Раздзел шосты ЯК ЛЁДНІК У ПАРТРЭТЫСТЫ ПАДАЎСЯ

Былі ў кельтаў чатыры багіні, якія любілі кружляць над полем бойкі: Немаін, Бадб, Марыган ды Маха. І добра, каб кружлялі ў абліччы прыўкрасных дзевак, а то пераўвасабляліся ў варон, чорных ды брахлівых. Кружлялі ды выбіралі, хто сёння загіне.

У скандынаваў валькірыі рабілі тое самае ў абліччы бялюткіх лебедзяў. Але тут, на Літве, паміж нізкім шэрым небам і полем у лапінах пабітага воспай сакавіцкага снегу, ніхто не лётаў. Праўда, сядзела на худым дрэўцы сарока, якая ў засмажаным выглядзе, згодна трактата Арнольда з Вілановы, ратуе ад чараў.

Але людзі, што абдымалі апошнімі абдымкамі халодную, вільготную зямліцу, памёрлі не ад счаравання ды сурокаў, а былі сумленна пасечаныя шляхецкімі шаблямі ды падстрэленыя кулямі, перад смерцю пастараўшыся ўчыніць такое ж вечнае шчасце іншым…

Вырвіч прыўзняўся ў страмёнах, углядаючыся ў смугу, што зацягвала патроху панылыя краявіды і рабілася адзіным саванам загінулым… Канфедэраты, расейцы, жаўнеры кароннага войска — якая цяпер ім, застылым, розніца? А вось ці ёсць хто жывы? Наводдаль, ля цёмнага падлеску, хадзіў белы конь, нервова ўскідваючы галаву, нібыта не мог уцяміць, чаму ягонае сядло пакінуў вершнік. У скураных ольстрах — кабурах пры сядле — усё яшчэ тырчэлі два пісталеты, якімі гаспадар не паспеў скарыстацца. Вунь ляжыць перавернуты вазок… Дзе ягоны гаспадар? А вось улан у белым мундзіры з чырвонымі вылогамі абдымае зямлю, самую памяркоўную каханку, і паспеў аддаць ёй усё цяпло свайго цела і ўсю кроў…

Панесла ж невялічкі аддзел падхаружага Лёдніка менавіта ў гэты бок. Няўжо Полацкага Фаўста, які здаваўся трывушчым, як загартаваны клінок, дастала ўсё-ткі нейкая нядобразычлівая валькірыя?

Харунжы Вырвіч выцер рукавом лоб. І ён сам вінаваты… Адпусціў падначаленага — так, трэба разведаць, ці праўда ў Капанічах спыніўся расейскі атрад, і куды кіруецца далей… А калі данеслі, што туды мусіў выправіцца не атрад, а цэлы полк, і пасланыя на выведку не вярнуліся, Пранціш, заміж таго, каб ехаць са сваімі жаўнерамі да месца збору канфедэрацкага войска, узяў двух добраахвотнікаў ды чуйдух сюды. З якога боку ні глядзі — злачынны для камандзіра ўчынак… За здраду могуць палічыць.

Але менавіта такія ўчынкі дазваляюць застацца чалавекам у самай азвярэлай, крывавай калатнечы.

Пранцысь не павярнуў назад, нават калі застаўся адзін — падстрэленага драгуна адправіў з таварышам… Так, кепскі з яго камандзір. Але як жыць, калі толькі і застанецца ўспамінаць буркатанне Лёдніка, маўляў, колькі можна забіваць падсвечнікам цвікі, укладаць шаблю ў рукі таму, хто прызначаны лекаваць?

Апошнія месяцы заміж пераможнай кампаніі ператварыліся ў суцэльны панылы жах. Свавольны гетман Шыман Касакоўскі, пасвараны з Генеральнасцю канфедэрацыі, дзейнічаў сам па сабе, збіраючы войска з каго прыйдзецца. Шляхта, мешчукі, сяляне… Усе, хто не хацеў панавання маскоўцаў і быў злы на Панятоўскага. Але й поспехі стракатага войска былі няпэўнымі. То прарвуцца ажно да Смаленска, то адкінуцца назад. А што хацець? Шляхта, хто пабагацей, з’яўлялася са сваймі жаўнерамі, хто мог узброіць дзесяць, хто — трыццаць, хто й з сотняй панцырных баяр прыходзіў. І ўжо такі пан — сам сабе галава… Як на любой вайне, пакутавалі перш за ўсё бязвінныя. То маскоўцы вёску спаляць, то каронныя, то канфедэраты… Краіна паціху канала. Лёднік з кожным днём усё больш змрачнеў — і Вырвіч баяўся, што аднойчы наравісты Чорны Доктар проста адмовіцца выконваць якісь жорсткі загад. Дый глядзелі на доктара-канфедэрата скоса: праваслаўны, а барцы абараняюць жа каталіцкую веру, не шляхцюк — а зрабілі камандзірам, сармацкіх звычаяў не пільнуецца, вусоў не адпусціў, нават слівавіцы не адсёрбне пасля бойкі. Праўда, б’ецца так, што й на падпітку ніхто задзірацца з клісцірнікам не палезе. Кажуць, можа забіць, не датыкаючыся, агонь на адлегласці гасіць. Вядзьмак, адно слова. Зноў жа, каго параняць — зацыруе, нават з чыстца сваім мастацтвам дастане, модлы схізмацкія пад нос мармычучы.

Больш за ўсё Бутрым нудзіўся па сям’і. Адправіў Саламею з дзецьмі ды Хвэлькай у Полацак… Толькі й паспелі пабыць разам, як на караблі плылі, ды пасля ў дармезе па восеньскіх дарогах трэсліся праз усю Еўропу. Саламея шчаслівых вачэй ад вінаватага мужа не адводзіла. А вось Раіна нават у моры адгарадзілася ад былога жаніха, у каюце замкнулася. Толькі Лёднік час ад часу ёй нейкія адвары насіў — калі сам на нагах стаяў, бо марскую хваробу мікстуры, клапатліва назапашаныя Саламеяй, не надта лекавалі. А ўжыць правераны сродак — ром з перцам, каб з ног зваліцца, — доктар на вачах у дзяцей нізавошта не згаджаўся. Як гэта дрэнны прыклад сыну падаць? І так хапае шляхцюкоў, якія лічаць кепскім тонам на сваіх нагах з-за сяброўскага стала выходзіць.

І як толькі даплылі да першага ж порта, яшчэ ў Італіі — Раіна адправілася прагуляцца дый не вярнулася. Пакінуўшы па сабе памяць, быццам трымаў у руках птушку, слухаў, як калоціцца яе сэрцайка, а яна цябе — цоп за палец нечакана моцнай дзюбай, да крыві, дый паляцела. І як яе дакараць?

Вядома, доўг раззлаванаму Тызенгаўзу за нявыкананае Лёднікам даручэнне аказаўся выплачаны. Егіпецкая прынцэса працягвала нябачна ахоўваць дарагіх ёй людзей. Каб яшчэ ведаць, за якія шышы?

Вырвіч яшчэ раз з тугою агледзеў панылыя краявіды. Здаецца, вунь там нешта варушыцца… Здушыўшы раптоўную надзею, каб пасля не расчароўвацца горка, прыспешыў каня.

Баўтрамей Лёднік стаяў на каленях у брудным снезе і перавязваў раны расейскаму жаўнеру. Галава бялявага прыхадня бездапаможна ляжала на каленях ліцвінскага лекара. Побач, на бела-ружовым снезе, перавязаны ўжо, канфедэрат — твар і валасы ягоныя былі так упэцканыя крывёй, што не разабраць па абліччы, малады ці стары. Пранціш саскочыў з каня:

— Бутрым! Жывы!

Лёднік, не ўстаючы з кален, цяжка сплюнуў крывёй:

— Падобна, пан Вырвіч, смерць на мяне пакрыўдзілася ды ўнікае маёй кампаніі.

Голас Чорнага Доктара гучаў так ціха і хрыпла, што харужы спалохаўся:

— Ты сам як?

— Нічога… — але спробы ўстаць не зрабіў. — Каня майго падстрэлілі, дык гахнуўся, за стрэмя зачапіўшыся, так, што ўвесь бок адбіў аб нейкія карчы. Але скабы, здаецца, на гэты раз цэлыя…

— А дзе твае жаўнеры?

— Адзін — вось… — Бутрым кіўнуў на параненага. — Двое — там… — махнуў вяла рукой у поле. — Хай Гасподзь дасць ім месца спакойнае ў сваіх паселішчах… Астатнія з’ехалі з маскоўцамі за плячыма, спадзяюся, ацалеюць. Я… паспеў чалавек шэсць укласці, перш чым зваліўся ды самлеў.

