Самым лепшым мячом кітайцы лічаць той, што выплаўлены з сэрца і нырак зайца, які харчуецца металам у гарах Куньлунь.
Не хацеў бы Пранціш Вырвіч спаткацца з тым зайцам, Паядальнікам Металу.
Прынамсі, меч князя Глеба быў выкаваны з самага звычайнага жалеза, здабытага дзесь непадалёк, і тутэйшым кавалём. Яшчэ ў тыя часы, калі каваль лічыўся жрацом бога агню Жыжаля, практычна ведзьмаком, які можа загадваць цмоку і злавіць за язык Бабу-Югу.
Былы прафесар Віленскай акадэміі Баўтрамей Лёднік глядзеў на сваю новую зброю, як пражскі раві Бен Бецалель на Галема, што ніяк не хоча ажываць. Ён паспрабаваў ужо вытварыць з мячом князя Глеба свае звыклыя практыкаванні, вынік адлюстроўваўся на ягоным твары. Князь Глеб ціха змагаўся з ікоткай пад тоўстым слоем менскага замчышча.
Пранціш сам узяўся за двуручнік… І хутка з раздражненнем кінуў на падлогу двухметровую жалезную паласу: рукі нылі, у галаве быццам узрываліся нясвіжскія феерверкі.
— Ды што за нязграбная калаціна! Думаю, ім і не ваявалі толкам — а выкарыстоўвалі для якіх-небудзь цырыманіялаў, альбо людзей адным выглядам адпалохвалі. Баланс пасярэдзіне ляза сустракаў — але тут у ім сэнсу няма!
Лёднік, сціснуўшы зубы, зноў падняў цяжэнны меч, крутануў ім у паветры — выглядала сапраўды застрашліва. У пакоі, хоць пустым, малавата месца было для такіх замахаў.
— Што ж, за чатыры дні дужэйшым за Ватмана я стаць не змагу, але хаця б нейкія прыёмы прыдумаю, зразумею, як найлепей з гэтай штуковінай упраўляцца… — мармытаў доктар, кусаючы тонкія вусны.
Уздыхнуў, уклаў спадчыну князя Глеба на лаўку, як п’янога сябрука — не кінуў на падлогу, сапраўдны ваяр заўсёды паважае сваю зброю.
— Ведаеш, мне гэты меч нагадвае адну кнігу… Калі я вучыўся ў Празе, у Карлавым універсітэце, амаль не выходзіў з тамтэйшай бібліятэкі — Клеменціюма. Дык вось, там захоўваецца «Кодэкс гігас», альбо «Біблія д’ябла». Цяжэнная таміна, надрукаваная на аслінай скуры, у вокладцы з дрэва. Пяць пудоў вагі! Я так марыў яе вывучыць… А нас, студыёзусаў, не дапускалі. Бо там шмат малюнкаў чарцей ды іншай нячыстай сілы. І, ведаеш, я тую Біблію аднойчы скраў. Ненадоўга. Завалок ноччу на гарышча канвенту — сам не разумею, як. Ледзь не падарваўся… Праз тыдзень на месца падкінуў. Вядома, погаласка пайшла, што сам Люцыпар падазроны том чытаў, дык кнігу ланцугамі прыкавалі.
Та-ак, Лёднік і ў юнацтве дзеля навукі кніжнай мог пяць пудоў панесці і таго не заўважыць.
— Для трэнінгу напарнік трэба, — задумліва прагаварыў Пранціш. — Паспрабую знайсці двуручнік…
— Табе яшчэ нельга моцна напружвацца! — устрывожыўся Бутрым. — Сам жа казаў, галава часам баліць.
— Ну, а ў мяне галава баліць толькі хіба ад гарэлкі! — у пакой уваходзіў пан Валенты Гараўскі, як заўсёды, вясёлы ды дабрадушны. — І двуручнік у мяне ёсць, цвайхандэр… Яшчэ з тых часоў, калі я служыў у войску ягамосці вялікага гетмана літоўскага Міхала Сервацы Вішнявецкага. Заўтра раніцай прывязуць з Капанічаў, так што ўспомню маладосць…
Вырвіч здзіўлена глядзеў на цесця. Пан Гараўскі ў яго аніяк не вязаўся з вайсковай славай ды фехтавальным майстэрствам. Пан Валенты ўсміхнуўся ў абвіслыя вусы.
— А што ж вы думалі, князёўна Багінская звязалася б з недарэкам, які не ўмее зброю трымаць ды на двубоях за сваю даму біцца? Я ў ягамосці Вішнявецкага гвардыяй камандаваў…
Пан Гараўскі ўздыхнуў, відаць, успомніўшы каханне ўсяго свайго жыцця, пані Антаніну, маці Дамінікі, і вельмі сур’ёзна зірнуў на Лёдніка.
— Хачу папрасіць прабачэння ў васпана. Там, на судзе, можна было лёгка прыціснуць паскудніка Ватмана. Я мог заявіць пра выкраданне ім сваёй дачкі. І… дзякую, пан Лёднік, што вы самі пра тое не згадалі, хаця магло б дапамагчы вам выратаваць жонку.
Лёднік паціснуў плячыма з неразуменнем.
— Мне і ў галаву такое не прыйшло, вашамосць. Паведамляць публічна, што перажыла панна Дамініка… Каб ёй давялося яшчэ ў суд ісці, сведчыць, на сваё добрае імя цень кідаць? Я б ніколі так не зрабіў, і Саламея таксама.
Гараўскі з палёгкай выдыхнуў, прыгладзіў вусы.
— Але ў любым разе двубой пана — і мая асабістая справа. Вашамосць не толькі за волю жонкі, але й за гонар маёй дачушкі адпомсціць. Таму вось што… Зараз ужо позна… Памаліцеся ды кладзіцеся спаць, пан Лёднік. Добра адпачніце, каб вярнуліся сілы. А заўтра з раніцы перабірайцеся да мяне разам з гэтым мячом. У нашым доме зручны дворык.
Дворык у доме, які зняў Гараўскі непадалёк ад Ніжняга рынку і дзе пасяліліся і Пранціш з Дамінікай, сапраўды быў вельмі зручны, абсаджаны з усіх бакоў яблынямі, з высокім плотам. Роўны лужок пасярэдзіне якраз для фехтавання.
