра Ёрмунгандаў ды Нагльфараў, пачутую ў Манпелье ад аднаго нарвежскага карабельнага доктара.
За маленькімі круглымі вокнамі — кожнае ў дзве далоні — спляталіся, як у блёкаце, чорна-зялёна-юлёвыя цені… Пранцішу падалося, што ў адно з акенцаў зазірае празрысты твар Раіны Міхалішыўны, і яе светла-зялёныя русалчыны вочы глядзяць з нетутэйшай тугою, а тонкія пальцы гладзяць шкло…
Вырвіч страсянуў галавой — не да твару шляхціцу ў час смяротнай небяспекі відзежамі паглынацца… Дзейнічаць трэба! Але Лёднік, заміж таго, каб штось рабіць, стамлёна асунуўся на падлогу, абапершыся спінай аб кляты апарат для выпрацоўкі кіслароду, з адчаем стукнуў кулаком у жалезную падлогу і вылаяўся на лаціне.
— Я ж казаў, пан Вырвіч, што прыношу тым, хто побач, адны няшчасці… Ну навошта ты дзесяць год таму па дарозе на Валожын купіў мяне за шэлег! Усё з-за мяне… І ў Манпелье ты ледзь не загінуў, і цяпер тут апынуўся… Вось у падобныя моманты я востра шкадую, чаму бацька мала біў мяне па галаве, так, што не адбіў мазгі, і я заміж сумленнай працы гарбара ўдарыўся ў навуку, і цяпер усім ды кожнаму карціць мяне скарыстаць!
Лёднік зноў стукнуў кулаком у падлогу, так, што падалося, зараз праб’е. А што — Чорны Доктар здатны на ўсялякія штукарствы.
— Навалач! Невукі! — гэта ўжо, відаць, на адрас падскарбія ды Пфальцмана. — Нават калі я адладжу апарат для выпрацоўкі кіслароду — гэта нас не выратуе…
— Чаму? — пракаўтнуў сліну Пранціш.
Лёднік, сціскаючы ў руцэ медальён з пасмачкамі валасоў сямейных, адказаў роўным, як дошка для труны, голасам:
— Таму што за суткі… а дакладней, куды раней, мы задыхнемся ад тых атрутных рэчываў, якія вылучаюцца пры дыханні. А праводзіць хімічныя доследы ў герметычным памяшканні — гэта ўвогуле самазабойства!
Але Вырвіч герба Гіпацэнтаўр, чые продкі біліся з тэўтонцамі пад Грунвальдам, з татарамі на Сініх Водах, з туркамі пад Хоцінам і з маскоўцамі пад Воршай, не мог проста так здацца і чакаць смерці! Вунь з полацкіх сутарэнняў выбраліся — а тут усяго некалькі метраў вады. Праўда, халоднай, што пачынала ўжо адчувацца. Недарэмна ім кінулі ў карабель футры… А амаль усё астатняе месца займала начынне, перанесенае з лабараторыі. Нават стосы кніг паклалі… Даследуй, не хачу.
Пранціш абшарыў карабель, спрабуючы знайсці месца, адкуль можна выслізнуць… Дарэмна. Вокны малыя, дзверы надзейна закаркаваныя, сцены не праб’еш — дый хутчэй патонеш, чым выплывеш… Падважнік помпы, якая мусіла адкачваць з цыстэрнаў ваду, увогуле адкруцілі ды вынеслі. Спробы зрушыць з месца механізм, які кіраваў вёсламі, прынеслі яшчэ адно невясёлае адкрыццё — тыя, хто пасылаў сюды шпегаў, прадбачылі, што яны могуць паспрабаваць разгайдаць човен, неяк сплысці… Так што вёслы былі замацаваныя дзесьці звонку. Надзея на гарматы таксама растала: хто ж пакіне падазроным асобам магчымасць стрэліць? Карацей, яны з Лёднікам сядзелі бездапаможныя, як жукі ў слоіку.
А ціха як… Толькі дзесь нібыта вада крапае. А не дай Гасподзь, выявіцца дзюрка? І зараз сюды пацячэ вада, і патроху запоўніць іхнюю бляшанку. Ці патануць, ці задыхнуцца… Выбар багаты, як на Ракаўскім кірмашы.
Вырвіч зірнуў на доктара… Паміраць усё-ткі не хацелася. Лёднік падняў галаву, напружана ўгледзеўся скрозь прыцемак у аблічча свайго былога гаспадара, нібыта вырашаў штосьці вельмі важнае, з сілай правёў далоньмі па выснажаным твары і ўзняўся, выпрастаны і напяты.
— Што ж, на горшы выпадак я мог бы паспрабаваць увесці нас у стан кататоніі — пры ім расходуецца зусім мала кіслароду. Але гэта вельмі небяспечна, і практыкі малавата. Можна было б проста загасіць лямпу, не траціць паветра на доследы, легчы ды чакаць, колькі пражывем… Але, баюся, нават калі здарыцца цуд, і мы выжывем, нас зноў адправяць на дно, ды яшчэ надаўжэй. Таму зраблю, як належыць навукоўцу.