Лёднік марудна адкінуў чорныя зліплыя пасмы, што завешвалі твар, і перарывіста ўздыхнуў, падобна, яму і дыхаць было балюча. Вырвіч падскочыў, падхапіў пад руку:

— Уставай, паехалі!

Бутрым з цяжкасцю падняўся, патрос галавой, як бы скідаючы слабасць.

— Гэтыя двое могуць выжыць… Іх нельга пакідаць на халоднай зямлі.

Пранціш раздражнёна выдыхнуў скрозь зубы. Можна й не пачынаць спрачацца — бескарысна. Доктар не рабіў розніцы паміж пацыентамі, свайго патэнцыйнага забойцу лекаваў гэтак жа, як і сябра. Ну і калі мог адратаваць камусьці жыццё — не адступіцца. Драгун бездапаможна азірнуўся.

— Хіба той вазок скарыстаць, калі колы цэлыя…

Перакуліць на месца экіпаж дапамог той жа Лёднік — даклыпаў ды ўпёрся ў вазок побач з Пранцішам, сціснуўшы зубы… Колы цэлыя. У вазку нават засталіся нейкія транты. Вырвіч зазірнуў у прыадчынены дарожны куфар: каштоўнае, вядома, забралі, пакінулі пацёрты камзол з недарагога сіняга мультану, яшчэ нейкія стракатыя анучы, не самыя чыстыя кашулі з карункамі, парык валяецца, быццам гняздо прывіднай птушкі, альбом тырчыць з белай шчыльнай паперы, такі недарэчны на вайне…

Вырвіч так-сяк запрог у чужы экіпаж свайго каня, які злосна касавурыўся цёмным вокам, нібыта быў глыбока абражаны, што яго, арыстакрата конскага, ваяра, змушаюць да сялянскай працы. Той самотны белы конь, што хадзіў каля лясочку, збег, можна было падумаць, спалохаўся, што і яго зараз завабяць ды таксама слугаваць змусяць.

Удвух з Лёднікам узвалілі на вазок параненых — тыя так і не апрытомнелі. Бутрым схадзіў яшчэ па сваю паходную сумку, што засталася ля забітага каня… Вырвіч ледзь не сплюнуў: так і ёсць, клятую скрынку нават сюды з сабою ўзяў Чорны Доктар! Можа, ён і ў прыбіральню з ёю ходзіць?


З таямнічай скрынкай, якую доктар вынес на злом галавы з дома барона дэ Варда, нешта незразумелае атрымалася. Пранцішу, вядома, карцела даведацца, дзеля чаго ж рызыкавалі. Быў бы шкаляром — сам бы цішком падгледзеў. Але Лёднік скарб свой хаваў, размаўляць пра яго не жадаў. Падобна, і з пані Саламеяй адмоўчваўся. Толькі перад ад’ездам у войска паклікаў у кабінет былога студыёзуса дый вываліў таямніцу на стол… Хай бы ўжо з золата яна была! А то некалькі саржавелых абручоў, з’яднаных у падабенства шлема, ды з усялякімі колцамі, шасцярэнькамі, дыскамі, пакрытымі лічбамі, арабскімі літарамі ды незразумелымі знакамі, усё вельмі падобнае да астралябіі. Але зусім разламанай. Частка дэталяў увогуле ляжала купкай, нібыта жалезнае зерне для казачнай птушкі Рох.

— Гэта шлем Альбукасіса.

Гледзячы ў недаўменны твар Вырвіча, Лёднік раздражнёна забурчэў пра нядбайных студыёзусаў, якія гулялі ў карты на ягоных лекцыях. Але ўсё-ткі патлумачыў: жыў вялікі маўрытанскі лекар семсот год таму, хірург такі, што й сёння роўных яму няма. Былы прафесар умудрыўся, нават не спатыкнуўшыся, вымавіць поўнае імя таго араба: «Абул-Касім Халаф ібн аль-Абас аль-Захраві», і з захапленнем дадаў, што той напісаў трыццаць тамоў мудрасці пра хірургію… Вырвіч здрыгануўся і паспачуваў сабе, студыёзусу… Які, здаецца, шчасліва ўнікнуў знаёмства з тым Абу-як-там-яго ды ягонымі тамінамі.

Альбукасіс служыў пры двары халіфа Аль-Хакама, дзе хапала інтрыг, так што ўрэшце месца халіфа заняла ягоная ж блакітнавокая рабыня, якую называлі Субх. Кажуць, што ў той рабыні, што стала царыцай, з’явілася адмысловая гвардыя. Воі не ведалі болю і страху і былі паслухмяныя сваёй гаспадыні, як лялькі — батлеечніку, і менавіта дзякуючы ім Субх утрымала ўладу. Іх баяліся, як пярэваратняў ці дэманаў. А самае застрашлівае — яны і не былі цалкам людзьмі. Бо нібыта Альбукасіс падарыў сваёй прыгажуні-гаспадыні адмысловы шлем. Варта было ўздзець яго на чалавека і загадаць: «Служы мне» — і той ператвараўся ў пакорлівы механізм… Ну і нарабілі з дапамогай д’ябальскага шлема, як збаноў на мануфактуры, напэўна, цэлы полк.

Пранціш успомніў няшчаснага Гарганцюа… І Лёднік пацвердзіў:

— Так, методыку Бяскоўскі запазычыў. Альбукасіс — адзін з лічаных хірургаў свету, якім удаваліся аперацыі на мозгу. Ён мог усё зрабіць з чалавечым целам і трымаць пры ім душу даўжэй, чым дазваляе Гасподзь.

— Ты што, Скарамуш, зноў хочаш ужо з дапамогай гэтага шлема людзям у мазгі лезці? — гідліва папытаўся Вырвіч. Лёднік, тузануўшыся ад сваёй рабскай мянушкі, бліснуў чорнымі вачыма.

— Ды не буду я галовы нікому прабіваць! Супакойся… Проста… Памятаеш, я ў Гданьску купіў карту зорнага неба Гельвецыя?

— Яшчэ б… Заміж таго, каб залатую гарэліцу на тыя грошы піць, — незадаволена прамовіў Пранціш.

— Дык вось, гэты шлем — такая ж карта, толькі мозгу. І калі яго сабраць, як быў, ды адладзіць, мы будзем ведаць, у якой кропцы хаваецца, скажам, парушэнне мовы, альбо зроку, альбо дзе прычына эпілепсіі… Разумееш?

Вырвіч хмыкнуў, але механізм падаўся яму яшчэ больш гідкім, як саржавелы ад крыві ахвяр інструмент ката. Лёднік пакаянна ўздыхнуў.

— Ну так, з дапамогай гэтага шлема можна шмат бяды нарабіць, нават не раскрыўшы сакрэт стварэння рабоў. Мы страцілі шмат ведаў, цяпер з сотні пацыентаў пасля аперацыі на мозгу, можа, адзін выжыве. Я ж і забраў гэтую штуку, каб яны… тыя… не выкарысталі. Але… не змог яго знішчыць. Пакуль плылі, шмат разоў парываўся кінуць клятую скрынку за борт… Не выкінуў. Усё — атрута, і ўсё — лекі…

Памаўчаў, круцячы ў руках круглую дэталь з выгравіраванымі рысачкамі.

— Ведаш, Вырвіч… Можаш мною пагарджаць… Але… я не шкадую. Я заплаціў дорага за сваю цікаўнасць, але тыя веды, тая практыка, якія я набыў у Манпелье… Яны вартыя, каб за іх нават памерці. Проста карыслівыя гнюсы ператварылі тое, што мусіць лячыць, у сродак катавання і забойства. У Бяскоўскага, аказваецца, меліся трактаты Альбукасіса, тыя часткі, якіх ніхто больш не бачыў. А што за эксперыменты ў Таварыстве прагрэсіўнай медыцыны мы рабілі! Я б такое нідзе не спазнаў. Я кажу, вядома, не пра жахі ў сутарэннях…

Падняў на агаломшанага Пранціша змучаныя вочы.

— Я ведаю, што я грэшнік няварты. Але гэта мацней за мяне. Прабач.

Пранціш тады ледзь стрымаўся, каб не схапіць кляты шлем ды не шпурнуць у бліжэйшую студню. Бутрым дакладна вар’ят… З другога боку, без такой апантанасці хіба стаў бы сын полацкага гарбара дыпламаваным доктарам ды прафесарам?

