Альберт Вялікі раіў, каб чытаць кнігі цёмнай ноччу, намазаць твар крывёю кажана. Кажаноў паблізу не мелася, таму й уласны палец не разгледзіш у гэтым катуху, прыстасаваным пад гаўптвахту.
— Не сумуй, Бутрым, разбяруцца! — удавана бадзёра прамовіў Пранціш, хаця самому было крыўдна, як у дзяцінстве, калі ў езуіцкім калегіуме аднакласнікі дражнілі сына шляхціца-шарачка, што сам вывозіў гной на поле, «гнаевіком». — Падумаеш, дачапіўся да нас нейкі француз! Яго замежная мосць Шарль Дзюмур’е, вайсковы кансультант, дзірка ў плоце… Пасмеў шляхту судзіць! Мяне, нашчадка Палямона, нейкі жабаед абвінавачвае ў здрадзе!
Пранціш сам не заўважыў, як замест таго, каб супакойваць былога слугу, пачаў выплюхваць уласныя перажыванні.
— Ды любы шляхціц на наш бок стане!
— Хто? — змрочна азваўся Баўтрамей і закруціўся дзесьці побач са стрыманым стогнам — з адбітым бокам і на пярыне мулка, не тое што на сене ў гэтай пуні. — Пан Шыман Касакоўскі з месье Дзюмур’е цалкам пагадзіўся. А як іначай? Два камандзіры вяртаюцца з задання без жаўнераў, прычым адзін з тых жаўнераў памёр у палоне. Без мундзіраў, апранутыя, як валацугі, быццам збіраліся дэзерціраваць. Ды яшчэ замест здабытых каштоўных звестак пра дыслакацыю ворага, якія маглі б апраўдаць учынак, вярзуць лухту пра Тураў… А што маскоўскаму палку рабіць у Тураве? Там боек няма, канфедэраты далёка, затое стаяць саюзнікі, каронныя войскі. Дый належыць мястэчка Салагубам, якія падтрымліваюць Фамілію.
У шчыліны між бярвенняў зазірнуў кволы сакавіцкі золак, цемра перастала быць суцэльна сляпой, намеціліся прывідныя абрысы. Вырвіч горка ўздыхнуў:
— Думаеш, паненка Дамініка зманіла? Што войска Гагарына ідзе ў Тураў?
Пранцысь нават у цемры ясна ўяўляў, як Лёднік скептычна прыўзнімае бровы.
— Наўрад. Панна Гараўская — не князёўна Паланэя Багінская, палацавая інтрыганка, для якой ілгаць было як дыхаць.
Успамін пра Паланэю на гэты раз адазваўся толькі ценем расчаравання — не болем, як колісь.
— Але ж і ты, Бутрым, мог прытрымаць свой востры язык і не распісваць, як пашкадуюць канфедэраты, што адмаўляюцца прызнаваць правы некаталікоў, і пры гэтым лічаць годным дамаўляцца з турэцкай Портай. Нас жа ледзь на месцы не пасеклі!
— Бо твае паны-браты бачаць не далей кончыка сваёй шаблі, — са змрочнай насмешкай прамовіў Лёднік. — Дзяржаву ўжо, лічы, прафукалі. Малодшы брат кайзера, прынц Генрых, думаеш, дарэмна некалькі месяцаў у гасцях яе вялікасці Кацярыны правёў? Дамаўляліся, каму які кавалак ад Рэчы Паспалітай ухапіць. Хто ім перашкодзіць? Месье Шарль Дзюмур’е цалкам мае рацыю, калі называе норавы правадыроў канфедэрацыі азіяцкімі ды абураецца, што магнаты больш занятыя баляваннямі, а шараговая шляхта — рабункамі ды двубоямі, чым вайной. Ведаеш, за што яго шляхцюкі ненавідзяць? Таму, што напісаў герцагу Шуазёлю, каб перастаў выплачваць пенсіі ўсім гэтым Пацам ды Богушам, бо яны іх трацяць не на вайну, а на гульбу. Ды яго ў свой час паны-браты ледзь не з’елі, калі даведаліся, што не прывёз ім з Францыі вялікіх скарбаў, адно свае вайсковыя ўменні ды жменьку наймітаў.
— Можа быць, расейскі генерал-марадзёр Крачэтнікаў лепшы ад нашае шляхты? — абурыўся Пранціш. — Абоз за абозам з разрабаваных маёнткаў у Расію шле! Альбо мярзотнік фон Дрэвіч? Гэты з сем’ямі канфедэратаў распраўляецца, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей. Магнатаў аднаго на другога нацкоўвае, бядой дысідэнтаў карыстаецца, каб іх варожасць да «ляхаў» распаліць. Ці табе хочацца, каб мы страцілі дзяржаву, сталі ўскраінай чужой? Калі тая імперыя сваіх падданых не можа зрабіць шчаслівымі ды сытымі, от жа яна заваяваных ашчаслівіць!
Лёднік скрушна ўздыхнуў, відаць, уявіўшы, як распраўляюцца з ягонай уласнай сям’ёю.
— На вайне заўсёды з кожнага боку ёсць самаахвярныя героі і бессардэчныя нягоднікі, а самае прыкрае — бязвінныя ахвяры… Забойствам апраўдання няма.
— Вось жа ты, можна падумаць, мала забіваў! — Вырвічу не падабаліся гэткія «міралюбныя» мудраванні.
Маўчанне трывала даўжэй і было цяжкім, як вечавы звон.
— На мне шмат чужой крыві, — голас Чорнага Доктара гучаў глуха. — Дарма, што я праліваў яе ў сумленнай бойцы. На вайне — як у выграбной яміне. Немагчыма не выпацкацца, не прасякнуцца смуродам. Я ж калі з-за тваёй недальнабачнай абяцанкі патрапіў у гэтую зваду, даў сабе слова — нікога не забіваць. З аднаго боку ліцвіны ды палякі, з другога — такія ж… Народы нярэдка пажыраюць самі сябе знутры на радасць суседзям. Падзяляюцца, хто як хрысціцца, хто якому князю прысягаў… У Парыжы каталікі ўчыняюць гугенотам крывавую лазню на Святога Баўтрамея, у Вільні ў 1682 годзе натоўп пад правадырствам езуітаў ды з удзелам тагачасных студэнтаў тваёй альма-матар зацята выразаў пратэстантаў ды другіх іншаверцаў. Так што ваявода віленскі Пац, пабачыўшы, што нарабілася пры ягоным папушчальніцтве, «засмуткаваў i амаль што раптоўна памёр». Так і я… Слова не стрымаў. Смуткую… Але ваюю. А якое выйсце? Даць забіць сябе? Ці паплечніка? У той час, як у мяне ёсць зброя і магчымасць абараніцца? Адзінае маё адрозненне ад паноў-братоў — я ведаю, што забойства — грэх, а не забава.