Пан Гараўскі, вядома, быў не такі спрытны, як Лёднік ды Пранціш, але цяжкі меч трымаў цвёрда, круціў яго, як саломінку, хоць і крахтаў пра свае гады і страчаную моц. Прынамсі, ён мог прыняць на сваю зброю ўдар пудовага мяча, не прысеўшы ды не паваліўшыся, што Вырвічу, да яго сораму, не заўсёды ўдавалася.
А Лёднік сябе не шкадаваў. Прачынаўся засветла, шчыра маліўся, і давай за трэнінг… Адразу ганяў сябе без зброі, усялякую гімнастыку выконваючы — тое-сёе пераняў яшчэ ў Вільні, у знаёмага дзядка-кітайца Чунь Лі. Скакаў на сцены, круціўся ды выкручваўся, аж пакуль пот па спіне не пацячэ. Кашулю скіне, валасы ў хвост звяжа — і далей, як апантаны, аж прыслуга праз шчыліны ў дзвярах падглядае за шалёным панам. А пан той, хоць і доктар, кажуць, а схвастаны, як апошні разбойнік… Увесь у шнарах. Лепей з такім не звязвацца.
Людцы жагналіся ды разыходзіліся. А Лёднік браўся за меч і ішоў на двор… На гэты раз у кавалку жалеза для прафесара засяродзіўся цэнтр навуковага досведу.
Калі пан Гараўскі стамляўся скрыжоўваць лязо з прафесарам, яго ненадоўга падмяняў Пранціш. Цвайхандэр пана Валентага быў меншы, чым зброя князя Глеба, паўпуда важыў, мабыць, але таксама ў даўжыню вышэй за Пранціша. Так што доўга ім махаць у Вырвіча не атрымлівалася, тым больш не ачуняў яшчэ ад кулі ў галаве.
Каму сказаць, што ў тваёй галаве пабывала куля — падумаюць, што ты брахун, як той Пане Каханку, які ўсім хваліцца, што пакахаўся з русалкай марскою, і тая нараджала ад яго селядцоў.
Далучылі да трэнінгу яшчэ дваіх шляхцюкоў, што паздаравей, а Бутрыму ўсё мала. Хоць меч ад стомы з рук выпадае, а ўвечары трэба цягліцы адмысловым бальзамам мазаць ад перанапругі. У перапынках яшчэ й лупіў па спецыяльна ўкапаным слупе, нешта выпрабоўваючы, прыслухоўваючыся да сябе і да зброі… Ці змушаў Алеся кідаць у сябе яшчэ зялёныя яблыкі, якія адбіваў мячом так, што ўвесь дворык быў усеяны іх разрэзанымі палавінкамі.
І так пакуль не сцямнее. Каб не настойлівая пані Дамініка, і паесці забываўся б. Так што Вырвіч выгаворваць пачаў: адпачні, а то падарвешся, меч падняць не зможаш.
Але заміж таго, каб улегчыся ў ложак, Бутрым нават пры святле лямпы разглядаў маёмасць князя Глеба. Выстукваў, абмацваў… Здаецца, нават нейкімі расчыннямі сваімі правяраў. Які забабонны чалавек мог падумаць — зачароўвае.
На чацвёрты дзень, напрактыкаваўшыся ля слупа, паклікаў Пранціша:
— Як думаеш, настаўнік фехтавання, у якой пазіцыі можна лягчэй у бойцы гэты меч зламаць?
Вырвіч падумаў, падказаў на свой розум, як не варта падстаўляць лязо пад удар. Разам па-ўсялякаму спрабавалі высветліць, дзе слабейшыя месцы мяча. Ватман жа лупіць будзе, як бык у вароты. Усё-ткі не адно стагоддзе артэфакту, вышчарблены, цьмяны…
Вядома, навастрылі агульнымі намаганнямі лязо, каб аркуш паперы магло разрэзаць…
Колькі казак Пранціш чуў пра тое, як зачараваны меч уторкваюць у зямлю, а з яго вырастае альбо дрэва, альбо кветка, альбо цэлы лес густы, у якім можа схавацца герой са сваёй любай ад пагоні.
Каб жа мячы князя Глеба, ці каму яны там належалі, маглі прарасці каранямі ў менскую плошчу, каб не даць праліцца крыві!
У прызначаны для Божага суда дзень Лёднік, узяўшы сына, адправіўся на ранішнюю службу ў Жоўтую царкву, збудаваную калісь на грошы пані маршалковай Аўдоцці Друцкай-Горскай. Царква была колісь прыпісаная разам з манастыром да Віленскага Свята-Духава сабора, што падпарадкоўваўся Канстанцінопальскаму патрыярху, і была адзіным праваслаўным храмам, які застаўся дзейнічаць у горадзе. Вырвіч з жонкай і цесцем таксама пайшлі.
У заняпалым, з разбітымі шыбамі, але з таўшчэзнымі сценамі храме было нешматлюдна — некалькі манахаў ды з дзясятак старых месцічаў. Гараўскі пудовую свечку паставіў перад абразом арханёла Міхаіла, нябёснага ваяра. Абраз быў стары, пацямнелы, візантыйскага пісьма, і меч арханёльскі блішчэў на ім нечакана зыркім мазком.
Бутрым маліўся на каленях, засяроджана… Паспавядаўся, прычасціўся… Пранціш з усіх сілаў адганяў думку, што доктар як да смерці рыхтуецца. І цвёрда ведаў: здарыцца што з Бутрымам — ягоная чарга выклікаць злыдня на двубой. Таму паспавядаўся, не забыўшы сярод грахоў згадаць гняўлівасць, ды прычасціўся. Шляхціц штохвілі павінен быць гатовы да смерці. А хрысціянін павінен прабачаць ворага… І як гэта сумясціць — адзін Гасподзь ведае, ды не ўсіх уразумляе…
Пакінулі на храм, колькі маглі, бо мніхі дайшлі ўжо да таго, што міласціну на вуліцах прасілі.
Божы суд прызначылі на пляцы ля Ратушы — а што ж, усе паглядзець хочуць, а там лепш за ўсё відаць! Карнавал, балаган, ці смяротнае пакаранне… Абы відовішча.
