5. Імя. Забавы. Абуховіч

Сартра (па-беларуску) і Камю (па-расейску) я ўпершыню прачытаў недзе ў 1992-м – і прыкладна тады ж з Алега зрабіўся Альгердам. Мой аднакурсьнік, вядомы цяпер журналіст Паўлюк Быкоўскі, які спагадліва назіраў за маімі першымі літаратурнымі высілкамі, неяк выказаўся ў такім духу, што, маўляў, Алег – усё ж не найлепшае імя для беларускага паэта. Вось Альгерд – зусім іншая рэч. Альгерд Бахарэвіч – гучыць велічна, загадкава і патрыятычна. Вядома, усё гэта было сказана паўжартам, але я быў на некалькі гадоў маладзейшы за Паўлюка – і прыняў гэткі перахрост з гордасьцю. Пад такім імем і выйшла мая першая публікацыя: нейкія няздарныя, крывыя вершы ў “Крывавай зьмене”. Мая бабуля пазірала на мяне з чыста вясковым шкадаваньнем: “Дзе ж ты, унучак, сабе такое імя выкапаў… Гольгэрд… У яўрэі падаўся?..”

Ведаў бы я, колькі яшчэ тэкстаў будуць падпісаныя гэтым кніжным, княскім мяном… Новае імя прыжылося намертва і вельмі хутка. Але мяне гэта ўжо не хвалявала.

Бо Сартр мяне проста забіў напавал – а пазьней і Камю. Было такое адчуваньне, што яны напісалі пра мяне: Памятаю адчуваньне гэтага жаху, гэтай чорнай бездані, якая раптам расхінулася перада мной: я не вінаваты ў тым, што нарадзіўся, я мог бы і не нараджацца, а цяпер мушу цягнуць на сабе самога сябе, сваё жыцьцё, і ніхто ня зьніме зь мяне гэтай адказнасьці. Галава і праўда круцілася ажно да ванітаў, і сорамна было глядзець бацькам у вочы, бо я адчуваў, што маё чытаньне нейкім дзіўным чынам прыніжала іх подзьвіг.

Калі б я мог уявіць тады, што аднойчы студзеньскім вечарам мы з табой будзем крочыць цёмнымі, поўнымі такіх цялесных ценяў парыскімі вуліцамі і нечакана на рагу бульвару Saint-Germain і rue Saint-Benoît на нас, як нос “Тытаніка”, зьзяючы бартавымі агнямі, насунецца ярка асьветленая кавярня “La Flore”, а на іншым бульвары раптам са змроку выплыве “La Rotonde”, тая самая, на бульвары Montparnasse, у якую любілі завітваць Мадыльяні, Пікасо і Суцін. А ў “Флёры”, магчыма, выціраў тлустыя рукі Апалінэр, там еў і піў Брэтон, там любіў пісаць Сартр, і Сымона задумвала тут свае рэвалюцыйныя тэксты, і Камю сюды зазіраў, і Лорэнс Дарэл… А можа, і наадварот – якая розьніца? Мы так і не зайшлі ні ў “Флёру” зь яе art deco, ні ў “Ратонду” зь яе прывязанымі да сьценаў равучымі дваццатымі, ні да “Deux Magots”. Паеўшы там, ня зробішся іншым. І папіўшы ня зробішся. Застанешся тым, кім быў.

Хэмінгуэй заўжды падаваўся мне сухім, нецікавым і прэтэнцыёзным: да таго ж адным з тых мача, пра якіх Рамэн Гары напісаў неяк, што яны, зьбіраючыся разам, выкладваюць яйцы на стол. Нават калі гэты стол пісьмовы, дадам я. Яйцы яйцамі, але, дарэчы, менавіта яйкі лічацца асноўнай стравай у той самай “Флёры” яшчэ з другой сусьветнай вайны. Нудны, ванітоўны і бессардэчны Сартр даўно выклікае толькі адно жаданьне: трымацца ад яго чым далей, нават калі ён – усяго толькі бледны цень у акне кавярні. Не, лепш пайсьці сваёй дарогай: у “Ратондзе” і “Флёры” па-парыску дорага, недаравальна шыкоўна і паныла турыстычна, лепш паесьці ў туркаў ці арабаў: і смачней, і значна больш экзыстэнцыйна, яйкі можна паесьці і дома, а яйцы я люблю трымаць пры сабе. З “Чужаніцам” Камю ўсё складаней – да гэтага раману ў мяне і цяпер цёплае пачуцьцё, але і яно ня зробіцца больш цёплым, калі я сяду на нагрэтае ім некалі крэсла.