— Падабаецца табе, Скарамуш, асуджаць шляхту, якая ёсць асновай дзяржавы! — раздражнёна азваўся Вырвіч. — Ля ўлады мусяць быць не тыя, хто звык да хамута, а тыя, што цэняць годнасць і волю. Гэта ў Масковіі цар можа любога двараніна на палю пасадзіць, пугай біць ды ноздры вырваць. А наш кароль — усяго толькі абраны намі адзін з нас! І Статут, па якім мы жывём, самы дасканалы і справядлівы ў Еўропе юрыдычны закон! У гэтай дзяржаве кожны шляхціц мае права на справядлівы суд. І мы гэтым скарыстаемся. Трэба пану Рысю звестку паслаць…
Лёднік зноў хмыкнуў.
— Пан Рысь хіба ад пане Каханку мог спадзявацца на дапамогу, а той у Чэхіі, вычэквае… Дзеля таго, каб вярнуцца ў свае палацы ды зноў з панамі-братамі, напіўшыся, шапкамі мяняцца.
Гэта Бутрым згадваў захоплены расповед пана Рыся, як Караль Радзівіл, шчырай душы сармацкі рыцар, падпіўшы, пачынаў мяняцца адзеннем з самым абцерханым шляхціцам. І зграя прыдворных, не жадаючы адставаць ад сюзерэна, далучалася да абмену, а ў выніку ўсе па дзесяць разоў пераапраналіся, забыўшыся, што каму належала. Пры гэтым літасцівы князь Радзівіл раздаваў свае залатыя пасы, кунтушы ды брыльянтавыя зашчапкі з красамоўнымі рэплікамі: «Бяры, дурань, дару!», «На, свіння!», «Трымай, асёл!», «Вазьмі, пасмешышча!»
— Можа, звярнуцца да гетмана Багінскага? — прамармытаў Пранціш, сам разумеючы, што справа дарэмная.
Багінскі шчыра ненавідзеў доктара Лёдніка, якому ўдалося, хоць і ненадоўга, і не намерваючыся, прыцягнуць увагу расейскай царыцы, з чым яснавяльможнаму князю так і не пашэнціла.
— Каб твой Багінскі два гады не вагаўся, на чыім баку быць, а адразу кінуў войска выганяць маскву, вайна б даўно скончылася, і мы б жылі ў незалежнай дзяржаве, — сярдзіта прамовіў Лёднік. — І цяпер гетман-кларнэт, была б магчымасць, замест бойкі оперы сачыняў бы.
Памаўчаў і раптам спытаўся:
— А што, пан Вырвіч, цяпер паводле Гамера мы дзе?
Вось жа, запомніў гульню… Вырвіч трохі падумаў, успамінаючы ўніверсітэцкія штудыі:
— Мусіць, паміж Сцылай і Харыбдай мы апынуліся, пан Баўтрамей. Магутныя скалы між сабою б’юцца, а мы пасярэдзіне, як ёсць, заціснутыя…
— Выходзьце, панове! Сам вялікі гетман жадае вас бачыць!
Спамяні, называецца, нячыстую сілу… Цьмянае святло захутанай у шэры хмарны кунтуш раніцы разанула па вачах, як зыркае сонца Лангедока. Але арыштаваным не далі надта раздумвацца, заштурхаўшы ў закрыты вазок.
— Яснавяльможны князь Багінскі адмыслова ў Янава прыехаў, дапытаць вас.
Гэта Пранцішу шапнуў улан, ягоны нядаўні падначалены, сунуўшы апальнаму камандзіру біклагу, як спадзяваўся Вырвіч, з добрай слівавіцай, ды акраец сітнага. Пакуль трэсліся тры гадзіны, дык і спажылі з доктарам, дай Бог дабрадзею здароўечка. Вырвіча цешыла, прынамсі, тое, што ягоныя аднапалчане спачувалі яму — колькі ж разам пораху пакаштавалі, а французскаму кансультанту не давалі веры. І доктару не адзін абавязаны здароўем і жыццём. Таму й Гіпацэнтаўр быў побач, хоць і не ў руках, а ў аховы, і скрынка з Альбукасісавым шлемам — транты арыштаваных запакавалі і адправілі з імі.
Заняпалае мястэчка Янава — пахмурыя шэрыя хацінкі, таполі, цагляная пажарная вежа — сустрэла няветла, як сяржант — дэзерціра.
— Зноў ты, лекар! — князь Міхал Казімір Багінскі грэбліва пазіраў на Лёдніка, які з адсутным выглядам застыў слупам сярод пакоя, толькі нядаўна, мяркуючы па ўсім, завешанага персіянскімі дыванамі — князь нават у паходзе можа карыстацца выгодамі.
На падлозе, непагляднай, з шэрых дошак, валяўся пухнаты кілім, як кветкавы луг. Князь выглядаў фацэтна. Сыты, як бычок, аблічча з мяккімі рысамі пакруглела. Другое падбароддзе стала зусім заўважным. Расшыты зялёным шоўкам і срэбнай ніццю кунтуш шчыльна абцягваў жывот, які звісаў над літым слуцкім пасам. Паненка Дамініка Гараўская парадны партрэт намалявала б на фоне пальмаў. Вырвіч шчыра парадаваўся, што перад сустрэчай ім з Бутрымам чамусьці прынеслі форму войска Агінскіх, можа, каб не абражаць абцерханым выглядам вязняў вока гаспадара-эстэта. А форма — файная: саетавыя кунтушы перлавага колеру, зялёныя атласныя жупаны, шаўковыя паясы з кветачкамі i залатымі зоркамі, зялёныя шапкі, абшытыя футрам, ды чырвоныя боты. І праводзілі арыштаваных ветліва, як бы звычайных гасцей. З чаго б такая міласць да «здрайцаў», трэба было задумацца, бо князь Багінскі ажно віраваў ад раздражнення, як па шрубе пахадзіў.