Збеглася ўсё места. Карабейнікі, што насілі шаўковыя хусткі ды лазурытавыя пацеркі па Верхнім Горадзе. Гандляркі селядцамі з Ніжняга Рынку. Бакалейшчыкі з Францысканскай, юрысты з магістрата, рамізнікі ў насунутых на вочы шапках-магерках… Гарбары, рымары, цырульнікі, злотнікі… Мніхі-дамініканцы, мніхі-бернардзінцы, мніхі-францысканцы, мніхі-бенедыктынцы, базыльяне ды езуіты да кучы… Зямяне, мешчукі, жабракі… Жыхары Татарскага канца ды габрэі з Няміжскай… Шляхцюкі багатыя і не вельмі, з дыяментавымі гузамі на шапках і бутэлькамі ў руцэ… Да абурэння ксяндза Аблачынскага, які неаднойчы казані казаў на гэты конт, высакародныя гледачы як адзін паспелі падагрэць ужо сябе, хто гарэліцай, хто півам. Той-сёй дык проста на пляцы з біклагі пацягваў, каб не сумна чакалася. Сярод натоўпу шнырылі падазроныя ўвішныя персоны, ці кашалькі зразалі, ці прымалі стаўкі на таго, хто пераможа. Вялізны руды сабака, падобны да Піфагора, якога калісьці забілі найміты Ватмана ў віленскім доме Лёднікаў, пазяхаў, зусім як пабуджаны вартаўнік ля брамы на могілкі. Дзень чакаўся спякотны.
Ударыў звон на званіцы Марыінскага сабора, яму азваліся іншыя.
Ватман выйшаў, як рыцар на Грунвальдскую бойку. Сталёвыя латы-карацэна, кальчужныя пальчаткі, сталёвыя накаленнікі ды наручы. Закрыты шлем, падобны да рондаля, у вачніцах якога цямнелі бяздонныя прагалы вачэй, як у самой смерці.
Рыцара-суддзю можна было хоць зараз ставіць на пастамент і абвяшчаць помнікам.
Лёднік, у адрозненне ад Ватмана, не стаў грувасціць на сябе цяжкія латы. Казаў — лепш рызыкнуць, што параняць, чым яшчэ больш пазбаўляць сябе рухомасці. Апрануў толькі тонкую кальчугу, якую здабыў пан Гараўскі, ды лёгкі шлем з налобнікам. Пальчаткі з ласінай скуры, юфтавыя боты… У параўнанні з закаваным у загартаваны метал Ватманам Лёднік выглядаў зусім несур’ёзна, сапраўды — Давыд перад Галіяфам.
А вось і пані Саламея… У чорнай сукенцы, нібыта ўжо ўдава, і ў белым каптуры, танклявая, бледная, гожая… Нягледзячы ні на якія просьбы, мужу так і не дазволілі да яе падысці. Пані стаяла на прыступках ратушы, у атачэнні аховы, як рамонак сярод дзядоўніку.
Удаве пана Шмыгі таксама знайшлося ганаровае месца ля ратушы — але нізенькая кабета ў жалобным строі, здаецца, не надта цікавілася бойкай, якая аніяк не магла вярнуць ёй мужа. Хіба што адправіць кагось скласці яму кампанію ў завоблачнай карчомцы.
Бо ліцвінскі дробны шляхцюк і за воблакамі знойдзе сабе карчомку.
Ксёндз Аблачынскі памаліўся, згадаў пра тое, што перад Госпадам нічога не схаваецца. Намякнуў, што варта было б траціць сілы на служэнне Богу і Айчыне, а не на асабістыя разборкі, хопіць ужо шляхце буяніць, калі Айчына гіне. Але няхай здзейсніцца Божы суд.
Людзі нецярпліва пераступалі нагамі, паперхвалі, чакаючы канца казані… Нягледзячы на тое, што Ватмана не любілі, і пайшлі чуткі, што менавіта ён забіў вознага Шмыгу, каб адпомсціць кабеце, што дала яму калісь гарбуза, на волата пазіралі ўсё ж з захапленнем, а на Лёдніка з насмешкай ці шкадаваннем. Тым больш доктар трымаў меч апушчаным, амаль па зямлі валачыў, нібыта не было сіл прыўзняць. Пранціш ведаў гэтую манеру Бутрыма — ён заўсёды пачынаў бойку з падманліва расслабленай пазіцыі, трымаючы шаблю апушчанай… Так што праціўніка агаломшвала нечаканая імклівая атака.
На гэты раз першым кінуўся Ватман. Лёгка і хутка, як вялізныя вадзяныя пачвары рухаюцца ў хвалях. І здавалася, што ягоны ўдар рассек хударлявага суперніка напалам, аж у бруку застанецца выбоіна.
Але лязо сустрэлася толькі з лязом. Праўда, доктар змушаны быў крок за крокам адступаць, прысядаючы ледзь не да зямлі, каб не паваліцца пад неверагоднай сілы ўдарамі пудовага мяча.
Дамініка сціснула руку мужа, які схаладнеў ад трывогі. Ватман малаціў мячом, як цапом па таку. Здавалася проста незразумелым, як Лёднік трымаецца на нагах. Твар ліцвінскага Адысея пачырванеў ад напругі — ясна, што надоўга сіл не хопіць. Звінела ды грукатала, як у кузні, ледзь іскры не ляцелі… Доктара нават пару разоў закранула лязо… Пані Саламея трымала кулак ля вуснаў — каб не закрычаць ад роспачы.
А тут Пранціш з жахам заўважыў, што Бутрым няправільна трымае меч… Падстаўляе яго пад удар менавіта ў той пазіцыі, якую яны вызначылі найбольш слабай. Няўжо замарыўся так, што гэтага не заўважае? Ці смерці хоча?
А доктар раз за разам памыляўся… І іначай скончыцца гэта не магло: пад адным з магутных удараў лязо ягонага мяча зламалася, як трэска, роўна напалам, там, дзе была асабліва небяспечная вышчарбіна…
Канец! Натоўп дружна выдыхнуў, адламаны канец мяча зазвінеў па брукаванцы, як пахавальны звон. Твару Ватмана не было відаць за забралам шлема, але ягоны задаволены рык, зусім як у звера, які нарэшце скочыў на спіну здабычы, сведчыў: найміт прадчувае хуткую перамогу!
