3. Марцінкевіч. Ідылія. Здрада

Парыжу ў п’есе “Ідылія” сапраўды хапае – хоць яе героя, пана Караля Лятальскага, мы засьпяваем хутчэй у стане своеасаблівага постпарыскага сындрому. Ён пражыў у францускай сталіцы шмат гадоў – разам са сваім слугой Янам, якога, пэўне, кліча Жанам, але Марцінкевіч пра гэта маўчыць. І вось абставіны склаліся так, што пан Лятальскі вымушаны вярнуцца на радзіму, у свой беларускі маёнтак. Ведаем мы гэтыя абставіны: мабыць, залез у пазыкі наш панок – у тыя часы зьмяніць месца жыхарства было найлепшым спосабам пазбавіцца ад крэдытораў. Зьбіраючыся на радзіму, натхнёны францускім лібэралізмам пан дасылае камісару маёнтку ліст: трэба запытацца ў мужыкоў, якія ў каго скаргі – пан прыедзе і разьбярэцца. Дзіўнаватае рашэньне для чалавека, у пагардзе якога да простага люду аўтар так наіўна і палка пераконвае нас ледзьве не ад першай старонкі. Ну, але такі ён, панскі капрыз…

У маёнтку пачынаюцца вадэвільныя інтрыгі, а пан Лятальскі са слугою тым часам нарэшце прыбываюць на радзіму продкаў і зь цікавасьцю прыглядаюцца да навакольных мясьцінаў. Здаецца, слугу пабачанае прыводзіць у яшчэ большы жах, чым пана – і Жан пачынае ўгаворваць гаспадара вярнуцца ў мілую сэрцу Францыю:

“Уцякайма да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжу!”

Такая фраза вырываецца ў Жана пасьля таго, як ён пабачыў мясцовую карчму: “Вокны чуць відаць з гразішчы… Брудны выгляд у шынкаркі… Жыжка на стол сьцякае…Селянін ляжыць пад лаўкай, п’яны, рваны, нерухавы… “

Проста “Ле флёр дзю маль” нейкія:

“Яго жонка, чуць жывая,

Дзіця ядам з грудзі пое,

Вось абраз галытні тое”.

А ў Францыі, а ў Францыі… “Кожная аўстэрыя як палац, чалавек у іх – як у раі, віна – па вушы!” – горача і горка шэпча Жан. Як і кожны слуга, ён лічыць, што “чалавек мусіць перадусім жраць, да!” (прывет Парыжу з набокаўскага Бэрліну). Чалавеку мусіць быць цёпла і сытна, і па галаве яго мусяць біць толькі раз на тыдзень, не часьцей – вось базавыя каштоўнасьці, на якіх трымаецца гэты рай. Жан шчыра ня можа даўмецца: чаму яго цягнуць сюды, назад, з раю ў пекла?

Мяркуючы па тым, як Жан апісвае парыскае жыцьцё, ён пісьменны, нахапаўся ад пана культуркі, швэндаючыся па салёнах і кавярнях. У Францыі Жан мог бы зрабіцца паэтам. Такім сабе эмігранцкім Бамаршэ. Але клятая клясавая няроўнасьць замінае ягонай творчай кар’еры.

“Вось абраз галытні тое” – гэта амаль як “Вось Краіна Асілкаў у поўнай красе”. Або як “Вось вобраз твой, забыты краю родны”. Або праславутае “Вот она какая, родіна”.

Пан глядзіць на жыцьцё шырэй. Ён нібыта і пагаджаецца са слугою, аднак мэсьё Лятальскі патрыёт свайго краю – і чалавек ваісьціну эўрапейскай культуры:

“Вось мы і ў канцы нашай падарожы. Сапраўды, калі ўспомню, што гэта тое месца, дзе трэба будзе пражыць канец свайго жыцьця, то аж сэрца сьціскаецца. О, чаму край наш дагэтуль яшчэ ня можа набраць тае цывілізацыі, якою вызначаецца Францыя? Тут усё так панура! так глуха!”

Як маладой каханцы, пан урачыста абяцае слугу, што будзе старацца вырвацца адсюль і яны зноў вернуцца ў любы горад – бо “паміж нашых мядзьведзяў ня выжыву!”

Мядзьведзі тым часам ідуць на самыя розныя хітрыкі, каб скарыстаць прыезд Лятальскага ў сваіх мэтах. Яны разумеюць, што Парыж назаўжды зьмяніў іхнага пана – і самі чакаюць ад яго сюрпрызаў.

