Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры ў савецкай імпэрыі любілі больш, чым якога іншага францускага пісьменьніка. “Плянэта людзей”, “Начны палёт”, ну і, вядома, “Маленькі прынц”. Экзюпэры стаўся для савецкіх людзей такім сымбалем Францыі, якому сама Францыя была непатрэбная – бо радзімай і нацыянальнасьцю гэтага аўтара было неба. Тое, што на зямлі існавалі нейкія там францускія калёніі, было ня так ужо й важна. Не Экзюпэры ж іх заваяваў. Не яму і адказваць.
Пра яго нават у песьнях сьпявалі, груднымі жаночымі галасамі: “І когда летал Экзю-ю-пері-і-і…”… Вось Флябэра, напрыклад, савецкая эстрада абсалютна праігнаравала, хаця на музыку і ён кладзецца ня горш:
“Как страдала Эмма Ба-а-варі-і-і…”
Па інэрцыі, на адным крыле былой савецкай любові Экзюпэры пераляцеў межы часу і апынуўся ў новай рэальнасьці. “Маленькі прынц” застаецца ў постсавецкіх краінах адной з самых папулярных дзіцячых кніжак. Менавіта дзіцячых – хоць Экзюпэры пісаў яе ня толькі для дзяцей. Проста чалавечая дабрыня, гэтае найвышэйшае божышча пісьменьніка-лётчыка, у якое ён так аддана і ахвярна верыў, у нас атаясамліваецца выключна з казкай, з ілюзіяй, няпраўдай. Дарослы чалавек ня можа быць добрым. Інакш ён ідыёт і лузэр. Пра тое, што “ўсе дарослыя былі спачатку дзецьмі”, згадваць не прынята. Гэта самы ганебны факт біяграфіі любога дарослага, які ён усяляк спрабуе схаваць ад кампэтэнтных органаў. Але ж мы ведаем праўду…
У самой Францыі “Сэнт-Экса”, як яго тут па-панібрацку клічуць, ведаюць значна менш. Экзюпэры заняў сваё месца ў гісторыі францускай літаратуры, невялікае, але заслужанае, і на большае не прэтэндуе. Дый дзеля таго, каб гэтае месца атрымаць, ягонаму імені давялося прайсьці празь церні, лазьні і мытні. Дабрыня людзям заведама нецікавая. У дваццатым стагодзьдзі яна спачатку была пастаўленая пад сумнеў, потым дэканструяваная, пасьля высьмеяная, а пазьней абвешчаная найлепшай маскіроўкай для зла. Гісторыя дабрыні наогул скончылася тым, што яна зрабілася пустым гукам. Інтэлектуалы дваццатага стагодзьдзя справядліва баяліся дабрыні а ля Экзюпэры, бо падазрона ставіліся да любых падобных дэклярацый. Цяпер дабрыня зноў уваходзіць у тыя залі, адкуль яе некалі так ганебна выгналі: у дваццаць першым стагодзьдзі філёзафы зноў з трывогай гавораць пра этыку і пра тое, што безь яе нам не ацалець.
Але ў мінулым стагодзьдзі этыка была ня ў модзе. Эстэтыка – вось хто кіраваў розумамі. Экзюпэры трэба было разьвянчаць і выкрыць яго небясьпеку – і толькі потым зь ім зьмірыцца. Падавалася відавочным, што любая экзэма на целе грамадзтва ў вачах паспалітай публікі будзе цікавейшая за Экзюпэры зь ягонымі нуднымі казаньнямі. Такія, як дэ Сад, Рэмбо, Камю, Уэльбэк і Бэгбэдэр, песьняры болю, бруду, гвалту, душэўнай пакуты і сумневу, заўжды будуць больш цікавыя чалавецтву, заўжды будуць выклікаць большы давер за нейкіх там экзюпэры. І ўсё ж нейкі сумнеў прымушае заступіцца за лётчыка. Самалётамі лётаюць усе, але мала хто зь людзей можа імі кіраваць. І вось што цікава: калі раптам высьветліцца, што пілёта ў кабіне няма, што яны, інтэлектуалы і скептыкі, будуць рабіць? З усімі сваімі сумневамі і ўсім сваім інтэлектам? Хто павядзе машыну – і куды? Адзінага, правільнага накірунку ж не існуе.