— Відаць, гэта Гасподзь нагадвае мне пра няпэўнасць Фартуны, увесь час падкідваючы ў бот няварты каменьчык, аб які, аднак, націраецца мазоль. Гэта я пра цябе, Бутрым. Такая твая ўдзячнасць за тое, што з рабства цябе выкупіў!
У гэтым месцы яснавяльможнаму можна было б нагадаць, што князь выкупіў прададзенага за даўгі алхіміка ў ягонага выпадковага ўладальніка, шкаляра Пранціша Вырвіча, каб паслаць у сутарэнні Полацка па старажытную рэліквію, а па выкананні ціхенька забіць. Куме, суседзе, згінула сякерка па тваім следзе…
— Ведалі б вы, панове, — працягваў гаварыць князь, нервова ходзячы туды-сюды па квяцістым кіліме, як навязаны баранчык, — як мне хочацца даць вас абодвух расстраляць. Але, на жаль, я паабяцаў захаваць вашы жыцці ў абмен на адну каштоўную рэч. Да таго ж мяне пераканалі, што вы мне можаце быць патрэбныя.
Ага, як стары конь ваўку…
Пранціш з годнасцю ступіў наперад (як шкада, што шаблі не вярнулі) і завёў прачулую прамову, бы ваду на кола ліў — не здрайцы яны з доктарам, а героі, Лёднік адзін шэсць жаўнераў пасек, і выбраліся цудам ды ўласным клёкам, і звесткі здабылі пра варожыя перамяшчэнні…
У гэтым месцы князь ажывіўся, у бляклых вачах бліснула цікавасць.
— Дзеля таго я вас і загадаў прывезці. Паўтарыце дакладна, што пачулі пра Тураў…
Князь вельмі ўважліва выслухаў велягурысты даклад Пранціша. Дзіўна, але Багінскі не пачаў крычаць, як Дзюмур’е — «Што вы гародзіце гароды, які-такі Тураў!», і нават не здзівіўся, што полк Гагарына, узброены трыма марцірамі, кіруецца ў бок горада на Прыпяці.
Вялікі гетман літоўскі тужліва паглядзеў убок, дзе ля сцяны сумавала ягоная ўлюбёная арфа з удасканаленай ім самім педаллю, а каля арфы сумавала прыгожанькая пухленькая кабета з ярка падмаляванымі вуснамі сардэчкам, князева каханка д’Асэ, і лена ела чорны вінаград са срэбнай талеркі. Млявасць паненкі была ўяўнай: у цёмных вачах час ад часу ўспыхвалі ўладныя жарынкі, шпегавала красунька, здаецца, на французаў, а заадно дадавала ваяўнічасці князю, як рука надае форму мяккай скураной пальчатцы.
— Думаю, можна не папярэджваць вас, што будзе, калі раскрыеце пачутае, — пагрозна звярнуўся князь да гасцей і ўсеўся ў фатэль, абцягнуты залаціста-зялёным саетам. — Да мяне паступіла данясенне, што Панятоўскі з дапамогай Тызенгаўза і ягоных людзей нешта сур’ёзнае рыхтуюць у Тураве. Цялок баіцца, што расейцы ў яго хутка адбяруць падораную імі ж цацку — польскі трон, і хоча мець нейкую абарону, магутную зброю, якая змусіць з ім усіх лічыцца. Справа нежартоўная, і нават маскоўцы занепакоіліся. Нашто ім моцны кароль, якім нельга круціць, як заўгодна?
Багінскі пагардліва скрывіў вусны, і Пранціш падумаў, што і сам Багінскі лёгка мог стаць такім кішэнным каралём, каб толькі яго Кацярына Другая ўпадабала. Хіба што сёстры князя, ваяўнічыя амбітныя кабеты, ды ягоная жоначка, спрактыкаваная палітыканка, у першым шлюбе Чартарыйская, рукі якой князь не так даўно апантана дабіваўся, граючы п’ескі ўласнага сачынення на кларнеце, пхалі б яго наперад, як войска пхае таран да брамы абложанай крэпасці.
— Вось вам і магчымасць апраўдаць свае правіны. Заўтра ж адправіцеся ў Тураў ды разведаеце, што там рыхтуе Тызенгаўз, ваш нядаўні сябрук. Падрабязнасці вам раскажа граф Пянткоўскі.
Вось яно як… Ішлі лысы ды пляшывы, ды знайшлі грэбень. Зноў брацца за шпегаўскую справу, на гэты раз у якасці двайных агентаў. Тызенгаўзу маніць, што ў канфедэратаў толькі шпегавалі, потым канфедэрацкаму гетману дакладаць пра таемныя справы кароны… Заміж таго, каб сумленна шабляй махаць! От патрапілі ў ваўчыную яму, хоць вый… Пранціш скасавурыўся на Лёдніка — той стаяў занадта выпрастаны і занадта збялелы — і рашуча звярнуўся да князя:
— Ваша княская мосць, пан Баўтрамей паранены. Яму трэба хоць некалькі дзён адляжацца.
Бутрым паслаў Пранцішу адзін са сваіх злючых позіркаў, але Багінскі да таго моманту ўжо страціў усю энергію, нібыта раскруцілася спружына ў васковай ляльцы, і паблажліва махнуў рукой.
— Шавец без ботаў, лекар без здароўя. Лячы свайго былога халопа.
Князя прыцягвала арфа, як шкаляра — велікодная булка. Мусіць, толькі й чакаў вярнуцца да перапыненага працэсу сачынення чарговай оперы.
— Вось цікава, а я чула, што пан Лёднік быў надзвычай прыязна прыняты пры двары расейскай імператрыцы, — раптам пачуўся таненькі млявы галасок.
Мадам д’Асэ вырашыла ўмяшацца ў гутарку і нават стала па левую руку ад крэсла князя. Спадніцы пані пагойдваліся, нібыта на хвалях плыў шаўковы намёт.
— Я ўсяго толькі быў прывезены ў палац на адзін вечар, каб удзельнічаць у разглядзе важнай палітычнай справы, вашамосць, — суха прамовіў Лёднік.