Але з доктарам штосьці сталася… Кудысь падзелася ягоная стома і нязвыклая нязграбнасць у рухах. Ён цяпер не адступаў, а круціўся вакол Ватмана ваўчком, так што той не паспяваў у сваіх цяжкіх латах паварочвацца. Абламаны меч мільгаў маланкай, нейкім чынам спыняючы смертаносны шлях двухметровага ляза. Ватман зноў зароў, на гэты раз раздражнёна, круцячыся і прапускаючы ўдары — бо нават вачыма сачыць з-за забрала не патрапляў за пруткім супернікам, чыя зброя цяпер была ўдвая лягчэйшай, а значыць, больш звыклай…
І Вырвіч раптам уцяміў — а ці не назнарок доктар пастараўся, каб зламалі ягоную зброю? Мусіць, задумваў так ад пачатку. Цяпер і паскакаць можа…
Якраз і скочыў — пакуль супернік падымаў меч, што апусціўся зноў у паветра, а не на мудрую чарнавалосую галаву. Прыгнуўся ў скачку да зямлі, літаральна праехаўшыся па бруку, ды ўсадзіў абломак знізу, пад панцыр, роўненька ў бок найміта. З такой моцай, з якой заганяюць зброю ў холку зубра на паляванні.
Самазваны граф Пянткоўскі нейкі час пастаяў, абапіраючыся на свой здаравучы меч, а потым паваліўся набок і яшчэ глыбей загнаў сабе пад рэбры лязо. На нейкі час запанавала маўчанне. Вырвічу падалося дзіўным, што адбылося не як у летапісах. Там, калі які волат гінуў, «предвариша же смерть его знамения небесная: около полной луны, декаврия, явишася въ полудни три солнци, потом же и звезда страшная, светяше през два месяца по заходе солнца».
Усё было вельмі будзённа і звычна. Зумкалі мухі, на брукаванцы ляжала цела, чуваць было цяжкое дыханне Лёдніка. Потым лена гаўкнуў руды сабака, нібыта прыспешваючы дурных людцаў: чаго застылі слупамі?
Хтось кінуўся да пераможанага, пад бокам якога нацякала цёмная лужына крыві. Пранцішу закарцела адсячы Ватману галаву, як вупыру, каб у чарговы раз не ажыў. Але калі з суддзі знялі шлем, ашклянелыя вочы, якія зрабіліся светлымі-светлымі, несумненна мёртва люстравалі неба са шчырым здзіўленнем: няўжо забіты?
А Лёднік на нягнуткіх нагах, расштурхваючы людзей, ішоў да сваёй Пенелопы, і ніхто не наважваўся яго затрымаць. Пакуль. Пранціш разумеў, што варта надаць падзеям законнасць:
— Шаноўнае панства, вашамосці! Звяршыўся Божы суд! Мы ўсе бачылі, што бойка адбывалася сумленна…
Вырвіч ускочыў на нейкі камень, каб яго было лепей чутно. Ён цытаваў Статут і краем вока заўважаў, як абняліся Бутрым і Саламея, як ён цалуе яе лоб, валасы, вочы, а плечы жанчыны ўздрыгваюць ад перажытага жаху і палёгкі…
— Нашчадкі захаваюць у памяці слаўную гісторыю сённяшняга паядынку, які прыгожай вікторыяй завяршыў сесію Менскага гродскага суда!
Самазваны рытар пачуваўся зусім як у Лонданскім Гайд-парку, які неяк давялося сузіраць. Здаецца, удалося змусіць сябе слухаць… Вырвіч выцер лоб рукавом і рыхтаваўся саскочыць са свайго каменя на траву.
— Дык што, пане-браце, сесія суда скончаная? — пакрыўджана папытаўся шляхцюк у сабаліным футры, зусім недарэчным пад ліпеньскім сонцам. Але собаль быў такі пацёрты, што неадменна з’яўляўся ўспадчыненнай і адзінай параднай вопраткай. — Гэта няправільна! Пан суддзя абяцаў, што разгледзіць яшчэ і маю справу!
— І маю! — загарлаў хтось побач.
Такіх пакрыўджаных выявілася яшчэ з дзясятак. Падобна, Ватман сур’ёзна ставіўся да двубою і замест судовых паседжанняў таксама трэніраваўся.
— Суд не можа адбыцца без суддзі, вельмішаноўнае панства! А ён, самі бачыце…
Падстароста кінуў грэблівы пагляд на мёртвае цела. У паглядзе можна было заўважыць палёгку.
Панства засталося незадаволеным.
— Згодна са Статутам, суддзю ніжэйшага замкавага суда не выбіраюць на элекцыйным сойме, а прызначае ваявода! — закрычаў хтось абазнаны. — Вось няхай пан падстароста, ягамосць Ваньковіч, і прызначыць суддзю, паколькі староста, ягамосць Тадэвуш Бужынскі, з’ехаў у Варшаву і не выконвае абавязкаў! Трэба працягнуць сесію!
Люд паспаліты ўхвальна загуў.
Гэта ж невядома, калі яшчэ ўдасца сабрацца, а справы вырашыць хочацца неадкладна, бо заўтра, чаго добрага, на вайну адправяцца…
Падстароста Ваньковіч разгублена азірнуўся, вакол, як вогнішча на ветры, разгараліся жарсці. Ажно свіслацкія цмокі, тлусценькія, з чорнай лускою, на кароценькіх ножках, якія павылазілі на бераг пагрэцца на ліпеньскім сонцы ў трыснягу, дружна нырнулі ў ваду.
— Пана Прушынскага трэба прызначыць! — гарлалі злева. — Прушынскія заўсёды былі войтамі ды суддзямі ў павеце!
— Пана Кабылінскага! Кабылінскія былі ў магістраце ды ў замкавым судзе!
Прапановы пасыпаліся, як з дзіравай торбы. Гарэлачны перагар задушлівым воблакам вісеў над пляцам. Двое асабліва расчырванелых шляхцюкоў ужо адышліся, пахістваючыся, да прытулку братоў баніфратраў, пад духмяныя ліпы, і з задавальненнем секлі адзін аднаго шаблямі, абараняючы… ды якая розніца, што? Бо які гэта сойм, трыбунал альбо суд, калі ніхто не паб’ецца на сумленным двубоі? Той-сёй не супраць быў таксама далучыцца да святой шляхецкай справы.
— Спыніцеся, вашамосці! — гукнуў падстароста, які цяпер быў тут як бы галоўным, хаця ў гэты момант не надта даражыўся такім старшынствам.