Скрынку Лёднік забраў з сабой і ў войска. У вольны час корпаўся з жалезнымі дэталькамі, прымерваўся… Калі ж сабраў цалкам шлем, пачаў наладжваць. Нават Пранціша пару разоў угаварыў прымераць жудасны механізм. Ад чаго Вырвічу адразу пачаў мсціцца язмінавы пах і кляп у роце. Калі ж каго з жаўнераў ранілі ў галаву, Лёднік тут жа звяраўся са сваім шлемам, як скарбашукальнік з мапай, ды штосьці пасля запісваў у нататніку. Вось і цягаў з сабой паўсюль маўрытанскую спадчыну.


Вырвіч тузануў лейцы. Колы вазка скрануліся з месца, пакідаючы ў вільготнай глебе і мокрым снезе глыбокія барозны, быццам цёмныя раны, якія няма каму перавязваць. Лёднік бяссільна ляжаў, заціснуты паміж сваімі пацыентамі, дзюбатым носам у неба, прыціскаючы да грудзей шаблю — не раўнуючы, урачысты надмагільны стод. Пранціш пастараўся адагнаць недарэчныя параўнанні — а то наклічаш бяду… А шабелька, якую міласэрны доктар так пяшчотна да сябе прыціскае, сёння адняла не адно жыццё. А мо і не. Доктар жа адмыслова ўдасканальваў методыку, каб абяззбройваць ды аглушаць надаўжэй, абы не забіваць.

А бяда й з’явілася. Наперадзе паказаўся такі вялікі шыхт, што можна было ўспомніць бойку пад Воршай… Дарога заварочвала між пагоркаў, і здалёк здавалася, што па ёй паўзе даўжэзная чорная змяя ці атрутная скалапендра з тысячай ног. Мусібыць, той самы полк маскоўцаў, які адправілі ў Капанічы. Дакладна не свае жаўнеры. Хаця хто ведае, ці няма сярод іх землякоў? Расказвалі, што з тых, каго захапілі ў палон пад Кракавам, а пасля саслалі ў Омск і Табольск, адбіралі, хто маладзейшы ды здаравейшы, рэкрутамі ў расійскія войскі. А хто адмаўляўся — секлі розгамі…

Вырвіч спыніў каня і закруціўся, аглядаючы краявіды… Іхні вазок быў, як прусак на белым абрусе. Ні лагчавіны, ні дрэў, затое нерасталы снег. Дарэмна спадзявацца, што іх не ўгледзелі. Збочыць? У размяклыя балаты, што цягнуліся паабапал дарогі, зрэдзь прыкрашаныя нядошлымі прутамі асін? Развярнуцца? Дагоняць і разбірацца не стануць… Да таго ж у тым баку таксама ворагі — кароннае войска. Адзінае, што можа ўратаваць, — зараз пачынаўся хмызняк, які хоць на некалькі хвіляў захіне…

Вырвіч расштурхаў свайго былога слугу і прафесара.

— Пераапранаймася!

Бутрым зірнуў наперад, дзе, як чорная саранча, набліжаліся жаўнеры, і, як толькі пачаліся кусты, услед за Вырвічам без лішніх слоў зняў рынграф — нагрудны афіцэрскі знак з выявай Прасвятой Багародзіцы ды канфедэрацкую белую куртку з чырвонымі вылогамі. Шаблі ўкруцілі ў анучы ды ўшчамілі пад дно вазка, Вырвіч толькі з тугой пацалаваў на развітанне лязо Гіпацэнтаўра. Галоўнае, не кідаць, як вайсковую форму, якую драгун імкліва ўтаптаў у лужыну пад карэннямі кустоў.

Каптан, што знайшоўся ў пакінутым ранейшым гаспадаром вазка куфры, быў памяты і пацёрты. На правым локці ўвогуле красавалася дзірка, у якую выглядала Лёднікава не самая свежая, затое з пышнымі карункамі кашуля. На шчасце, хоць карункамі можна прыкрыць далоні: у Бутрыма яны прабітыя, а раптам хтось ведае пра гэтую дзіўную прыкмету?

Пранцішу пашэнціла яшчэ менш: хто набываў гэты жоўты, як сярэдзіна варанага яйка, венгерскі каптан, абшыты зялёнымі галунамі ды тасёмкамі? Гаспадару альбо бракавала густу, альбо купляў, на што пакупнікоў не знаходзілася, з добрымі зніжкамі. Ззаду на бякешы — венгерскія каптаны так называліся ў гонар сябра Стэфана Баторыя, фацэта-венгра Каспара Бякешы, красавалася цёмная пляма. Уладальнік, відавочна, кудысь няўдала прысеў, і, каб не смяротная небяспека, Пранціш нізавошта такі блазенскі ўбор з задоўгімі для яго рукавамі не напнуў бы. Але не да куртуазнасці… Апошнім марцыпанам да вясельнага торта Пранціш насунуў на Лёдніка парык, з якога не абсыпалася яшчэ ўся пудра. Парык сядзеў коса, з-пад яго там-сям выбіваліся чорныя пасмы. Але доктар выпрастаў спіну, грэбліва скрывіў вусны — па ягоным фанабэрыстым выглядзе нельга было западозрыць, што спадара толькі што згінала ад болю. Сядзіць, як маршалак на сойме. Вырвіч паправіў накручаную на шыю сінюю хустку ў дробныя ружовыя кветачкі, таксама спадчыну гаспадара вазка, адчуваючы сябе паўднёвай птушкай папугаем, прыгладзіў светлыя кудзеры і надаў фізіяноміі самы добразычлівы ды наіўны выраз. Больш нічога нельга было зрабіць, бо маскоўцы пад’ехалі ўжо так блізка, што маглі разгледзець, чым гэта пасярод белага поля займаюцца падазроныя людцы.

— Ты, Бутрым, галоўнае, маўчы… Давай ты ўвогуле немцам будзеш… Не, лепш аўстрыякам.

У давяршэнне ўсяго, калі Вырвіч сунуў руку ў кішэню жоўтай венгеркі, акрамя раскрышанай табакі, намацаў цыдулку, у якой на польскай нейкая «Твая Гэля» прасіла «даражэнькага Марка», якога прычакалася ўжо з Ліфлянтаў, прыхапіць дарогай пачак цынамону.

Паколькі цынамону ў вазку не засталося, мусіць, Марку ўдалося збегчы, і сядзіць ён разам са сваёй ненагляднай Гэляй і п’е гарбату з булкамі. Не, да Вялікадня яшчэ далёка, пост і ў праваслаўных, і ў каталікоў, але посныя галёпы таксама смачныя. Вырвіч зглытнуў… Вось жа заўсёды нешта ў галаву старонняе лезе, калі чакаеш невядомай прышласці…

Іх вазок абкружылі жаўнеры. Войска абцякала яго, як веснавая ручаіна — каменьчык, але каму трэба было — дачапіліся… Бялявы афіцэр з капрызліва надзьмутымі вуснамі, у капелюху з пухнатым белым плюмажам прыпыніў каня і няўважна пазіраў, як ягоныя людзі дапытвалі падарожных.

— Хто такія? Адкуль?

Пранціш — такі вось я дурнячок-прасцячок, вашамосці — пачаў балбатаць, як цяжка ім, зусім мірным людзям, праехаць у той час, як бунтаўнікі ўчынілі вайну. Вось, з міласэрнасці падабралі на полі бойкі дваіх, якія засталіся жывымі (адзін ваш суайчыннік, самі бачыце, вашамосць!), і што ж гэта дзеецца на свеце, і як можна паўставаць супраць памазанікаў Божых… Лёднік маўчаў, незадаволена зыркаючы на жаўнераў, што пачалі абшукваць павозку, не вельмі акуратна штурхаючы ягоных пацыентаў.

— А гэты, насаты, дужа ж па апісанні падобны да таго чортава доктара-інсургента!

Вось і маеш… Давялося на хаду ламаць план — а як было зручна, нічога не выдумляючы, прадставіць Баўтрамея спрактыкаваным доктарам…

— Не, вашамосці, мой сябар ніякі не доктар, далібог! Ён… — погляд Пранціша ўпаў на вываленыя з куфра анучы, паўзверх якіх бялеў альбом з чыстымі старонкамі. — Ён… мастак!

І патрос у доказ альбомам.

Бутрым павольна павярнуў галаву да былога гаспадара і паглядзеў, як цвікамі прыкалаціў.

— З якім задавальненнем я б таго Лёдніка злавіў ды на палю пасадзіў, — раптам прамовіў афіцэр, падазрона вывучаючы аблічча насатага тыпуса ў сінім выцвілым камзоле. — Няўдзячны халоп! Здрадзіў яе вялікасці імператрыцы Кацярыне, якая яго, нявартага, міласцю сваёй адарыла!