У тым, як Дунін-Марцінкевіч ставіцца да Лятальскага і яго слугі, выразна адчуваецца адвечная пагарда да эміграцыі. Хаця гэта значна больш цікавае пачуцьцё – вельмі чалавечае, цёплае, балючае, так адчувае сябе толькі што зьбіты да крыві раб каля печкі. Пагарда і зайздрасьць, паранаідальныя фантазіі і патрыятычныя апраўданьні, цьмяная віна і ўласнае бясьсільле – стаўленьне да эмігрантаў складаецца з такіх вось неспалучальных рэчаў, якія мучаць чалавека, што застаўся, калі ён думае пра тых, хто зьехаў (калі ўспомніць эсэ Сяргея Дубаўца).

Калі ты ненавідзіш штосьці, значыць, яно кіруе табой. Гэта твая думка, мая Ю. Як часта я пра яе ўспамінаю. Калі ты ненавідзіш, тых, хто зьехаў – значыць, яны твае гаспадары. Гэта – рэўнасьць, якая задыхнулася.

Чаму я тут, а яны там? Чым я горшы, чым яны лепшыя? Чаму я мучаюся, а яны мачонымі аліўкамі закусваюць? Чаму я мушу быць героем – і чаму іншыя не прызнаюць майго гераізму? Бо той, хто застаўся – аўтаматычна робіцца героем ва ўласных вачах. Ён не прамяняў “абраз галытні” перад вачыма на хімэру эміграцыі.

Той, хто зьехаў, заўжды будзе здраднікам. Не для мужыкоў, не для слуг – для аўтара, які сам зьехаць ня можа і ня хоча. Магчыма, баіцца – найперш таго, што зробіцца нікім. Што ягоныя вадэвільчыкі нікому ня будуць патрэбныя. Што давядзецца вяртацца – грэшнікам, які каецца, здраднікам, які паспытаў лёгкага парыскага багета. Не, няхай галытня – затое свая.

Рэўнасьць і зайздрасьць рухаюць чалавекам, які кляне ўцекача і сьмяецца з эмігранта. Зайздрасьць да свабоды, рэўнасьць да будучыні. Яму і ў галаву не прыходзіць, што бегчы можна ад культурнай “галытні”, ад галытні і цеснаты “патрыятызму”, ад галытні і задухі памкненьняў.

Магчыма, вобраз Парыжу як страчанага раю для слуг і паноў з душою слугі зьявіўся ў “Ідыліі” і праўда невыпадкова. Дунін-Марцінкевіч як літаратар з тугою думаў пра Францыю, дзе яшчэ паўстагодзьдзя да таго ў Парыжы адчыніўся Тэатр вадэвілю. У Парыжы аўтараў такіх п’есаў лічылі, як яму здавалася, паўнавартаснымі літаратарамі і ставіліся да іх з павагаю. На літаратуры там можна было разбагацець і зрабіць сабе імя. Усё гэта не давала спакою правінцыйнаму аўтару з амбіцыямі – ён ведаў, што ўсе пісьменьнікі едуць у Парыж, каб там паказаць, на што яны здольныя. Парыж заўжды любіў людзей мастацтва, дазваляючы ім прынамсі быць тымі, кім яны мараць – хай гэтыя мары абарочваліся галечай і голадам, і начаваньнем разам з галубамі.

У Менску, дзе Марцінкевіч часта бываў і жыў, у тыя часы існавала толькі адна вялікая кнігарня братоў Бэйліных – на Саборнай плошчы. У ёй можна было знайсьці багата францускіх кніг – з самага Парыжу. Дунін-Марцінкевіч зазіраў туды часта, бо там прадаваліся і ягоныя творы: браты Бэйліны выдалі яго “Гапона”. Заходзіў, а сам адразу вачыма па кнігарні чык-чык: ці ляжаць, ці не патанчэў хаця б крышку стосік?

Менская літаратурная багема зьбіралася ў кавярні паблізу, якую ўсе называлі цукерня. А ў цукерню заглядваў вядомы ўсяму гораду італіец Рып. Амаль што Рып ван Вінкль, які прачнецца праз паўтара стагодзьдзя ў выглядзе сучаснага беларускага кнігара. Той Рып часоў Марцінкевіча разносіў па заможных дамах імпартовыя парфуму, галянтарэю, часопісы – і прадаваў гэта з рук. Аўтары ўпрошвалі Рыпа захапіць на продаж і іхныя кніжачкі. Часам ён ішоў насустрач – кніжкі шмат месца не займаюць, раптам якая мадам і купіць…