Каго б ён зараз ні выбраў — атрымае выбух нянавісці.
— Гэта вам не элекцыйны соймік! Калі мы зараз пачнём абмяркоўваць кандыдатуры ды звадзіцца за іх, дык сесія не пачнецца да Спаса! Тут Божы суд толькі што адбыўся, памятаеце? Трэба, каб само неба кандыдатуру падказала! Вось айцец Аблачынскі мог бы нас скіраваць…
Пан Ваньковіч відавочна спрабаваў перакласці цяжар выбару на айца Аблачынскага, які трохі разгубіўся ад такога гонару… А пакуль святы айцец думаў, хтось выкрыкнуў:
— Калі трэба знак, дык ён жа і быў нам сёння пададзены! Хто перамог у Божым судзе злачыннага суддзю, і мусіць заняць ягонае месца!
Як ні дзіўна, ідэя спадабалася — па прынцыпе «ні нашым, ні вашым». Лёднік не належаў ні да якай партыі, нічые інтарэсы не прадстаўляў, сам — фігура не важкая, таму кожны спадзяваўся, што падчас вырашэння справы перацягне яго на свой бок. Можа, такія складаныя матэрыі і не ўтвараліся ў кожнай шляхецкай галаве, галоўнае — усе разумелі, што можна зараз жа пасадзіць кагось нейтральнага на месца Ватмана, аб якім, здаецца, ніхто не шкадаваў.
— Вельмі слушная кандыдатура! — заявіў, падумаўшы, падстароста. — Пазбавіў нас ад такога злыдня, які наша слаўнае места ганьбіў, займаючы пасаду суддзі!
Та-ак, моцна чымсьці прыпёк ягамосць Ваньковіча граф Пянткоўскі.
Да Лёдніка нарэшце дайшло, што за бліскучыя перспектывы яго чакаюць — ажно перасмыкнула небараку. Ён, не выпускаючы з абдоймаў жонку, павярнуўся з ганка ратушы да паспалітай публікі.
— Вельмішаноўнае панства, шчыра дзякую за той гонар, які вы мне выказваеце! Але я ж яго няварты. Я ніколі не забываюся, што па паходжанні звычайны полацкі зямянін, хоць і атрымаў ад яснавяльможнага князя Міхала Казіміра Радзівіла, колішняга нашага вялікага гетмана, набілітацыю. Я — доктар, лекар, шаноўнае панства, я не магу быць урадаўцам. Маё пакліканне і доўг — лячыць паспаліты люд, па волі Божай і з дапамогай святога Панцеляймона. Але я магу прапанаваць вам добрую кандыдатуру, якой перадаю сваё… сваё бласлаўленне Божым судом!
Лёднік абвёў вачыма натоўп і працягнуў руку ў бок Пранціша.
— Пан Прантасій Вырвіч, шляхціц самага старажытнага роду, спрактыкаваны ў бойках. І законы добра ведае, як вы самі ўпэўніліся. Сумленны, пачцівы, узрост адпаведны, жанаты, мае ўладанні ў павеце, у сваяцтве з высакароднымі асобамі…
Людцы заазіраліся, пачалі абмяраць вачыма драгуна, штось загулі, здаецца, ухвальнае… Пранціш ажно на крок назад адступіў, нібыта яго не на суддзю рэкамендуюць, а ў ахвяры паганскаму бажаству. Не выклікалі даверу гэткія раптоўныя выбары. Дый як быць з тым, што Пранціш Вырвіч — дысідэнт, праваслаўны, а дысідэнтам да нядаўняга часу забаранялася займаць дзяржаўныя пасады. Цяпер, праўда, Панятоўскі пайшоў на саступкі пад уплывам маскоўцаў, дый замкавы суд у горадзе з магістратам быў дастаткова незалежны…
— Вельмішаноўнае панства, дзякую за гонар, але ж…
Вырвіч спрабаваў агучыць свае сумнівы, але за ягоны плячук ухапілася тонкая, але моцная ручка, і над вухам пачуўся шэпт пані Дамінікі Вырвічавай:
— Згаджайся! Адмовішся — невядома каго выберуць, яшчэ вынікі Божага суда перагледзяць…
З другога боку зашаптаў Давыд Ляйбовіч, які пільнаваў усю бойку з доктарскай валізкай пад пахай:
— Не бойцеся, пан Пранціш, яны зараз і слуп верставы выбралі б!
Падбадзёрыў аптэкар, няма чаго сказаць… Пан Гараўскі зводдаль энергічна заківаў галавою, таксама падтрымліваючы ідэю…
Пачуўшы адчувальны штуршок у бок ад разумнай жоначкі, Пранціш выпрастаў спіну і важна пакланіўся.
— Калі на тое будзе воля ягамосці пана падстаросты і паноў-братоў…
Воля на тое была.
І хутка Вырвіч, прызначаны панам падстаростай, што было падтрымана una voce[30], ужо сядзеў у крэсле Ватмана, а ўзрадаваныя шляхцюкі, зямяне, купцы, карчмары ды хто там меў судовую патрэбу, чакалі ў чарзе, каб вырашыць свае справы.
А бедны касцельны служка ў гэты час скрушна хадзіў па пляцы перад ратушай, трымаючы пад пахай увернуты ў рагожку абломак мяча князя Глеба.
— Ірады! Сапсулі рэліквію! Дзве святыя рэчы былі, а цяпер што, паўтары? Як так можна было абысціся з маёмасцю святога касцёла?
Небарака азірнуўся — усе занятыя сваімі справамі. Падышоў да самотнага цела, накрытага не вельмі чыстай прасціной, напружыўся, ажно жылы на худой шыі ўспухлі, і выцягнуў з раны абломак мяча. Абцёр аб траву. Абодва кавалкі рэліквіі акуратна ўкруціў у анучу, крактануў ды ўзваліў сабе на плячо разам з другім, ацалелым, мячом. Служка звык цягаць дровы, мяхі ды п’яных мніхаў, так што дзве паласы іржавага жалеззя не былі самай цяжкой ношкай у ягоным жыцці. Рушыў далей ад граху ў касцёл, лаючыся сабе пад нос на кашчуннікаў.
Нябожчык так і застаўся ляжаць на чужой брукаванцы, у лужыне ўласнай крыві, пакорліва чакаючы, калі пра яго ўспомняць.