Во як… Відаць, афіцэр пры двары бываў, чуў пра «чарнявага палячышку», як раздражнёна называў Баўтрамея фаварыт царыцы Арлоў. Доктара-бунтаўніка прывезлі на дазнанне ў Санкт-Пецярбург, а ён не толькі выкруціўся, але й царыцу зацікавіў.

Трэба адводзіць падазрэнні!

— Мой старэйшы сябар — вядомы аўстрыйскі мастак! — працягваў радаваць багіню Фантазію Вырвіч. — З Зальцбурга! Я, панове, у яго вучыўся, прыехалі разам сюды ў заробкі! Гер Айсман выдатныя партрэты малюе! Як жывыя выходзяць!

Бутрым сядзеў, нібыта праглынуў мальберт разам з усімі фарбамі, і асабліва шмат чорнай.

— А гэта што за д’ябальшчына?

Улан з пабітым воспай тварам круціў у кароткіх пальцах каштоўны Альбукасісаў шлем.

— Гэта спецыяльная прылада прапорцыі вымяраць! Каб галовы маляваць як найлепей!

Пранціш нездарма быў недапечаным паэтам і нават дзесьці драматургам.

Але занавес гэтай п’есы апусціць не ўдалося. Па загадзе бялявага афіцэра, які, падобна, лічыўся тут самым галоўным, падазроных мастакоў на вазку забралі з сабой, каб разабрацца на месцы… Месца было ў маёнтку Капанічы, які належаў нейкаму пану Валянціну Гараўскаму, прыхільніку Панятоўскага і Фаміліі. Жаўнеры, стамлёныя, злыя, збольшага маўчалі — а што гаварыць тут, на чужой зямлі, куды адправілі цябе ліць кроў за інтарэсы і без таго багатых улюбёнцаў Фартуны, і ты загінеш — а яны пры любым раскладзе між сабой дамовяцца. Ну, паадбіраюць адзін у аднаго ўладанні, абмяняюцца абразамі… Але на цвінтары нікому з іх міласціну прасіць не давядзецца.

— Вырвіч, ты ашалеў? Я ж зроду не маляваў! — сіпеў Лёднік на вуха спадарожніку ў жоўтым папугайскім паліто. — Чаму мастак?

— Якая табе розніца? — сярдзіта шаптаў у адказ Вырвіч. — Галоўнае, не прызнавайся, што доктар, а то складуць два і два — і капцы…

Маёнтак Капанічы быў, вядома, не магнацкім палацам, але й не шарачковым: два паверхі з мансардай, каржакаватыя кутнія вежы з гаўбцамі, высокі парадны ганак з калонамі і лесвіцай, што падымалася з двух бакоў, прыгожа закругляючыся: толькі й хадзіць па ёй дамам у сукенках з доўгім шлейфам, які пакорліва цягнуўся б услед па светлых прыступках… Але пан, які выйшаў сустракаць гасцей, не выглядаў надта ўрачыста, і наўрад мог спалохаць нават кацяня. Пузаты, як бочка з медавухай, нос крыгай, але не драпежны, як у Лёдніка, бо заканчваўся смешнай бульбінай, вусы звісаюць, быццам толькі вымачаныя ў піве, вечна здзіўленыя вочы падпухлі…

— Вітаю вельмішаноўнае панства! Вашамосць, яснавяльможны князь Гагарын! Ці шчасліва даехалі?

Здавалася, з’явіліся не жаўнеры-чужынцы, а суседзі на калядны карнавал. Праўда, прыгледзеўшыся, Пранціш зразумеў, што пан дужа нервуецца — толькі гэта хавае, і нібыта запабягае перад палкоўнікам маскоўцаў князем Гагарыным, тым самым бялявым афіцэрам, які загадаў затрымаць Вырвіча і Лёдніка. Круглы твар князя з маленькімі капрызлівымі вуснамі і кірпатым тонкім носам здаваўся дзіцячым, нягледзячы на зморшчыны на лбе. Гагарын адказаў штось ветлівае і ўзбег па лесвіцы, белае пухнатае пяро на ягоным капелюшы ледзь паспявала ляцець за гаспадаром…

А Пранцішу было не да палітэсаў. Вакол утварыўся сапраўдны вір — простыя жаўнеры адпраўляліся ў суседнюю вёску, на кватэры — от ужо ўзрадуюцца няшчасныя ліцвінскія сяляне. Кагосьці размяшчалі ў маёнтку — гаспадарчых прыбудоў і флігеляў у старым парку хапала. Князя ды некалькіх афіцэраў, безумоўна, чакалі пакоі гаспадарскага дома. А вось параненых, якіх прывезлі яны з Лёднікам, павалаклі ў розныя бакі — канфедэрата ў бок стайні, маскоўца ў флігель. Лёдніка аж затрэсла — выходзіць, свайго ж падначаленага на пагібель прывёз, у палон здаў. Вырвіч ледзь паспеў утрымаць яго ад выказванняў, штурхануўшы локцем у хворы бок, ад чаго Чорны Доктар ледзь стрымаў крык.

— Мой сябар непакоіцца, ці будзе добрае лячэнне для тых небарак, якіх мы выратавалі? Каб нашыя клопаты ў імя хрысціянскай міласэрнасці дарэмнымі не апынуліся… — прычапіўся Вырвіч да нейкага падпанка, мусіць, пісара.

Але замест прыгорбленага кручка-пісара адказаў іншы пан, важны, з трохі грэблівым выцягнутым тварам, у парыку ды капелюшы, але захляпаны гразёй аж да пояса, нібыта на каленках у разводдзі поўзаў:

— Можаце супакоіць свайго сябра, малады чалавек… — пан змераў насмешлівым позіркам постаць у недарэчнай жоўтай венгерцы. — Я — дыпламаваны доктар і займуся вашым параненым.

— Іх двое, — ветліва, але цвёрда нагадаў Пранціш.

Пан раздражнёна скрывіўся.

— Палонных мы таксама лечым. Мы добрыя хрысціяне.

І сышоў, важна, як паўлін. Па абліччы Лёдніка было відаць, што ён думае пра сумленнасць і майстэрства калегі.

Вакол мітусіліся, разгружалі павозкі… Мясцовая дворня не выглядала надта шчаслівай, дзеўкі дык увогуле недзе пахаваліся. Кватараванне войска — гэта не кірмаш, а цяжкая павіннасць, якой стараліся пазбягаць любым чынам, часам нават заразныя хваробы ў доме выдумляючы. Можа, на самазваных мастакоў забудуцца? Іх статус дасюль не вызначыўся — і не госці, бо прыехалі не добраахвотна, і не палонныя — зброі ў іх не знайшлі, зноў жа — маскоўскага жаўнера ўратавалі…

А на ганак выбег сапраўдны турак. Прынамсі, па адзенні: бліскучы жоўты халат, падпяразаны зялёным пасам, турбан… Вырвіч з палёгкай адчуў, што ён тут не галоўны папугай. А турак, які аказаўся звычайным лёкаем з цалкам тутэйшай фізіяноміяй, перагнуўся цераз парэнчы, упёршыся аб’ёмістым жыватом у балюстраду, і крыкнуў двум няпрошаным гасцям, што тапталіся ля свайго вазка:

— Пан Валенты загадаў спытаць вашых мосцяў, ці праўда адзін з вас партрэтыст?

Вырвіч разгублена паглядзеў на Лёдніка, які стаяў, выпрастаны і змрочны, як ксёндз на папрадухах.

— Так, мой спадарожнік — майстар-партрэтыст з Аўстрыі, гер Айсман.

— Гаспадар ласкава запрашае вашых мосцяў, — ветлівы зварот да абшарпаных мазідлаў нібыта гарчыў у лёкая на вуснах, — зайсці ў дом.

Калі вакол сноўдаюць чужыя жаўнеры, ад запрашэнняў не адмаўляюцца.

А ў доме была амаль Турэччына… Ну а месцамі Егіпет ды Персія. Пан Валенты Гараўскі выявіўся прыхільнікам распаўсюджанай у Еўропе моды на таямнічы Усход і неадменна зачытваўся «Казкамі тысяча і адной ночы» ды ўяўляў сябе багдадскім султанам Гарун-аль-Рашыдам. Стракатыя персіянскія кілімы, шырмы, распісаныя залацістымі арнаментамі, высокія вазы з паўлінавымі пёрамі… На дзвюх новенькіх карцінах блішчэлі ўсімі фарбамі пейзажы з чароўнымі палацамі на фоне пальмаў і жоўтага пяску. Лёкаі франтавалі ў турэцкіх уборах.