Пранціш выдатна памятаў той вечар. Арыштаванага прафесара Віленскага ўніверсітэта Лёдніка, які нават пад катаваннем не прызнаўся, што ягоныя студэнты ўдзельнічалі ў закалоце супраць кароны, прывезлі ў Санкт-Пецярбург на дазнанне. Царыца не паверыла, што адзін чалавек мог стрымаць пасланы арыштоўваць змоўшчыкаў атрад, і Бутрыму давялося з шабляй у руках, на пацеху прыдворным, даказваць сваё фехтавальнае майстэрства. Чым вельмі ўразіў імператрыцу, якая дужа любіла мужчын баявітых ды небяспечных. Лёдніку ўдалося пераканаць уладарку не чапаць акадэмію, але застацца пры двары ён наадрэз адмовіўся, як і ад ролі часовага фаварыта, і быў зараз жа высланы з расейскай сталіцы напалоханым магчымай канкурэнцыяй каханкам Кацярыны Грыгорыем Арловым.
Бутрым свае прыгоды ў царскім палацы згадваць адмаўляўся, але чуткі пайшлі, як кругі ад жабы, што скочыла ў сажалку. Вось і д’Асэ абмярала Чорнага Доктара цікаўным позіркам цёмных, як спелыя вішні, вачэй, і відавочна вышуквала, што ж у гэтым змрочным хударлявым тыпусе ёсць такога прывабнага, што й імператарскую асобу змагло зацікавіць. Ну і, напэўна, прыкідвала, як можна выкарыстаць новую і вельмі незвычайную фігуру ў сваёй шпіёнскай гульні. Лёднік рабіў выгляд, што не заўважае пільнай увагі красунькі, затое князь адразу ж зноў уз’ятрыўся і не папусціў прынізіць нявартага суперніка.
— Вось гляджу я на цябе, Бутрым, і дзіўлюся. Якая ж ты нікчымнасць. Усё табе ў рукі давалася. Мог быць цяпер генералам, можа, нават канцлерам, змясціўшы Паніна, ну хаця б прыдворным доктарам. А заміж таго стаіш перада мной, пабіты, з літасці маёй жывы, у адзенні майго слугі. І нават падораную табе на памяць манархіняй бясцэнную святыню ты, дурны халоп, аддаў, як непатрэбную анучу… Хаця й правільна — не ў тваіх рабскіх руках яна павінна знаходзіцца, а ў чалавека высакароднага, які ведае цану падарунку імператрыцы!
Князя ажно распірала ад ганарлівага задавальнення, як бочачку з перастаялым півам.
— Вашамосць атрымаў у абмен на нашы жыцці карону святога Альфрэда? — ветліва папытаўся здагадлівы Лёднік.
Вось нечаканы паварот…
— Не твая справа! — раздражнёна крыкнуў князь, аж мяккі твар затросся.
Затое ягоная каханка напружылася, падабралася, як ласка перад тым, як кінуцца на птушаня. Та-ак, Бутрым, падобна, зноў князю напаскудзіў, выкрыўшы, што той валодае рэччу, за якой палююць вельмі небяспечныя асобы.
А Пранціш з прыкрасцю адзначыў, што і цяпер, падобна, Раіна пастаралася… Карону святога Альфрэда, якую Кацярына Другая падарыла на памяць Баўтрамею Лёдніку, той аддаў, каб выкупіць Раіну Міхалішыўну ў яе гаспадара, вандроўнага мага і шалбера Батысты. На рэліквію палявалі езуіты, рэліквію хацеў залучыць сабе князь Багінскі, і крывавы след усё пашыраўся за артэфактам дванаццатага стагоддзя. Ніхто, акрамя Раіны, не мог выманіць рэліквію ў Батысты, бо сам вандроўны маг не ахвяраваўся б, а хутчэй пясочкам магілы Лёдніка ды Вырвіча прысыпаў бы ды зверху тарантэлу станчыў.
— Пайшлі прэч! Каб праз тры дні выпраўляліся ў Тураў. Я даў слова захаваць вашы жыцці і здароўе, але захоўваць іх я магу і ў вязніцы.
Д’Асэ з міла-драпежнай усмешкай прысоўвалася да Багінскага, і было зразумела, не супакоіцца, пакуль з князя не вытрасе ўсё пра карону.
Вось цяпер ясна, чаму з арыштаванымі абыходзіліся ветліва, апранулі, накармілі, зброю вярнулі… Усё ў аплату за рэліквію! Засталося знайсці месца для таго, каб дні са тры адпачыць.
А з гэтым у маленькім мястэчку былі праблемы. Паўтары сотні хат, у рэшата можна згрэбці, а на пастой з’явіўся полк у дзвесце шабляў. Нарэшце адзін месціч, задумлівы мужык з такімі доўгімі пшанічнымі вусамі, што маглі дастаць да дна куфля з півам, параіў зайсці ў апошні дом на Татарскім канцы, які належаў нейкай Маланцы Гарабурдовай. Дом дыхтоўны, але не заняты, бо там нейкая паскудная хвароба, магчыма, тыфус, магчыма, чума, а жаўнеры ў час зацішша паміж бойкамі людзі прымхлівыя, заразы баяцца больш, чым кулі.
У кампаніі доктара Лёдніка заразы баяцца аніяк не выпадала, і парачка толькі што завербаваных шпегаў пашыбавала туды.
Строгая пані Гарабурдова, у чорным капоце і каптуры, як відаць, шаноўная ўдава, гасцям узрадавалася. Вылучыла ім асобны пакойчык, дзе былі не сеннікі, а два прыстойныя тапчаны і мажны камод на прыгнутых ножках, нібыта прадмет мэблі прысеў у багавейлівым рэверансе. І плату ўзяла паблажлівую. Радасць пані вытлумачылася хутка: варта было абодвум шпегам упасці на тапчанчыкі, за сцяной пачуўся такі пакутлівы, надрыўны кашаль, што Вырвічу стала непамысна. Зразумела, чаму іншыя пастаяльцы адразу заварочвалі адсюль. А Лёднік, вядома, пацёгся да гаспадыні прапаноўваць лекарскія паслугі.
Але пані Гарабурдова прадказальна вырашыла, што госці ў прэтэнзіі, і пачала запэўніваць, што ніякай заразы няма, проста адзін праезджы застудзіўся, але добра лечыцца, у дактароў быў, і ўсе лекі мае. І найперш хворы хоча, каб яго не турбавалі і не ведалі ягонага імя. А паколькі заплаціў шчодра, як бы сам кароль, дык і заслугоўвае, каб ягоныя просьбы шанавалі. А што чуткі ходзяць пра заразу — дык гэта назнарок кемная гаспадыня распускае, каб п’яныя ўланы на дарэмшчыну не засяліліся. Хіба па-хрысціянску — хворых цурацца, вунь Францыск Асізскі нават да пракажоных хадзіў. А прыслуга няшчаснага хворага ўцякла, кінуўшы яго ў бядотным стане на самоце. Але пані Гарабурдова сама шчодрага госця даглядае і спакой ягоны і… як гэта… ін-ког-ні-та беражэ непахісна.