Пранціш акідваў вачыма залу: як жа неспадзявана паварочваецца кола Фартуны! Здаецца, яшчэ нядаўна бегаў ён тут, недавучаны шкаляр, і хаваўся ад суддзі Юдыцкага… Адчайна біўся з аднакурснікамі, што дражнілі яго за беднасць… А цяпер Прантасій Вырвіч — менскі гродскі суддзя. Няхай прызначаны па неабходнасці, спехам і, магчыма, ненадоўга…
Гэх, каб раней гэта здарылася — юны Вырвіч зараз сядзеў бы, як кароль на імянінах. Аж галава круцілася б ад гонару, нябачныя херувімчыкі з залатымі трубамі лёталі б вакол… А цяпер не было ніякай п’янкой радасці, ганарлівых думак — «вось бы мяне пабачыў той ці гэты знаёмец, як бы пазайздросцілі»… Не, толькі адчуванне цяжару, які ўзяў на сябе, трохі боязі — каб не схібіць, і яшчэ вялікае жаданне зрабіць штось важкае і правільнае, і запомніцца падчас нядоўгага судзейства не дурасцю сваёю.
Пісар напачатку не надта прыязна паглядаў на новага начальніка, але калі разам робіш цяжкую справу, мімаволі становішся паплечнікамі. Здаецца, новы судзя не хібіў. Пераканаць Пранціша Вырвіча ўзяць бок несправядлівасці не мог ніхто… Цвёрдасць жа характару ў судовых справах заўсёды цанілася.
Ды не паспелі разгледзець апошнюю справу — у залу забег шляхцюк у апратцы, перапэцканай попелам.
— У Татарскім канцы маёнтак гарыць! Войска Крачэтнікава там усё рабуе!
— Рушэнне! Рушэнне, пане-браце!
Натоўп захваляваўся, як мора, якое вось-вось спародзіць магутную хвалю… Загайдаліся на ім кволыя чоўнікі чыёйсьці асцярогі…
— Рушэнне!
Пранціш устаў і выгукнуў:
— Канец сесіі, пане-брацце!
Падстароста Ваньковіч выціснуў скрозь зубы:
— І вось і супраць каралеўскае ўлады ісці не хочацца, і як дапусціць, каб маскоўцы зноў усё места спалілі. У мяне брат пад Слонімам у палон трапіў, дзесь у Омску загінаецца ад холаду-голаду.
Даў знак слугам, і пайшоў, намацваючы шаблю на баку.
А Вырвіч, суддзя менскі гродскі, ужо бег, каб на каня, і шабля ў руках, і Айчына чакае абароны!
Пан Гараўскі не быў надта задаволены, але адправіў з Вырвічам сваіх пахолкаў ды трох маладых шляхцюкоў. Сам не паехаў — і на адным баку з Багінскімі ўрэшце апынуцца не жадаў, і не той узрост, на кані скакаць. Пасля практыкаванняў з Лёднікам паясніцу ў цесця прыхапіла канкрэтна. Дамініка, пані судовая, толькі пацалавала мужа, трывожна ўздыхнула — але адгаворваць не стала. Яна ж дачка шляхціца і жонка шляхціца.
Заскочыў усё-ткі да Лёднікаў. А Бутрым, які нядаўна заяўляў, што хопіць з яго вайны, што ён не жаўнер, а лекар, моўчкі ўзяў шаблю, пацалаваў Саламею, якая не магла на яго наглядзецца:
— Даруй, любая.
Кінуў Алесю:
— Беражы маці і сястрычку, застаешся за старэйшага!
І рушыў за Вырвічам, цяжка, праўда, уздыхнуўшы ды прабурчэўшы:
— Ніколі, відаць, гэтая каруселя для нас не скончыцца. То адны хочуць за дыванок пад нагамі мець, то другія… І ад якога боку ні пачні абараняцца — для другога будзеш здраднікам, хаця галоўнае для нас — не здрадзіць сабе.
І не трэба было тлумачыць нічога, апраўдвацца і шукаць прычынаў.
Калі на тваю зямлю нападаюць — ты мусіш яе бараніць, як пчолы бароняць вуллі свае, а звяры — норы свае. Няважна, шляхцюк ты, зямянін альбо просты мужык.
Над Менскам, над Вялікім Княствам Літоўскім, над родам чалавечым у чорных нябёсах праносілася Мятла, альбо камета, як называюць яе вучоныя кніжнікі. А значыць, далёка да спакою.
…Але калі зноў выпаў снег, у доме, які калісьці належаў полацкаму кнігару Рэнічу, а цяпер ягонай дачцы ды зяцю, было ціха і ўтульна.
Сафійка Баўтрамеева Лёднічанка, улегшыся на пухнаты кілім ля каміна, у якім, ператвараючыся ў чорны попел, ціха патрэсквалі найлепшыя бярозавыя дровы, вадзіла пальчыкам па раскрытай таміне. На старонках кнігі высоўвалі з нетраў азёраў рагатыя галовы вадзяныя змеі, з голляў магутных дрэў цікавалі злымі вачыма плямістыя лемпарды, арлы ўзмахвалі крыламі над заснежанымі вяршынямі гор, падобных да палітых чакалядай ды пасыпаных цукрам марцыпанаў.
Шмат чаго ў свеце маецца, што хацелася б паглядзець малой дзяўчынцы не толькі на чорна-белых гравюрах у бацькавых кніжках.
Грукат у дзверы змусіў паненку адарвацца ад старонак. А гаспадар дому, вядомы полацкі доктар Лёднік, сам ужо бег сустракаць гасцей.
У пакой, упушчаны ўзрушаным таўсманым слугою Хвэлькам, трохі пакульгваючы, уваходзіў мужчына з адрослымі светлымі валасамі, зблытанымі, як салома. На схуднелым твары невялікая бародка, запалыя блакітныя вочы свецяцца радасцю, а ў лобе злева, дзе пачынаюць расці валасы, чырванее шнар, як ад кулі.
— Пранціш!
Доктар Лёднік і госць абняліся.
— Я цябе яшчэ ўчора чакаў, хацеў ужо сам выпраўляцца шукаць…
— Ды завіруха затрымала.