Вядома, дарэшты адмовіцца ад сармацкіх звычаяў пан не мог, таму й продкі, у чугах, падпяразаных слуцкімі паясамі, фанабэрыста паглядалі са старых парсунаў у цяжкіх залачоных рамках на ўсе гэтыя ўсходнія штукарствы, ды акрамя крывых турэцкіх шабляў упрыгожвалі сцены старасвецкія шастапёры і рыцарскія мячы, якія, пэўна ж, адсеклі галаву не аднаму турку.

Мусіць, і сам пан Валенты, які сядзеў у фатэлі з выразаным на спінцы з чорнага дрэва бязносым сфінксам, ахвотней апрануў бы султанскую вопратку, але схіляўся ў бок князя Гагарына, што заняў такое ж крэсла побач, задужа ветліва для султана. Князь утаропіўся ў прыхадняў светлымі халоднымі вачыма і прамовіў у бок гаспадара:

— Не думаю, што гэта добрая ідэя, вашамосць. Мяркуючы па абліччы гэтых камедыянтаў, і мой пісар малюе лепей.

Пан Валенты занерваваўся і нават уласнай персонай падышоў да Вырвіча і Лёдніка.

— Як хутка можаце зрабіць партрэт з найбольшым падабенствам?

Вырвіч, хаваючы разгубленасць, пакланіўся:

— Усё залежыць ад велічыні карціны і матэрыялаў, вельмішаноўнае панства. Вялікія партрэты мой настаўнік гер Айсман малюе вельмі карпатліва, можа, і паўгода праца зойме… Паспешлівасць шкодзіць высокаму мастацтву, вашамосць.

Каб яны на хлеб спявалі… У душу Пранціша запаўзалі самыя нядобрыя прадчуванні.

— Вось бачыце, пан Валянцін, гэта альбо шалберы, якія нічога не ўмеюць, альбо калі і сапраўды майстры, за пару дзён не справяцца, — князь Гагарын гаварыў тонкім лянівым голасам, нібыта з неразумным дзіцем. — Я адпраўляюся на складанае заданне, ад якога залежыць канец вайны, і не вольны над сабой. Давайце пачакаем, пакуль скончацца ваенныя дзеянні, настане трывалы мір у няшчаснай гэтай краіне, а ў Маскве Гасподзь спыніць пошасць. І тады мы з паннай Дамінікай Валянцінаўнай з усімі выгодамі наведаем маю вельмішаноўную цётачку, яе светласць Ульяну Андрэеўну, а ўжо тады падумаем пра вяселле…

Мяркуючы па прыкушаным вусе, пану Гараўскаму пачутае не прыйшлося да душы, але ён пастараўся схаваць раздражненне.

— І ўсё-ткі я хачу скараціць час пакутаў ад таго, што не могуць з’яднацца закаханыя сэрцы, дарагі князь Пятро Іванавіч. Паспрабуем найхутчэй спраўдзіць дадзеныя адзін аднаму словы гонару. Для шляхціца няма важнейшага, чым стрымаць слова, ці не так, дарагі князь?

На круглым твары Гагарына так-сяк праявілася няшчырая ўсмешка, а Гараўскі ўтаропіўся ў Лёдніка:

— Гер Айсман, трэба, каб за два дні вы намалявалі партрэт маёй дачкі і яе жаніха, яго светласці князя Пятра. Заплачу пяцьдзясят талераў золатам!

— Мой настаўнік толькі нямецкую мову разумее, вашамосць! — умяшаўся Пранціш і ўзяў на сябе справу тлумача.

Лёднік выкручваўся з ягонай дапамогай, як мог. І пра тое плёў, што нябёсная прыгажосць мадэляў вымушае доўгай падрыхтоўкі для яе ўвасаблення, і пра тое, што няма з сабой фарбаў — усе выкарысталі, і нават на падагру нажаліўся, якая круціць суставы ў такое надвор’е… Дарэмна. Парсуна патрэбная была пазарэз. Наколькі Пранціш зразумеў з размоў, Гараўскі калісьці прасватаў сваю дачку Гагарыну падчас моцнай п’янкі ў палацы Панятоўскага, і гэты шлюб мусіў спраўдзіць ягоныя амбіцыі. Масковец, аднак, не гарэў жаданнем жаніцца з не самай выгаднай для яго нявестай і прыдумваў усялякія адгаворкі. Не можа, маўляў, ісці да алтара, пакуль адзіная цётухна паводле ейнага жадання не пабачыць на свае вочы пляменніка з ягонай абранніцай, каб асабіста блаславіць. А то спадчыны пляменніку не пакіне.

Але Гараўскі нават не пабаяўся прапанаваць маёнтак для пастою палка, абы будучага зяця ў госці завабіць. І не збіраўся здавацца. Пачуўшы, што жаўнеры перастрэлі дарогай вазок з двума вандроўнымі мастакамі, якія везлі параненых, увішны ліцвінскі шляхцюк прыдумаў выйсце. Чаму б не адправіць да цётачкі гагарынскай на бласлаўленне партрэт? Вось пляменнік, вось побач нявеста… А даставіць парсуну ў суправаджэнні адпаведнага ліста ад Пятра Іванавіча пан Гараўскі сам паклапоціцца, самае вартае пасольства адправіць! А тады да Каляд можна і вяселле згуляць…

І высокія мастацкія якасці таго партрэта, трэба думаць, пану былі важныя, як парасяці табака.

А каб абадранцы-майстры не надта круцілі носам, пан уцямна папярэдзіў: не намалююць да суботы парсуну — будуць расстраляныя як канфедэрацкія шпіёны.

Пранціш шчыра ўзненавідзеў невядомую Дамініку Валянцінаўну, з-за якой узнікла праблема.

Але тут жа ўзнікла і сама Дамініка Валянцінаўна.

Будучая мадэль гера Айсмана ўвайшла, упэўнена пастукваючы абцасікамі, і гэтак жа ўпэўнена агледзела цёмнымі іранічнымі вачыма грамаду. Раздзеленыя бялюткім праборам гладка зачасаныя валасы блішчэлі, як шоўк колеру каштана, ніякіх табе напудраных парыкоў, чырваніл ды мушак. Тонкія выгінастыя броўкі, лоб высокі — панна не дурніца, маленькія вусны ўсмешлівыя, нос трохі з гарбінкай, як у бацькі…

— Каго вашамосць пан бацька хоча на расстрэл адправіць?

Пан Гараўскі пачаў распавядаць свой бліскучы план, а князь Гагарын кінуўся цалаваць ручкі нявесце… І па тым, як ён гэта рабіў, Пранціш зразумеў, што паненка князю нават надта падабаецца, і каб не змус жаніцца, дык і строіў бы тут прыемныя фіглі… Вось жа гэтыя кабеты, за пасады ды грошы на ўсё гатовыя!

Між тым панна Дамініка рашуча забрала з рук натхнёнага князя сваю вузкую белую ручку і ўтаропілася ў бацьку, прыжмурыўшы цёмныя вочы:

— Хіба татусю гэтак не церпіцца выправіць мяне з дому? Якое вяселле, калі ліецца кроў у Айчыне?

Апошнія словы паненка вымавіла без ценю іроніі, нават з горыччу. Князь Гагарын прасвятлеў тварам, унутрана згаджаючыся з нявестай. Але пан Гараўскі зноў горача загаварыў пра закаханыя сэрцы, пра небяспеку, якая павінна прыспешваць лёсавыя рашэнні… Карацей, сеансаў малявання ніяк не пазбегнуць, хоць Пранціш нясмела нагадаў, што ў іх ні фарбаў, ні пэндзляў, ні палатна…

— Фарбы я свае пазычу, — нечакана прамовіла падступная паненка, выпрабавальна гледзячы на самазваных мастакоў. — Палатно ёсць адно… Загрунтаванае…

От выспятак Фартуны! Замаскіраваныя канфедэраты самі не ўцямілі, як апынуліся перад белым прастакутнікам будучай карціны, прычым Лёднік быў узброены кавалкам вугалю, якім належала рабіць накід, а на мальберце стракацелі раскладзеныя паненкавы фарбы і пэндзлі.

Наводдаль, як галубкі, уселіся дзве мадэлі. Князь капрызліва надзімаў вусны, адкінуўшыся ў крэсле, і раздражнёна круціў у руках срэбную табакерку з вензелем імператрыцы, у цёмных вачах шкоднай паненкі Дамінікі скакалі вясёлыя жарынкі. Прыслугу выставілі прэч, толькі пан Гараўскі час ад часу нецярпліва зазіраў у пакой. Геру Айсману не далі часу нат на эскізы, чым можна было адтэрмінаваць непазбежны канфуз.