Пранціш цалкам быў згодны, што лепей брацца за колбы, чым ужываць неправераныя магічныя метады, кшталту ўвядзення ў кататонію, штучны паралюш. Нават калі дастануць жывымі — могуць прыняць за мёртвых дый прыкапаць ціхенька, каб шуму не было…
Ліцвінскі Адысей, які патрапіў усё-ткі паводле Гамера ў царства Аіда, не зважаючы на холад, скінуў куртку, падкасаў рукавы кашулі, звязаў доўгія валасы ў хвост, абарваўшы з курткі скураную тасёмку. Пранціш таксама падрыхтаваўся дапамагаць у доследах. Лёднік засяроджана кіўнуў:
— Памолімся…
Стаў на калені, і Пранціш апусціўся побач, на халодную металічную паверхню:
— Памілуй мяне, Божа, дзеля вялікай міласці Тваёй, і дзеля мноства шчадротаў Тваіх, ачысці неправату маю. Зусім абмый мяне з неправаты мае, і ад грэху майго ачысці мяне. Бо неправату маю я знаю, і грэх мой перада мною ёсць і цяпер…
Што ж, Гасподзь нават з чэрава кіта дастаў прарока Іёну…
А потым Чорны Доктар узяўся за колбы-перагонныя кубы, адрывіста прагаворваючы скрозь зубы:
— З салетрай я так-сяк разабраўся… Калі падтрымліваць патрэбную тэмпературу, кісларод будзе вылучацца, смурод неяк вытрымаем. А што наконт паглынання адкідных газаў… Ёсць пара варыянтаў. Здабыць гідравокісь якога шчолачнага металу… А яшчэ той артыкул у «Лейпцыгскім часопісе», пра эксперыменты Прыстлі са шчолачным паветрам, якое ўступае ў рэакцыю з дыяксідам вугляроду… Магчыма, я мог бы тое рэчыва здабыць. Шатландзец Джозэф Блэк навучыўся абсарбіраваць вуглякіслы газ… Мусіць, ягоны метад яшчэ зручней… Натар пякучы і вокіс кальцыя… Так што буду складаць абсарбент з таго, што маем. А самае паганае, — раптам з пачуццём прамовіў Полацкі Фаўст, — можна атруціцца і вынікамі доследаў. У тыглі Пфальцман прадугледзеў невялічкую вентыляцыю — адводзіць дым праз цыстэрны, але яе недастаткова. Гэта ж не комін з хаты высунуць…
Наўрад дзесь яшчэ навуковыя эксперыменты рабіліся з такой жарсцю. Каб не Пранціш, Лёднік і глытка вады не выпіў бы, заняты справай. Хвіліны раставалі адна за адной, як на распаленай блясе. Расчынні змешваліся, сычэлі, як змеі, пеніліся, рабіліся празрыстымі… Смярдзелі, вядома.
Бутрым звярнуў увагу, што лодка ўсё адно пагойдваецца — а гэта значыла, што ў вадзе моцная плынь. Мусіць, з той самай бяздоннай расколіны… Хоць бы туды не знесла.
Але дыхаць рабілася ўсё цяжэй. І рухацца ўжо не хацелася. Хацелася легчы і заплюшчыць вочы. Лёднік час ад часу нават трос драгуна за плечы, забараняючы спаць і запэўніваючы, што ўсё добра, хімічныя рэакцыі няхай не дасканала, але працуюць… Іначай яны б абодва даўно атруціліся, як іх папярэднікі.
Хвіліны, нібыта кроплі, што сцякаюць па шкле, збіраліся ў струменьчыкі гадзін і сцякалі кудысь за шыбу быцця… Цямнела ў вачох, шумела ўвушшу, балюча сціскала ў грудзях. Урэшце полацкі доктар і ягоны былы ўладальнік бяссіла ўселіся на падлогу, прываліўшыся да бакоў Жалезнага змея. І, хаця разумней было б маўчаць, зберагаючы паветра, маўчанне зрабіла б гэтыя, магчыма, апошнія хвіліны невыносным. Швейцарская лямпа, кнот якой прыкруцілі, але не загасілі — нельга было не сачыць за тым, як адбываюцца выратавальныя хімічныя рэакцыі, не разганяла задушлівую цемру, а толькі ледзь адсоўвала яе межы, як балотны агеньчык, адбіраючы ў людзей рэшткі кіслароду.
— Надзея ўсё роўна ёсць, хлопча, — глухім голасам прамовіў Бутрым. — Павер, я папрацаваў… добра, пару вынаходніцтваў на ўласны рахунак магу запісаць… Тызенгаўз, як ні кашчунна прызнаваць, мае рацыю — ён дамагаецца немагчымага, ставячы людзей на мяжу… Або зрабі, або здохні, і няважна, што дагэтуль такога ніхто не рабіў.
Пранціш і сам ведаў, што Лёднік учыніў дзеля іх уратавання амаль немагчымае. Урэшце, ім і праўда ёсць яшчэ чым дыхаць, і лямпа не згасае.
Бутрым сядзеў, апусціўшы галаву на калені, зусім, як тады, у доме дэ Варда. І Пранціш, хоць абяцаў ніколі не пытацца, што адбылося ў палоне прагрэсіўных дактароў, не вытрымаў:
— Слухай, а чаму, калі мы забіралі цябе з Манпелье, на тваёй скроні дзве такія таненькія касы былі заплеценыя?
