* * *

Іван дзівіўся з Палагны. Яна і раней любіла пышна адзявацца, а цяпер быццам нешта найшло на яе: нават у будзень насіла шаўковыя хусткі, дарагія і мудра расквечаныя, надзявала бліскучыя, каніцеллю тканыя панёвы, а цяжкія пацеркі са срэбных манет гнулі ёй шыю.

Часам знікала з дому і вярталася позна, чырвоная, раскудлачаная, нібыта п’яная.

— Дзе ты ўсё валочышся? — злаваўся Іван. — Глядзі, гаспадыня!

Але Палагна толькі смяялася.

— О-ёй! To ўжо мне і пагуляць няможна?.. Я хачу здаволіцца! Адзін раз жывём на свеце!..

Што праўда, то праўда, жыццё наша кароткае — блісне ды і згасне. Іван і сам так думаў, але ж Палагна занадта зарывалася. Штодня яна запівалася ў карчме з Юрам, знахаром-ведзьмаром, прылюдна цалавалася і абнімалася з ім, не хаваючыся нават, што мае палюбоўніка. Хіба яна першая! Спрадвеку не было такога, каб толькі аднаго трымацца.

Усе гаварылі пра Палагну і Юру, чуў і Іван, але ўспрымаў усё абыякава. Знахар дык знахар. Палагна цвіла і весялілася, а Іван нудзіўся і сох, трацячы сілу. Ён сам здзіўляўся з той перамены. Што сталася з ім? Сілы пакідалі яго, вочы, нейкія разгубленыя і вадзяністыя, глыбока запалі, жыццё страціла смак. Нават жывёла не давала колішняй уцехі. Ці яму падрабілі што, ці хто ўрок? Не меў да Палагны жалю, нават крыўды не чуў у сэрцы, хоць біўся за яе з Юрам. Не са злосці, а для прыліку, калі людзі звялі. Калі б не Сямён, яго пабрацім, што заступіўся за Івана, можа б, нічога і не было. А то, сустрэўшыся аднаго разу ў карчме, Сямён садануў Юру ў твар.

— Ах ты, гультай, ты што да Палагны прыстаеш, не маеш сваёй жонкі?

Тады Івану сорамна стала. Ён скочыў да Юры:

— Глядзі за сваёй Гафіяй, а маёй не руш! — і замахаў тапарком у Юры перад самым носам.

— Ты купіў яе на рынку? — ускіпеў Юра.

Яго тапарок таксама мільгаў перад Іванавымі вачыма.

— Каб цябе пранцы паелі!..

— Бандзіта кавалак!..

— На, бяры заробленае!

Іван выцяў першы, проста ў лоб. Але Юра, умываючыся крывёй, паспеў секануць Івана паміж вачэй. Аслеплі абодва ад хвалі гарачай крыві, што залівала ім вочы, а ўсё ж красалі тапарком аб тапарок, усё цэлілі адзін аднаму ў грудзі. Яны танцавалі смяротны танец, гэтыя чырвоныя маскі, з якіх паравала гарачая кроў. У Юры была ўжо скалечаная рука, але ўдалым ударам ён раптам зламаў папалам Іванаў тапарок. Іван сагнуўся, чакаючы смерці, ды Юра на бягу ўгаманіў сваю лютасць і прыгожым, велічным рухам адкінуў убок свой тапарок.

— На безаружнага з тапарком не іду!..

Тады яны схапіліся загрудкі.

Іх ледзь разбаранілі.

Ну што ж, Іван абмыў свае раны, пафарбаваўшы Чарамош крывёй, дый пайшоў да авечак. Там знайшоў свой спачынак і ўцеху.

Аднак бойка не памагла. Усё асталося, як і было.

Гэтаксама Палагна не трымалася хаты, гэтаксама марнеў Іван. Асталіся ад яго скура ды косці, вочы запалі яшчэ глыбей, яго трэсла ліхаманка, ён стаў раздражнёны і неспакойны. Ён нават страціў ахвоту да ежы.