Лёднік сціскаў аловак, як скальпель, і свідраваў паглядам палатно. Паўза зацягвалася.

— Давай, Бутрым, — падбадзёрыў яго ціхім шэптам на вуха Вырвіч, — ты ж крэсліць добра ўмееш!

— Чарцяжы — гэта ж не партрэт! — нервовым шэптам адказаў Лёднік. — У што ты зноў мяне ўкруціў!

Чакаць не выпадала, і Чорны Доктар рашуча намаляваў два авалы. Ну, галовы ж у людзей авальныя, ці не так?

Авалы былі раўнюткія. І лініі, якія пазначалі шыі, дасканалыя — хоць лінейкай правярай. Рука ў спрактыкаванага доктара цвёрдая.

На тварах з’явіліся вочы. Ад чаго падалося, што з палатна пазіраюць дзве савы.

Доктар дасканала ведаў будову чалавечага арганізма і мог намаляваць схему кожнай костачкі і ўнутранага органа.

Вось толькі чалавека намаляваць не мог. Прынамсі, так, каб не спалохаць гледача.

Пранціш ледзь стрымаўся, каб не ўчапіцца сабе ў кудзеры, схапіў другі кавалак вугалю і паспрабаваў дапамагчы доктару ў творчай справе. Абрысы шый трохі пакрывіліся, на тварах з’явіліся насы.

Ну, у прынцыпе, гэта былі насы. Бо Лёднік дакладна ведаў, як яны ўчыненыя і дзе знаходзяцца.

— А чаму вы не выкарыстоўваеце тое сваё прыстасаванне для вымярэння прапорцый? — лена папытаўся князь.

Не забыў, трэба ж…

Што ж, хоць неяк час пацягнуць! Лёднік схадзіў па сумку, дастаў шлем Альбукасіса… І хутка расейскі палкоўнік Гагарын сядзеў з важным выглядам з механізмам маўрытанскага хірурга Альбукасіса на галаве і не падазраваў, наколькі ён тэарэтычна блізка ад таго, каб ператварыцца ў бязмозглага раба.

Лёднік круціў колцы на шлеме, адыходзіў, падыходзіў да мадэлі, прыжмурваючы вочы, штосьці хутка і змрочна запісваў на аркушы паперы, нібыта ставіў самы сумны дыягназ. Падобна, ягоная цікавасць была сапраўднай, але не мастакоўскай, бо даносілася мармытанне на лаціне «Цікавы ўзор брахіцэфаліі… Паменшаныя лобныя долі…»

І тут грымнула навальніца: паненка, пакуль жаніх таго не бачыў, энергічна скіравалася да палатна. Пранціш кінуўся, каб захінуць пудзілы, што лупіліся з белай паверхні, але дарэмна. Панна Дамініка неверагоднымі намаганнямі стрымала шчыры рогат, раптам схапіла вугаль і хуткімі ўпэўненымі штрыхамі — раз-раз, як праля бялізну пранікам шаруе, накідала абрысы ўласнага аблічча, потым — Гагарынскага… Вусны ў намаляванага князя крывіліся гэтак жа капрызліва, як у жыцці. Зірнула насмешна на Вырвіча, прыўзняўшы бровы, абцерла пальцы проста аб цёмную сукенку (дзікунка!) і вярнулася на месца.

Лёднік, пабачыўшы перамененым свой будучы шэдэўр, агаломшана паглядзеў на Вырвіча — ці не ў таго прачнуўся талент? Пранціш, чые шчокі чамусьці палалі, ціха буркнуў пра паненчыну ласку…

— Думаю, на сёння хопіць! — звонка абвесціла Дамініка. — Фарбамі няхай дамалююць заўтра.

І сышла, упарта пацокваючы абцасікамі, нават не азірнулася. «Відаць, моцна замуж хоча за князя, раз дапамагла маляваць партрэт», — з прыкрасцю падумаў Вырвіч.

І самы час быў знікаць з маёнтка як мага хутка і непрыкметна.

Накід гера Айсмана гаспадар дому і госць ухвалілі, хаця й пакрытыкавалі ўдосталь. Мастакі з усім згаджаліся і абяцалі выправіць, улічыць, удасканаліць…

І апынуліся ў пакоі, больш падобным да турэмнай камеры — усе выгоды, ложкі з пярынамі, а акенца ў дзве далані пад самай столлю, ды яшчэ густа забранае кратамі, і дзверы звонку на жалезных засовах. І два жаўнеры ў калідоры на варце. Мусіць, пан Гараўскі моцна баяўся, што падазроныя майстры выслізнуць, як вугры, а тады й патэнцыйны зяць знікне з канцамі, бы шэры журавель у самотным небе.

Перад сном вязні паспелі разы тры пасварыцца. Вырвіч і сам разумеў, што, каб прадставіў Лёдніка хоць картографам якім ці гандляром тытунем, ужо, магчыма, былі б яны сярод сваіх, у войску ягамосці гетмана Шымана Касакоўскага. Якога Лёднік, дарэчы, чамусьці не любіў, сцвярджаючы, што амбітны пан, калі павернецца справа іначай, і мундзір расейскай арміі можа апрануць, і з тым жа запалам пераследаваць былых саюзнікаў.

Але толку падпіраць дах, калі сцены абрынуліся. Пераначуем — болей пачуем. Не з такіх жорнаў выбіраліся…

Лёднік тужліва круціў у пальцах медальён з трыма ўкладзенымі ў яго цёмнымі пасмачкамі — Саламеі, Аляксандра і Сафійкі.

— Калі ўжо мая адысея скончыцца…

Вырвіч вінавата ўздыхнуў: гэта ж праз яго Лёднік павінен быў пакінуць сваю Пенелопу ў Полацку.

— Затое ў мяне ёсць шанец напісаць паэму пра авантуры ліцвінскага Уліса!

Бутрым нават зацікавіўся:

— І якія ж аналогіі будуць з гамераўскім варыянтам? Троі, здаецца, мы пакуль не спалілі?

Пранціш пачухаў патыліцу.

— Ну, мы ўжо столькі падчас нашых прыгод назіралі руйнаванняў ды пажараў, на дзесяць Трояў хопіць. А вось тваё зняволенне ў барона дэ Варда якраз можна прыпадобніць зняволенню Адысея на востраве ў німфы Каліпса. Зніклы для свету, зачараваны герой, часу не ведае… Праўда, ні дэ Вард, ні тым больш Бяскоўскі да німфаў не падобныя. Хіба згадаць тваіх… сясцёр па палоне? Тая Каламбіна — чым не німфа?

Лёднік паморшчыўся, бо пра сваё зняволенне ў якасці Скарамуша маўчаў, як воцату выпіўшы.

— Добра, а што цяпер? Мы па схеме Гамера дзе?

— Думаю, у цара феакаў Алкеноя, — упэўнена адказаў Вырвіч. — У яго была дачка царэўна Наўсікая, дужа разумная і смелая, і калі Адысея выкінулі хвалі на іхні бераг, няшчаснаму бадзягу дапамагла.

— Наўсікая, кажаш… — пасміхнуўся Лёднік і ўлез з недарэчным пытаннем: —Спадабалася паненка Гараўская?

Вырвіч натапырыўся, як верабей.

— Ды я б да такой ніколі з куртуазнымі намерамі не наблізіўся!

— Раздражняе? — насмешна ўдакладніў Лёднік і па-ментарску дадаў: — Вы, пан Вырвіч, ужо не юнак, а ладны дзяцюк, час навучыцца самога сябе разумець. Вас злуе, што вашыя звычныя фіглі ды кукарэцыі з такой дзяўчынай будуць бескарысныя.

— А мне з будучай княгіняй Гагарынай галантнасцяў не разводзіць! — сярдзіта буркатнуў Вырвіч і перавярнуўся на другі бок, чамусьці адчуваючы крыўду.

А раніца нічога не выратавала. Хутка абодва няшчасныя ілжэ-мазідлы стаялі перад няскончаным шэдэўрам, і Лёднік з прыхаванай панікай касавурыўся на выціснутыя на палітру фарбы. Адзінае што, Чорны Доктар, які ўмеў ганяць і прыслугу, і студэнтаў, умудрыўся з раніцы зноў надаць сабе прафесарскі выгляд: напудраны наноў парык выглядаў акуратненька, камзол выцвілы, але адпрасаваны, і нават дзірка на локці зацыраваная. Пад камзолам былі шчыльна перавязаныя палатном скабы, што рабіла паставу яшчэ больш выпрастанай. А дзюбаты нос задзіраць Полацкі Фаўст з дзяцінства навучыўся. Пранцішу зноў зрабілася няёмка за папугайскую вянгерку з цёмнай плямай на азадку.