Лёднік не раззлаваўся — і яму было не да ўмоўнасцяў, адказаў павольна і ціха:
— У аднаго горнага племені гэта спосаб адганяць злых духаў і ўвогуле няшчасці… На знак удзячнасці мне заплялі. Я паўпрытомны быў…
Пранціш здагадваўся, што падзякавала Лёдніку адна з рабынь. Бутрым пацвердзіў, уздыхнуўшы:
— Спадзяюся, хоць хтось з тых няшчасных, у ашыйніках, займеў волю…
Пан Вырвіч хмыкнуў:
— То ж яны да тае волі імкнуліся, ніводная за табой не пайшла. Такіх, як Раіна… — голас на імені памерлай нявесты здрыгануўся, — сярод панскіх наложніцаў няшмат. Не ўсім воля патрэбная. Чалавеку шчасце — тое, да чаго ён звык. Часам гэта ашыйнік і ланцуг. «Усё лекі, усё атрута…» Сам казаў. Цёмныя людзі ніякім злачынствам не абурацца, калі ім патлумачаць, што гэта правільна, нармальна… Толькі высакародным дадзена бачыць сапраўдную карціну свету і супрацьстаяць несправядлівасці!
— Цёмныя, кажаш? — ціха азваўся Лёднік. — Значыць, бедныя, непісьменныя? Я ведаў жабракоў, якія не вывучылі ў жыцці ніводнай літары. Але згубі побач з такім залаты талер — ён падбярэ і табе верне, нават калі ўвесь свет будзе з яго смяяцца за такі ўчынак. А вось табе нашыя адукаваныя магнаты… У часы Жыгімонта Старога здарылася знаменне: «слонце так ся было затмило, же на ножовое тылце тылко его видати было рогами на заход». І ўсчалася страшная вайна. Два магнаты павінны былі бараніць княства — Станіслаў Гаштольд і Януш Радзівіл па мянушцы Amor Polonia… А яны між сабою варагавалі. Дзе ўладанні аднаго — побач уладанні другога, б’юцца за межы… Галоўныя пасады дзяржавы — зноў два прэтэндэнты…
Пранціш разумеў, што Лёднік проста хоча адцягнуць увагу, прабавіць час… Што ім цяпер да магнацкіх звадаў?
— І вось напалі адначасова татары і маскоўцы. Ваявода трокскі Гаштольд апынуўся са сваім аддзелам у Крэўскім замку, які трапіў у аблогу… Адзін спадзеў быў на ваяводу віленскага Яна Радзівіла, той мусіў даслаць дапамогу, сабраць рушэнне… Але Радзівіл спецыяльна затрымаў у сябе каралеўскія лісты, што належала разаслаць шляхце. І Гаштольд мусіў адбівацца адзін… Каб потым ужо нацкаваць на Радзівілаў каралеву Бону, быццам прыўлашчылі каралеўскія землі ў Белавежскай пушчы.
— Вырвічы пакаленнямі змагаліся ў войсках князя Астрожскага, — перабіў Пранціш. — Мой пан-бацька распавядаў, як Радзівілы ды Гаштольды праваслаўных Астрожскіх перад каралём абгаворвалі, ад улады адцяснялі… І што? За ўладу князі чалавечыя біліся заўсёды, яшчэ ў часы рымскіх цэзараў ды фараонаў. Але кожны шляхціц, прымаючы меч, прысягае, што будзе абараняць бязвінных. Ты таксама Гіпакрату кляўся і не вагаўся, калі выбіраў паміж вечным рабствам і калечаннем людзей…
— І тут не ўсё проста… — Лёднік стараўся дыхаць неглыбока. — Там, у дэ Варда, мне даводзілася адстойваць, аплочваць самай страшнай цаной свой лапік волі… Да прыкладу, я адмаўляўся рыхтаваць афрадызіякі, што выклікаюць юр. А аднойчы мяне змушалі рабіць спарон…
У прыцемку відаць было, як Лёднік перахрысціўся.
— Я, вядома, заявіў, што лепш сам памру, чым вазьму на сябе страшны грэх забойства ненароджанага дзіцяці.
— Ну і правільна! — горача падтрымаў Пранціш.
Баўтрамей абцёр рукавом спацелы ад задухі твар. Круглыя вокны таксама, здаецца, усе запацелі, нагадваючы памутнелыя вочы паміраючай пачвары.
— Зацяжарала адна з нявольніцаў. Яна не стала чакаць, што ўчыняць з ёй гаспадары — знішчаць, калі страціць прывабнасць, ці прыдумаюць бязбожныя эксперыменты над ёй і дзіцем, і пазбавілася ад плоду сама. Пакуль яе знайшлі, сцякла крывёй.
Лёднік зноў перахрысціўся, прамармытаўшы кароткую малітву. Голас яго загучаў зусім глуха:
— Нават ведаючы, што будзе, я ўсё роўна не пагадзіўся б учыніць смяротны грэх. Але мая адмова забіла дзве чалавечыя істоты. З падобным сутыкаюцца ўсе лекары, асабліва — павітухі. Саламея магла б табе распавесці шмат жахлівых гісторый, Вырвіч, пра сваіх пацыентак, — голас Баўтрамея ўсё цішэў, да шэпту. — Мы з жонкай ніколі не парушалі хрысціянскіх запаветаў. Але сваёй цвёрдасцю аддалі многіх на смерць і ганьбу, і з гэтым трэба было жыць.