Госць скінуў цяжкі патрапаны кажух на рукі Хвэльку, які ўсміхаўся, як дзед з белага хлеба, пацёр скалелыя рукі.
— Табе дзякуй, Бутрым. Не ведаю, колькі і чаго табе каштавала выцягнуць мяне з маскоўскага палону. Каб там застаўся — памарозіўся б дакладна… Колькі нашай шляхты, што пад Сталовічамі схапілі, далей пагналі, у Сібір. Дарэчы, ведаеш, з кім у палоне спаткаўся? З панам Андрусём Агалінскім. Таго на полі бойкі ўзялі, параненага. Рабіў выгляд, што мяне не ведае. Праўда, на свой подпіс на маім ілбе паглядаў трохі вінавата.
Сафійка з цікаўнасцю і трохі з насцярогай разглядала госця, зарослага, як дзікун, стамлёнага ды зблажэлага. Да сябе не дапусціла, дазволіла толькі пацалаваць ручку, як дарослай, і зноў уселася глядзець карцінкі ў кніжцы. Мала хто тут швэндаецца да бацькоў, а вось цуд-рыба кіт на гравюры са спіны фантанчык пускае — гэта важна!
— Пан Гараўскі, цесць твой, таксама не сядзеў, парогі на пару са мной абіваў. У выніку сам кароль, лічы, за цябе заступіўся, — пасміхнуўся Лёднік. — Праз Тызенгаўза ў яго ліст на тваё вызваленне здабылі. Тызенгаўз жа вельмі ўдзячны, што падводны карабель расейцам не дастаўся. Да таго ж да стварэння медычнай школы трэба падбірацца. У адукацыйную камісію мяне хоча ўлучыць. Добра яшчэ, што цябе падчас бойкі не схапілі, са зброяй у руках. Ну а я яшчэ аргументаваў тваю невіноўнасць, што ты — суддзя менскі гродскі, і імкнешся свае абавязкі выконваць…
— Няўжо мяне суддзёй пакінулі? — здзівіўся госць, усаджваючыся з вялізным задавальненнем на мяккую канапу з кубкам гарачай гарбаты, які яму паднёс Хвэлька.
— А чаму ж не? — хмыкнуў суровы гаспадар дому. — Вось скончацца калядныя карнавалы, на Тры Каралі паедзеш судзіць, пакажаш усяму павету, што такое справядлівасць па-сармацку, de rigore juris[31]. Баі, здаецца, скончыліся…
— Скончыліся… — пазмрачнеў Пранціш. — Здушылі канфедэрацыю. Цяпер канец шляхецкай вольніцы і самой дзяржаве… Помніш верш: «Лёс для таго, хто вярнуўся з прайгранай вайны — толькі забыцца, як сталі з муроў — валуны…»?
— Таму час збіраць камяні… Рабіць, што можна, дзеля ўмацавання розуму й цела народа, пакуль ёсць магчымасць, — ціха прамовіў доктар, усеўшыся ў крэсла насупраць госця. — Каб з’явіліся ў ім новыя вучоныя і юрысты, паэты і эканамісты, лекары і філосафы, каб увогуле адукаваных людзей было як мага больш, і сярод простага саслоўя таксама. І каб адукацыю ім даваць на роднай мове, кнігі на ёй пісаць, энцыклапедыі, як Дзідро, складаць. Каб ганарыліся сваім народам, а не выракаліся яго пры першай мажлівасці. І колькі сіл для такой працы трэба! Ніводныя рукі не лішнія.
Лёднік уздыхнуў.
— І як цябе занесла пад Сталовічы? Тут усялякае расказваюць пра гэтую бойку… Нібыта вартавыя перапіліся, як і ўсё войска, святкуючы нядаўнюю вікторыю. Нібыта князь Багінскі ў час нападу войска Суворава музіцыраваў ды цешыўся прысутнасцю сваёй каханкі д’Асэ… А як пачаўся бой, праз акно ўцякаў у адной бялізне, паспеўшы толькі зачэрпнуць жменю табакі…
— Людзі з усяго зробяць альбо трагедыю, альбо анекдот, — весела бліснуў блакітнымі вачыма госць. — Біліся мы добра, павер. І князь, якія б ні меў заганы, заслугоўвае павагі, бо ўсё ж устаў на абарону Айчыны, не пабаяўся, як многія іншыя. Ну што зробіш, калі ён па натуры хацеў бы быць музыкам альбо мастаком, а нарадзіўся магнатам.
— Зараз ён у Італіі, — задумліва прамовіў доктар Лёднік. — Там і цяпер, мусіць, цёпла…
— Цёпла… — таксама задумна прамовіў госць і мімаволі сцепануў плячыма — намерзся, відаць. — Ты прабач, але я не магу ў вас доўга затрымлівацца…
Бутрым з разуменнем усміхнуўся.
— Яшчэ б, да маладой жоначкі трэба ляцець ды спяшацца. Дзякуй богу, удалося цябе выцягнуць да важнай падзеі. Так што папрысутнічаеш пры нараджэнні свайго нашчадка!
Пранціш ледзь не ўпусціў кубак, на запалых шчоках праступілі чырвоныя плямы ўзрушэння.
— Як… калі?
— Ды ў красавіку, мабыць. Ну што ты ўскокваеш — ціха, ціха… Усе нармальна. Я ж езджу, назіраю за пані Дамінікай, і Саламея наведваецца, кансультуе… Пані судзейская яшчэ больш расцвіла, цябе чакае. Намалявала твой партрэт па памяці. Чыста князь Палямон!
А Вырвіч не мог супакоіцца, бо ад шчасця хацелася ці то плакаць, ці то неадкладна напісаць паэму. Пажадана гекзаметрам. І даўжынёй з літоўскую вярсту. Падумаць толькі, яшчэ тыдзень таму рыхтаваўся паміраць ад голаду ды холаду — а тут і дэкрэт аб вызваленні, і карэта чакае… А цяпер вось — бацькам скора стане! Працягнецца род Вырвічаў…
— Гэх, толькі не перадам сыну радавую зброю… Адабралі прадзедаву шаблю пры арышце…
Лёднік задуменна паглядзеў, адышоўся ў другі пакой і вярнуўся, несучы ў руках шаблю, як на каранацыі.
— Вось, выкупіў быў у расейскага афіцэра, калі твае сляды шукаў.