Што ж, Лёдніку і самому патрэбная была дапамога. Калі ён задраў кашулю, выявілася, што доктарскі бок нагадвае карціну ў ягонай жа жывапіснай манеры. Колеры пераліваліся ад цёмна-фіялетавага да пяшчотна-сіняга. Здабыты ў гаспадыні драўляны алей, хлеб з плесняй, мёд, дзёгаць, шчопаць ладану ды іншыя рэчывы былі змяшаныя ў адмысловы бальзам аўтарства прафесара Лёдніка і шчодра намазаныя на ягоныя няшчасныя скабы.
Ноччу сон Пранціша час ад часу перарываўся тым самым пакутлівым кашлем за сцяной, толькі прыглушаным, быццам хворы перхаў у падушку, каб нікога не трывожыць.
А на раніцу — дакладней, у той час, калі падпітыя ўчора шляхціцы паспелі ўжо прадраць вочы і прагнаць смагу першымі глыткамі добрага піва альбо й слівавіцы, у дзверы Гарабурдзіхі закалацілі, нібы са звесткай пра канец свету.
Але, прынамсі, звестуны Армагедона выглядалі б больш самавіта, чым гэтыя. Зброд, навербаваны абы-дзе, вечныя найміты вайны, якім усё роўна, пад якім сцягам забіваць ды чым атрымліваць плату — талерамі, франкамі, кронамі, фунтамі, рублямі… Наколькі можна было зразумець, атрад наймітаў толькі што заявіўся папоўніць войска канфедэратаў, і ім таксама хацелася даху над галавой і лаўкі пад азадкам, каб распіць на той лаўцы, магчыма, свой апошні куфаль. Такім ганчакам смерці — абадраным, ганарыстым, з пустымі шалёнымі вачыма — няма чаго губляць і няма чаго баяцца. Ім, вядома, распавялі, што ў доме надта хворы, ад якога можна заразіцца. Пакажыце ж тую падлу, з-за якой сумленным жаўнерам няма дзе пасяліцца. Калі ён усё роўна памрэ, дык адпраўце ў камору альбо на гарышча… Па мніхаў пашліце, каб у манастыр завезлі дзеля хрысціянскай канчыны.
Лямант гаспадыні, падтрыманы віскам ейнай прыслугі, узлятаў да нябесных сфер, але тыя сферы, згодна Піфагора, і самі спяваюць ды лямантуюць. А гіцалі ўжо ўламіліся ў дом шаноўнай удавы і бясчынствавалі ля дзвярэй, з-за якіх даносіўся прыглушаны кашаль. Вырвіч не вытрымаў.
— Гэты дом заняты, панове! Тут пасяліліся два шляхціцы. Шукайце сабе жытло ў іншым месцы.
Жаўнер у насунутай на самае вока шыкоўнай шапцы з сабалінай аздобай і вялізным дыяментавым гузам, велікаватай яму, якая да таго ж недарэчна спалучалася з пашарпаным жупаном з бумазеі — ясна, што ваенны трафей, ашчэрыўся:
— Я сам шляхціц, вашамосць! З роду Гасціловічаў герба Далега, і нікому не дазволю абражаць сябе і сваіх паноў-братоў, з якімі на полі бойкі з’ядналіся! Не ведаю васпана і ведаць не хачу, і месца сабе здабуду сумленнай сваёй шабляй!
Кампанія зараўла, вочы загарэліся, як у ваўкоў, і штосьці тлумачыць ім было бескарысна. Самотны шляхціц у форме простага ўлана здаваўся ім лёгкай здабычай. Не засекчы — дык пацешыцца, фанабэрыю з чужынца збіць… Яны ж не ведалі, што Вырвіч меў досвед не толькі афіцэра драгунаў, але й настаўніка фехтавання. Вось толькі і прыхадні не былі шараговымі жаўнерамі… Гарабурдзіха лямантавала, шаблі звінелі, і Вырвіч, угневаны дарэшты, не збіраўся нікога шкадаваць. Вось ужо адзін, з пабітым воспай злым тварам, заціскае рану на перадплеччы…
Пралітая кроў не ахаладзіла, а толькі разгарачыла, як дармовая гарэлка.
— Бі! Сячы! Г-га! Г-га!
Напэўна, калідор перад дзвярыма, за якімі ўсё гучней нехта перхаў, ператварыўся б у залітую крывёй і заваленую целамі рознай ступені цэласнасці разніцу, але грымнуў нізкі вокліч:
— Ці-ха! Панства не можа дацярпець да поля бою? Трэба ў дамах мірных жыхароў сечы ўчыняць? Пад трыбунал захацелі?
Бойка на хвілю сунялася. Было чаго. Бо Лёднік, у кашулі навыпуск і накінутым на плечы жупане, выглядаў дакладна як адзін з чатырох вершнікаў Армагедона. Высокі, напяты, рука цвёрда сціскае шаблю, чорныя патлы звісаюць на плечы, на збялелым худым твары запалыя ад стомы цёмныя вочы, драпежны доўгі нос, вусны крывяцца жорсткай усмешкай… Дакладна не марцыпанамі пачастуе.
— Бі!
Найміты, здаецца, забыліся ўжо, з-за чаго пачалася бойка, і хацелі проста яшчэ трохі п’янкога напою з чужой смерці і болю, як бандзюкі-лестрыгоны, што шпурлялі абломкі скал у Адысееў карабель… Ну, атрымайце! Шабля Пранціша ўпілася зноў у чужое цела. Але доктар уладна схапіў Вырвіча за плячук:
— Адыдзіся! Заб’еш каго, зноў арыштуюць.
Скінуў жупан і ірвануўся наперад, арудуючы плазам шаблі, выкручваючы рукі так, што зброя адразу з абражаным звонам падала на падлогу… Круціўся, ажно шабля свістала, а голай рукой адштурхоўваў абяззброеных так, што здавалася, штурхае разгайданы звон. А калі адзін з нападнікаў адляцеў проста ад скіраванай у яго на адлегласці далані Лёдніка — а Бутрым доўга вучыўся такому ўдару ў знаёмага кітайца, — нязваныя госці ўсвядомілі: штось творыцца нязвыклае.