— Раіна ніколі б не згадзілася забіць сваё дзіця… Нават калі б яно было ад Батысты… Ці ад якога… іншага гвалтаўніка, — словы нібыта не слухаліся Вырвіча. — А я нават не паспрабаваў яе адшукаць. І тады, калі яна з’явілася да нас у Ліёне… Схапіць бы, змусіць застацца, абвянчацца… У нас было б хоць трохі шчасця! А я так і не зразумеў, чаго больш адчуваў да яе — шкадобы альбо кахання… І ці не падобная мая любоў да чыстай вады, у якой калісьці расчынілі кроплю атраманту? Дамешку не відаць — але ён ёсць… Паблажлівы, гідкі, грэблівы… Нездарма ж Раіна збегла…
Лёднік мармытаў сваё:
— Сафійка яшчэ падрасла… І мяне, мабыць, зноў не памятае… Каралевічна мая… Вёз ёй ляльку, памятаеш, у Нясвіжы ў краме купіў… Не збярог. Шлем гэты кляты захаваў, а падарунак для дачкі згубіў… Алесь ужо такі вялікі… Ён вырасце лепшым за мяне, і будзе добрым абаронцам сям’і… Гэх, не сустрэну і гэты Светлы Вялікдзень з любымі. Саламея мая, Пе-не-ло-па… Тчэ і тчэ бясконцы сувой з бяссонных начэй ды трывожных дзён…
Шэпт побач рабіўся ўсё цішэйшы. Вочы Пранціша заплюшчваліся як бы самі па сабе, шчака сутыкнулася з чымсьці цвёрдым…
— Уставай! Не засынай!
Вырвіча трэслі так, што зубы стукаліся… Скрозь туман ён убачыў над сабой чорныя прагалы вачэй — ці доктар, ці смерць? Але смерць наўрад стала б даваць яму аплявухі ды расціраць вушы. Пранціш патрос галавой, грудзі сціскала, як абцугамі.
— Колькі… нам яшчэ… да прызначанага панам Антоніем тэрміну?
Доктар памаўчаў, неахвотна прасіпеў:
— Дзве з паловай гадзіны.
— Многа…
Пранціш прысеў, абапершыся мокрай спінай аб рэбры зняволенага на ланцугу Змея. Цяпер было горача — жалезны куб тыгля плавіў паветра, хацелася скінуць не толькі кашулю, але й скуру.
— Як думаеш, Раіна мяне чакае?
— Раіна хацела б, каб ты жыў! — гнеўна адказаў доктар. Устаў, трымаючыся за сцяну, хістка падышоў да прыбораў, мармычучы пад нос штосьці навуковае.
Ясна — вырашыў паспрабаваць яшчэ нейкі радыкальны сродак. Павялічыў агеньчык у лямпе, забразгаў колбамі з рэчывамі, нешта шэптам вылічваў…
Апошняе, што памятаў Пранціш — як постаць у белай расшпіленай кашулі стаіць на каленях перад перагонным кубам, спрабуючы дадаць туды нейкае рэчыва, а потым валіцца з выцягнутай рукой на падлогу, якую хістае падводная плынь. Хістае ўсё мацней, мацней…
І раптам грудзі нясцерпна забалелі і адначасова напоўніліся шчасцем — а як яшчэ назваць свежае паветра? Якое, аказваецца, гэта задавальненне — проста дыхаць…
У вачах патроху разамглялася… Але блакітных нябёсаў яны не пабачылі. А пабачылі той самы змрочны цёмны звод пячоры.
Пранціш павярнуў галаву: вунь пагойдваецца на хвалях Жалезны змей, над якім звісае ланцуг… Значыць, іх усё-ткі выцягнулі! А дзе Лёднік?
У святле паходняў, якое пасля сляпога прыцемку падводнай турмы здавалася балюча зыркім, на вільготным пяску ніцма ляжаў полацкі алхімік… Няўжо стваральнік цуду сам не змог ім скарыстацца? Вырвіч з цяжкасцю прыўзняўся… Але заварушыўся і Лёднік. Стаў на калені, упёршыся рукамі ў тураўскую зямлю, заперхаўся…
— Здаецца, я ў самы час загадаў дастаць вашых выпрабавальнікаў, — ветлівы тонкі мужчынскі голас гучаў са здзеклівай цікаўнасцю. — Колькі вы іх пад вадой пратрымалі? Гадзін пяць?
— Ды больш за суткі, вашамосць, — лісліва адказаў хтосьці.
— Ого! Ды яны ў вас жывучыя, як прусакі! Але каб вы яшчэ гадзіну мне галаву дурылі, што на канцы гэтага ланцуга бочкі з віном, а не падводны карабель, не ўдалося б мне ўчыніць богаўгодную справу…
Пранціш нарэшце змог падняць галаву і праз віраванне залатых пчолак у вачах разгледзець персанажаў сцэны. Капрызліва скрывіўшы вусны, над падземным тураўскім возерам стаяў расейскі князь Гагарын і пагардліва пазіраў на Пфальцмана, які ледзь не прысядаў ад страху. Князя Антонія Тызенгаўза нідзе не было… Затое былі расейскія жаўнеры. Няўжо, пакуль драгун і доктар сядзелі пад вадой, тут адбылася нежартоўная бойка? А пляскатвары шляхцюк, падобны да рыбіны, напэўна, асведамляльнік маскоўцаў — надта ж выцягваецца перад князем, ганарыцца — як удала ўсіх заклаў…
— Ягоная вялікасць кароль Станіслаў Панятоўскі раней нат, чым мы чакалі, даў дазвол на інспекцыю, запэўніўшы яе імператарскую вялікасць, што ніякай зброі ад яе не ўтойвае… А на гэтай чаропцы, як я назіраю, гарматы! — грозна прамаўляў Гагарын, пакуль Лёднік не ўстаў на ногі…
А як пабачыў аблічча Чорнага Доктара, князю аж мову заняло. Ён перавёў шалёны позірк на Пранціша, потым зноў на Баўтрамея.