Але ж і дасталася Экзюпэры ад усіх гэтых прафэсійных сумніўцаў, эстэтаў і крытыкаў-усяго-на-сьвеце. А мы ў Беларусі пра гэта і не падазравалі, мы думалі, са сьвятымі клясыкамі так нельга. Бо героі нацыі недатыкальныя! А французы спакойна білі вокны ў хаце мёртвага лётчыка: біяграфія – налева, літаратура – направа. Толькі так і можа разьвівацца літаратура – скідваючы маленькіх і вялікіх прынцаў з іхных непрыступных тронаў.
“Банальнасьць, якой кіруе ўласны азадак”. “Чалавек-зязюля з рухавіком ад самалёта замест мазгоў”. Гэтак вызначыў сутнасьць пісьменьніка Экзюпэры Жан-Франсуа Рэвэль. У Беларусі ў гэтага Рэвеля абавязкова запыталіся б: на што ён марнуе свой талент? А ў Парыжы на яго ніхто нават не пакрыўдзіўся. Лібэртэ.
“Найвялікшы падман нашых часоў”. “Вянок пустых ідэй, героіка-гуманістычныя бразготкі”. Гэта ўжо іншы крытык спрабуе знайсьці вызначэньні для Экзюпэры. А вось і трэці:
“Цярпець не магу маленькіх прынцаў. Прынцаў наогул, але перадусім маленькіх, зь іх бялявымі локанамі, чароўнымі капрызамі, галасамі-флейтамі і прыгожымі сьмерцямі”.
І нарэшце чацьверты: “Ці можа чытач уратаваць Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры ад Сэнт-Экса?”
То бок лётчык ён быў адважны, ніхто не спрачаецца. Але літаратар пасрэдны.
Беларуская паэтка Эдзі Агняцьвет ратаваць Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры ад беларускага савецкага чытача ня стала. У 1969 яна пераклала “Маленькага прынца” на нашу маленькую мову, а Ніна Мацяш зрабіла тое самае ў 1989. Французы, здаецца, яшчэ і сёньня не здагадваюцца пра гэтую падзею. Яны ня надта любяць маленькія мовы: зь іх бялявымі суфіксамі, іх капрызьлівымі граматыкамі, іхнымі нікому не вядомымі пісьменьнікамі і прыгожымі адраджэньнямі…
Мяркуючы па ўсім, Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры бываў у нашай краіне. Праездам. У 1935 годзе ён як журналіст “Paris-Soir” выправіўся на два тыдні ў Маскву. Палётаў там на знакамітым савецкім самалёце-камікадзэ “Максім Горкі”, еў ікру, гаварыў зь людзьмі – сьледчымі НКВД і іх будучымі ахвярамі, бачыў заводы, школы, Булгакава з келіхам каньяку. Едучы цягніком у Маскву зь іншымі францускімі журналістамі, ён ня мог абмінуць Беларусь і яе сталіцу, заходнюю браму імпэрыі. “Gare de l’Est”-Бэрлін-Варшава-Негарэлае-Менск – і далей на ўсход: так у тыя часы дабіраліся да камуністычнага Рыму францускія прагрэсіўныя рэпарцёры і іншыя госьці нашага піянэрлягеру.
СССР пісьменьніка ўразіў. Але сутнасьць сталінскага рэжыму ён, дарма што француз, зразумеў адразу. І напісаў пяць артыкулаў, дзе аддавалася належнае моцным духам “расейцам” і маштабу іх мараў – але зусім ня іхным фальшывым і злачынным правадырам. Таму на дваццаць гадоў Сэнт-Экзюпэры перастаў існаваць для савецкага чытача. Яго наноў адкрылі – і дазволілі – толькі ў пачатку шасьцідзясятых, калі Нора Галь выдала свой расейскі пераклад “Маленькага П.”. Хрушчова і Брэжнева прынцы ўжо не бянтэжылі. Вось тады і пачаўся культ асобы зьніклага бязь вестак лётчыка.
У тым ліку ў БССР – самай русыфікаванай рэспубліцы. Тут добра разумелі, што спачатку Сэнт-Экзюпэры мусіць выйсьці па-расейску – гэта было неафіцыйным дазволам на публікацыі на іншых мовах СССР. То бок спачатку на вялікай мове – ня меншай за францускую. Памер мае значэньне. Як там было:
“Удавы глытаюць сваю ахвяру цалкам, не жуюць. Пасьля гэтага яны ўжо ня могуць варухнуцца і цэлых паўгода сьпяць, пакуль не перавараць ежу».
А маленькім істотам трэба цярпліва чакаць, пакуль іх перавараць. Мо і добра, у іх ёсьць крыху часу на казкі. Калі ты маленькі, паўгода – гэта вялікі тэрмін.