— Вядзьмак, пане-браце! — зароў хтось з абяззброеных і аглушаных аматараў чужога жытла. — З нячысцікам не звадзімося!
— Ды хай згарыць гэты кляты дом! — прастагнаў другі пад развітальны выспятак ад Вырвіча.
Калі дом апусцеў, Лёднік сагнуўся ад болю, трымаючыся рукой за бок, на лбе праступілі кроплі поту. Падлячыўся, называецца.
— Вось ён, сапраўдны твар вайны… — прасіпеў скрозь зубы.
З-за дзвярэй пачуўся пакутлівы кашаль… А дзверы ж прыадчыненыя! Тыя гіцалі амаль іх выламалі. Вырвіч асцярожна штурхануў пашчапаную створку…
— Прашу вас, не глядзіце!
Раіна Міхалішыўна захінала аблічча тонкімі рукамі, больш падобнымі да абцягнутых костак. Голас непазнавальна змяніўся, хрыплы, сіпаты, ціхі, як травінка. І хто б мог падумаць, што такі страшны, глыбокі кашаль спараджаюць грудзі кволай маладой кабеты!
Лёднік, быццам і не здзівіўся, прысеў на край ложка, асцярожна ўзяўся за худую руку, што закрывала твар, намацаў пульс.
— Я ж папярэджваў вас, Раіна, — заставайцеся ў мяккім клімаце… Горы, кіпарысавы лес…
Пранціш з жахам глядзеў на тую, каго збіраўся назваць жонкай. І з цяжкасцю пазнаваў у гэтым змучаным стварэнні егіпецкую прынцэсу Семпенсентру, яна ж графіня Серафіна, што вытанцоўвала на гарачых вуголлях ды чаравала вогненнымі позіркамі. Вочы запалі і нібы выцвілі, русявыя валасы зліпліся ад поту… Попел, пыл і павута… Вось-вось адляціць матылёк, пакідаючы срэбны пылок ад крылаў на грубых пальцах нядаўняга шчаслівага паляўнічага.
Вырвіч раптам усвядоміў, пра што калісьці спрачаўся Скарамуш з дэ Вардам, калі аглядаў важную пацыентку. Барон не даў вучонаму рабу ўстурбаваць яе безнадзейным дыягназам і паспяшаўся справадзіць да Месмера. Няхай той адказвае, калі што…
— Чаму вы абое не сказалі мне?
Голас Лёдніка быў змрочны, але спакойны:
— Таму што спадарыня Раіна не хацела, каб вы, пан Вырвіч, ведалі, што ёй нядоўга засталося. І я спадзяюся, што васпан не распачне зараз дакоры ды пафасныя крыўды.
Раіна закашлялася, і Пранціш проста зайшоўся ад жалю і жаху, назіраючы, як выгінаецца яе худое цела, напружваюцца жылы на шыі… Лёднік дапамог кабеце адпіць адвару і мякка прамовіў:
— У мяне няма з сабою лекаў, але я мог бы і без іх паспрабаваць зменшыць боль… Рукамі. Я… магу, вы ж ведаеце, Раіна.
Бутрым і праўда ўмеў рабіць адмысловы масаж, які некаторыя лічылі чараўніцтвам. Але Раіна толькі ўсміхнулася збялелымі вуснамі і прашаптала:
— Дзякую, пан Баўтрамей… Але боль — гэта часам… добра. Ён нагадвае, што ты яшчэ жывы…
Пранціш не вытрымаў і штурхануў доктара:
— Чаго сядзіш? Я здабуду табе любыя інгрэдыенты, толькі спіс складзі. Давай, ідзі, пачынай варыць мікстуры, тынктуры! Бачыш, ёй кепска!
Але той не зрушыўся з месца, горыч і стома гучалі ў голасе.
— Доктар — усяго толькі чалавек, пан Вырвіч. Павер, каб хоць найменшы шанец…
Што ён гародзіць? Лекар, які столькі разоў са смяротнага ложка людзей падымаў! Заміж каб лячыць, нешта хворай расказвае пра іх з Вырвічам прыгоды, нібыта супакойвае напалоханае начніцамі дзіця.
— А адкуль у вас, Раіна, апынулася карона Святога Альфрэда? Вы спаткаліся з Батыстам?
Раіна, слухаючы Лёдніка, не адводзіла вачэй ад Вырвіча, сумных такіх, спакойных вачэй, якія заглядалі ўжо крыху далей, чым дазволена зямному воку, і Пранцішу хацелася раўці. Усё, што ён мог, — трымаць Раіну за руку, а якія ж халодныя пальцы, і даваць сабе слова быць хоць цяпер з ёю да канца.
— Я тады прыехала за вамі ў Францыю. Вы былі ў Ліёне, але зарабіць дастаткова грошай і заняць нейкае пэўнае становішча мне выпаў шанец у Парыжы, — пачала распавядаць Міхалішыўна слабым голасам, перарываючыся на кашаль. — Вядома, пашанцавала не адразу. Даводзілася і ў балагане па дроце хадзіць, і па вуліцах з жанглёрамі… Аднойчы так застудзілася, што ўсе застарэлыя болькі й праявіліся, і я зразумела — пакацілася кола з адхону… Нядоўга мне тузацца на вяровачцы лёсу. На вуліцы й пазнала мяне Мары, сяброўка-актрыса — мы пазнаёміліся з ёй у Версалі, дзе Батыста праводзіў сеанс магіі. Запрасіла ў Камедзі Франсэз. На жаль, голас я тады ўжо амаль страціла, спяваць не магла, а іграць у спектаклях хоць субрэтак, ды танчыць — чаму не? Аднойчы ў мой пакой у пансіёне пастукаліся і аб’явілі, што па мяне прыехаў мой муж. Прызнацца, я падумала… — Раіна адвяла вочы, на запалых бледных шчоках загарэліся дзве ружовыя плямы, і Вырвіч зразумеў, што тады яна вырашыла, быццам гэта ён, ліцвінскі драгун, знайшоў збеглую нявесту.