Хіба палёгка атрымалася — князь Гагарын пасядзеў зусім нядоўга ды збег, спаслаўшыся на вайсковую неабходнасць. Затое месца каля дачкі заняў пан Гараўскі, які ўзяўся занудна разважаць пра падзенні нораваў і залаты сармацкі век. «Ды твае продкі з залатога сармацкага веку чужынцаў бы на ганак не пусцілі!» — ледзь стрымаўся ад заўвагі Вырвіч.

Паненка нешта лена адказвала бацьку, утаропіўшыся цёмнымі вачыма пад столь, дзе ляпныя анёлкі вартавалі прыцемак, і была думкамі так далёка, што зноў раздражняла. Яшчэ й ад таго, што Вырвіч спадзяваўся, што і сёння атрымае нечаканую дапамогу. Панне ж карціць замуж за Гагарына! І чаму толькі сама не возьмецца выканаць іх двайны партрэт, калі такая ўвішная?

Насамрэч, панна Дамініка некалькі разоў зрабіла спробу адаслаць бацьку, але пан Гараўскі сваю кветачку пільнаваў, як цыклоп адзінае вока.

А самае непрыемнае, што паненка, напэўна, яшчэ й шчыра весялілася: як жа самазванцы-няўмекі карціну расквецяць?

Лёднік уздыхнуў, як перад бойкай, і тыцнуў пэндзлем у чырвоную фарбу…

Па-праўдзе, Пранціш вельмі спадзяваўся, што з колерамі ў Бутрыма атрымаецца лягчэй. Ён жа з дзяцінства вучыўся змешваць фарбы ў друкарні Івана Рэніча, бацькі сваёй будучай жонкі. І ўмеў скласці карнацыю, цялесны колер, са свінцовых бялілаў і кінавары, і фарбу посх першага роду, і вянеду з тоўчанага вугалю ды вапны, якой вочы малююць, і фарбу вірыдонавую, якую атрымліваюць, абмазаўшы мядзяную пласціну мёдам, соллю і заліўшы воцатам, як раіў вялікі Тэафіл, і здабыць пігмент сіні сукус з бузіны… Так, Баўтрамей Лёднік, полацкі алхімік, мог бы лёгка для самаўпэўненай паненкі Дамінікі зрабіць дасканалы набор фарбаў… Але намаляваць імі хаця б яблык ён не мог. Вырвіч спрабаваў надаць партрэту хоць трохі прыстойны выгляд, падмалёўваючы, як умеў…

І затрубілі Іерыхонскія трубы, і ўстаў з месца пан Гараўскі, жадаючы пабачыць, як міла выглядае і ў намаляваным выглядзе ягоная ўлюбёная дачушка, без драбочка княгіня Гагарына і свецкая львіца.

Пан стаяў і сінеў, як ультрамарын, бо дыханне пераняло ад абурэння, і замест уцямных слоў сіпеў: «Ш-што? Ш-што?» — і тыцкаў пальцам у карціну, на якой, апярэджваючы свой час на некалькі стагоддзяў, вычварна спляталіся рознакаляровыя пісягі, вымалёўваліся прывідныя сілуэты.

Выразней за ўсё бачыліся два ярка-чырвоныя раты.

Вочы таксама меліся. Чатыры. Здаецца.

А лепш за ўсё Лёдніку ўдаўся парык князя Гагарына. У ім была дасканала перададзеная ўся імклівая, мройная натура князя, падобная да хмаркі, якую трэпле бура… Прынамсі, менавіта гэта паэт Вырвіч тлумачыў заказчыку. Ну і пра новыя павевы ў мастацтве, пра еўрапейскую моду на з’яднанне фарбаў, пачуццяў і снабачанняў у фантасмагарычным капрычыа…

— Кап…капрычыа! Я пакажу вам капрычыа! Падманшчыкі! Злодзеі! Шпегі! Заб’ю!

Пан Гараўскі пачаў ліхаманкава намацваць шаблю, якой, на шчасце, пры ім не было, і мармытаць:

— Усё зблоцілі, злодзеі… Нічога, нічога… Ты, донечка, сама намалюеш… Вунь як мне палацы з пальмамі намалявала.

У дзверы сунуліся былі лёкаі з пераляканымі фізіяноміямі, але паненка адным узмахам рукі адправіла іх назад — адразу стала зразумела, хто ў доме сапраўдны гаспадар.

— Тата! — панна Дамініка схапіла бацьку за плечы і змусіла паглядзець сабе ў вочы.

Пранціш у чарговы раз падзівіўся: што за норавы ў гэтым доме? Ды другі даўно б такую дзёрзкую дачку лейцамі па мяккім месцы адхадзіў, хай яна сто разоў шляхцянка.

— Я ж табе колькі казала — маё сэрца занятае! І не гэтым аблізаным князем.

— Глупства… Прыдумала сабе ўяўнага каханка… — сярдзіта і трохі трывожна прагаварыў пан Гараўскі.

Паненка ваяўніча прымружыла вочы.

— І зусім не ўяўнага. Вось ён, мой сапраўдны жаніх!

І — тыц пальцам у Пранціша!

На падлогу з сухім шчаўчком упаў пэндзаль, што вываліўся з пальцаў драгуна, і пакаціўся, пакідаючы за сабой на паркеце чырвоны хвалісты пісяг, як след крывавага забойства. Лёднік зірнуў на Вырвіча, нібыта хацеў упэўніцца, што драгун увесь гэты час яго не падманваў, хаваючы амуры з паненкай-мастачкай.

— Тут непаразуменне… — мармытнуў у адчаі Вырвіч, але сямейная драма Гараўскіх разварочвалася ўжо без яго ўдзелу.

Паненка Дамініка спрабавала супакоіць раз’юшанага бацьку:

— Забыўся, колькі разоў мне расказваў, як звёз маю пані-маці з дому, дзе цябе не прымалі як жаніха? Як вы ўцякалі, хаваліся, і як каханне за ўсё ўзнагароджвае? Пан-бацька думае, што толькі ў яго так можа быць?

— Дамініка, гэта… гэта занадта! — пан Гараўскі збянтэжана адварочваўся ад дачкі. — Ды хто гэта такі? Валацуга нейкі, жабрак!

— Ён выдаў сябе за беднага мастака, каб пабачыцца са мной, тата! — настойліва малявала рамантычную гісторыю паненка. — Ён шляхціц, з добрага роду.

Пан Гараўскі гатовы быў раскатаць шалбера па паркеце і прытаптаць зверху.

— А гэты… Айсман, партрэтыст гарохавы, ён хто? Найміт-забойца, мяркуючы па фізіяноміі?

— Мой слуга, вучоны чалавек, што ўзгадаваў мяне з дзіцячых гадоў, вашамосць, — прамовіў свецкім тонам Вырвіч. Лёднік хмыкнуў, але змаўчаў. — Мы абодва вельмі засмучоныя, што прычынілі вашамосці такія нязручнасці, і папрасілі б дазволу пакінуць гэты дом, каб надалей не ганьбіць яго сваёй нявартай прысутнасцю.

Пранціш, як мог, велягурыў і кланяўся гжэчна, марачы, каб паненка выпусціла яго з кіпцюрыкаў. Знайшлася нявеста! («Яшчэ адна да кучы», — з горыччу дадалося ў душы).

Панна толькі насмешна броўку прыўзняла:

— Вось бачыш, тата, які мой амарат добра выхаваны. Ён ніколі не ўчыніць нічога нешляхетнага. Калі, вядома, каханне не змусіць пераступіць цераз звычаі. Вы, пан-бацька, не хочаце ж давесці мяне да такога адчаю, каб я парушыла звычаі?

Небарака Гараўскі, якім падступная дачка, падобна, круціла, як хацела — не шляхціц, а ануча, — выкрычаўшыся, як след, выцер рукавом лоб.

— Ну як ты не ўцяміш! Ты магла б пісацца вяльможнай, а не проста вельмі паважанай! Твая ж маці была па нараджэнні вяльможнай, а са мной прынізілася, за што вечна буду вінаваты. А радзіна маці тваёй колькі з нас здзекавалася, прыніжала! Можна было б тым фанабэрыстым сваякам нарэшце дулю паказаць, што зноў — на роўных! А месца краўчага, якое можа здабыць Гагарын! Мы б маглі паехаць у Варшаву! Бываць пры каралеўскім двары! Князь вазіў бы цябе ў Санкт-Пецярбург, на балі! Для чаго, халера, я сюды маскалёў повен двор напусціў, каб вёску ўсю аб’елі?