“Дамовіўся я з Рыпам, – носіць ён пахнілы,

Памады, пудры загранічныя і мыла, —

Каб ён узяў з сабой і між сваіх тавараў

Насіў і некалькі той кніжкі экзэмпляраў,

Mo пані, што на глупствы многа грошай трацяць,

Купляючы духі, за кніжачку заплацяць…”

Злосны і няшчасны аўтар “Ідыліі” спрабуе прыкрыць патрыятызмам сваю незапатрабаванасьць, сваю крыўду на Парыж і зайздрасьць да тых, хто зьехаў або напісаў нешта вартае. Ва ўсім вінаваты ён, Парыж, які не дае талентам прабіцца…

Там модныя паненкі, панічы і пані

У самым наймаднейшым, дарагім убраньні;

Францускі звычай там, француская і мова,

Свайго радзімага там не пачуеш слова.

Раскошы тыя ўбачыўшы, пачуўшы мовы тоны,

Падумаеш: Парыж тут адчыніў салёны.

I вось прыпамінае хітры італьянец,

Што кніжак некалькі маіх паклаў у ранец,

Наверх ix дабывае, выхваляе, вабіць

З надзеяй, што спакусіцца ўсё ж нехта, мабыць.

Мовы тоны – гэта, відаць, ухваліў бы і сучасны постмадэрніст… Тоны беларускай літаратуры, якія няма каму разгружаць. Перакладчыкі занятыя іншымі мовамі, акуратна расфасаванымі па дзьвесьце грамаў у яркія пакецікі.

Але вернемся да нашых бараноў. Рып ня сьпіць. Ён добры рэклямнік, ненавязьлівы, але зь веданьнем кліента.

І вось нехта з салённых мадэмуазэль з гідлівай цікаўнасьцю бярэ пальчатачнымі пальцамі шэрую тонкую кніжыцу:

«Ah mon Dieu! Як можна мову так паскудзіць!

Кінь гэтыя грымзолы, каб рук не пабрудзіць!

Ня сорам вам хваліць плюгаўства, мілы пане?

Хіба для фурманоў такое вось чытаньне!»

Для фурманоў. Для слуг, “якія засталіся”. Не для Парыжу.

Гісторыя паўтараецца. І наогул, на першы погляд мала што зьмянілася.

Усё так жа менскія мэсьё і мадам не даюць веры, калі чуюць, што ў іхным любімым Парыжы пішуцца нейкія там кніжачкі на мужыцкай мове (забаўна думаць, што ты, мая Ю., таксама пішаш свае вершы на “мужыцкай” мове: а як слушна? Напэўна, на бабскай).

Усё так жа раўнівыя менскія аўтары выведваюць у кнігароў: хоць на адзін асобнік больш прадалося, чым у “калегі”? І якое шчасьце ведаць, што так, больш. Роўна на адзін.

І ўсё так жа раўнівыя вар’яты і вар’яткі з усяго сьвету едуць у свае, прыдуманыя імі парыжы. І зь нейкай безнадзейнай рашучасьцю становяцца тут у адзін рад з даўно памерлымі клясыкамі – якія некалі вось так, як і ты сам, марылі пра гэты горад, бо толькі тут творца можа быць творцам. Парыж нікога ня гоніць з гэтага пахілага бясконцага шэрагу, хочаш – прыладжвайся, брыдзі, спрабуй, біся галавой аб брук, мо нешта і выпішацца. Але ён і не дапамагае, ён проста дае шанец. Астатняе залежыць ад самога творцы. Ці вытрымае, ці ня зломіцца. А ён, удзячны і галодны, ня верыць свайму шчасьцю. Ён яшчэ не напісаў ніводнай вартай кнігі, але ён сам – у кнізе.

У Парыжы пішацца лепш, чым дома. А дома над дахамі дамоў, якія эмігрант запомніць на ўсё жыцьцё, будуць лётаць крылатыя хімэры Радзімы і крычаць, наўмысна картавячы:

“Ах, ну так, канешна,

Пагыж, Бэглін, Гамбугг, Пгага!

А нам і тут няблага! Нам і тут няблага!”

Лятальскі застаецца ў сваім маёнтку. Ён думае, што вяртаньне магчымае. У наступным годзе ён памрэ ад тугі па Парыжы – дактары скажуць: сэрца. А ягоны слуга Жан да скону будзе сядзець у гэтай жыжцы, глядзець на ссохлыя грудзі бабы, што корміць сваё дзіця, і пацяшаць п’яных мужыкоў сваім нязводным францускім пранонсам:

“Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,

Што швэйцарскія горы, старыя Афіны.

Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лёндан туманны,

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!”

Загрузка...