— Вось табе на, старыя знаёмыя! Мастакі самазваныя! Шпегі!
Чорныя воды тураўскага падземнага возера не плескануліся ў прадчуванні хуткай ахвяры, але штосьці ў іх пракаветных нетрах, напэўна, аблізнулася. Пфальцман нясмела падаў голас:
— Ваша светласць, яны працавалі на нас, на яго вялікасць караля, прынеслі ягонай мосці падскарбію каштоўныя звесткі пра бунтаўнікоў! Гэта вядомы доктар Баўтрамей Лёднік, а гэта ягоны асістэнт высакародны пан Франтасій Вырвіч!
Падобны да дзіцячага, круглы твар Гагарына з дробнымі рысамі ажно перакрывіўся пры поглядзе на доктара:
— У мяне яшчэ ў Капанічах мільгнула думка, што ты — Баўтрамей Лёднік! Толькі я ўяўляў, што той Чорны Доктар больш, скажам шчыра, плячысты ды павабны.
Зыркнуў на Пранціша:
— А вы, значыць, камандзір барскіх канфедэратаў? І напэўна ж, на руках вашай мосці кроў не аднаго майго суайчынніка. І чаму васпан не патрапіўся мне на полі бойкі?
Вырвічу падалося, што ў нетрах падземнага возера нешта падплыло бліжэй да паверхні і разявіла пашчу ў чаканні пачастунку.
Але князь, нават раз’юшаны, разумеў, што забіваць тых, хто нібыта перайшоў на бок саюзнікаў, не выпадала, і Гагарын утаропіўся ў галоўную ахвяру — Пфальцмана.
— Кажаце, князь Антоній мяне не дачакаўся? Вось шкада… А то я б перад ім распавёў, як вы скралі сваё вынаходніцтва ў расейскага падданага Яфіма Ніканава!
Нямчук ажно пачырванеў — але не ад страху, а ад гневу, бо любоў да сваёй справы ды прафесійны гонар, як ні дзіўна, але заўсёды перасільвалі ягоны баязлівы характар.
— Запэўніваю вас, вашамосць, што ні ў кога я вынаходніцтваў ніколі не краў! Гэты падводны карабель я сам прыдумаў, і механізмы ягоныя, і адмысловыя прыстасаванні…
— Яшчэ скажы, што ніколі не бачыў папер, якія Ніканаў, сасланы ў Астраханскі порт, калісь пасылаў польскаму каралю! — пасміхнуўся Гагарын.
— Калі ў Расіі даўно ўмелі будаваць паводныя лодкі, дык чаму не пабудавалі? — абражаны вынаходнік быў нечувана дзёрзкі.
— Таму што пасля смерці вялікага Пятра дурні-чыноўнікі не ацанілі тое, чым ён апекаваўся, — павучальна патлумачыў князь. — Пяцьдзясят год таму патаемны карабель Ніканава падчас іспытаў у Архангельску ляснуўся разам з чатырма сотнямі рублёў, на яго выдаткаваных. Вынаходнік зведаў няміласць. Яго разжалавалі ў простыя адміралцейскія работнікі, саслалі і забаранілі займацца эксперыментамі. Ён дваццаць год завальваў царскую канцылярыю скаргамі, прапаноўваў удасканаленыя варыянты карабля… А калі яму загадалі сціхнуць, відаць, азлобіўся ды пачаў пісаць іншым манархам. Праўда, ягоныя лісты і там траплялі пад сукно. Пакуль хтось пры цяперашнім польскім каралі іх не знайшоў. Ніканава на свеце няма, дык і рады прыўлашчыць ягоны плён?
Пфальцман надзьмуўся, як жаба на корч.
— Я калі і выкарыстаў, дык толькі сістэму напаўнення баласных цыстэрнаў, і тое ўдасканаліў!
Пранціш пасміхнуўся: ну немец і прасцяк, прагаварыўся, што знаёмы з чарцяжамі Ніканава! Не такі ўжо і разумнік гэты Пфальцман. Былы слуга Пранціша Вырвіча Бутрым куды кемней! Бо нямчук ідэю Жалезнай Чарапахі падгледзеў у нататніках Леанарда да Вінчы, Жалезнага Змея — у расейца…
— Ну, гэта на тым свеце будзеце з Ніканавым высвятляць, — абарваў Гагарын. — Што мяне цікавіць, дык што вы прыдумалі, каб можна было так доўга сядзець у караблі, не ўсплываючы?