— Ды не надта Пётр Іванавіч пад вянец са мной гарыць ісці, — без ценю жалю прамовіла панна Дамініка. — І прыспешваць яго — не варта годнасці. І на сваякоў матчыных мне начхаць, яны нас не ведаюць, мы — іх. Таму давай, татусю, так… Я зміруся з ранай у сваім сэрцы. Не буду імкнуцца з’яднацца са сваім каханым, — панна махнула рукой у бок ашалелага Пранціша. — І ўгавару яго, небараку нешчаслівага, сысці і больш не турбаваць нас, але й за князя не трэба мяне пхаць. Пётр Іванавіч сказаў жа — счакаем да канца вайны. А да гэтага часу і сэрца маё, можа, загоіцца.

Паненка ласкава гладзіла бацьку па плячы, і ягоны твар пачаў прасвятляцца. Вось жа разумная — змагла ўчыніць, што пан не толькі супакоіўся, але й узрадаваўся, упэўнены, што яму пашанцавала. Дачка не збягае з бедным кавалерам, кавалер ціхамірна сыходзіць, ганьбы няма, з князем, можа, усё і наладзіцца…

— Толькі вазок нам аддайце… — прабурчэў адначасова раззлаваны і разгублены Пранціш.

— Вядома, вашамосць з разбітым сэрцам. А я захаваю на памяць гэты цудоўны партрэт, які найлепшым чынам адлюстроўвае мае душэўныя пакуты… — не ўпусціла паздзекавацца панна Гараўская.

Як яна толькі не атручваецца, калі язык выпадкова прыкусвае?

Пан Гараўскі на радасцях нават не папытаўся імя падазронага жаніха ў жоўтай бякешы, відаць, у спадзеве, што больш ніколі яго не пабачыць.

Паненка выйшла праводзіць «жаніха» і ягонага «слугу».

— Што ж, думаю, вашамосці, мы дапамаглі адно аднаму найлепшым чынам, і крыўдаў быць не павінна.

Цяпер голас паненкі гучаў не насмешна, а нават стамлёна. Вырвіч пакланіўся.

— А як вашамосць здагадалася, што я шляхціц?

Панна Дамініка ўсміхнулася, яе вочы зноў дзёрзка заблішчэлі.

— Гэта было няцяжка. Вы з вашым старэйшым сябрам некалькі разоў рабілі такія рухі, быццам хапаецеся за шаблі. І ў вас, васпан, на пальцы сыкгнет з гербам, хоць герб і павернуты ўнутр далані. Ну і ў звычайных валацуг ніяк не мог апынуцца механізм, якому тысяча гадоў, спісаны арабскімі пісьмёнамі, якія вам, вашамосць, — панна Дамініка злёгку пакланілася ў бок Лёдніка, — добра знаёмыя. Але супакойцеся, я не збіраюся раскрываць вашы таямніцы. Шчаслівай дарогі!

Але шчаслівай дарогі не атрымалася. Таму што, калі праходзілі паўз флігель, прыстасаваны пад палкавы шпіталь, Лёднік у расчыненыя дзверы пабачыў, як знаёмы ім доктар схіліўся над параненым расейскім жаўнерам, якога яны з Вырвічам прывезлі, і з дапамогай бліскучых інструментаў збіраецца рабіць над ім нейкія маніпуляцыі. І Пранціш не змог утрымаць Бутрыма, ледзь рукаў яго не адарваў — Фаўст ірвануўся ў расчыненыя дзверы.

— Спыніцеся, васпан! Гэтага рабіць нельга, вы заб’еце пацыента!

Лекар падняў на прыхадня ў пацёртым сінім камзоле невыразныя вочы.

— А табе што за справа? Я дыпламаваны доктар!

Але Лёднік яго не слухаў, а даволі груба адштурхнуў і ліхаманкава закасаў рукавы.

— Пацыент зараз памрэ! Трэба шыць артэрыю…

У вырашальныя моманты голас Чорнага Доктара гучаў уладна і нават пагрозна.

— Абцугі! Ды не так — адразу спірытусам абліце! І рукі мне спірытусам спаласніце…

Вырвіч мог толькі вартаваць уваход ды бездапаможна назіраць, як Лёднік звыкла камандуе ходам аперацыі, а чужы лекар з выцягнутым конскім тварам мімаволі слухаецца, і панна Дамініка раптам рашуча — як рабіла, падобна, усё — пачала ім дапамагаць, як бы заўсёды лекавала параненых. Дапамога не была лішняй: у параненага ішла кроў, даводзілася хуценька падаваць то адзін інструмент, то другі. Лёднік быў засяроджаны і дакладны, як заўсёды…

Калі ўсё скончылася, масковец памацаў пульс параненага суайчынніка і здзіўлена пакруціў галавою: жывы!

Лёднік моўчкі адкасоўваў рукавы, захляпаныя барвай, але на гэты раз не мастакоўскай. Чужы лекар задумліва глядзеў на яго.

— Вось значыць, які вы… Доктар Баўтрамей Лёднік, ці не так?

Бутрым спакойна пацвердзіў.

— Менавіта так.

Пранціш разгублена азіраўся: вакол соўгаюцца жаўнеры, а шаблі ў вазку… Лекар нетаропка выцер рукі простым ільняным ручніком і падаў яго Лёдніку — абсталяванне ў палявым шпіталі было спартанскае, маглі б хоць ручнікоў падкінуць.

— Навошта вы выкрылі сябе? Дзеля ворага… Клятва Гіпакрата?

— Калі можна ўратаваць жыццё, пры чым тут клятвы і небяспека? — спакойна адказаў Лёднік, абцёршы рукі, і паненка Дамініка ўзяла ў яго ручнік, каб скарыстаць самой.

— Добрыя словы, пан Баўтрамей.

Палкавы лекар папытаўся ўсё гэтак жа задумліва:

— Ці не вы пацыента і прыклалі?

Лёднік не збянтэжыўся.

— Не я. Але мог і я. Толькі ён бы тады не выжыў.

Вырвіч закруціўся ў пошуку зброі, хоць калаціны якой.

— Перш чым вы зробіце тое, што павінны, — халодна сказаў Лёднік, гледзячы ў вочы калегу, — я папрасіў бы вас даць мне магчымасць пракансультаваць другога параненага, якога я прывёз.

— Позна, — спакойна прамовіў лекар і падняў руку, як бы папярэджваючы абурэнне і роспыты. — Паверце, ён памёр не таму, што былі кепскія ўмовы ці я яго не лячыў. Сепсіс… Пашкоджаны мозг… Гэта пакуль прысуд. Jura naturae sunt immutabilia[17]. Я рабіў, што мог.

Дзіўна, але Пранціш яму паверыў. І цяпер было ясна, што ўчора, калі яны з ім пазнаёміліся, чужы лекар быў брудным да пояса сапраўды таму, што, як і Лёднік, не вагаўся стаць на калені ў гразь над параненым.

Бутрым маўчаў, па ягонай змрочнай фізіяноміі нельга было здагадацца, што ён чакае арышту і, магчыма, смерці. Расейскі лекар, аднак, не спяшаўся клікаць варту, і не ад таго, што баяўся.

Панна Дамініка абцерла вільготнай анучай твар жаўнера і выпрасталася, сур’ёзна гледзячы цёмнымі разумнымі вачыма на доктара.

— Мяркую, ваш візіт у Капанічы скончаны, гер Айсман.

Палкавы лекар адвярнуўся і залязгаў інструментамі. Пранціш учапіўся ў Бутрыма і вывалак на двор, дзе стаяў вазок.

Апошняе, што Вырвіч бачыў, азірнуўшыся, — паненка Дамініка павольна падымалася па прыступках звілістай лесвіцы, і на хвілю падалося, што за яе фігуркай у простай цёмнай сукенцы цягнецца доўгі, казачна-бліскучы шлейф.

І засталося яшчэ ў памяці, як на развітанне нечаканая «нявеста» падала руку для пацалунку — вакол яе пазногцяў яшчэ можна было ўгледзець нязмытую чужую кроў — і ціха прамовіла:

— Яны ідуць у Тураў, полк Гагарына. Вам жа гэта трэба было разведаць? У іх сапраўды нейкая сакрэтная місія… Бывайце, жаніх!

І Вырвіч, пацалаваўшы цёплую маленькую руку, вымавіў, хоць і не збіраўся:

— Я Пранціш. Шляхціц Франтасій Вырвіч з Падняводдзя. Дзякуй вам, панна Дамініка.

Загрузка...