— Але гэта аказаўся Батыста, — горка зазначыла колішняя асістэнтка мага. — У яго ж былі выпраўленыя калісьці фальшывыя дакументы аб нашым шлюбе. Закон аказаўся на ягоным баку. Мяне маглі пасадзіць у турму за адмову суправаджаць мужа. Луіджы распавёў, што карону святога Альфрэда ў Францыі выгадна прыстроіць не ўдалося, караля цікавілі больш спакусныя рэчы, чым пазбаўлены каштоўных каменняў пагнуты залаты абруч. І мой уладальнік збіраўся, як вы яму раілі, адпраўляцца ў Ангельшчыну, адкуль карона й была ў свой час скрадзеная. Ангельцы, маўляў, шануюць традыцыі, кароль Георг дакладна захоча вярнуць рэліквію ў каралеўскую скарбніцу! Мая воля да ўвагі не бралася, Луіджы замкнуў мяне ў пакоі і запэўніў, што на раніцу забярэ з сабой. Але ноччу па яго самога прыйшлі. Раніцай прыслуга знайшла яго мёртвым. Не варта было гандляваць святой рэччу, ды яшчэ ў езуітаў скрадзенай…
— Напэўна, езуіты і пастараліся? — удакладніў Пранціш.
Раіна пацвердзіла:
— Думаю, яны… Бо Луіджы быў атручаны. Мясцовы доктар запэўніў, што мой так званы муж памёр ад сардэчнай хваробы, ніякіх прыкмет гвалтоўнай смерці… Але Батыста ў свой час навучыў мяне добра разбірацца ў атрутах. Ціхая хуткая смерць за пісьмовым сталом, на якім застаўся пусты келіх… Думаю, Луіджы пашанцавала. Ён усё жыццё баяўся памерці ў вязніцы.
Вырвіч падумаў, што злыдзень не дарэмна баяўся. Злачынстваў на рахунку вандроўнага мага хапала.
— Ён хоць не паспеў табе нашкодзіць пры сустрэчы? — з горыччу папытаўся Вырвіч, памятаючы, як Раіна ўвесь час прыпудрывала сінякі — вандроўны маг выхоўваў дзёрзкую рабыню, выкупленую ў Слуцкім тэатры.
Пальцы актрысы ўздрыгнулі.
— Якая цяпер розніца… Затое сваёй смерцю ён учыніў мне нечаканае дабрадзейства. Я засталася шаноўнай удавой. Да таго ж, вельмі багатай удавой.
Дык вось адкуль у Раіны былі грошы! Краем вока Вырвіч заўважыў, што Лёднік далікатна выйшаў з пакоя. Вырашыў даць развітацца маладым… Але Вырвіч усё яшчэ не мог паверыць, што дайшло да развітання. Зараз Бутрым вернецца з самымі надзейнымі лекамі!
— А як жа езуіты дазволілі табе ўспадчыніць карону святога Альфрэда? — пацікавіўся Пранціш, перачакаўшы чарговы прыступ пакутлівага кашлю ў хворай.
— Зразумела, забойцы ўсе рэчы Батысты ператрэслі, але кароны не знайшлі. У нас жа было шмат абсталявання для фокусаў, ніводзін куфар не без двайнога дна, люстраныя скрыні, магічныя шары. Праз год я й знайшла выпадкова ў адным з тайнікоў прыхаваную карону… Вось і прыдалася яна. Як жа я рада, што змагла яшчэ раз хоць трохі вам дапамагчы! Наастачу…
Пранціш пагладзіў худую руку.
— Ты яшчэ не раз дапаможаш мне… Анёл мой…
Светла-зялёныя вочы, бліскучыя ад ліхаманкі, прыплюшчыліся.
— Наўрад, пан Пранціш, можна назваць мяне анёлам… Але, спадзяюся, што й у бесцялесным стане я змагу пільнаваць ды спрошчваць вашыя шляхі.
Вырвіч сціснуў танюткія пальцы, як прахалодныя сцяблінкі веснавых кветак.
— Не кажы так!
— Ды што ж ужо займацца ілюзіямі ды сімваламі! — квола ўсміхнулася егіпецкая прынцэса. — Такі закон сцэны… Я — персанаж, які адыграў сваю ролю і мусіць сысці, каб саступіць месца іншаму персанажу. Больш цікаваму, якому аўтар адвёў важную ролю.
Пранціш страсянуў русявым чубам.
— Ды я б такога аўтара… Няздара! Што ж гэта за п’еса? Цяпер самы час для шчаслівага завяршэння. Разлучаныя закаханыя спаткаліся, праверылі пачуцці… І надалей павінны быць разам.
З вачэй Міхалішыўны праменілася мяккае светла-зялёнае святло.
— Гэта п’еса іншага жанру, дарагі пан Франтасій. Наш з вамі аўтар пайшоў вельмі банальным шляхам, выпісваючы слязлівую сцэну ў спачывальні. Збеглая нявеста памірае на руках жаніха… П’еса для чуллівых пакаёвак, якія вымачаць у саплях ды слязах усе батыставыя хусткі.
Вырвіч мімаволі пасміхнуўся.
— Гэта кепскі аўтар, Раіна. Трэба павучыць яго драматургіі.
— Позна…
Як жа яна на яго глядзела — з такім замілаваннем, з такой любасцю і адданасцю кабета не павінна пазіраць на мужчыну…
— Вас чакае іншая дзея, з іншымі персанажамі, дарагі пан Вырвіч, і другім, шчаслівым, фіналам, як і мусіць у авантурна-прыгодніцкім рамане. А мне дазвольце адкланяцца… Я чую апладысменты ў зале. І вуголлі пад маімі нагамі ўсё разгараюцца…
Дзесьці на вуліцы загарлалі п’яныя жаўнеры, завішчэла нейкая дзеўка… Нястройныя галасы завялі ваярскую песню:
Падымалісь чорны хмары,
неба пакрывалі,
Прыхадзілі злы татары
ды пад Крычаў сталі,
Запалілі стары Крычаў,
вежы запалалі.
Стары Крычаў падымаўся,
людзі ў рады сталі.
Але Вырвіч заўважаў толькі, як часта і слаба калоціцца сэрца ў ягонага няспраўджанага лёсу. І проста каб пагаварыць пра штось іншае, запытаўся:
— А што там у Тураве, не ведаеш? Навошта князь Багінскі нас туды пасылае?
Спытаўся — і зараз жа пашкадаваў, таму што хворая ўсхвалявалася, заперхалася, закруцілася і не адразу змагла выціснуць з сябе:
— Я дамовілася з князем толькі пра тое, што ён адпусціць вас узамен за карону і не будзе ўчыняць ніякай шкоды! Ён слова даў! Не ўблытвайцеся, пан Вырвіч, у новыя авантуры! З’язджайце як мага далей, у спакойнае месца!