Тут падскочыў у жаданні дагадзіць рыбатвары жаўнер:
— А гэта, вашамосць, доктар Лёднік пастараўся! Князь Антоні Тызенгаўз загадаў трымаць яго з памочнікам пад вадой, пакуль не вынайдуць штось…
— Добры спосаб! — ухваліў Гагарын. — Даўно хачу якога-небудзь маскоўскага канцылярыста замкнуць у пакоі з усімі ягонымі паперамі, пакуль не навучыцца імі харчавацца. Тады, можа, усе мае цяжбы за адзін дзень будуць вырашацца, ды без хабару.
Радавіты жаніх паненкі Дамінікі Гараўскай падбіў наском высокага бліскучага бота, які люстраваў злавеснае святло паходняў, каменьчык, і той пакорліва паляцеў у чорную ваду.
— І чарцяжы прылады для выпрацоўкі паветра прадставіце…
Лёднік рашуча ступіў наперад:
— Вашамосць, ніякіх чарцяжоў няма! Я працаваў ва ўмовах смяротнай небяспекі, і наўрад змагу паўтарыць тое, што выпадкова прыйшло ў галаву падчас афектацыі…
Гагарын, аднак, не раззлаваўся, ён зноў быў млява-спакойны, і ад таго ягоныя словы былі яшчэ больш важкімі і страшнымі.
— Не зможаш без афектацыі — зладзім афектацыю…
Пранціш не вытрымаў:
— Ваша княская мосць, дазвольце нагадаць, што пан Баўтрамей Лёднік — падданы яго вялікасці караля Рэчы Паспалітай, ён — шляхціц, і змусіць яго да чагосьці можна толькі згодна са Статутам Вялікага Княства Літоўскага… Id tantum possumus, quod de jure possumus[20]!
Князь выразна скрывіўся — Пранціш сам ведаў, як мала сёння каштуюць законы іх дзяржавы, якая патроху губляла незалежнасць.
— Яго вялікасць кароль Станіслаў Аўгуст — верны саюзнік яе імператарскай вялікасці, і з удзячнасцю прыняў яе дапамогу ў навядзенні парадку ў сваёй дзяржаве. Таму тое, што я зараз абвяшчаю, мае моц закону і для вас. Яе Вялікасць Кацярына не жадае, каб спакой гэтых земляў, якія знаходзяцца пад яе літасцівай суседскай апекай, парушала блюзнерская злачынная зброя, ужыванне якой збянтэжыць розумы, спакусіць уладай і пасее злосць у душах. Таму са згоды яго вялікасці Станіслава Аўгуста наша імператрыца зноў бярэ на сябе ролю міратворцы і цяжкую задачу захоўваць у таямніцы гэтую зброю, пакуль не знойдзецца ёй богаўгоднае прымяненне.
Усё-ткі наклалі лапу расейцы на Жалезнага Змея… Панятоўскі ў чарговы раз не вытрымаў уціску сваёй уладнай былой каханкі. Зусім як шкаляр, што напачатку смела адмаўляецца адкрыць злоснаму настаўніку імёны таварышаў, якія ўзялі ўдзел у пракудзе, але варта пабачыць розгу — і, пагарджаючы сабою, усіх выдае.
А тады плача ды крыўдуе на несправядлівасць лёсу.
Вырвіч чакаў, што зараз Гагарын загадае вывесці Вадзянога Змея ў Прыпяць, і, цалкам магчыма, для гэтага зноў спатрэбяцца яны з Лёднікам. А яны абавязкова нешта прыдумаюць, каб уцячы… Але расеец, нягледзячы на мяккую, дзіцячую знешнасць, быў зусім не дурань, а жорсткасці і хітрасці меў не менш, чым той жа падскарбій. Нават свавольная панна Дамініка Гараўская наўрад такога зацугляе. Дазволь паплысці Жалезнаму Змею — хто ведае, на якія хітрыкі здатныя ягоныя стваральнікі. Дый няма чаго дэманстраваць людзям пачвару — разнясуць чуткі на ўвесь свет-павет…
— Выцягвайце свой карабель на бераг, што можна — адкруціце, каб змясціўся на воз…
А вось і вялізныя калёсы загрукаталі па падземным ходзе… І дзе толькі такія здабылі?
Дарэмна Пфальцман верашчаў, што ягонае стварэнне будзе загубленае, ламаць — не будаваць… Жаўнеры ды паднявольныя мясцовыя мужыкі з вялікім задавальненнем накінуліся на Вадзянога Змея… Нямчук лямантаваў, лаяўся па-нямецку, а тады, пабачыўшы дарэмнасць пратэстаў, учапіўся ў Гагарына з ліслівымі роспытамі. Калі яе вялікасць Кацярына зацікавілася вынаходніцтвам, дык, напэўна, з уласцівай ёй шчодрасцю расплоціцца за яго?
Геру Якубу Пфальцману, відавочна, было ўсё роўна, хто з уладароў скарыстаецца з ягоных уменняў, абы плацілі ды не пагражалі забіць.
