Якая ж тая паланінка стала ўвесну вясёлая, калі стрэла гурт авечак з навакольных сёлаў!..
Старшы аўчар, нібы дух паланіны, абходзіць з агнём стойла. Выгляд мае паважны, як у жраца, ногі ступаюць цвёрда і шырока, а дым з галавешкі пырхае за ім крылатым змеем. На вароты стойла, куды маюцца пераходзіць авечкі, аўчар кідае агонь, а сам прыслухоўваецца. Ён чуе ход паланінскі не толькі вухам. Ён сэрцам чуе, як з глыбозных далін, дзе кіпяць рэкі і рвуць берагі, з ціхіх селішчаў і царынак коціцца ўгору, на покліч вясны, жывая хваля жывёлы і пад нагамі ў яе радасна ўздыхае зямля. Ён чуе далёкае дыханне атары, рыканне кароў і ледзь улоўны зык песень. А калі нарэшце паказаліся людзі і ўзнялі ўгору доўгія трамбіты, пазалочаныя сонцам, каб прывітаць паланіну сярод сініх вяршынь, калі забляялі авечкі і шумлівым патокам залілі ўсе загарадзі, старшы аўчар упаў на калені і выставіў рукі ў неба. За ім схіліліся ў малітве аўчары і людзі, што прыгналі скаціну. Яны прасілі Бога, каб у авечкі было гарачае сэрца, як гарачы агонь, які пераступала, каб Божухна міласэрны ратаваў хрысціянскую жывёлу на росах, на водах, на ўсіх пераходах ад усялякага ліха, звера і выпадку. Як памог Бог сабраць жывёлу разам, каб так памог усю людзям аддаць…
Ласкава слухала неба шчырую малітву, дабрадушна хмурыўся Бэскід, а вецер, пралятаючы далей, старанна прычэсваў травы на паланіне, як маці дзіцячую галоўку…