“La Rotonde”, “La Flore”, “Les Deux Magots” – усяго толькі кропкі. І ўсё ж, калі б я мог уявіць тады… Але я ўяўляў: я ўжо тады ведаў, што мне мала таго, што маю, я хацеў значна больш. Мне патрэбныя былі прастора і паветра: і “Ратонда”, што ўспыхвае ў цемры сваімі лямпамі, усяго толькі працяг гэтых пачатых некалі пошукаў, навобмацак, з завязанымі вачыма, у поўнай цемры. Я заўжды ведаў, што паеду ў Парыж. Яшчэ калі глядзеў свайго д’Артаньяна і майстраваў сабе шпагу з алюміневага дроту.

Па-мойму, да Альгерда Бахарэвіча ты ставішся з пэўным падазрэньнем. Як да нейкай вэнэцыянскай маскі, якую я надзяваю, каб выйсьці на вуліцу і асьляпіць усіх яе бляскам. Табе важнейшы іншы я, той, што наогул ня мае імя. Ты называеш мяне Альгердам, толькі калі вакол ёсьць іншыя людзі.

То бок у пекле. Або ў кавярні.

Альгердаў у Беларусі няшмат. У беларускай культуры яшчэ менш – а тых, чыё жыцьцё было неяк зьвязанае з Парыжам, і наогул вобмаль. Але не згадаць пра Альгерда Абуховіча ў гэтай кніжцы немагчыма: бо тут, у Парыжы, ён жыў, і не адзін год.

Хто такі Альгерд Абуховіч у беларускай літаратуры? Ды бадай ніхто – меншы ніхто за значна больш вядомага Паўлюка Багрыма, але большы ніхто за Янку Лучыну. Паляк па культуры і выхаваньні, ледзьве не напалову італіец (у ім цякла кроў мілянскага роду Бандынэлі), але беларус па самавызначэньні і мове. Аўтар нейкіх няўцямных баек пра курыц, лісаў, Лысак і ваўкоў, ды опусу пра ваўкалака, які поўзаў ракам. Навошта ён усё гэта напісаў, застаецца таямніцай. Значна больш цікава чытаць ягоныя ляканічныя запісы пра самога сябе: дзе бываў, што бачыў, што запомнілася. А пабачыў ён нямала. Адно знаёмства з графам Кавурам чаго вартае. Бо Абуховіч і сам быў графскага роду…

Альгерд Абуховіч нарадзіўся на Случчыне ў першай палове дзевятнаццатага стагодзьдзя – а потым паехаў на Захад. Вучыўся і жыў у Жэнэве, Рыме і Парыжы (прыкладна ў 1860). Ён успамінае польскія патрыятычныя сходкі: у нейкіх брудных бібліятэках, успамінае rue Taranne, дзе з крыкамі і лаянкай эміграцыя разьбіралася, хто больш любіць Айчыну і каго больш любіць яна. І вось ён – самы цудоўны эпізод з парыскага жыцьця Абуховіча:

“…Паміж маладзёжы я быў адзін зь Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі пячоныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку – добра прыпраўленае le vin chaud. Гэта апошняе так гумар успасобіла, а часы былі поўныя самых ясных надзей, што пастанавілі мы зрабіць ваенную муштру, і не зь пяхоты, а кавалерыі. Каждае крэсла сталася жэрабцом, і капітан Ільдэфонс Коссілоўскі (эмігрант) прыняў каманду, а Валер’ян Калінка, пазьнейшы ксёндз і гісторык, гарцаваў наперадзе нас. Суседкі мае думалі, што дом зваліцца, а было гэта на чацьвёртым паверсе. Назаўтра меў я візыту паліцыі, але я ўвесь гэты гармідар вытлумачыў як рэч абрадавую, патрыятычную, і на гэтым выйшла ўсё”.

Вось так забаўляўся ў Парыжы будучы беларускі літаратар. Які ў тых самых успамінах разважае пра францускія дыялекты: раней асноўнай была гаворка Langue d’Oc, а цяпер Langue d’Oїl – так што невядома, які дыялект трэба браць асновай для беларускай мовы. Гэта ягоны адказ на закіды Багушэвіча, што, маўляў, Абуховіч ня ўмее абыходзіцца зь беларускім націскам (насамрэч з рытмам у Абуховіча ўсё значна лепш, чым у аўтара “Дудкі”). Абуховіч цытуе Шатабрыяна, расказвае анэкдоты пра Анры IV і апісвае кальвіністаў Жэнэвы. Жыцьцё, вартае раману. Але Абуховіч ня хоча гарцаваць на крэслах і разьбірацца з унутранай паліцыяй. Ён хоча гаварыць з мужыкамі – і піша, абмакнуўшы пяро ў прывезеную з Парыжу чарніліцу, пра тое, як “ваўкалак стаў ракам”. Абуховічу брыдка. Абуховіч думае пра Парыж.


Загрузка...