«Не інакш як знахарскія штучкі, — горка думаў Іван, — на маё жыццё замахнуўся, хоча са свету звесці, дык і сушыць…»

Ён хадзіў да варажбіткі, тая адварожвала — не памагло: відаць, знахар мацнейшы.

Іван нават упэўніўся ў гэтым. Праходзячы неяк паўз Юраву хату, ён пачуў Палагнін голас. Няўжо яна? Яму заняло дыханне.

Прыціснуўшы сэрца рукою, Іван прыклаў вуха да брамы. Не памыліўся. Там была Палагна. Шукаючы дзіркі, каб зазірнуць у двор, Іван ціха пасоўваўся ўздоўж паркана. Нарэшце яму ўдалося знайсці нейкую шчыліну ў плоце, і ён убачыў Палагну і знахара. Юра, сагнуўшыся, трымаў перад Палагнаю гліняную ляльку і тыцкаў пальцамі ў яе ад ног да галавы.

— Забіваю калок тут, — шаптаў злавесна, — і сохнуць рукі і ногі. У жывот — мучыцца жыватом, не можа есці…

— А калі б у галаву забіў? — з цікаўнасцю пыталася Палагна.

— Тады гіне ў той жа момант…

Гэта ж яны на яго змаўляліся!..

Усведамленне гэтага туманам шыбанула Івану ў галаву. Вось каб пераскочыць цераз плот і абязвечыць абаіх на месцы! Іван сціснуў рукою тапарок, змераў вачыма паркан, але раптам звяў. Бяссілле і абыякавасць зноў абнялі ўсё яго цела. Нашто? Дзеля чаго? Так ужо, напэўна, яму суджана на вяку. Яму адразу стала холадна, ён бездапаможна апусціў тапарок і пасунуўся далей. Ішоў апустошаны, не чуючы зямлі пад нагамі, не бачачы сцежкі. Чырвоныя кругі ляталі ў яго перад вачыма і расплываліся па гарах.

Куды ён ішоў? Не мог нават прыгадаць. Бязмэтна блукаў, узлазіў на горы, спускаўся і паднімаўся, куды ногі неслі. Нарэшце ўбачыў, што сядзіць над ракою. Яна клекатала і шумела ў яго пад нагамі, гэтая зялёная кроў зялёных гор, а ён углядаўся бяздумна ў яе быстрыню, нарэшце ў яго ператомленым мозгу засвяцілася першая думка: гэтаю мясцінаю ішла калісьці Марычка. Тут яе забрала вада. Тады ўжо ўспаміны самі пачалі выплываць адзін за адным, напаўняць парожнія грудзі. Ён зноў бачыў Марычку, яе мілы тварык, яе прастату і шчырую ласкавасць, чуў яе голас, яе каламыйкі… «Мяне ўспомні, мой міленькі, хоць разок адзіны, а я цябе прыгадаю сем раз на гадзіну…» І вось цяпер нічога таго няма. Няма, і не вернецца, як не можа ніколі вярнуцца на рацэ пена, якая сплыла па цячэнні. Калісьці Марычка, а цяпер ён… Ужо яго зорка ледзьве трымаецца на небе, гатовая скаціцца. Бо што наша жыццё? Як бляск на небе, як чарэшневы цвет… нетрывалае і кароткае.

Сонца схавалася за горы, у ціхім вячэрнім сутонні задыміліся гуцульскія хаты. Сіні дым віўся праз шчыліны стрэх, густа ўхутваў хаты, што квітнелі на зеляніне гор, як вялікія блакітныя кветкі.

Жаль абнімаў Іванава сэрца, душа тужыла па нечым лепшым, хоць і невядомым, імкнулася ў іншы, лепшы, свет, дзе можна б спачыць.

А калі надышла ноч і чорныя горы заміргалі святлом самотных паселішчаў, як пачвары злымі вачыма, Іван адчуў, што варожыя сілы мацнейшыя за яго, што ён ужо зламаны ў барацьбе.

Загрузка...