Значыць, зноў магнаты маленькімі людзьмі гуляюцца… А спакойнае месца — дзе яно? На востраве Агігія, дзе Юпітэр трымае ў палоне ўласнага бацьку Сатурна, альбо на востраве Авалон, дзе лечыць свае вечныя раны кароль Артур, альбо на Белым востраве, які замест высахлага мора абкружае пустыня Гобі? Як жа хочацца часам апынуцца на такім востраве, дзе няма смутку і нуды, вайны і хваробы, а харчавацца можна вялізнымі арэхамі, што валяцца проста на галаву… Праўда, можна апынуцца і на востраве злой чараўніцы Кіркі, што ператварае падарожных у свіней… Затое як ім спакойна ды сытна жывецца! Нейкі час…
Вярнуўся Лёднік, з дзвюма шаблямі. Буркатнуў, што зноў бэйбусы ламіліся ў дом, давялося праганяць. Прынёс Раіне новы адвар… Але не валодаў той адвар уласцівасцямі філасофскага каменя і не мог адабраць у смерці тое, што ўжо належала ёй.
І ўсё гэта было так сумна, што нават Сафокл, майстар трагедый, калі б узяўся апісваць, дык ператварыў бы ўсіх для надання аптымізму ў антычных багоў, і гераіня стала б дачкой не крычаўскага збройніка-паўстанца, а якогась алімпійскага каваля Гефеста, і ператварылася на вачах каханага ў кветку альбо птушку, ці яшчэ лепей — зрабілася б сузор’ем. І праз колькі год вучоны доктар Баўтрамей Лёднік, папіваючы гарбату ў альтанцы ўласнага маёнтка, важна паказваў бы гэтае сузор’е госцю, свайму былому вучню пану Франтасію Вырвічу, гетману альбо палкоўніку…
Але на беларускай зямлі любая антычная трагедыя выглядае бляклай, як нарэзаная з фольгі мішура леташняга карнавалу, і гэтак жа няздольная прыкрасіць несправядлівую гісторыю.
А потым, калі яны вярнуліся з беднай вясковай цэркаўкі — трэба было заплаціць святару за адпяванне, і ў роце стаяў яшчэ палыновы прысмак гарэлкі, адсёрбнутай над свежым насыпам на бедных сельскіх могілках, ля ганка іх пераняў вялізны белавалосы чалавек, вочы якога свяціліся то бяздонна-чорным, то чырвоным, а вусы былі агідна светлымі, як у пацука.
— Граф Пянткоўскі да вашых паслуг, спадарства! — насмешным гучным голасам прамовіў чалавек. — Нешта не бачу радасці ад сустрэчы на абліччах сваіх старых сяброў!
— Герман Ватман! — скрозь зубы прагаварыў Лёднік і схапіўся за шаблю.
Граф не варухнуўся, толькі ўсмешка на ягоным спаласаваным шнарамі твары сталася яшчэ шырэй. Як у папуаса, які прымае ў гасцях смачнага ангельскага місіянера.
— Ты ж, здаецца, баронам быў…
— Цяпер я яшчэ і граф. Да кучы, — Ватман па-блазенску пакланіўся. — У апошнюю нашу сустрэчу ты, доктар, быў куды болей кемлівы. Нават забіваў мяне нейкім адмысловым чынам… Голай рукой, не дакранаючыся…
— Відаць, я кепска засвоіў гэты адмысловы чын! — Лёдніка аж калаціла ад нянавісці і трывогі, а ягоны пагляд змушаў успомніць легенду пра тое, што Піфагор спыняў позіркам статак шалёных быкоў.
— Мяне не так проста забіць, — меланхалічна прагаварыў Герман Ватман. — Si modo vera fatemur[18], можа, мяне ўвогуле нельга забіць, і я дажыву свой век, як гэткі скурчавелы дуб, пакуль сам па сабе не спарахнею. І чаго ты трасешся, доктар, ажно шабелька з ножнаў выскоквае? І ты, драгун, вачыма не бліскай, іскры з мяне позіркам не высечаш. Я — найміт. Самы лепшы найміт для самых багатых уладароў. Цяпер мне заплацілі, каб я ехаў з вамі двума ў Тураў — зусім як у старыя добрыя часы, праўда? Разнюхаеце, што там Тызенгаўз хавае, і па што Гагарын прыпёрся, а я вас дапільную, каб дачасна не ляснуліся альбо не ўцяклі. А потым можаце паспрабаваць мяне яшчэ раз забіць.
Вясна ціха ўсхліпвала першымі ручаінамі, што ніяк не маглі выбрацца з-пад кары шэрага снегу.
— Няўжо князь Багінскі думае, што мы паедзем кудысь з васпанам? — Пранціша, вочы якога і так гарэлі ад пралітых слёз, ажно перасмыкала ад аднаго пагляду на абыякавае аблічча волата, які ўжо не раз падчас такіх вось магнацкіх даручэнняў спрабаваў ад нядаўніх паплечнікаў пазбавіцца, а жонку Бутрыма, узятую ў закладніцы, аднойчы згвалціў.
Ватман лена агледзеў панылыя краявіды Янава, асобна затрымаўшыся паглядам на шэрай хмарцы, якая заплёўвала халоднымі дробнымі кроплямі ягоны шыкоўны капялюш з чорнай замшы, абшытай срэбнай тасьмой, з вялікім смарагдам на спражцы.
— А будзеце ірвацца са сваіх нітак, дарагія мае балванчыкі, дык балаган належыць не вам. Полацак пад рукою гетмана польнага Аляксандра Сапегі, які толькі што даў згоду далучыцца да барскай канфедэрацыі, і сям’і здрадніка небяспечна ў гэтым горадзе заставацца.
Лёднік збялеў, учуўшы нежартоўную пагрозу Саламеі і дзецям.
— Ды не пераймайся ты, лекар, — Ватман, здавалася, гатовы быў паляпаць Чорнага Доктара па плячы, каб не ведаў, што пры гэтым канкрэтна рызыкуе ўпадобіцца аднарукаму спартанцу Муцыю Сцэволе альбо гэткаму ж аднарукаму гішпанцу Сервантэсу. — Я ўмею рабіць сваю працу. Таму пакуль яе не зробім — табе й твайму сябруку нічога не пагражае. А потым… — у вачах волата запалілася барвовае неба Рагнарок, апошняй бітвы сусвету, — а потым я цябе заб’ю.