Пранціш недаверліва пацягнуўся да яе: Гіпацэнтаўр!
Знаёмае дзяржальна само лягло ў руку.
— Бутрым!
Вырвіч кінуўся да свайго былога слугі і настаўніка.
— Асцярожна, задушыш… А мне яшчэ сёння да цяжкахворага ісці.
Пранціш не ўтрымаўся — выхапіў з похваў лязо, выпісаў у паветры некалькі маланак… Пакуль у шляхціца ёсць у руках шабля, ворагі не перамаглі! Лёднік назіраў за панам суддзёю з паблажлівай усмешкай, як за дзіцем. Вырвіч схаваў шаблю і павярнуўся да старэйшага сябра.
— Дарэчы, пра хваробы… Як там прайдзісвет Замойскі, скарыстаў твае даследаванні?
Бутрым адкінуў тонкімі доўгімі пальцамі чорна-сівыя валасы — аж не верылася, што такія далікатныя рукі, рукі лекара і вучонага, маглі арудаваць цяжэнным мячом.
— Скарыстаў… Але, як кажуць, не ў каня аказаўся корм. Не цярпелася пану Замойскаму з’есці свой кавалак славы. Не расчытаў усё, як трэба, паблытаў кавалкі рукапісу. Не ўлічыў, што ўсё настолькі новае ўспрымаецца шаноўнымі нашымі медыцынскімі калегамі звычайна ў рожкі. Пакуль штось ім давядзеш… Памятаеш мой даклад у Віленскай акадэміі? Вось і Замойскага пасля ягонага артыкула абвесцілі вар’ятам, шалберам, невукам і гэтак далей. Мне ж да падобнага не прывыкаць — я ў медыцыне ваяр. Тут трэба быць гатовым да ахвяраў ды мець важкія аргументы для абароны. А менскаму лекару пасля таго, як столькі гадоў клёцкай у алеі плаваў, свет абрынуўся. Павініўся перад навуковай грамадою, што паспяшаўся з вынікамі, шлем, як паганскае вынаходніцтва, здаецца, са злосці ўвогуле знішчыў. Ды яшчэ здуру на мяне саслаўся: маўляў, авантурыст доктар Лёднік з тропу збіў. Так што і тут я нічога не страціў: парадкую ўсё, што зразумеў дзякуючы шлему Альбукасіса, у трактат. Пасля маёй смерці, магчыма, сын апублікуе. А пакуль людзей з дапамогай новых ведаў ратую.
— Пан Вырвіч! — у пакой забегла прыгожая кабета ў каптуры, расцалавала госця. — З гэтымі прафесарамі ніякага зладу няма! Як закруцяць сваю катрынку, дык трэба лекцыю цалкам адгаварыць! Пойдземце, Пранціш, там балею вады нагрэлі. Цяпер ваша справа простая — памыцца, пагаліцца, пераапрануцца, пад’есці, выспацца… Каб пані Дамініка не спалохалася!
— Дзядзька не страшны! — раптам упэўнена заявіла Сафійка, скептычна вывучаючы цёмнымі вачанятамі госця. — Яго толькі пакарміць трэба!
Навучылася паненка «р» выгаворваць…
І хутка Пранціш паглынаў смачнюткія шалтаносы, нарыхтаваныя самой гаспадыняй, а сам у думках быў ужо ў Капанічах.
— Дзень добры, пан бацька! Дзень добры, пан Вырвіч!
Аляксандр Лёднік, шляхціц юны, але выхаваны дасканала, адвесіў паклон па ўсіх правілах.
— А адкуль у шаноўнага пана Аляксандра гэтая сіняя пляма пад вокам? — сурова папытаўся доктар Лёднік.
Алесь насупіўся, памацаў сіняк, які пераліваўся чырвона-сінім.
— Гэта быў сумленны двубой, пан бацька!
— З-за чаго, за прыўкраснай дамы? — весела папытаўся Пранціш Вырвіч.
Алесь Лёднік вельмі знаёма задраў чарнавалосую галаву.
— Алёхна Параеў, пісарчук, смяяўся, што я гавару на той мове, як мы дома гаворым. А я яму — на ёй Статуты нашыя напісаныя! А ён… Шкада, я шаблі з сабой не меў!
— Ясна, сын. Сядай за стол. Наступны раз паспрабуй абысціся словамі. Лязо ды кулак — апошні довад і не самы лепшы.
Але зразумела было, што і без гэтых довадаў на сваёй зямлі ліцвінам не абысціся, калі нават у абароненай морам ды скаламі Ітацы цару Адысею нельга было схавацца ад вайны. А што ўжо казаць пра скрыжаванне еўрапейскіх дарог… Як сачынялася там, у палоне, Вырвічу:
Гадзюкамі сплятаюцца вятры,
І неба, як апошні сцяг, ірвецца.
На скрыжаванні жыць — не да пары,
Ды Бог адвёў нам толькі гэта месца.
Як мітуслівы блазан, час прабег,
Бразготкай аглушыўшы нат спачылых.
На скрыжаванні — патаптаны снег,
І бель твае не захаваюць крылы.
Радкі паэтаў не ўтаймуюць вір,
Не сшыюць разарваную эпоху.
Як музыка нябёсная ў клавір
Не змесціцца…
Але па волі Бога жывем на гэтым скрыжаванні мы,
Трыпутнік не баіцца каляіны.
Стаптаны снег апошняе зімы
Вясновыя стварае ручаіны.
— Ну што ж, заўтра адправім цябе да сям’і… — задумна прагаварыў Лёднік Пранцішу Вырвічу пасля вячэры.
Дзень паціху спускаўся па цёмных сходах са свае званіцы. Тахкаў гадзіннік на сцяне, ягоны бледны масянжовы твар быў абыякавы да ўсіх мітрэнгаў.
— А ведаеш, добра ўсё-ткі, што тады, па дарозе на Валожын, у цябе, пан Вырвіч, знайшоўся шэлег, каб купіць мяне ў пана Агалінскага. Каб не той шэлег — па іншаму лёсы б нашыя склаліся.
— Твая праўда…
Вырвіч адпіў гарачага чырвонага віна з цынамонам.
— Што ж, часам дробная манетка можа пусціць гісторыю па іншай дарозе. А з нашым шчасцем гэтая гісторыя абавязкова будзе пакручастай і амаль што неверагоднай.