Вадзянога Змея пагрузілі на калёсы. Нешта ў чорным тураўскім возеры з палёгкай вільнула хвастом: нарэшце прыбралі гэтую жалезную бурбалку, якую ні з’есці, ні пакусаць, а тлуму вакол яе — хоць не ўсплывай ніколі…
Вечар у Тураве пах дымам. Дым пагойдваўся над комінамі, быццам пер’і на шлемах волатаў-рыцараў, што так доўга збіраліся ў крыжовы паход, аж паспелі ўрасці ў зямлю… А зямля тут была шчодра напоеная крывёй, якую хто толькі ні праліваў. У 1654-м войскі Аляксея Цішайшага так усё вынішчылі, што, паводле ліста тураўскага падстарасты Хведара Ляўковіча, «не толькі ў дамах сялянскіх, што змаглі адшукаць, забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насмерць пазамучвалі…» А калі Януш Радзівіл горад узяў — хто ацалеў, таксама пашкадаваў, што жывы застаўся… Як жа — здрайцы, з казакамі хаўрусаваліся, на Сеч паўцякалі…
Пасля ўсіх падзеяў з чатырох соцень дымоў у мястэчку засталося трохі больш за сотню… А колькі яшчэ войнаў ды звадаў тут прапаўзалі вогненнымі цмокамі! Карацей, краявіды ўрачыстасцю не ўражвалі, хоць менавіта тут, у вежы на замчышчы, Кірыла Тураўскі, Златавуст, успяваў Госпада і хараство створанага ім свету.
Затое Вырвіч быў вельмі рады, што нарэшце яны з Бутрымам бачаць неба, няхай і зацягнутае цёмнымі нізкімі хмарамі, і доўгія гадзіны пад вадой здаваліся начным блёкатам. З мануфактуры іх выпусцілі. Вядома, нельга было спадзявацца, што за пасвечанымі ў таямніцу, а асабліва доктарам-вынаходнікам, не сочаць і дадуць з’ехаць. Затое з імі былі шаблі. Пранціш нібыта адчуваў, як радуецца ягоны верны прадзедаўскі Гіпацэнтаўр, а Бутрым цягнуў у скураной сумцы на баку Альбукасісаў шлем і нават пяшчотна пагладжваў сумку рукою. Эксперыментатар…
Тураўская карчма з ганарыстай назвай «Лондан», дзе яны апынуліся, калі й нагадвала чэрава Жалезнага Змея, дык хіба тым, што тут таксама было цяжка дыхаць: смурод гарэлкі, тушанай капусты, часныку ды разгарачаных целаў так густа замешаны, што, здавалася, сякеру ўтрымае… З усяе музыкі — толькі дудка, якая выводзіла таненька ды жаласна даўнюю мелодыю, за якой угадваліся кранальныя словы, якія звычайна пяюцца на вяселлі сіраціны:
Рада б я ўстаці
К сваяму дзіцяці,
Благаслаўленнейка даці.
Чорная смага
На губах пала,
Не магу прэгукаці.
Жоўтыя пясочкі
Засыпалі вочкі —
Не магу прэглянуці.
Сырая зямля
На сэрцу легла —
Не магу прэдыхаці.
Дубовыя дошкі
Сціснулі ножкі —
Не магу пахадзіці.
Дубовыя цвечкі
Сціснулі плечкі —
Не магу ўстаці.
Што ж, і ў Лондане, дзе Пранціш з Бутрымам пабывалі, музыкі-жабракі на вуліцах умелі жаласна граць… Праўда, пры гэтым так і цэлілі зрэзаць кашалёк. А тут худзючы падлетак у сялянскай світцы гэтак старанна дзьмуў у свой нязвычны для карчмы немудрагелісты інструмент, так спалохана касавурыўся на наведнікаў, што не трэба было распытваць, як сюды трапіў. Граў сабе пастушок у полі, каровак цешыў. Карчмар выпадкова пачуў, ацаніў самавука, ну й дамовіўся з бацькамі ці гаспадарамі, што заробіць малец троху грошай, замяніўшы прыхварэлых музыкаў, бо не траціцца ж карчмару на больш самавітых майстроў. Што ж, таленты ў гэтым свеце над сабою не ўладныя, хто-небудзь іх абавязкова рана ці позна прадасць.
Шпегі агледзеліся: люд у карчомцы падзяляўся на дзве часткі, бы ў ваду налілі алей. У адной палове залы гулі шляхцюкі з кароннага войска, у другой — маскоўскія гусары. І тыя, і другія рабілі выгляд, што не заўважаюць суседзяў — звадзіцца было строга забаронена, пад пагрозай расстрэлу, бо ведала начальства, што гэта за навала. Але як не паганарыцца маладым ваярам, хаўрус перад хаўрусам? Вырвіч сам яшчэ нядаўна такі быў…
Пакуль што ў кожнага хаўруса меўся свой занятак. Шляхцюкі пацяшаліся з падпітага таварыша, які ўгаворваў маладую карчмарку з белым пульхным тварам, на якім гарэў намаляваны чырванілам румянак, ахвяраваць чаравічак з ножкі. З таго чаравічка верны рыцар панны хоча выпіць гарэліцы за яе здароўе. Рыцар быў немалады, нязграбны, як рыдван, і з шарачковай шляхты, пра што сведчыла заплямленая вопратка ды адсутнасць дарагіх сыкгнетаў і дыяментавага гуза на пакамечанай шапцы. У светлых вусах зачапілася капуста.
Карчмарка ўдавана сарамліва пасмейвалася, спрабуючы і адвязацца ад надакучлівага кавалера, якіх яна бачыла кожны вечар тузінамі, і не скрыўдзіць гасцей, бо шляхцюка толькі зачапі, хай ён і бедны, як бізун… Пасячэ, паб’е — і вінаваты не будзе, бо любы суд пастановіць, меў права абараняць ад прасталюдца свой гонар.
Расейскія гусары ў сваім куце падымалі віват за віватам у гонар яе імператарскай вялікасці, нахабна аглядаючыся, ці не пашанцуе заўважыць якую непавагу ды ўсчаць справядлівую бойку… Піва, моцнае, дубельтовае, стаяла на іх стале ў шкляніцы з трыма абручыкамі. Па звычаі, піток павінен быў аб’явіць, да якога абручыка адап’е — і калі памыляўся, яму далівалі да гарла. Але гусары шкляніцу занядбалі разам з півам, аддаючы перавагу гарэлцы і віну са звычайных чарак. Шчасце яшчэ, што зброю, зноў адпаведна загаду, наведнікі карчомкі мусілі пакідаць у вітальні, дзе яе замыкалі ў адмысловы куфар. О то ж Кірыла Тураўскі абураўся б норавамі ў месце, дзе быў біскупам, ды паўтарыў бы залатыя словы: «Гора будзе ўсім тым, хто не трымаўся кніжнай мудрасці і наказаў духоўных бацькоў; гора тым, хто пад гульні і скокі апіваўся віном; гора будзе жалейнікам і гора тым, хто іх слухаў, бо што ўзвялічвае д’ябла — губіць усіх хрысціян», і зноў наракаў бы: «Калі б я раздаваў у царкве медавуху альбо піва, — як жа хутка ішлі б вы сюды, апярэджваючы адзін аднаго; а я ж прамаўляю ў царкве слова Божае, лепшае за піва і медавуху».
Лёднік і Вырвіч прыселі ў самым цёмным куце, замовіўшы поснай поліўкі з грыбамі ды квасу з панцакамі. Папраўдзе, марылася толькі аб тым, каб хутчэй легчы.
Між тым гучны рогат з-за шляхецкага стала засведчыў, што рыцар з капустай у вусах дамогся свайго, і раззлаваная карчмарка ляснула перад ім на стол свой чаравічак. Рагаталі ж таму, што чаравічак, растаптаны ды не вельмі чысты, упрыгожваў не самую малую ножку, і туды можна было заліць, мабыць, дзве кварты… Нават просьбіт, нягледзячы на ап’яненне, западозрыў штось няладнае, не зусім адпаведнае рытуалу «высакародны рыцар п’е з туфліка прыўкраснай дамы»… Але бутэлька ўжо забулькатала, напаўняючы самазваны келіх.
Жалейка плакала, як птушка над раскіданым гняздом, аж хацелася даць стараннаму музыку злоты і выспятак пад азадак, каб вяртаўся да каровак. Тры чумакі ў прапітаных смалою апратках сціпла прытуліліся на лаўцы ля дзвярэй, насцярожана пазіраючы з-пад абстрыжаных пад гаршчок валоссяў, выбеленых сонцам, як лён. Дапілі хуценька келіхі ды пайшлі да сваіх валоў, відаць, збіраючыся заначаваць лепей у саломе на вазах, чым сярод шалёных жаўнераў. Пранціш ды Лёднік паспешліва сыходзілі ў адведзены ім пакойчык, услед ім неслася:
Дружныя залпы стральцы па літвінах пусцілі,
Потым нашых вершнікаў на канях парубілі.
Палеглі слаўны рыцары, Зянкевіч ды Ціхінскі,
Быў жа яшчэ забіта там рыцар Ян Тымінскі.
Ўсе яны служылі ў Ёрдановай роце,
Доўг свой Айчыне аддалі рыцарскі ў годнай цноце.
Ой, запалаюць канцы ў гэтай карчомцы, калі ваякі яшчэ больш паднап’юцца…
Пакой дастаўся шпегам не асобны, у ім ужо нехта спачываў. Здаровы дзяцюк на сенніку ля вакна накрыўся ваўнянай коўдрай аж з галавою. Каля яго стаялі набітыя чымсьці мяхі. Мяркуючы па паху — з сырымі скурамі. Доктар ажно на парозе затрымаўся — бо з дзяцінства не выносіў гэтага паху, таму й па слядах бацькі-гарбара не пайшоў…
Але шукаць іншы прытулак не было моцы, і Чорны Доктар дастаў са сваіх бяздонных кішэняў мяшэчак з нейкай вохкай сухой травой, хуценька расцёр між пальцаў, паднёс да носу… Пранціш нягучна хмыкнуў: хто б мог падумаць, што непераможны фехтавальшчык і маг чуйны, як паненка, якая не расстаецца з нюхацельнай соллю?
Рэзкі пах зёлак усё-ткі трохі перабіваў смурод з мяхоў. Бутрым ціха прачытаў вечаровую малітву, падзякаваўшы Госпаду, прасвятой Багародзіцы і ўсім святым за шчаслівае выбаўленне з падводнага палону, і зваліўся на сяннік, як нежывы. Мудраваць над Альбукасісавай прыладай у яго сіл не засталося. Пранціш таксама ўпаў на свой ложак… Усё-ткі не кожны дзень вяртаешся з апраметнай.
— Ну што, панове шпегі, выбавілі якога-небудзь цмока з пячоры?
Прыўзняўшыся з сенніка ля вакна, на суседзяў па пакоі паглядаў Герман Ватман, і ягоныя вочы, што ўмелі бачыць у цемры, нібыта свяціліся чырванню, як у пякельных істотаў.